Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:

Павел Сцяцко. Калькі паўкалькі

.doc
Скачиваний:
13
Добавлен:
29.02.2016
Размер:
134 Кб
Скачать
☆

Перакананы, што з цягам часу такая памылковая канструкцыя «па + давальны склон» знікне з беларускай мовы, бо нацыянальныя выданні — «Полымя», «ЛіМ», «Культура», «Наша слова», «Настаўніцкая газета», «Спадчына» і іншыя — выкарыстоўваюць натуральнае для беларускай мовы спалучэнне «па + форма меснага склону». Яе ж і раней выкарыстоўвалі класікі нашай літаратуры і літаратурнай мовы. Прыкладам, у Якуба Коласа чытаем: «Мізэрны конік дробна перабіраў нагамі па цвёрдым бруку («У горадзе»). Праўда, язда па Немане на плытах не зусім лёгкая рэч («Нёманаў дар»). Якраз па тым баку ішоў з вудамі рыбак («У старых дубах»). Ты можаш так стукнуць па гэтым камені, каб з яго іскры пасыпаліся? («Леў і воўк»). Па небе раскінуліся клубястыя хмары («З боку ад жыцця»). Расходзяцца людзі то купкамі, то па адным (Тамсама). Не трэба забываць, што навука цяпер будуецца па новым прынцыпе («Адукацыя»). Ён (Кандрат Сусла) па садзе паходжвае і яблыкі каштуе («Туды, на Нёман»).

Паспрыяе замацаванню ў нашым друку натуральнай канструкцыі «па + месны склон» выдадзеная «Мастацкай літаратурай» у 1994 годзе праца Г. У. Арашонкавай і В. П. Лемцюговай «Кароткі слоўнік беларускай мовы: Правапіс. Вымаўленне. Націск. Словазмяненне. Словаўжыванне». Над рэдакцыяй кандыдата філалагічных навук В. I. Рабкевіча. На стар. 257—259 даецца грунтоўная семантычная характарыстыка прыназоўніка па. Тут мы ўжо не бачым той трасянкі, што падавалася дагэтуль беларускімі слоўнікамі і спецыяльнымі даведнікамі, у іх ліку і па арфаграфіі і кіраванні. Прыназоўнік па кіруе, як справядліва сцвярджаюць аўтары, вінавальным і месным склонам (а не давальным). Прыведзеныя прыклады касуюць ранейшыя «інтэрнацыянальныя» (расейскія) канструкцыі з канчаткам давальнага склону -у: ісці па компасе, курсы па павышэнні кваліфікацыі, работа па выхаванні моладзі, матч на першынство свету па футболе, спаборніцтвы па тэнісе, па белым білеце, па творы, звольніцца з працы па ўласным жаданні, стральба па горадзе, разьба па дрэве, чаканка па метале, памяць па ім, перабраць па каліве, давалі па адным рублі, адзявацца па сезоне, рабіць па даўнім звычаі, калега па пяры, таварыш па інстытуце, не выходзіць на працу па тыдні, не працаваць па годзе і г. д.

Небеларускія гэта канструкцыі з прыназоўнікам у пры абазначэнні адлегласці, а таксама з колькасным значэннем: «У некалькіх дзесятках кіламетраў ад Алма-Аты на вышыні ў тры тысячы метраў размясцілася высакагорная абсерваторыя Аддзела фізікі Сонца АН Казахстана» (Вячэрні Мінск. 25.03.72). Або: «Адным словам, прыехалі ў санаторый «Крыніцы», што ў дваццаці кіламетрах ад Мінска, паставілі дэкарацыі...» (ЛіМ. 23.04.68).

На месцы расейскай канструкцыі «в двадцати километрах oт» у беларускай мове выкарыстоўваецца спалучэнне словаў з прыназоўнікам за: «за дваццацъ кіламетраў ад Мінска...». У Якуба Коласа чытаем: «Вярсты за дзве, па той бок яру, стаяла іх сяло» («Дачакаўся»). Дон быў за тысячу вёрст адгэтуль («Трыумф»).

На месцы расейскамоўнай канструкцыі «назоўнік + прыназоўнік в + лічэбнік з назоўнікам» у беларускай мове мае быць натуральны адпаведнік з прыназоўнікам з: атрад з дваццаці чалавек, збор твораў з 14 тамоў і г. д., а не атрад у дваццаць чалавек, збор твораў у 14 тамах. Такія штучныя, небеларускія канструкцыі бачым якраз у не надта патрабавальных да слова аўтаpaў: «Пад вечар атрад у дваццаць чалавек на чале з Арджанікідзе рушыў у баявую разведку (I. Гурскі. Агнявыя гады).

