- •Уводзіны
- •Асаблівасці анамастыкону аповесці якуба коласа “дрыгва”
- •Анамастыкон рамана андрэя мрыя
- •Анамастыкон палесся ў паэтычных творах уладзіміра верамейчыка
- •Асаблівасці анамастыкону паэтычных твораў галіны дашкевіч
- •Асаблівасці анамастыкону мастацкіх твораў фёдара янкоўскага
- •Сацыяльная і нацыянальная дыферэнцыяцыя прозвішчаў у мастацкіх тэкстах
- •Онім-этнонім іван у творах мастацкай літаратуры і фальклоры
- •Некаторыя асаблівасці канатаніміі ў творах беларускай мастацкай літаратуры
- •Кантамінацыя як сродак стварэння літаратурных онімаў
- •Канцэнтрацыя або адсутнасць онімаў у кантэксце як мастацкі прыём
- •Онімы як алюзійны кампанент мастацкага тэксту
- •Рэгіянальныя паэтонімы як тэкстаўтваральныя кампаненты твораў мастацкай літаратуры
- •Двайныя прозвішчы як мастацкі прыём у творах літаратуры
- •Гаваркія онімы і онімы з падтэкстам як элементы анамастычнай прасторы мастацкага твора
- •Беларуская афарыстычная традыцыя ў паэзіі васіля рагаўцова
- •На шырокім полі беларускай анамастыкі
- •Грунтоўнае даследаванне урбананіміі беларусі
- •Спіс умоўных скарачэнняў
- •Рэестр прааналізаваных уласных імёнаў, прозвішчаў, мянушак, псеўданімаў
- •Рэестр прааналізаваных тапонімаў
Асаблівасці анамастыкону аповесці якуба коласа “дрыгва”
Аповесць Якуба Коласа “Дрыгва” з’яўляецца выдатным творам беларускай літаратуры 30-х гадоў XX стагоддзя. На падставе яе сюжэту пісьменнікам у 1937 годзе была створана драма “У пушчах Палесся”, а кампазітарам А. Багатыровым – аднайменная опера (лібрэта напісана А. Рамановічам). Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны, як успамінаў скульптар Заір Азгур, на экраны Беларусі выйшаў і фільм паводле ваенных прыгод дзеда Талаша з назвай “Вогненныя гады”, дзе выканаўца ролі палескага партызана выглядаў як рэальны Талаш [Жыгоцкі М., 1993, с. 4]. Таму заканамерна, што Васіль Ісакавіч Талаш лічыў сябе той асобай, якая можа павесці за сабой іншых, хто павінен арганізаваць і процістаяць захопнікам.
Пра мастацка-эстэтычныя вартасці аповесці падрабязна пісалі самыя розныя даследчыкі творчасці класіка. Асаблівасці онімаў у яго тэкстах разглядалі Г. Цыхун, В. Вярэніч, В. Шур, Н. Чабатар, Г. Усціновіч, А. Станкевіч, Дз. Паўлавец, Л. Кузьміч і інш. У аснову назвы гэтага твора пакладзены апелятыў дрыгва – топкае балота, багністая мясціна. Дрыгва – гэта і ўсё тое, што характарызуецца застоем, маральным падзеннем. Прамое значэнне слова дрыгва тлумачыць і пісьменнік у разважаннях дзеда Талаша: А дрыгва там вялікая! Людзі не ходзяць па ёй, калі ступіш на яе, дык ужо наверх не выберашся. Не, не выберашся [К-с, VIII, с. 427]. Аднак загаловак трэба разумець і як сімвалічны: неадольнаю дрыгвою для акупантаў Палесся былі не толькі бяскрайнія дрыгвяністыя і непраходныя балоты Беларусі, дрыгва паглынала кожнага, хто спрабаваў паквапіцца на гэты край, на яго народ. Дрыгвою, балотам была і тая абмежаваная колькасная групка мясцовых здраднікаў, якая падтрымлівала акупантаў і не разумела ідэалогію перамен новай савецкай дзяржавы. Гэтая асаблівасць агульнага зместу аповесці, відаць, стала падставай для нямецкіх перакладчыкаў “Дрыгвы”, азаглавіўшы яе “Партызаны над Прыпяццю”. Дарэчы, першы варыянт перакладу аповесці “Дрыгва” на рускую мову меў назву “Дзед Талаш”. У пісьме Н.І. Загурскай-Паддубнай 13.03.1951 г. Я. Колас пісаў: “Дзед Талаш” – далёка не поўная мая аповесць, якая па-беларуску называецца “Дрыгва” [К-с, ХІV, с. 65].
Аб гісторыі стварэння аповесці сам Я. Колас расказваў наступнае: “Летам 1932 г. была наладжана экспедыцыя трох Акадэмій навук – Усесаюзнай, Украінскай і Беларускай для шырокага навуковага вывучэння паўднёвых раёнаў Савецкага Палесся. Адзін з членаў экспедыцыі ў часе раз’ездаў напаткаў старога партызана, дзеда Талаша, дужа актыўнага ўдзельніка партызанскай вайны пад час белапольскай акупацыі Палесся. Расказ старога партызана аб яго баявой дзейнасці сумесна з Чырвонай Арміяй быў перададзены мне. Расказ гэты мяне дужа зацікавіў, і я палажыў яго ў аснову сваёй аповесці “Дрыгва”… Аповесць я пачаў пісаць у канцы 1932 года, а скончыў яе ў канцы 1933 г. [К-с, VІІІ, с. 461].
