Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:

Клімчік_ДЕНДРОЛОГИЯ

.pdf
Скачиваний:
15
Добавлен:
09.03.2016
Размер:
2 Мб
Скачать
☆

141

невялікія, жоўтыя, аранжавыя або чырванаватыя, а «костачка» або, дакладней, арэшак цёмнакарычневы, часам амаль чорны, бліскучы, з падоўжнай бароздкай на адным баку. Найбольш шырока распаўсюджаным відам з’яўляецца абляпіха крушынавая (H. rhamnoides), якая расце ад Заходняй Еўропы да Кітая. Гэта вельмі паліморфны від, які складаецца з васьмі геаграфічна абмежаваных падвідаў. Ва ўмеранай зоне паўночнага паўшар'я цяжка знайсці якую-небудзь другую расліну, якая б валодала такімі разнастайнымі формамі практычнага выкарыстання, як абляпіха. Лісце абляпіхі змяшчае фізіялагічна актыўныя рэчывы. Старажытныя грэкі лячылі коней, скормліваючы ім лісце абляпіхі. У выніку такога лячэння коні былі здаровымі, іх поўсць станавілася гладкай, бліскучай. Таму абляпіха і атрымала сваю назву Hippophae (г. зн. ад лац. Hippos – конь, phao – свяціць, ззяць). З пладоў гатуюць розныя харчовыя прадукты (сокі, кісялі, варэнне, жэле і інш.), а таксама розныя напіткі (наліўкі, лікёры, настойкі). Меданосная расліна, дэкаратыўная. Расце марудна. Марозаўстойлівая. Святлалюбная. Выкарыстоўваецца ў азеляненні.

Другі від абляпіхі – абляпіха вярбалістая (H. salicifolia) – уяўляе сабой дрэва 5–11 м у вышыню або куст. Распаўсюджана гэта расліна на паўднёвых схілах Гімалаяў, на прырэчных пясках і галечніках.

Абляпіха тыбецкая (H. tibetana) – нізкі калючы куст. Расце па далінах рэк у высакагорных Гімалаях.

Род шэфердыя (Shepherdia) налічвае тры віды, якія распаўсюджаны ў Паўночнай Амерыцы ад Аляскі да Паўночнай Мексікі. Гэта кусты з супраціўным лісцем, серабрыста апушаным знізу або з абодвух бакоў, з авальнымі або яйкападобнымі пладамі. Растуць па берагах рэк. Плады ядомыя.

5.2.7. Падклас Астэрыды (Asteridae) уваходзяць найбольш высокаразвітыя групы двухдольных, якія характарызуюцца многімі прагрэсіўнымі прыкметамі. Хаця сярод астэрыд ёсць яшчэ шмат дрэў і кустоў, але тут пераважаюць ужо травы, часта аднагадовыя. Колькасць частак кветкі ў астэрыд невялікая і заўсёды пэўная (фіксаваная). Кветкі астэрыд

заўсёды зрослапялёсткавыя. Астэрыды – самы буйны падклас двухдольных, які налічвае каля 3500 родаў і каля 65 000 відаў, якія аб’яднаны ў 10 парадкаў.

5.2.7.1.Парадак Маслінавыя (Oleales). Дрэвы і кусты, звычайна з процілеглым, рэдка

зчарговым, простым і перыстаскладаным лісцем, якое пазбаўлена прылісткаў. Членікі сасудаў звычайна з простай перфарацыяй. Пылковыя зярняты трохбарознапоравыя, або трохбарозныя. Плады розных тыпаў. Насенне з эндаспермам або без яго. Уваходзіць сямейства маслінавыя.

Сямейства Маслінавыя (Oleaceae) налічвае каля 30 родаў і каля 600 відаў, якія распаўсюджаны ў трапічных і субтрапічных, часткова цёплаўмераных абласцях двух паўшар’яў. Для шматлікіх родаў маслінавых характэрна вялікая перарывістасць арэала.

Усе маслінавыя – кусты (часам лазячыя – віды язміну) або дрэвы, цвердалістыя, вечназялёныя або лістападныя, з супраціўным (часам чарговым) простым або складаным лісцем без прылісткаў.

