- •Літаратура першай трэці хх стагоддзя
- •1. Гістарычныя ўмовы развіцця беларускай літаратуры:
- •2. Літаратурныя аб’яднанні і іх дзейнасць (20 гады хХст)
- •3. Літаратурнае жыццё ў 1930-я гады
- •4. Літаратура Заходняй Беларусі
- •1. Літаратура Заходняй Беларусі 1920-х гадоў
- •2. Літаратура Заходняй Беларусі 1930-х гадоў
4. Літаратура Заходняй Беларусі
1. Літаратура Заходняй Беларусі 1920-х гадоў
У агульнай сістэме мастацкай літаратуры на першым месцы ў Заходняй Беларусі, несумненна, знаходзілася паэзія. Прычым, і ў 1920-я, і ў 1930-я гг.
Пачатак, першыя старонкі паэзіі Заходняй Беларусі звязаны перадусім з імёнамі Леапольда Родзевіча, Уладзіміра Жылкі, Ігната Канчэўскага. Яны былі найбольш творча актыўнымі, і знак іх працы знайшоў выразны адбітак у перыядычным друку пачатку 20-х гадоў, у выглядзе асобных кніжак. Хоць працягвалі працаваць паэты, што прыйшлі ў літаратуру яшчэ ў нашаніўскую пару: Гальяш Леўчык (1880--1944), Казімір Сваяк (1890--1926), Стары Улас (1865--1939). Менавіта Л. Родзевіч у своеасаблівым сінтэтычным жанры паэме-сказе «Беларусь» і У. Жылка ў паэме «Уяўленне» патрапілі найпаўней выявіць той душэўны тонус, той настрой, якім жыла творчая беларуская інтэлігенцыя пад уражаннем падзелу бацькаўшчыны дзяржаўнай мяжой, зрыву адбудовы дзяржаўнасці Беларусі. Менавіта ў заходнебеларускі перыяд У. Жылкам былі напісаны такія лірычныя шэдэўры, як «Беларусь», «Віхор», «Замчышча», «Полімпсэст», «Сёмуха». Жылка паэтызуе вызваленчае змаганне. Захопленасць ідэаламі вызваленчага руху, вернасць ім з вялікай сілай гучыць у вершах «Меч», «Вершы аб Вільні», «Наш лёс, бы кат рукой забойнай», «Толькі той, чый вольны дух», «Каваль».
Вершы рана памерлага паэта Iгната Канчэўскага (1896--1923), падпісаныя псеўданімам «Ганна Галубянка», вылучаліся рамантычнай эстэтыкай і высокай культурай пачуцця.
На першую палову 20-х гадоў у Заходняй Беларусі прыпадае найбольшая літаратурная актыўнасць паэта-клерыка Кастуся Стэповіча (Казіміра Сваяка), які пачаў друкавацца яшчэ ў газеце «Віelarus» у 1913 г. У 1924 г. у Вільні ўбачыў свет зборнік К. Сваяка "Мая ліра".
Адасоблена ад заходнебеларускіх паісьменнікаў, прасякнутых нацыянальнай ідэяй або ідэяй сацыяльнага разняволення працоўных, стаяла Наталля Арсеннева (1903--1998), чые вершы з самага пачатку 20-х гадоў стала друкаваліся амаль ва ўсіх перыядычных выданнях.
Першыя публікацыі паэта Алеся Салагуба (1906--1934) адносяцца да 1923 г. Будучы вучнем Беларускай віленскай гімназіі, паэт звязаў свой лёс з камуністычным падполлем, стаў сябрам члена ЦК КПЗБ Арсеня Канчэўскага, брата вядомага літаратара, удзельнічаў у арганізацыі гурткоў Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады ў родных мясцінах на Смаргоншчыне. А. Салагуб двойчы арыштоўваўся дэфензівай, да года праседзеў у Лукішках. Алесю Салагубу ў літаратуры Заходняй Беларусі належыць першынства, роля адкрывальніка турэмнай тэматыкі, стваральніка вобраза палітвязьня, пазней М. Танкам і В. Таўлаем узнятага да шырокіх мастацкіх абагульненняў. Лірычны герой А. Салагуба -- аlter еgо аўтара -- натура мэтаімклівая і цэласная. У яго свядомасці арганічна спалучаны сацыяльны і нацыянальны ідэалы. Ён далучаны да ідэі разняволення чалавецтва ў планетарным маштабе («Мы рады, рады, што змяняем гісторый ход»), адначасна змагаецца, пакутуе ў астрозе і марыць убачыць «вольнай сваю Беларусь». У 1929 г. выйшла кніга А. Салагуба "Лукішкі". Лёс А. Салагуба трагічны. Вырваўшыся з польскай турмы, ён нелегальна перайшоў граніцу, скончыў у Мінску Беларускі дзяржаўны універсітэт, выдаў зборнік вершаў, даволі часта выступаў у перыядычным друку, паступіў на вучобу ў аспірантуру пры Беларускай Акадэміі навук. Трапіўшы пад другую хвалю рэпрэсій у Савецкай Беларусі, загінуў у 1934 г.
У лірыцы Міхася Машары (1902--1976) чуецца арганічны індывідуальны пачатак. Сацыяльныя арыенціры, пазіцыя паэта дакладна акрэслены, паэтава крэда выказана канкрэтна-вобразна, упэўнена. Ужо ў першай паэтычнай заяўцы -- сціплай, на адзінаццаць вершаў, кніжыцы "Малюнкі" (Вільня, 1928) -- М. Машара здолеў даць некалькі небанальных абразкоў вёскі, накідаць нязмушаныя малюнкі прыроды, упэўнена пашырыць, развіць у літаратуры Заходняй Беларусі тэму астрогу, няволі (вершы «Вёска», «Цяпер я ўжо зусім не той», «Ў золаце зорных валокнаў»).