Работа над аповесцю, як пісаў Якуб Колас, захапіла мяне сама па сабе. Захапіла таму, што я больш-менш добра ведаў Палессе, адбітае ў маіх аповесцях “У палескай глушы”, “У глыбі Палесся”, як змяніліся людзі за якія-небудзь дзесяць-пятнаццаць гадоў пад уплывам рэвалюцыі і Грамадзянскай вайны [К-с, XI, с. 108]. Такім чынам, пісьменнік алюзійна вобразна спрасціў чытачу задачу – зразумець сутнасць і ідэю твора і падрыхтаваць яго да агульнага ўспрыняцця аповесці на падставе ранейшых уяўленняў пра Палессе з папярэдніх твораў класіка.
У аповесці “Дрыгва” Якуб Колас выкарыстаў больш за 130 самых розных онімаў. Разрознена, самі па сабе, яны мала што могуць падказаць чытачу, даволі складана будзе вызначыць і іх кантэкстуальную вартасць, але сабраныя разам яны ўяўляюць вялікую мастацка-эстэтычную каштоўнасць. Яны служаць сродкам тыпізацыі, ілюструючы асаблівасці ўкладу жыцця персанажаў: быт і ўзаемаадносіны ў грамадстве, рэгіёне, пазіцыю аўтара і г. д.
Такія адзінкі ствараюць агульны мастацкі фон твора, ілюструюць нацыянальны каларыт, вызначаюць лакальную характарыстыку апісанага па ўмоўнай схеме “персанаж – месца дзеяння”, фарміруюць у чытача своеасаблівую анамастычную прастору тэксту. Комплексна такія адзінкі, як сведчаць навуковыя абагульненні даследчыкаў, аказваюць уплыў на агульны змест адлюстраванага ў творы, насычаюць яго нацыянальнай, рэгіянальнай, культуралагічнай спецыфікай.
У аповесці выкарыстана 28 мужчынскіх і 10 жаночых імёнаў, а таксама іх шматлікія варыянты. Фактычна ў гэтым творы засведчаны найбольш ужывальны на пачатак ХХ ст. антрапанімікон беларускага народнага іменніка, які сфармаваўся на аснове традыцыйнага для дзвюх асноўных канфесій праваслаўнага і рымска-каталіцкага іменаслоўя і пад уплывам агульнанацыянальнай традыцыі і творчасці беларускіх пісьменнікаў таго часу замацаваўся ў вуснай і пісьмовай мове беларусаў. Каб стварыць нацыянальны ці рэгіянальны каларыт у творы, Я. Колас шырока выкарыстоўваў паралельна з царкоўнымі агульнавядомымі ўласнымі імёнамі іх беларускія або мясцовыя палескія адпаведнікі тыпу Саўка, Нічыпар, Параска, Тэкля. У аповесці гэта пераважна “сялянскія” онімы беларусаў-палешукоў (Мартын, Цімох, Саўка, Марка, Нічыпар) і беларусак-жанчын (Наста, Тэкля, Параска, Агата і інш.). Некаторых мужчын-сялян і жанчын-сялянак Я. Колас традыцыйна ідэнтыфікуе спалучэннем імя з разнастайнымі назоўнікамі-азначэннямі ў прэпазіцыі да імя (дзед Мікола, дзед Купрыян, дзядзька Рыгор, бабка Наста); дзяцей – найчасцей памяншальнымі варыянтамі імёнаў (Грышка, Пятрок, Міхалка, Мікітка). У аповесці засведчана больш за 40 онімаў-прозвішчаў. Сярод іх – тыпова беларускія, польскія, рускія антрапонімы: Талаш, Галініч, Смыга, Самок, Будзік, Рыль і інш.; Галандзеўскі, Дэмбіцкі, Крулеўскі, Пацейкоўскі, Длугошыц і інш.; Шалёхін, Врангель, Дзянікін, Юдзеніч і інш.; псеўданімы: Нявідны, Дзіўны. Для стылю Я. Коласа ў гэтай аповесці ўласцівы аўтарызаваныя онімы-характарыстыкі тыпу Талашыха – жонка дзеда Талаша. Гэты персанаж, апрача названага тыповага сялянскага наймення, засведчаны пад наступнымі онімамі: бабка Насця, бабка Наста, бабка Настуля, бабка Настуся, Насця Балыга. У аповесці вядомы і іншыя спецыфічныя онімы: Мартынава Ева – жонка Мартына Рыля, Грабарава Ева, Мартына жонка, якія вызначаюць носьбітаў онімаў паводле іх роднасных адносін у сям’і.
У беларускім антрапаніміконе такія онімы яскрава выразна перадаюць нацыянальную назыўную традыцыю, характэрную для сялянскага анамастыкону. Параўн.: Лявоніха, Купаліха – жонка Янкі Купалы, Сымоніха – жонка Сымона ў апавяданні “Сірата Юрка”, Сусліха – жонка Кандрата Суслы ў апавяданні “Туды, на Нёман!” і іншыя падобныя адзінкі ў творах Якуба Коласа.
