- •Гісторыя развіцця са старажытнасці да другой паловы 20 ст. … 4
- •Каваныя вырабы са старажытнасці да другой паловы 20 ст. …. 7
- •Кавальскае рамяство з другой паловы 20 ст. Па наш час ….…... 13
- •Уводзіны
- •Кавальства
- •Гісторыя развіцця кавальства да другой паловы 20 ст.
- •Каваныя вырабы ў народным дойлідстве і побыце да другой паловы 20 ст.
- •Кавальскае рамяство з другой паловы 20 ст. Па наш час
- •Літаратура:
- •Заключэнне
- •Інтэрнэт-рэсурс: Сахута я.М. - Народнае мастацтва Беларусі / Народное искусство Белоруссии [1997, pdf, blr]
Каваныя вырабы ў народным дойлідстве і побыце да другой паловы 20 ст.
Усяго, у адпаведнасці з вытворчымі працэсамі, што аб’ядноўвалі выраб прадметаў, блізкіх па сваім традыцыйным функцыянальным, практычным прызначэнні, можна вылучыць дзве асноўныя групы: каваныя вырабы ў народным дойлідстве і каваныя вырабы бытавога прызначэння. Першая група падзяляецца на ўжыванне ў жыллёва-сакральнай архітэктуры (завесы, клямкі, крукі, зашчапкі, накладныя і падвясныя замкі, акоўка дзвярэй і брамаў) і ўжыванне выключна ў культавай архітэктуры (крыжы на купалах і шпілях цэркваў, касцёлаў і інш., сюды ж можна аднесці і блізкія па характару намагільныя крыжы і агароджы). Другая група, у сваю чаргу, складаецца з падкоўвання коней (адзін з найбольш пашыраных у побыце працэсаў, які ўключае выраб падковаў, цвікоў і непасрэдна працэс падкоўвання), акоўванне транспартных сродкаў – калёсаў, саней, брычак, вазкоў (для іх выраблялі восі, шворны, атосы, шыны, падкосы, абручы, скобы і інш. дэталі канструкцыйнага і мастацкага характару), кавальскія вырабы ў народным побыце (інструменты для занятку рамёствамі, сельхозгаспадарчы інвентар: плугі, бароны, сярпы, косы, матыкі (капаніцы, грацы, чапкі, цяпкі), драпашкі (драпкі, гачкі, драчкі, клюкі, крабашкі, драсоўкі), вырабы самага рознага бытавога прызначэння: сякачы, качэргі, вілкі (рагачы, гаршчэшнікі), чапёлы (чаплямі, ёмкі), крэсівы (вогнівы), трыножнікі, бязмены і інш.), сюды ж можна аднесці і акоўванне некаторых відаў мэблі, асабліва куфраў.
Першая група вырабаў ў народным дойлідстве найбольш значная. Металічныя дэталі аздаблялі народнае жыллё, мясцовыя сядзібы, культавыя збудаванні, таму яе ўзоры, у адрозненні ад большасці узораў другой групы, па-мастацку больш выразныя. Асноўная частка вырабаў канцэнтравалася на ўваходных дзвярах. У сярэднявеччы ў архітэктуры гарадоў і мястэчак, а ў канцы 19 ст. і ў вёсцы, быў пашыраны дэкор дзвярэй паўкруглымі ці гранёнымі плешкамі каваных цвікоў. Ў тым жа канцы 19 ст. на змену старажытнага спосабу навешваць дзверы на калаўроце з’явіліся металічныя завесы. Дарэчы, да таго часу ў вёсцы пабудовы нярэдка ўзводзіліся без адзінай металічнай дэталі.
Дзвярныя завесы можна аднесці да двух аснаўных тыпаў: двухбаковыя і аднабаковыя (стужкавыя, крыжападобныя, шчытападобныя, S-падобныя).
Аднабаковыя стужкавыя завесы – найбольш распаўсюджаныя. Гэта разнавіднасць лічыцца адной з самых старажытных. Форма стужкавых завесаў вар’іравалася нязначна. Заканчэнне завесы было кампазіцыйна аформлена: часцей за ўсё – больш проста, часам, асабліва на культавых збудаваннях, – больш дэкаратыўна. Нярэдка сустракаецца дэкор з нескладаных узораў геаметрычнага характару. Падобнае вырашэнне завесаў характэрна для народнага дойлідства на значных тэрыторыях Еўропы.