Кветкі сабраны ў гронкападобныя, мяцёлкавыя або пучкападобныя суквецці, якія развіваюцца з пазушных або верхавінкавых пупышак парасткаў мінулага года. Чашачка чатырохлопасцевая, часам адсутнічае (ясень). Венчык зрослапялёсткавы, трубчасты або лейкападобны, долей венчыка звычайна чатыры (але часам да 12). Тычынак 2 (радзей 3–5), прымацаваныя да трубкі венчыка, а калі ён адсутнічае, то да кветкаложа. Завязь верхняя, двухгняздовая, з двума або шматлікімі павіслымі або прамастойнымі семязародкамі ў гняздзе. Сямейства характарызуецца вялікай разнастайнасцю пладоў: касцянкі (у масліны, біручыны і інш.), каробачкі, якія раскрываюцца па гнёздах (у бэзу) або папярочнай шчылінай (менадар), ягады (язмін), крылаткі (ясень) і інш. На падставе галоўным чынам становішча семязародкаў у сямействе выдзяляюць два падсямействы: Уласна маслінавыя (Oleoideae) – семязародкі павіслыя, звычайна па 2 у кожным гняздзе, плод ніколі не бывае двухлопасцевым, асноўная храмасомная колькасць звычайна 23; падсямейства Язмінавыя (Yasminoideae), у якое аб’яднаны ўсе астатнія роды, якія не адпавядаюць пералічанаму

142

вышэй комплексу прыкмет. Большасць маслінавых растуць у светлых ліставых, радзей хвоевых лясах ад раўнін да высакагорнага пояса. Сустракаюцца адзінкава сярод дрэў сярэдняга і верхняга ярусаў, у якасці кустоў падлеску або ўтвараюць зараснікі на адкрытых прасторах, якія прыгожа цвітуць, на сухіх сонечных схілах, светлых лясных узлесках, у поймах рэк.

Амаль усе маслінавыя – энтамафільныя расліны. Кветкі сабраны ў яркія суквецці (жоўтыя, чырвоныя, белыя, бэзавыя), якія пахнуць. Яны вылучаюць нектар у аснове завязі і прывабліваюць шматлікіх насякомых, якія яго смокчуць. Насенне распаўсюджваецца ветрам, вадой, жывёламі. Адносна невялікае сямейства маслінавых дало чалавецтву шмат карысных раслін, у першую чаргу гэта расліны з роду масліна (Olea).

Род масліна (Olea) налічвае каля 20 відаў вечназялёных невялікіх дрэў, што распаўсюджаны ў тропіках і субтропіках. З даўніх часоў аліўкавая галінка была сімвалам міру і дабрабыту. Масліна да 1 ст. да н. э. была ўжо шырока распаўсюджана ў культуры па Міжземнамор’і. Аліўкавы алей выкарыстоўваўся не толькі ў ежу, але і пры ахвярапрынашэнні, у свяцільнях, для умашчэння валасоў, націрання цела. Гісторыя культуры масліны праглядаецца з глыбіні тысячагоддзяў. У продкаў не было сумненняў па шэрагу паходжання культурнай масліны: яе падарыла грэкам багіня мудрасці і заступніца мірнай працы Афіна. Сучасныя вучоныя не адзіныя ў гэтым пытанні. Некаторыя лічаць, што масліна была ўпершыню ўведзена ў культуру на Блізкім Усходзе і адтуль распаўсюдзілася ў Малую Азію, Грэцыю, Егіпет і затым па ўсім Міжземнамор’і.

Адпаведна другой версіі, культура масліны магла ўзнікнуць адразу ў некалькіх месцах Міжземнамор’я, там, дзе распаўсюджана яе дзікая зыходная лясная разнавіднасць алеастэр (Olea europea var. sylvestris), якая адметная ад культурнай шыпаватымі галінамі, дробным лісцем і пладамі. Трэція мяркуюць, што ўказаная дзікая разнавіднасць сама ўзнікла ў выніку адзічання культурнай масліны. Паходжанне апошняй звязваюць з іншымі відамі масліны, напрыклад масліны залаталістай (O. chrysophylla). Культура масліны ў цяперашні час існуе ва ўсіх субтрапічных краінах. Прамысловая культура – у Грэцыі, Іспаніі, Турцыі, Алжыры, Тунісе, Францыі, ЗША, у Расіі (Краснадарскі край), Туркменіі, краінах Закаўказзя.

Лісце ланцэтнае або вузкаэлептычнае, да 10 см у даўжыню, скураное. Загнутае па краі, зверху цёмна-зялёнае, знізу шэрае. Кветкі дробныя, з зеленаватым венчыкам. Плод – сакавітая касцянка, знешне нагадвае сліву, чорная або зялёная, ядомая, з моцнамасляністай мякаццю.

У культуры масліна жыве да 300–400 гадоў, а пры спрыяльных умовах нават да 1000 і больш. Старыя ствалы звычайна дуплаватыя і маюць прыцудлівую форму. Выведзена больш за 500 розных сартоў. Адны з іх ужываюцца больш як сталовыя сарты, другія ідуць на прыгатаванне алею. Лепшы аліўкавы алей, вядомы пад назвай праванскага, ужываецца ў ежу

івыкарыстоўваецца ў медыцыне. Яго атрымліваюць халодным прасаваннем пладоў. Пасля паўторнага адціскання з падагрэвам атрымліваюць тэхнічны і паліўны «драўняны» алей. Каштоўнасць масліны капскай (O. capensis), масліны залаталістай і іншых абмяжоўваецца іх драўнінай – вельмі трывалай, цвёрдай, якая ідзе на розныя дробныя вырабы, часам на мэблю, адыгрывае вялікую ролю ў побыце мясцовага насельніцтва.