Анамастычная прастора аповесці “Дрыгва” не ўяўляецца без разнастайных тапанімічных адзінак – гэта назвы мацерыкоў, краін (Англія (Ангелька), Еўропа (Эўропа), Германія (Нямеччына), Польшча, Расія, Украіна), шматлікія айконімы – назвы гарадоў (Петрыкаў, Рэчыца, Смаленск, Масква, Мазыр, Кіеў, Гомель, Астрахань, Варшава), камонімы – назвы вёсак, мястэчак, хутароў, засценкаў (Віркуцце, Высокая Рудня, Ганусы, Цернішчы, Макушы, Замосце), мікратапонімаў – урочышчаў, палёў, узвышшаў, сенажацяў, лугавін (Глухі востраў, Гудараў лог, Доўгі Брод), гідронімаў (Днепр, Прыпяць); урбанонімаў – назваў астрогаў, касцёлаў і інш. (Мазырскі астрог, Гарадышчанскі касцёл). Сярод іх выдзяляюцца онімы рэальныя (Англія, Гомель, Петрыкаў, Прыпяць, Талаш, Дзянікін, Калчак і інш.), а большасць – створаныя фантазіяй пісьменніка (Вепры, Ганусы, Макушы, Галініч, Будзік, Галандзеўскі і інш). Такіх, напрыклад, айконімаў няма і не было на Петрыкаўшчыне, дзе паводле сюжэту адбываюцца асноўныя падзеі, аднак пісьменнік, відаць, інтуітыўна адчуваў, што падобныя па семантыцы і словаўтварэнні адзінкі вядомы палескаму рэгіёну. І сапраўды, у суседніх з Петрыкаўшчынай раёнах ёсць такія або вельмі падобныя нечым назвы. Так, вёска Вепры была ў Нараўлянскім раёне, а Мокіш – у Хойніцкім. Яны (вёскі) зніклі ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АС. Нельга сцвярджаць, што такія адзінкі, узятыя з рэальнага анамастыкону, выконваюць толькі назыўную функцыю. У мастацкіх тэкстах, як заўважана даследчыкамі, рэальныя і нейтральныя ў стылістычных адносінах адзінкі, якія ўводзяцца ў кантэкст у абсалютнай пазіцыі, звычайна выступаюць як сродкі сацыяльнай і нацыянальнай тыпізацыі, дазваляючы прыдаць падзеям і фактам, якія адлюстраваны ў творы, рысы праўдападобнасці і рэалізму [Ляшчынская В., 2004, с. 30; Вуколова В., 2003, с. 336]. Яны ў тэкстах пісьменніка ствараюць таксама каларыт асяроддзя, часу, перадаюць адносіны аўтара да літаратурнага персанажа. У мастацкіх тэкстах такія адзінкі выступаюць “семантычна напоўненымі, непарожнімі”.
У сваіх творах Якуб Колас традыцыйна шырока выкарыстоўваў разнастайныя варыянты онімаў. Ужыванне варыянтаў тапонімаў у мастацкім тэксце пісьменніка (Англія – Ангелька, Японія – Апонія, Прусія – Прусы і інш.), відаць, тлумачыцца не толькі літаратурна-эстэтычнымі і лінгвістычнымі крытэрыямі (напрыклад, стварэнне гістарычнага ці рэгіянальнага каларыту праз мясцовы варыянт), а і фальклорнымі традыцыямі – для перадачы камізму, гумару, пеяратыўнай экспрэсіі, якія звычайна ўзнікаюць у выніку сітуацыйнага скажэння ці своеасаблівага ўспрыняцця чытачом нязвыклай тапанімічнай назвы: А што да чырвоных, то Васіль Бусыга спакойны на гэты конт: паляк не адзін – за яго спіною Францыя і Ангелька стаяць [К-с, VII, с. 236]; – Такія гарматы мае толькі адна Ангелька [К-с, ІХ, c. 335]; – І далёка ж, мусі быць, падла Апонія гэтая? – пытае старшыня. – Далёка, брат, адгэтуль і не згледзіш, – жартуе пісар [К-с, ІХ, с. 336]. Канатацыйная сутнасць, напрыклад, экспрэсіўна-маркіраванага тапоніма Апонія памацняецца спалучэннем яго са стылёва выразным і негатыўна маркіраваным назоўнікам падла. У выніку онім набывае ў мове селяніна выразна акрэсленую пеяратыўную экспрэсію. Канатацыйны аспект гэтага оніма памацняецца і ў выніку аферэзісу – адпадзення й у пачатку слова (Японія Апонія), што звычайна можна назіраць у народна-дыялектнай мове ў запазычаных лексемах, гукавы воблік якіх нярэдка скажаецца. Прызначэнне гэтай адзінкі і яе ролю ў мастацкім тэксце каменціруе і сам пісьменнік: ...сялянская мова пабагацела на два словы: “Апонія і апонцы”, але за гэтымі словамі хаваўся вельмі цьмяны змест, як быў цьмяны і сам сэнс вайны [К-с, ІХ, с. 337]. Мастацкая этымалагізацыя выяўляецца і ў аказіянальным варыянце Ангелька (на фоне афіцыйнай назвы Англія) у выніку суаднясення яго на аснове прасторавай сумежнасці з сугучным яму словам роднай мовы зямелька ці, магчыма, блізкім па гучанні Ангелька як зямля ангелаў (анёлаў). Такім чынам, ужыванне ў мове персанажаў варыянтаў скажоных слоў з незразумелай семантыкай (Ангелька, Апонія) – гэта своеасаблівы мастацкі прыём маўленчай характарыстыкі персанажаў (сведчанне іх нізкага адукацыйнага ўзроўню), а таксама і сродак стварэння камічнай экспрэсіі.