Спарадычна сустракаюцца ўзоры стужкавых завесаў з дэкорам, характэрным стылю раманскай, гатычнай і рэнесанснай эпох. Завесы на дзвярах сабораў 8 – 9 стагоддзяў уражваюць выключна высокім мастацкім узроўнем. Яркі прыклад дзвярной завесы, выкананай ў стылі заходнееўрапейскага Рэнесансу, можна ўбачыць на дзвярах касцёла пачатку 17 ст. у в.Крамяніца Зельвенскага раёна. Разгляданыя завесы – узор удалага спалучэння дэкаратыўнасці і канструкцыйнасці. Таму, пазбавіўшыся ад залішняй дэкаратыўнасці, яны прайшлі скрозь не адно стагоддзе. Праўда, народныя майстры часта досыць адвольна абыходзіліся з кампазіцыяй, па-свойму, часам прыблізна, інтэрпрэтавалі яе. Але трапляюцца і амаль класічныя ўзоры, як , напрыклад, на дзвярах касцёла пачатку 20 ст. у в.Слабодка Браслаўскага раёна.
А вось акоўка дзвярэй драўляных сельскіх цэркавак Брэсцкага Палесся вызначаецца тыпова мясцовай народнай інтэрпрэтацыяй, хоць і мае блізкія стылістычныя рысы з падобнымі вырабамі суседніх краін. Цікавасць прадстаўляе так званы Ж-падобны дэкор, прыкладамі якога з’яўляецца акоўка дзвярэй капліц канца 19 ст. у в.Корчыцы Кобрынскага раёна і ў в.Ляхаўцы Маларыцкага раёна. Акоўка дзвярэй царквы ў в.Олтуш Маларыцкага раёна выканана пад уплывам тых жа матываў, але з аўтарскім дапаўненнем.
Сустракаюцца прыклады і ярка індывідуальнай творчасці, якім цяжка знайсці аналогіі. Такім з'яўляецца дэкор дзвярэй былога касцёла Міхала ў в.Цімкавічы Капыльскага раёна. Дзвер была дэкаравана, мабыць, у час пераработкі ксацёла ў царкву ў другой палове 19 ст. Асабліва ўражваюць завесы на дзвярах прытвора, якія ўяўляюць сабой па-майстэрску выкананыя дубовыя галіны з лістамі і жалудамі.
Крыжападобныя, шчытападобныя, S-падобныя завесы займаюць значна больш сціплае месца ў народным дойлідстве. Першыя два віды характэрны для гарадской, местачковай, культавай, сядзібнай архітэктуры, трэці від па-
раўнальна часта сустракаецца ў сельскім дойлідстве. Форма з двума S-падобнымі адгалінаваннямі была пашырана ў барочнай архітэктуры і спрошчана народнымі майстрамі-кавалямі.
У афармленні дзвярэй утылітарна-дэкаратыўную форму выконвалі таксама розныя замкі і запоры. На змену драўляных прыстасаванняў з канца 19 ст. з’явіліся і актыўна распаўсюджваліся каваныя металічные засовы. Сярод іх найбольш пашыраныя і цікавыя ў мастацкіх адносінах – клямкі. Дзякуючы сваёй прастаце і надзейнасці, яны і сёння бытуюць ў сельскім жыллі як Беларусі, так і суседніх краін. Дэкаратыўна вырашалася знешняя дэталь клямкі – дугападобная ручка. Яна была прымацавана да дзвярэй раскаванымі канцамі. Верхняму з іх, каб клямка не хісталася, была нададзена ўмацаваная форма ў выглядзе ліста, раздвоенага верха, зааморфнага матыву.
Сярод лістападобных клямак сустракаюцца розныя варыянты завяршэнняў, напрыклад, у выглядзе крыжа ў сакральнай і, нават, жыллёвай архітэктуры. Раздвоеныя канцы адгінаюцца, закручваюцца, накіроўваюцца ў розныя бакі і г.д. Сярод зааморфнападобных вырашэнняў больш цікавы выгляд маюць сілуэты птушыных ці конскіх галовак.
