Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Orlov_Slanyi_Ganibala.docx
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
581 Кб
Скачать
☆

25.06. Кожны беларускi асяродак у Амэрыцы наймацней лучаць з Бацькаўшчынай дзьве рэчы — царква і могiлкi.

У Саўт-Рывэры, штат Нью-Джэрзi, гэта царква сьвятой Эўфрасiньнi Полацкай. (Пасьля набажэнства да мяне падыходзiць пацiснуць руку малады эмiгрант, былы беларускi кампазытар Зьмiцер Яўтуховiч.) А на мясцовых беларускiх кладах можна вывучаць i гiсторыю Беларусi XX стагодзьдзя i яе этнаграфiчныя межы. Магiла слуцкага паўстанца Iвана Навумчыка. Манумэнтальны помнiк прафэсару Радаславу Астроўскаму. (Мае праважатыя ўзгадваюць, як аднойчы ў 1944-м у Баранавiчах ён перапудзiў нямецкiх афiцэраў, заявiўшы: няхай партызаны дакажуць, што змагаюцца за вольную й незалежную Беларусь, i я першы пайду зь iмi.) Кампазытар i рэгент Дзьмiтры Верасаў нарадзiўся пад Смаленскам. Як сам расказваў, прозьвiшча было Верас, ды бальшавiцкiя пiсары падставiлi «ов». Помнiкi Палюховiчам. Гэтыя родам зь вёскi Сэрнiкi з-пад Каменя-Кашырскага, якую пасьля апошняй вайны Сталiн «прырэзаў» Украiне.

Юрка Вiцьбiч (Стукалiч) прыйшоў на сьвет таксама на беларускай Смаленшчыне, у Вялiжы.

У халадку царкоўнага архiву сакратар парахвiяльнага камiтэту Мiхась Сенька нарэшце прыносiць мне ўвасабленьне цi не галоўнай мэты маёй заакiянскай вандроўкi — вялiзны пакунак дакумэнтаў пад №28 — «Матар’ялы Вiцябскае навуковае экспэдыцыi 1939 г. Здымкi цэркваў, касьцёлаў i г.д. з апiсаньнем гiст.». Дзясяткi зьнiшчаных помнiкаў. Гiстарычныя сьведчаньнi з дамешкам мясцовых паданьняў. Цьвёрды, з нацiскам i надзiва чытэльны почырк кiраўнiка экспэдыцыi Юркi Вiцьбiча. Знаёмае з ранейшых ягоных тэкстаў iгнараваньне добрай чвэрцi «правiдловых» косак. Мова — расейская.

«Полоцк. Вал Воловьего озера. Известно, что здесь на берегу когда-то находилось в священных рощах капище Перуну... Известно, что в 1563 году в период Ливонской войны Иван Грозный лично топил в проруби этого озера ксендзов-бернардинов»...

«Екимань. Георгиевская церковь»...

«Черея. Белая церковь»...

«Смоляны. Развалины замка королевы Боны. Так или иначе, но народ по сегодняшний день говорит о существовании подземного хода, по которому когда-то Бона ездила на тройке в костел... 3 августа 1708 года, во время Северной войны, замок за исключением угловой башни был разрушен русскими»...

«Витебск. Губернаторский дворец. С 16 июля по 1 августа 1812 года в здании жил Наполеон. Войдя в приготовленные для него на третьем этаже комнаты, он отстегнул шпагу и бросив ее на стол, покрытый картами России, сказал неаполитанскому королю Мюрату: «Я здесь остановлюсь, соединю корпуса моей армии, дам ей отдохнуть и устрою Польшу. Военные действия кампании 1812 года окончены: 1813 год увидит меня в Москве, 1814 — в Петербурге»...

У бары Саўт-Рывэрскага беларускага цэнтру я сяджу насупраць былога палiцэйскага Вовы. Вова дапiвае свой скотч, а я сярод Ст’юартаў, Стрыкераў, Струеўскiх, Стралкоўскiх i Ступелаў знаходжу ў гарадзкiм тэлефонным даведнiку нумар Ганны Стукалiч.

Юрка Вiцьбiч зьявiўся на гэтым сьвеце ў 1905-м, ягоная ўдава — на пяць гадоў раней. Кожны з гэтых 95 гадоў пакiнуў ня толькi сваё кольца на старых дрэвах за вакном, але і сваю фiялетавую жылку на руках спадарожнiцы пiсьменьнiка, што напiсаў лiрычны манiфэст эмiграцыi — «Мы дойдзем!»

