Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Lekcyja_7.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
289 Кб
Скачать
☆

29. Адраджэнне на беларусі

Адраджэнне (Рэнесанс) – культурна – гістарычная эпоха еўрапейскай культуры ў 14 – 16 стст.

Характэрныя рысы еўрапейскага Рэнесанса:

-- вяртанне да антычная спадчыны;

-- апазіцыйнасць сярэдневяковай культуры;

-- рацыяналістычна – гуманістычны характар;

-- арыентацыя на пазнанне прыроды і чалавека, сцвярджэнне каштоўнасці зямнога жыцця і неабмежаваных духоўных магчымасцей развітой і актыўнай асобы.

-- значнае пашырэнне ў процілегласць царкоўным свецкіх пачаткаў у архітэктуры, жывапісе, літаратуры і г.д.

Галоўныя дасягненні:

-- вялікія геаграфічныя і астранамічныя адкрыцці;

-- развіццё прыродазнаўчых і гуманітарных навук;

-- кнігадрукаванне;

-- тэхналагічны прагрэс і г.д.

Рэнесансавая культура ВКЛ па асноўных прыкметах была блізкай да Паўночнага Рэнесанса. Асаблівасці:

-- на 100 гадоў пазней італьянскага,

-- большая залежнасць ад сярэдневяковых і рэлігійных традыцый,

-- сувязь з Рэфармацыяй і нацыянальным адраджэннем.

У Беларусі + развіццё культуры адбывалася ва ўмовах рэлігійнай талерантнасці і апоры праваслаўнага насельніцтва на грэка – візантыйскую, старажытнарускую культуру. Гэта некалькі аддаляла беларускі рэнесанс ад астатніх краін (Польшчы, Літвы, Заходняй Еўропы).

Сацыяльнай асновай рэнесансавай культуры ў ВКЛ былі

-- прадстаўнікі шляхецкага саслоўя,

-- частка мяшчанства

--прадстаўнікі “інтэлегенцыі”, якія паходзілі з розных сацыяльных слаёў.

Два этапы ў развіцці Адраджэння ў ВКЛ:

Першы - канец 15 – 1-я пал. 16 ст.

Характэрна:

-- узнікнення беларускага кнігадрукавання,

-- пачатак станаўлення агульнадзяржаўнага заканадаўства (Статут 1529 г.),

-- зараджэнне новалацінскай паэзіі,

-- пранікненне рэнесансавых матываў у палаца – паркавае дойлідства, мастацтва, інструментальную музыку.

Важную ролю ў развіцці рэнесансавай культуры адыгрывалі:

-- знешні гандаль,

-- вучоба выхадцаў з Беларусі ў еўрапейскіх універсітэтах;

-- дыпламатычная і іншая дзейнасць службовых асоб за мяжой, іх кантакты з дзеячамі культуры ў краінах Цэнтральнай і Заходняй Еўропы.

Другі этап – 2-я палова 16 ст.

Характэрна:

-- узнікненне новага творчага асяроддзя (навукоўцы і пісьменнікі)

-- паскарэнне духоўнай эмансіпацыі (культурнага і палітычнага развіцця) шляхты і часткова мяшчанства

-- агульнае пашырэнне свецкай культуры, рэнесансавых форм жыцця і побыту сярод заможных пластоў насельніцтва;

-- фарміраванне новых палітычных, этычных і эстэтычных ідэалаў

-- аднаўленне хрысціянскіх традыцый

-- пранікненне рэнесансавай педагогікі ў школьную справу.

ГАЛОЎНЫЯ ДАСЯГНЕННІ КУЛЬТУРЫ АДРАДЖЭННЯ Ў БЕЛАРУСІ

1. Кнігадрукаванне

ФРАНЦЫСК СКАРЫНА.

Ад Полацка да Прагі.

Нарадзіўся каля 1490 г ў сям'і полацкага купца Лукі (Лукаша, Лук’яна) Скарыны.

Скарына для беларускай і ўсходнеславянскай гісторыі— гуманіст, асветнік, вучоны, паэт, філосаф, першадрукар.

Брат Ф.Скарыны – Іван. За даўгі брата Скарына быў зняволены ў турме, адкуль яго вызваліў сам Жыгімонт Аўгуст.

Сына Ф.Скарыны звалі Сімяонам.

Жонку Ф.Скарыны звалі Маргарыта (удава віленскага радцы Юрыя Адверніка).

