Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
default.doc2.doc
Скачиваний:
1
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
97 Кб
Скачать
☆

Асноўная літаратура

  1. Камароўскі Я.М., Красней В.П., Лазоўскі У.М., Сямешка Л.І., Шчарбакова І.М. Сучасная беларуская мова: Уводзіны. Фанетыка. Фаналогія. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. Лексікалогія. Лексікаграфія, Фразеалогія. Фразеаграфія: Вучэб. дапам. – 2-е выд., дапрац. і дап. – Мінск: Выш. шк., 1995.

  2. Сцяцко П.У. Уводзіны ў мовазнаўства: Дапаможнік. – Гродна: ГрДУ, 2001.

  3. Сямешка Л.І., Шкраба І.Р., Бадзевіч З.І. Курс беларускай мовы. – Мінск: Універсітэцкае, 1996.

Дадатковая літаратура

  1. Беларуская мова: Энцыклапедыя / Пад рэд. А.Я. Міхневіча. – Мінск: БелЭН, 1994.

  2. Беларуская мова: хрэстаматыя / З.І. Бадзевіч [і інш.]. – Мінск: ПУП Изд-во “Юнипресс”, 2005.

  3. Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы / Пад рэд. А.Я. Баханькова. – Мінск: Навука і тэхніка, 1994.

  4. Лепешаў І.Я. Сучасная беларуская літаратурная мова: спрэчныя пытанні: Дапаможнік. – Гродна: ГрДУ, 2002.

  5. Сцяцко П.У. і інш. Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў / П.У. Сцяцко, М.Ф. Гуліцкі, Л.А. Антанюк. – Мн.: Выш.шк., 1990.

  6. Шкраба І. Лексікалогія : тэарэтычна-практычны курс. – Мн.: Тэхналогія, 2012.

  7. Юрэвіч А.Л. Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў. – Мн.: Выд-ва вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійнай адукацыі БССР, 1962.

Лекцыя № 4.

Сістэмныя адносіны ў лексіцы.

План лекцыі

  1. Парадыгматычныя сувязі слоў. ЛСГ, ТГ. Функцыянальныя семантычныя палі. Апазіцыі семантычнай тоеснасці.

  2. Сінонімы. Класіфікацыя сінонімаў. Апазіцыі семантычнай процілегласці.

  3. Антонімы. Структурная і семантычная класіфікацыя антонімаў. Фармальна-семантычныя апазіцыі.

  4. Паронімы. Крытэрыі вызначэння і шляхі ўзнікнення паронімаў.

Ключавыя паняцці

  • тэматычная група

  • лексіка-семантычная група

  • семантычнае поле

  • сінонімы

  • сінанімічны рад

  • дамінанта

  • сінонімы семантычныя

  • сінонімы стылістычныя

  • сінонімы семантыка-стылістычныя

  • сінонімы кантэкстуальныя

  • сінонімы абсалютныя

  • антонімы

  • энантыясемія

  • антонімы поўныя і няпоўныя

  • антонімы рознакаранёвыя і аднакаранёвыя

  • агульнамоўныя антонімы

  • кантэкстуальныя антонімы

  • паронімы

  • паранамазія

ТЭМАТЫЧНЫЯ ГРУПЫ, або прадметна-тэматычныя групы. Адметнымі асаблівасцямі прадметна-тэматычных груп з’яўляюцца: 1) відавочна пазамоўны характар аб’яднання слоў у межах прадметна-тэматычных груп. Прадметна-тэматычная група мае найбольш цесную сувязь з адпаведным фрагментам пазамоўнай рэчаіснасці; 2) пераважна дэнататыўны характар значэнняў слоў (як правіла, гэта назоўнікі). У такія групы аб’ядноўваюцца звычайна назоўнікі з канкрэтна-прадметным значэннем, напрыклад, назвы частак чалавечага цела, назвы населеных пунктаў, назвы транспартных сродкаў, свойскіх жывёл і г.д. 3) адносная лёгкасць вылучэння прадметна-тэматычных груп слоў даследчыкамі: яны могуць быць параўнальна лёгка атрыманы на падставе суцэльнай выбаркі з тэксту ці слоўніка. Вылучаюцца такія прадметна-тэматычныя групы слоў, як назвы жылля і яго памяшканняў, назвы рыб, раслін, жывёл і г.д. Лёгкасць вылучэння тэматычных груп тлумачыцца тым, што адносіны паміж словамі ў тэматычных групах будуюцца толькі на знешніх адносінах паміж паняццямі, а сувязей уласна моўных або зусім няма, або яны выпадковыя. 4) пэўны суб’ектывізм пры выяўленні саставаў прадметна-тэматычных груп. Шматлікія прадметна-тэматычныя групы слоў аказваюцца пры бліжэйшым разглядзе таксамі і лексіка-семантычнымі групамі.

