Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Эдгар По (Апавяданні).doc
Скачиваний:
1
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
495 Кб
Скачать
☆

6 Туз. Бут. (1/2 гроса) [3]

ад Р., К., Б. і Ко.

Шаноўны сэр,

у адпаведнасці з даручэннем, дадзеным фірме два месяцы таму нашым паважаным кліентам, містэрам Барнабасам Таўкачыні, мы мелі гонар паслаць вам сёння раніцай двайную скрыню шато-марго маркі “Антылопа” з фіялетавай пячаткай. Нумар і маркіроўка скрыні ўказаныя на палях.

З найлепш. пажад.,

Рохс, Квакс, Булькс і Ко.

горад ***, 21 чэрвеня 18**

P.S. Скрыню даставяць фургонам на наступны дзень пасля атрымання вамі гэтага ліста. Просім засведчыць нашую павагу містэру Таўкачыні.

Р., К., Б. і Ко.

Рэч у тым, што пасля смерці містэра Таўкачыні містэр О’Міл страціў усялякую надзею на абяцанае шато-марго і таму расцаніў яго атрыманне цяпер як боскай воляю спасланы яму своеасаблівы падарунак. Душа ягоная ўзвесялілася неймаверна, і ад радасці, што проста біла цераз край, містэр О’Міл надумаў зладзіць назаўтра petit souper [4] і запрасіў вялікую сябрыну, каб разам адкрыць падарунак “мілага добрага містэра Таўкачыні”. Ну, не тое каб ён спамянуў “мілага добрага містэра Таўкачыні”, калі запрашаў гасцей. Шчыра кажучы, ён шмат думаў і вырашыў увогуле пра яго не згадваць. Калі мне не здраджвае памяць, ён нікому нават не заікнуўся, што атрымаў у падарунак шато-марго. Ён проста папрасіў сяброў прыйсці і дапамагчы яму распіць нешта гэтакае найвышэйшай якасці і з найбагацейшым букетам, якое ён пару месяцаў таму замовіў з горада і якое прыбудзе акурат заўтра. Я часта ламаў галаву, спрабуючы зразумець, чаму “мілы Чарлі” вырашыў нікому не казаць, што атрымаў віно ад свайго старога сябра, але так і не змог дакапацца да прычынаў яго маўчання, хаця не сумняюся, што падставы былі самыя высакародныя і вартыя найглыбейшай павагі.

Доўгачаканы наступны дзень прыйшоў у дом містэра О’Міла разам з вялікай і выключна рэспектабельнай кампаніяй. Сабралася як найменш палова гарадка (і я там быў), але, да немалой прыкрасці гаспадара, шато-марго прывезлі позна: да гэтага часу госці паспелі аддаць амаль усё належнае раскошнаму пачастунку “мілага Чарлі”. Урэшце яна прыбыла — жудасна вялікая скрыня, скажу я вам. Кампанія ўжо была ў найлепшым з добрых настрояў, таму ўсцягнуць скрыню на стол і неадкладна яе растрыбушыць пастанавілі nem. con. [5]

Сказана — зроблена. Я таксама прыклаў руку да дзейства, і праз імгненне скрыня ўжо стаяла на стале паміж бутэлькамі і шклянкамі, вельмі нямногія з якіх ацалелі ў няроўнай сутычцы з ёй. “Мілы Чарлі”, які добра-такі наклюкаўся і празмерна расчырванеўся, з пацешнай фанабэрыяй сеў на галоўнае месца і ярасна закалаціў па стале графінам, заклікаючы кампанію да парадку “падчас цырымоніі ўскрыцця цела скарбу”.