Аналіз тапонімаў, выяўленых у аповесці “Дрыгва”, сведчыць, што яны ў пераважнай большасці створаны фантазіяй пісьменніка: Сухое поле, Глухі востраў, Гудароў лог, Доўгі брод, Высокая Рудня, Віркуцце, Вепры, Высокае, Ганусы, Замосце, Карначы, Крыўцы, Макушы, Паставы, Прымакі, Селішча, Прыцькі, Цернішчы. Такі выбар айконімаў і мікратапонімаў у гэтым творы верагодней за ўсё можна растлумачыць той акалічнасцю, што Я. Колас на Петрыкаўшчыне да 1934 г. не бываў, а сустрэўся з Васілём Ісакавічам Талашом – прататыпам дзеда Талаша ў аповесці – толькі пасля таго, калі яна была апублікавана. У адзінкавых выпадках пісьменнік выкарыстаў рэальныя, пераважна вядомыя ўсім, тапанімічныя назвы: Прыпяць, Палессе, Мазыр, Петрыкаў, Піншчына, Рэчыцкае Палессе, Мазырскае Палессе, Гомель, Эўропа (Еўропа). Некаторыя рэальныя онімы (звычайна блізкія па гучанні, словаўтварэнні, семантыцы і інш.) Я. Колас па аналогіі перанёс з родных мясцін Міншчыны, якія добра ведаў, на Петрыкаўшчыну. Параўн.: Целяшоў Дуб – рэчка ў аповесці “У палескай глушы” і Целяшоў Дуб – лясная мясціна ў “Дрыгве”. Заямнае, Залужжа – на Стаўбцоўшчыне і Замосце ў “Дрыгве”, Высокая Рудня ў “Дрыгве” і Высокі Бераг – урочышча каля Мікалаеўшчыны, Ганусоўшчына – вёска каля Нясвіжа і Ганусы ў “Дрыгве”. Доўгі Брод на Міншчыне і Доўгі Брод у драме “У пушчах Палесся” і ў аповесці “Дрыгва” і інш. Пісьменнік таксама ўмела карыстаўся фактамі недалёкага мінулага са сваёй ранейшай працы на Піншчыне і нават некаторыя рэальныя прозвішчы пінчукоў перанёс у “Дрыгву”, стварыўшы пераканальныя вобразы палешукоў з Петрыкаўшчыны. Так, у аповесці запамінальным атрымаўся Марка Балук з-пад Цернішч, салдат старой арміі, кемлівы, вынаходлівы. Здолеў вырвацца з польскага палону і стаў партызанам, верным памочнікам Талаша. Верагодна, Я. Колас запазычыў прозвішча Балук ад аднаго са сваіх вучняў з вёскі Люсіна на Піншчыне. Вось фрагмент успамінаў Пятра Балука, былога вучня Я. Коласа, пра настаўніка Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча: “За першую зіму ў Люсіне Канстанцін Міхайлавіч падрыхтаваў чатырох хлопчыкаў да экзаменаў. Экзамены здавалі ў вёсцы Жабчыцы. Мы ехалі на фурманцы, а настаўнік ішоў пехатою. У час экзаменаў ён вельмі хваляваўся, але ўсе мы здалі добра” [Ляшук В., 1991, с. 126]. Пра стварэнне гэтага твора Я. Колас пісаў наступнае: “Аповесць “Дрыгва” я пачаў пісаць у канцы 1932 года, а скончыў яе ў канцы 1933 года. Пісаць мне прыходзілася часта на хаду. Аповесць была б значана паўнейшай болей акругленай, калі б ёй удзяліць болей увагі, сабраць жывы, цікавы і багаты матэрыял з партызанскага руху” [К-с, XI, с. 108.]. Такім чынам, пісьменнік не капіраваў рэальны анамастыкон Петрыкаўшчыны, а выкарыстанне ў аповесці рэальных антрапонімаў і тапонімаў для ідэнтыфікацыі персанажаў і аб’ектаў з’яўляецца адным са спосабаў тыпізацыі і мастацкага адлюстравання падзей, што адбываліся на Палессі ў гады Грамадзянскай вайны. Гэта апрабаваны і надзейны мастацкі прыём, калі пісьменнік стварае літаратурны мастацкі твор на падставе рэальных падзей.
Канатацыйна насычаным успрымаецца прозвішча парабка Дарвідошкі ў драме “У пушчах Палесся” і ў аповесці “Дрыгва”: Букрэй: – Ты хто? – Дарвідошка – адказаў прыведзены чалавек. – Дарвідошка ці Дацягнідошка? – гэта няважна, – заўважыў Букрэй; Дарвідошка (пакрыўджана): – А калі б я быў... Данясібервяно, то ці не ўсё табе адно? [К-с, Х, с. 59]. Зразумець унутраны сэнс гэтага оніма дапамагае пісьменнік, падбіраючы да прозвішча парабка блізкія па словаўтваральнай мадэлі адпаведнікі, што гучаць як падказкі ў рэпліках Букрэя і самога Дарвідошкі (Дацягнідошка – Данясібервяно). Такім чынам, намякаецца, падказваецца, што Дарвідошка – гэта прозвішча асацыятыўна ўзбагачанае, складанае і па структуры нагадвае выраз адарві дошку. Дапаўняе кантэкстуальную сутнасць гэтага антрапоніма і апісанне парабка: ён бедна адзеты, худы, у лапцях, не зусім цвёрда стаіць на нагах, азіраецца. Як выяўленчы сродак экспрэсіўнага сінтаксісу ў гэтым мікракантэксце пісьменнікам выкарыстаны паўтор онімаў. Мімезісныя рэдублікаты ў рэпліках Букрэя і парабка (Дацягнідошка і Данясібервяно) выступаюць не дублетамі прозвішча, а яго змененымі, спрошчана этымалагізаванымі актуалізатарамі з аказіянальнай, сітуацыйна абумоўленай семантыкай, чым дасягаецца шматаспектнае выяўленне канатацыйных прырашчэнняў у оніме. Такім чынам, актуалізатарамі камізму ў онімах могуць выступаць трансфармаваныя онімы-аказіяналізмы, утвораныя на аснове мімезіснага рэдубліката, ужытыя ў рэпліках персанажаў.
