Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Алесь Груша.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
207 Кб
Скачать
☆

Службовы склад канцылярыi

Аснову штата канцылярыi ВКЛ складаў канцлер, найвышэйшы i старэйшы пiсары, пiсары i дзякi.

Канцлер – кiраўнiк канцылярыi, у распараджэннi якога знаходзiўся ўвесь штат установы . Праз канцлера вялiкi князь перадаваў усе магчымыя загады адносна дзейнасцi канцылярыі: аб правiльным напiсаннi тытула вялiкага князя маскоўскага , «содранни» лiстоў, што не мелi законную сiлу , выдачы розных копiй . Канцлер павiнен быў «пилне стереч» выкананне гаспадарскiх загадаў . Найвышэйшы пiсар – намеснiк канцлера пры вялiкiм князі. Першыя звесткi аб iм знаходзiм пад 1476 III 14. Гэта – Якуб . У 1499 V 3 найвышэйшым пiсарам названы Федка Рыгоравiч ; 1501 XI 3, г. зн. яшчэ пры жыццi Федкi Рыгоравiча – Федка Янушкавiч . Не выключана, што абодва Федкi не валодалi лацiнскай мовай i таму для лацiнскага аддзела канцылярыi (гл. нiжэй) быў уведзены свой найвышэйшы пiсар. У такой ролi за 1501 III 31 фiгуруе лацiнскi пiсар Эразм Цёлак , калi, канешне, такiм чынам штучна не павышаўся статус апошняга як пасла (у гэты час Э. Цёлак знаходзiўся з дыпламатычнай мiсiяй ў Рыме). Найвышэйшы пiсар – гэта, верагодна, тое ж самае, што i найвышэйшы сакратар («таемны пiсар» ), якiм становiцца прыблiзна ў 1505 г. Iван Сямёнавiч Сапега. Апошнi захоўвае за сабой найвышэйшае сакратарства да смерцi ў 1517 г. Хто быў найвышэйшым пiсарам у 1517 – 1519 гг., цi iснавала такая пасада наогул, невядома. З 1520 г. – гэта той пiсар, якi з’яўляўся адначасова i земскiм падскарбiем. Так названы, хаця даволi няпэўна, пад 1528 г. Мiхайла Богуш–Багавiцiновiч. Сувязь найвышэйшага пiсарства з пасадай пiсара–земскага падскарбiя вiдавочная. Наступнiк М. Богуша–Багавiцiновiча на гэтай пасадзе Iван Гарнастай пасля смерцi канцлера А. М. Гаштольда з 1539 па 1546 гг. (?) з’яўляецца спраўцай канцылярыi. Першым падкацлерам – эвалюцыйным прадуктам найвышэйшага пiсара – стаў у 1566 гг. Астафей Багданавiч Валовiч – таксама пiсар i земскi падскарбi.

Тэрмiн «старэйшы пiсар» не зафiксаваны крынiцамi. Тым не менш наяўнасць такой катэгорыi пiсараў не выклікае сумнення. Яна дзейнiчала з 90–х гг. XV ст. па 1517 г. З пачатку 90–х гг. па 1498–1499 гг. пры Федку Рыгоравiчу старэйшым пiсарам быў Iван Яцкавiч Уладыка; у 1505–1516 гг. пры I. С. Сапезе – М. Богуш–Багавiцiновiч. Не iснавала старэйшых пiсараў толькi прыкладна ў 1500 – 1505 гг. пры найвышэйшым пiсарстве Федкi Янушкавiча.

