- •Уводзіны
- •Асаблівасці анамастыкону аповесці якуба коласа “дрыгва”
- •Анамастыкон рамана андрэя мрыя
- •Анамастыкон палесся ў паэтычных творах уладзіміра верамейчыка
- •Асаблівасці анамастыкону паэтычных твораў галіны дашкевіч
- •Асаблівасці анамастыкону мастацкіх твораў фёдара янкоўскага
- •Сацыяльная і нацыянальная дыферэнцыяцыя прозвішчаў у мастацкіх тэкстах
- •Онім-этнонім іван у творах мастацкай літаратуры і фальклоры
- •Некаторыя асаблівасці канатаніміі ў творах беларускай мастацкай літаратуры
- •Кантамінацыя як сродак стварэння літаратурных онімаў
- •Канцэнтрацыя або адсутнасць онімаў у кантэксце як мастацкі прыём
- •Онімы як алюзійны кампанент мастацкага тэксту
- •Рэгіянальныя паэтонімы як тэкстаўтваральныя кампаненты твораў мастацкай літаратуры
- •Двайныя прозвішчы як мастацкі прыём у творах літаратуры
- •Гаваркія онімы і онімы з падтэкстам як элементы анамастычнай прасторы мастацкага твора
- •Беларуская афарыстычная традыцыя ў паэзіі васіля рагаўцова
- •На шырокім полі беларускай анамастыкі
- •Грунтоўнае даследаванне урбананіміі беларусі
- •Спіс умоўных скарачэнняў
- •Рэестр прааналізаваных уласных імёнаў, прозвішчаў, мянушак, псеўданімаў
- •Рэестр прааналізаваных тапонімаў
Асаблівасці анамастыкону мастацкіх твораў фёдара янкоўскага
Творчасць выдатнага вучонага-лінгвіста, пісьменніка Фёдара Янкоўскага агульнапрызнаная не толькі спецыялістамі, якія ўсебакова прааналізавалі яго шматлікія падручнікі, вучэбныя дапаможнікі, манаграфіі, дыялектныя і фразеалагічныя слоўнікі, артыкулы, рэцэнзіі, калектыўныя зборнікі, якія рэдагаваў прафесар, а таксама літаратурна-мастацкія кнігі “Абразкі” (1975), “Прыпыніся на часіну” (1979), “І за гарою пакланюся” (1982), “Само слова гаворыць” (1986), “З нялёгкіх дарог” (1988), “Радасць і боль” (1984, 2-е выд. 1995) і інш., у якіх аўтар імкнуўся гаварыць “стрымана, скупа, далікатна-асцярожна”. Гэтыя кнігі “сталі сапраўднай крыніцай беларушчыны не для аднаго пакалення нацыянальнай інтэлігенцыі” (Г. Кісліцына). Пералік і каментарыі да большасці прац гэтага руплівага даследчыка мовы і пісьменніка змешчаны ў “Библиографическом указателе по славянскому и общему языкознанию. Профессор Фёдор Михайлович Янковский”. – Самарканд, 1984. Пад рэд. А.М. Бушуя, 212 стар. У беларускіх і замежных навуковых, навукова-метадычных, літаратурна-мастацкіх часопісах апублікавана больш за 150 рэцэнзій, прысвечаных самаму рознаму аналізу яго навуковых і літаратурна-мастацкіх прац. Пад кіраўніцтвам прафесара Ф.М. Янкоўскага ў 60–80-я гады была створана вялікая нацыянальная навуковая і навукова-метадычная школа кампетэнтных даследчыкаў, прадукцыя якой – шматлікія дапаможнікі і падручнікі для сярэдніх школ і вышэйшых навучальных устаноў, манаграфіі кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый, зборнікі навуковых і навукова-метадычных прац па актуальных праблемах беларускай мовы і методыкі яе выкладання. Сярод яго вучняў больш за 20 кандыдатаў навук, 5 прафесараў і дактароў навук. Літаратурныя творы вучонага і пісьменніка ўсебакова разглядалі Янка Брыль, Ян Скрыган, Уладзімір Калеснік, Павел Місько, Іван Новікаў, Барыс Сачанка, Генадзь Шупенька і інш. Усе яны высока ацэньвалі яго новы літаратурны занятак, адзначаючы, што “ўсім трэба чытаць Фёдара Міхайлавіча Янкоўскага. І не толькі пісьменнікам” (П. Місько). Услед за Генадзем Шупенькам, прачытаўшы творы Ф. Янкоўскага, хочацца паўтарыць: “Вучонага-мовазнаўцу, бадай, як нікога іншага, ведалі ў шырокім свеце. Кожны з нас, каму пашчасціла сустрэць яго на сваім жыццёвым шляху і яшчэ бліжэй спазнаць яго, можна з усёй шчырасцю сказаць услед за Янкам Брылём: “Слова яго, шчырасць яго, вернасць яго можна браць у дарогу, як спрадвеку бярэцца хлеб”. Усяго зробленага ім дзеля свайго народа за адзін раз і не адужаеш ахапіць, а не тое што ўзяць з сабою. Проста цяжка паверыць, што столькі мог зрабіць чалавек такога няпростага, такога складанага, такога нялёгкага жыццёвага лёсу” [Янк., РБ, с. 4].
Да 80-х і 90-х угодкаў таленавітага вучонага і пісьменніка былі праведзены навуковыя канферэнцыі, на якіх зроблены спробы ўсебакова прааналізаваць яго навуковыя і літаратурна-мастацкія набыткі. Так, у зборніку “Жыццём слугуючы Айчыне” (Брэст, 1999), змешчаны матэрыялы, у якіх вядомыя беларускія лінгвісты, літаратурныя крытыкі, шматлікія вучні прафесара Ф.М. Янкоўскага, маладыя навукоўцы прасачылі багатую творчую спадчыну юбіляра, а гэта каля 300 прац па фразеалогіі і фразеаграфіі, лексікалогіі і лексікаграфіі, парэміяграфіі, гісторыі беларускай мовы, дыялекталогіі, фанетыцы і арфаэпіі, культуры беларускай літаратурнай мовы, працы, прысвечаныя праблемам узаемадзеяння і ўзаемаўплыву беларускай і суседніх славянскіх і неславянскіх моў.
Найперш у сваіх літаратурных творах Фёдар Янкоўскі выступае як лінгвіст, які тонка і глыбока разумее сутнасць і адценні роднага слова, праз якое можна данесці да чытача ўсё багацце чалавечых думак, паказаць прыгажосць і дасканаласць беларускай мовы. «Наш час, – пісаў ён, – вымагае не бясследнага існавання, а жыцця, запоўненага клопатам і працаю, жыцця для Радзімы – Бацькаўшчыны». Гэтыя словы былі для вучонага і пісьменніка яго штодзённым жыццёвым крэда.
