Тэма 1. Этыка будызму
Як узор рэлігіі Хрысціянства ў нашай культуры ўспрымаецца хрысціянства, і мы ўпэўнены, што ягоныя нормы з’яўляюцца агульначалавечымі. Каб паказаць, што гэта не так, разгледзім анталогію і маральную сістэму будызму, іншай, вельмі непадобнай на хрысціянства, рэлігіі.
У будызме няма распрацаванай касмалогіі (вучэння аб пабудове свету). Сваёй асноўнай задачай Буда лічыў не тлумачэнне свету, а ўказанне людзям шляхоў выратавання. Ён параўноўваў гэта з наступнай сітуацыяй: калі чалавек будзе паранены стралой і пачне высвятляць, хто ў яго стрэліў, колькі яму год, мужчына гэта ці жанчына, дык ён раней памрэ, чым высветліць усё гэта. Таму не трэба задаваць такія пытанні, а хутчэй выцягваць стралу і перавязваць рану. Так і ў жыцці: чалавек задумваецца над метафізічнымі пытаннямі накшталт такіх, адкуль узнік свет, з чаго ён складаецца, куды ідзе. Ён не знаходзіць адказаў на іх і памірае незадаволеным. Таму, калі Будзе задавалі пытанні пра будову свету, ён проста маўчаў. Гэта называецца “ вялікім маўчаннем Буды”. Буда казаў, што ён прапаведуе не ўсё сваё вучэнне, а толькі тую ягоную частку, якая непасрэдна карысна для жыцця, -- тое, што ён ведае, і тое, чаму вучыць, суадносяцца прыкладна таксама ж, як колькасць лістоў у лесе і колькасць лістоў, узятых у руку. Усё ў будызме падпарадкавана справе вызвалення чалавека ад пакут.
Але сам будызм з’явіўся лагічным працягам і своеасаблівым адмаўленнем папярэдніх рэлігій: ведызму і брахманізму. І анталагічныя ўяўленні былі ім ўзяты менавіта адтуль. Лічыцца, што наш свет – гэта сукупнасць дхарм (ад арыйск. dhar – сцвярджаць, падтрымліваць, абараняць) – найдрабнейшых кампанентаў, з якіх складаецца свет.
Само слова “дхарма” мае шмат значэнняў. Згодна з адным з іх, дхармы – гэта элементы: зямля вада, агонь, паветра; сіла волі, сіла розуму, сумленне, невуцтва, слава, прыгажосць, багацце, сексуальнасць, сон, голад, хвароба, заспакаенне, сталасць, смерць. Рэчаіснасць – паток дхарм, якія безупынна рухаюцца і, аб’ядноўваючыся розным чынам, ствараюць рэчы і свет у цэлым. Прынцып, у адпаведнасці з якім з патоку дхарм фарміруецца жыццё чалавека, называецца кармай. Само гэта слова перакладаецца як “дзеянні”, “учынкі”. Карма – гэта сукупнасць учынкаў, якія чалавек здзейсніў за сваё жыццё і якія вызначаюць яго будучае існаванне. Ад папярэдняга яму брахманізму будызм засвоіў уяўленне пра сансару (у перакладзе з санскрыту – кругазварот, пераход праз розныя станы, блуканне) – кола перараджэнняў. Лічыцца, што пасля смерці чалавек не знікае, а перараджаецца ў іншую істоту, у адпаведнасці са сваёй кармай. Калі ў яго добрая карма (пераважаюць добрыя ўчынкі), яго будучае жыццё будзе добрым, ён народзіцца ў выглядзе жраца або князя, калі нейтральная (колькасць добрых і дрэнных учынкаў роўная)– жыццё будзе такім жа, калі дрэнная (пераважаюць благія ўчынкі) – народзіцца чалавекам з нешчаслівым лёсам або жывёлай.
Менавіта працэсам безупыннага перараджэння (сансарай) абумоўлены пакуты чалавека, пад якімі ў будызме разумеецца неспакой, хваляванне, мітусня. Буда не казаў аб структуры свету, але асноўны яго тэзіс той, што чалавек у гэтым свеце – істота, якая ўвесь час пакутуе.
