Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
куліковіч аліміпіяда.doc
Скачиваний:
1
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
467 Кб
Скачать
☆

Музей івана мележа

Глінішча. Мокры сняжок

З дробным дажджом перамешаны.

Веснічкі. Новы дамок,

Зрублены ў памяць пра Мележа.

Мы адкрываем музей –

Жыццяпіс з творчасцю слаўлены.

свет і шырэй і вузей

Будзе тут вам, Іван Паўлавіч.

Першымі ў двор і ў дамок

Госці здалёку запрошаны.

Мабыць, аднекуль дымок

Слёзкі збірае гарошыну.

...Дзіўна, аж стуль пра адно

Гэтыя годы ўсё думаю:

Каб вы жылі там,

Акно

Стала якое любімае?

Тое, напэўна, ў якім

Стукалі б сонцу не бавіцца.

Паадчыняўшы ў бакі,

Дыхалі б свежаю раніцай.

Ў тым ці была б навіна,

Новае што б нам даводзіла?..

Цень ваш мільгнуў ля акна,

Што на Чарнобыль выходзіла.

Уладзімір Паўлаў

Дарога ў альбуць

Святых мясцін на свеце многа,

Але і гэтай не міні…

Іду ў Альбуць лясной дарогай –

Ступня адчула карані.

Какорыцца,

Рабрыцца шлях твой

Ва ўсе часы,

Мой родны кут.

Вазок фацэтны гордай шляхты

Пыхліва не імчаўся тут.

І ў век ракетны, электронны

Урослай, сцішанай вярстой

Да Коласа ідуць з паклонам

Яго нашчадкі пехатой.

Шлях ціснецца паміж стваламі,

Каб ведаў кожны без прынук –

Наш лёс,

як дол,

прарос вузламі

Сялянскіх спрацаваных рук.

Шлях сведчыць, што невыпадкова

Паэт жыў мазалём спярша,

Таму пад світкай шарачковай

І ўстрапянулася душа.

Мужык жывучы ўваскрэснуў,

І скінуў ён ярмо нягод,

І слова крэўнае, і песня

Сказалі: “Ёсць такі народ!”

Сюды пад небам незамглёным

Іду з надзеяй у вачах,

Дзе Коласа дубы над Нёмнам

Жыццё трымаюць на плячах.

Сяргей Законнікаў

Шляхі ігната буйніцкага

Па пясчаных дарогах, па гразкіх дарогах,

Па дарогах, якім канца не відаць…

Зверху хмараў чароды.

Знізу – хвалі разлогаў.

Зверху хвошча вада.

Знізу плешча вада.

На палях ялянцу гатычныя вежы.

Верх фургона дарэмна ловіць зару…

О, якая туга, якое бязмежжа,

О, які нязнаны твой шлях, Беларусь!

Пан каморнік! Куды?

Каму гэта трэба?

Што звычайным хлопам гэтых краёў,

Ім, якія жывуць без імя і неба, –

Тыя песні твае, тое слова тваё?!

Што ім тая забытая дзіўная вера?

Лепш бы ты, як раней, межаваў палі

І стараўся даць ім – судом і мерай –

Хоць валоку якую панскай зямлі.

Што ім іхні лёс,

Вялікі й суровы?

Што ім, – мо ўжо адкажаш нарэшце ты, –

Да загнанай, забітай, задушанай мовы,

Іх вялікасць першы вандроўны артыст?..

Але што гэта я?

Ёсць святло і цені.

Гэта вечна.

І вечны няроўны бой,

І таму сэрцам плачу, устаю на калені

Перад ранняй, святою магілай тваёй.

Яснай месячнай ноччу ці днём журботным

Свеціць дальнім нашчадкам яна, як маяк,

І таму, чым мужней, неразумней, самотней,

Тым ясней, тым велічней слава твая.

І гарэць той славе, нятленнай, шырокай,

Да апошніх, бязведамных нашых вякоў

За адну тваю спробу замест валокі

Мову людзям вярнуць і зямлю бацькоў.

Слава Першых, якія сабой заплацілі

За айчыну і слова, племя і род

І душу аддалі, каб яна ажывіла

Мёртвы гліны камяк:

Свой родны народ.

Уладзімір Караткевіч

***

Прыйшоў у хату да цябе ўвесь свет,

глабальны свет у хату ўлез са спешкай.

Камп’ютар твой, мабільнік, Інтэрнэт –

Прыемныя дзіцячыя пацешкі.

Каб адчуваў: свій чалавек і ты

між маніторных лічбаў, слоў і знакаў,

каб мог запоўніць вольны час пусты,

каб ты, як тое немаўлё не плакаў.

Мільгае ў зрэнках і далей імчыць

паслуг, сенсацый, распрананняў сумесь…

З той вечнасцю, якая ўсё маўчыць,

як хочацца душы наладзіць сувязь.

Што дасць душы камп’ютарны экран?

Душа пакуль самоціцца і ные.

Усё, што бачыць – марнасць і падман.

Учыць бы ёй ад Бога пазыўныя.

Мар’ян Дукса

Дума

Праходзім мы ў шуканнях самых розных,

У дутай радасці гатовыя старацца,

Часамі сумам паліваем розным

Мастацтва.

Адны здаволены, другія ў перамозе,

Паперад бацькі хочуць паказацца.

І гнеў і ласка на тваёй дарозе,

Мастацтва!

Няма на свеце крыўды больш балючай,

Калі над праўдай можна ўсім смяяцца,

І пачалі таптаць пятой калючай

Мастацтва.

Прапала дружба, ворагі ў завулках

Скрывілі вочы, каб не адазвацца.

На Беларусі застагнала гулка

Мастацтва.

Гурток і сход змянілі на дэбошы,

А шлях адзін – хутчэй каб падарвацца.

І выстаўляем брудныя галёшы:

Мастацтва.

Цягнік жыцця бяжыць па рэйках смерці,

А не шукаем роспачы змагацца;

Куплёнай гумачкай адважваемся сцерці

Мастацтва.

Як брыдка, сорамна, не смешна, браце,

Навошта кулачкамі падпірацца?

Бліснуць на хвілю, але ў светлай шаце

Мастацтва!

Мы гордыя, мы сілы многа маем,

Па сцежках топтаных ці нам таптацца?

Няхай звініць і плача па-над краем

Мастацтва!

Юрка Гаўрук