На Усходнім Палессі пераважаюць клямкі іншай канструкцыі – у выглядзе рычага, прасунутага скрозь дзвярное шула. Сярод іх часта сустракаюцца клямкі ў выглядзе галовак вужоў, ці бараноў, і, што самае цікавае , у скульптурным іх вырашэнні.
Пад уплывам горада ў канцы 19 ст. пачынаюць з’яўляцца ўнутраныя накладныя замкі са спружынным механізмам, якія часцей за ўсё аберагаюць уваход у культавыя пабудовы, а ў сялянскім жыллі – ў свірны. З усіх дэталяў накладных замкоў па-мастацку выкананы звычайна ключавіны. Іх формы сведчаць пра ўплыў манументальных пабудоў ранейшых часоў, перш за ўсё барочных, інтэрпрэтыраваных у простай народнай форме.
У мастацкіх адносінах цікавасць уяўляюць каваныя металічныя краты, што ахоўвалі вокны культавых збудаванняў і гаспадарчых пабудоў ў заможных сядзібах. Яны маюць тыпова народны характар і даволі простае дэкараванае вырашэнне.
Як мы ўжо ведаем, асобную групу складаюць вырабы, звязаныя толькі з культавымі збудаваннямі. Гэта ажурныя каваныя крыжы, што ўвенчваюць купалы сельскіх цэркавак, шпілі касцёлаў, вільчакі каплічак і званіц, вароты
царкоўных і касцёльных агароджаў. Росквіт выкоўвання пералічаных вырабаў прыпадае на другую палову 19 – пачатак 20 ст. Не паддаецца сумненню, што ўзорамі для сельскіх кавалёў паслужылі больш раннія вырабы на местачковых і гарадскіх храмах. У прыклад можна прывесці арыгінальныя крыжы цэрквы ў Давыд-Гарадку (Столінскі раён), Кажан-Гарадку (Лунінецкі раён), Мазыры, касцёлы ў Будславе (Мядзельскі раён), Іўі і інш. Асабліва шмат іх у заходніх рэгіёнах Беларусі – на Панямонні, Заходнім Палессі, на захадзе Паазер'я. Трэба адзначыць, што многія ўзоры беларускіх, літоўскіх, польскіх крыжоў здзіўляюць амаль поўным падабенствам.
Па манеры выканання і характары малюнка крыжы надзвычай разнастайныя. На збудаваннях малых формаў вырабы досыць простыя – два крыжападобна злучаныя стрыжні. Купалы і шпілі цэркваў і касцёлаў аздабляліся крыжыкамі з больш дэкаратыўнай кампазіцыяй. Ускладняецца форма за кошт апрацоўкі канцоў (завіткі, трыліснікі, геаметрычныя і стылізаваныя раслінныя матывы), сустракаюцца дадаткова прымацаваныя кароткія перакладзінкі. Звычайна перакладзіны крыжа ўтвораны здвоенымі стрыжнямі, часта са «змейкай» унутры, якія запаўняюць прастору і паміж перакладзінамі крыжа, утвараючы своеасаблівыя прамяні. Нярэдка ўтвараецца зграбная кампазіцыя сонца са ззяннем, уражанне дапаўняецца круглым дыскам на скрыжаванні.
Крыжы, якія ўздабляюць храмы Беларусі і яе суседніх краін, у многіх выпадках дапаўняюцца сілуэтам паўмесяца. Размешчаны ў ніжняй частцы кампазіцыі паўмесяц з’яўляецца сімвалам перамогі хрысціянства над язычніцтвам. У гэтым выпадку здзіўляе наяўнасць дыска з промнямі, змейкападобных элементаў і раслінных матываў, якія смела можно аднесці да язычніцкай сімволікі. Усё гэта наводзіць на думку аб тым, што язычніцкія перажыткі даволі жывучыя, мала таго, яны мірна ўжываюцца з хрысціянскай догмай.