Пад роўны гуд кандыцыянэру спадарыня Ганна частуе печанымi яблыкамi і сьвежым вiнаградам, i ў яе ўваччу паўстае Вiцебск тых часоў, калi ваяўнiчыя бязбожнiкi паказвалi ў музэi мошчы Сьвятой Эўфрасiньнi, Вiцебск, дзе, пачуўшы машыну, на iхняй вулiцы нiхто ня спаў, бо ўначы па горадзе езьдзiлi адно варанкi, Вiцебск, дзе яна працавала да замужжа тэлеграфiсткай, i, калi аднойчы ў тэлефоне нехта прамовiў «гут, гут», яе таго ж вечара дапытваў сьледчы, якi на адвiтаньне сказаў: «Приходите к нам почаще». У тым Вiцебску Юрка Вiцьбiч жыў спачатку зь першаю жонкаю, якая была нiбыта страшэнна раўнiвая i праз рэўнасьць нават хавала мужавы рукапiсы, а яшчэ, мабыць, ня ўмела тушыць бульбу, бо якраз па гэты кулiнарны рэцэпт пiсьменьнiк аднаго разу па-суседзку зайшоў да дачкi супрацоўнiка Вiцебскага архiву Кандрацьева, а потым насупор жончанай рэўнасьцi напiсаў ёй лiст з запрашэньнем прагуляцца, а потым ажанiўся зь ёю й напiсаў у газэту «Вiцебскi рабочы» памфлет пра Гiтлера, у вынiку чаго, калi прыйшлi немцы, Вiцьбiчу з жонкай давялося як найхутчэй зьяжджаць у Менск, хоць потым Юрка i наведваўся ў горад iх маладога шчасьця — каб вярнуць у Полацак мошчы найпадобнейшай Эўфрасiньнi...

Рэшткi некалi вялiкай бiблiятэкi зьмяшчаюцца на трох палiчках. И. Бунин. Жизнь Арсеньева; Неизданный Гумилев; Н. Лосский. Достоевский и его христианское миропонимание; Марк Алданов. Живи, как хочешь; Рыгор Крушына, Вiнцук Адважны, Масей Сяднёў; K. Akula. Tomorrow is Yesterday.

Кладу на стол толькi што факсымiльна перавыдадзеную «Мастацкай лiтаратурай» найлепшую, на маю думку, Вiцьбiчаву кнiгу «Плыве з-пад Сьвятое Гары Нёман». Колер вокладкi акурат такi, як жоўтая гаспадынiна сукенка з дробнымi ружачкамi. Рукi ў фiялетавых жылках пачынаюць дробна трымцець. Што пiшуць апошнiм часам пра яе мужа ў «нашых» газэтах, я не расказваю.

26.06. Прачынаюся ў кватэры спадара Лёвы Высоцкага. Лёву далёка за 80. Вы скажаце, у нас асобныя iндывiды таксама дажываюць. Магчыма. Ня ведаю толькi, што яны робяць, калi нагорнецца сумота. Мой гаспадар у такiм разе сядае ў машыну і гонiць за сто міляў у найблiжэйшае казiно ў Атлянтык-Сiці.

Сёньня ў вакно да спадара Лёвы зноў заляцеў вецер вандраваньняў, а таму мне засьвяцiла паездка на беларускi курорт «Менск». «Нейкiя дзьве-тры гадзiны, затое якая дарога: горы, а ўнiзе — рака», — спакушае аматар рулеткi.

Рака завецца знаёма — Дэлавэр. Высокiя горы пачынаюцца не адразу. Пакуль тое, справа і зьлева застаюцца: штаб-кватэра славутай фiрмы «Джонсан i Джонсан»; перакуплены ў сьвятых айцоў кляштар, дзе цяпер спыняецца з гарэмам кароль Марока; былая рэзыдэнцыя мiсiс Анасіс-Кенэдзi і лес, дзе мiльянэры палююць на гаротных лiсiцаў.

Нарэшце на даляглядзе зьяўляюцца горы. Пры дарозе, на беразе возера, стаiць дом iндзейскага правадыра, якога завуць Гром. Каб нiхто з бледнатварых братоў, крый Божа, не памылiўся, аб гэтым нагадвае жоўты шчыт памерам з бульдозэр.

