Частка II
Закончыўшы першую частку рамана, Уладзімір Караткевіч аднёс яе ў “Полымя”, дзе, насцярожаныя адмоўнымі ацэнкамі папярэдніх яго твораў, не дужа спяшаліся друкаваць. Сябры пісьменніка прапаноўвалі зрабіць копіі і пусціць іх па руках, але ён сам быў супраць усялякай “нелегальшчыны”.
Узнагародай за працу над раманам, якому Уладзімір Сямёнавіч аддаў два гады жыцця(27 красавіка 1962г. – 18 мая 1964г.), стала ягоная публікацыя. У №№ 2 – 6 нумарах часопіса “Полымя” за 1965 год быў надрукаваны раман “Каласы пад сярпом тваім”, а дакладней – першая частка. Гэта быў скарочаны, т.з. часопісны варыянт. Потым А.Мальдзіс напіша рэцэнзію. Яна была дыпламатычная, са спасылкамі на гісторыкаў. Рэцэнзія з’явілася даволі хутка, 6 жніўня таго ж года, у газеце “Літаратура і мастацтва” пад назвай “Праўда мастацкая і праўда гісторыі”. Уладзімір Сямёнавіч быў задаволены ацэнкай “Каласоў…”. Але ворагі не спалі.
Ужо 9 верасня 1965 года ў газеце “Советская Белоруссия” надрукаваны артыкул “Лёсы чалавечыя і лёсы народныя”. Аўтар – Я.Герцовіч. Побач са слушнымі крытычнымі меркаваннямі там былі і шматлікія тэндэнцыйныя пасажы. Уладзіміру Караткевічу інкрымінавалася, што ён рэалізаваў задуму толькі часткова, нават “на другім плане” не знайшоў месца для сацыяльных “нізоў”, што ён, ідэалізуючы Загорскага, ледзь не пашырае ідэі класавага міру “паміж прыгоннікамі і прыгоннымі”. Такім чынам, у артыкуле Герцовіча ставілася пад сумненне мастацкая і гістарычная вартасць “Каласоў…” увогуле.
На артыкул рэагавалі па-рознаму. Сам Караткевіч называў гэта “бездапаможнай дурасцю”. Кіраўнікі выдавецтва ж успрынялі артыкул як прамое ўказанне афіцыйнага органа і паставілі перад пісьменнікам нерэальную задачу : замест палымянскай публікацыі прынесці ім нешта дыяметральна супрацьлеглае. Трэба дадаць, што Максім Лужанін напісаў закрытую рэцэнзію, якая мела вялікі ўплыў на адносіны выдавецтва як да самога Уладзіміра Караткевіча, так і да ягонага твора.
Як вынік, 17 кастрычніка 1966 года аўтар “Каласоў…” піша заяву на адрас сакратарыяту Саюза пісьменнікаў БССР:
“Я здаў раман “Каласы пад сярпом тваім” у выдавецтва “Беларусь” два гады назад. Рэцэнзію на раман пісаў М.Лужанін. Некалькі месяцаў пасля таго я сядзеў над рукапісам, дапрацоўваючы яго.
Цяпер у выдавецтва з раманам зноў узніклі цяжкасці. Патрабуюць змяніць канцэпцыю(а яна ў мяне, лічу я, адпавядае эпосе, якую апісваю, норавам людзей, праўдзе аб паўстанні 1863 – 1864 гг.), адсунуць на другі план галоўных герояў, прыпісаць сялянству тую ролю ў паўстанні, якую яно пачало адыграваць значна пазней(аб чым будзе ў другой частцы рамана).
Прашу сакратарыят Саюза пісьменнікаў абмеркаваць мой раман і выказаць сваю непрадузятую думку аб ім, з тым, каб кончыць з гэтымі бясконцымі, неабгрунтаванымі затрымкамі”.
У той жа дзень сакратарыят праўлення СП БССР, Іван Мележ звяртаецца ў выдавецтва “Беларусь” з просьбай прадставіць не толькі рукапіс “Каласоў…”, але і рэцэнзію Лужаніна.
І 22 лютага 1967 года адбылося сумеснае пасяджэнне сакратарыята СП БССР і секцый прозы і крытыкі. Янка Брыль скажа аб гэтым: “Падумаць толькі: быў час, калі выдаўцам даводзілася даказваць, што “Каласы…” трэба выдаць асобнай кніжкай. І дзякуй Мележу, які тады заступіўся за раман на абмеркаванні, па сутнасці, арганізаваў яго”.