Пяройдзем да агляду каваных вырабаў бытавога прызначэння. Мастацкія якасці вырабаў разгляданай групы ў параўнанні з прадметамі архітэктурнага ўбрання больш сціплыя. Дэкаратыўныя прыёмы часцей
ужываліся ў адносінах тых прадметаў, якія былі навідавоку, у першую чаргу транспартных сродкаў. Як мы ўжо ведаем з гісторыі развіцця кавальства, пашырэнне вырабаў з металу ў побыце сялян з канца 19 ст. закранула і транспарт. Спачатку кавальскае рамяство забяспечвала транспартныя сродкі самым неаобходным, потым з’явілася размежаванне транспарту на рабочы, паўсядзённы, і выязны, святочны. Апошні, адпаведна, разнастайна аздабляўся. Па яго выгляду меркавалі пра заможнасць, дастатак, сацыяльнае становішча ў грамадстве. Трэба адзначыць, што ў параўнанні з аздабленнем выязнога транспарту Польшчы і Славакіі металічныя дэталі беларускіх брычак і вазкоў маюць простыя канструкцыйныя формы і сціплыя дэкаратыўныя прыёмы.
Гэта ж датычыць кавальскага інструмента і сельскагаспадарчых прылад працы. Зрэдку сустракаецца нескладаны ўзор на цяслярскім і сталярным інструменте. Што датычыцца сельскагаспадарчых прыстасаванняў цікавасць уяўляе, хоць і нераспаўсюджаны, але прыкметны дэкор на сярпах. Сціплы нескладаны ўзор з кропак, нанесеных кернерам, і дужак, выбітых спецыяльным зубілцам, нанесены на вузкае, адпаліраванае працай лазо стварае яркае ўражанне.
Больш разнастайныя ў мастацкіх адносінах металічныя дэталі мэблі, а найбольш пашыраным відам мэблі, багатым і своеасаблівым у плане металічнага ўбрання, з’яўляюцца скрыні і куфры (апошнія з’явіліся пазней). Здаўна яны звязваліся з вясельным абрадам, і таму іх старана ўпрыгожвалі.
Скрыня ўяўляе сабой масіўную прамавугольную ёмістасць з тоўстых дошак, густа акаваная металічнымі стужкамі. Куфрай лічыцца скрыня з выпуклым верхам. На Беларусі ў эпоху Сярэднявечча скрыні і куфэркі бытавалі пераважна для захавання каштоўнай цэхавай маёмасці і дакументацыі, згадваюцца яны і ў інвентарах багатых сядзіб і жылля гараджан, а з 19 ст. гэты від мэблі пашыраецца і ў народным побыце.
У адносінах мастацкага кавальства скрыні, ў параўнанні з куфрамі, больш цікавыя сваім яркім і эфектным распісным дэкорам. Асаблівай арыгінальнасцю і самабытнасцю вызначаюцца палескія скрыні, а адным найбольш самабытным цэнтрам па вырабе акаваных скрыняў з’яўляецца Давыд-Гарадок. Вырабы майстроў 19 ст. выяўляюць ўплыў цэхавога рамяства, злучаны з тыпова мясцовым, народным дэкорам, у якім яўна прасочваецца старажытная язычніцкая сімволіка.
У канцы 19 ст. у побыт уваходзяць куфры. У некаторых рэгіёнах Беларусі і іншых суседніх краінах куфры аздаблялі размалёўкай, але на Палессі па-ранейшаму працягвалі дэкараваць акоўкай, але іншага характару: змяніўся характар акоўкі, стылістыка, страціліся пры гэтым многія архаічныя рысы. Наогул дэкор такіх куфраў досыць аднародны і крыху аднастайны; па-свойму прыгожы рытм узмацняецца паўкруглымі плешкамі каваных цвікоў. Тут жа праступаюць рысы новай тэхнікі апрацоўкі металу, так званай прасечкі, у выглядзе высечаных на стужцы ці асобнай накладцы года вырабу, крыжападобных фігур, архаічных сілуэтаў птушак.
Дэкараваныя такім чынам куфры выраблялі ў Давыд-Гарадку і ў пачатку 20 ст. Пазней з прыходам распісных паліхромных вырабаў попыт на ніх знізіўся, але да гэтага давыдгарадоцкія куфры з прасячным дэкорам паспелі набыць папулярнасць, а тэхніка іх вырабу распаўсюдзілася на ўсё Палессе.
Мастацкія асаблівасці акаваных куфраў астатніх рэгіёнаў нашай краіны значна менш выразныя, а фігурная акоўка ў іх не мела значнага пашырэння.