Беларускi курорт падобны да нашых саўмiнаўскiх пансiянатаў. Ёсьць усяго парачка неiстотных адрозьненьняў — тутэйшым паспалiтым людзям пакуль што не прыйшло ў голаў заасфальтаваць лясныя сьцежкi ды зладзiць побач з бабрынымi хаткамi пляж.

27.06. У доме ў мастачкi Галiны Русак найперш уражвае калекцыя iндзейскае керамiкi. Творы спадарынi Галiны я ўжо бачыў i ў Менску, i ў Полацку. Цяпер мне зразумела, адкуль у яе абразах гэтыя нязвычныя эўрапейскаму воку дэкаратыўныя матывы. Маючы ахвоту, iх нескладана знайсьцi i ў яе вобразе Сьвятой Эўфрасiньнi. Урэшце, калi ўзгадаць, што юная Прадслава ведала пра купальлi, русальлi ды каляды зусiм ня з кнiжак i, адрозна ад некаторых расейскiх сьвятых, нiколi не займалася перасьледам паганцаў, нiякай ерасьсю тут i ня пахне.

З кубкам кавы пераглядаю загалоўкi ранiшнiх газэтаў: «Расейскiя генэралы апраўдваюць дзеяньнi спэцназу ў Будзёнаўску»; «Iосiфу Кабзону адмовiлiся даць вiзу ў ЗША» (за цёплыя сувязi з мафiяй); «Стэнаграму сакрэтнай сустрэчы дэмакратаў знайшлi ў вiннай краме»; «Паўтара мiльёна расейцаў — наркаманы»... Гаспадар рэстарацыi Дына Танiэль злавiў карпа вагою 95 фунтаў, а загадчык катэдры афраамэрыканскiх дасьледаваньняў Нью-Ёрскага гарадзкога ўнiвэрсытэту Леанард Джэфрыс пазбаўлены пасады за размовы пра тое, што iталiйцы ды габрэi iмкнуцца зьнiшчыць мурынаў як расу, дзеля чаго некалi фiнансавалi гандаль рабамi, а цяпер кантралююць Галiвуд. Вiдаць, шмат чаго кантралявала i ўсьмешлiвая габрэйка Рыма Данiлаўна Чаркаская (адразу на пяцi здымках), з нагоды заўчаснае сьмерцi якой разам з «Новым Русским Словом» смуткуюць, заняўшы цэлую газэтную паласу, жыхары Нью-Ёрку, Кiева, Таронта, Бярдзянску, Тэль-Авiва i Бабруйску.

Падчас вечаровага выступу ў мастацкай бiблiятэцы заснаванага яшчэ ў калянiяльны пэрыяд Ратгерскага ўнiвэрсытэту (тут пачынаў навуковую кар’еру бiяхiмiк беларус Аўген Вярбiцкi, спэцыялiст у захаваньнi ежы, якi быў адказны за харчы першай касьмiчнай экспэдыцыi на Месяц) уважлiва паглядаю на ўключаны адным нядаўнiм эмiгрантам зь Беларусi дыктафон. Гэта гальванiзаваная апошнiмi палiтычнымi падзеямi спадумлiвасьць чалавека, якому дзядзька ў цывiльным аднойчы гадоў дваццаць таму паказаў у службовым кабiнэце напiсаную суседам па iнтэрнатаўскiм ложку рэляцыю пад непрэтэнцыёзным назовам «О некоторых высказываниях студента исторического факультета БГУ В. Орлова».

Адолець непамысныя рэмiнiсцэнцыi дапамагае чырвонае калiфарнiйскае. Гэта, вядома, не лямбруска з Эмiлii, аднак і не айчынны «Крыжачок» з-пад Вялейкi.

28.06. Дырэктар Беларускага Iнстытуту Навукi й Мастацтва ў Нью-Ёрку Вiтаўт Кiпель нарадзiўся ў 1927 годзе ў Менску і добра памятае, як двое дзядзькоў Мiколаў вучылi яго на беразе рэчкi сьпяваць беларускiя песьнi. Дзеля таго, што ішлi трыццатыя гады, а дзядзькi гэтыя былi нацдэмы географ Азбукiн ды гiсторык Улашчык, рэчка, каля якой адбывалiся рэпэтыцыi, шанцаў называцца Сьвiслаччу ўжо ня мела, а звалася Вояй i плыла сярод вяцкiх лясоў. Тэрмiн высылкi арыштаванага па справе «Саюзу вызваленьня Беларусi» Яўхiма Кiпеля скончыўся ў 1935-м, а праз тры месяцы былы асьпiрант БДУ атрымаў яжоўскую «дабаўку» — пяць гадоў тагачаснага БАМу.