Вядома, што галоўны герой аповесці “Дрыгва” выведзены пад сапраўдным прозвішчам Талаш, якое і ў наш час з’яўляецца тыповым для Петрыкаўшчыны (гл. кнігу “Памяць. Петрыкаўскі раён”. – Мінск, 1995. – с. 521, 530). Я. Колас успамінаў, што ў час першай сустрэчы з Васілём Ісакавічам Талашом (1934 год) той крытыкаваў пісьменніка, бо ў аповесці ён названы Рыгорам. На самай жа справе яго звалі Васілём (Ісакавічам), пісьменнік таксама пераблытаў імёны сыноў Талаша, і паляшук яшчэ больш не быў згодны з Коласам, што іх было 5. Па меркаваннях дзеда, у аповесці не павінна быць Галініча, Нявіднага, некаторых персанажаў палякаў [Жыгоцкі М., 1991, с. 29]. Пасля гутарак са старым палешуком, як успамінаў Я. Колас, ён унёс некаторыя папраўкі і ўдакладненні ў тэкст. Аднак, на нашу думку, пісьменнік не мог улічваць усе пажаданні і прэтэнзіі В.І. Талаша, які ў меру сваго светапогляду, выхавання ўспрымаў аповесць не як мастацкі твор, а як хроніку падзей Грамадзянскай вайны на Петрыкаўшчыне, у гушчы якіх быў легендарны Талаш, папулярнасць якому ў значнай меры стварыў Я. Колас. Між іншым, скульптар Заір Азгур, які з’яўляецца аўтарам помнікаў партызану Талашу ў Петрыкаве і ў архітэктурным комплексе класіку на плошчы Якуба Коласа ў Мінску, з гумарам успамінаў, што не мог стрымаць усмешкі, калі дзед Талаш гаварыў, што гэта ён зрабіў вядомым і славутым Якуба Коласа. “Таму яго цяпер усюды і ведаюць… Як Пушкіна! – на твары дзеда квітнела хітраватая і такая добрая ўсмешка …Азгур яшчэ пры знаходжанні Талаша ў Маскве ў гады вайны прапаноўваў дзеду вылепіць яго скульптуру, накшталт помніка Васілю Казлову – вядомаму кіраўніку Мінскага злучэння партызан. Дзед не адмовіўся. Даў згоду, але па-свойму паправіў. “Ляпі толькі не як цябе (г. зн., Васіля Казлова, які прысутнічаў пры размове – В.Ш.). А як Карла Маркса – на кані і з шабляй!” І Талаш паказаў конніка і выпрастаў руку над галавой, маючы на ўвазе, канечне, Чапаева. “Яму і Маркс бачыўся Чапаевым” [Жыгоцкі М., 1993, с. 7].
Цікава была і сама ідэалагічная эвалюцыя старога жыхара з глухога Палесся, як ён з чалавека непісьменнага, адсталага фарміраваўся ў свядомага старонніка савецкай улады і ў актыўнага барацьбіта за яе…[К-с, XI, с. 108]. Дарэчы, аповед В.І. Талаша аб сваім жыцці быў надрукаваны ў штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва” (1934 г. № 64) і газеце “Звязда” (1935 г. № 4) пад загалоўкам “Я гатоў заўсёды абараняць сваю Радзіму”. А ў Цэнтральным дзяржаўным архіве Рэспублікі Беларусь захоўваецца справа В.І. Талаша. Сярод матэрыялаў знаходзіцца наградны ліст, у якім указваецца, што “ў 1920 г. у час знаходжання белапалякаў у в. Навасёлкі Петрыкаўскага раёна, селянін Талаш перайшоў праз польскі фронт да Чырвонай Арміі і арганізаваў партызанскі атрад у 300 чалавек. Будучы камандзірам атрада, выбіў палякаў з в. Навасёлкі, дзе забіў аднаго паручніка і некалькі салдат і забраў кулямёт. Пасля гэтага селянін Талаш з сваім сынам, сумесна з атрадам рабіў налёты і разведкі сярод палякаў, а пасля расфарміравання атрада перайшоў у Чырвоную Армію і быў разведчыкам у 417 палку 47 дывізіі да канчатковага вызвалення Мазырскай акругі ад белапалякаў. За гэтыя баявыя подзвігі В.І. Талаш быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга” [К-с, XI, с. 402]. Між іншым, узнагароджанне В.І. Талаша ордэнам мае цікавую гісторыю. Вядома, што Васіль Ісакавіч сам быў ініцыятарам узнагароджання яго самай высокай на той час у былым Савецкім Саюзе дзяржаўнай узнагародай. Вось што сведчыць, напрыклад, пра згаданыя перыпетыі і абставіны, звязаныя з ордэнам, Мікола Жыгоцкі ў артыкуле “Дарога праз дрыгву”: “Дзед Талаш у 20-я гады хадайнічаў аб узнагароджанні яго ордэнам. Прыслаў на імя Старшыні ЦВК А.Р. Чарвякова скаргу, дзе пісаў: “Прадстаўляю пры гэтым сваю біяграфію па хадайніцтву майму аб узнагароджанні мяне ордэнам Чырвонага Сцяга. Прашу Вашага распараджэння аб узнагароджанні мяне прасімым ордэнам, пры чым дакладваю, што я хадайнічаю ўжо два гады перад РВК і акрвыканкамам і мяне толькі кормяць аднымі абяцанкамі, а ходу справе не даюць, чаму я рашыў звярнуцца да Вас, таварыш Чарвякоў. Не пакіньце майго хадайніцтва без увагі, і аб прынятых мерах прашу мне паведаміць. Просьбіт В. Талаш”.