ЛЕКСІКА-СЕМАНТЫЧНЫЯ ГРУПЫ. Прадметна-тэматычныя і лексіка-семантычныя групы асобнымі даследчыкамі часта атаясамліваюцца, таму звернем увагу на адрозненні паміж гэтымі групамі. 1)ЛСГ даследуюцца на аснове крытэрыяў уласна лінгвістычнага характару. Першы з такіх крытэрыяў – улік лексічнага значэння слова пры ўключэнні яго ў склад лексіка-семантычнай групы. Асноўная парадыгматычная асаблівасць слоў адной ЛСГ заключаецца ў наяўнасці ў іх значэннях адзінай катэгарыяльна-лексічнай семы. Гэта сема складае семантычную аснову групы і ў кожным асобным выпадку ўдакладняецца пры дапамозе дыферэнцыяльных сем. Напрыклад, у значэнні дзеяслова ісці ёсць граматычныя семы ‘дзеянне’, ‘непераходнасць’ і катэгарыяльна-лексічная сема ‘перамяшчэнне’. Ад яе залежаць, яе ўдакладняюць дыферэнцыяльныя семы ‘з дапамогай ног’, ‘па цвёрдай паверхні’. Унутры лексіка-семантычнай групы могуць быць вылучаны падгрупы, у якіх словы аб’яднаны не толькі катэгарыяльнай семай, але адной і той жа, агульнай для іх дыферэнцыяльнай семай. Напрыклад, у ЛСГ дзеясловаў перамяшчэння могуць быць прадстаўлены дзеясловы з семай ‘выдаленне’ (сысці, вынесці, адплыць, адагнаць), дзеясловы з дыферэнцыяльнай семай ‘з дапамогай ног’ (ісці, хадзіць, бегчы, маршыраваць, топаць, крочыць і г.д.). 2) Асаблівасцю лексіка-семантычнай групы з’яўляецца змешаны, дэнататыўна-сігніфікатыўны тып значэння слоў. ЛСГ могуць быць вылучаны ў межах самых розных часцін мовы. 3) Адрозніваюцца ЛСГ і па сваіх адносінах да сінаніміі, антаніміі і іншых тыпаў семантычных сувязей паміж словамі. Гэтыя тыпы сувязей не ўлічваюцца пры вылучэнні прадметна-тэматычных груп слоў, паколькі апошнія фарміруюцца ў адпаведнасці з сістэмнымі адносінамі паміж прадметамі і з’явамі навакольнага асяроддзя. Элементы ЛСГ звязаны адносінамі ўключэння і супарадкавальнасці, ЛСГ уключаюць гіперонімы і гіпонімы, сінонімы і антонімы. 4) Агульнасць граматычнай функцыі членаў адной ЛСГ у сказе. Як правіла, у сказе члены адной ЛСГ выконваюць адну і тую ж граматычную функцыю.

СЕМАНТЫЧНЫЯ ПАЛІ характарызуецца наступнымі ўласцівасцямі: 1) наяўнасцю семантычных адносін (карэляцый) паміж складовымі яго словамі; 2) сістэмным характарам гэтых адносін; 3) узаемазалежнасцю і ўзаемаабумоўленасцю лексічных адзінак; 4) адноснай аўтаномнасцю поля; 5) узаемасувяззю семантычных палёў у межах усёй лексічнай сістэмы (усяго слоўніка). Прыклады семантычных палёў: поле часу, поле жывёлагадоўлі, поле імён роднасці, поле колераабазначэння, поле імён характараў і інш.