З асаблівай увагай ён ставіўся да анамастычных назваў – тапонімаў, уласных імёнаў, прозвішчаў. Іх пісьменнік і вучоны лічыў нашым нацыянальным скарбам. Ён ведаў і пісаў пра тое, што часам на карце нашай радзімы, у газетах, часопісах, афіцыйных дакументах нярэдка можна сустрэць знявечаныя, аформленыя на ўзор чужых слоў беларускія тапанімічныя назвы, якія на працягу апошніх стагоддзяў замацаваліся ў шматлікіх запісах, на картах, пачынаючы з ХVІ–ХVШ стагоддзяў, у асноўным пад уплывам польскай мовы, а ў наступныя стагоддзі – пад уплывам рускай. Унеслі свой «пасільны ўклад» у знявечанне і мясцовыя чыноўнікі-беларусы, якія ў шэрагу выпадкаў рабілі гэта свядома, ці нават не свядома – ад невуцтва. Такіх прыкладаў, на жаль, досыць многа. Так, I. Зяленскі, афіцэр рускага генеральнага штаба, які ў 1864 годзе складаў «Списки населенных мест Минской губернии», з пагардаю адносіўся да беларускага народа, а беларускую мову лічыў агіднай мешанінаю рускай і польскай моў. Таму многія тапанімічныя назвы Міншчыны ў яго апрацоўцы атрымалі тыпова польскае або рускае афармленне, што было заўважана многімі даследчыкамі. А паслядоўнікаў у I. Зяленскага ва ўсе часы было нямала. Пры гэтым трэба ўлічваць і тое, што многія сучасныя змененыя тапанімічныя назвы гучаць і пішуцца скажона ўжо некалькі стагоддзяў, і многія з нас звыкліся ці нават не ведаюць, як яны (айконімы) гучалі раней і як павінны перадавацца сродкамі пісьма ў адпаведнасці з асаблівасцямі сучаснай арфаэпіі, арфаграфіі.
Анамастыкон мастацкіх твораў Ф. Янкоўскага аналізаваўся ў працах В. Емельяновіч, М. Новік, Л. Жураўскай, Г. Кісліцынай, аўтара гэтай публікацыі, у Мазырскім педуніверсітэце ў 2007 годзе абаронена магістэрская дысертацыя І. Цярэнцьевай “Анамастыкон твораў Фёдара Янкоўскага”, а ў 2002 г. выпускніца БДУ, выкладчыца Брэсцкага універсітэта Яўдошына Ларыса Іванаўна абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму “Лексіка-фразеалагічная і сінтаксічная адметнасць мовы мастацкіх твораў Ф.М. Янкоўскага” (навук. кір. – Малажай Галіна Мікалаеўна).
Ф. Янкоўскі папярэджваў не аднойчы, што анамастычныя назвы, праходзячы праз канцылярыі, выдавецтвы, друкарні, іншы раз так мяняюцца, што, напрыклад, напісаная на карце і сапраўдная назва-тапонім маюць рознае гучанне. Ён быў, мабыць, адным з першых, хто яшчэ ў пяцідзесятыя гады ХХ ст. пачаў на старонках беларускіх навуковых і навукова-папулярных часопісаў, а ў апошнія гады свайго жыцця – у мастацкіх творах падымаць галасы пратэсту супроць скажэння, знявечання традыцыйных беларускіх назваў. «Ці правільна, – пісаў ён, – што на картах і ў газетах пішуць Вілія? (Параўн.: Гэта было ў сорак першым, восенню памятнай той, ранкам ад хмар пацямнеўшым, па-над ракою Віллёй. М. Танк). Не Нٰесвіж, а Нясвٰіж, не Рٰогава, а Рагавٰа, не Асٰіпавічы, а Асіпٰовічы, не Неман, а Нёман, не Талачынٰо, а Талачٰын, не Мсціслаўль, а Мсціслаў. Няма падставы гаварыць і пісаць Браслаўль, а карыстацца назвай Браслаўе, як і Заслаўе» [Янк., БМ, с. 291].
Мастацкія тэксты Ф. Янкоўскага насычаны самымі разнастайнымі лінгвістычнымі каментарыямі, але чытаюцца яны з асалодаю, бо пісьменнік праз каментарыі да некаторых слоў, асабліва тапонімаў, дасягае выключнай выразнасці думкі, выяўляе мэтанакіраваную празрыстасць семантыкі ў слове: Вясёлка і бліскавіца. Згода і Мілавіца (зорка Венера). Журавіны і парэчкі. Смачны і смаката. Цукроўкі і папяроўкі (яблыкі). Гародніна і садавіна...
Вяселле (вяселлейка) і немаўляткі, рунь і Руневіч, араты і Роліч... Вёскі Жывунь і Збажынка, Аснежыца і Крыніца, Янавічы і Свяцілавічы, Турэц і Ліпень, Галубіца і Славінск, Дуброва і Ясень, Гасцілавічы і Гасцілаўцы, Рэкта і Росна, Рось і Ратамка, мястэчкі Клічаў і Жыткавічы, Любань і Любча, Ружаны і Пружаны...
Можна скласці цэлы слоўнік гаваркіх слоў, беларускіх экзатычных слоў (і не толькі можна: старонкі яго – у мяне пад рукою).
Іншы раз «смакату» самога слова адчуеш, калі пранікнеш у яго паходжанне, у яго этымалогію або хоць паставіўшы побач з гэтым словам іншыя (ці хоць бы іншае, адно) слоўцы ад таго самага кораня. Пачуе аўдыторыя (цэлых сто дзяўчат і хлопцаў), што даўняе і такое роднае слова шлюб ад любы (з яго «сям’я» і любіць, і ў-любёны, і люб-овы, і люб-ата, і люб-асць, люб-енькі), што шлюб – з былога съ і любъ, і выкладчык спыняецца на нейкую хвіліну, не расказвае; студэнтка паўторыць сама сабе ці суседцы за сталом, паўторыць – «возьме на слых» гэта слова [Янк., ССГ, с. 129].
Пра новы літаратурны занятак у сваёй першай кнізе «Абразкі» Ф. Янкоўскі пісаў: «Беларускае мовазнаўства, беларуская філалогія – шырокае роднае поле, на якім яшчэ ёсць неўзараныя дзялянкі і недагледжаныя нівы. Яшчэ не ўсе сабраныя мною матэрыялы і назіранні апрацаваў і падрыхтаваў да друку; яшчэ не ўсё з гэтага асэнсавана, вывучана. Лінгвістыка, філалогія не стане ў мяне пабочным заняткам» [Янк., Абр., с. 5]. Лірычныя мініяцюры, абразкі – асноўныя жанры прозы пісьменніка. Гэта спецыфічны аўтарскі погляд, своеасаблівы тып мастацкага мыслення, якое і раней акрэслівалася даследчыкамі як лірыка-рамантычнае лірыка-філасофскае, альбо эсэістычнае. У выніку такога мыслення і нараджаюцца тыя знешнія прыкметы, па якіх звычайна і характарызуецца жанр: сціслы аб’ём, свабодная кампазіцыя твора, афарыстычнасць, суб’ектыўнасць, імкненне да бессюжэтнасці і цыклічнасць, якая ў дадзеным выпадку з’яўляецца не столькі прыкметай цэласнага бачання, колькі спробай аб’яднання “разарваных”, разышоўшыхся адзінак адлюсроўваемай рэчаіснасці (Кісліцына Г., 2000, с. 116). Названыя асаблівасці стылю мініяцюр асабліва выразна актуалізуюцца ў анамастыконе яго твораў. Ф. Янкоўскі, узбагачаны вялікім і складаным жыццёвым вопытам, амаль паслядоўна арыентуецца на натуральнае, народнае вымаўленне ўласных назваў, падкрэслівае ў тэкстах характэрныя асаблівасці словаўтварэння, націску, асабліва ў тых выпадках, калі ў перыядычным друку засведчаны прыклады скажэння, знявечання ўласных назваў: У Баранавіцкім раёне, недалёка ад старадаўняга і каларытнага мястэчка Гарадзішча, ёсць возера, якое зрабілі на рэчцы Сэрвач; каля вёскі Кутаўшчына. 3 таго і называецца гэта возера Кутаўскае. Грэх абысці, не звярнуць увагу на народнае словаўтварэнне. Ку́таўшчына – Ку́таўскае (возера). Радашкавічы – радашкаўскае (поле). Загорцы – загорскі (музыкант) [Янк., ЗНД, с. 158]. Правы бераг Бярозы; недалёка ад мястэчка, якое з даўніх давён называюць местачкоўцы і сяляне навакольных вёсак Бярэзань, на картах пішуць (нашто? чаму?) інакш – Беразіно [Янк., РБ, с. 307]. Ганарацца петрыкоўцы Петрыковам [Янк., ЗНД, с. 346]; Там – Грандзічы, Нягневічы, Зарніцы, Дарніца, Пальніца, Гожа... Там Гродна і Астрына, Наваградак і Кушляны, Свіслач і Любча, Шчорсы і Мір... Там светлыя, чыстыя, як з расы, шпаркі Нёман і нібы пасрэбраная Шчара. Там сама святая Світазь. Праехалі вёскі Пяценка, Бярэжкі, Баянаў, Бярозаўка, Зубарэвічы... [Янк., Абр., с. 62].