Род ясень (Fraxinus) налічвае каля 70 відаў, якія распаўсюджаны пераважна ва ўмераных абласцях паўночнага паўшар’я. Нязначная колькасць відаў заходзіць у тропікі Азіі

іАмерыкі. Звычайна буйныя лістападныя дрэвы, да 40 м у вышыню і 1 м у дыяметры, з тонкай, светлай або бурай карой. Пупышкі канічныя або шарападобныя, чорныя або карычневыя. Лісце процілеглае, няпарнаперыстаскладанае. Кветкі ў гронкападобных або мяцёлкападобных шматкветкавых суквеццях, якія ўтвараюцца ў год, што папярэднічае году цвіцення, у пазушных кветкавых або радзей верхавінкавых пупышках. Цвітуць да распускання лісця або адначасова з аблісценнем. Апыляюцца ветрам. У пераважнай большасці відаў кветкі без калякветніка, складаюцца з 2 тычынак і аднаго песціка, часта адбываецца рэдукцыя тычынак або песціка, тады кветкі становяцца аднаполымі, а дрэвы – шматдомнымі і двухдомнымі. Плод – крылатая сямянка, якая паспявае восенню і

143

распаўсюджваецца ветрам. Насенне з эндаспермам. Усе віды ясеня святлалюбныя, патрабавальныя да ўрадлівасці глебы і адносяцца да парод, якія ўтвараюць шыракалістыя лясы, маюць вялікае эканамічнае значэнне. Трывалую, пругкую, цвёрдую драўніну выкарыстоўваюць у сельскагаспадарчым машынабудаванні, вагонабудаванні, у мэблевай вытворчасці.

Ясень звычайны (Fraxinus exelsior) шырока распаўсюджаны ў Еўропе і ў гарах Заходняй Азіі. Кара яго – добры дубільнік і крыніца фарбы. Яе выкарыстоўваюць таксама ў медыцыне як заменнік хіціну, у якасці паслабляльнага і мачагоннага. На Далёкім Усходзе яго замяшчае Я. манчжурскі (F. mandshurica). Расце ў хвоева-шыракалістых лясах, звычайна па далінах рэк. Ясень вузкалісты (F.angustifolia) і ясень сірыйскі (F. suriaca) – блізкія да ясеня звычайнага сярэднеазіяцкія віды.

Ясень кветкавы, белы або маннавы (F. ornus), расце ў Еўропе, ад міжземнаморскіх абласцей да поўдня Чэхіі, Славакіі і Паўночна-Усходніх Карпат, каштоўны як крыніца манны, салодкага соку, які застывае на паветры і выцякае пры падсочцы галін. Манну выкарыстоўваюць як лёгкі паслабляльны сродак і ад кашлю.

Ясень кітайскі (F. chinensis) распаўсюджаны ў Паўднёвым Кітаі і Індыі, служыць для развядзення васковай ілжэшчытоўкі (Ericerus pela). Яна вылучае так званы белы кітайскі воск, які выкарыстоваецца для вытворчасці свечак, у парфумерыі, медыцыне, для вашчэння паперы і тканіны. У Паўночнай Амерыцы па далінах рэк і берагах азёраў расце ясень пенсільванскі, або пушысты (F. pubescens, F. pensylvanica), – дрэва да 20–25 м у вышыню і блізкі да яго ясень ланцэтны, або зялёны (А. lanceolata). Ясені з’яўляюцца галоўнай пародай для азелянення, дзе выкарыстоўваецца вялікая колькасць відаў.

