- •Умк. История путешествий и туризма.
- •Тема 1.3. Первопроходцы Беларуси т.Я.Нарбут, з.Доленга- Ходаковский, р.А.Друцкий-Подберезский. План
- •1.Біяграфія і навуковая дзейнасць т.Я.Нарбута.
- •2. З.Я.Даленга-Хадакоўскі і яго падарожжы.
- •3.Навуковая дзейнасць р.А.Друцкага-Падбярэзскага.
- •1.Біяграфія і навуковая дзейнасць т.Я.Нарбута.
- •Т. Я. Нарбут (1784—1864, жыў 80г.)
- •2.З.Я.Даленга-Хадакоўскі і яго падарожжы.
- •3. Я. Даленга-хадакоускі (1784-1825, жыў 41г.)
- •3.Навуковая дзейнасць р.А.Друцкага-Падбярэзскага. Р.А.Друцкі-падбярэзскі (1813 (1814) —1856, жыў к.43г.)
2.З.Я.Даленга-Хадакоўскі і яго падарожжы.
3. Я. Даленга-хадакоускі (1784-1825, жыў 41г.)
3 імем Зарыяна Даленгі-Хадакоўскага звязаны пачатак навуковай археалогіі ў Расіі. Ён упершыню даў правільную трактоўку помнікаў старажытнасці як гістарычнай крыніцы. Ён жа ўнёс прыкметны ўклад у развіццё фалькларыстыкі і этнаграфіі. Сваім жыццём і навуковай дзейнасцю Хадакоўскі перш за ўсё і больш за ўсё звязаны з Беларуссю. Менавіта тут пачыналася яго захапленне творамі вуснай народнай творчасці і помнікамі старажытнасці. 3 яго пачынаецца беларуская навуковая фалькларыстыка, археалогія і этнаграфія.
Нарадзіўся Даленга-Хадакоўскі (Адам Якаўлевіч Чарноцкі) у сям'і дробнага беларускага шляхціца і службоўца ў фальварку Падгайная Мінскага ваяводства. Скончыў Слуцкае павятовае вучылішча, а потым Крамянецкі юрыдычны ліцэй, пасля чаго вярнуўся на Беларусь і заняўся прыватнай адвакатурай. Працаваў спачатку ў Мінску, а пасля ў Варончы пад Навагрудкам. У гэты час пачаў запісваць народныя песні, збіраць летапісныя звесткі і іншыя пісьмовыя крыніцы пра паселішчы і помнікі старажытнасці. За ўдзел у нелегальным гуртку яго арыштавалі ў сакавіку 1809 г. і выслалі ў Табольскую губ. Напачатку юнака затачылі ў турму, а некалькі пазней—на пажыццёвую салдацкую службу, адкуль ён уцёк у 1811 г. Удзельнічаў у вайне 1812 г. і трапіў у палон. Зноў уцёкі... Дамоў жа ён не вярнуўся. Каб скрыць сляды свайго мінулага і жыць на легальным становішчы, Адам Чарноцкі тайна перабраўся да сяброў па Крамянецкім ліцэі ў Галіцыю і там памяняў сваё прозвішча на Зарыян Даленга-Хадакоўскі, з якім і ўвайшоў у гісторыю айчыннай і зарубежнай навукі.
Ёсць звесткі, што Хадакоўскі знаходзіўся ў блізкіх адносінах з дзекабрыстамі, асабліва з Фёдарам Мікалаевічам Глінкам (1786—1880), які таксама цікавіўся археалогіяй.
Вучоны-самавук падтрымліваў сувязі з «Варшаўскім таварыствам сяброў навук», дасылаў туды свае нататкі па розных праблемах старажытнай гісторыі, этнаграфіі і фальклору.
3. Даленга-Хадакоўскі амаль адначасова прапанаваў свае паслугі і пецярбургскаму «Вольнаму таварыству аматараў расійскай славеснасці». У 1819 г., калі кіраўніком «Таварыства» быў Ф. М. Глінка, 3. Даленга-Хадакоўскі стаў членам гэтай арганізацыі. У Пецярбурзе, акрамя Глінкі, ён сустракаўся з Карамзіным і іншымі расійскімі гісторыкамі, паказваў ім свае матэрыялы.
