Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ЛЕКЦЫІ ПА ЛІТАРАТУРНАМУ РЭДАГАВАННЮ.doc
Скачиваний:
3
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
466 Кб
Скачать
☆

Рэдагаванне ў хх-ххі стст.

У пачатку 20 ст. моцна ўзраслі маштабы выдавецкай дзейнасці. Так, толькі ў 1905 г. колькасць выдадзеных кніг вырасла да 30000, а ў 1904 г. была 14000. Асаблівасць гэтага перыяду – утварэнне спецыялізаваных выдавецтваў, якія выдавалі спецыяльную літаратуру як па тэматыцы, так і па тыпу. Напрыклад, Бракгаўз і Ефрон – энцыклапедыі, Сойкін – геаграфія, сельская гаспадарка.

Пасля абвяшчэння канстытуцыі ў 1905 г. пачалося беларускае нацыянальнае адраджэнне: выданні кніг, часопісаў, газет. Утварыліся прыватныя выдавецтвы. Да рэдагавання пачалі прыцягваць вядомых вучоных, так, у выданнях Бракгаўза і Ефрона супрацоўнічалі хімік Д. Мендзелееў, біёлаг М.Мечнікаў, гісторык Е.Тарле, філосаф У. Салаўёў, філолаг А.Вянгераў. Усё гэта значна павышала ўзровень выданняў.

Утварыліся шматлікія партыі, якія адпаведна выдавалі газеты і часопісы. У час рэвалюцыі 1905-1907 гг. не было цэнзуры. Характэрная асаблівасць гэтага часу – выданне шматлікіх палітычных брашурак, лістовак, пракламацый, агітацыйных бюлетэняў.

У гэты перыяд выдавец-рэдактар самастойна вызначае напрамак свайго выдання. У прыватнасці, звяртае на сябе ўвагу выдавецтва “Знание”, якое было ўтворана для таго, каб абараніць аўтараў ад эксплуатацыі выдаўцоў-камерсантаў. З 1900 г. выдавецтвам кіраваў Максім Горкі, які выдаваў пісьменнікаў дэмакратычнага кірунку – Буніна, Купрына, Серафімовіча. Звярнуў ён увагу і на Я.Купалу і Я.Коласа.

У гэты перыяд у выдавецкай справе ўзмацнілася ўвага да мастацкага боку кнігі, таму развіваецца новы напрамак – мастацкае рэдагаванне. Тут асабліва вылучаецца група, мастацкае аб’яднанне “Мир искусства” ў складзе Аляксандра Бенуа, Яўгена Лансерэ, Лявона Бакста, Міхаіла Дабужынскага. Так, Дабужынскі праславіўся ілюстрацыямі да кніг Пушкіна і Лермантава. Цудоўныя ілюстрацыі да народных казак рабілі Іван Білібін, Міхаіл Васнецоў.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года, у савецкі час, выдавецкая справа карэнным чынам адрознівалася ад дарэвалюцыйнай. Рэдакцыйна-выдавецкі працэс ставіўся пад кантроль дзяржавы. Утварыліся дзяржаўныя выдавецтвы. Ужо ў пачатку 1920-х гг. Госіздат – магутная кнігавыдавецкая сістэма. Гэта было найбуйнейшае ўніверсальнае выдавецтва. Напачатку яго галоўная задача – барацьба з неадукаванасцю, бо ў царскай Расіі 75% насельніцтва было неадукаваным. Таму на першым месцы быў выпуск падручнікаў для лікбезаў і рабфакаў. Да канца 1920-х гг. неадукаванасць ліквідавалі. Таму ў 1928 г. з’явілася пастанова “Пра абслугоўванне кнігай масавага чытача”. Адпаведна пачала будавацца выдавецкая сістэма. Патрэба ў рэдактарах велізарная. Быў створаны ОГИЗ – “Об’единение государственных книжно-журнальных издательств”. Пры ім у 1939 г. ствараецца Рэдакцыйна-выдавецкі інстытут – вышэйшая ўстанова па падрыхтоўцы менавіта рэдактараў.

У 1920-1930-я гг. цэнтральная постаць у рэдакцыйна-выдавецкай справе – Максім Горкі. Яго дзейнасць у гэтым плане не мае аналагаў у свеце. За сваё жыццё ён быў ініцыятарам шматлікіх літаратурных пачынанняў, рэдактарам больш чым 20 часопісаў, ён правіў рукапісы тысяч аўтараў. Доследы ўстанавілі, што ён прачытаў 17000 рукапісных старонак аўтараў, часта графаманаў. Вельмі ўважліва выправіў 7000 старонак. Ён быў рэдактарам М.Прышвіна, І.Бабеля, Ус. Іванова, К.Федзіна, Ф. Гладкова, К. Паўстоўскага і многіх іншых. Горкі ніколі не адмаўляў нават абсалютна невядомым аўтарам. Таму аб’ём яго работы каласальны.

У 1918 г. Горкі арганізуе выдавецтва “Всемирная литература”, мэта якога – пазнаёміць чытачоў з сусветнай класікай. Тут, скажам, працаваў Аляксандр Блок, іншыя выдатныя літаратары. Гэта быў і спосаб зберагчы іх ад голаду. Тады ж Горкі рэдагуе яшчэ некалькі часопісаў, у прыватнасці “Красная новь”. Знаходзячыся за мяжой, кіруе часопісам “Беседа”, які выходзіў у Берліне.

