- •Тэма 1. Уводзіны ў дысцыпліну “Гісторыя Беларусі ў кантэксце еўрапейскай цывілізацыі”
- •1.1. Прадмет вывучэння гісторыі Беларусі ў кантэксце еўрапейскай цывілізацыі. Перыядызацыя гісторыі Беларусі
- •1.2. Крыніцы і гістарыяграфія
- •Тэма 2. Фарміраванне беларускага этнасу (VI ст. – пачатак хх ст.)
- •2.1. Найстаражытнае насельніцтва на тэрыторыі беларускіх зямель. Славянскі этап засялення Беларусі.
- •2.2. Фарміраванне беларускага этнасу ў XIV – XVIII стст.
- •2.3. Далейшае развіццё беларускага этнасу ва ўмовах складвання рынкавых адносін у XIX ст.
- •2.4. Духоўная і матэрыяльная культура жыхароў беларускіх зямель у IX – XIX стст.
- •3.1. Зараджэнне дзяржаўнасці ва ўсходніх славян. Полацкае і Тураўскае княствы, іх узаемаадносіны з Кіевам і Ноўгарадам
- •Тэма 3. Дзяржаўныя ўтварэнні на беларускіх землях у IX–XVIII стст.
- •3.2. Утварэнне і развіццё Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага (другая палова XIII – першая палова хvi стст.)
- •3.3. Цывілізацыйныя працэсы Новага часу. Беларусь у складзе Рэчы Паспалітай (другая палова XVI – XVIII стст.)
- •Тэма 4. Становішча беларускіх зямель у складзе Расійскай дзяржавы (канец XVIII ст. – кастрычнік 1917 г.)
- •4.1. Пачатак індустрыяльнай цывілізацыі. Асаблівасці сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі пасля ўваходжання ў склад Расійскай дзяржавы
- •4.2. Палітыка расійскай улады на беларускіх землях у першай палове хix ст.
- •4.3. Вайна 1812 г. І Беларусь. Грамадска-палітычны рух на Беларусі ў канцы хviii – пачатку хx стст.
- •4.4. Адмена прыгоннага права і буржуазныя рэформы другой паловы хix–пачатку хх стст. Асаблівасці іх правядзення на Беларусі
- •4.5. Першая сусветная вайна і Беларусь. Лютаўская рэвалюцыя 1917 г. На Беларусі
- •Тэма 5. Фарміраванне і ўмацаванне савецкай грамадска-палітычнай сістэмы ў Беларусі (кастрычнік 1917 – 1941 гг.)
- •5.1. Станаўленне беларускай дзяржаўнасці
- •5.2. Асаблівасці пераходу бсср да мірнага жыцця. Новая эканамічная палітыка. Правядзенне індустрыялізацыі і калектывізацыі
- •5.3. Культурнае развіццё Беларусі ў 1917–1941 гг.
- •Тэма 6. Заходняя Беларусь у складзе Польскай дзяржавы
- •6.1. Сацыяльна-эканамічнае становішча заходнебеларускіх зямель у 1920-я – 1930-я гг.
- •6.1. Сацыяльна-эканамічнае і палітычнае становішча заходнебеларускіх зямель у 1920-я – 1930-я гг.
- •6.2. Грамадска-палітычны рух ў Заходняй Беларусі. Уз’яднанне Заходняй Беларусі з бсср
- •6.3. Культура Заходняй Беларусі ў 1920-я – 1930-я гг.
- •Тэма 7. Беларусь у гады Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай вайны
- •7.1. Міжнародныя адносіны напярэдадні і ў пачатку Другой сусветнай вайны
- •7.2. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Абарончыя баі на тэрыторыі Беларусі
- •7.3. Акупацыйны рэжым, партызанскі і падпольны рух
- •7.4. Вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Завяршэнне Другой сусветнай вайны
- •Тэма 8.Савецкая Беларусь: дасягненні і праблемы стваральнай працы народа (1945–1991 гг.)
- •8.1. Міжнародныя адносіны пасля Другой сусветнай вайны. Бсср на міжнароднай арэне
- •8.2. Аднаўленне і развіццё народнай гаспадаркі Беларусі. Грамадска-палітычнае жыццё і спробы рэфармавання эканомікі ў 1950–1960-я гг.
