Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
№ 15.doc
Скачиваний:
79
Добавлен:
05.02.2016
Размер:
112 Кб
Скачать
☆
  1. Формы, тыпы і віды камунікацыі

Паколькі галоўная мэта камунікацыі – гэта абмен інфармацыяй, г.зн. перадача і ўспрыняцце сэнсу выказвання, чалавек заўсёды імкнецца быць зразумелым. Для гэтага неабходна ўлічваць і правільна выкарыстоўваць фактары, якія ўплываюць на працэс зносін (камунікацыю). З улікам гэтых фактараў вылучаюць формы і тыпы маўленчай камунікацыі.

Адрозніваюць вусную і пісьмовую формы камунікацыі. Для кожнай формы характэрныя прыметы, на аснове якіх вызначаюцца тыпы маўленчай камунікацыі:

  • паводле ўмовы зносін:

  • прамыя зносіны

  • зносіны з актыўнай зваротнай сувяззю (напрыклад, дыялог)

  • зносіны з пасіўнай зваротнай сувяззю (напрыклад, пісьмовае распараджэнне)

  • паводле колькасці ўдзельнікаў:

  • маналог (маўленне аднаго чалавека)

  • дыялог (маўленне двух чалавек)

  • палілог (маўленне некалькіх чалавек)

  • паводле мэты зносін:

  • інфармаванне

  • перакананне

  • забаўленне

  • паводле характару сітуацыі:

  • дзелавыя зносіны (даклад, лекцыя, дыскусія)

  • бытавыя зносіны (размовы з блізкімі людзьмі).

Любая маўленчая сітуацыя можа быць аднесена да пэўнага тыпу. Напрыклад, калі чалавек тэлефануе сябру, каб запрасіць яго ў госці, іх камунікацыю можна ахарактарызаваць як вусную форму, непасрэдныя зносіны, дыялог з мэтай пераканання, бытавую размову. Для кожнага тыпу камунікацыі існуюць спецыфічныя моўныя сродкі (словы, граматычныя канструкцыі і г.д.), валоданне якімі на практыцы з’яўляецца неабходнай умовай дасягнення поспеху камунікацыі.

Працэс камунікацыі ўключае чатыры асноўныя аспекты, якія называюць відамі маўленчай дзейнасці:

  • гаварэнне

  • слуханне (аўдзіраванне)

  • пісьмо

  • чытанне

Гэтыя чатыры віды маўленчай дзейнасці чалавека складаюць аснову камунікацыі. Ад таго, наколькі ў чалавека сфарміраваны навыкі гэтых відаў маўленчай дзейнасці, залежыць эфектыўнасць камунікацыі. Акрамя таго, ступень сфарміраванасці навыкаў маўленчай дзейнасці служыць крытэрыем ацэнкі ўзроўня валодання мовай і паказчыкам агульнай культуры чалавека.

  1. Культура маўлення і прафесійная камунікацыя

Культура маўлення чалавека адыгрывае важную ролю ў працэсе камунікацыі, якая мае на мэце не толькі перадаць інфармацыю, але і жаданне выклікаць добрае ўражанне. На аснове таго як чалавек размаўляе, можна зрабіць вывад аб яго духоўным і інтэлектуальным узроўні, аб яго ўнутранай культуры.

У бытавым сэнсе культуру маўлення разумеюць як “прыгожае” маўленне, якое ўтрымлівае вытанчаныя, элегантныя словы і выразы. Аднак гэта паняцце больш аб’ёмнае і змястоўнае. Культура маўлення – гэта ўменне правільна гаварыць і пісаць, а таксама ўменне ўжываць словы і выразы ў адпаведнасці з мэтамі і сітуацыяй зносін. Такім чынам, вылучаюцца два галоўныя крытэрыі культуры маўлення, або камунікатыўныя якасці маўлення, – правільнасць і камунікатыўная мэтазгоднасць. Але гэтымі паказчыкамі культура маўлення не абмяжоўваецца. Іншымі яе крытэрыямі яшчэ са старажытных часоў з’яўляюцца дакладнасць, лагічнасць, дарэчнасць, багацце і выразнасць маўлення.