У час падарожжаў па Беларусі, Украіне, па Паўночнай і Цэнтральнай Расіі 3. Даленга-Хадакоўскі з самага пачатку адчуў цяжкасці ў зборы навуковага матэрыялу з-за адсутнасці ў яго адпаведнага дакумента,
які засведчыў бы яго асобу і даваў бы права карыстацца неабходнымі архівамі і бібліятэкамі, а калі будзе патрэба, то і праводзіць археалагічныя раскопкі. 3 просьбай выдаць такі дакумент Хадакоўскі звярнуўся ў Віленскі ўніверсітэт. Разам з пісьмом-просьбай ён паслаў туды сваю працу пра славянскія старажытнасці і праспект на новыя даследаванні. Неўзабаве ў лісце сваяку К.Чарноцкаму даследчык з радасцю паведамляў: «Віленскі ўніверсітэт вымушан быў засведчыць урадава маю працу і пергаментны ліст на трох мовах з прывешанай вялікай пячаткай, якую прыслаў мне ў Кіеў».
Гэта была першая ў Расіі грамата (паводле сучаснай тэрміналогіі, адкрыты ліст) на права археалагічных раскопак і на карыстанне кнігасховішчамі і архівамі. Яна была выпісана Хадакоўскаму 14 снежня 1818 г. У эпоху феадалізму ва ўмовах прыватнай уласнасці на зямлю, а з ёю і на ўсе аб'екты, якія на ёй знаходзіліся, а таксама на права карыстання бібліятэкамі, архівамі, калекцыямі такі дакумент меў выключнае значэнне. Грамата напісана на лацінскай, польскай і рускай мовах і яе аўтэнтычнасць пацвярджалі «віслыя» пячаткі ўніверсітэта.
У 1820—1821 гг. 3. Даленга-Хадакоўскі знаходзіўся ў навуковай экспедыцыі на поўначы Расіі — у Наўгародскай, Іжорскай і Валагодскай землях. За 16 месяцаў ён праехаў і прайшоў шэсць губерняў. Асабліва старанна даследаваў Старую Ладагу. Спачатку яго археалагічныя паездкі па краіне фінансавала міністэрства асветы, але неўзабаве вучонаму давялося працягваць сваю дзейнасць на ўласныя сродкі і жыць выпадковымі заробкамі.
Не ўсё сабранае і нават распрацаванае 3. Даленгам-Хадакоўскім стала набыткам навукі. Лёс рукапіснай спадчыны вучонага склаўся досыць драматычна. Пасля яго раптоўнай смерці ў 1825 г. у с. Пятроўскім каля Цвяры манускрыпты даследчыка аказаліся ў руках жонкі, з якой вёў перагаворы на прадмет куплі журналіст і гісторык М. А. Палявы, каб пасля прысвоіць напісанае 3. Даленгам-Хадакоўскім. Своечасова ўмяшаўся гісторык М. П. Пагодзін, які і выратаваў ад магчымага прысваення спадчыны таленавітага вучонага-самародка. Менавіта М. П. Пагодзін пачаў вывучаць і публікаваць некаторыя працы Хадакоўскага.
Так паступова навуковыя ідэі першапраходца славянскай археалогіі траплялі ў друк і заваёўвалі ўсё шырэйшае прызнанне.
Найперш вучоны звярнуў на сябе ўвагу падыходам да вырашэння праблемы паходжання славян. Для вывучэння славянскіх прастораў адных толькі пісьмовых крыніц недастаткова, а таму неабходна, як пераконваў 3. Даленга-Хадакоўскі, праверыць летапісныя звесткі археалагічнымі раскопкамі. Вучоны верыў, што на многае змогуць даць адказы толькі палявыя даследаванні. Зрэшты, тады ніхто з гісторыкаў не надаваў такога значэння раскопкам. Думкі Хадакоўскага пра даследаванне старажытнасцей краю адлюстраваны ў яго «Гістарычнай сістэме» . На славянскіх прасторах Хадакоўскі паўсюдна сустракаў гарадзішчы. ён зрабіў вывад, што для «славян няма нічога такога агульнага, як гэтыя гарады і гарадзішчы» . ён ставіў пытанне: як далёка распаўсюджваюцца такія помнікі, дзе граніцы славян? I даследчык знаходзіў арыгінальнае рашэнне: раіў звярнуцца да гісторыі і геаграфічных назваў, бо толькі па гарадзішчах цяжка меркаваць пра тэрыторыю рассялення славян.