У 1928 г. М.Горкі вяртаецца ў СССР і да сваёй смерці (1936 г.) арганізоўвае новыя часопісы, альманахі, выдавецкія серыі. Многія з іх і сёння надзвычай папулярныя, напрыклад, ЖЗЛ. Сярод адкрытых ім часопісаў: “Наши достижения”, “За рубежом”, “Колхозник”. Асабліва неабходна звярнуць увагу на часопіс “Литературная учеба” для маладых творцаў.Ён і сёння выходзіць. М.Горкі рэдагуе шматтомныя выданні – “История гражданской войны”, “История фабрик и заводов”, “Библиотека романов”. “Библиотека поэта”. Прычым, акрамя рэдагавання, Горкі і сам пісаў у многія выданні, галоўным чынам нарысы.

У рэдакцыйнай практыцы Горкага адлюстраваны практычна ўсе аспекты рэдакцыйнай працы: тэматычнае планаванне, крытэрыі ацэнкі розных рукапісаў, рэцэнзаванне, работа рэдактара з аўтарам, пытанні ўдасканалення кампазіцыі твораў, мовы, стылю. Ён заклікаў максімальна беражліва ставіцца да аўтарскага тэксту, пры гэтым развіваць аўтарскую індывідуальнасць.

Выдатнай была выдавецкая дзейнасць у савецкі час і Валерыя Брусава, які яшчэ да рэвалюцыі кіраваў некалькімі выдавецтвамі. А ў савецкі выдаваў зборы класікаў, напрыклад, А.Пушкіна, серыю “Народная библиотека”.

Пасля смерці М.Горкага на чале Саюза пісьменнікаў СССР стаяў Аляксандр Фадзеяў. Да таго ён быў рэдактарам шматлікіх часопісаў: “Октябрь”, Ленинград”, “Красная новь”, “На рубеже”, і ўжо будучы старшынёй СП працаваў у складзе розных рэдкалегій і рэдакцый. Ён часта пісаў рэцэнзіі, у тым ліку ўнутраныя. Захаваліся цікавыя ўзоры работы А.Фадзеева над рукапісамі, у прыватнасці, над раманам І.Мележа “Мінскі напрамак”.

Вельмі важны кірунак выдавецкай дзейнасці ў савецкі час – выданне літаратуры для дзяцей. Тут асабліва вылучаецца дзейнасць Самуіла Маршака, які кіраваў “Детиздатом”, “Детгизом”, выдавецтвам “Молодая гвардия”, выдаваў часопісы “Воробей”, “Чиж”, “Костер”, “Новый Робинзон”. Выходзілі і іншыя дзіцячыя часопісы – “Веселые картинки”, “Пионер”, “Юный техник”, “Юный натуралист”. На самай справе іх дзесяткі.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны асабліва звяртае на сябе ўвагу рэдактарства Аляксандра Твардоўскага і Канстанціна Сіманава. Так, яны кіравалі найбольш папулярнымі выданнямі – “Литературной газетой” і часопісам “Новый мир”. Захаваліся праўкі А.Твардоўскага аповесці “Адзін дзень Івана Дзянісавіча” А.Салжаніцына. З іх відаць, што Твардоўскі фактычна перапісаў твор, зрабіўшы яго сапраўды значным.

Выдатнымі рэдактарамі былі Аляксей Іваноў, які кіраваў часопісам “Молодая гвардия”. Яго раманы, а потым кінасерыялы “Вечны кліч” і “Цені знікаюць апоўдні” карысталіся самай вялікай папулярнасцю. Часопіс “Москва” рэдагаваў пісьменнік-франтавік Міхаіл Аляксеяў, лепшы сябра І.Шамякіна. Часопіс “Октябрь” - Усевалад Кочатаў. Усе гэтыя рэдактары вельмі клапаціліся не толькі пра падрыхтоўку літаратурнага твора да публікацыі, але і пра творчы лёс аўтара, дапамагалі вельмі многім. Яны самі шмат чыталі, правілі, перапісваліся з аўтарамі, займаліся з імі і ў рэдакцыях. Так, да А.Твардоўскага звярталіся 12000 аўтараў, а ён адказаў 2000, з астатнімі сустракаўся.

Сярод беларускіх рэдактараў найбольш значныя постаці: М.Лынькоў, У.Карпаў, І.Пташнікаў. Асабліва неабходна адзначыць дзейнасць на пасадзе галоўнага рэдактара часопіса “Нёман” выдатнейшага беларускага драматурга Андрэя Макаёнка. Часопіс ён зрабіў адным з самых папулярных не толькі ў Беларусі, а ў СССР.

СССР стаў буйнейшым у свеце вытворцам кніг і іншай друкаванай прадукцыі, якая з велізарным поспехам дэманстравалася на шматлікіх кніжных міжнародных кірмашах. Прычым у многім поспех нашай літаратуры залежаў ад выключнай якасці рэдагавання. У СССР найбольш і чыталі. І ўсё гэта было знішчана пасля развалу СССР.

У час “перабудовы” шпіён ЗША Аляксандр Якаўлеў, які адказваў у ЦК за ідеалогію, паменяў рэдактараў, усюды паставіўшы не выдатных пісьменнікаў, а здраднікаў і агентаў уплыву. Гэта аказала рашаючае ўздзеянне на насельніцтва, бо людзі прывыклі давяраць друкаванаму слову.

На постсавецкай прасторы ўстанавілася ліберальная дыктатура, ліберальны таталітарызм – пры ўяўнай, фармальнай свабодзе слова.

Пасля развалу СССР якасць рэдагавання значна ўпала. І калі трымаецца, то толькі яшчэ за кошт старэйшага пакалення.

У цэлым гісторыя рэдагавання – гэта частка найбагацейшай гісторыі нашай культуры.