Увогуле, тэрмін поле часта ўжываецца недыферэнцавана побач з тэрмінамі група (лексіка-семантычная, тэматычная) і парадыгма (лексіка-семантычная, сінтаксічная). Поле – сукупнасць моўных адзінак, аб’яднаных агульнасцю зместу (часам і фармальных паказальнікаў), што адлюстроўвае паняційную, прадметную або функцыянальную блізкасць абазначаных з’яў.

Для семантычнага поля істотным выступае наяўнасць агульнай (інтэгральнай) прыметы, што аб’ядноўвае ўсе адзінкі поля. Інтэгральныя семантычныя прыметы часам выступаюць дыферэнцыяльнымі. Напрыклад, прымета ‘адносіны роднасці’ становіцца дыферэнцыяльнай пры пераходзе да семантычнага поля ‘адносіны паміж людзьмі’, напрыклад: калега, сябар, аднакурснік і г.д. У гэтым праяўляецца адзін з відаў сувязі семантычнага поля ў лексіцы (іерархічная). У межах палёў прадстаўлены словы розных часцін мовы, якія могуць быць звязаныя прамымі апазіцыямі, а могуць суадносіцца толькі асацыятыўна. Структура семантычнага поля звычайна даследуецца шляхам кампанентнага аналізу.

СІНОНІМЫ (ад грэч. synonymos – аднайменны) – гэта словы той самай часціны мовы, якія поўнасцю ці часткова супадаюць сваім лексічным значэннем, але адрозніваюцца адценнямі значэння, сферай выкарыстання, канатацыямі, спалучальнасцю з іншымі словамі: знаўца – спецыяліст, прафесіянал; прыстаўка – прэфікс і інш.

Словы, звязаныя сінанімічнымі адносінамі, утвараюць СІНАНІМІЧНЫ РАД, які можа складацца з двух і больш сінонімаў: “раздзел навукі” – мовазнаўства, лінгвістыка; “уласцівасць прыгожага” – хараство, прыгажосць, краса. Пры размяшчэнні слоў у сінанімічным радзе першым падаецца ДАМІНАНТА (ад лац. dominans – пануючы) — звычайна стылістычна нейтральнае слова, якое выяўляе характар усяго рада, як, напрыклад : “з адмоўнымі якасцямі” – дрэнны, благі, кепскі, паршывы ( разм. ) і г. д.

У лексічнай сістэме мовы сінанімічны рад уяўляе сабой мікрасістэму, у якой сінанімічнымі адносінамі звязаны словы як нейтральныя, так і экспрэсіўна, стылістычна афарбаваныя, якія ў слоўніках падаюцца з рознымі паметамі: прастамоўнае, кніжнае, грубае, устарэлае і г.д. У аснову класіфікацыі сінонімаў пакладзены характар іх адрознення.

СЕМАНТЫЧНЫЯ СІНОНІМЫ – такія сінонімы, якія выражаюць разнастайныя сэнсавыя адценні; розныя бакі абазначанага аб’екта, ступень выяўлення прыметы: страх – жах, разумны – мудры, таленавіты, штодзённы – звычайны, банальны.

Сінонімы розных сфер ужывання, якія адрозніваюцца характарам стылістычнай афарбоўкі або яе наяўнасцю-адсутнасцю, называюцца СТЫЛІСТЫЧНЫМІ: канчатак-флексія, ланіты-шчокі.

Калі сінонімы адрозніваюцца і семантыкай і сферай ужывання адначасова, то іх называюць СЕМАНТЫКА-СТЫЛІСТЫЧНЫЯ : гаварыць-балбатаць, высокі-недасяжны, вынослівы-цягавіты.

КАНТЭКСТУАЛЬНЫЯ ( або аўтарскія ) сінонімы – гэта словы, якія набываюць новае пераносна-вобразнае значэнне толькі ў кантэксце. Так, дзеяслоў цадзіцца набывае ў розных пісьменнікаў свае адметныя кантэкстуальныя значэнні : З чорнага неба цадзіўся нудны дождж, і ад гэтага спаць хацелася яшчэ мацней. (І.Мележ) Цэлымі начамі яна ціха і глыбока спала і ўставала тады, калі толькі пачынала цадзіцца світанне. (К.Чорны) У першым сказе слова цадзіўся стала кантэкстуальным сінонімам да ішоў ( дождж ), у другім – да світае, днее.