На характар этыкі будызму вельмі вялікі ўплыў аказаў жыццёвы влпыт яго заснавальніка. Згодна з паданнем Буда нарадзіўся ў царскай сям’і. Яго звалі Сіддхартха Гаўтама. Яго бацькам было прадказана, што іх сын зробіцца альбо вялікім царом, альбо заснавальнікам новага вучэння, прычым апошняе адбудзецца, калі ён пабачыць пакуты свету. Бацька хацеў, каб ягоны сын стаў царом, і таму эабяспечыў яму бестурботнае жыццё. Але аднойчы малады царэвіч паехаў на прагулку, і адбыліся чатыры знакамітыя сусрэчы: ён убачыў хворага, старога, памёрлага і манаха-аскета. Пад уражаннем першых трох сусрэч Сіддхартха прыйшоў да высновы, што ўсё жыццё чалавека поўнае зла і пакут, а чацвёртая паказала яму магчымы шлях выратавання. Ён уцякае з палаца і спрабуе знайсці ісціну праз аскетызм, але потым адмаўляецца ад яго. Сіддхартха сядае пад свяшчэннае дрэва, уваходзіць у стан глыбокай медытацыі, вырашыўшы не падымацца, пакуль не дасягне ісціны. Ён сядзеў так 49 дзён, яго спакушаў дэман Мара, але нарэшце дасягнуў прасвятлення і зрабіўся Будай (Прасвятлённым). Потым ён стварае манаскую суполку, прапаведуе сваё вучэнне
У сваіх пропаведзях Буда прытрымліваўся так званага ''сярэдзіннага шляху". Ён прыйшоў да высновы, што абедзве крайнасці – і жыццё, поўнае пачуццёвых задавальненняў, і аскетычная практыка добраахвотных пакут -- аднолькава несапраўдныя. Першая – гэта "жыццё нізкае, не высакароднае, супрацьлеглае духу, ганебнае, мізэрнае"; другая -- "жыццё змрочнае, ганебнае, мізэрнае". Правільны шлях ляжыць пасярэдзіне. Гэта шлях паглыблення ў сябе дзеля пазнання ісціны, ён вядзе да супакою і прасвятлення духу.
Этыка будызму грунтуецца на чатырох высакародных ісцінах, якія адкрыліся Будзе ў выніку яго духоўных пошукаў.
Першая ісціна – усё жыццё ёсць зло і пакуты. Нараджэнне -- гэта пакуты, смерць -- гэта пакуты, хвароба -- гэта пакуты, неспакой, няшчасце, боль, расчараванне і адчай -- гэта пакуты, немагчымасць атрымаць жаданае -- гэта пакуты і г.д. Пакуты Буда разумеў перш за ўсё як хвадяванні, мітусню, неспакой.
Другая ісціна -- прычынай пакут з'яўляюцца жаданні. З засвоенага ад брахманізму вучэння пра сансару будызм зрабіў прынцыпова іншую этычную выснову. У брахманізме яна гучыць прыкладна так: калі ў чалавека цяжкае жыццё -- гэта пакаранне за тое зло, якое ён зрабіў у мінулым. Трэба паводзіць сябе добра -- і будучае жыццё стане лепшым. Для будызму такая логіка непрымальная, бо ў ім любое жыццё лічыцца злом і пакутамі. Прычынай жа пакут з'яўляюцца жаданні, як добрыя, так і дрэнныя, бо гэта менавіта яны прыводзяць да ўчынкаў і новых перараджэнняў.
Трэцяя ісціна -- каб пазбавіцца ад пакут, трэба пазбавіцца ад жаданняў. Сукупнасць добрых і дрэнных жаданняў чалавека з'яўляецца падставай для яго далейшых перараджэнняў. Калі знікаюць жаданні, працэс перараджэнняў спыняецца.
Чацвёртая ісціна -- каб пазбавіцца ад жаданняў, трэба ісці па "высакароднаму васьмярычнаму шляху”, які ўказаў Буда. Называецца ён так таму, што складаецца з васьмі наступных крокаў:
1.Праведныя погляды, гэта значыць, погляды, заснаваныя на "высакародных ісцінах".
2.Праведнае імкненне – сяброўскае стаўленне да ўсяго жывога, спачуванне да ўсіх істот, якія пакутуюць, бясконцая радасць ад поспехаў іншых і духоўная ўраўнаважанасць ва ўсіх абставінах.