Род біручына (Ligustrum) налічвае каля 40 відаў, якія распаўсюджаны ў трапічных і субтрапічных абласцях Азіі (пераважна Усходняй Азіі), у Новай Гвінеі і Аўстраліі, і толькі адзін від распаўсюджаны ў Еўропе. Гэта вечназялёныя або лістападныя невялічкія дрэвы і кусты. Лісце простае, процілеглае, суцэльнае па краі. Кветкі двухполыя, з чашачкай і белым венчыкам, сабраны ў верхавінкавыя, прамастойныя гронкі або мяцёлкі. Плод – ягадападобная касцянка, чорнага колеру з 1–4 трохгранным зярнятамі. Цвіце пасля аблісцення ў пачатку – сярэдзіне лета. Апыляецца насякомымі. Меданос. Плады паспяваюць восенню. У нас сустракаецца біручына звычайная (Ligustrum vulgare). Натуральна расце ў Заходняй Еўропе. Густагалінасты куст да 3–5 м у вышыню, паўвечназялёны (у цёплыя зімы можа не скідваць лісце). Кветкі белыя, пахучыя, сабраны ў густыя, якія стаяць, мяцёлкі. Плод шарападобны, чорны, бліскучы, гладкі, неядомы. Размнажаецца насеннем, каранёвымі парасткамі, атожылкамі, чаранкамі, ўзнаўляецца парасткамі ад пня. Марозаўстойлівая, але ў суровыя зімы вымярзае. Вытрымлівае невялікае зацяненне. Патрабавальная да ўрадлівасці глебы. Выкарыстоўваецца ў азеляненні для ўтварэння жывой агароджы.

Род бэз (Syringa) налічвае да 20 відаў, якія растуць у горных абласцях у падлеску светлых лістападных лясоў і на адкрытых месцах у Паўднёвай Еўропе ад Албаніі і ПаўднёваУсходняй Грэцыі да Заходніх Карпат і даходзіць да Малой Азіі. У Сярэднюю Еўропу бэз быў завезены толькі ў XVI ст. і доўга заставаўся там раслінай арыстакратычных садоў. Зараз гэтыя кусты сустракаюцца ў культуры паўсюдна. У закрытай глебе расліны могуць цвісці зімой, таму бэз шырока выкарыстоўваецца на выганку. Гэта лістападныя кусты, радзей дрэвы, з простым, супраціўным, чарэшчатым суцэльнакрайнім лісцем. Кветкі двухполыя, з чашачкай і венчыкам (*К(4)С(4)А2G(2)), белыя або афарбаваныя ў іншыя тоны, сабраныя ў буйныя канечныя або пазушныя пірамідальныя мяцёлкі. Плод – двухгняздовая, двухстворкавая каробачка з 4 скуранымі крылатымі зярнятамі. Цвіце бэз пасля аблісцення. Апыляецца насякомымі. Меданос. Насенне паспявае і ападае восенню. З 20 відаў, якія сустракаюцца ў культуры, найбольш распаўсюджаны бэз звычайны (Syringa vulgare), які мае каля 500 сартоў. Радзіма – Балканы, Іран. Кусты – 5–6 (8) м у вышыню. Цвіце першым з бэзаў, у канцы вясны – пачатку лета. Кветкі ад ліловых і фіялетавых да чыста белых. Хуткарослая, зімаўстойлівая, засухаўстойлівая, святлалюбная расліна. Непатрабавальная да ўрадлівасці глебы. Вытрымлівае ўмовы горада, але пакутуе ад газу. Дэкаратыўная. У

144

практыцы азелянення часам гэты від блытаюць з бэзам персідскім (S. persica), які адметны ад бэзу звычайнага ланцэтна-завостраным лісцем, рыхлымі мяцёлкавымі суквеццямі, больш познім цвіценнем і моцным спецыфічным пахам. Менш зімаўстойлівы, чым бэз звычайны.

Бэз венгерскі, або ўсходне-карпацкі (S. josicae), – куст або дрэва да 8 м у вышыню. Гэта рэдкі эндэмік Карпат. Занесены ў Чырвоную кнігу. Ад бэзу звычайнага адметны наяўнасцю на старых галінах белых лінзаў, на канцах парасткаў яйкападобна-канечнай пупышкі і г. д. Кветкі ружова-фіялетавыя. Цвіценне бэзу венгерскага служыць індыкатарам наступлення феналагічнага лета.

Бэз махнаты (S. villosa) – знешне падобны на бэз венгерскі, які замяшчае яго ў шыракалістых лясах Далёкага Усходу. Адметны ад апошняга апушаным лісцем. Зімаўстойлівы. Там жа сустракаецца бэз амурскі, або траскун (S. amurensis), – дрэва да 20 м у вышыню і 30 см у дыяметры. Лісце ападае раней, чым у іншых відаў бэзу. Шырока выкарыстоўваецца ў азеляненні. Зімаўстолівы. Драўніна ідзе на розныя дробныя вырабы і лыжы.

5.2.7.2. Парадак Варсянкавыя (Dipsаcales). Дрэвы, кусты і травы з супраціўным або радзей кальчаковым, лопасцевым або перыстым лісцем без прылісткаў. Членікі сасудаў з лесвічнай перфарацыяй. Пылковыя зярняты пераважна трохбарознапоравыя. Плады розных тыпаў. Аб’ядноўвае 5 сямействаў: бружмелевыя, адоксавыя, валяр’янавыя, морынавыя, варсянкавыя.