Для беларускай мовы вельмі тыповым з’яўляецца ўжыванне ўласных назоўнікаў-тапонімаў на -шчын-а для абазначэння мясцовасцей, што прылягаюць да пэўнага (дамінуючага ў ваколіцах) населенага пункта: Мазыршчына, Слонімшчына, Тураўшчына, Чэрвеньшчына і інш. Гэта цяпер вельмі адметная тапанімічная мадэль сучаснай нацыянальнай анамастыкі. У мастацкіх тэкстах Ф. Янкоўскага тапонімы на -шчын-а – гэта натуральныя назвы самых розных частак Беларусі, прычым пісьменнік практычна пазбягае выкарыстання афіцыйных назваў раёнаў, абласцей Беларусі, адчуваючы, што найменні тыпу Міншчына, Наваградчына, Случчына не толькі ёмка, каларытна і натуральна выконваюць назыўную функцыю, але і падкрэсліваюць нацыянальна-этнаграфічную спецыфіку краю. Ён захапляецца, любуецца такімі спецыфічнымі для нашай мовы назвамі. Яны амаль на кожнай старонцы яго кніжак: Прыехаў на Міншчыну – яна іншая, не такая, як паўднёвая Бабруйшчына, не такая, як Рудобельшчына, Случчына, Любаншчына, на Міншчыне і срэбразвонныя ручаі, і званкі-крыніцы, і шпаркія шумныя рэчкі... [Янк., ЗНД, с. 313]; На Палессі, дзе Петрыкоўшчына, Тураўшчына, Жыткаўшчына, і сёння можна ўбачыць, хоць нягуста, пчолы на дрэвах [Янк., ССГ, с. 276]; Сказаў такое, сказаў так, як кажуць (чуў не раз за вайну на родных маіх Заслаўшчыне, Маладзечаншчыне, Лагойшчыне, Вілейшчыне) [Янк., РБ, с. 131]. Праўда, некаторыя рускія даследчыкі айконімаў беспадстаўна адмаўляюць ужыванню суфікса -шчын-а ў беларускай мове, хоць у ёй ён атрымаў поліфункцыянальнае прызначэнне і шырока ўжываецца ва ўсіх стылях вуснай і пісьмовай мовы. Дарэчы тут адзначыць, што суфікс -шчын-а прадуктыўны таксама для ўтварэння назваў паселішчаў тыпу Іванкаўшчына. Лявонаўшчына. Васілёўшчына і інш. Паводле падлікаў вучоных такіх найменняў у нас болей за 1500. Аднак, напрыклад, А. Супяранская піша: «Слова, оканчивающиеся на -щин-а, как названия областей регионально ограничены украинскими землями. В Новгородской, Псковской, Витебской областях с этим суффиксом обычно образуются названия поселений: Крулевщизна, Шарковщизна, Селявщина Полоцкой обл., Сахновщина Харьковской обл., Братовщина Московской обл. Первоначальное значенне слов с суффиксом -щина – определенная общность людей с их проявлениями, образом жизни, правления. Ср. такие отантропонимные образования, как хованщина, пугачевщина, обломовщина» [Суперанская А., 1985, с. 11].
Для параўнання можна зазначыць, што ў рускай тапанімічнай сістэме мадэль на -шчын-а выкарыстоўваецца не заўсёды. Наўрад ці можна сказаць Маскоўшчына, Навасібіршчына, Краснадаршчына, Самаршчына, Хабараўшчына, Усурыйшчына і інш. Праўда, у апошні час (савецкі перыяд) пад уплывам беларускай і ўкраінскай моў, як заўважана лінгвістамі, у рускай мове атрымалі пашырэнне тапонімы тыпу Орловщина, Тамбовщина, Брянщина (пераважна назвы заходніх абласцей Расіі). Даследчыкі лічаць, што ў гэтым выпадку адбылося ажыўленне старой непрадуктыўнай мадэлі рускага словаўтварэння (параўн.: неметчина, туретчина і інш.), але пад уплывам усходнеславянскіх моў [Міхневіч А., Гіруцкі А., 1990, с. 36].
Некаторыя рэальныя айконімы, уласныя імёны, прозвішчы Ф. Янкоўскі ўзяў у якасці загалоўкаў апавяданняў, навел. Такія найменні як правіла канатацыйна насычаныя, валодаюць дадатковымі прырашчэннямі. Гэта: «Мікіта», «Шчорсы, родныя Шчорсы», «Пра Кандрата і Кандрація», «Случчына», «Зацань», «Мілавіца», «Дзед Тамаш», «3-пад Вязынкі», «Лекараўка», «У Бакштах», «Згода», «Паперня», «Гарывада», «Валента», «Адзінец», «Мой родны Пашка», «Цётка Гэля з Камарнікаў», «Алік», «З Пятром Глебкам», «Алеся», «Над Астрашыцкім возерам», «У Рызе», «Тамаш і Тамашэвіч», «На Палессі», «Чытаючы Лукаша Калюгу», «Гледзячы на Свіслач» і інш.
