Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Бел. мова. Ответы к экзамену. 1 семестр.docx
Скачиваний:
1
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
959 Кб
Скачать
☆

2. Размежаванне мовы і маўлення. Структура і класіфікацыя маўленчых актаў. Правапіс у, ў.

Мова – сістэма гукавых знакаў, пры дапамозе якіх адбываецца камунікацыя.

Маўленне – канкрэтнае гаварэнне, якое адбываецца ў вуснай ці пісьмовай форме.

Мова і маўленне – дзве катэгорыі, якія ў сукупнасці ўтвараюць адзіны феномен мовы.

1. Мова – гэта пэўны код, а маўленне – рэалізацыя гэтага кода. 2. Мова ў адрозненне ад маўлення не ўлічвае канкрэтныя сітуацыі зносін і не залежыць ад іх. 3. Мова абстрактная з’ява, а маўленне канкрэтнае. 4. Мова з’яўляецца ідэальнай катэгорыяй, а маўленне – матэрыяльнай (успрымаецца праз зрок, слых). 5. Для мовы характэрны іерархічныя адносіны (вылучаюцца ўзроўні мовы), а для маўлення – лінейныя (паслядоўнасць гукаў, складоў, слоў). 6. Мова не мае канчатковай мэты, а маўленне заўсѐды накіравана на дасягненне пэўнай мэты. У залежнасці ад мэты камунікацыі вылучаюцца наступныя тыпы маўленчых актаў: паведамленне (Прыйшла вясна.), пабуджэнне (Прачытай гэту кнігу!), абавязкі (Абяцаю больш не спазняцца.), этыкетныя формулы (віншаванні, прабачэнні і г.д.), выражэнне эмацыянальнай рэакцыі на сітуацыю (Вось гэта так! Гэта ж трэба!), падтрымка маўленчых кантактаў (Ало! Слухай!). 7. Мова статычная, а маўленне дынамічнае, яно разгортваецца ў часе і прасторы. 8. Мова стабільная, а маўленне рухомае. 9. Мова пазбаўлена варыянтаў, а маўленне варыянтнае. Моўца выбірае словы, граматычныя мадэлі, спалучае словы паміж сабой, аддае перавагу таму ці іншаму стылю зносін. 10. Мова аб’ектыўная, а маўленне суб’ектыўнае, залежыць ад творчай дзейнасці моўцы. 11. Мова фіксуе калектыўны вопыт, а маўленне фіксуе вопыт канкрэтнага чалавека. Маўленне ў залежнасці ад сітуацыі, індывідуальных асаблівасцяў асобы можа характарызавацца розным тэмпам, працягласцю, тэмбравымі асаблівасцямі, рознай ступеню гучнасці, дакладнасцю і г.д. Індывідуальны характар маўлення залежыць і ад псіхічнага стану моўцы, задачы камунікацыі, эмацыянальнага стану і інш.

Нескладовае ў і у складовае

1. Нескладовае ў пішацца згодна з беларускім літаратурным вымаўленнем пасля галосных:

пры чаргаванні [у] з [ў]:

у пачатку слова (калі гэта слова не пачынае сказ і перад ім няма знакаў прыпынку): на ўвесь дзень (ад усіх), моцны ўдар (ад удару), хацела ўзяць (хацеў узяць).

у сярэдзіне слова пасля галосных перад зычнымі: аўдыенцыя, саўна, фаўна, аўдыякасета, аўра, даўн.

пры чаргаванні [л] з [ў]: даў, мыў, казаў, змоўклі, воўк, шоўк, шчоўк, ; але: палка, памылка, сеялка, Алдан;

пры чаргаванні [в] з [ў]: лаўка (лава), крыўда (крывы), зноўку (новы), аўса (авёс), бацькаў (бацькавы), кроў (крыві); але: краіна В’етнам, рака Влтава, армія В’етконга, змаганне за В’енцьян.

У канцы запазычаных слоў ненаціскное у не скарачаецца: фрау, Шоу, Ландау, Каратау, Дахау, Цеміртау, ток-шоу, ноу-хау.

