Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Белорусский язык Электроннное пособіе.doc
Скачиваний:
6
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
18 Мб
Скачать
☆

І. Уводзіны ў навуку аб мове

1. 1. Гіпотэзы паходжання мовы

Пытанне ад паходжанні мовы з’яўляецца адным з самых складаных і да канца не вырашаных навукай. Пісьменства, якое матэрыяльна фіксуе і захоўвае вынікі моўнай дзейнасці, існуе адносна нядоўгі час, усяго каля 5000 гадоў. А дзесяткі тысяч гадоў, пераважную большасць існавання чалавека як істоты моўнай, мова ўжывалася толькі ў вуснай форме, таму дакладных, строга аргументаваных звестак пра тое, калі і як узнікла мова, якія этапы развіцця яна прайшла, у вучоных няма. У сувязі з гэтым вырашэнне праблемы паходжання мовы цалкам з’яўляецца гіпатэтычным.

У гіпотэзах паходжання мовы можна ўмоўна выдзеліць два падыходы да рашэння гэтай праблемы: 1) мова з’явілася натуральным шляхам; 2) мова створана штучна нейкай актыўнай стваральнай сілай.

На ранніх этапах цывілізацыі ўзнікла лагасічная (логасная) тэорыя (ад грэч. logos – слова, паняцце, розум) паходжання мовы. Яна існуе ў некалькіх разнавіднасцях – ведычнай, біблейскай і канфуцыянскай – і пабудавана на міфолага-рэлігійных уяўленнях пра мову як дар Бога (багоў). У адпаведнасці з гэтай гіпотэзай, у аснове свету ляжыць духоўны пачатак (Бог, Логас, Дух, Слова, Дао), які ўздзейнічае на матэрыю, што знаходзіцца ў хаатычным стане, уладкоўвае яе формы і стварае свет і чалавека. Па Бібліі носьбітам Слова з’яўляецца Бог: “У пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Бог. Яно было спачатку ў Бога. Усё праз Яго пачало быць, і без Яго нічога не пачало быць, што пачало быць” (Евангелле ад Іаана, І ст.) Ствараючы свет, Бог ажыццяўляе акт гаварэння: “І сказаў Бог; да будзе святло. I стала святло...” Затым ён дае імёны створаным сутнасцям: “I назваў Бог святло днём, а цьму ноччу...” Такіх імёнаў Бог устанаўлівае няшмат: дзень, ноч, неба, зямля, мора, даручаючы называць усё астатняе Адаму. Такім чынам, згодна з Бібліяй, Бог даў людзям здольнасць да мовы, якую яны выкарысталі для наймення рэчаў.

Падобныя тлумачэнні ёсць індыйскіх Ведах і ў канфуцыянстве, у старажытнагрэчаскага філосафа Платона (ІV ст. да н.э.) і ў класіка нямецкай філасофіі Г.Э. Лесінга (ХVІІІ ст.).

У канцы XX ст. лагасічная гіпотэза набыла новае, навуковае, гучанне ў сувязі з адкрыццём структурнага ізамарфізму слова, мовы, свядомасці, генетычнага кода, аб’ектаў мікра- і макрасвету (гл.: Гируцкий, А.А./ А.А. Гируцкий. Общее языкознание. – Мн.: Тетра Системс, 2003).

З часоў Старажытнай Грэцыі (ад стоікаў) бярэ пачатак гукапераймальная гіпотэза, падтрыманая і развітая ў ХVІІІ–ІХ стст. Яе сутнасць у тым, што мова ўзнікла праз перайманне (імітацыю) чалавекам гукаў навакольнага свету – шуму ветру, крыку звяроў, птушынага шчэбету, журчання вады, шапацення лісця і г.д, Сапраўды, у кожнай мове ёсць пэўная колькасць гукаперайманняў і вытворных ад іх слоў: кі-гік – кігікаць, туп-туп-туп –тупаць, га-га-га – гагатаць і інш. Пры гэтым у розных мовах гэтая імітацыя можа адбывацца па-рознаму. Так, па-французску певень “спявае” кіріко-ко, па-англійску – кок-э-дудль-ду, а па-армянску кук-лі-ку. Але такіх слоў у мовах няшмат.

Таксама з антычнай філасофіі (ад эпікурэйцаў) дайшла да нас выклічнікавая гіпотэза, якая ў больш складаных варыянтах існуе ў навуцы і зараз. Паводле яе, паходжанне мовы звязана з тымі натуральнымі гукамі, якімі насычана біялагічнае жыццё самога чалавека (крыкі, кашаль, сапенне, гукі, выкліканыя пачуццямі болю, радасці, абурэння, гневу і г. д.) тыпу ах, ой, мм, о-ё-ёй, гэй і інш. Ад іх узнікаюць словы тыпу ахаць, войкаць, мыкаць. Пазней, на думку прыхільнікаў гэтай гіпотэзы, сувязь паміж гучаннем слова і эмацыянальным станам чалавека становіцца толькі ўскоснай.

У ХVІІІ ст. у Еўропе пашыраецца тэорыя грамадскай дамоўленасці. Некаторыя яе ідэі былі сфармуляваны ў ХVІІ ст. англійскім філосафам Т. Гобсам, які лічыў, што маўленне было вынайдзена людзьмі падобна да таго, як пазней яны вынайшлі кнігадрукаванне: нашым першабытным продкам “прыйшло ў галаву” даць назвы рэчам, і дзякуючы гэтаму яны атрымалі магчымасць утрымліваць у памяці думкі, абменьвацца інфармацыяй. Паводле Ж.-Ж. Русо, у прыродны перыяд жыцця чалавецтва пануюць эмацыянальныя выкрыкі, але па меры набліжэння да цывілізаванага жыцця людзі шукаюць больш зручныя знакі для зносін, якімі становяцца жэсты і гукаперайманні. А далейшая замена жэстаў на гукі патрабавала калектыўнай згоды і слоў, каб увесці ў карыстанне новыя словы і дамовіцца аб іх значэнні.

У XIX ст. французскім філосафам Л. Нуарэ была выказана гіпотэза пра тое, што мова ўзнікла ў час калектыўнай працы людзей, якія дапамагалі сабе выкрыкамі пры яе выкананні, і гэтыя працоўныя выкрыкі ляглі ў аснову мовы людзей. Гэтая гіпотэза атрымала назву тэорыі працоўных выкрыкаў.

У апошняй трэці XIX ст. Ф. Энгельсам была сфармулявана працоўная (сацыяльная) тэорыя паходжання мовы. У адпаведнасці з ёй, мова ўзнікае ў выніку сумеснай працоўнай дзейнасці першабытных людзей. Праца, мова, мысленне фарміраваліся адначасова, у адзінстве і ўзаемадзеянні. Неабходнасць узгадняць свае дзеянні ў час працы стымулявала ўзнікненне і развіццё пэўных гукавых комплексаў, якія ўскладняліся паралельна з развіццём грамадства, ускладненнем сродкаў працы і ўдасканаленнем свядомасці і мыслення.

Як бачым, паходжанне мовы аказваецца цесна звязаным з праблемай паходжання чалавека і жыцця.