4. Дапаўненні
Адасабляюцца дапаўненні, выражаныя назоўнікамі з прыназоўнікамі акрамя, апрача, замест, за выключэннем, уключаючы і пад. Дапаўненні ў такім выпадку абазначаюць прадметы і з’явы, якія ўключаюцца ў шэраг іншых прадметаў ці з’яў, выключаюцца іншымі прадметамі ці з’явамі, замяшчаюцца іншымі прадметамі ці з’явамі: Бацька яго загінуў на фронце, а ў маці, акрамя Андрэя, было яшчэ двое малодшых дзяцей – Барыс і Наста (Чарн.); Такая ідэя спадабалася ўсім, уключаючы і дзяўчынак (Я.М.); Усе вяскоўцы, за выключэннем дзяцей, сабраліся ўвечары на сход (Лыньк.); Апроч чалавека, ім [бярозавікам] ласуюцца і некаторыя лясныя жыхары: дзятлы, берасцянкі, дразды (Р.І.).
Заўвага. Калі прыназоўнік замест мае значэнне за, зварот з ім з’яўляецца састаўным іменным выказнікам і не адасабляецца: Міхасёк у лесе быў для нас замест правадніка (= быў правадніком).
Адасабляюцца далучальныя члены сказа, якія заключаюць у сабе дадатковыя заўвагі, тлумачэнні, дапаўненні, характарыстыкі і г.д. і пачынаюцца словамі і, ды і, асабліва, нават, пераважна, у тым ліку, галоўным чынам, напрыклад і інш.: Але ніхто, нават вецер, не кранае панавісаных над платамі галін яблынь і груш у белай раскошнай квецені, а ўвосень абцяжараных плёнамі (Пестр.); Вясною палескія рэкі выходзяць з берагоў, а некаторыя, асабліва маленькія, мяняюць сваю плынь і цякуць не ўніз, а ўверх, назад, да сваіх вытокаў (Сач.).
ТЭМА 12
ПАРАЎНАЛЬНЫЯ КАНСТРУКЦЫІ (ЗВАРОТЫ)
Тэмы рэфератаў
1. Спосабы выражэння параўнання ў сучаснай беларускай мове.
2. Погляды на сінтаксічную ролю параўнальных зваротаў у сказе.
3. Кампаратыўныя фразеалагізмы і параўнальныя звароты.
Параўнальныя звароты – гэта словы ці словазлучэнні, якія ўжываюцца ў сказе для больш выразнай і дакладнай характарыстыкі прадметаў шляхам параўнання.
Параўнальныя звароты звычайна ўключаюцца ў сказ пры дапамозе параўнальных злучнікаў як, нібы, быццам, як быццам, бы, як бы, чым, што і інш.
Адны параўнальныя звароты маюць вобразнасць, метафарычнасць – яны называюцца вобразныя параўнальныя звароты: Дол быў усланы рудым лісцем, сухой рыжай папараццю, доўгаю, пераблытанаю, як іржавы дрот, травою, друзам збуцвелых галінак (Дам.).
Іншыя параўнальныя звароты толькі пацвярджаюць тоеснасць, адпаведнасць – яны носяць назву параўнальна-раўналежныя звароты: На такой жа цёмна-сіняй, як і неба, вадзе струменіла серабрыстая дарожка халоднага святла (В.В.); Ахвярная праца святой Еўфрасінні, як і яе славутых сучаснікаў Кірылы Тураўскага і Клімента Смаляціча, абумовіла высокі культурны ўздым на зямлі нашых продкаў (У.А.).
Параўнальныя звароты, якія ўключаюцца ў сказ пры дапамозе злучнікаў, заўсёды выдзяляюцца коскамі.
Заўвага. Не з’яўляюцца параўнальнымі зваротамі і не выдзяляюцца коскамі словы і словазлучэнні, якія ўваходзяць у склад выказніка: Усё навокал як бы дыхала святочна радасным настроем вясновага абуджэння (Хадк.); фразеалагізмы са структурай параўнальнага звароту: А калі глянуў яму ў вочы, то ўбачыў у іх столькі ўдзячнасці, што азмрочанасць яго як рукой зняло (Н.М.); словы і словазлучэнні, якія функцыянуюць у ролі акалічнасці спосабу дзеяння: Казулі жавалі хлеб, а Валодзька стаяў як зачараваны (= нерухома) і ўсміхаўся (А.Б.).
Звярніце ўвагу! Параўнальныя звароты трэба адрозніваць ад няпоўных даданых параўнальных частак складаназалежнага сказа, у якіх прапушчаны выказнік, але ёсць даданыя члены сказа (часцей акалічнасць) з саставу выказніка: Дзеці адзін перад другім спяшаліся запэўніць настаўніка, што яны прынясуць рыдлёўкі, і з вясёлым дзіцячым гоманам, як пчолкі з вулля, высыпалі са школы на вуліцу, напаўняючы яе звонкімі галасамі (К-с).
ТЭМА 13
ЗВАРОТАК
Тэма рэферата