Вiтаўт з мацi жыў у Арле. Аднаго разу мацi выклiкаў дырэктар школы, дзе яна выкладала расейскую мову. «Мария Васильевна, мы будем давать вам паспорт. Там есть национальность. Мы вам напишем русская, ведь русская или белоруска — это все равно». — «Ну если все равно, — адказала жонка «ворага народу», — то напишите: белоруска».

Дзед спадара Вiтаўта меў хату каля Вайсковых могiлак i трыццаць гадоў зарабляў на хлеб у шатнi менскага гарадзкога, а потым Беларускага дзяржаўнага тэатру. На пытаньне, дзе працуе, ён любiў з гонарам адказаць: «у цiатрах».

З Кiпелем-унукам мы гаворым за сталом, на якiм ляжыць карэкта ангельска-беларускага слоўнiка на сорак зь лiшнiм тысячаў слоў, якi БIНiМ мае падараваць Беларусi. Размова працягваецца ў кiтайскiм рэстаранчыку. Да гарбаты вузкавокi афiцыянт падае нешта накшталт салодкiх калдунцоў; замiж начынкi ў адным з сваіх знаходжу цыдулку зь дзьвюма круцельскімі кiтайскiмi фiзiяномiямi ды, відаць іхняй прымаўкаю: разумны ведае ўсё, а хiтры — усiх.

Напэўна, я хiтры, бо ведаю, што найлепшы праваднiк па Нью-Ёрку — спадар Антон Шукялойць, зь якiм мы ўжо дамовiлiся заўтра ад самае ранiцы рушыць па мангэтанскiх авэню і стрытах.

29.06. Старшыня Беларуска-амэрыканскага задзiночаньня Антон Шукялойць з сваiмi шыкоўнымi падкручанымi вусамi выдае тыповым беларускiм шляхцiчам канца XIX стагодзьдзя. Трохi дзiўна, што гэты «шляхцiч» захапляецца паэзiяй Алеся Разанава.

На скрыжаваньнi Брадвэю й 47-й вулiцы, вядомай сваiмi ювэлiрнымi крамамi ды ружавашчокiмi пэйсатымi габрэямi ў капелюшах, мой праважаты кажа: крыж Сьвятой Эўфрасiньнi трэба шукаць у Маскве.

Тут, у ценю хмарачосаў, я ня пэўны, што спадар Антось не ідзе ў гэты самы момант па менскiх вулiцах Гаруна або Iгнатоўскага, як за нямецкай акупацыяй звалiся сёньняшнiя Камсамольская й Чырвонаармейская.

На сьценах парасклееныя абвесткi па-нямецку і па-беларуску. Шукялойцю дваццаць пяць гадоў, ён — дырэктар Менскага гiстарычна-мастацкага музэю. Немцаў ён любiць гэтаксама моцна, як i бальшавiкоў, хоць першыя выпусьцiлi яго з турмы, куды пасадзiлi другiя. Брунатны фашызм, думае Антон, прыйшоў на зьмену чырвонаму. Усьлед за зьнiкненьнем знаёмых габрэяў з дырэктарскага кабiнэту нядаўна прапаў Пэнаў «Гадзiньнiкар» — немцы загадалi зьняць усе творы «недачалавекаў». А перад вайной у невараць ад’ехалi ў варанках менскiя выканаўцы праектаў дзiвам ацалелага ў Маскве архiтэктара Лянгбарда, аўтара будынкаў Дому ўраду і Опэрнага тэатру, якiмi захапляўся малады Шукялойць. Ня ўсе сьледчыя НКВД шукалi новазэляндзкiх шпiёнаў i праектантаў тунэляў зь Віцебску ў Бамбэй. Траплялiся й такiя, што ў гмаху менскага опэрнага разгледзелi цытату з рымскага Калiзэю, дзе, апрача iншых вясёлых забаваў, публiка з задавальненьнем назiрала, як аддавалi на разарваньне львам першых хрысьцiянаў. У гэтым быў угледжаны намёк на стараньнi «перадавога атраду партыi».

