- •Уласныя імёны ў творчасці Янкі Брыля
- •Уводзіны
- •Літаратурнае імя як крыніца звестак пра героя
- •1.1. Імянаслоў прозы Янкі Брыля
- •1.2. Народна-гутарковыя формы імені.
- •1.3. Асаблівасці звароту да чалавека.
- •1.4. Імя як спосаб стварэння літаратурнага вобраза
- •3.2. Марфемнае ўтварэнне літаратурных прозвішчаў
- •Прозвішчы літаратурных персанажаў Янкі Брыля
- •2.1. Семантычная характарыстыка прозвішчаў
- •3.3. Роля прозвішчаў у літаратурным творы
- •Мянушка як трапны індэнтыфікатар героя
- •Заключэнне
- •Выкарыстаная літаратура:
3.3. Роля прозвішчаў у літаратурным творы
Значная частка прозвішчаў, ужытых Янкам Брылём, з’яўляецца “гаваркімі”, дапамагае раскрыць вобраз героя, задуму твора. Эфект выкарыстання гэтых прозвішчаў грунтуецца на наўмысным ажыўленні значэння яго апелятыўнай асновы, таму, лічаць Г.Малажай і Л.Арочка, “такія онімы можа растлумачыць любы носьбіт мовы” [39, С.73].
Пры падборы празаікам прозвішчаў улічваліся многія фактары, адзін з іх – фонасімвалізм, стварэнне пэўнага вобраза дзякуючы слыхавым асацыяцыям. Напрыклад, прозвішча Гавака гучыць як “вужака”, “змяюка”. Яго носьбітам быў “пародзісты падлюга”, пра якога думалі, “як пра гадзіну, на якую лепш не наступаць” [8, С.12]. Нашора гучыць як “навала” і адначасова як “нешта, што шуршыць, крадзецца”. У “Дыялектным слоўніку” Н.Гілевіч знаходзім прыслоўе нашару – “перад тым, як стала цёмна, шарай гадзінай, прыцемкам” [14, С.76]. Прозвішча Нашора меў паліцай з апавядання “Глядзіце на траву”. Былы шафёр старшыні райсавета сваю здраду апраўдваў уласным прынцыпам: “Раней ты панаваў, цяпер я папаную” [9, С.277]. Такім чынам, з чалавека, якому давяралі, нечакана атрымаўся бязлітасны карнік.
Многія прозвішчы былі падабраныя Брылём з улікам лексічнага значэння апелятыва, ад якога яны былі ўтвораны. Галоўны герой рамана “Птушкі і гнёзды” – Алесь Руневіч. Рунь – усходы збожжа, што высяваецца на зіму [2, С.306]. Трава рунее – значыць зелянее, выбіваецца з-пад зямлі. Алесь не толькі малады (“зялёны”), але і стойкі, высока маральны. Ён – тая новая сіла, што прабіваецца, узвышаецца над сцюжай ваеннай жорсткасці. Гэта сімвал знішчэння смерці, фашызму (зімы) і перамогі свайго народа і жыцця (вясны). Лепшы сябра Алеся – сялянскі паэт Сяргей Крушына – выступае сімвалам сталасці, мудрасці “народнай паэзіі”. Яго сялянскія жарты гаючыя, як лекавая настойка з крушыны.
Галоўным героем апавядання “Надпіс на зрубе” з’яўляецца дзед Вячэра, дасціпны, рухавы чалавек, якому “і на пенсіі не сядзіцца ў хаце” [9, С.174], рыбак, “кароль вугроў”, як яго называюць у вёсцы. Вячэра – галава вялікай сям’і, якую ён вельмі любіць. Такое прозвішча сімвалізуе не толькі лад і еднасць сям’і (як падчас сумеснай вячэры), але і гаворыць, што дзед яднае ў гармоніі і любові ўсіх сваіх блізкіх.
Зміцер Несын з апавядання “Сцежка-дарожка” – паліцай, “новы пан”, здраднік, люты ў адносінах да сваіх жа аднавяскоўцаў. Ён не сын, падкрэслівае Брыль, не родны свайму краю. Жук – заможны селянін з апавядання “Марыля”. Гэты чалавек увесь час працаваў на зямлі, як сапраўдны жук. Але аўтар пра яго піша: “Свёкар быў звер і скупеча, зямля ненаежная” [9, С.19], – тут ужо ідзе параўнанне з навозным жуком.
Лустач – прозвішча прымака Піліпа, подлага чалавека, які хутка захапіў уладу ў хаце, які дапамагчы каму-небудзь мог толькі за чарку, бо “на сваю часам не хапала…” [9, С.28]. Прозвішча гэтага персанажа можна матывіраваць выразам “адрэзаная луста”, якім характарызуецца “аткінены ўжэ чалавек” [14, С.142]. Венік – такое прозвішча меў “блазнюкаваты і няўрымслівы дзяцюк” Мішка з рамана “Птушкі і гнёзды”. Хлопец увесь час кагосьці парадыраваў, выдумляў жарты, быў, як кажуць, “шустры, як венік” [15, С.215].
Сустракаюцца ў творах Янкі Брыля прозвішчы і імёны вядомых людзей: палітыкаў – Мікалай ІІ, Сталін, Гітлер, Чэрчыль, Пілсудскі, Молатаў, пісьменнікаў – Пушкін, Гогаль, Крылоў, Жукоўскі, Канапніцкая, Сенкевіч, Цётка, мастакоў – Васняцоў, Мясаедаў, астранома Фламарыёна і інш. Такія онімы, адзначае В.Шур, выступаюць сродкам сацыяльнай тыпізацыі, дазваляючы прыдаць падзеям і фактам, якія адлюстраваны ў творы, рысы праўдападобнасці і рэалізму, а таксама сведчаць пра асабістыя прыхільнасці пісьменніка. Часам славутае імя або онім персанажа рэлігійнай, мастацкай літаратуры можа ўтвараць алюзіі: “У цяньку на траве часта сядзіць, як той патрыярх Аўрам пад маврыйскім дубам, <…> мой хросны Рафалак” [4, С.175].
Такім чынам, каб з дапамогай літаратурнага прозвішча ахарактарызаваць героя, ракрыць ідэю твора, Янка Брыль падбірае ў якасці іх асноў яркія, трапныя апелятывы, разлічаныя на сфарміраванае ў чытацкай свядомасці разуменне таго ці іншага слова.
Пісьменнік выкарыстоўвае характэрныя для рэальнага анамастыкону семантычныя і структураўтваральныя формы прозвішчаў, улічваючы нацыянальную спецыфіку. Прозвішчы ў Янкі Брыля найбольш поўна і ўсебакова раскрываюць вобраз героя, мастацкую задуму, сведчаць пра час дзеяння твора.