- •8.3. Сацыяльна-эканамічнае і палітычнае жыццё Беларусі ў 1970–1980-я гг.
- •8.4. Культура Беларусі ў 1945–1980-х гг
- •Тэма 9. Суверэнная Рэспубліка Беларусь у канцы хх – пачатку XXI стст.
- •9.1. Распад ссср і абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь
- •9.2. Сацыяльна-эканамічнае і палітычнае развіццё Беларусі на сучасным этапе
- •9.3. Культура Беларусі на сучасным этапе
- •Важнейшыя даты гісторыі Беларусі
- •Літаратура Асноўная
- •Дадатковая
- •Гісторыя беларусі ў кантэксце еўрапейскай цывілізацыі
2.3. Далейшае развіццё беларускага этнасу ва ўмовах складвання рынкавых адносін у XIX ст.
У Беларусі ў ХIX ст., значна пазней, чым у Еўропе, пачалося фарміраванне беларускай нацыі. Замаруджванне гэтага працэсу тлумачыцца некалькімі прычынамі. Па-першае, адмоўную ролю сыгралі палітыка паланізацыі ў перыяд уваходжання Беларусі ў склад Рэчы Паспалітай і русіфікацыі ў пазнейшы час. Умацаванню нацыянальнай самасвядомасці насельніцтва перашкаджала, сярод іншага, і тое, што ў сярэднявеччы дзяржаву – Вялікае Княства Літоўскае часта называлі скарочана Літвой, а жыхароў адпаведна – ліцвінамі. Па-другое, замаруджвала кансалідацыю беларускай нацыі і тое, што беларусы складалі ў асноўным вясковае насельніцтва, а гарады, дзе галоўным чынам канцэнтравалася інтэлектуальнае, культурнае, палітычнае жыццё, друк, былі іншаэтнічнымі. Тут пераважалі яўрэі, рускія, палякі, беларусы ж складалі ў канцы ХIX ст. толькі 13,2%.
Беларуская інтэлігенцыя пераважна была або апалячанай, або русіфікаванай. Захавальнікам жа беларускай ідэі на этнічным узроўні было сялянства, якое складала 90 % насельніцтва. Менавіта з гэтага стасунку згодна перапісу 1897 г. 73% насельніцтва пяці заходніх губерняў Расійскай імперыі назвалі сябе беларусамі.
Тым не менш, нягледзячы на неспрыяльныя фактары, у ХIX ст. усё выразней пачалі праяўляцца прыкметы беларускай нацыі. У гэты час, асабліва пасля адмены прыгоннага права, больш інтэнсіўна пачала развівацца таварна-рыначная гаспадарка, сяляне, памешчыкі, рамеснікі сталі больш вырабляць прадукцыі на продаж, адпаведна актывізаваліся гандлёвыя сувязі. Умацаванню эканамічных сувязяў паміж рознымі рэгіёнамі Беларусі спрыяла будаўніцтва чыгунак і іншых шляхоў зносін, рост колькасці гарадоў і мястэчак, якія станавіліся цэнтрамі лакальных мясцовых рынкаў.
У першай палове ХIX ст. быў пакладзены пачатак развіццю беларусазнаўства. Першымі крокамі ў гэтым напрамку сталі працы расійскіх вучоных І. Ляпёхіна і В. Севергіна, якія ў пачатку стагоддзя арганізавалі навуковыя экспедыцыі на далучаныя да Расіі землі. Этнаграфічныя і гістарычныя даследаванні заходніх губерняў Расіі рабілі прафесары Віленскага ўніверсітэта І. Даніловіч, М. Баброўскі. Да сярэдзіны ХIX ст. актывізавалася краязнаўчая дзейнасць мясцовых даследчыкаў. Менавіта ў гэты час выходзіць шэраг этнаграфічных прац Я. Чачота, Я. Тышкевіча, П. Шпілеўскага і іншых навукоўцаў. Па ініцыятыве Яўстафія Тышкевіча ў Вільні ў 1855 г. быў заснаваны першы музей старажытнасцяў. Беларусазнаўства развівалася ў неспрыяльных умовах паланізацыі і русіфікацыі, але, тым не менш, унесла значны ўклад у развіццё беларускай нацыянальнай самасвядомасці і фарміраванне беларускай нацыі.