Зь Беларускага гiстарычна-мастацкага музэю мы трапляем у мадэрновую бэтонна-шкляную сьпiраль музэю Гугэнгайма на 5-й авэню. Сталую экспазыцыю пачынаюць скульптурныя конi Эдгара Дэга й працягваюць Тулюз-Лятрэк, чорна-сiнiя, але цёплыя жанчыны Пiкаса, i другая вэрсiя iмправiзацыi №28 Васiля Кандзiнскага. Сустрэўшы позiрк зеленавокага жоўтага катá з чалавечым тварам (М. Шагал. «Парыж з вакна»), даю зарок убачыць Эйфэлеву вежу з вакна раней, чым за свае грахi павiнен буду вярнуцца на зямлю ў iпастасi гэтага бесклапотнага юрлівага стварэньня.

А побач з маiм улюбёным «Зялёным скрыпачом» здараецца штосьцi трансцэндэнтнае — на рукаво маёй тэнiскi апускаецца i ўпэўнена залазiць у кiшэню кароўка-багоўка.

Кiм жа была ў сваiм мiнулым увасабленьнi ты? Па залях Мэтраполiтэн-музэю зь ягоным цалкам перанесеным праз акiян эгiпецкiм храмам мы падарожнiчаем ужо ўдваiх.

У бруднаватым i цесным нью-ёрскiм сабвэi я даю сваёй кiшанёвай спадарожнiцы беларускае iмя, а выбраўшыся на вольнае паветра, паказваю ёй лёгкiя самалёцiкi, што цягаюць па небе рэкляму з нанiзаных на тросiкi лiтараў. Можа, яна хоча палётаць разам зь iмi? Не, яна хоча разам са мной на вячэру да Юлi Андрусiшынай, мацi сьпевака Данчыка, якi цяпер ходзiць па праскiм бруку Старамескага пляцу або п’е каву на тэрасе зь вiдам на Карлаў мост, дзе мáе рэальныя шанцы сустрэцца з маёй зданьню.

Незаплянаваны прыпынак: насупраць мяне на пляскатым даху прысадзiстага дому стаiць помнiк Уладзiмеру Iльлiчу Ленiну. Балючы ўшчык нiякiх iстотных зьменаў у краявiдзе не выклiкае. Iльлiч па-ранейшаму стаiць, хоць i паказвае не на вiна-гарэлачную краму, як зазвычай бывае ў нас, а на падазроныя вiтрыны з голымi прыгажунямi. Спадар Шукялойць тлумачыць: з прычыны дзiкае настальгii помнiк прывезьлi i ўсьцягнулi на дах яшчэ савецкiя эмiгранты. У гэты момант мяне наведвае надзвычай выразнае разуменьне, што я — ня тая расьлiна, якая зможа прыняцца на гэтай зямлi, нават калi перавезьцi сюды ўсе беларускiя помнiкi правадыру i на кожны ўсьцягнуць па бусьлянцы. Пасадзiўшы багоўку на далонь, я паўтараю ёй усё гэта ўголас. Мая вандроўнiца сур’ёзна выслухоўвае і супакоена раскрывае крылцы.

30.06. У славянска-балтыйскi аддзел Нью-Ёрскае публiчнае бiблiятэкi, дзе працуе Зора Кiпель (сярод безьлiчы iншых клопатаў яна выдала ў сваiм ангельскiм перакладзе беларускую «Аповесьць пра Трышчана»), варта наведацца хаця б дзеля таго, каб спраўдзiць словы менскага калегi, якi сьцьвярджаў, што колькi гадоў таму кампутар выдаў яму тут даведку з дадзенымi жыцьцяпiсу, бiблiяграфiяй i паведамленьнем пра тое, што ў яго, калегi, «няма вершаў пра партыю». Тым, каго хвалююць такiя рэзюмэ заакiянскiх дасьледнікаў, магу з усёй пэўнасьцю сказаць: складалi вы вершы гэткага кшталту цi Бог лiтаваў — кампутар дасьць вам адно даведку пра наяўнасьць вашых кнiжак у бiблiятэках ЗША і нi слова болей. Таму супакойцеся й знайдзiце на турыстычнай мапе «The Museum of Modern Art».