Становiшча i статус старэйшага пiсара I. Я. Уладыкi блiзкае да становiшча i статуса пiсара найвышэйшага. У тым выпадку, калi гутарка ішла аб вымушанай падмене найвышэйшага пiсара iншым пiсарам, у загалоўках кнiг Метрыкi адзначаецца прычына, па якой гэта падмена адбылася. Напрыклад: «Как пан Федко з Вилни поехал, я, Янушко, при великом кн(я)зи остал...»; «При Богуши, маршалку и писари, как пан воевода витебскии, пан Сопега (г. зн. I. С. Сапега – А. Г.) ездил до Литвы ...». I. Я. Уладыка дзейнiчае самастойна: «Пры Ивашку Владыце», «То справа пры Ивану Яцковичу Владыце...».

Пры I. С. Сапезе старэйшы пiсар – давераная асоба, намеснiк найвышэйшага пiсара (сакратара), якi замяшчаў апошняга ў час яго адсутнасцi: «Справа Богушом Боговитиновичом, маршалком и писарем, как пан воевода витебскии, пан Иван (г. зн. I. С. Сапега – А. Г.) ездил от к. е. м. до Великого княз[ства] Литовского, в Кракове, м(е)с(е)ца августа 19 ден, индикт 15»; «Справа Богуша, маршалка и писаря г(о)с(по)д(а)ря к. е. м., у Вилни, коли ездил пан воевода подляшскии, маршалко и секретар, пан Иван Сопега до Лифлянт в посельстве от к. е. м., м(е)с(е)ца марта 2 д(е)нь, индик 2». Але таксама: «Справа почалася при Богуши, писари, у Смоленску, м(е)с(е)ца сень[тября] 8 д(е)нь, индикт 12, на Матки Божъи последнее день». У 1508 г. Iван Сямёнавiч Сапега знаходзiўся ў паcольстве ў Маскве. Вiдавочна, яно прыпадала менавiта на гэты час. Сапегу замяшчае тут толькi М. Богуш–Багавiцiновiч, а не Рыгор Iсаевiч Грамыка, Копаць Васiлевiч, Федка Мiхайлавiч Святоша, Iван Багданавiч Сапега, Богухвал Дзмiтравiч i Iван Гарнастай, пiсары адпаведна з 1503, 1506, 1507, 1507, 1511, 1513 гг.

Для характарыстыкi статуса найвышэйшых i старэйшых пiсараў адзначым, што пераважна толькi гэтая катэгорыя работнiкаў канцылярыi ў 1494–1497 i 1507–1509 гг. бярэ ўдзел у аднаасобным цi сумесным з iншымi службовымi асобамi прыняццi справаздач («личбы») ў арандатараў дзяржаўных даходаў: мытнiкаў, ключнiкаў, васкаўнiчых. Ёсць толькi адзiн факт правядзення такога ўлiку дзякам: Занькам Iванавiчам у 1495. Толькi найвышэйшыя i старэйшыя пiсары ў 80-90-х XV ст. збiраюць нядоiмкi з данiн, саму данiну, срэбшчыну з насельнiцтва Задзвiнскiх і Падняпроўскiх валасцей. Калi меркаваць па загалоўках кнiг Метрыкi, то можна заўважыць, што пасольскую дакументацыю ў 1512-1516 гг. выдае толькi старэйшы пiсар М. Богуш –Багавiціновiч, якi пры гэтым замяшчае найвышэйшага пiсара I. С. Сапегу.

Пiсары i дзякi вядомыя ўжо з часоў вялiкага князя Вiтаўта. Першыя з вядомых дзякаў пры Казiмiры – Васiль Любiч (1448 верасень – 1449 жнiўня 31 – iнд. 12) i Iванка (1449 г. -- iнд. 13 -- кастрычнiка 29).

Другая палова XV ст. – этап, калi ў дачыненнi да пiсараў i дзякаў канчаткова зацвердзiлася адпаведная тэрмiналогiя. Толькi ў адным выпадку ў 40-50-х гг. XV ст. пiсар Iван Кушлейка падпiсаўся як «дзяк». У 80 – х гг. XV ст. тэрмiн «пiсар» часам выкарыстоўваецца ў якасцi агульнага наймення ўласна пiсараў i дзякаў. У XVI ст. так называюць амаль выключна ўласна пiсараў.