3 1504 г. Францыск — студэнт Кракаўскага універсітэта. У 1506 г. ён скончыў філасофскі факультэт гэтай славутай навучальнай установы са ступенню бакалаўра. Пазней ён атрымаў званне доктара філасофіі. У 1512 г. Францыск Скарына ў Падуі — асноўным універсітэцкім цэнтры Венецыянскай рэспублікі — паспяхова вытрымаў экзамен на ступень доктара медыцыны.

У лістападзе 1512 г. у Падуі была склікана калегія найвядомейшых дактароў мастацтваў і медыцыны, на якой дэкан паведаміў: «Прыбыў нейкі вельмі вучоны малады чалавек, доктар мастацтваў, бедны, родам з надзвычай далёкіх краёў, магчыма, на чатыры тысячы міль і больш ад гэтага слаўнага горада, для таго, каб узвялічыць славу і бляск Падуі... Ён звярнуўся да калегіі з просьбай дазволіць яму... падвергнуцца выпрабаванням у галіне медыцыны... Дзевятага лістапада... пан Францыск, сын нябожчыка пана Лукі Скарыны з Полацка, русін, быў экзаменаваны ў асобым і строгім парадку... Атрымаў аднадушнае ўхваленне ўсіх прысутных вучоных без выключэння, і было прызнана, што ён мае дастатковыя веды ў галіне медыцыны».

Францыск Скарына сапраўды «ўзвялічыў славу і бляск Падуі». У так званай «зале сарака» сярод сарака партрэтаў знакамітых мужоў еўрапейскай навукі, што выйшлі са сцен Падуанскага універсітэта, знаходзіцца выява нашага земляка.

«Друкар кніг, перад тым нязнаных».

У «златай» Празе 6 жніўня 1517 г. пабачыла свет першая друкаваная кніга Скарыны з яго прадмовай і пасляслоўем.

— Скончылася Псалтыр сия з Божнею помошью повеленнем и працею избранного мужа в лекарских науках доктора Франциска, Скоринина сына з Полоцька, у Старом Месте Празском лета по Божьим нароженню 1517, месеца августа, дня шестаго...

У Празе выйшла з 1517 па 1519 гг. 22 кнігі Бібліі.

Паперня – сярэднявечная вытворчасць па вырабе паперы.

У Вільні ў 1522 і 1525 гг. выйшлі два яго выданні: «Малая падарожная кніжка» і «Апостал».

Фінансавалі выданне віленскія мяшчане Рыгор Адвернік, Якуб Бабіч, Багдан Онькаў.

Але не паспрыяў лёс Скарыне ў тым, што справу свайго жыцця ён давесці да канца не здолеў. Спачатку стаў Францыск выгнаннікам з Расійскай дзяржавы, куды хацеў данесці кніжную мудрасць. А потым яму прыйшлося пакінуць і сваю радзіму, бо не ўсе разумелі, не ўсе прымалі Скарынавы высокія памкненні. Скончыў Францыск Скарына сваё жыццё ў Празе каля 1551 г.

Але засталіся здабыткі і вопыт Скарынавы. Да кнігадрукавання прыцягнуліся мецэнаты. Пражская друкарня Скарыны дзейнічала пры падтрымцы віленскіх і полацкіх мяшчан - купцоў Багдана Онкава, Якуба Бабіча, Юрыя Адверніка. I потым гэту святую справу ў Беларусі працягвалі прадстаўнікі вядомых магнацкіх родаў.

Спадчына Скарыны налічвае 25 выданняў, на якія раўняліся яго паслядоўнікі. Скарынавы ж прадмовы і пасляслоўі значна папоўнілі агульначалавечую скарбонку мудрасці.

Тытан Адраджэння.

Для Беларусі Францыск Скарына стаў пачынальнікам кнігадрукавання, але не проста кнігадрукавання як з'явы самой па сабе, а распаўсюджвання кніг як носьбітаў асветы, духоўнасці, культуры. «Усялякаму чалавеку трэба чытаць, бо чытанне — люстра нашага жыцця, лекі для душы». У добрых кнігах «схавана мудрасць, бы моц у каштоўным камені, золата ў зямлі і ядро ў арэху», — даводзіў першадрукар. «А без мудрасці і добрых звычаяў нельга пачціва жыць людзям на зямлі», — быў упэўнены Скарына.

Скарына -- пачынальнік новай беларускай адраджэнскай паэзіі. «Понеже от прироження звери, ходятие в пустыни, знають ямы своя; птици, летающие по возьдуху, ведають гнёзда своя; рыбы, плавающие по морю и в реках, чують виры своя; пчёлы и тым подобная боронять уль-ев своих — тако ж и люди, ягде зродилися и ускормлены суть по Бозе, к тому месту великую ласку имають».