Адзначым найбольш характэрныя і тыповыя моўныя асаблівасці, што ўласцівы стылю гэтага мастака, у якога “ашчаднасць да слова адчуваецца ці не ў кожным абразку, у кожным асобным сказе” (М. Тычына), у прадуманым выбары анамастычных адзінак. У сваіх літаратурных творах пісьменнік Ф. Янкоўскі выяўляў сябе найперш як лінгвіст, які тонка і ўсебакова разумеў сутнасць і адценні слоў, асабліва самых розных онімаў, праз якія ў кантэкстах умела даносіў да чытача багацці чалавечых думак, прыгажосць і дасканаласць роднай мовы. Чысціня, натуральнасць выкарыстання ўласных імёнаў у соцыуме, грамадстве, творах літаратуры была штодзённым клопатам лінгвіста і пісьменніка, бо такія адзінкі ў цывілізаваных краінах разглядаюцца як помнікі духоўнай культуры народа, якія шануюцца і ахоўваюцца грамадствам і дзяржавай. Пісьменнік, ведаючы, што ў наш час многія натуральныя і традыцыйныя для беларусаў айконімы, уласныя імёны, прозвішчы па розных абставінах скажаюцца, вымаўляюцца і запісваюцца на ўзор блізкіх гучаннем замежных адпаведнікаў, пісаў: “Мне ўспомніўся паляк Міхал Федароўскі. Вялікі ён і дарагі Беларусі, беларусам. Вялікі ён і дарагі Польшчы. У свае немаладыя гады, ходзячы і ездзячы па Беларусі, Федароўскі любаваўся беларускімі набыткамі, знаходкамі ў фраземах, прыказках, вітаннях, зычаннях, прыгаворках, жартах, песнях, казках … Дзівіўся Федароўскі і з такога мілага яму: беларусы нарадзілі далікатныя і мілагучныя Міхась, Антось, Юрась, Карусь, Пятрусь…” [Янк., ЗНД, с. 388]. На жаль, некаторыя названыя і неназваныя ў гэтым кантэксце традыцыйныя беларускія імёны па розных прычынах архаізаваліся або змяніліся на ўзор блізкіх і вядомых у суседніх мовах і ўжываюцца ў наш час параўнальна рэдка, што, безумоўна, не робіць гонару многім з нас. Пра гэта ж з жалем пісаў і Ніл Гілевіч: “...быў час, ...калі пазнавалі па імені і нас, грэшных. Пачуеш Міхась, Юрась, Тамаш, Сымон, Антось, Язэп, Лукаш, Змітрок, Пятрусь, Абросім – ну, ясна, з Беларусі таварышы». А ў нарысе аб сваёй радаслоўнай гэты ж пісьменнік, успамінаючы свае маладыя гады, пра беларускія ўласныя імёны, адзначаў: “...у нашым кутку (на Лагойшчыне ў вёсках Слабада, Айнаравічы на Гаеншчыне – В.Ш.) усе імёны гучалі як самабытна беларускія, і я іх яшчэ ўсе застаў неперайначанымі, “неабкультуранымі” на казённы расійскі лад. Альжбета, Барбара, Параска, Паўліна, Міхаліна, Анэта, Дарка, Мар’яна, Рыпіна, Луцэя, Ліксандрына, Зося, Марыля, Якуб, Язэп, Тодар (і Хведар), Пётра (і Пятрусь), Адась, Ігнась, Тамаш, Дэраш, Змітрок, Мікалай, Лёкса, Аніс, Банадысь, Савэль, Юстын, Хвэлька, Несцер, Карпа – жыхароў Слабады і Айнаравіч з такімі імёнамі я ведаў асабіста. “Абкультуранымі” ўсе яны аказаліся ўжо на магільных плітах і камянёх, якія прыйшлі ў абрадавы побыт на змену драўляным крыжам” [Гілевіч Н., 2005, с. 83].
Для стылю пісьменніка характэрна тое, што ён абавязкова звяртае ўвагу чытача на тыя варыянты беларускіх тапонімаў, імёнаў, якія на фоне афіцыйных з’яўляюцца вельмі тыповымі, засведчанымі не толькі ў фальклорных запісах, а і ў творах беларускіх пісьменнікаў: Пішуць – Навагрудчына, а ў Якуба Коласа, а ў Янкі Брыля – як і там, на іх прыгожай, багацюшчай на ўсёй зямлі, – Наваградчына. Там і Наваградак [Янк., РБ, с. 96]; Вычытаў фраземы, некаторыя паўтараў, да некаторых прыгадваў варыянты, чутыя ў яго (Барыса Сачанкі. – В. Ш.) Вялікім Бары, у суседніх вёсках каля (як там казалі, кажуць) Хвойнікаў... [Янк., РБ, с. 380]; Настаўнікам быў Уладыслаў Галубок. (Запісваю імя – як казаў сам Галубок: Уладыслаў, Уладыслава) [Янк., ССГ, с. 99]; Далей – поездам, упершыню ў жыцці – да Бабруйска. А там пільнуйся і пільнуй – перасадка. I даедзеш да самога, як тады казалі, пісалі і друкавалі, Менску... [Янк., РБ, с. 410].
У прозе Ф. Янкоўскага многа адтапанімічных утварэнняў – назваў асоб паводле месца жыхарства, прозвішчаў, нярэдка пісьменнік звяртае ўвагу чытача на забытыя адтапанімічныя ўтварэнні, якія да нашага часу захаваліся толькі ў некаторых мадэлях беларускіх прозвішчаў: А праз гады сустрэў я чалавека з прозвішчам Мінчук. Сустрэў і сустракаў не аднаго мінчука – тых, хто родам з Мінска, з-пад самога Мінска, таго, хто жыве ў Мінску. I назаўсёды: мінчук і Мінчук... Такія словы, як мінчук, на Беларусі даўнія. Яны тут – свае, родныя. Падарожнічаючы, чытаючы дарэвалюцыйныя і сучасныя кніжкі, артыкулы, слоўнікі, знаходзіў: пінчук і Пінчук, градзянчук і Градзянчук, мазырчук і Мазырчук. Сустрэў і ражанчук, аршанчук, ашмянчук. Ёсць (як і былі!) такія самыя выразныя, але з іншымі суфіксамі. Хаць бы слова-назва мсціславец, што дайшло да нас і ў гістарычных выслоўях: «Мсціслаўцы не паміраюць на сваёй лаўцы»; «Мсціслаўцы – недасекі». Было, жыло і жыве на Беларусі прозвішча Мсціславец.
Дадам чутыя самім ці запісаныя некім: жлобінец, ракавец, малінавец, кляценец (на Глушчыне з вёсак Малінаў, Клетнае), кобрынец... кіевец, растовец (першае з двух апошніх пачуў у Петрыкаве і каля Турава, другое – у Мінску, на стадыёне «Дынама» ). Ёсць назвы з іншымі суфіксамі: случак, глусак, віцьбіч... Не спытаўся б тады Станіслаў Бараноўскі і не сказаў бы пра мінчука і мінчукоў, наўрад ці мог бы я заўважыць толькі што ўспомненыя аднатыпныя і тыповыя словы-назвы: той, хто з Турава, – туравец, той, хто з Петрыкава, – петрыковец... [Янк., ССГ, с. 218].
У апавяданнях, абразках, навелах пісьменнік нярэдка па-мастацку вытлумачвае паходжанне асобных беларускіх тапонімаў, прозвішчаў. Пра гэта займальна напісаныя навелы-абразкі «Паперня», «Гарывада», «Мілавіца», «Там, за Бабруйскам» (пра тапонім Згода), «Воталава-Волатава-Валатоўкі», «Згода», «Зацань», «Люблю, сваім ходам» (пра тапонімы Добраўка, Дараўка), «3 Палесся» (пра тапонім Бортнікі і прозвішча Бортнік), «Гасцініцы» (пра тапонімы Гасцілавічы, Гасцілаўцы, Гасцілы і прозвішчы Гасціла, Гасцюкевіч, Гастэла і інш.). Так, пра возера Воталава, што на Лепельшчыне, аўтар піша, як у размове з выпадковым спадарожнікам ён даведаўся, што мясцовыя жыхары сваё возера называюць не Воталава, а Волатава, звязваючы найменне з «волатамі» – асілкамі, якія нібыта ў далёкай старажытнасці жылі ў гэтых мясцінах і, магчыма, выкапалі возера. Народная этымалогія, засведчаная ў легендзе, на думку пісьменніка, не пазбаўлена логікі і не павінна адкідацца спецыялістамі пры ўсебаковым лінгвістычным аналізе гэтага тапоніма.