Мастацкiм эпiграфам да ўсёй гiсторыi XX стагодзьдзя ўспрымаецца там датаваная 1913 годам карцiна нямецкага экспрэсiянiста Франца Марка «Карова»: велiчэзная чырвоная жывёлiна, у чэраве якой пасецца на поплаве пакуль яшчэ ружовы бычок, якi неўзабаве народзiцца й залье сьвет крывёю. Крывавая аўра твору настолькi моцная, што вы з палёгкаю ўдыхнеце сьвежасьцi, якой вее ад шагалаўскiх сумётаў з старым габрэем над зiмовым Вiцебскам. (Як выказаўся некалi адзiн савецкi мастацтвазнаўца: «евреи, да еще и летают — нам такое искусство не нужно».) На музэйным подпiсе будзе пазначана: «French, born Belarus», што наўрад спадабалася б паэту А. Вазьнясенскаму, якi, гаворачы пра Шагала, любiць згадаць «древний российский Витебск».

Створаны ў 1917-м «Вялiкi мэтафiзык» Жоржа дэ Кiрыко. Мастацкiя практыкаваньнi дадаiста Курта Швiтэрса прыводзяць на памяць прысьвечаны мастаку манумэнт у яго родным нямецкiм Гановэры, — колькi ўзгрувашчаных адзiн на аднаго кантэйнэраў з сабраным на гарадзкіх вулiцах сьмецьцем, прычым сабраным ня проста так, а ў пэўныя днi пэўных гадоў, што акуратна пазначаныя на кантэйнэрах удзячным скульптарам.

Каля палотнаў i аб’ёмных кампазыцыяў Далi хочацца паразважаць над вэрсiяй, паводле якой пасьля фiзычнае сьмерцi мастак трапляе ў сьвет вобразаў, створаных iм у зямным жыцьцi. Калi гэта сапраўды так, дык той сьвет абстракцыянiста Джэксана Полака (як i беларуса зь Дзьвiнску Марка Роткi) будзе суладны, але досыць правiнцыйны: нi вялiкiх мастурбатараў, нi Нарцызавых мэтамарфозаў, нi дасканалых жаночых формаў, няхай сабе й напоўненых канцылярскiмi шуфлядкамi. Напэўна, на тое, каб трапiць у сьвет сваiх вобразаў, заслугоўваюць i лiтаратары. Адаму Глёбусу, магчыма, будзе карысна блiжэй пазнаёмiцца з героямi ягонага «Дамавiкамэрону». А якiя сустрэчы могуць надарыцца ў Сьмiлавiчах, Лельчыцах i Вушачах у паэта Б. Спрынчана! Калявадаёмныя «хищники», чалавек у прастрэленым палiтоне, першы прэзыдэнт РБ...

Пацепваючыся ад народжанага раптам недзе за каўняром халадку, вы пераходзiце да здабыткаў сюр- i iншых рэалiстаў. Цiкава, якую ацэнку даў бы гэтым творам галоўны мастацтвазнаўца вашай краіны? Напрыклад, «Падарунку» Мана Рэя (чорны прас з хiбам прылiтаваных да плоскасьцi цьвiкоў)? Гэта ж элемэнтарна: наклаў у хамяковую клетку цукру-рафiнаду або начапiў на кiвач выразанае з фоткi чалавечае вока — i твор гатовы. I Рэнэ Магрыт — туды сама! Ну якi гэта «Партрэт»: «гусак» зь вiном ды талерка з амлетам, зь якога на вас зь цiхiм дакорам глядзiць чыёсьцi вока? Але — вось загадка! — усе гэтыя iдэйна шкоднiцкiя, антыэстэтычныя i несумненна антынародныя экзэрсісы — хоць ты засiлься — уражваюць i нараджаюць асацыяцыяў незьмерна болей за, скажам, высоканародныя творы народнага мастака М. Савiцкага.

Спадар Шукялойць запрашае мяне ў стары iрляндзкi рэстаранчык «McSorley’s Old Ale House» на 7-й вулiцы. Мiлосьнiкi тутэйшага элю нядаўна адсьвяткавалi 125-годзьдзе ягонае хмельнае таямнiцы. Самой карчомцы два разы па семдзесят. На ўваходзе наведнiка сустракае паведамленьне, якое ў вольным перакладзе гучыць так: цябе яшчэ не было на сьвеце, а мы тут ужо добра сядзелi. Дамiнанты iнтэр’еру — разьмешчаная пасярод залi вялiзная печка кшталту буржуйкi ды аўтэнтычныя аб’явы аб пошуку забойцы Аўраама Лiнкальна (1865 год) з прызавым фондам $50 000.