Скарына выступае і як пачынальнік новага разумення патрыятызму — агульначалавечага, у які ўплятаецца і любоў да сваёй Бацькаўшчыны, і павага да здабыткаў і мудрасці іншых народаў.

заклік Францыска Скарыны, каб людзі «...всякого тружання и скарбов для посполитого доброго и для отчины своея не лютовали».

Паслядоўнікі Скарыны.

Першая на сучаснай тэрыторыі Беларусі друкарня дзейнічала ў 1550—1570 гг. у Берасці пад апекай Мікалая Радзівіла Чорнага. Гэта друкарня выпусціла больш за 40 выданняў на польскай і лацінскай мовах.

Першая кніга ў межах сучаснай Беларусі, у якой быў выкарыстаны кірылічны шрыфт, убачыла свет у Нясвіжы ў 1562 г. -- Сымон Будны (разам з Мацеям Кавячынскім, Лаўрэнціям Крышкоўскім) выдаў сваю славутую кнігу «Катэхізіс»

Стараста Мацей Кавячынскі заснаваў першую паперню на тэрыторыі Беларусі ў Нясвіжы.

Сыравіна для вырабу паперы – льняное і баваўнянае рыззё.

Друкарні існавалі і ў іншых гарадах і мястэчках: Заблудаве (каля Беластока), Лоску (Валожынскі р-н), Цяпіне (Чашніцкі р-н), Любчы (Навагрудскі р-н), Куцейне (цяпер у межах горада Оршы), Буйнічах (пад Магілёвам), Бялынічах, Ашмене Мураванай.

У Заблудаве рускімі першадрукарамі Іванам Фёдаравым і Пятром Мсціслаўцам у 1569 г. было выдадзена «Евангелле вучыцельнае». Пасля выхаду ў свет у Маскве першых дзвюх кніжак (1564, 1565 гг.) з-за праследаванняў духавенства яны былі вымушаны пакінуць Расійскую дзяржаву і пераехаць у Вялікае княства Літоўскае. Тут іх узяў пад сваю апеку вядомы мецэнат Рыгор Хадкевіч.

У маёнтку Цяпіна, што на Полаччыне, займаўся выдавецкай дзейнасцю дробны полацкі шляхціц Васіль Цяпінскі. Ён стаў палымяным прапагандыстам беларускай мовы ў ВКЛ і адвечных на гэтай зямлі ўсходнеславянскіх духоўных каштоўнасцей. Першы у Еўропе, хто ўзяўся за пераклад і паралельнае выданне Евангелля на дзвюх мовах: царкоўна – славянскай і беларускай. У прадмове да выдадзенага ім каля 1570 г. на старабеларускай мове «Евангелля» ён адзначаў, што «зацный, славный, острій, довстіпный» народ беларускі мае даўнія і багатыя гістарычныя і культурныя традыцыі. А таму кнігавыдавец заклікаў «великих княжат», паноў, духавенства не ўжываць «полские або иные писма», а развіваць адукацыю на роднай мове.

Ужо згаданыя намі брацкія друкарні ажыццяўлялі выпуск неабходнай для навучання літаратуры. У 1619 г. у Еўі ўпершыню была выдадзена граматыка Мялеція Сматрыцкага. На працягу двух стагоддзяў яна служыла падручнікам па царкоўнаславянскай мове ўсяму ўсходнеславянскаму свету. Менавіта па ёй спасцігаў грамату вялікі рускі вучоны Міхаіл Васілевіч Ламаносаў. У 1631 г. у Куцеінскай, а ў 1636 г. Магілёўскай друкарнях вядомы беларускі асветнік Спірыдон Собаль надрукаваў «Буквар».

Друкарні ў Вільні ў апошнія дзесяцігоддзі 16 ст. – Васіля Гарабурды, Пятра Мсціслаўца, братоў Мамонічаў, Святадухаўскага брацтва, Віленскай езуіцкай акадэміі (заснавана Мікалаем Радзівілам Сіроткам).

У сярэдзіне 1570-х гг. Пётр Мсціславец заснаваў у Вільні на сродкі беларускіх друкароў і грамадскіх дзеячаў братоў Кузьмы і Лукаша Мамонічаў славутую друкарню. Віленская друкарня Мамонічаў працавала да 1623 г. Яна адыгрывала важную ролю ў культурным і грамадскім жыцці Беларусі. Тут быў выдадзены Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г. (на старабеларускай мове, а ў 1614 г. і на польскай), друкаваліся пастановы соймаў і іншыя заканадаўчыя акты.