У 1927 г. у Вільні выйшаў зборнік паэзіі Францішка Грышкевіча (1904--1945) "Веснавыя мелодыі". Паэт востра адчувае нядолю паняволенай сваёй зямлі, але гаворыць пра гэта залішне агульна («Русь Белая», «Раб», «Signum»). Прыбягае да гісгарычных асацыяцый, кліча на дапамогу змаганню за свабоду бацькаўшчыны-Беларусі цені слаўных продкаў Усяслава Чарадзея, Вітаўта, звяртаецца да акта 25 сакавіка 1918 г. як сведчання ўзвышэння духу народа (з цыкла «Вечнае»). Інтымная лірыка Ф. Грышкевіча сведчыць аб даволі высокім інтэлектуальным узроўні асобы аўтара, але высокай эстэтычнай вартасці вершы не набралі.
Міхась Васілёк (1905--1960), творца найперш гумарыстычнага складу, у сатырычным часопісе «Маланка» трапным словам, у духу народнага гумару высмейваў паноў, прадстаўнікоў польскай адміністрацыі, палітыкаў, не абмінаючы ўвагай і заганы ў родным сялянскім асяроддзі (вершы «Як я трапіў у камуністыя», «Перад выбарамі», «Гарэлка»). Паэт умее абыграць народную прытчу («Дзед і смерць»), скарыстоўваючы традыцыйны народны матыў, напоўніць яго актуальным сацыяльным зместам («Эх, каб грошы»). У грамадзянскай жа лірыцы М. Васілька 20-х гадоў гучаць матывы, інтанацыі, характэрныя для ўсёй заходнебеларускай паэзіі таго часу. Паэт горача кліча свой край, маладое пакаленне стаць «смелай ступою на шлях адраджэння, шлях з векавечнае цемры збаўлення» (Васілёк М. Шум баравы. Вільня, 1929. С. 24.).
Вобразы прадстаўнікоў палескага сялянства, абуджанага вайной і рэвалюцыяй да свядомага грамадскага жыцця, удзельнікаў сялянскага руху падае ў сваёй кнізе В. Адамовіч-Дзяргач (Дзяргач. Тыпы Палесся: Абразкі і легенды. Вільня, 1924.).
Імкненне да займальнасці расповеду, вострага псіхалагізму назіраецца ў апавяданні Франука Умястоўскага (1882--1940) «Стася».
Паспяховаму развіццю драматургіі ў літаратуры Заходняй Беларусі паспрыяла некалькі акалічнасцей. Па-першае, сусветная вайна, затым віхор грамадзянскіх рэзрухаў самі па сабе давалі пісьменнікам-драматургам унікальны матэрыял. Лёс народа, лёс чалавека ў экстрэмальных умовах вайны, трагедыя падзелу этнасу межамі чужых дзяржаў, -- гэта былі актуаліі беларускага быцця, што самі прасіліся выліцца ў формах драматургічнага віду мастацтва. Па-другое, на ніве заходнебеларускай літаратуры, на шчасце, аказалася адразу некалькі глыбокіх самабытных драматургічных талентаў. драматургічная творчасць у Заходняй Беларусі была прадстаўлена п'есамі Францішка Аляхновіча (1883--1944) і Леапольда Родзевіча (1895--1938), пісьменнікаў-драматургаў па прызванню. Трэцяя прычына паспяховага развіцця сцэнічных твораў у заходнебеларускай літаратуры -- сацыяльны заказ. Абуджаны рэвалюцыяй, грамадскімі зрухамі ад летаргіі, народ пацягнуўся да асветы, шукаў дарогі да свядомага жыцця.
Практычна на храналагічныя рамкі заходнебеларускай літаратуры, на першую палову 20-х гадоў яе развіцця прыпаў самы плённы перыяд творчасці аднаго з найбуйнейшых для свайго часу беларускіх драматургаў Ф. Аляхновіча. Да пачатку 1920-х гг. Ф. Аляхновіч напісаў сем п'ес, пабудаваных пераважна на фальклорных сюжэтах і матэрыяле з жыцця месцічаў. Ф. Аляхновіч у сваёй творчай прыктыцы не абмінуў вопыту Пшыбышэўскага і Ібсена. З 1921 па 1926 год, год выезду Аляхновіча ў СССР, ім напісаны п'есы «Птушка шчасця», «Заручыны Паўлінкі», «Шчаслівы муж», «Пан Міністар», «Дрыгва» і «Няскончаная драма». У 1921 г. Аляхновічам створана адна з лепшых у ідэйна-эстэтычным аспекце яго п'ес «Няскончаная драма». У творы па-мастацку тыпізуецца перажытае беларускай інтэлігенцыяй падчас сусветнай вайны і рэвалюцыі, узнаўляюцца падзеі, звязаныя са спробай дэмакратычнай інтэлігенцыі закласці падваліны беларускай дзяржаўнасці. Галоўны герой «Няскончанай драмы» Аляхновіча Васіль мае аўтабіяграфічныя рысы. У творы праявіліся лепшыя ўласцівасці таленту драматурга, а менавіта дынамізм дзеяння, каларытнасць характараў, выразнасць сцэнічнай мовы. Толькі пасля васемнаццаці гадоў (з іх сем праведзены на Салаўках і знайшлі адлюстраванне ў дакументальна-мастацкай кнізе "У кіпцюрох ГПУ") Ф. Аляхновіч вярнуўся да напісання сцэнічных твораў. У семантыцы назвы новай п'есы «Круці не круці -- трэба памярці», як і ў назве «Няскончанай драмы», праявіў бясспрэчную празарлівасць наконт уласнага лёсу.