На культуру маўлення моцны ўплыў аказваюць катэгорыі маралі і духоўнасці грамадства. Нормы паводзін чалавека, маральныя і духоўныя ўстаноўкі грамадскай ці прафесійнай групы людзей называюцца этыкай. Канкрэтным выражэннем асноўных палажэнняў этыкі з’яўляецца маўленчы этыкет – парадак маўленчых паводзін, устаноўлены ў дадзеным грамадстве. Уменне захоўваць этычныя нормы заўсёды высока цанілася ў грамадстве. Веданне гэтых норм, уменне выконваць іх і ў паводзінах і ў маўленні з’яўляецца сведчаннем добрых манер. У працэсе камунікацыі - гэта валоданне культурай маўлення, уменне кантраляваць свае пачуцці, кіраваць сваёй воляй і г.д. Напрыклад, калі чалавеку на дадзены момант не патрэбны зносіны, ён павінен знайсці карэктны спосаб адмовіцца ад камунікацыі, не крыўдзячы чалавека. Шчырасць незаўсёды дарэчная падчас камунікацыі ў дзелавой сферы.

Асаблівую значнасць на сённяшні дзень надаюць прафесійнаму (дзелавому) этыкету. Абапіраючыся на дадзеныя статыстычнага аналізу, псіхолаг Д. Ягер сфармулявала шэсць асноўных прынцыпаў прафесійнага этыкету, падмацаваўшы іх цытатамі з выказванняў кіраўнікоў буйных амерыканскіх кампаній:

  1. Рабіце ўсё своечасова – “будзьце ўважлівыя да навакольнага і памятайце пра звычайныя правілы ветлівасці: рабіце ўсё ў тэрмін, будзьце пунктуальныя, занатоўвайце падзеі ў свой рабочы каляндар. Менавіта такія дробязі і дапамагаюць”. На пытанне, ці лычыцца ў вашай фірме пунктуальнасць прыметай добрага тону, 94% рэспандэнтаў адказалі, што нормам этыкету адпавядаюць ТОЛЬКІ паводзіны чалавека, які выконвае ўсё своечасова.

  2. Не балбачыце лішняга – “патрэбна вельмі ўважліва сачыць за тым, што вы гаворыце, і дакладна ўяўляць, якія паследствы можа мець уцечка інфармацыі для тых, хто з ёй працуе”. Сэнс гэтага прынцыпу ў тым, што вы АБАВЯЗАНЫ захоўваць сакрэты карпарацыі, установы ці канкрэтнай змовы так жа беражліва, як і тайны асабістага характару. Ніколі нікому не пераказвайце, што вы пачулі ад супрацоўніка, кіраўніка ці падначаленага пра іх асабістае жыццё.

  3. Будзьце прыязнымі, ветлівымі і спагадлівымі – “культура любой арганізацыі складваецца з поглядаў і учынкаў яе супрацоўнікаў. Дрэнныя задумкі і ўчынкі ніколі не прывядуць да добрых вынікаў і спраў. Так што, як бы на вашу фірму ці на вас ні насядалі, страйцеся застацца ветлівымі, прыветнымі і аптымістычнымі”. Дасягнуць кар’ерных вяршыняў вам дапаможа толькі спагадлівасць. Калі ўсе вакол гавораць, што вы ўмееце спадабацца, - вы на правільным шляху. Адным з найважнейшых элементаў выхаванасці і спагадлівасці з’яўляецца мастацтва сказаць тое, што патрэбна.

  4. Думайце пра іншых, а не толькі пра сябе – “калі ў вас няма спагады да вашых кліентаў, няма разумення іх патрэб і праблем, - гэта ваша вялікая памылка”. Паважайце думку іншых, клапаціцеся аб тым, каб зразумець, чаму яны маюць той ці іншы пункт погляду. Не пачынайце адразу агрызацца, калі нехта сумняваецца ў якасці вашай працы: пакажыце, што для вас каштоўныя думкі і вопыт іншых людзей. Упэўненасць у самім сабе не павінна забараняць вашу сціпласць.

  5. Апранайцеся як трэба, адпаведна сітуацыі – “першае ўражанне складваецца пры першай сустрэчы, таму зрабіць яго патрэбна адразу. Прыглядайцеся да людзей, прыслухвайцеся, выбірайце ўзоры для пераймання”. Самы галоўны прынцып, пра які нельга ніколі забываць, - гэта тое, што перш за ўсё вы павінны імкнуцца “ўпісацца” ў ваша акружэнне па службе, а ўнутры гэтага акружэння – у кантынгент супрацоўнікаў вашага ўзроўню.