Пiсарства – гэта пасада існавала ўжо ў сярэдзiне XV ст. За 40–50 гг. гэтага стагоддзя вядома 12 пiсараў (па меншай меры тых асоб, якiя падпiсвалi дакументы), з iх 6 (Мiкалай з Блашэвiч, Пузыр, I. Кушлейка, Логвiн, Сапега, Якуб) рыхтуюць дакументы сiстэматычна.

У першай чвэрцi XVI ст. на пасаду пiсара назначаюць афiцыйна. I. Гарнастай атрымаў пiсарства «до живота», на што меў i спецыяльны прывiлей. Першы падпiсаны дакумент I. Гарнастая як пiсара датуецца 1513 VII 15. З пiсарства здымаюць (гл. нiжэй). Большасць жа дзякаў – гэта дваране, якiя выконвалi даручэннi ў канцылярыi. У «Пописе дворян всих к. е. м. у Великом князстве» 1512 г. знаходзiм Андрэя, Грышана i яго брата Федку, Крыўца, Саву. Усё гэта дзякi. Андрэй – гэта або Андрэй Мiкалаевiч, або Андрэй Мiлашавiч. Крывец – Алехна Фёдаравiч Крывец. Грышан i Фёдар – Грышка i Фёдар Iванавiчы. Адносна Грышана ў «Пописе» адзначана: «Гришан на 3 конех. А имене выслугу, и брат его Федко, маеть в Городне, 10 ч(о)л(о)в(е)ков». Iх выслуга ў Гарадзенскiм павеце – сёльцы масквiчоў Астафея i Iвана Мяшчорын: «Остафъево а Мещеринов», якiя дасталiся iм у 1508 г. Андрэй, Крывец, Сава так i абазначаны ў «Пописе» – «дзяк». Адна i тая ж асоба ў крынiцах магла называцца то як дзяк, то як дваранiн (гл. Таблiцу). Пасадай дзячыства было, відаць, толькі для тых дзякаў, што выйшлі з асабістых канцылярый і не з’яўлялiся дваранамі, а таксама для некаторых прадстаўнікоў таго разраду дзякаў, якiя займалi, вiдавочна, больш высокае становiшча ў канцылярыi, i называліся пісарамi (Iгнат Мiкiцiнiч, Нiкольскi Васiлевiч Паўлавiча).

Пiсар – рэалія сацыяльна–эканамiчная. Служба пiсара, як зрэшты, i ўcякая iншая гаспадарская служба ў апараце кiравання і суда, была звязана з пастаяннымi асабiстымi выдаткамi. Наступным чынам патрацiўся, напрыклад, пiсар Мiхайла Васiлевiч Свiнюшскi, будучы з дыпламатычным даручэннем у Крымскiм ханстве, вiдавочна, у 1519 г. : «... как есмо шлючи его (г. зн. М. В. Свінюшскага – А. Г.) на службу нашу к Орде Перекопскои, на истраву дали ему одно сто коп грошеи и он, деи, будучи там на тои нашои службе, в Орде, немало своих властных речеи роздал на нашы потребы для нашого доброго а земского, а к тому еще, идучи к нам с Орды с тыми великими послы ц(а)р(е)выми, стравовал их своими пенезми, почон от границы Литовское через Коруну Полскую, аж к нам до Торуня, а тот наш дворенин Грива, которого есмо напротивко тым послом послали были с пенезми, з ними ся розминул, и было тых всих татар с тыми послы шестьдесят ч(о)л(о)в(е)ков, на што ж, деи, он немало своих п(е)н(е)зеи выдал». Наяўнасць такiх выдаткаў адлюстравалася нават у фармулiстыцы прывiлеяў i пацвярджэнняў: «ино мы... за его к нам верную и знамените накладную службу...»; «ино мы для его к нам верных а пильных служоб, иж он ... служачи нам стале у вере ся заховал и накладу на наши службы наложити не жаловал... »; «иж вбачивши есмо верную, а пилную, и справедливую, николи не вмешканую службу... которую ж ся он брату н(а)шому... и к нам, яко к п(а)ном дедичным, цнотливе и накладне ся оказал...» і г. д. Гэтыя «наклады» ў далейшым шчодра пакрывалiся гаспадаром шляхам зямельных дараванняў i прадастаўлення розных даходных пасад. Названы ўжо М. В. Свiнюшскi выпрасiў для свайго бацькi Васiля Яўлашкавiча ў вялiкага князя ў якасцi кампенсацыi за свой наклад у Ардзе ў 1519 г. (?) епiскапства Луцкае або Валадзiмерскае, «которая се напервеи отворит». У любым выпадку пiсарская служба патрабавала ад самога пiсара на першых этапах пэўнага эканамiчнага стану.