За кепска пагабляваным сталом вы мусiце выпiць прынамсi два кухлi бясспрэчна цудоўнага элю. Найпапулярнейшая закусь — ружовая настружаная ялавiчына з адваранай бульбай, добра ўтушанай капустаю й кавалкам масла. Гарнiр прымушае ўспомнiць частыя цяпер у беларускiм асяродзьдзi параўнаньнi з Iрляндыяй. «Бульбяныя» аналёгii, што праўда, выглядаюць больш пераканаўча за палiтычныя. Гэта падкрэсьлiвае й партрэт першага прэзыдэнта незалежнай Iрляндыi, якi вiсiць тут з часу яго абраньня. Вы можаце ўявiць, што ў дзьве тысячы нейкiм годзе дзе-небудзь у менскiм цi давыд-гарадоцкiм шынку сьцяну будзе ўпрыгожваць партрэт першага прэзыдэнта Беларусi? Немагчыма ўявiць i тое, каб эмiграцыя ў вынiку страты незалежнасьцi набыла ў нас калi-небудзь такiя сумеры, як у Iрляндыi, насельнiцтва якой паводле перапiсу 1821 году складала 6 мiльёнаў 800 тысячаў, а ў 1970 — 2,9 мiльёна. Аднак ня трэба лiшне драматызаваць i нашае становiшча. Дасьведчаныя людзi сьцьвярджаюць, што па-iрляндзку ў Рэспублiцы Эйрэ гаворыць, у лепшым разе, у дзесяць разоў меней грамадзянаў, чым у сёньняшняй Беларусi па-беларуску. Калi гэта можа нас суцешыць, дык мы не самотныя...

Але да вядомай Багушэвiчавай формулы такую мэтафiзыку не зьвядзеш. Мо варта ўдакладнiць: шмат было такiх народаў, што найперш страцiлi дзяржаўнасьць сваю?.. Напрыклад, шатляндцы. Побач зь iхняй нашая моўная сытуацыя дык наогул выглядае блiскуча. Апрача таго, нiякi, нават папяровы, сувэрэнiтэт iм у блiжэйшыя дзьвесьце-трыста гадоў не пагражае. Карацей, бяз новага кухлю элю тут не разьбярэсься.

На бэльцы над намi прышпiленая добрая сотня значкаў зь дзяржаўнымi сьцяжкамi. Беларускага няма. Няўжо па дарозе ў прыбiральню яго зьняў якi-небудзь заблукалы сюды «вэртыкальшчык»? Афiцыянт-iрляндзец мае iншае тлумачэньне: беларускія значкi часта крадуць людзi з разьвiтым эстэтычным пачуцьцём. Значыцца, у героя нашае вэрсii поўнае алiбi.

Калi ўстанове 140 гадоў, тут мае гiсторыю нават прыбiральня. Рэч у тым, што да самага канца 70-х гадоў (нашага стагодзьдзя) «McSorley’s» разам зь яшчэ дзьвюма нью-ёрскiмi пiўніцамi быў адчынены выключна для мужчынаў. Фэмiнiсткi вялi зацятую барацьбу за свае правы, i нарэшце новы лiбэральны мэр гораду здолеў пратаранiць кругавую абарону: у «McSorley’s» урачыстым маршам увайшоў першы аддзел заўзятых аматарак добрага старога элю. Пасьля парачкi выпiтых пераможцамi кухляў згуртаваныя вакол гаспадара заўсёднiкi-мужчыны зларадна назiралi амаль панiчнае адступленьне трыюмфатарак на зыходныя пазыцыi: жаночай прыбiральнi ў рэстаране не існавала. Прычым яе ня проста не было: з парады адвакатаў гаспадар накiраваў у мэрыю складзеную ў вытанчаным стылi паперу, што, маўляў, дзеля поўнага забесьпячэньня роўных правоў прадстаўнiцы цудоўнай паловы чалавецтва могуць наведваць ня толькi агульную з мужчынамi рэстарацыю, але і яе агульную прыбiральню. Змаганьне ўвайшло ў новую фазу. Пра зьмест лёзунгаў здагадацца даволi лёгка.

Суайчыньнiц, якiм, магчыма, заманецца сюды трапiць, хачу папярэдзiць: не хвалюйцеся — сёньня дыскрымiнацыя паводле палавой прыкметы ў «McSorley’s» канчаткова пераможаная.