Сустракаюцца сінонімы, адрозненне якіх увогуле не выражана. Гэта так званыя АБСАЛЮТНЫЯ сінонімы, або дублеты : лінгвістыка – мовазнаўства, фрыкатыўны – смычны.

Сінанімічныя адносіны ўніверсальныя, таму што яны могуць аб’ядноўваць словы, неаднолькавыя паводле актыўнасці ўжывання ( шахцёр – вуглякоп ), тэрытарыяльнага пашырэння ( посцілка – радзюжка ), моўнай крыніцы ( конніца – кавалерыя ), адносін да нормы (бясплатна – нашармака).

АНТОНІМЫ ( ад грэч. anti – супраць, onyma – імя ) – гэта словы з супрацьлеглымі значэннямі. Яны ўяўляюць сабой прасцейшыя слоўныя аб’яднанні, кожнае з якіх складаецца толькі з дзвюх адзінак : праўда – хлусня, любіць – ненавідзець, падняць – апусціць. Супрацьпастаўленыя ў значэннях, такія адзінкі ўтвараюць антанімічную пару. З’ява парнага супрацьпастаўлення значэння слоў называецца лексічнай антаніміяй.

У антанімічныя адносіны ўступаюць не ўсе словы, а тыя, семантыцы якіх уласціва агульнае значэнне якасці, колькасці, часу і г.д. Гэта могуць быць як знамянальныя ( вернасць – здрада ), так і службовыя словы ( за – супраць ). Не маюць антонімаў, напрыклад, словы з канткрэтным значэннем : рука, галава, шафа і пад.

Антанімічнымі адносінамі могуць быць звязаны і значэнні асобнага слова. Такая з’ява называецца ЭНАНТЫЯСЕМІЯЙ. Так, слова калісь можа выкарыстоўвацца ў двух кантрастных значэннях : “некалі ў мінулым, даўней” і “калі-небудзь у будучым”, слова ляцець – “падымацца ў вышыню” і “падаць уніз”.

Большасць слоў у мове мнагазначная, таму антанімічнасць можа выяўляцца або па ўсім семантычным аб’ёме слова, або па асобных кампанентах. Адпаведна антонімы могуць быць або поўнымі, або няпоўнымі. ПОЎНЫЯ АНТОНІМЫ цалкам семантычна ўзаемаадмаўляюцца або ўзаемавыключаюцца. Такімі з’яўляюцца, напрыклад, антонімы поўнач – поўдзень. Першае слова мае значэнні : 1) “адзін з чатырох напрамкаў свету, супрацьлеглы поўдню”, 2) “мясцовасць, краіна з халодным кліматам”. Значэнні другога слова адпаведна супрацьлеглыя : 1) “адзін з чатырох напрамкаў свету, супрацьлеглы поўначы”, 2) “мясцовасць, краіна з цёплым, гарачым кліматам”.

Для поўных антонімаў уласціва спалучальнасць з аднолькавымі лексічнымі адзінкамі : актыў ( наш, вучнёўскі, вытворчы і г.д. ) – пасіў ( наш, вучнёўскі, вытворчы і г.д.) ; пасіў ( баланса ) - актыў ( баланса ) ; (запісаць у) актыў – ( запісаць у ) пасіў.

Для НЯПОЎНЫХ АНТОНІМАЎ лексічная спалучальнасць членаў антанімічных пар з іншымі лексічнымі адзінкамі часткова з’яўляецца аднолькавай, а часткова адрознай. Так, мнагазначныя словы радасны, смутны ўступаюць у антанімічныя адносіны, калі абазначаюць адпаведна “які адчувае, выяўляе радасць” і “які адчувае, выяўляе сум, маркоту” : радасныя (вочы, усмешка, песня ) – смутныя ( вочы, усмешка, песня ). Значэнне слова смутны “невыразны, няпэўны” (смутная трывога ) не мае антанімічнага адпаведніка ў семантыцы слова радасны, таму апошняе слова ў дадзеным выпадку не можа спалучацца са словам трывога.

