Змест выдання
Змест выдання – гэта тое, што вызначае аўдыторыю, а таксама ў пэўныя часы дае “зялёная святло” на яго выпуск. Новы час, час савецкай ўлады, патрабаваў ад часопіса пэўных дзеянняў і матэрыялаў, у якіх будуць адлюстраваны новае жыццё, яго непаўторнасць і выгаднасць, новы чалавек, які імкнецца да светлай будучыні.
Першы нумар часопіса ад снежня 1922 года пачынаецца з артыкула “Нашы заданні”. “Полымя, часопіс, прысвечаны пытанням культуры, будаўніцства Беларусі, пачынае выходзіць толькі на шостым годзе жыцця Савецкае ўлады і наогул чатырох гадоў яе існавання у Беларусі. І толькі пасля пяці гадоў цяжарнага і ўпартага змагання працоўнікаў Савецкай Федырацыі з многілікімі іх ворагамі.”
“Полымя” піша, што падчас Сусветнай вайны, канешне, людзі не маглі думаць пра культуру і мастацтва – іх хвалявалі больш прызямлённыя пытанні: змаганне, ежа і жыллё. І толькі тады, калі скончылася вайна, пытанні культуры пачынаюць высоўвацца на належнае дзеля іх месца: “гостра вытыркаюць пытанні аб культурнай працы, аб патрабаванні ўздыму культурнага ўзрозню шырокіх працоўных гушчаў, каб праз гэта самае стварыць мажлівасць для іх удзелу ў чыннай дзяржаўнай працы.
“Полымя” ўзгадвае новую эканамічную палітыку, якая яшчэ больш абгостыла гэтае пытанне. “Пытанне культуры стала куды больш, чем раней, пытаннем палітыкі.”
“Наш часопіс з’яўляецца часопісам беларускай рэвалюцыйна-марксіскай думкі. Ён – журнал непартыйны, і дапускае пэўную свабоду думак, але ў пэўных межах. Гэтыя межы раней усяго абведзены агульным разуменнем нацыянальнага пытання і прынцыповымі адносінамі існуючай формы ўлады ў Савецкай Беларусі”.
Часопіс сцвярджае, што яго нацыянальнае пытанне ёсць пытаннем культуры. “Наша праца ў галіне нацыянальнага адраджэння поўнасцю змяшчаецца ў рамкі культурнага будаўніцта”.
Нягледзячы на тое, што часопіс у артыкуле “Нашы заданні” распавядаў пра пэўную вольнасць думак, ён папярэджвае аб той галіне, дзе ніякі плюралізм думак не можа існаваць – гэта пытанне аб сістэме ўлады. “Для нас ёсць непарушным, што ў Беларусі няма і не можа быць іншае ўлады, апроч верхаводства рабочага стану, якое падтрымліваюць шырокія сялянскія гушчы. Альбо Савецкая Беларусь, альбо Беларусі як дзяржаўнага цела не будзе – гэтакі шлях гісторыі”.
“Полымя” таксама папярэджвае, што будзе адкрыта змагацца супраць усіх незалежнікаў, супраць тым, хто лічыць савецкую сістэму злом, якое трэба перажыць або знішчыць.
Напрыканцы матэрыялу часопіс вызначае свае мэты:
аформіць светапогляд беларускіх культурных працаўнікоў;
прыцягнуць да беларускага культурнага будаўніцтва найбольш свядомыя і развітыя элементы з радоў беларускага пралетарыяту і бяднейшага сялянства;
даць шырокую дарогу для выяўлення к жыццю тым беларускім пісьменнікам і паэтам, якія кінулі старыя матывы, матывы нудлівага сантыменталізму і самаітага кулацкага народніцства.
І ставіць задачу: распрацаваць ідэалогію супрацьдзеяння нэпманаўскаму буржуазнаму ўплыву, каб замацаваць сацыялістычныя асновы грамадства.
Таксама часопіс - гэта злучаючы асяродак беларускай рэвалюцыйнай думкі за рубяжом. “Яе палавінкі гасцінца адчыняцца дзеля рэвалюцыянераў, якія змагаюцца супроціў польскага і літоўскага панскага прыгону за ўладу працаўнікоў”.
Полымя – гэта часопіс барацьбы, а не часопіс акадэмікаў. І ў самым канцы рэвалюцыйныя марксісты абяцаюць навуку свайго змагання і ўсе свае дасягненні заносіць на старонкі часопіса.
Першы нумар вельмі важны для часопіса. Таму змяшчаю змест менавіта яго: 1. Цішка Гартны - верш “Па дарозе да будучыню”. У ім аўтар сцвярджае, што галоўнае для краіны і людзей канкрэтныя праявы існавання свабоды народа. Верш “Сельскі мітынг”;
2. М. Чарот – вершы “Зімою”, “Плывём к прыгожай светлай далі”;
3. А. Гурло – вершы “У жыццёвай кузьні”, “На працу”, “У зорную ноч”;
4. А. Александровіч верш “Раніца”;
5. Я. Журба – верш “Будаўніком новага жыцця”;
На гэтым вершы скончваюцца. Робім вынік: усе яны адлюстроўваюць задачы і мэты, якія акрэсліў для сябе часопіс. Амаль усе вершы звязаны з новым жыццём, будаўніцтвам гэтага жыцця, працоўным чалавекам і светлай будучыняй.