2. Гук [у] пад націскам не чаргуецца з [ў]: да у'рны, Брэсцкая у'нія, групоўка у'льтра, норма і у'зус, насілі у'нты, чулася у'ханне, ау'л, бау'л, ау'каць, у выклічніках у (у, нягоднікі!),ух (ух ты!), уй (уй, які смешны!).

3. Гук [у] не чаргуецца з [ў] у запазычаных словах, якія заканчваюцца на -ум, -ус: прэзідыум, кансіліум, радыус, страус, соус і вытворных ад іх.

4. Гук [у] на пачатку ўласных імён і назваў заўсёды перадаецца вялікай літарай У складовае без надрадковага значка: ва Узбекістан (для ўзбекаў), на Уральскіх гарах (на ўральскіх дарогах), на Украіне (за ўкраінцаў), за Уладзіміра, каля Уладзіслава, да Усяслава.

3. Паняцце нацыянальнай мовы, беларускай літаратурнай мовы. Кадыфікацыя. Паняцце нормы як адно з найважнейшых у стылістыцы маўлення. Нормы літаратурнай мовы (лексічныя, граматычныя, арфаграфічныя, эрфаэпічныя і інш.). Правапіс апострафа.

Нацыянальная беларуская мова — гэта сукупнасць абсалютна ўсіх слоў і выразаў, марфалагічных формаў і сінтаксічных канструкцый, асаблівасцей вымаўлення ўсіх, хто гаворыць на беларускай мове. У нацыянальную мову, такім чынам, уключаюцца і словы літаратурнай мовы, і моўныя багацці беларускіх гаворак, дыялектаў, а таксама ўсе прастамоўныя словы, жарганізмы, вульгарызмы, малавядомыя прафесіяналізмы.

Літаратурная мова, з’яўляючыся найвышэйшай формай нацыянальнай мовы, мовай кніг, газет, часопісаў, радыё, тэлебачання, школы, вылучаецца сваёй апрацаванасцю і ўнармаванасцю. Літаратурная мова — унармаваная форма агульнанароднай мовы, пісьмовыя і вусныя нормы якой з’яўляюцца агульнаабавязковымі». Яна таму і называецца літаратурнай, што ўзнікае ў пісьмова-кніжнай форме, пачынае сваё жыццё ў літаратуры, найперш мастацкай, а пасля становіцца агульнанародным здабыткам. У падмурку сучаснай беларускай літаратурнай мовы ляжыцьмова В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа і іншых пісьменнікаў.

Кадыфікацыя – афіцпрызнанне мовы і яе пісмовае замацаванне.

У сучаснай беларускай літаратурнай мове існуюць арфаэпічныя, акцэнталагічныя, словаўтваральныя, марфалагічныя, лексічныя, фразеалагічныя, сінтаксічныя і стылістычныя нормы. Правільнасць пісьмовага маўлення рэгулююць таксама арфаграфічныя і пунктуацыйныя нормы.

Арфаэпічныя нормы патрабуюць ад усіх носьбітаў мовы адзінага вымаўлення гукаў, гуказлучэнняў у словах і спалучэннях слоў. Арфаэпічныя нормы прадугледжваюць: правільнае вымаўленне галосных, напрыклад: злучнік і часціца [і] пасля слова на галосны вымаўляюцца як [й]; галосны [у] не пад націскам вымаўляецца выразна; галосныя [о], [э], [а] не пад націскам вымаўляюцца як гук [а] і г.д.; правільнае вымаўленне зычных, напрыклад: [р] у беларускай мове толькі цвёрды; гук [дж] – цвёрдая афрыката, адзін непадзельны гук; гук [дз’] мяккая афрыката, адзін непадзельны гук і г.д.; правільнае вымаўленне спалучэнняў зычных, напрыклад: спалучэнні [дч], [тч] вымаўляюцца як падоўжаны гук [чч] і інш.

Акцэнталагічныя нормы рэгулююць месца размяшчэння націску ў словах (напрыклад, трэба кварт'ал, нельга кв'артал). Цяжкасці ў засваенні акцэнталагічных нормаў звязаны з тым, што ў беларускай мове націск свабодны, ці разнамесны (св'етлы – святл'ейшы). Словаўтваральныя нормы ахоўваюць найбольш трывалыя, традыцыйныя ў беларускай літаратурнай мове словаўтваральныя тыпы – схемы пабудовы слоў пэўнай часціны мовы, якія супадаюць у словаўтваральных адносінах.