Антонімы могуць быць як рознакаранёвыя, так і аднакаранёвыя. У РОЗНАКАРАНЁВЫХ антонімах супрацьлеглыя значэнні належаць усёй лексеме, напрыклад : пад’ём – спуск, абвінаваціць – апраўдаць, лёгкі – цяжкі. У АДНАКАРАНЁВЫХ антонімах, зразумела, значэнне кораня аднолькавае, і супрацьпастаўляюцца яны па значэннях прэфіксаў : адліў – прыліў, удых – выдых, закаціць – выкаціць.

Антанімічныя адносіны, ахарактарызаваныя вышэй, носяць АГУЛЬНАМОЎНЫ характар, таму што грунтуюцца на тых магчымасцях слова, якія замацаваны ў ім на працягу гістарычнага развіцця мовы, традыцый калектыву і сталі здабыткам лексічнай сістэмы, адлюстраванай у слоўніках. Між тым сустракаюцца, асабліва ў мове мастацкай літаратуры, антанімічныя пары, члены якіх супрацьпастаўлены ў значэннях толькі ў адпаведным кантэксце. У гэтым выпадку гавораць пра КАНТЭКСТУАЛЬНЫЯ антонімы. Узнікаюць такія антонімы на базе метафарычнага ўжывання слоў : Ой, глядзі, змяняеш быка, ды змяняеш на індыка ( Я. Колас ). У кожнага свой май і лістапад ( А.Грачанікаў ).

На рэзкім супрацьпастаўленні з’яў рэчаіснасці пабудавана стылістычная фігура антытэза. Антытэза як стылістычны прыём выкарыстоўваеца многімі пісьменнікамі. Напрыклад : Тыя, хто рассейвае не яднанне, а раз’яднанне, не дружбу, а варожасць, не любоў, а нянавісць, тыя не ўсведамляюць ніякай адказнасці не толькі перад кім-небудзь, але, я ўпэўнены, і самі перад сабой (І.Шамякін).

Антонімы могуць цесна звязвацца паміж сабою, утвараючы асобае лексічнае адзінства, і ў такой якасці выкарыстоўваецца ў маўленні стылістычная фігура аксюмаран. Прырода аксюмарана больш складаная, чым звычайнага проціпастаўлення па кантрасту, лагічна не сумяшчальныя словы ўтвараюць адно паняцце, якое ўвасабляе супярэчнасці ў адзінстве : змрочны жарт вайны (А.Куляшоў ) ; трывожны спакой, шумела маўчаннем лісце (К.Чорны ). І аксюмаран, і антытэза – яркія сродкі абмаўлёўкі і характарыстыкі асоб, прадметаў, падзей у мастацкай літаратуры і публіцыстыцы.

ПАРОНІМЫ (грэч. para – каля і onyma – імя) – аднакаранёвыя словы, якія належаць да адной часціны мовы, маюць блізкае гучанне, але адрозніваюцца па значэнні. Напрыклад, карыслівы (які імкнецца да асабістай выгады) – карысны (які прыносіць карысць); зажываць (загойвацца) – зажывіць (залячыць, загаіць). Часцей за ўсё паронімы ўзнікаюць у выніку запазычання іншамоўнай лексікі: грэчаскі (які мае адносіны да Грэцыі) – грэцкі (прыгатаваны з зерня грэчкі). У паранімічную пару могуць аб’ядноўвацца і словы славянскага паходжання: асобы (незвычайны, выключны) – асобны (адасоблены, самастойны) ; туліцца (гарнуцца, хінуцца) – туляцца (блукаць, бадзяцца). Дыферэнцыяцыя значэння членаў паранімічнай пары часам даходзіць да супрацьлегласці: адрасат (той, хто дасылае пісьмо) – адрасант (той, хто атрымлівае пісьмо).

На аснове параніміі развілася такая фігура маўлення, як ПАРАНАМАЗІЯ. Яна ўтвараецца свядомым або выпадковым сутыкненнем у адным кантэксце сугучных слоў, якія адрозніваюцца адным складам або гукам. Зразумела, што блізкасці ў этымалагічных адносінах такія словы не маюць, іх падобнасць выключна гукавога характару : У век няшчаднага лазера спяваць недарэчна лазара ( Р.Барадулін ).

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]