3. Даленга-Хадакоўскі склаў чатырохтомны «Слоўнік назваў гарадзішчаў і ўрочышчаў» — першы вопыт такога роду ва ўсходнеславянскіх археолагаў. Сам факт стварэння такога «Слоўніка», у якім былі лаканічныя звесткі пра помнікі старажытнасці, — з'ява новая і для таго часу ўнікальная. I ў гэтай справе Хадакоўскі апярэджваў амаль усіх археолагаў-сучаснікаў. Сярод некалькіх тысяч зарэгістраваных ім помнікаў каля 200 было зафіксавана на тэрыторыі Беларусі.
3. Даленга-Хадакоўскі зацікавіўся мясцовымі археалагічнымі помнікамі і даў ім свае тлумачэнні. Пры дарозе з Мінска на Бабруйск, пры в. Старыя Дарогі, ён заўважыў курганы і палічыў іх дрыгавіцкімі. «Можна пагадзіцца, — піша археолаг, — што тут пачатак драговічаў, ці дараговічаў». Матэрыялы пазнейшых даследаванняў пераконваюць нас у тым, што і тут 3. Даленга-Хадакоўскі ў асноўным арыентаваўся правільна.
Цікавая думка Хадакоўскага аб паходжанні назвы радзімічаў. Ен лічыў, што яна пайшла ад назвы населенага пункта Радомля ў Чавускім павеце, а не ад патранамічнага Радзіма, як гэта зараз замацавалася ў навуцы.
Крэва называў Хадакоўскі «гняздом крывічоў».
Першым на Беларусі 3. Даленга-Хадакоўскі ўзяўся за вывучэнне старажытных шляхоў зносін, што з'яўляецца таксама важным матэрыялам пры вывучэнні гісторыі краю. Даследчык са спасылкай на гістарычныя крыніцы прасачыў на беларускай зямлі перавалачныя дарогі з Кіева па Дняпры, Бярэзіне, Свіслачы, Вушы, Віліі, р. Нарочы, воз. Нарач, далей праз сістэму іншых азёраў у Дзісну, а па ёй да Заходняй Дзвіны — у Полацк. Другі водна-перавалачны гандлёвы шлях, на думку 3. Даленгі-Хадакоўскага, мог праходзіць з Ізяслаўя (Заслаўя) у Нёман праз Пціч і Усу і выкарыстоўваўся для гандлю з немцамі. Такую ж гіпотэзу выказаў і М. М. Карамзін.
3. Даленга-Хадакоўскі, вывучаючы Прыпяцкі водны шлях, выказаў здагадку пра магчымыя сувязі дрыгавічоў, валынян і крывічоў.
Як бачым, у дзейнасці 3. Даленгі-Хадакоўскага шмат павучальнага, аб чым пазней пісалі вучоныя Беларусі, Расіі, Польшчы, Украіны, а таксама Францыі, Чэхаславакіі, Швейцарыі і іншых краін. Каштоўны тут сам падыход даследчыка да праблем гісторыі, археалогіі, этнаграфіі, фальклору.
Нам дакладна невядомы прыёмы раскопак Хадакоўскага. ён, здаецца, больш групаваў матэрыялы пра археалагічныя помнікі, чым капаў.
3. Даленга-Хадакоўскі збіраў і шырока выкарыстоўваў у практыцы навуковага даследавання карты і планы рэгіёнаў і асобных месцаў.
Ніхто з даследчыкаў гісторыі Беларусі да 3. Даленгі-Хадакоўскага не выкарыстоўваў так шырока метад комплекснага вывучэння старажытнасцей, падмацоўваючы звесткамі з галіны геаграфіі, лінгвістыкі, этнаграфіі, фальклору, прытым ніколі не забываючы і пра значэнне летапісных крыніц. Як адзначыў гісторык М. П. Пагодзін, 3. Даленга-Хадакоўскі першым перанёс даследаванне «з пісьмовай галіны на зямлю і яе помнікі, выклікаўшы энтузіязм у многіх іншых». 3. Даленга-Хадакоўскі не толькі ўпершыню сабраў звесткі аб гарадзішчах у асобны атлас, але і зрабіў замалёўкі знойдзеных пры раскопках прадметаў, хоць яны, як і атлас гарадзішчаў, лексікон 7 тыс. урочышчаў, замаляваныя ім планы археалагічных помнікаў, сталі здабыткам архіваў і не мелі ўплыву на наступныя пакаленні вучоных. Сама ж задума і здзяйсненне — плён яго апантанай працы па вывучэнні старажытнасцей — заслугоўваюць у гісторыі краязнаўства і археалогіі самай пільнай увагі. Часткова гэты атлас гарадзішчаў быў апублікаваны М. П. Пагодзіным.