У сувязi з гэтым трэба спынiцца на вось якiм моманце. Магчыма, што наданне пісарам некаторых дадатковых нязначных пасад – дзяржаў–намесніцтваў, гарадніцтваў, ключніцтваў – у некаторых выпадках мела характар вылучэння спецыяльных крыніц даходаў, якія шлі, ў тым лiку, i на ўтрыманне і забеспячэнне пісарскай пасады. Як «кармленне» -- адно са сродкаў забеспячэння пiсараў за службу дапускае магчымасць разглядаць дзяржавы–намеснiцтвы В. Мянжынскi. Так, па «чаламбіццю» Станiслаў Якубавiч Скоп атрымаў Скерстамонскую воласць (1523 г.), а Павел Войцехавiч Нарушэвіч – Жыжмарскую (1524 г.). На думку К. Пяткевіча некаторыя з валасцей маглi быць звязаны з канцылярыяй. Маецца на ўвазе, што даходы з iх мелі характар менавіта такіх спецыяльных крыніц. Сапраўды, Жыжмары, напрыклад, на працягу 20 год, з 1494 па 1514 гг., без перапынку даставалася выключна пісарам: Янушку – 1494; Федку Янушкавічу – 1495–1499; I. С. Сапегу – 1500–1507; М. Богушу–Багавіціновічу – 1508–1509; Копцю Васілевічу – 1510–1514. Аднак часцей за ўсё пісары набывалі згаданыя пасады ў водкуп за прадастаўленне пэўных грашовых сум. М. Богуш–Багавіціновіч атрымаў троцкае гараднічае ў 1506 г. за 100 коп шырокіх грошай, а затым яшчэ за 70 чарлёных залатых, Даўгі ў 1508 г. – за 1000 залатых, у далейшым – за 600 коп грошай, Камянец у 1518 г. – за 1000 коп грошай; Р. I. Грамыка распараджаўся віленскім ключом з 1508 г. (?) за 48 коп і 10 грошай, Свіслаччу з 1518 г. – за 600 коп грошай. Характэрна, што гэтыя пасады пiсары набывалi ўжо па праходжанню пэўнага тэрмiну, калi iмi быў назапашаны пэўны капiтал на гаспадарскай службе. Немалаважна i тое, што з каля 60 дзякаў за вывучаемы перыяд вядома толькi 2, якiя займалi якiя–небудзь iншыя пасады: Занька Iванавiч – вiленскае гараднiчае, М. Богуш–Багавiцiновiч – пералайскае намеснiцтва (вядома таксама, што дзяк (у крынiцах – пiсар) Нiкольскi Васiлевiч трымаў Чачэрск). Асобныя дзякi зусiм не мелi маёнткаў, як напрыклад, Мiтка Дзянiсавiч Садзiлаў (Садзiловiч) i Сава. Службовую падтрымку на нейкiх этапах Садзiлаў атрымлiваў з «лежанья» ў Дарсунiшках (1507 г.).