3.Праведная мова -- добразычлівая, шчырая мова, пазбаўленая грубасці, ілжы, нагавораў.
4.Праведныя паводзіны -- паводзіны, падпарадкаваныя наступным пяці прынцыпам: а) захаванне вернасці ў щлюбе; б) адмаўленне ад забойства ўсякай жывой істоты; в) адмаўленне ад крадзяжу; г) адмаўленне ад хлусні; в) адмаўленне ад ужывання наркатычных сродкаў, у тым ліку алкаголю.
5.Праведнае жыццё -- перад усім, гэта азначае жыццё на сумленна здабытыя сродкі. Спосаб зарабляць сабе на жыццё не павінен прыносіць шкоды іншым людзям.
6.Праведнае намаганне -- пераадоленне ўсяго, што прывязвае да сябе свядомасць.
7.Праведная ўвага -- пастаянная сканцэнтраванасць свядомасці на тым, чаго ўдалося ўжо дасягнуць на шляху пазбаўлення ад пэўных схільнасцей.
8.Праведная медытацыя -- стан поўнай адлучанасці ад свету і пазбаўлення ад якіх-небудзь жаданняў.
Канчатковай мэтай васьмярычнага шляху з'яўляецца дасягненне нірваны. Згодна з будыйскай традыцыяй, рацыянальна растлумачыць, што такое нірвана, немагчыма. Звычайна пад ёй разумеецца адсутнасць “павуціння жаданняў”, якое звязвае адно жыццё з другім. Само слова нірвана перакладаецца з санскрыту як ''затуханне'', "згасанне". Падобна таму, як полымя згасае, калі заканчваецца паліва, спыняецца кола перараджэнняў, калі знікаюць жаданні. "Мудрыя, -- вучыў Буда, затухаюць, як лампады". Такім чынам, нірвана -- гэта ўнутраны стан чалавека, які характарызуецца поўнай адсутнасцю жаданняў, свабодай, раўнавагай, адлучанасцю ад праблем жыцця, абсалютным спакоем.
У свяшчэнным тэксце будыстаў “Трыпітацы” пішацца: “Нірвана – гэта месца, дзе няма зямлі, вады, агню і паветра; гэта не бясконцая прастора і не месца, дзе нічога няма; не мяжа паміж адрозным і неадрозным; не гэты свет і не іншы; яна там, дзе няма ні сонца, ні месяца. Я не магу сказаць, што яна прыходзіць і сыходзіць, або стаіць на месцы, або затухае, або пачынаецца. У яе няма асновы, няма працягу і няма спынення. Гэта канец пакут”.
Сэнс нірваны ў тым, што яна ставіць чалавека па той бок неабходнасці, і таму яна тоесная свабодзе. Аднак гэта негатыўная свабода, свабода ад жаданняў, пачуццяў, прыхільнасцей. Этыка будызму мае песімістычны характар: усё жыццё -- гэта зло і пакуты, і, каб пазбавіцца ад пакут, трэба фактычна пазбавіцца ад жыцця. Але не шляхам самазабойства, бо гэта толькі пагоршыць карму і прывядзе да новага больш дрэннага існавання, а шяхам адмаўлення ад усяго, што прывязвае да гэтага свету, яго хваляванняў, радасцей і пакут, каб дасягнуць абсалютнага спакою ў нірване.
Мараль будызму – гэта прынцыпова іншае, чым тое, што разумем пад мараллю мы. Мараль для нас – гэта правілы паводзінаў; сэнс маральнай сістэмы – у арганізацыі паводзін у адпаведнасці з тымі ці іншымі нормамі. Чалавек нясе адказнасць за свае ўчынкі, і яны маюць для яго вынік. Згодна з хрысціянствам, калі ўчынкі чалавека будуць добрымі, ён трапіць у рай, калі злымі, – у пекла. Але ў будызме і добрыя, і благія ўчынкі – гэта частка сансары, і яны прыводзяць да добрых або дрэнных перараджэнняў, будысты ж імкнуцца выйсці з гэтага кола і дасягнуць нірваны, а гэта значыць, адмовіцца ад актыўных учынкаў. Такім чынам, мэта маралі будызму – адмаўленне ад актыўнасці і дасягненне спакою. З нашага пункту погляду гэтая мэта мае не маральны, а хутчэй псіхатэрапеўтычны характар.
