- •Рэфэрат
- •Уводзіны
- •Раздзел 1. Біяграфія і творчы шлях Марка Шагала
- •Раздзел 2. Марк Шагал: творы і шматгранная творчая спадчына
- •Раздзел 3. Фільмы і тэатральныя пастаноўкі пра Марка Шагала
- •Раздзел 4. Выставы Марка Шагала ў Беларусі
- •Раздзел 5. Сям’я Марка Шагала
- •Раздзел 6. Дом-музей Марка Шагала ў Віцебску
- •Спіс выкарыстанай літаратуры
- •Дадатак Pierre Choumoff - Русский парижанин: Фотографии Петра Шумова. М.: Русский путь, 2000 м. Шагал
- •Заключэнне
Раздзел 2. Марк Шагал: творы і шматгранная творчая спадчына
Мастацтва Марка Шагала ўражвае разнастайнасцю і не паддаецца строгай класіфікацыі. Аўтарскі стыль, які спалучае экспрэсію і нетрадыцыйную мастацкую манеру, фарміраваўся пад уплывам кубізму, фавізму, арфізму. У палотнах майстра праявіліся яго асаблівы светапогляд і рэлігійныя перакананні.
Сярод самых вядомых карцін Шагала – "Я і вёска", "Прысвячэнне маёй нявесце", "Памяці Апалінэра", "Галгофа", "Від Парыжа з акна", "Дзень нараджэння", "Над горадам", "Сіні домік", "Прагулка", "Белае распяцце", "Вясельныя агні", "Масты Сены", "Вайна" і інш.
Застаючыся адданым свайму стылю, Марк Шагал усё жыццё прадаўжаў эксперыментаваць у розных тэхніках і жанрах. У яго творчай спадчыне – кніжныя ілюстрацыі, графіка, сцэнаграфія, мазаікі, вітражы, шпалеры, скульптура, кераміка...
Адным з самых плённых напрамкаў для Шагала стала кніжная ілюстрацыя. Для знакамітых пісьменнікаў Андрэ Брэтона, Андрэ Мальро, Блеза Сандрара і Гіёма Апалінэра ён стаў увасабленнем літаратурнага мастака, які надае паэтычным радкам фантастычныя вобразы.
Арыгінальныя творы Марка Шагала ўпрыгожваюць буйныя тэатры свету. У 1964 годзе мастак распісаў плафон для глядзельнай залы парыжскай Оперы Гарньё, а ў 1966-м стварыў пано "Трыумф музыкі" і "Крыніцы музыкі" для нью-ёркскай "Метраполітэн-опера".
Шагал адным з першых пачаў выкарыстоўваць станкавы жывапіс у афармленні тэатральных дэкарацый. У 1940-50-я гады ён разам з Леонам Бакстам працаваў над пастаноўкамі з легендарных "Рускіх сезонаў" Сяргея Дзягілева, балетамі "Алека", "Жар-птушка", "Дафніс і Хлоя"...
У пачатку 1960-х гадоў ужо вядомы ўсяму свету жывапісец захапіўся манументальным мастацтвам і афармленнем інтэр'ераў. У Іерусаліме ён стварыў мазаікі і шпалеры для будынка парламента, вітражы для сінагогі медыцынскага цэнтра "Хадаса", пазней – упрыгожыў мноства каталіцкіх і лютэранскіх храмаў, сінагог па ўсёй Еўропе, Амерыцы і Ізраілі.
Таленавіты жывапісец пакінуў след і ў літаратуры: паэзія, эсэ і мемуары на ідышы яшчэ пры жыцці былі апублікаваны і перакладзены на іўрыт, рускую, беларускую, англійскую і французскую мовы. Сусветную славу заваявала аўтабіяграфічная кніга Марка Шагала "Маё жыццё".
Раздзел 3. Фільмы і тэатральныя пастаноўкі пра Марка Шагала
Фільм рэжысёра Аляксандра Міты "Шагал – Малевіч", прэм'ера якога адбылася ў 2014 годзе, расказвае аб жыцці і ўзаемаадносінах двух сусветных геніяў, якія жылі і тварылі ў беларускім Віцебску ў 1918–20-я гады.
Цяпер кінастудыя "Беларусьфільм" здымае анімацыйны фільм пра Шагала на аснове яго кнігі "Маё жыццё". Стужка, у якой думкі, пачуцці і светаадчуванне мастака перададзены з дапамогай яго карцін, раскажа аб важных падзеях з віцебскага перыяду.
Летам 2015 года ў родным горадзе Шагала Віцебску ў гонар 100-годдзя вяселля з Бэлай Разенфельд адбылася тэатралізаваная "Вясельная феерыя "Закаханыя над горадам", а каля дома-музея прайшла сімвалічная цырымонія іўдзейскага шлюбу.
На сцэну Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску вярнуўся спектакль "Шагал... Шагал...", які ў 2000 годзе заваяваў галоўную ўзнагароду міжнароднага фестывалю ў Эдынбургу.