У абразку «Паперня» аўтар тлумачыць дзве народныя легенды пра паходжанне назвы Паперня – невялікай вёсачкі пад Мінскам, якая знаходзіцца на дваццатым кіламетры, калі ехаць са Старажоўкі на Вільню. Пісьменнік звяртае ўвагу, што гэтае слова-тапонім натуральнае для беларускай мовы, яно семантычна празрыстае, выразнае, гаворкае, арганічна ўпісваецца ў цэлы рад падобных паводле словаўтварэння: пякарня, ганчарня, друкарня, цукраварня...
А на беразе Вячы рабілі паперу. З таго і Паперня. Гадоў 35 гадоў назад адзін тутэйшы, з-пад Паперні, чалавек казаў мне: «Пры паляках (акупацыя ў 1920 г.) знайшлі закаркаваны і воскам аблеплены слоік, разбілі яго, а там старадаўняя чыстая папера. І забралі. Не было каму даць. А ёй, можа, цана залатая.
Чуў і другое. На Вячы, дзе Паперня, стаяла калісьці варта, стаяла і паперы (значыць – дакументы) правярала. Добрыя паперы ў чалавека – заплаці і едзь, благія паперы ў чалавека – заплаці і стой ці сядзі, было і пасадзіць куды. У Паперні паперы правяралі.
I гэта расказалі каля Паперні.
То як быць?
Хутчэй за ўсё, тут адно дапаўняе другое. Ва ўсякім разе: папера і Паперня – «свае людзі», «сваякі», «крэўныя...» [Янк., РБ, с. 266].
Як лінгвіст, фалькларыст Ф. Янкоўскі ведаў, што народныя этымалогіі пра паходжанне назваў паселішчаў могуць быць пацвярджэннем ці важкім аргументам на карысць сур’ёзных, навукова-абгрунтаваных вывадаў, зробленых вучонымі з улікам лінгвістычных і экстралінгвістычных крытэрыяў, гэта значыць з улікам комплекснага супастаўлення фактаў разнастайных мовазнаўчых, літаратурна-мастацкіх, гістарычных, геаграфічных, этнаграфічных і іншых крыніц. Такія этымалогіі могуць быць «падказкамі», з якіх нярэдка пачынаюцца сур’ёзныя навуковыя даследаванні пра паходжанне тапонімаў.
Здараецца, што высвятленне народнай этымалогіі можа мець вялікае практычнае значэнне. Так, у Рэчыцкім раёне на Гомельшчыне ёсць тапонім-характарыстыка Гарывада. Ён называе вёску, у ваколіцах якой геолагі ўпершыню ў Беларусі знайшлі нафту. Бытуе легенда, што паселішча з такой назвай узнікла на краі гнілога балота, вада якога час ад часу «ўспыхвала» полымем. Адсюль і незвычайнае слова-тапонім Гарывада. Калі б спецыялістаў прыкладной навукі геалогіі гэтая назва і тэрыторыя, якую яна называе, зацікавілі раней, то, відаць, і рэспубліка атрымала б сваю нафту не ў шасцідзесятых гадах, а намнога раней. У адной з газетных публікацый паведамлялася, што людзі стагоддзямі жылі, хадзілі і не здагадваліся, што ў іх пад нагамі цудоўнае паліва – нафта. Ф. Янкоўскі ў абразку «Гарывада», уважліва ўчытваючыся ў тапанімічную назву, супярэчыць такім паспешлівым вывадам: Што з нафты цудоўнае паліва – праўда; што з нафты не толькі паліва – праўда; што толькі нядаўна сталі здабываць пад Рэчыцай нафту – праўда. Але наконт «хадзілі» і не здагадваліся»?.. А вёску назвалі – Гарывада! I не сёння, і не ўчора, і не летась, і не пазалетась...
Інфарматар не захацеў (не скажу: не ўмеў) пачуць назву вёскі Гарывада [Янк., Абр., с. 110].
Пісьменнік выяўляе ў народнай мове такія ўласныя назвы, якія вельмі трапна перадаюць сутнасць агульначалавечых паняццяў, – словы з семантычна празрыстым сэнсам аднолькава зразумелыя і акадэміку, і школьніку, і селяніну:
Венера!
Што – Венера?
Не слова, а свята! Люблю, падабаецца. Люблю і слова. Люблю і зорку. Люблю і «Зорку Венеру». Нашу, Багдановічаву...
А Мілавіца?
Што гэта?
Не ведаеш? Народная назва зоркі Венеры.
— Праўда? Хораша. Яно такое роднае і далікатнае [Янк., Абр., с. 111]. У творах пісьменніка па-мастацку арыгінальна растлумачана народнае разуменне асобных беларускіх антрапонімаў. Відаць, не ўсе ведаюць, што прозвішча сусветна вядомага лётчыка-беларуса Мікалая Гастэлы – гэта скажонае пісарам у дарэвалюцыйнай царскай арміі тыповае для паўночнай Міншчыны прозвішча Гасціла (на пачатку, мабыць, называлі так чалавека, які любіў хадзіць у госці ці гасцінна сам прымаў іншых). Гасціла замянілі на Гастэла, відаць, па аналогіі з замежнымі імёнамі ці прозвішчамі тыпу Отелло.
Ф. Янкоўскі ў абразку «Гасцінцы» дае падрабязнае тлумачэнне гэтага знявечанага беларускага прозвішча, падбіраючы да яго разнастайныя анамастычныя аднакаранёвыя словы: Гастэла? Беларус Гасціла! Ён адтуль, дзе жывуць гасцінныя Гасцілы, дзе вёскі, дзе былі хутары-сялібы з назвамі Гасцілы, Гасцілаўцы, Гасцілавічы і інш.
Пад свята – як гасцінец... Праз трыццаць пяць гадоў. Таксама гасцінец.
Гасцінцы, гасцініцы, гасцяваць, госці-госцейкі!..
Гасцілаўцы і Гасцілавічы!..
Гасціла і Гасцюта, Гасцята і Гасцюковіч!..
Успомніліся і тыя шырокія, роўныя, дагледжаныя і абсаджаныя гасцінцы, што бягуць па беларускай зямлі. Па іх добра ездзіцца. Куды ні прыеду – на ўсёй Беларусі, ці блізка ад Мінска, ці далёка – добра гасцюецца [Янк., РБ, с. 163]. Бываў на радзіме Мікалая Гастэлы і Уладзімір Караткевіч: – Што гэта ў вас, дзядзька, на магілах ледзь не адно прозвішла? – А так, адно, Гасціла. Шмат у нас Гасцілаў. Гэта ж і Мікола Гасціла адсюль. Гэта ўжо там недзе, у Расіі, яму ці ягонаму бацьку прозвішча на Гастэла перарабілі. Ужо не ведаю, ці пісар ваенны, ці хто (У. Караткевіч. «Зямля пад белымі крыламі»).
З выкарыстаннем разнастайных этнаграфічных звестак тлумачыць пісьменнік і іншыя беларускія прозвішчы:
Лазьбень! Ладзьбень? Загадкавае слова. Сустракаў я прозвішчы Лазьбень, Лозьбінь, Лазьбінь, Лозьбін. Мабыць, крэўныя гэтыя прозвішчы з лазьбянём. Пчаляровым, бортнікавым, воччычавым...
Яго, лазьбень і ладзьбень, рабілі і робяць не з калоды, не з кары. Лазьбень – каробка з лубу, сшытая просценька, бо з майстэрствам-умельствам: так сшытая, што мёд, сам цякучы мёд, і кропелькаю не прасочваецца. Лазьбень насілі на саматканым, нават далікатным, як спавівач, поясе ці папрузе, часам (ат, няўдака які!) – на вяроўцы. Лазьбень вельмі трывушчы: ён рабіўся не на адзін век, хоць і не меў на сабе меткі пра сваю богвед якую якасць. Не ставілі лазьбяня на падлозе, – яго падвешвалі ці, калі часова, на нядоўга, ставілі на чысты ўслон... [Янк., ССГ, с. 279].