У 1926 г. Мазырскі акрвыканкам яшчэ раз хадайнічаў перад ЦВК БССР аб узнагароджанні Васіля Ісакавіча ордэнам. І зноў нічога не атрымалася. Выпіска з пратакола № 40 “п” 644 пасяджэння Прэзідыума ЦВК БССР ад 10 красавіка 1926 г. сведчыць: “З прычыны пастановы Прэзідыума ЦВК СССР ад 26 верасня 1924 г. (пратакол № 29), згодна з якой усе прадстаўленні да ўзнагароды ордэнам Чырвонага Сцяга за выдатныя ўчынкі, прадстаўленыя ў перыяд да 1 студзеня 1923 г., спынены, – хадайніцтва Мазырскага АВК аб узнагароджанні гр. Талаша Васіля – з-за даўнасці яго ўзбуджэння – задаволеным быць не можа”.
Толькі праз два гады гэта справа была вырашана станоўча. Выпіска з пратакола № 31 пасяджэння Прэзідыума ЦВК БССР ад 6 лютага 1928 г. паведамляе: “За здзейсненыя подзвігі ўзнагародзіць ордэнам Чырвонага Сцяга Талаша Васіля Ісакавіча, селяніна вёскі Белкі Петрыкаўскага раёна Мазырскай акругі”.
Уручыць Талашу ордэн за № 14009 было даручана члену ЦВК БССР Стрэлю. На асобным лістку пазначана: “Прэзідыум ЦВК БССР даручае Вам асабіста выехаць у вёску Белка, дзе на ўрачыстым пасяджэнні савецкіх і грамадскіх арганізацый, з шырокім удзелам сялян, уручыць Талашу гэтую высокую ўзнагароду, падкрэсліўшы яе значэнне, а таксама тыя ўчынкі, якія зроблены Талашом у Грамадзянскую вайну і ў партызанскім руху, а таксама адначасова перадаць яму прывітанне ад імя ўрада БССР”. Восенню 1941 г. у час акупацыі Петрыкаўшчыны фашысты, даведаўшыся пра ўчынкі В.І. Талаша, адабралі гэтую ўзнагароду, але не пакаралі знакамітага партызана, бо ордэн, як пераканаў фашыстаў сам Талаш, ён атрымаў за змаганне з белапалякамі, а палякаў і нямецкія захопнікі, як вядома, лічылі сваімі ворагамі. Ужо будучы ў Маскве, калі Талаша з партызанскага аэрадрома, што быў на невялікім астраўку Зыслаў на мяжы сучасных Любанскага і Петрыкаўскага раёнаў, даставілі ў сталіцу, стары і вядомы ўсяму Савецкаму Саюзу партызан стаў паўторна хадайнічаць, каб яму выдалі страчаны ордэн Чырвонага Сцяга. Панцеляймон Панамарэнка – першы сакратар ЦК КП(б) Беларусі, кіраўнік Цэнтральнага штаба партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны, спецыяльна, як пісалі даследчыкі, звярнуўся да М.І. Калініна, каб В.І. Талашу выдалі дублікат баявога ордэна, з якім ён потым не расставаўся ўсюды, спачатку ў Маскве, потым – на радзіме і іншых мясцінах, дзе Васіль Ісакавіч вельмі пераканальна і эмацыйна выступаў, наведваючы фабрыкі, заводы, вайсковыя часці, расказваючы пра беларускіх партызан, пра зверствы фашыстаў на акупаванай тэрыторыі, заклікаючы біць ворагаў так, як рабіў гэта ён і яго баявыя сябры ў гады грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў.
Іншыя персанажы, іх прозвішчы, створаныя Я. Коласам у гэтай аповесці (Нявідны, Длугошыц, Крулеўскі), – выкананне пісьменнікам ідэалагічнага “дзяржзаказу”, які ў той час прадугледжваў абавязковае ўвядзенне ў мастацкі твор вобразаў камуністаў – “сейбітаў буры і змагання”, а таксама паноў-эксплуататараў палякаў, якія ў 30-я гады ХХ ст. у сродках масавай інфармацыі і літаратуры падаваліся як асноўныя і самыя галоўныя ворагі маладой рэспублікі Саветаў, а антыпольская палітыка тагачасных афіцыйных улад набірала найбольшы размах, яна па сутнасці была абавязковай для ўсёй літаратуры даваеннай пары.