Або вось як яшчэ пішуць: «Толькі ў Еўропе па стану на 31 снежня 1992 года зарэгістравана 80 810 хворых СНІДам... (Звязда. 2.04.93). Гэта механічны (паслоўны) пераклад з расейскай мовы. Па-беларуску гэты выраз натуральна гучаў бы: «Толькі ў Еўропе зарэгістравана на 31 снежня 1992 года 80 810 хворых на СНІД...» Спалучэнне «па стану» — лішняе, яно нічога не дадае да зместу. Апроч таго ў газеце парушана беларуская канструкцыя «хварэць на» (узята расейская «болеть чем — хварэць чым»).

А што значыць такая калькаваная канструкцыя, як «на баку», у тэксце «Да 80 працэнтаў студэнтаў, піша часопіс «Эр клэр», вымушаны падзарабляць на баку нават у разгар экзаменацыйнай сесіі» (ЛіМ. 1.12.72). Можна падзарабляць збоку, г. зн. па-за асноўнай працай, а не на баку ці на спіне, на каленях або яшчэ на чым. У расейскай мове на стороне — натуральная канструкцыя, а беларуская калька яе — на баку — недарэчнасць.

Або што значыць такі зварот: «За цаной не пастаім» (Звязда. 13.02.93). Беларус скажа: «Цана нас не палохае». «Кошт нас не адпалохае». А то: як бы стаіць цана, а нехта за ёю. Адна газета ў «разгар бітвы за камунізм» пісала: «Як жа абстаіць справа з асваеннем задзелаў школ на 1 кастрычніка» (Настаўніцкая газета. 23.10.71). I далей у гэтым тэксце такія самыя «пэрліны»: «Жадаюць паляпшэння паказчыкі ў развіцці дашкольных устаноў. Таму трэба паляпшаць клопаты аб іх...» Дзякуй богу, сённяшняя «Настаўніцкая газета» ўжо так не піша, культура мовы гэтага выдання — высокая і само выданне, можна сказаць, высокапатрыятычнае і нацыянальнае.

Прычынна-выніковыя складаназалежныя сказы не маюць у жывой беларускай мове калькаванага злучніка «паколькі» (рас. поскольку). Якуб Колас карыстаўся тут беларускім эквівалентам а як: «А як рабіць тут не было чаго, то можна было чуць, як стукала саракоўка аб тоўстую мазолістую руку («Андрэй выбаршчык»). А як тут было прахалодна ды спакойна, то Арцём ад здавальнення нават усміхнуўся сам сабе («Недаступны»). А як нічога такога не было, то прыходзілася даваць якую раду сінім штанам («Так і трэба ашуканцу»). I ў Кузьмы Чорнага, Кандрата Крапівы і іншых слынных пісьменнікаў выкарыстоўваецца ў такіх сказах злучнік (двухслоўны) а як. А таксама а раз, раз: (Перагуд: Ясна, я тут лішні!.. А раз лішні, дык і няма чаго блытацца пад нагамі ў людзей (Кандрат Крапіва). Раз ужо Пракоп хоча азнаёміцца з калгасам, то мінуць гэты будынак яму не выпадае (Якуб Колас).

Злучнік «паколькі» штучны для беларускай мовы. Яго не падаюць слоўнікі жывой народнай мовы, не было яго і ў перакладных слоўніках 20-х адраджэнскіх гадоў. У 30—80 гадах яго ўціснулі ў беларускія слоўнікі штучна. Гэта відаць і з «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (Мн., 1979, т. 3, с. 617), дзе чытаем: «Паколькі, злучн. Ужываецца пры даданых прычынных сказах у значэнні: так як, таму што. Стрэлкі, якая раней вяла на ветку (чыгункі), не было, відаць, яе проста знялі, паколькі ветка не дзейнічала. Лынькоў. — Паколькі мы знайшлі цябе ў лесе, тваё прозвішча будзе — Лясны... Шахавец». Нават з прыкладаў відаць уся штучнасць выкарыстання гэтага «паколькі». Бо тут адразу бачыш калькаванне тэксту. Па-беларуску: «...раз ветка была бяздзейная». У другім сказе замест штучнага паколькі натуральна было б ужыць злучнік а раз: «А раз мы знайшлі цябе ў лесе, то прозвішча тваё будзе Лясны».

I ці беларускі гэта злучнік так як? (Паўкалька расейскага так как?) Беларус кажа: а як, а раз, таму што, бо і г. д. I само тлумачэнне значэння слова паколькі спісана з рускага слоўніка, дзе чытаем: «Поскольку, союз. Употребляется для присоединения придаточного предложения причины, в значении: так как». («Словарь русского языка» в четырёх томах. Изд. 2-е, т. 3, М., 1984, с. 315).