У абразку «Адзі´нец, Адзіне´ц» пісьменнік з выкарыстаннем разнастайных лінгвагеаграфічных звестак тлумачыць паходжанне гэтага частага ў беларусаў прозвішча: …Адзінец – прозвішча. Яно – на Глушчыне, пад Бабруйскам, каля Любані, Слуцка, у Мінску. Чуў і ведаў: Адзінцы. Гэта не адзін Адзінец у сям’і: гэта і род, некалькі сем’яў у вёсцы, мястэчку.
Слова (прозвішча) Адзінец, зразумела, ад таго кораня, што і адзін (адзінокі, адзіночны, адзінакавы); што і адзінка, адзіноцтва; што і аднолькавы); што і аднак, аднакі... Не ўсё прыгадаў. Але і не ўсё – гэта цэлая сям’я!
Значэнне слова «адзінец» у нейкай меры ўгадваецца і без тлумачэння. Яно з цэлай сямейкі слоў... Слова «адзінец» я сустракаў у саракавых – пяцідзесятых гадах на Гродзеншчыне, у Зэльвенскім, Мастоўскім, Свіслацкім, Дзятлаўскім раёне. Але мне інфарматары вымаўлялі гэта слова з націскам на галосны «і» – адзінец (як і ў слове «адзін»), другія – з націскам на апошнім складзе: адзінец.
Зубр, вядома, не ўсё сваё жыццё прытрымліваецца свайго зубравага статка. Прыкладна ў 9-10 гадоў спыняецца яго спаркаванне, наступае адзіноцтва, ён пакідае статак; ён ужо – адзінец. Назваць паланізмам слова адзінец і гэтым растлумачыць месца націску (другі склад ад канца слова) наўрад ці можна; у польскай мове нашаму пачатковаму ад- (адна, адны, адзін, адзіны, адзінкавы) адпавядае пачатковае jtd- – jeden? jednostka? jedynaczka jedyn).
Ужыванне слова адзінец з націскам на і ў народна-дыялектнай мове пацвярджаецца тэкстам верша Ларысы Геніюш «Зубр-адзінец» [Янк., РБ, с. 440].
З лёгкай рукі пісьменніка Ф. Янкоўскага ў беларускай літаратуры, беларускім мовазнаўстве прыжыліся словы-вобразы, якія сталі называцца гаваркімі. Гэта не толькі агульныя адзінкі тыпу неўставака, пустадомак, дабрадзей, словазлучэнні: частаваць словам, само слова гаворыць, аказіянальныя аўтарскія спалучэнні, якія падхоплены аматарамі, чуйнымі на трапнае ўжыванне такіх лексем: клышаногі язык, лёгкія ногі, падбетонены стыль, выцерабленыя радкі і інш., а і разнастайныя гаваркія анамастычныя адзінкі тыпу Мілавіца, Гарывада, Паперня, Згода, Жывунь, Збажынка, Аснежыца, Крыніца Галубіца, Гасцілавічы, Клічаў, Жыткавічы, Любань, Любча, Ружаны, Пружаны і г. д.
Гаваркія онімы ў мастацкіх тэкстах гэтага аўтара выразна выдзяляюцца на фоне кантэксту, выяўляючы ўнутраную форму, ацэначныя ўласцівасці, абумоўленыя сістэмай моўна-выяўленчых сродкаў, літаратурнымі і фальклорнымі традыцыямі. Такія словы пераважна поліфункцыянальныя, яны выконваюць не толькі назыўную, ідэнтыфікуючую функцыю – адрозніваюць, індывідуалізуюць асобу (аб’ект), але і валодаюць разнастайным канатацыйным патэнцыялам, набываюць экспрэсіўна-эмацыйныя і іншыя асаблівасці, перадаючы такім чынам адносіны аўтара да носьбіта імя. Яны таксама ўяўляюць яскравы адбітак і вынік літаратурных традыцый і ідэйна-мастацкіх задач канкрэтнага твора і нават канкрэтнага мастака слова.
Пісьменнік захапляўся і любаваўся такімі натуральнымі і празрыстымі на семантыку словамі. Яны амаль на кожнай старонцы яго самабытных абразкоў, лірычных мініяцюр, апавяданняў, філасафічных эцюдаў. “Можна скласці цэлы слоўнік гаваркіх слоў, беларускіх экзатычных слоў (і не толькі можна: старонкі яго – у мяне пад рукою). Іншы раз “смакату” самога слова адчуеш, калі пранікнеш у яго паходжанне, у яго этымалогію або хоць паставіўшы побач з гэтым словам іншыя (ці хоць бы іншае, адно) слоўцы ад таго самага кораня”. Гаваркія словы ў яго творах – гэта выразна ключавыя словы-дамінанты, якія перадаюць мастацка-эстэтычную, пазнавальную матывацыю вобраза, нацыянальны і рэгіянальны каларыт, аўтарскую пазіцыю, пісьменніцкі дар і інш. Вось як пісаў пра такія адзінкі сам Ф. Янкоўскі: “Гаваркое, або характарыстычнае слова не толькі абазначае нешта, а і характарызуе з’яву, прадмет – тое, што абазначае; гаваркое слова адразу дае штрышок вобраза ці нават вобраз” [Янк. ССГ, с. 19]. У эсэ “Чытаючы Лукаша Калюгу” ён яшчэ раз дае вызначэнне гаваркім словам, выяўленым у гэтага аўтара: “…звычайнае, вядомае слова становіцца характарыстычным, гаваркім, якое не толькі нешта называе, абазначае, а і само гаворыць, малюе, стварае вобраз”. Не выпадова, што адзін са сваіх зборнікаў філалагічных эцюдаў, абразкоў, артыкулаў пісьменнік назваў ёмка і трапна “Само слова гаворыць”.