Сямейства Бружмелевыя (Caprifoliaceae) – налічвае каля 15 родаў і да 500 відаў, якія распаўсюджаны галоўным чынам у паўночным паўшар’і ва ўмеранай і субтрапічнай зонах. Толькі нешматлікія роды заходзяць у горныя раёны тропікаў, а віды родаў каліна, бружмель і бузіна часам сустракаюцца таксама ў паўднёвым паўшар’і. Гэта лістападныя або вечназялёныя кусты, якія часам ўюцца, радзей невысокія дрэвы або травы. Сямейства неаднароднае па сваім таксанамічным складзе. Асобныя яго роды, як бузіна, часам вылучаюць у самастойнае сямейства. Большасць бружмелевых – драўняныя расліны. Яны ўваходзяць у склад падлеску, а таксама сустракаюцца ў хмызняковых зарасніках на асветленых месцах, па узлесках, рачных далінах, ярах, абрывах. Найбольш характэрны бружмелевыя для ліставых і змешаных лясоў раўнін і сярэдняга пояса гор, але віды некаторых родаў сустракаюцца часам і ў цемнахвоевых лясах і заходзяць у субальпійскі і альпійскі паясы гор, дзе растуць на камяністых, друзавых схілах і ў трэшчынах скал. Бружмелевыя характарызуюцца процілеглым, звычайна суцэльным або лопасцевым (у каліны), радзей перыстаабо тройчастаскладаным (у бузіны) лісцем, без прылісткаў або з прылісткамі ліставога паходжання, а часам яны рэдукаваны да лускавін, валаскоў, залозак. Кветкі звычайна з прыкветнікамі ў складаных верхавінкавых суквеццях: мяцёлкавых, шчыткападобных, паўпарасонах або адзіночныя. Цвітуць пасля аблісцення, радзей да яго пачатку. Апыляюцца насякомымі. Шмат з іх з’яўляюцца добрымі меданосамі. Кветкі актынаморфныя або зігаморфныя. Чашачка з кароткай трубачкай, зраслася з завяззю. Венчык трубчасты, званочкавы, лейкападобны, белы або іншай яркай афарбоўкі. Тычынак 2–5, прымацаваны да трубачкі венчыка. Песцік з 2–5 пладалісцікамі, завязь ніжняя і паўніжняя, 1–5-гняздовая (* К(3-5)С(3-5)А(2-5)G3-9–). Плод – ягада (бружмель), аднаабо шматкостачкавая касцянка (каліна, бузіна), каробачка, якая раскрываецца створкамі зверху (вейгела – Weigela, дзіервіла – Diervilla). Яны могуць быць сухімі, скуранымі (лінея, абелія – abelia). Завязі ў пладах у некаторых бружмеляў па дзве, а часам ягадападобны плод узнікае за кошт поўнага абрастання завязей дзвюх суседніх кветак шарападобнай абгорткай, якая ўтвараецца зрослымі прыкветнікамі.

Усе бружмелевыя апыляюцца насякомымі. Плады іх да позняй восені застаюцца вісець на раслінах і распаўсюджваюцца птушкамі. Дзякуючы ім віды бузіны, каліны, бружмелю часта і хутка засяляюць узлескі, пакінутыя землі, старыя руіны. Сухія плады і насенне распаўсюджваюцца паветранымі патокамі. У відаў вейгелы насенне мае крыло. Кусты сямейства вядомы сваёй дэкаратыўнасцю, шмат з іх з даўніх часоў вырошчваюць у садах, парках, каля дамоў. Плады некаторых відаў ядомыя. У Сібіры і на Далёкім Усходзе

145

насельніцтва ўжывае ў ежу плады бружмелю, каліны, бузіны. Галінкі некаторых відаў бузіны ідуць на пляценне кошыкаў і абручоў, а драўніна, якая добра захоўваецца ў зямлі і вадзе, – на палі, тычыны, а таксама на такарныя вырабы і музычныя інструменты. Віды каліны і бузіны з даўніх часоў выкарыстоўваюцца ў народнай медыцыне. Прымяняюць усе часткі расліны – кветкі, плады, кару, лісце – ад розных захворванняў. Некаторыя віды выкарыстоўваюцца афіцыйнай медыцынай.

Род каліна (Viburum) налічвае да 200 відаў лістападных або вечназялёных кустоў або невялічкіх дрэў з простым суцэльным або пальчата-лопасцевым лісцем. Суквецці простыя або складаныя, парасонападобныя, шчыткі або мяцёлкі. Кветкі белыя або ружовыя, правільныя, дробныя. У шмат якіх відаў суквецці аблямаваны буйнымі зігаморфнымі стэрыльнымі кветкамі, якія служаць для прываблівання насякомых-апыляльнікаў. Плод сакавіты, касцянкападобны з адной костачкай, звычайна сплясканай з бакоў. Цвіце каліна ў канцы вясны – пачатку лета. Плады паспяваюць восенню.