  6. Гаварыце і пішыце добрай мовай – “той, хто ўмее дакладна выразіць сваю думку, валодае вялікай перавагай. Няўменне пісаць і гаварыць нярэдка адкідвае чалавека назад, і яго здольнасці не будуць выкарыстаня”. Гэта значыць, што ўсё вымаўленае і напісанае вамі – унутраныя запіскі ці любыя пісьмы, якія адпраўляюцца за межы фірмы, - павінна быць выкладзена правільна, а ўсе ўласныя імёны перададзены без памылак. Калі ў вас дрэнна з граматыкай ці правапісам, а падручнік ці камп’ютарны слоўнік не могуць вам дапамагчы ў дадзеным выпадку, знайдзіце каго-небудзь з супрацоўнікаў (вашага рангу), каму вы давяраеце, і дайце яму праверыць тое, што вы напісалі – пісьмо, дакладную запіску ці справаздачу.

Такія шэсць асноўных прынцыпаў дзелавога этыкету, захаванне каторых дазволіць выхаваць прыстойныя манеры, так неабходныя кожнаму як ў прафесійнай, так і ў паўсядзённай камунікацыі.

Да этыкетных форм камунікацыі адносяцца і маўленчыя формулы прабачэння, просьбы, падзякі, згоды / нязгоды, прывітання, прабачэння і г.д. Мэта іх выкарыстання – зрабіць так, каб суразмоўца мог правільна ідэнтыфікаваць выражэнне думкі праз маўленне.

Як для бытавога, так і для прафесійнага маўлення захаванне патрабаванняў этыкі маўлення мае першаступеннае значэнне. Канечне, у бытавой сферы гэтыя патрабаванні не так жорстка рэгламентуюцца, як у прафесійнай, таму што ў бытавой сферы чалавек рэалізуе сябе як асоба і больш свабодны ў выяўленні пачуццяў і ўстановак. У прафесійным маўленні (камунікацыі) галоўнае – прафесійна адыграць сваю ролю, няведанне або неразуменне патрабаванняў этыкету адмоўна паўплывае на рух па кар’ернай лесвіцы. Асабліва гэта датычыцца спецыялістаў сервісу (напрыклад, правізар у аптэцы), паколькі нават нязначны маўленчы недахоп можа прывесці да памылкі.

Запомніце наступныя патрабаванні этыкі да прафесійнай камунікацыі:

  1. Пазбягайце жаргонных слоў і абразлівых, зняважлівых выразаў.

  2. Умейце слухаць іншых і паказваць, што вам гэта цікава.

  3. Гаварыце правільна і захоўвайце правілы граматыкі ў вусным і пісьмовым маўленні.

  4. Правільна вымаўляйце ўласныя назвы і імёны (напрыклад, назва арганізацыі, прозвішча чалавека).

  5. Усе службовыя размовы захоўвайце пры сабе.

  6. Будзьце вельмі асцярожныя з інфармацыяй, якую могуць пачуць калегі ці наведвальнікі падчас сустрэчы ці тэлефонных перамоў, асабліва калі размова носіць асабісты характар.

ІІІ. ЛІТАРАТУРА ДЛЯ САМАПАДРЫХТОЎКІ:

  1. Абабурка, М. Культура беларускай мовы / М. Абабурка. – Мінск: Вышэйшая школа, 1994. – 122 с.

  2. Важнік, С. Маленькія ключыкі да паспяховай камунікацыі: сітуацыі прыцягнення ўвагі, просьбы/прапановы, падзякі / С. Важнік. – Роднае слова. – 2005. – №4. – С. 48 – 56.

  3. Лепешаў, І.Я. Асновы культуры мовы і стылістыкі: практыкум: вучэбны дапаможнік / І.Я. Лепешаў. – Мінск: Універсітэцкае, 1989. – 207 с.

  4. Піваварчык, Т. Маўленчаэтыкетная сітуацыя “абяцанне” / Т. Піваварчык // Роднае слова. – 2000. - №6. - С. 43 – 49.

  5. Язерская, С.А. Этыка маўленчых паводзін: матэрыялы да курса на выбар “Асновы культуры маўлення” / С.А. Язерская // Беларуская мова і літаратура. – 2005. - № 4. – С. 20 – 26.