Ф. Янкоўскі ўмела і эфектыўна ўключаў анамастычныя адзінкі ў мастацкі тэкст, ствараючы з імі запамінальныя малюнкі канкрэтных мясцін Беларусі, а таксама пераканальныя вобразы пераважна рэальных персанажаў і асоб, з якімі пісьменнік сябраваў, ваяваў у партызанах, каго вучыў і ў каго сам вучыўся мудрасці жыцця. У яго апавяданнях, абразках, навелах мноства па-мастацку займальна вытлумачана паходжанне асобных рэальных беларускіх айконімаў, гідронімаў, прозвішчаў, уласных імёнаў. Да тапонімаў, якія набылі ў перыядычным друку або ў творах мастацкай літаратуры чужародную адметнасць у напісанні і пад іх уплывам распаўсюдзіліся ў вусным маўленні, найчасцей прыводзяцца традыцыйна ўсталяваныя ў народзе варыянты з фіксацыяй націску: Нава́градчына, Гра́ндзічы, За́рніца, Да́рніца, Па́льніца, Астрына́ [Янк. РБ, с. 391]. У творах гэтага пісьменніка можна знайсці самыя разнастайныя лінгвістычныя, гістарычныя, этнаграфічныя каментарыі і тлумачэнні да наступных анамастычных варыянтаў: Гродна – Гародня, Наваградак – Навагрудак – Наваградчына, Пе́трыкаў – Петрыко́ў, Лепель – Лепль, Любч – Любча, Маладэчна – Маладзечна, Загора – Загор’е, Бахметаўка – Бахмэтаўка, Слуцак – Слуцк – Случчына, Стаўбцоўшчына – Стаўпеччына, Орша – Ворша, Петрыкаўшчына – Петрыкоўшчына, Бярэзань – Беразіна – Беразіно, Вілейка – Вялейка, Вялля – Вілія, Ратміравічы – Рацмеравічы, Глуск – Глусак і інш. Для твораў Ф. Янкоўскага характэрна паралельнае ўжыванне варыянтаў слова-тапоніма ці іншага ўласнага імя нават у адным сказе: Улетку 1964 года з тым самым Мішам едзем у Любч-Любчу, мястэчка над Нёманам [Янк. РБ, с. 125]; Еду там каля Завосся, каля Свіцязі, Шчорсаў, Загора-Загор’я не першы раз [Янк. РБ, с. 96]; ...у трыццатых гадах мінулага стагоддзя дзядулевага дзядулю перакінулі злосныя людзі і нялюдская імперская ўлада з Гродзеншчыны пад Слуцак, а пасля – з-пад Слуцка ў Клетнае... [Янк. РБ, с. 391]; Мо й вы чыталі пра нашага Юзіка-Есіпа Тодаравага? [Янк. РБ, с. 290]; Юзік-Іосіф – радавы ў атрадзе [Янк. РБ, с. 172]; Еду дадому. Да бацькоў, да дзядулі Базыля-Васіля, да братоў, сясцёр [Янк. РБ, с. 46]; Шукаў кніжак, а ў кніжках старонак. Пра Астапа-Яўстафія, пра Кастуся-Канстантына – пра Тышкевічаў [Янк. РБ, с. 430]. Такім паслядоўным, хоць і нетрадыцыйным ужываннем двух варыянтаў-онімаў у адной канструкцыі пісьменнік, на нашу думку, адзначаў раўназначны статус беспадстаўна “рэпрэсаваных”, не “з чужой моўнай практыкі” адзінак у нашай мове, звяртаў увагу на онімы, якія натуральна падкрэслівалі яе унікальны нацыянальны каларыт. Забытыя па розных абставінах варыянты ўласнага імя ў такіх спалучэннях (Любча-Любч, Загор’е-Загора, Слуцк-Слуцак, Васіль-Базыль і інш.) – гэта своеасаблівыя онімы-кантрастывы да ўсталяваных афіцыйных назваў. Нечаканы эфект навізны ў межах звычайнага сказа выклікаецца спалучэннем у адной канструкцыі гутарковых (нярэдка беспадстаўна забытых) і кніжных варыянтаў онімаў.
Прыём мастацкай этымалагізацыі онімаў асабліва часта назіраецца ў апавяданнях Ф. Янкоўскага пры апісанні рэальных тапанімічных аб’ектаў: ...а з таго дня мне асабліва дарагою назваю – Лекараўка... Лекараўка! (вёска ў Мінскім раёне – В. Ш.) Была яна карміцелька наша, была яна лекараўка наша [Янк. РБ, с. 71]. Выкарыстанне мімезіснага рэдубліката-апелятыва ў постпазіцыі да тапоніма (Лекараўка – лекараўка) ажыўляе, падказвае натуральную семантыку оніма, робіць мастацкі тэкст эмацыйна ўскладненым. Параўн.: лекар, лекарка (разм.) – “доктар, доктарка” [ТСБМ, ІІІ, с. 34]. У адметнай сінтаксічнай пазіцыі кампаненты мімезіснай канструкцыі ператвараюцца ў “актуальны элемент паведамлення”, набываюць адмысловае сэнсавае адценне і эмацыйна-экспрэсіўную афарбоўку. У апавяданні “Алік” пісьменнік яшчэ раз звяртаецца да разгорнутага мастацкага тлумачэння гэтай назвы, прыводзячы ў апісанні лексемы-актуалізатары і інтэнсіфікатары: У вёсцы Лекараўка (назва яе – сама характарыстыка роднага, сама матчына руплівасць, само жыццядайнае гучанне, сама жыццядайная сіла) партызанскі атрад чакаў ночы, каб выйсці на засаду... [Янк. РБ, с. 67]. Такім чынам, каментарыі, удакладненні да онімаў, насычаныя разнастайнай інфармацыяй і аформленыя як устаўныя канструкцыі, – паказальныя элементы стылю Ф. Янкоўскага.
Мастацкая этымалагізацыя онімаў выяўляецца і ў наступнай канструкцыі: Міхась, казалі ў вёсцы, – гэта Міхась, а не які там Міхаль-піхаль [Янк. РБ, с. 409]. У парадыгматычнай антрапаформуле таўталагічна аб’яднаны кантэкстуальныя онімы-кантрастывы: Міхась – Міхась – Міхаль-піхаль, дзе другі кампанент – онім-актуалізатар, якім падкрэсліваецца канатацыйны аспект першага імя, што, набыўшы выразную семантычную напоўненасць (гаспадар, руплівец), выступае кантэкстуальным кантрастывам да оніма Міхаль-піхаль. Сутнасць апошняга, які, дарэчы, нагадвае замежны адпаведнік беларускага Міхась, канкрэтызуецца зарыфмаваным прыдаткам піхаль – “той, кім панукаюць, зняважліва распараджаюцца, камандуюць; папіхач”.
Па-мастацку сцісла і ёмка падаецца ў адным з абразкоў этымалагізацыя гідроніма Пціч: Метраў праз некалькі – мост, на Пцічы, на рацэ, што некалі мы, хлапчукі, расхвальвалі: “На ёй вельмі багата, як ні на адной рацэ на свеце, пціцак усякіх...” [Янк. РБ, с. 48]. На аснове народнай этымалогіі і адвольнага супастаўлення назоўніка-індыкатара (пціцак – птушачак) і сугучнага яму гідроніма Пціч аднаўляецца ўнутраная форма апошняга, кантэкстуальна неабходная пісьменніку ў гэтым кантэксце. У выніку мастацкай семантызацыі тэкст набывае нечаканую напоўненасць і своеасаблівую навізну, а гідронім Пціч успрымаецца як гаваркое, этымалагізавана маркіраванае слова, як выразны стылістычны сродак. Мастацкая этымалагізацыя онімаў частая ў творах фальклору: вядомае ў соцыуме імя падлягае пераасэнсаванню, і этымон у такім выпадку кладзецца ў аснову вобраза, які ствараецца на падставе своеасаблівых асацыяцый, каламбураў, параўнанняў.
Спецыфічным вынікам вар’іравання онімаў у мове мастацкай літаратуры з’яўляецца набілізацыя – акультурванне, напрыклад, прозвішчаў, асабовых уласных імёнаў з мэтай стварэння камізму, іроніі, сарказму. Традыцыйныя, натуральныя для пэўнага соцыуму онімы ў выніку набілізацыі падлягаюць заменам, найчасцей нейкім замежным адпаведнікам, бо мясцовы онім нібыта ўспрымаецца як немілагучны, грубы, неэстэтычны. У творы мастацкай літаратуры такая варыянтнасць прозвішчаў у якасці спецыфічнага сродку “акультурвання” онімаў выкарыстоўваецца як мастацкі прыём для лаканічнай характарыстыкі розных прыстасаванцаў, адшчапенцаў, што выракаюцца родных каранёў, сваёй роднай мовы, радзімы, нацыянальнасці.