Марфалагічныя нормы замацоўваюць правільнае выкарыстанне моўных сродкаў паводле іх прыналежнасці да пэўных зменных часцін мовы. Цяжкасці ў засваенні марфалагічных нормаў звязаны з наяўнасцю ў мове варыянтных формаў, многія з якіх набылі функцыянальную нагрузку, сталі важным стылістычным рэсурсам мовы.

Сінтаксічныя нормы рэгулююць граматычную сувязь слоў у разнастайных прыназоўнікавых і беспрыназоўнікавых канструкцыях, забяспечваюць правільнасць формы кіравання і дапасавання.

Фразеалагічныя нормы рэгулююць традыцыйнае, замацаванае вуснай і пісьмовай практыкай ужыванне фразеалагізмаў з характэрнымі для іх структурна-граматычнымі, семантычнымі і спалучальнымі асаблівасцямі.

Лексічныя нормы выводзяць за рамкі ўжывання тыя адзінкі, якіх не прымае літаратурнамоўная практыка. У некаторых публікацыях сцвярджаецца, што лексічныя нормы быццам бы рэгулююць выбар слова, дыктуюць носьбітам мовы «свае ўмовы». Але з гэтым пагадзіцца нельга. Пісьменніцкая праца над словам паказвае, што замена аднаго слова другім, пошукі найбольш дакладнага і дарэчнага слова дыктуюцца не характарам нормы, а прынцыпам мэтазгоднасці

Стылістычныя нормы рэгулююць стылістычную арганізацыю маўлення ў плане выбару не толькі пэўных слоў і сінтаксічных канструкцый, але і марфалагічных формаў. Як вядома, кожны стыль мае свае нормы, свае, адметныя ад іншых стыляў, моўныя сродкі. Стылістычна абмежаваныя словы пазначаюцца ў слоўніках спецыяльнымі паметамі.

Пунктуацыйныя нормы рэгулююць пастаноўку знакаў прыпынку ў пісьмовым тэксце ў адпаведнасці з правіламі пунктуацыі, прызначанымі для абслугоўвання патрэб пісьмовых зносін ў грамадстве. Захаванне пунктуацыйных норм садзейнічае разуменню зместу напісанага, павышае культуру пісьмовага маўлення.

Арфаграфічныя нормы рэгулююць выбар аднаго з магчымых варыянтаў напісання формы слова ці яго часткі, які адпавядае прынцыпам беларускай арфаграфіі, а таксама замацаванай у моўнай практыцы грамадства традыцыі.

Апостраф пішацца пры асобным вымаўленні зычных з наступным галосным:

пасля прыставак, якія заканчваюцца на зычную, перад е, ё, ю, я і націскным і: ад’е'зд, аб’ём, аб’я'ва, аб’ядна'цца, пад’ёмны, раз’ю'шыцца, між’я'русны, аб’і'нець, уз’ядна'нне, ад’юта'нт, ін’е'кцыя, кан’юнкту'ра;

у сярэдзіне слова пасля губных б, в, м, п, ф, заднеязычных г, к, х, зубных д, т і дрыжачага р перад літарамі е, ё, і, ю, я: б’ецца, вераб’і, В’етнам, інтэрв’ю, сям’я, Дзям’ян, Камп’ен, куп’ё, куп’істы, п’юць, саф’ян, Пракоф’еў, Пракоф’евіч, Мантэг’ю, Лук’ян, Х’юстан, Аж’е, Ч’япа, Буш’е, Д’еп, бар’ер, надвор’е, Грыгор’еў, Юр’еў, Мар’іна Горка;

у складаных словах з першай часткай двух-, трох-, чатырох-, шмат- перад літарамі е, ё, ю, я: двух’ярусны, трох’ярусны, шмат’ядзерны, шмат’ёмісты.

Апостраф не пішацца:

пасля ў (у нескладовага) перад літарамі е, ё, і, ю, я: абаўецца, саўюць, салаўі;

у складаных і складанаскарочаных словах на мяжы састаўных частак, у тым ліку калі іх часткі пішуцца праз злучок: цэхячэйка, дзяржюрвыдавецтва, трэд-юніёны.