3. Даленга-Хадакоўскі паказаў сябе кампетэнтным краязнаўцам пры тлумачэнні гісторыі старажытных беларускіх гарадоў, перш за ўсё Полацка і Гродна.
Звяртаючыся да старажытнай гісторыі славян, 3. Даленга-Хадакоўскі бачыў іх адзінства, паколькі яны з'яўляюцца «дзецьмі маці славянскай». Адначасова 3. Даленга-Хадакоўскі адзначаў спецыфіку культур славянскіх народаў, у тым ліку і беларускага, у мове, песні, побыце.
Сярод археолагаў свайго часу 3. Даленга-Хадакоўскі вылучаўся мэтанакіраванасцю, смелай пастаноўкай складаных пытанняў і іх вырашэння, што стварыла яму аўтарытэт піянера не толькі беларускай, але і агульнаславянскай археалогіі. Нездарма А. А. Спіцын, пазнаёміўшыся са спадчынай вучонага, рэзюміраваў: «Гэта проста геніяльна!» «Вядомым шукальнікам старажытнасцей» называў 3. Даленгу-Хадакоўскага А. С. Пушкін, з якім, на думку А. А. Фармозава, у вучонага маглі быць асабістыя сустрэчы. Прызнаннем заслуг 3.Даленгі-Хадакоўскага з'явілася выбранне яго членам-карэспандэнтам «Вольнага таварыства аматараў расійскай славеснасці», членам-карэспандэнтам варшаўскага «Таварыства сяброў навук» (1819), а годам пазней — маскоўскага «Таварыства гісторыі старажытнасцей расійскіх». Ён змог часткова выканаць задуманае, разумеючы, што «першаму ісці непракладзеным шляхам вельмі цяжка».
Ранняя нечаканая смерць застала Хадакоўскага, што называецца, у разгар яго самай плённай навуковай дзейнасці, калі многае ім было вывучана і творча засвоена, калі многія вучоныя чакалі ад гэтага самародка завяршэння работы над сапраўды стройнай навуковай гістарычнай сістэмай. Фактар незавершанасці яго самай галоўнай працы трэба ўлічваць, але і тое, што ён зрабіў, надзейна ўвайшло ў метрыку археалагічнай навукі не толькі Беларусі, але і суседніх народаў.
Найбольш папулярная праца даследчыка - «Аб славянстве перад хрысціянствам» . Гэту працу савецкі вучоны М. К. Азадоўскі ацаніў як з'яву выключную, што не мае аналагаў у заходнееўрапейскай навуцы XIX ст. 3 навуковай спадчыны 3. Даленгі-Хадакоўскага самай нявывучанай з'яўляецца тая частка, якая датычыць краязнаўства і археалогіі Беларусі. Як слушна заўважыла гісторык Л. А. Малаш-Аксамітава, 3. Даленгу-Хадакоўскага «належала б назваць першым беларускім мовазнаўцам, фалькларыстам, археолагам і этнографам».
Пытанні да кантролю:
1.Якой навуцы на тэрыторыі Расіі Даленга-Хадакоўскі палажыў пачатак?
2.Якім навукам на тэрыторыі Беларусі палажыў пачатак Даленга-Хадакоўскі?
3.Якое сапраўднае імя Даленгі-Хадакоўскага і ў сувязі з чым яму давялося змяніць яго?
4.Кім па спецыяльнасці з’яўляўся Даленга-Хадакоўскі?
5.Які дакумент першым у Расіі атрымаў Даленга-Хадакоўскі?
6.Якімі праблемамі займаўся даследчык
7.Назавіце найбольш вядомыя работы даследчыка?
8.Які метад даследчык выкарыстоўваў у сваёй працы?
9.Дзе пабываў за сваў жыццё даследчык?
10.Колькі помнікаў старажытнасці было зафіксавана даследчыкам на тэрыторыі Беларусі?