1.07. Разьвiтальны шпацыр па Мангэтане пачынаецца ад аздобленага мэмарыяльнай дошкаю сучаснага будынку №20 на Broad Street. Тут стаяў дом, дзе ў 1659 годзе эмiгрант зь Вялiкага Княства Лiтоўскага Аляксандар Куртыўс заснаваў першую каталiцкую школу Новага Амстэрдаму. Як высьветлiў Вiтаўт Кiпель, да прыезду ў калёнii доктар Куртыўс меў беларускае прозьвiшча Карчэўскi і настаўнiчаў у Полацку ды Вiльнi. У Нью-Амстэрдаме ён выкладаў так званую «рускую» мову сваёй радзiмы і чытаў курс лацiны.

Паблiзу знаходзiцца iншая славутасьць — старадаўнi рэстаран з Доўгай Заляй («The Long Room»), што была сьведкаю разьвiтальнага банкету Джорджа Вашынгтона й ягоных афiцэраў пасьля здабыцьця незалежнасьцi. Каля гэтых сталоў зь печаным iндыком i зялёнымi ды белымi графiнамi непазьбежна задумаесься: калi, дзе і зь якiмi дзейнымi асобамi адбудзецца такi банкет у нас? I зь якой нагоды: канчатковай заваёвы незалежнасьцi цi яе канчатковае здачы?

У суседнiх залях наведнiк знаёмiцца з мастацкiм адлюстраваньнем шляху Злучаных Штатаў да свабоды. Сярод батальных палотнаў бачым Вашынгтона з жыхаркаю Фiладэльфii Бэтсi Рос, што пашыла сваёй незалежнай дзяржаве першы сьцяг. Тамсама, у Фiладэльфii, дзе захоўваецца дамок патрыёткi-руказдольнiцы, кангрэс маладой дзяржавы ледзьве не прыняў пастанову, паводле якой дзяржаўнай моваю ЗША магла стаць не ангельская, а нямецкая (германафiлам не хапiла, кажуць, усяго двух галасоў).

У гэткiм музэi аналёгii атакуюць, як аваднi, i ты ўвачавiдкi бачыш вобразы й назвы палотнаў, над якiмi, магчыма, ужо натхнёна працуюць айчынныя жывапiсцы: «Старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублiкi Беларусi загадвае выключыць шастой мiкрафон у заднiм праходзе», «Прэзыдэнт разьвiтваецца з сваiмi дэпутатамi» (або «Свае дэпутаты разьвiтваюцца з сваiм прэзыдэнтам»), «Паплечнікі прэзыдэнта з болем у сэрцы здымаюць бел-чырвона-белы сьцяг»...

У палоне мiлых вобразаў роднага краю хуткасны элевэйтар узносiць мяне на 110-ты паверх найвышэйшага ў сёньняшнiм Нью-Ёрку будынку, званага The World Trade Center. Далёка ўнiзе лётаюць экскурсiйныя гелiкоптэры. У тых, хто захоча паляцець усьлед за iмi, нiчога не атрымаецца: пляцоўка агляду нагадвае вартаўнiчую вежу пасярод турэмнага двара з усiмi адпаведнымi атрыбутамi. Газэты пiшуць, што тут, на хмарачосах, пачалi гнездавацца арлы ды сокалы. Пакуль яны высочваюць сабе ахвяраў недзе над Гудзонам, на парэнчы апускаецца мая кароўка-багоўка. «Якраз пасьпела, — расчулена кажу я сяброўцы, асьцярожна адпраўляючы яе ў кiшэню. — Зараз паедзем у Нью-Ёрскi ўнiвэрсытэт да прафэсара Томаса Бэрда, а ўвечары будзем выступаць з табой у Фундацыi Пётры Крэчэўскага».

У кабiнэце прафэсара Бэрда вiсiць абвестка, чый зьмест, мабыць, навеяны паездкамi яе аўтара ў Беларусь: «У сувязi зь няпэўным эканамiчным становiшчам сьвятло ў канцы тунэлю будзе выключана да адпаведнай iнструкцыi».

На вечарыне ў Фундацыi Крэчэўскага бачу ў залi аднаго з найарыгiнальнейшых лiтаратараў нашай сучаснай эмiграцыi Янку Юхнаўца, кнiга якога адкрыла летась сэрыю «Галасы беларускага замежжа» ў выдавецтве «Мастацкая лiтаратура».

Мне сьнiцца зноў...

У хату ўваходжу.

Цыркун тужыў па леце ў запечку,

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]