Каліна звычайная, або чырвоная (Viburum opulus), – пераважна кустападобнае невялічкае дрэўца з пальчата-лопасцевым лісцем. Расце паўсюдна ў Еўропе, Паўночнай Афрыцы, Малой Азіі, акрамя крайняй Поўначы і паўпустыней у падлеску, па берагах рэк і азёр, на ўрадлівых вільготных глебах. Касцянкі чырвоныя, ядомыя.

Каліна гардавіна (V. lantana) – натуральна расце ў Паўднёвай і Заходняй Еўропе, Малой Азіі, Паўночнай Афрыцы, куст, лісце, пупышкі і парасткі якога пакрыты лускавінкава-зоркавым густым апушэннем. Лісце прадаўгавата-яйкападобнае або элептычнае, зморшчанае. Плады спачатку чырвоныя, паспелыя чорныя, ядомыя. Костачка бурая, прадаўгаватая, плоская, каля 9 мм у даўжыню, з дзвюма чорнымі палоскамі. Патрабавальная да ўрадлівасці глебы, засухаўстойлівая, святлалюбная. Размнажаецца насеннем і парасткамі ад пня.

Гардавіна канадская (V. lentago) – дрэва або куст амерыканскага паходжання. Сустракаецца ў Беларусі ў парках і іншых пасадках. Зімаўстойлівы від. Добра пладаносіць. Плады ядомыя. Мае вельмі дэкаратыўнае бліскучае лісце, якое восенню набывае бурачырвоную афарбоўку.

Род бузіна (Sambukus) – 25 відаў, лістападныя, невялікія дрэвы, кусты, часам травы. Пупышкі буйныя, парасткі з рыхлым асяродкам. Лісце няпарнаперыстае або тройчастае. Кветкі дробныя белыя або жаўтаватыя, у верхавінкавых парасонах або мяцёлках. Цвітуць пасля аблісцення. Плады сакавітыя, касцянкападобныя, з 3–5 костачкамі.

Бузіна чорная (S. nigra) – дрэва да 10 м у вышыню. Лісце з 5–7 яйкападобнаэлептычных, пілаватых па краі лісточкаў. Кветкі белыя. Цвіце ў першай палове – сярэдзіне лета. Плады бліскучыя, чорныя, да 8 мм у дыяметры, ядомыя, паспяваюць у канцы лета. Натуральна расце ад Прыбалтыкі да нізоўя Дона, у Крыме і на Каўказе. Прымяняецца ў азеляненні. Кветкі, плады, лісце, кара і карані выкарыстоўваюцца ў медыцыне.

Бузіна чырвоная, або гронкавая (S. raсemosa), – куст або дрэва да 5 м у вышыню. Адрозніваецца ад папярэдняга віду больш буйнымі кветкавымі пупышкамі, якія вельмі рана распускаюцца, прадаўгавата-яйкападобнымі, доўгазавостранымі лісцікамі лісця, жаўтаватабелымі кветкамі, якія сабраны ў яйкападобна-канічныя мяцёлкі. Цвіце вясной, адначасова з чаромхай звычайнай. Плады чырвоныя, паспяваюць у сярэдзіне лета, неядомыя. Натуральна расце ў Заходняй Еўропе. У штучных пасадках сустракаецца вельмі шырока – ад сярэдняй тайгі да Каўказа. Выкарыстоўваецца у азеляненні, лясных культурах, у медыцыне.

Род бружмель (Lonicera) каля 180 відаў – лістападныя і вечназялёныя прамастойныя або віткавыя кусты. Лісце простае, звычайна суцэльнае па краі, часам асновы яго зрастаюцца. Кветкі ў пазухах лісця або сабраны ў кальчакі. Плады ягадападобныя. Размнажаюцца насеннем і парасткамі ад пня. Усе яны добрыя меданосы. Выкарыстоўваюцца ў азеляненні.

Бружмель звычайны, або лясны (L. xylosteum), – куст 1–3 м у вышыню з шэрымі парасткамі. Лісце шырокаэлептычнае, вострае або прытупленае, да 6 см у даўжыню, аксамітна-апушанае або злёгку голае. Кветкі парныя, пазухавыя, прамастойныя, жаўтаватабелыя, цвітуць у канцы вясны. Плады парныя, часам зрастаюцца толькі асновамі,

146

паспяваюць у другой палове лета. Расце ў лясной зоне Еўропы і ў Заходняй Сібіры, заходзіць на ўсход да Алтая. Выкарыстоўваецца ў азеляненні.