Пасля некалькіх гучных заклікаў суняцца госці ўрэшце паслухаліся, і, як часта здараецца ў такіх выпадках, у пакоі запанавала абсалютная і шматзначная цішыня. Просьбе дапамагчы ададраць вечка скрыні я падпарадкаваўся з найвялікшай ахвотай. Я ўставіў у шчыліну долата і некалькі разоў асцярожна стукнуў па ім малатком. Раптам вечка адляцела, і тварам да гаспадара дому, рэзка падскочыўшы, сеў акрываўлены, пакрыты ранамі і ўжо са слядамі гніення труп містэра Таўкачыні. Некалькі імгненняў ён маркотна ўзіраўся згаслымі напаўсатлелымі вачыма ў твар містэра О’Міла, а потым павольна, але выразна і ясна вымавіў: “Ты — той чалавек!”, пасля чаго, нібы цалкам задаволены сказаным, пераваліўся праз край скрыні, раскідаўшы рукі па стале.

Тое, што адбылося потым, немагчыма апісаць. Цісканіна ля дзвярэй і вокнаў усчалася страшная, а многія моцныя хлопцы ад скрайняга жаху самлелі проста ў пакоі. Але пасля першага выбуху шалёнай панікі ўсе позіркі скіраваліся на містэра О’Міла. І хоць бы я пражыў тысячу гадоў, я ніколі не забуду таго выразу смяротнай агоніі на ягоным жахліва бледным твары, яшчэ хвіліну таму румяным ад віна і трыюмфу. Некалькі імгненняў ён сядзеў застылы, як мармуровая статуя, а яго жудасна пусты позірк, скіраваны ўнутр, здавалася, засяроджана сузіраў мізэрную і нікчэмную душу забойцы. Урэшце, нібыта вяртаючыся ў вонкавы свет, злачынца з раптоўным бляскам у вачах рэзка ўскочыў з крэсла і цяжка наваліўся на стол, так, што дакрануўся да трупа, і з ягоных вуснаў палілася блытаная і жарсная споведзь з усімі падрабязнасцямі жахлівага злачынства, за якое містэр Мак-Вісус быў увязнены і асуджаны на смерць.

А расказаў злачынца наступнае. За сваёй ахвярай ён ехаў амаль да самай сажалкі і там стрэліў у каня з рэвальвера, забіў вершніка ударам дзяржальна, забраў ягоны партманэт і, думаючы, што конь мёртвы, з вялікай цяжкасцю адцягнуў яго да зарасцяў ажыны ля сажалкі. Цела містэра Таўкачыні ён звёз на ўласным кані і закапаў яго ў зацішным месцы далёка ў глыбіні лесу.

Камізэльку, нож, партманэт і кулю ён падкінуў, каб адпомсціць містэру Мак-Вісусу, і зрабіў так, каб акрываўленыя кашулю і шыйную хустку містэра Таўкачыні знайшлі ў ягонага пляменніка.

Па меры заканчэння аповеду, ад якога халадзела кроў, забойца гаварыў усё больш перарывіста і глуха. І калі ўсе паказанні былі вычарпаныя, ён падняўся, адхіснуўшыся ад стала, і ўпаў мёртвы.

Спосаб, з дапамогай якога было вырванае гэтае своечасовае прызнанне, быў, нягледзячы на сваю дзейснасць, вельмі просты. Празмерная прыязнасць містэра О’Міла заўсёды выклікала ў мяне агіду, і падазраваць яго я пачаў адразу. Я прысутнічаў пры тым, як містэр Мак-Вісус яго ўдарыў, і выраз д’ябальскай злосці на ягоным твары, хоць і знік амаль адразу, упэўніў мяне, што пры першай жа магчымасці гэты чалавек бязлітасна адпомсціць. Таму я змог паглядзець на хітрыкі “мілага Чарлі” зусім пад іншым вуглом, чым добрыя грукатаўнцы. Я адразу заўважыў, што ўсе знойдзеныя выкрывальныя доказы так ці іначай былі звязаныя з ім. Але канчаткова зразумела мне ўсё стала пасля таго, як містэр О’Міл знайшоў кулю ў целе каня. У адрозненне ад грукатаўнцаў, я не забыў, што на жывёліне былі дзве раны: першая з’явілася, калі куля ўвайшла ў яе цела, другая — калі выйшла. Калі куля, якая прайшла навылёт, апынулася ўнутры трупа, то ясна, што яе падкінуў той, хто яе знайшоў. Акрываўленыя кашуля і шыйная хустка пацвердзілі падазрэнні, выкліканыя куляй (што да крыві, то яна па ўважлівым аглядзе аказалася не чым іншым, як цудоўным кларэтам). Калі я ўсё гэта абдумаў, ды яшчэ і заўважыў потым узрослую шчодрасць і гэтак жа ўзрослыя выдаткі містэра О’Міла, я ўпэўніўся ў сваіх падазрэннях, якія зусім не аслабелі ад таго, што я нікому пра іх не расказваў.

