Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Літаратура Заходняй Беларус1.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
145 Кб
Скачать
☆

Літаратура перыяду Вялікай Айчыннай вайны.

Нягледзячы на вельмі неспрыяльныя абставіны, беларуская літаратура ў часы Вялікай Айчыннай вайны ўсё-такі развівалася. У тыл ворага дастаўляліся беларускія газеты і часопісы: "Савецкая Беларусь", "За Савецкую Беларусь", "За свабодную Беларусь", "Звязда", "Раздавім фашысцкую гадзіну", "Партызанская дубінка", а з 1943 г. — часопіс "Беларусь". Актыўны ўдзел у гэтых выданнях прымалі К. Крапіва, М. Лынькоў, А. Куляшоў, П. Броўка, М. Танк, П. Панчанка і інш. Вершы беларускіх паэтаў перакладаліся на рускую мову. Акрамя публікацый у перыёдыцы былі выдадзены асобныя кнігі перакладаў.

На мемарыяльнай дошцы ў Доме літаратара ўвекавечаны імёны 26 пісьменнікаў, якія загінулі ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў: З. Астапенка, Я. Бобрык, Л. Гаўрылаў, А. Гейне, А. Дубровіч, Р. Жалязняк, А. Жаўрук, Э. Каган, А. Коршак, С. Крывец, П. Левановіч, Р. Лынькоў, С. Ляльчук, А. Мілюць, Р. Мурашка, М. Нікановіч, А. Пруднікаў, У. Рагуцкі, Р. Рэйзін, М. Сурначоў, М. Сямашка, Л. Талалай, А. Ушакоў, I. Шапавалаў, Г. Шведзік, X. Шынклер.

Паэзія ў агульнай сістэме мастацкай літаратуры часоў Вялікай Айчыннай вайны заканамерна займала першае месца. За чатыры гады ваеннага ліхалецця беларускімі паэтамі было створана шмат твораў, сярод якіх ёсць і сапраўдныя шэдэўры.

Умовам і запатрабаванням суровай пары адпавядалі вершы-заклікі, пасланні, нават заклінанні. Гэта такія творы, як "Пісьмо землякам", "Дрыжыце, падлюгі-фашысты!", "Помста" (1941) П. Броўкі; "Вастрыце зброю", "Падымайся, Беларусь!" (1941) М. Танка; "Змагайцеся адважна за Радзіму" (1941) П. Панчанкі. Гэтым творам уласціва кантрастнае спалучэнне двух пачуццяў — любові і нянавісці, традыцыйныя вобразы-сімвалы, лірычна-песенная інтанацыя, а таксама прыёмы публіцыстычнага выяўлення ідэі.

У пару выпрабаванняў абвастрылася любоў да Радзімы. Мабыць, у гісторыі нашай літаратуры не было перыяду, які пакінуў бы па сабе столькі непасрэдных зваротаў да Беларусі, столькі замілаваных вобразных выказванняў пра родны край. Дастаткова згадаць назвы твораў ("Беларусі" М. Танка, П. Панчанкі; "Беларусь" П. Броўкі, М. Танка). Любоў да Радзімы выяўлялася не толькі праз заклікі да барацьбы з ворагам, адлюстраванне родных краявідаў, але і ў напамінанні, што самым каштоўным нацыянальным скарбам з'яўляецца мова. Менавіта гэта і падкрэсліваў ў сваіх паэтычных шэдэўрах М. Танк ("Родная мова").

У беларускай ваеннай паэзіі быў надзвычай шырока распаўсюджаны жанр гераічнай балады з моцным рамантычным пачаткам: А. Куляшоў "Балада аб чатырох заложніках", 1942.

У часы Вялікай Айчыннай вайны П. Панчанкам быў напісаны першы ў беларускай паэзіі высокамастацкі цыкл "Іранскі дзённік" (1944—1945), куды ўвайшлі такія вершы, як "Герой", "Сустрэча з бярозай", "Бутэлька Цынандалі", "Рамантыка", "Сон пра апошні залп" і інш.

Нягледзячы на тое, што падзеі, пачуцці па гарачых слядах насамперш знаходзілі ўвасабленне ў кароткіх формах як найбольш аператыўных, мабільных, значнае месца ў беларускай паэзіі ваеннай пары належыць паэме ў асноўным як жанру сінтэтычнаму з арганічным спалучэннем эпасу, лірыкі і драмы. Ля вытокаў беларускай паэмы ваенных гадоў стаяць два розныя па стылю творы гэтага жанру, а менавіта — "Сцяг брыгады" А. Куляшова і "Паэма пра Смалячкова" П. Броўкі, напісаныя ў 1942 г. Апошняя ўяўляе сабой дакументальна-рэпартажны твор. У сваёй паэме П. Броўка дае разгорнуты паэтычны партрэт воіна-героя, абаронцы Ленінграда. Факты біяграфіі не замінаюць аўтару ўзбуйніць вобраз і ў фінале твора паказаць Фядоса Смалячкова ў абліччы быліннага асілка, якому родная зямля дала "арліныя крыллі" і "зоркія вочы".