6. Змятрок Бядуля – паэма “Адплата пану”;
7. Нёманскі – апавяданне “Над Кроманню”;
8. В. Нодэль “Заняпад усясветнай гаспадаркі і усясветны фашызм”, у якім аўтар шукае сапраўдныя прычыны ўсясветнага заняпаду. Ён адказвае на гэате пытанне: “Адно бяспрэчна, яны [заняпад]выкліканы вайной і значным размеркаваннем вырабачных цэнтраў ва ўсясветнай гаспадарцы”. Далей В. Нодэль разважае пра фашызм: “фашызм – гэта бальшавізм толькі з другога канца. Муссаліні горда сцвярджае, што рэвалюцыя мае свае правы. Фашызм ідзе да сваёй мэты, ні на хвіліну не задумваючыся – ці дэмакратычна гэта, ці не, справядліва, ці не”. Разважае пра фашыстскую армію: “сама фашыстская армія, самыя гушчы яе, ідучы на бойку, меркавалі зусім іншае – яны шукалі якойскі звышкласавай справядлівасці, яны думалі, што муссаліні, стаўшы на чале ўлады, выпаўніць тое, аб чым сацыялісты толькі гаварылі.”;
9. Зміцер Жылуновіч – “1 студзеня – рэвалюцыйна-гістарычнае свята Савецкай Беларусі”. У гэтым артыкуле аўтар падкрэслівае важнасць рабочых для краіны, усмамінае, што горай чымся для рабочых і сялян другіх нацыяў, складаліся гістарычнае жыццё для рабочых і сялян Беларусі, разважае пра долю вечна акупавай краіны. І падводзіць вынік: “Тым жа, хто бачыў у беларусах працоўніках сродак для нажывы, сілу для эксплуатацыі, было дадзена знаць, што гэткім ён быў да 1 студзеня 1919 году, а з першага – ужо стаў поўнапраўным вольным гаспадаром у адваёванай у ворагаў сваёй краіне. Гэткім чынам Акцябрская рэвалюцыя вызначыла месца, дзе хмясцілася паўстаўшая з мук, як фенікс з попелу, новая працоўная дзяржава”;
10. У. Ігнатоўскі – “Сучасная вялікая рэвалюцыя і нацыянальнае пытанне. “Ужо вызначылася правільная лінія ў нацыянальным пытанні. Гэту лінію вяла партыя бальшавікоў, каторая ўжо гатовілася выступіць на аборону інтарэсаў пралетарыяту й бяднейшага сялянства ўсіх краёў і нацыянальнасцяў”;
11. Я. Пятровіч – “Чым выклікаецца эканамічнае аб’яднанне Савецкіх Рэспублік?” У гэтым матэрыяле змешчана шмат эканалічных і сацыяльных табліц. Напрыклад, на гэткім крытэрыям: рэспубліка - лік паветаў - перапіьь насельніцтва – перапісь у 1914 – перапісь у 1920; год - абшар засеву ў дзесяцінах - выраб валакна;
12. З.Бядуля – “Тэарт і выхаванне мае”. Бядуля разважае пра тэарт і гледачоў,расказвае пра этапы станаўлення тэатру. “Тэатр – гэта многаграннае мастацтва,якое можа быць разгледжана з многіх бакоў… тэатр робіць уплыў на публіку – публіка на тэатр”. Аўтар ставіць ў дакор публіцы тое, што яна кожны раз вымагае, каб мастацтва было папулярным. І, канешне, не абыходзіць ідэалагічную тэму : “наш тэатр таксама, свядома ці не свядома, выпаўніў сваю місію на карысць рэвалюцыі і асведамленне мас”;
13. З. Жылуновчі – “Аб крытыцы “Босыя на вогнішчы” і яшчэ аб саміх босыя на вогнішчы М.Чарота”. Гэта вельмі сур’ёзны і рознабаковы аналіз вядомага твора;
14. М. Грамыка – “Поэзія аб рэвалюцыі і рэвалюцыя ў паэзіі”;
15. М. Грамыка – “Гвалт над формай”;
16. М. Маразоўскі – “Навакол польскага сойму”;
17. Кнігапіс. Гэта рубрыка расказвала чытачам пра новыя выданні: “Беларуская навуковая тэрмналогія” – падручнік, “Дні нашей жізні” – ежемесячный журнал студентов Горецкого сельскохозяйственного інстітута, “Вестнік Народного Коммиссариата Просвещения – выданне камісарыяту Асьветы”;
18. Хроніка Беларускае Культуры. Гэты раздзел быў падзелен на блокі, у якіх паведамлялася новае аб кульрутным жыцці Беларусі. У першым нумары гэта блокі:
“Літаратура і мастацтва”: “З. Бядуля працуе над лірычнай паэмай з часу паганскіх пад назваю “Ярыла”. Тры часткі паэмы ужо напісаны аўтарам.”, “Пясняр Янук Журба падгатаваў да выдання збор сваіх вершаў”,
“Тэатр”: “БГТ падгатоўліваецца да пастаноўкі гэткія навіны: “Карэй” - Рахліна”, “Каралеўскі цырульнік” і др.