Багаты фальклор, які знайшоў сваё адлюстраванне і ў першых працах беларускіх этнографаў, з’явіўся асновай духоўнага нацыянальна-культурнага адраджэння беларусаў, якое пачалося ў першай палове ХIX ст. Менавіта з ім звязана і адраджэнне літаратурнай беларускай мовы. Прыкрываючыся лацініцай, беларуская мова загучала ў такіх выдатных народных творах, як “Гутаркі”, і ў ананімных паэмах “Тарас на Парнасе” і “Энеіда навыварат”.
У першай палове ХIX ст. пачала адраджацца беларуская літаратура. Ля яе вытокаў стаялі Ян Чачот (“Вясковыя песні з-над Нёмана і Дзвіны”), Ян Баршчэўскі (“Шляхціч Завальня або Беларусь ў фантастычных апавяданнях”), В. Дунін-Марцінкевіч (“Сялянка”, “Вечарніцы”, “Пінская шляхта”). З імем Дуніна-Марцінкевіча звязана і стварэнне першай нацыянальнай тэатральнай трупы. 9 лютага 1852 г. у час прэм’еры камічнай оперы “Сялянка”(аўтар лібрэтта В. Дунін-Марцінкевіч, кампазітары С. Манюшка, К. Кжыжаноўскі) са сцэны Мінскага тэатра ўпершыню загучалі беларускія песні, гаворкі, прымаўкі.
Адным з першых вядомых нам паэтаў пачатку XIX ст., выхадцам з сялянскага асяроддзя, з’яўляецца Паўлюк Багрым. З усёй яго літаратурнай спадчыны да нас дайшоў адзін верш “Зайграй, зайграй, хлопча малы”, але гэты адзіны твор сведчыць аб вялікім таленце Багрыма, спецыфіцы яго творчасці. Адным з вядомых літаратараў першай паловы XIX ст. быў Уладзіслаў Сыракомля. Адзін з яго вершаў, перакладзеных на рускую мову, стаў вядомай песняй “Ямщик”.
У ХIX ст. паступова стабілізавалася этнічная тэрыторыя беларусаў, якая вызначалася агульнасцю побыта, мовы, самасвядомасці яе жыхароў. Менавіта ў канцы ХIX–пачатку ХХ стст. вучоныя-этнографы Я. Карскі і іншыя па выніках палявых даследаванняў ужо змаглі распрацаваць карты этнічнай тэрыторыі беларусаў. Яны не супадалі з сучаснымі дзяржаўнымі межамі, ахоплівалі таксама і частку Беласточчыны, Віленшчыны, Смаленшчыны.
У гэты перыяд пачала адраджацца беларуская літаратурная мова. Як вядома, з канца XVII ст. адзінай дзяржаўнай мовай у Рэчы Паспалітай замацоўвалася польская. Беларускія гаворкі працягвалі існаваць толькі ў вуснай і дыялектнай форме і іх ужывалі пераважна сялянства і ніжэйшыя слаі гарадскога і мястэчкавага насельніцтва.
Далучэнне Беларусі да Расійскай імперыі ліквідавала эканамічную замкнёнасць беларускіх зямель. Пашырэнне гаспадарчых і культурных сувязяў садзейнічала нівеліроўцы шматлікіх дыялектаў, канцэнтрацыі мясцовых гаворак у адзіную нацыянальную мову. Яна складвалася ў асноўным на аснове вуснай народнай творчасці і мясцовых дыялектаў, хаця пэўны ўплыў аказала таксама і русіфікатарская палітыка ўлад.