Па сваёй сціпласці Янка Брыль не сказаў, што ў тым, “пераломным” 1967 годзе і ён нямала прычыніўся да таго, каб “Каласы пад сярпом тваім” выйшлі асобным выданнем(у дзвюх кнігах).
Уладзімір Караткевіч застаўся задаволены вынікамі абмеркавання, хоць, як потым высветліцца, яно не зрабіла на выдавецкіх работнікаў асаблівага ўражання.
На рукапісу “Каласоў…” было пастаўлена столькі клічнікаў і пытальнікаў, панапісана столькі здзеклівых заўваг, што Уладзімір Сямёнавіч схапіўся за галаву:
- Гары яно ўсё гарам! Не буду я правіць ні слова! Няхай ляжыць да сканчэння свету!
Але тут умяшаўся Барадулін, які прапанаваў, каб Караткевіч разам з Адамам Мальдзісам зрабілі праўку. А.Мальдзіс напіша: “І ў маі (18 – 24) 1967 года мы разам заселі за стол. Скарачалі другарадныя фразы. Падкрэсленае рэдактарам слова замянялі другім. Валодзя спачатку быў змрачнаваты і спрабаваў ваяваць нават са мной, ды потым увайшоў у смак і ахвотна прыдумваў адэкватны ці нават больш трапны, але не такі “лабавы” варыянт. У многіх мясцінах работа пайшла раману яўна на карысць”.
Як ставіўся Караткевіч да варыянта рамана ў дапрацаваным выглядзе? Так, на вокладцы 44-й папкі, якая захоўваецца ў хатнім архіве пісьменніка і ў якой змешчаны машынапіс першай кнігі рамана, ягонай рукой напісана: “Яшчэ адзін экземпляр дзеля друку кнігі(Частка 2). Вельмі нязгодны з сапраўдным тэкстам”.
Дзеля замацавання ўражання, што праца над праўкай ідзе, Мальдзіс піша інтэрв’ю з Караткевічам. І 10 ліпеня 1967 года яно было надрукавана ў газеце “Літаратура і мастацтва” пад назвай “Каласы з цаліны”:
“У дзень, калі вялася наша размова, Уладзімір Караткевіч закончыў праўку першай і другой кніг рамана “Каласы пад сярпом тваім”. Рыхтуючы рукапіс да друку ў выдавецтве “Беларусь”, аўтар улічыў заўвагі рэдактара, рэцэнзентаў, чытачоў, выкрасліў многія мясціны і дапісаў новыя.
Як адзначаў аўтар: “Прыемна адчуваць, што ўрэшце закончана тое, над чым працаваў амаль дванаццаць год. У параўнанні з тым варыянтам, які друкаваўся ў “Полымі”, у рукапіс унесены вялікія змены. Прыйшлося пагадзіцца з некаторымі заўвагамі. Вядома, не з усімі. Сёй – той з рэцэнзентаў хацеў, каб у цэнтры рамана аб паўстанні 1863 года я паставіў не князя Алеся Загорскага і яго сяброў, а селяніна накшталт Корчака. Але ж гэта супярэчыла б гістарычнай праўдзе. З новых прац рускіх, беларускіх, літоўскіх і польскіх гісторыкаў - для прыкладу назаву прозвішчы Смірнова, Кісялёва, Кяневіча – бачна, што рухаючай сілай у паўстанні ў Беларусі была якраз шляхта. Не мог я згадзіцца і з тымі заўвагамі, дзе мне прапанавалася “абяліць” некаторых прыгоннікаў накшталт Кроера, зрабіць іх менш жорсткім. […]
- У пачатку года “Полымя” абвясціла, што сёлета ў часопісе будзе друкаваццца другая кніжка рамана. Значыць, яна таксама ўжо напісана?
- У асноўным, так. Уласна кажучы, гэта будзе не другая, а трэцяя і чацвёртая кніжкі, таму што першую я вымушаны быў падзяліць на дзве. Праўда, работа над імі крыху зацягваецца. Па-першае, паступаюць усё новыя і новыя матэрыялы. Напрыклад, зусім нядаўна ўдалося знайсці дужа “каларытны” “Указ аб косах”. Аказваецца, напярэдадні паўстання царскі ўрад быў настолькі напалоханы, што нават забараняў сялянам купляць і прадаваць косы.”