Вось і пайшлі з слоўнікаў гуляць па творах некаторых аўтараў такія звароты: «А паколькі прырода для людзей бяздушных, хцівых ўся на адзін твар, то якая ім розніца, дзе яе знішчаць (Пятро Сабіна, «Плач вады»). На першым плане павінен быць чалавек як асоба, так як ён ёсць мера ўсёй каштоўнасці (Звязда, 28.08.92). Па-беларуску: «...бо ён — мера ўсёй каштоўнасці».

Выкарыстанне гэтых словаў — а як, а раз, раз — надае тэксту нязмушанасць, натуральнасць. Нашто, скажам, пісаць: «Акрамя таго, п’еса, паколькі яна камедыя, перапоўнена ўсялякімі вадэвільнымі «кві-пра-кво» (ЛіМ, 23.04.1968), калі можна было б падаць: «Акрамя таго, п’еса, раз яна камедыя (ці як камедыя,) перапоўнена ўсялякімі вадэвільнымі «кві-пра-кво». Невыпадкова, што ў гэтым нумары «ЛіМа» сустракаем і згаданую ўжо небеларускую канструкцыю «ў дваццаці кіламетрах ад Мінска» і іншыя чужынцы.

Або вось яшчэ адна калькаваная канструкцыя. «Так як ступенчатае навучанне патрабуе амаль поўнай індызідуалізацыі, то нагрузка на прафесара ўзрастаеў вельмі значнай меры» (Настаўніцкая газета, 26.02.72). Па-беларуску не так як (калька рас. так как), а: а як (як у Якуба Коласа): «А як ступеневае навучанне патрабуе амаль поўнай індывідуалізацыі, то нагрузка на прафесара значна вырастае».

Тут, у гэтым газетным тэксце бачым і небеларускія словатворчыя структуры: «ступеньчатае, узрастае (рас. ступеньчатое, возрастает)».

На жаль, і ў 1994 годзе нашай мове яшчэ навязваюць чужыя звароты і імкнуцца «абгрунтаваць» гэта. Так, у кнізе «Синтаксис русского и белорусского языков: Сходство и различия. Пособие для учителя (Мн., Нар. асвета, 1994, с. 60) чытаем: «Сходство реплик русского и белорусского речевого этикета велико. Оно покоится на генетической общности русской и белорусской культур, на их тесной взаимосвязи и активном взаимодействии». I на сс. 62, 63 і 68 падаюцца гэтыя «этыкетныя рэплікі беларускай мовы» «Здрастуйце вам! Прыемнага апетыту! Смачнага апетыту! Смачнэго! Hex бэндзе нахвалены..! Давідзэня!». Ну як тут не прыгадаць нашае класікі: «Вось, цо, да». А між тым аўтарка (М. Канюшкевіч) не парупілася пачытаць пра «на-шае натуральнае беларускае «Смачна есці», пададзенае Анатолем Клышкам яшчэ ў «Буквары» 1968 года (Гл. таксама «Маладосць» за 1992 год) і трывала замацаванае моўнай практыкай.

У гэтым навучальным дапаможніку памылковая канструкцыя «было памкнуўся», «сабраўся было» выдаецца за нармаваную, паралельную з формамі быў, была, былі + родавыя формы дзеяслова прошлага часу і множнага ліку — быў памкнуўся, была памкнулася, былі памкнуліся. I спасылка амаль толькі на тэксты I. Шамякіна: «Сабраўся было ўжо выходзіць, як зайшла Таццяна» (с. 8). Беларуская нармаваная мова мае тут дапаможны дзеяслоў той самай формы роду і ліку, што і асноўны, паўназначны: сабраўся быў выходзіць...

Гэта ў расейскай мове дапаможны дзеяслоў застыў у форме ніякага роду і стаў часціцаю. Дык не трэба механічна пераносіць у нашую мову канструкцыі іншай мовы, перасаджваць іх на беларускі грунт.

Прыкрасці гэтыя невыпадковыя, бо аўтары і сёння яшчэ не адышлі ад ранейшых ідэалагічных стэрэатыпаў, яны пішуць: «Специфические черты, отличающие белорусский язык от русского, сложились после распадения восточнославянского языкового единства, в период формирования национальных языков» (с. 43). Але ж такога адзінства ніколі не было, бо існавалі розныя княствы, розныя дзяржавы і розныя мовы.

У дапаможніку ёсць і цікавыя назіранні ў раздзеле «Простое предложение», дзе дацэнт М. А. Корчыц выяўляе ў беларускай мове шырокаўжывальныя сінтаксічна непадзельныя словазлучэнні, якія не маюць аналагаў у расейскай мове: быць за гаспадара, стаць за лесніка, паставіць за рахункавода, абраць за сакратара і г. д. Справядліва заўважана і такая адметнасць беларускага сінтаксісу, як выкарыстанне суб’екта-дзейніка як актыўнага ўтваральніка дзеяння, тым часам як у расейскай мове тут пануе пасіўная канструкцыя («Іхняй роце загадалі прыкрыць адход».— «Их роте было приказано прикрыть отход. (В. Быкаў). Нямнога засталося сяброў, якіх ён захацеў запрасіць на вяселле дачкі. — Немного осталось друзей, которых ему захотелось пригласить на свадьбу дочери». Або нагадаем назвы твору В. Быкава: «Мёртвым не баліць» і (рас.) «Мёртвым не больно».