Беларуская мова развівалася, галоўным чынам, як мова мастацкай літаратуры і часткова публіцыстыкі. Яе аднаўленне і ўнармаванне адбывалася павольна, у неспрыяльных умовах забароны ўрадам друкавання беларускамоўнай літаратуры. Тым не менш, беларуская мова ў XIX–XX cтст. узбагацілася, пачалі складвацца асноўныя правапісныя і граматычныя нормы. Яна фарміравалася, галоўным чынам, на аснове сярэднебеларускіх гаворак. Мастацкія творы гэтай пары адлюстроўвалі працэс нацыянальнага адраджэння, садзейнічалі росту нацыянальнай самасвядомасці. Яны звернуты да простага чалавека, чалавека тутэйшага, беларуса, напісаны на яго роднай мове, носяць востры сацыяльны адбітак. Яркімі прыкладамі вострасацыяльнай публіцыстыкі, напісанай на высокім мастацкім узроўні і ў той жа час на мове, зразумелай простым людзям, з’яўляюцца 7 нумароў газеты “Мужыцкая праўда”, а таксама “Лісты з-пад шыбеніцы”, напісаныя К. Каліноўскім.
Крытычны пафас уласцівы і творам В. Дуніна-Марцінкевіча “Пінская шляхта”, “Залёты”, напісаным у 50–60-я гг. ХIX ст. Ужо сам факт карыстання беларускай мовай у гады русіфікатарскай палітыкі улад з’яўляецца грамадзянскім подзвігам.
Пасля падаўлення паўстання 1863 г. і наступлення рэакцыі развіццё нацыянальнай літаратуры запаволілася, але не спынілася. У паэзіі Ф. Багушэвіча, сканцэнтраванай у зборніках “Дудка беларуская” і “Смык беларускі”, упершыню ў новай беларускай літаратуры з поўнай сілай загучала тэма патрыятызму і нацыянальнай годнасці. У цэнтры ўвагі твораў Ф. Багушэвіча нялёгкае жыццё беларускага селяніна. Спачуваннем і сімпатыямі да простага чалавека, нацыянальным пафасам прасякнуты амаль усе творы паслядоўнікаў Ф. Багушэвіча–А. Гурыновіча і Я. Лучыны (І. Неслухоўскага). Зборнік вершаў Я. Лучыны “Вязанка”, выдадзены ў 1903 г., з’яўляецца адлюстраваннем лірызму беларускай паэзіі таго часу. У ім адчуваецца вера ў лепшую будучыню Бацькаўшчыны.
Новым этапам у развіцці беларускай літаратуры стаў пачатак ХХ ст., калі назіраліся ўздым беларускага нацыянальна-вызваленчага руху і актывізацыя культурна-асветніцкай працы. У 1905 г. была знята забарона на друкаванне твораў на беларускай мове, пачалі працаваць беларускія выдавецтвы “Загляне сонца і ў наша ваконца”, “Наша хата”, выдаваліся беларускія часопісы “Саха”, “Лучынка”, выходзіла газета “Наша ніва”. Менавіта ў гэты час бліскуча праявіўся талент маладых літаратараў Я. Купалы, Я. Коласа, Цёткі (А. Пашкевіч), М. Багдановіча, А. Гаруна, К. Буйло, Я. Журбы. Ва ўмовах развіцця рэвалюцыйнага і нацыянальна-дэмакратычнага руху галоўнымі тэмамі ў творчасці гэтых пісьменнікаў сталі нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне, адраджэнне Бацькаўшчыны, сцвярджэнне чалавечай годнасці беларускага мужыка. Зборнікі вершаў Цёткі “Скрыпка беларуская”, “Хрэст на свабоду” сталі першымі арыгінальнымі творамі беларускай паэзіі ХХ ст. Зборнікі заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы Я. Купалы і Я. Коласа “Шляхам жыцця”, “Песні жальбы” звернуты да простага чалавека, селяніна. У іх адчуваецца імкненне абудзіць свядомасць беларускага народа. Глыбокім філасофскім роздумам, тонкай лірыкай прасякнуты вершы М. Багдановіча, якія ўвайшлі ў зборнік “Вянок”. У цэлым, у гэты час беларуская культура, у прыватнасці, літаратура, дасягнула значных поспехаў. Яна выйшла за этнаграфічныя межы і стала поруч з культурай іншых народаў.