Бружмель татарскі (L. tatarica) – буйны куст 4–6 м у вышыню з жаўтавата-бурымі парасткамі. Лісце яйкападобна-ланцэтнае, завостранае або тупое, з закругленай асновай да 6 см у даўжыню і 3 см у шырыню, голае. Кветкі буйныя, пазухавыя, стаяць прама, ад белых да цёмна-ружовых. Цвітуць у канцы вясны – пачатку лета. Плады парныя, свабодныя або слабазрослыя, шарападобныя да 7 мм у дыяметры, чырвоныя, аранжавыя або жоўтыя. Паспяваюць у сярэдзіне лета.

Натуральна расце ў лесастэпах і стэпах, па поймах рэк у паўпустынях і пустынях ад Сярэдняй Волгі і Паўднёвага Урала да Байкала, на поўдзень – да Цэнтральнаазіяцкага Перадгор’я. Зімаўстойлівы і засухаўстойлівы. Шырока выкарыстоўваецца ў азеляненні і ў полеахоўным лесаразвядзенні.

Бружмель сіні (L. coerulea) – куст да 2 м у вышыню з чырвона-бурымі валасістымі галінамі. Пупышкі падоўжаныя, адходзяць ад парастка амаль пад прамым вуглом. Лісце элептычнае, авальнае, зваротнаяйкападобнае, часам прадаўгаваталанцэтнае, 2–9 см у даўжыню, суцэльнае па краі, зверху цёмна-зялёнае, у маладосці апушанае. Кветкі зеленаватажоўтыя, парныя. Плады амаль шараподобныя або прадаўгаватыя, чорныя з блакітным налётам, 6 –12 мм у даўжыню, ядомыя.

Натуральна расце ў горных раёнах Заходняй Еўропы, Скандынавіі, Каўказа, Паўночным Захадзе Расіі.

Да ўрадлівасці глебы непатрабавальная. Зімаўстойлівая. Ценевынослівая. Размнажаецца насеннем і чаранкамі. Разводзіцца па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Выкарыстоўваецца ў азеляненні.

Бружмель капрыфоль (L. caprifolium) – віткавы куст з парасткамі, якія дасягаюць да 3 м у даўжыню. Лісце элептычнае, да 10 см у даўжыню, зверху цёмна-залёнае, знізу шызаватае. Верхнія 2–3 пары лісця зрастаюцца ў элептычны дыск. Кветкі ад белаватых да цёмна-ружовых, сабраны на 1–2 у кальчак, у пазухах зрослага лісця. Плады аранжавачырвоныя. Цвіце ў пачатку лета, плады паспяваюць у другой палове-канцы лета. Размнажаецца насеннем і вегетатыўна. Натуральна расце на Каўказе, Малой Азіі і Паўднёвай Еўропе. Аддае перавагу ўрадлівым глебам. Святлалюбная, даволі зімаўстойлівы. Выкарыстоўваецца для вертыкальнага азелянення.

Род снежнаягаднік (Symphoricarpos) – лістападныя невысокія кусты з простым супраціўным, кароткачаранковым, суцэльным або няроўна-выразаным па краі лісцем. Кветкі дробныя, званочкападобныя, ружовыя або белыя, у пазушных або верхавінкавых гронкападобных суквеццях. Плады белыя, шарападобныя, ягадападобныя, звычайна у гронкападобных суплоддзях. Цвітуць з першай паловы лета да маразоў.

Снежнаягаднік белы (S. albus), найбольш часта сустракаецца ў Беларусі. Натуральна расце ў Паўночнай Амерыцы. Малапатрабавальны да ўрадлівасці глебы. Вытрымлівае зацяненне. Устойлівы да ўмоў горада, зімаўстойлівы, дэкаратыўны, асабліва ў час цвіцення і з пладамі, якія застаюцца на кустах да зімы. Добра пераносіць стрыжку. Выкарыстоўваецца ў азеляненні.

Род вейгела (Weigela) – лістападныя кусты 1,5–2 м у вышыню, з амаль што сядзячым простым супраціўным, яйкападобна-элептычным або ланцэтным, пілаватым па краі лісцем. Кветкі па адной або па некалькі ў пазухах верхняга лісця, буйныя званочкападобныя, ружовыя, белыя, жоўтыя або цёмна-чырвоныя. Цвітуць з канца вясны да сярэдзіны лета. Плады – цыліндрычныя каробачкі, якія раскрываюцца дзвюма створкамі. Насенне дробнае, звычайна мае крылы. Размнажаецца насеннем і чаранкамі.

Вейгелы – каштоўныя ў азеляненні кусты, якія прыгожа і доўга цвітуць. У Беларусі даволі рэдка сустракаюцца інтрадукаваныя з Далёкага Усходу вейгела ранняя (W. praecox), з пурпурова-ружовымі кветкамі, якія цвітуць у маі – чэрвені; вейгела Мідендорфа (W. middendorfiana) з бледна-жоўтымі кветкамі , якія цвітуць у маі – ліпені; вейгела квітнеючая (W. floriola).