У той жа час я ў адзіночку старанна шукаў цела містэра Таўкачыні — шукаў, са зразумелых прычынаў, у месцах, найбольш аддаленых ад тых, якімі вадзіў сваіх прыхільнікаў містэр О’Міл, і праз некалькі дзён натрапіў на стары высахлы калодзеж, амаль цалкам схаваны ажынавымі кустамі. На яго дне я і знайшоў тое, што шукаў.

А яшчэ выйшла так, што я падслухаў размову двух сябрукоў, у якой містэр О’Міл змудрыўся выдурыць у шчодрага гаспадара абяцанне падараваць яму скрыню шато-марго. Гэтым я і скарыстаўся. Я здабыў тугі кавалак кітовага вуса, запіхаў яго ў глотку трупа, а труп паклаў у старую скрыню з-пад віна, пастараўшыся сагнуць цела так, каб сагнуўся і кітовы вус. Такім чынам, мне давялося моцна націскаць на вечка, прыбіваючы яго цвікамі. Я ведаў, што варта толькі іх выцягнуць — і вечка адляціць, а цела выпрастаецца.

Падрыхтаваўшы скрыню, я яе падпісаў, пранумараваў і паслаў, пра што было расказана вышэй, а потым напісаў ліст ад імя вінагандляроў, чыім кліентам быў містэр Таўкачыні. Таксама я наказаў свайму служку падвезці скрыню да дзвярэй містэра О’Міла толькі пасля таго, як я падам яму знак. Што да словаў, якія мусіў вымавіць труп, то тут я быў упэўнены ў сваім таленце чэрававяшчальніка: з яго дапамогай я і разлічваў вырваць у забойцы прызнанне.

Здаецца, тлумачыць больш няма чаго. Містэр Мак-Вісус быў вызвалены з вязніцы, атрымаў дзядзькаву спадчыну, зрабіў высновы з усяго, што здарылася, пачаў новае жыццё і пражыў яго спакойна й шчасліва.

Каментар

“Ты — той чалавек!” — з гэтымі словамі звярнуўся да цара Давіда прарок Натан, расказаўшы яму прыпавесць пра багацея, што адабраў у беднага яго адзіную авечку (Давід, упадабаўшы Вірсавію, жонку свайго военачальніка Урыі, паслаў апошняга на смерць; Другая кніга Царстваў, 12:7).

[1] Кэтрын Грэйс Гор (1799—1861) — ангельская пісьменніца, самы вядомы раман якой, “Сесіл, альбо Прыгоды фата”, зрабіўся аб’ектам пародыі Ўільяма Тэкерэя. Звесткамі пра жыццё арыстакратычнага грамадства яна абавязаная пісьменніку Ўільяму Бэкфарду, аўтару аповесці “Ватэк”.

[2] Ўільям Эйнсварт (1805—1882) — ангельскі пісьменнік, на гістарычныя раманы якога “Лонданскі Таўэр” і “Гай Фокс, альбо Парахавая змова” По ў 1841 годзе напісаў рэцэнзіі ў Graham’s Magazine.

[3] Грос — мера лічэння, роўная 144 прадметам.

Пераклад з ангельскай – Кацярына Маціеўская © 2012

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]