«Закрынічыла тут жыццё».

Так ахарактарызаваў духоўную атмасферу XVI — першай паловы XVII ст. вялікі беларускі паэт Максім Багдановіч. Свабода творчасці нараджала унікальныя тварэнні чалавечага розуму і таленту.

Культура Беларусі гэтага часу спалучала рысы славянскай і заходнееўрапейскай.

2. Літаратура.

На еўрапейскай мове навукі, свецкай літаратуры і дыпламатыі — лаціне — напісаў сваю славутую паэму «Песня пра зубра» выдатны паэт, сучаснік Скарыны Мікола Гусоўскі (1470-я — пасля 1533). Яна была выдадзена ў 1523 г. у кракаўскай друкарні дзякуючы мецэнацкай дапамозе маці Жыгімонта II Аўгуста Боны Сфорца.

Гусоўскі – заснавальнік новалацінскай рэнесансавай паэзіі ВКЛ.

На старонках свайго твора Гусоўскі апавядае пра хараство роднай прыроды, веліч свайго народа, знаёміць з ліцвінскай гісторыяй і традыцыямі і разам з тым асуджае войны і міжусобіцы, заклікае да ўзмацнення дзяржавы. Дзякуючы «Песні пра зубра» для еўрапейскага адукаванага грамадства быў адкрыты далёкі славянскі куток Еўропы з яго жыхарамі — ліцвінамі-беларусамі.

Прыкладна ў гэты ж час яшчэ адзін паэт-лацініст Ян Вісліцкі(каля 1480—1520-я гг.)стварыў гістарычнае палатно — паэму «Пруская вайна». У цэнтры твора — бітва пад Грунвальдам 1410 г.:

Так у панцырах, шлемах фанабэрлівыя тэўтоны

падалі, стрэламі бітыя з тугіх калчанаў татарскіх.

Далей, нібы волаты, крочылі ў бой беларусы,

3 імі — літоўцы з коп'ямі, настойлівыя і без страху...

Творы батальна – эпічнай і панегірычнай паэзіі. Еўрапейскую вядомасць у гэты час займелі паэмы Андрэя Рымшы «Дакатэрас» і “Дзесяцігадовая аповесць вайсковых спраў Крыштафа Радзівіла” (выд.у Вільні, 1585 г.), Яна Радвана «Радзівіліяда», Гальяша Пельгрымоўскага «Пасольства да вялікага князя маскоўскага».

На лацінскай мове былі наступныя помнікі літаратуры на беларускіх землях

– “Падарожжа ў Святую Землю (Іерусалім)” – Мікалай Крыштаф Радзівіл

-- “Паход на Масковію князя Крыштафа Радзівіла” – Фелікс Градоўскі

-- “Песня пра зубра” – Мікола Гусоўскі

-- “Пра норавы татар, літоўцаў і маскавітаў” -- Міхалон Літвін

-- “Пруская вайна” -- Ян Вісліцкі

-- “Хроніка Еўрапейскай Сарматыі” – Аляксандр Гваньіні.

Другая палова 16 ст. была адзначана пашырэннем жанравай і моўнай разнастайнасці літаратуры.

Адметнай рысай культурнага жыцця стала пашырэнне грамадска-палітычнай, ці, як яе называюць, публіцыстычнай (ад лацінскага рublicus — грамадскі) літаратуры. Яна з'явілася ў выглядзе прадмоў, пасляслоўяў, трактатаў. Сярод выдатных тагачасных публіцыстаў Францыск Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Андрэй Волан, Леў Сапега, Мялецій Сматрыцкі, Афанасій Філіповіч, Іпацій Пацей. Публіцыстычныя творы пісаліся на старабеларускай, польскай і лацінскай мовах. Найбольш вядомы ўзор публіцыстычнай літаратуры гэтага перыяду — «Трэнас» Мялеція Сматрыцкага. Ён быў напісаны ў форме плачу і з'яўляўся водгукам на пагром праваслаўных цэркваў і манастыроў у Вільні, учынены ў 1609 г. уніяцкім мітрапалітам Іпаціем Пацеем.

Шырокую папулярнасць у тагачасным грамадстве мелі таксама перакладныя творы. Беларускія кніжнікі зрабілі даступнымі для насельніцтва Вялікага княства вядомыя ў свеце «Аповесць пра Трышчана», «Александрыю», «Аповесць пра Трою» і інш.