Гэтыя віды адносна зімаўстойлівыя, з працяглым тэрмінам цвіцення (16–20 дзён).

147

ЛІТАРАТУРА

1. Булыгин, Н. Е. Дендрология: учеб. / Н. Е. Булыгин. – Л.: Агропромиздат, 1991. –

352 с.

2.Булыгин, Н. Е. Фенологические наблюдения за древесными растениями: пособие

/Н. Е. Булыгин. – Л.: ЛТА, 1979. – 96 с.

3.Торчык, У. І. Кедравая хвоя ў Беларусі / У. І. Торчык. – Мінск: Навука і тэхніка,

1993. – 56 с.

4.Смоляк, Л. П. Дендрология: учеб. пособие / Л. П. Смоляк, В. Г. Антипов, И. В. Гуняженко. – Минск: Вышэйшая школа, 1990. – 160 с.

5.Антипов В.Г. Определитель древесных растений: справ. пособие / В.Г. Антипов, И.В. Гуняженко. – Минск: Вышэйшая школа, 1994. – 488 с.

6.Антипов, В. Г. Декоративная дендрология: учеб. пособие / В. Г. Антипов. – Минск: Дизайн ПРО, 2000. – 280 с.

7.Алехин, В. В. География растений: пособие для вузов / В. В. Алехин. – М.: Уч-

педгиз, 1950. – 420 с.

8.Жизнь растений. В 6 т. Т. 4. Мхи. Плауны. Хвощи. Папоротники. Голосеменные растения / Ал. А. Федоров [и др.]; под ред. И. В. Грушевицкого, С. Г. Жилина. – М.: Просве-

щение, 1978. – 447 с.

9.Жизнь растений. В 6 т. Т. 5, ч. 1. Покрытосеменные растения / Ал. А. Федоров [и др.]; под ред. Л. Т. Тахтаджана. – М.: Просвещение, 1980. – 430 с.

10.Жизнь растений: в 6 т. Т. 5, ч. 2. Покрытосеменные растения / Л. Т. Тахтаджан [и др.]; под ред. Л. Т. Тахтаджана. – М.: Просвещение, 1981. – 512 с.

11.Юркевич, И. Д. География, типология и районирование лесной растительности / И. Д. Юркевич, В. С. Гельтман. – Минск: Наука и техника, 1965. – 288 с.

12.Федорук, А. Т. Интродуцированные деревья и кустарники западной части Бело-

руссии / А. Т. Федорук. – Минск: БГУ, 1972. – 192 с.

13. Евдокимов, А. М. Хвойные субтропиков и тропиков: учеб. пособие / А. М. Евдокимов. – Л.: ЛТА, 1981. – 76 с.

14.Тексты лекций по разделу «Экология растений» курса «Дендрология» для студентов специальности 15.12 «Лесное и садово-парковое хозяйство» 4.1 / Л. П. Смоляк. – Минск: БТИ им. С.М. Кирова, 1983. – 52 с.

15.Основы учения о растительном покрове: тексты лекций по курсу «Дендрология» для студентов специальности 15.12 «Лесное и садово-парковое хозяйство» 4.2 / Л. П. Смоляк. – Минск: БТИ им. С. М. Кирова, 1986. – 50 с.

16.Грамбецкая, В. Батанік Вялікага княства / В. Грамбецкая // Наша слова. – 2004. – 21 студзеня, 28 студзеня, 4 лютага.

17.Тэхналогія лесагаспадарчай вытворчасці: вучэб. дапаможнік / Г. Ул. Меркуль [і інш.]; пад агул. рэд. Г. Ул. Меркуля. – Мінск: БДТУ, 2004. – 396 с.

148

Вучэбнае выданне

Клімчык Генадзій Якаўлевіч

ДЭНДРАЛОГІЯ

Вучэбны дапаможнік

Рэдактар Р.М. Рабая

Падпісана да друку . Фармат 60×84 1/16. Папера афсетная. Гарнітура Таймс. Друк афсетны.

Ум. друк. арк. 8,8. Ул.-выд. арк. 15,7. Тыраж 300 экз. Заказ .

Установа адукацыі «Беларускі дзяржаўны тэхналагічны універсітэт». 220006. Мінск, Свярдлова, 13а.

ЛИ № 02330/0133255 ад 30.04.2004.

Аддрукавана ў лабараторыі паліграфіі ўстановы адукацыі «Беларускі дзяржаўны тэхналагічны універсітэт».

220006. Мінск, Свярдлова, 13.

ЛП № 02330/0056739 ад 30.04.2004.