Выдавецкая справа: “Выдавецства “СБ” заказала географу А.Смолічу напісаць “Географію пазаэўрапескіх краін”.
Потым ў іншых нумарах з’яўляюцца блокі “Музыка і песня”, “Краезнаўства”, “Асвета, “За рубежом”.
У 1923 г. выйшаў толькі адзін нумар «Полымя» - у студзені. Ізноў жа пачынаўся ён вершам Міхася Чарота “Люблю”. У гэтым нумары змешчаны артыкул “Выдавецкая дзейнасць у СБ за 1922г”, у якім з дапамогай табліц раапавядалася пра выдадзеныя кнігі (аўтар – выдавецства – назва кнігі – колькасць старонак – колькасць аркушаў – экзэмпляры).
У другім нумары пачынаюць публікавацца водгукі чытачоў:
Прывітанне, “Полымя!”
Гэтым шлем сваё шчырае прывітанне новавыходзячай белалускай часопісі “Полымя”. Спадзяёмся, што “Полымя” асвеціць усе бакі нашага культурна-нацыянальнага жыцця і, асабліва, яго палітычны бок, у чым да гэтага часу адчываўся вялікі недахват. Таксама спадзяёмся, што у гэтым напрамку новавыходзячы часопіс дасць значны крок уперад беларускай працоўна-пралетарскай культуры. Няхай жыве і яскрава гарыць “Полымя”!
Ад імя беларускіх настаўнікаў Цялядаўскае воласці.
Настаўнік Янук Шаблюк.
Таксама змяшчаюцца папраўкі: “спяшаючыся з перапісваннем свайго артыкулу “Чым выклікаецца эканамічнае …” я не прыкмеціў у свой час, што мною былі абмылкова прапушчаны два радкі чарнавіка… на радку 18 замест слоў… трэба чытаць:…”
І друкарскія абмылкі: “Стар. 69 радок 13 знізу надрукавана: меры, павінна быць: леры”. Апошняя старонка – змест папярэднягя часопісу.
Толькі ў девятым нумары з’яўляецца партрэт Леніна і кароткі жыцяпіс (10 старонак). Часопіс пачынаецца вершам А. Гурло – на Смерць Леніна.
Вынікі
Літаратурная беларускай перыёдыка 20 - 30-х гадоў - гэта культурная з'ява нацыянальнага значэння. Можа быць, самая галоўная каштоўнасць яе ў тым, што тады быў закладзены моцны падмурак самасвядомасці беларускага народа. Важнейшыя праблемы нацыянальнага адраджэння: беларуская мова, адукацыя, усе праявы культуры даходзілі да насельніцтва праз мастацкае слова. Гэта літаратурнае слова вельмі хутка замацавалася ў высокамастацкіх вобразах лепшых твораў вядомых і прызнаных беларускіх пісьменнікаў.
Асновай паспяховай дзейнасці «Полымя», несумненна, было тое, што рэдкалегія абапіралася на аўтарытэт і творчасць ужо вядомых у той час мастакоў слова Я. Купалы, Я. Коласа, Ц. Гартнага. Кніжкі часопіса знаёмілі чытача з новымі творамі беларускіх пісьменнікаў, што станавілася яскравай падзеяў асабліва для маладога пакалення, якое хацела вучыцца і пазнаваць таямніцы мастацкай творчасці. Падкрэслім, што ва ўмовах вострага дэфіцыту кніжнай справы выхад літаратурнага часопіса ўзбагачаў бібліятэку беларускай літаратуры. Такім чынам, «Полымя» фактычна стала асновай стабільнага літаратурнага нацыянальнага працэсу. Рэдакцыя вытрымлівала ў 20-я гады дэмакратычны стыль у сваёй дзейнасці і друкавала артыкулы з рознымі поглядамі на літаратурны працэс, што, зразумела, паспрыяла развіццю беларускай крытыкі. “Полымя” рэагаваў на ўсе важныя для Беларусі палітычныя падзеі: Першая Сусветная вайна, рэвалюцыя, грамадзянская вайна, абвяшчэнне БССР, асвятляла эканаміныя падзеі: палітыка НЭПу, заняпад гаспадаркі.
Разам з гэтым несумненнай каштоўнасцю ў дзейнасці рэдкалегіі «Полымя» была актыўная праца па ўмацаванню нацыянальных каштоўнасцей, здзяйсненню ідэалогіі беларусізацыі, адраджэнню гісторыка-культурных традыцый беларускага народа. Увогуле часопіс і яго аўтары былі пачынальнікамі нацыянальнага руху ў пачатку 20-х гадоў. Гэта быў моцны ўздым з глыбінь народных сіл, які ўжо немагчыма будзе спыніць нават рэпрэсіўнымі мерамі. У працэс развіцця нацыянальнай культуры паступова ўліваецца стварэнне савецкай школы, навукі і народнага мастацтва.