У друкарні ў Лоску ў 1576 г. быў выдадзены пераклад кнігі Б.Хотмана пра Варфаламееўскую ноч у Парыжы.

Працягвала развівацца летапісанне. Найбольш вядомыя творы гэтага жанру — Баркулабаўскі летапіс і Магілёўская хроніка, «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», Хроніка Быхаўца і інш.

У Берасці ў 1577 г. надрукаваны на сродкі полацкага ваяводы кнігі вядомага польскага гуманіста і правазнаўцы Андрэя Маджэўскага “Аб паправе Рэчы Паспалітай”.

У другой палове XVI ст. напісалі свае творы пра гісторыю Вялікага княства Літоўскага Мацей Стрыйкоўскі (“Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі”, Кёнігсберг, 1582 г.) і Аляксандр Гваньіні.

Расказы аб сваім жыцці (мемуары) пакінулі беларускія шляхціцы Фёдар Еўлашоўскі і Ян Цадроўскі.

Узгадаем тут яшчэ раз Статуты, якія былі вянцом прававой еўрапейскай думкі і адначасова літаратурным творам, помнікам старабеларускай мовы. Зусім нездарма ў 1621 г. прагучалі словы беларускага паэта Яна Казіміра Пашкевіча:

Польска квітнет лаціною,

Літва квітнет русчызною;

Без той в Поліце не пребудзеш,

Без сей в Литве блазном будзеш.

3. Даўнія гістарычныя традыцыі мела ў Беларусі манументальная архітэктура. Мясцовыя асаблівасці, спалучаныя з распаўсюджанымі ў тагачаснай Еўропе гатычнымі і рэнесанснымі рысамі, увасабляліся ў велічнасці і прыгажосці палацава - замкавых пабудоў у Міры, Геранёнах, Смалянах. Прывабліваў вока сваёй непаўторнасцю і ўзнёсласцю палацавы ансамбль Радзівілаў у Нясвіжы.

У канцы 16 ст. у архітэктуры Беларусі ўзнікае ранняе барока – Нясвіжскі касцёл езуітаў (першы на Беларусі помнік у стылі барока), Гродзенскі касцёл і кляштар езуітаў, касцёл бернардзінцаў у Іўі.

4. У выяўленчым мастацтве працягвалі адыгрываць важную ролю іканапіс, драўляная скульптура. Але сваё важкае месца пачыналі займаць кніжная мініяцюра, гравюра. Усё больш распаўсюджваўся партрэтны жывапіс. Магнацкія палацы пачалі ўпрыгожваць выявы знакамітых прадстаўнікоў іх родаў.

5.Тады ж з'явіліся першыя свецкія хоры, капэлы, першыя друкаваныя зборнікі песень. Пры школах утвараліся тэатры.

Адным са старажытных відаў беларускага мастацтва з’яўляецца беларускi народны тэатр батлейка. Яго ўзнікненне звязана са святам Каляд. Назва батлейка (Bethleem) паходзiць ад горада Вiфлеем, дзе, згодна бiблейскай легендзе, нарадзiўся Iсус Хрыстос. Пра сувязь паходжання батлейкi з бiблейскай тэмай сведчаць кананiчныя сюжэты пастаноўкi "Цар Iрад". Канструкцыйным правобразам батлейкi была панарама-скрыня невялiкага памеру з нерухомымi лялькамi.

6. Рацыяналістычныя, гуманістычныя і рэнесансавыя ідэі адлюстраваныя і ў развіцці агульнадзяржаўнай прававой сістэмы ВКЛ. У прававых прынцыпах Статутаў былі замацаваны прагрэсіўныя на той час нормы заканадаўства: адзінства і вяршэнства права, адказнасць усіх перад законам, вызначалася пэўнае раздзяленне заканадаўчых і выканаўчых функцый.

Эпоха Адраджэння завяршылася па сутнасці ў Беларусі ў канцы 16 ст. (на думку некаторых даследчыкаў – у першай палове 17 ст.).

Прычыны:

-- наступленне Контррэфармацыі,

-- істотныя змены ў грамадска – палітычным становішчы ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай.

-- культарна – канфесійнае размежаванне беларускай магнатэрыі і паспалітай шляхты

-- пашырэнне ўплыву каталіцызму.

Такім чынам, менавіта перыяд XVI — пачатак XVII ст. стаў тым часам, калі залаты фонд здабыткаў сусветнай культуры папоўнілі шэдэўры літаратуры і мастацтва, грамадскай думкі, створаныя нашымі землякамі. Яны заклалі асновы будучага адзінства заходне- і ўсходнееўрапейскай культур.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]