Паэма А. Куляшова "Сцяг брыгады" напісана ў ліра-эпічным ключы. Сцяганосец артылерыйскай брыгады Алесь Рыбка выратоўвае ваенную святыню і выносіць з поля бою цяжка параненага камісара Заруднага. Сюжэт паэмы даваў магчымасць шырока паказаць драматычныя малюнкі першага ваеннага лета. Форма паэтычнай споведзі, дзённіка садзейнічала паглыбленаму паказу псіхалогіі чалавека на вайне, дзе сярод экстрэмальных умоў абвастраліся ўсе чалавечыя якасці. А. Твардоўскі назваў "Сцяг брыгады" "голасам сэрца, поўнага болю за родную беларускую зямлю, плачам па ёй і гарачай светлай верай у яе сілы, у яе вызваленне". Твор насычаны вобразамі народнай паэзіі: лірычны герой звяртаецца да ляснога ручая, крыніцы як да сваіх паплечнікаў, яго вядуць палявыя сцежкі, сляды замятаюць сваёй лістотай дубравы.

У ліра-эпічнай паэме-маналогу П. Броўкі "Беларусь" (1943), дзякуючы гісторыка-публіцыстычным рэмінісцэнцыям, шырокай хвалі гістарычных успамінаў і асацыяцый, паўстае вобраз Радзімы — прыгожай зямлі са слаўнай мінуўшчынай. Паэт згадвае Скарыну, Каліноўскага, Вашчылу, Хвяська, агульныя перамогі беларусаў, рускіх, украінцаў пад Грунвальдам, на Чудскім возеры, выгнанне Напалеона. Твор арганізаваны па прынцыпу ідэйна-мастацкага сумяшчэння розных часавых плыняў, чаму садзейнічаюць гістарычныя і этнаграфічныя паралелі, параўнанні і метафары, уласцівыя для беларускай народнай паэтыкі.

Героіка-рамантычная паэма М. Танка "Янук Сяліба" (1943) з'яўляецца адным з першых беларускіх буйнапаэтычных твораў ваеннага часу.

Адпаведна з эвалюцыяй іншых жанраў развівалася і сатыра ваеннага часу, найперш вершаваная. Напачатку цалкам плакатныя пародыі, фельетоны, байкі, сатырычныя вершы, частушкі, эпіграмы паступова насычаліся канкрэтнымі падрабязнасцямі, якія рабілі іх дакументальна дакладнымі. У сферы сатыры актыўна працавалі амаль усе беларускія пісьменнікі — як празаікі, так і паэты (М. Лынькоў, К. Чорны, П. Панчанка, М. Танк, П. Броўка). Аднак асаблівая роля ў развіцці сатырычных жанраў належыць К. Крапіве — рэдактару газеты-плаката "Раздавім фашысцкую гадзіну" і аўтару шэрагу сатырычных вершаў і баек.

Проза ваеннай пары ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу выяўляла сябе найперш у патрыятычнай публіцыстыцы як самым аператыўным жанры. Палымяныя артыкулы друкаваліся на старонках газет, гучалі па радыё, на мітынгах. Іх аўтарамі былі К. Чорны, К. Крапіва, М. Танк, М. Лынькоў. Фельетоны К. Чорнага склалі зборнік "Кат у белай манішцы" (1942). Агульны патрыятычны пафас, канкрэтныя агітацыйна-прапагандысцкія задачы не заглушалі творчай індывідуальнасці.

Менавіта К. Чорнаму належыць першае ў беларускай літаратуры раманнае, эпічнае асэнсаванне падзей Айчыннай вайны: раманы "Пошукі будучыні" (1943), "Млечны шлях" (1944). Чорны стварае ў сваіх сацыяльна-філасофскіх раманах абагульнены вобраз беларускага народа, якому пагражала татальнае знішчэнне, прадугледжанае ў планах Гітлера. Сваім чуйным сэрцам пісьменнік востра адчувау небяспеку фашызму не толькі для суайчыннікаў, але і ўвогуле для чалавецтва.

Беларускую драматургію перыяду вайны належыць разглядаць у сувязі з жыццём і працай тэатраў, якія былі эвакуіраваны ў Арэхава-Зуева, Каўроў, Іванава, Томск, Уральск, дзе ставілі свае нацыянальныя п'есы. Драматычных твораў у час вайны было напісана мала, ваенная пара не садзейнічала развіццю такога складанага сінтэтычнага жанру, як драматургія.