Стары Талаш ва ўспамінах адзначаў, што Мартын Рыль паўстае перад ім як яго бліжэйшы памочнік па партызанскай барацьбе Аляксей Кандратавіч Кніга, які потым загінуў без вестак на фронце, быў родам ён з вёскі Аціркі на Петрыкаўшчыне. Я пазнаю ў Нявідным аднаго камісара, з якім ехаў некалі разам з Жытоміра. Не памятаю яго прозвішча, ён сапраўды застаўся для мяне “Нявідным”. Яго гутаркі, яго словы дагэтуль засталіся ў маёй памяці. Быў у нас і свой Саўка Мільгун. Імя было другое... [Жыгоцкі М., 1993, с. 24]. У аповесці па задуме пісьменніка дзед Талаш некалькі разоў блытае прозвішча-мянушку Нявідны і называе гэтага бальшавіка-падпольшчыка Дзіўным. Першы онім у кантэксце ўдала перадае асаблівасць заняткаў яго носьбіта: Справа ў тым, што я вяду патаемную, або, як гаворыцца, падпольную работу... [К-с, VІІ, с. 262]. А замена ў тэксце Талашом онімаў Нявідны→Дзіўны – своеасаблівы аўтарскі прыём, якім пэўным чынам агаляецца ўнутраная форма антрапонімаў і адначасова як бы даецца станоўчая ацэнка зробленага гэтым персанажам, бо апелятыў дзіўны – гэта не толькі “незвычайны, які выклікае здзіўленне, а і чароўны, дзівосны” [ТСБМ, ІІ, с. 175]. У беларускай мастацкай літаратуры такія прыклады не адзінкавыя. Так, у драме К. Крапівы “Партызаны” дзед Бадыль часта блытае прозвішча камісара Скібы, называючы яго Лустай. Семантычная празрыстасць названых онімаў таксама відавочная: апелятывы гэтых прозвішчаў аднаго семантычнага плана. У гэтых выпадках пісьменнікі (Я. Колас, К. Крапіва) мэтанакіравана абыгрываюць “гаваркія” прозвішчы, утвораныя ад узуальна ці аказіянальна сінанімічных слоў [Рагаўцоў В., 2002, с. 159]. Праз выяўленне ўнутранай формы такіх онімаў прасочваецца і аўтарская ацэнка зробленага такімі персанажамі.
Нявідны – гэта вобраз-сімвал бальшавіка, “сейбіта буры і змагання”. Ён рэвалюцыянер, смелы, рашучы, адважны, добры, але патрабавальны да сябе і да сваіх таварышаў. Яго не змаглі зламаць самыя жорсткія катаванні. Праз усё жыццё гэты бальшавік, малады рабочы з Гомеля, пранёс непахісную веру ў светлае будучае – сацыялізм: “Ён маўчаў, калі яго білі, паваліўшы на брудную падлогу каземата, таўклі і мясілі цяжкімі жандарскімі ботамі і маўчаў, калі ўшчэмлівалі яго рукі між дошак, спецыяльна прыстасаваных, рвалі яго цела, расцягвалі жылы і косці. Ён знайшоў у сабе сілы громка сказаць ім [асуджаным – В.Ш.] – Прашчайце таварышы! Няхай жывуць Саветы! [К-с, VII, с. 407] Як лічаць даследчыкі, аналагам-узорам гэтага оніма-сімвала стаў вобраз Незнаёмага з драмы Я. Купалы “Раскіданае гняздо”. Незнаёмы ў гэтым творы – вястун лепшай долі, бунтар, які заклікае ўсіх абяздоленых і пакрыўджаных на вялікі Сход, да вялікага змагання.
Пра сыноў дзеда Талаша Мікола Жыгоцкі ў кнізе “Легендарны дзед” пісаў наступнае: “У Васіля Ісакавіча была поўная згода з сынам Панасам. Даў яму такое імя Якуб Колас, зрабіўшы прататыпам свайго героя. У сапраўднасці ж звалі хлопца Дзмітрыем, часцей – Змітраком ці Зміцерам... Быў у Васіля Ісакавіча старэйшы сын Даніла. У аповесці пісьменнік назваў яго Максімам. Ён быў падобны на свайго бацьку: такі ж з гарбінкаю нос, хітры позірк маленькіх чорных вочак, такая ж каржакаватая постаць, стрыманы і негаваркі, якраз такі, якім мы ведаем Максіма па “Дрыгве”. Ён усё жыццё пражыў у Навасёлках. На ўскраіне вёскі і сёння стаіць яго невялікая хата” [Жыгоцкі М., 1991, С. 91–92].
Своеасаблівай метафарай-сімвалам чыстароднай прыроды ў творах Я. Коласа выступае гідронім Прыпяць – назва аднаго з буйнейшых прытокаў Дняпра, найбольшага па плошчы і воднасці, які бярэ свой пачатак на паўночным захадзе ад Ковеля (Валынская вобласць Украіны) і нясе свае воды па значнай частцы поўдня Брэсцкай, Гомельскай абласцей, працякаючы праз Палескую нізіну з захаду на ўсход і зліваецца з Дняпром паўночней Кіева, упадаючы ў рукатворнае Кіеўскае вадасховішча.