Адметная беларуская канструкцыя, на жаль, у непатрабавальных да культуры мовы аўтараў, асабліва ў перыядычным друку, нярэдка парушаецца праз падладжванне пад расейскую мову.

Адкуль у беларускай мове з’явіліся такія двухслоўныя назвы: жывёльнае масла, машыннае масла, сметанковае масла? Зноў-такі праз штучнае калькаванне расейскіх найменняў: «Органамі МУС разглядаецца пытанне аб прыцягненні да адказнасці асоб, вінаватых ва ўтойванні жывёльнага масла і іншых відаў малочнай прадукцыі» (Народная газета, 17.01.95).

Беларусу цяжка зразумець такія найменні: «Жывёльнае масла» — хіба што яно ідзе на корм жывёле ці на лячэнне яе. Паводле яго прызначэння — як і «машыннае масла» — для змазвання вузлоў у машынах. А «сметанковае масла» — з яго робяць смятанку ці што?

У беларуса ўсе гэтыя віды масла маюць дакладныя назвы: масла (рас. сливочное масло), алей (растительное масло) і аліва (машинное масло). Дык не трэба беларуса прымушаць думаць па-расейску і навязваць яму чужыя назвы.

Не менш штучных калькаваных зваротаў бачым у навуковых працах, і лінгвістычных таксама. Пішуць: «У залежнасці ад таго, што яны ўказваюць, займеннікі падзяляюцца на 4 групы». Што тут ад чаго залежыць, што на чым ляжыць? («В зависимости от того...) А чаму не напісаць: «Па тым, на што паказваюць займеннікі, яны гуртуюцца ў 4 разрады». Або яшчэ: «У галіне фанетыкі адсутнічае передача якання...» А ці не прасцей і дакладней: «Адметнасць фанетыкі — няма якання». Ці: «Для бытавога дыялогу характэрна наяўнасць рэплік». Замест натуральнага: «Бытавы дыялог мае рэплікі».

Адзін і той жа (твор). Ці не карацей і больш выразна сказаць (напісаць): Той самы (твор). Аналагічна з таксама, тамсама.

А ці не калькаванне гэта, калі ў адным сказе тры прыназоўнікі аб: «Унесці на разгляд сесіі Вярхоўнага Савета наступны пералік пытанняў. Аб праекце Закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб мясцовым самакіраванні і мясцовай гаспадарцы ў Рэспубліцы Беларусь» (Народная газета, № 184, 1994). Гэта ўсё з таго ж: о (об). А чаму не напісаць: «Праект Закона «Пра змяненні і ўдакладненні ў Законе Рэспублікі Беларусь «Мясцовае самакіраванне і мясцовая гаспадарка ў Рэспубліцы Беларусь».

Звычайна штучныя канструкцыі цягнуць за сабою і штучныя словы: «Павялічыць з 1 красавіка 1991 года прадаўжальнасць часткова аплачваемага водпуску па догляду за дзіцём да дасягнення ім трох гадоў (Звязда, 16.02.1991).

«Догляд за дзіцём», «аплачваемы», «прадаўжальнасць» замест беларускіх: догляд дзіцяці (пра гэта ў пачатку артыкула), аплатны, працягласць. А сказ натуральна гучаў бы хоць так: «Павялічыць з 1 красавіка 1991 года працягласць частковааплатнага адпачынку для догляду дзіцяці да трох гадоў».

Як відаць, наш перыядычны друк, радыё і тэлебачанне яшчэ слаба змагаюцца за высокую культуру маўлення. Праўда, зрухі ў гэтым кірунку ёсць. Найбольш значныя яны ў нацыянальным друку, у літаратуразнаўчых і культуралагічных выданнях, у некаторых адукацыйна-асветных часопісах.

Сёння трэба скіраваць усе намаганні на адраджэнне нацыянальных заканамернасцяў як у галіне сінтаксісу, так і словаўтварэння і лексікі. Гэтаму маглі б паспрыяць публікацыі зборнікаў артыкулаў пытаннях культуры мовы нашых слынных пісьменнікаў і вучоных — Кузьмы Чорнага, Якуба Коласа, Янкі Скрыгана, Пімена Панчанкі, Анатоля Клышкі, Рыгора Шкрабы, Фёдара Янкоўскага, Кастуся Цвіркі, Уладзіміра Содаля і іншых рупліўцаў на ніве роднай мовы.

Упершыню было надрукавана ў часопісе "Полымя". 1995. №6. С. 259-275.