Набілізацыя імёнаў, прозвішчаў, тапонімаў у мове беларусаў, як сведчаць шматлікія прыклады з фальклору, народных гаворак, твораў мастацкай літаратуры, адбываецца некалькімі спосабамі:
а) шляхам замены, прыстасавання такіх прозвішчаў да падобных нечым (гукавой абалонкай, семантыкай, словаўтварэннем) адзінак у іншых мовах. Напрыклад, перамяшчэннем націску ў варыянтах онімаў на ўзор польскіх або французскіх прозвішчаў: Казёл →Ко́зел, Багдан →Бо́гдан, Пратас → Про́тас, Жабрак → Жэ́брак, Буйла → Буйло́, Птушка → Птушко́;
б) далучэннем да кораня тыповага беларускага прозвішча найбольш ужывальных анамастыных фармантаў, уласцівых суседнім славянскім мовам (пераважна рускай, польскай ) : Баран → Бараноўскі → Баранаў, Кулеш → Куляшоў, Машэра → Машэраў, Вялюга → Вялюгін, Чыгрын → Чыгрынаў, Радзівіл → Радзівілаў, Яраш → Ярашэўскі, Курыла → Курылаў, Лапух → Лапухоў;
в) уключэннем у структуру беларускіх онімаў неўласцівых ёй спалучэнняў гукаў, тыповых для іншых славянскіх і неславянскіх моў: Жыгала → Жыгадла, Гасціла → Гастелло (а), Забела → Забелло (а), Піліпенка → Філіпенка, Гародня → Гродна, Бярэсце → Брэст.
Набілізуючыя замены, як піша А. Супяранская, уключаюць самыя розныя выпадкі. Нямала сярод іх і актаў, прадыктаваных дрэнным густам і непавагай да натуральнага, прастога, нежаданнем унікнуць у гісторыю назвы, а таксама пагоняй за часовай модай [Супяранская А., 1973, с. 321].
Так, у апавяданні Ф. Янкоўскага “Прозвішча”, паведамляецца, што некалі ў тыповай беларускай вёсцы жылі тры браты-пенсіянеры, якія мелі прозвішча Кісель, аднак старэйшы з іх, “аб’ездзіўшы свет, набачыўся гарадоў, рэк, тэатраў, клубаў…”, змяніў сваё прозвішча. І калі паштальёнка, прынёсшы ад яго паштоўку серадольшаму Кісялю, засумнявалася, ці правільна яна ўручае пісьмо аднаму з братоў, бо на паштоўцы “… прозвішча таго Кісяля было з націскам на і, а таксама аж з двума “с”: Кіссель. Нехта з прысутных лёгка хмыкнуў, другі, нібы не ўсім, сказаў:
– Гэта як у немцаў, усё адно як па-нямецку. Трэці паспрабаваў скланяць і замяніць “с” іншымі гукамі” [Янк., РБ, с. 453].
Такім чынам, пісьменнік, выкарыстоўваючы прыём набілізацыі прозвішча, лаканічнымі сродкамі стварыў вобраз прыстасаванца, які па сваёй волі шляхам замены оніма намерваўся пазбавіцца роднасных каранёў, змяніўшы да непазнавальнасці тыповае беларускае прозвішча, бо новае, змененае, паводле яго меркаванняў, з’яўлялася больш эстэтычным, гучала культурна, як некаторыя замежныя. Аднак у зямлякоў такі варыянт і такое абыходжанне з перайначаннем, атрымала асуджэнне, выклікала іронію.
У абразку Ф. Янкоўскага «А каб табе!» намаляваны вясковы інтэлігент-абывацель Дуб-Дубавецкі, які, жывучы сярод сялян, карыстаючыся іх сардэчнасцю, гасціннасцю, з пагардаю і здзекам гаворыць аб іх мове, мясцовым вымаўленні. Дуб-Дубавецкі, не адчуваючы натуральнасці, мілагучнасці дыялектнай мовы, «дубова» ўспрымае яе гучанне. Збіральніку беларускіх слоў, фразем, прыказак, прымавак з жахлівай жорсткасцю ён паведамляе: «Я проста не зношу іхняга «сакання», «абуўса», «напіўса»; іхніх кленічаў: «А каб цябе!», «А бадай цябе!», «А ліха на іх!» [Янк., с. 177]. У гэтым штучна створаным па вядомай мадэлі прозвішчы пісьменнік свядома абуджае канатацыйны аспект оніма, каб паказаць абмежаванасць і нікчэмнасць яго носьбіта: пісьменнік, рэалізуючы адно са значэнняў апелятыва дуб – пра тупога, неразумнага чалавека, стварае «гаворкое» прозвішча, якое дакладна перадае адносіны аўтара да гэтага персанажа. Агульную характарыстыку Дуб-Дубавецкага дапаўняюць апісанне яго знешнасці, манера гаварыць з вяскоўцамі-сялянамі.
Прозвішча Дуб з выразным негатыўным падтэкстам мае персанаж апавядання Алеся Ветаха “Колька Дуб”. Ён у творы з тых “дубоў”, што, будучы яшчэ школьнікам, груба абыходзіўся са сваёй бабуляй, давёўшы яе да смерці, а пераросткам у школе выяўляў брудныя жывёльныя заляцанні да маладзенькай настаўніцы хіміі, чым садзейнічаў яе выжыванню з калектыву. З мэтай помсты былому аднакласніку, а цяпер выкладчыку ВНУ, каб паказаць сваю ўладу, Дуб, стаўшы міліцыянерам, беспадстаўна здзекваўся ў міліцэйскім участку, помсцячы за Валю Галецкую, якая не стала яго, Дубавай, жонкай, а выйшла замуж за Паўлюка Драбеню – навукоўца, выкладчыка ВНУ [Полымя. – 2000. – № 10. – с. 214].
Такім чынам, тыповыя асаблівасці гэтай асобы – інтэлектуальная абмежаванасць, упартасць, тупасць, помслівасць, выяўляюцца семантыкай апелятыва дуб, які пакладзены ў аснову прозвішча галоўнага персанажа апавядання. Рэалізацыя значэнняў такіх апелятываў звычайна актуалізуецца ў кантэксце, бо, напрыклад, у структуры полісеманта дуб выяўляюцца два амаль процілеглыя значэнні: першае, якое намі выяўлена і засведчана ў названым прозвішчы і амаль процілеглае “высокі, моцны чалавек”.
Даследчыкі мастацкіх тэкстаў Ф. Янкоўскага адзначаюць, што лірычныя мініяцюры пісьменніка сталі сапраўднай з’явай для беларускай літаратуры 70-х гадоў XX стагоддзя (М. Мішчанчук, Г. Кісліцына, М. Тычына, Л. Яўдошына і інш.). Яны не проста “ажывілі” стылёвую аднастайнасць тагачаснай прозы, а паказалі, што літаратура павінна быць скіраванай на выяўленне індывідуальнага, адзінкавага, павінна спрыяць не толькі вырашэнню маштабных грамадска-сацыяльных задач, але і духоўнаму сталенню, развіццю эстэтычнага густу, набыццю ведаў, у першую чаргу прыносіць чытачу асалоду ад мастацкага тэксту.
На завяршэнне разам з Паўлам Місько, паўтараючы Фёдара Міхайлавіча, скажам: “… Жыві наша слова!” І знімем шапку перад чорнарабочым ад слова, перад тытанам духу і паклонімся яму прылюдна, “і за гарою”, і дзе б, у якой мясціне зямлі, дома ці за мяжою, мы ні былі …, яшчэ раз парадуемся, што ён ёсць у нашай культуры…” [Янк., ЗНД, с. 10].