У творах Якуба Коласа гэтая назва-гідронім як аб’ект мастацкага апісання засведчана ў вершаваных, празаічных, драматычных і публіцыстычных творах, у тым ліку ў вершы “Стары гасцінец”, апавяданні “Туды, на Нёман!”, аповесцях “Дрыгва”, “У Палескай глушы”, п’есе “У пушчах Палесся”, артыкуле “Трыццаць савецкіх год”, у прамове на трэцяй сесіі Акадэміі навук БССР. Выкарыстоўваючы традыцыйны для беларускага фальклору прыём адухаўлення, мастак уяўляе і малюе велічную Прыпяць як жывую істоту, здольную мысліць, адчуваць, перажываць, рака ў яго “павольная і флегматычная, часам няветла пахмурнее, задрыжыць, затрасецца… і сярдзіта шпурляе чаўны і чайкі-душагубкі ды галосна ўсхліпвае ў прыбярэжных чартотах, як маці ўскрай магілы, дзе пахаваны яе дзеці…”.
Шырокая і спакойная Прыпяць “ззяе”, як жывая істота “ўтульна разглягаецца ў мяккіх берагах”. У аповесці Прыпяць і Дняпро – кантэкстуальныя гідронімы-кантрастывы, якія ўтвараюць кантэкстуальную апазіцыю па ўмоўнай схеме “яна – ён”: “Спакойная і павольная, як у зачараваным сне, утуліўшыся ў балоты, нясе Прыпяць сухадоламу Дняпру сваю багатую даніну. Не спяшаецца яна выносіць дабро палескіх балот. А яго так многа, што ўсё роўна, спяшайся не спяшайся, а гэтай работы ёй хопіць на доўгія гады. Можа і надзею страціла яна вынесці хоць калі-небудзь гэта мора цёмна-ружовай вады з неабсяжных балот Палесся, і з гэтай прычыны яна такая павольная і флегматычная. Вось толькі тады, калі разгуляецца вецер над зялёнаю шчэццю лясоў, над круглымі купамі-шапкамі кучаравай лазы, над бародаўкамі-купінамі жорсткай асакі, тады яна няветла пахмурнее, задрыжыць, затрасецца тысячамі хваль і сярдзіта шпурляе чаўны і чайкі-душагубкі ды голасна ўсхліпвае ў прыбярэжных чаратах, як маці ўскрай магілы, дзе пахаваны яе дзеці. І дзед Талаш не адважваецца тады ад’язджаць на сваім чоўне на сярэдзіну Прыпяці.
Затое ж як лагодна і ўтульна разляжацца яна ў мяккіх берагах, калі супакоіцца вецер, а над Палессем рассыплецца сонца мільярдамі залатых крупак святла! Спакой і цішыня пануюць тады над зялёнымі аксамітамі балот і лясоў. Бліскучаю сталёваю стужкаю ззяе Прыпяць, і толькі ў глыбозных чорных буктах яе плёскаюцца самы, узнімаючы срэбныя кругі-абручы.” [К-с, VIII, с. 212].
У асобных фрагментах тэксту “Дрыгвы” онімы Прыпяць, Палессе – ключавыя кампаненты мастацкага цэлага, асабліва там, дзе аўтар малюе непаўторныя, экзатычныя краявіды Палесся.
Для творчай манеры Я. Коласа характэрна ўвядзенне ў мастацкі тэкст антрапоніма або двух антрапонімаў (імя і прозвішча) у спалучэнні з тапанімічнай назвай, якія разам выступаюць як адно цэлае тыпу: Кандрат Круглы з Высокай Рудні; Марка Балук з-пад Цернішч; Цімох Будзік з вёскі Карначы і інш.: А быў сярод нас удалец такі, Марка Балук з-пад Цернішч [К-с, ІІ, с. 233]. Такія складаныя анамастычныя ўтварэнні, як сведчаць пісьмовыя помнікі, былі тыповымі для старажытнай беларускай мовы. Напрыклад, у часы Ф. Скарыны навучэнцаў Кракаўскага універсітэта прадстаўлялі так: Міхал, сын Пятра з Вільні; Павел, сын князя Аляксандра з Гродзеншчыны; Мікалай, сын Андрэя з Ашмян; Францыск, сын Лукі з Полацка; свой другі зборнік “Смык беларускі” Ф. Багушэвіч падпісаў псеўданімам Сымон Рэўка з-пад Барысава, а Кастусь Каліноўскі свае прамовы падаваў пад назвай Яська-гаспадар з-пад Вільні. Блізкія да падобных сінтаксічных канструкцый тыпу аднакласнік па прозвішчы Боцік; сын ад Уладзіміра, па імю Ізяслаў; яго швагер з Буковіч па мянушцы Гуз і інш. прасачыў у сучаснай беларускай мове А. Каўрус, які “ні ў якім разе не збіраючыся рэвізаваць слушныя ў сваёй аснове сцверджанні адносна таго, што сувязь паміж новай беларускай літаратурнай мовай і старой беларускай пісьменнасцю была прыпынена ў ХVП ст.”, паказвае, што падобныя канструкцыі сустракаюцца ў сучасным пісьменстве і маюць сваімі вытокамі старажытную беларускую мову. Гэта сведчыць, што некаторыя традыцыі шматвяковага айчыннага пісьменства не страчаны, а знайшлі пэўны працяг у новай беларускай літаратурнай мове [Каўрус А., 2000, с. 72]. Творчасць Я. Коласа ў гэтым плане з’яўляецца яскравым і пераканальным прыкладам.
