Бортніцтва (Пчалярства)
Адным з самых старадаўніх заняткаў беларусаў было пчалярства, якое ўзнікла як адна з форм збіральніцтва. Пчалярства прайшло ў сваім развіцці тры асноўныя стадыі:бортніцтва, пчалярства калоднае і рамачнае.
Сяляне адшуквалі ў лесе пчаліныя дуплы-борці, выбіраючы мед, для чаго прыходзілася выкурваць пчол. Паводле старажытнага звычаю, чалавек, які знайшоў у лесе борць, атрымліваў права ўласнасці на яе, ставячы пры гэтым на дрэве сваю ўмоўную метку – “знамя”. Так узнікла культурнае пчалярства, або бортніцтва. Пры гэтым людзі не толькі выкарыстоўвалі прыродныя дуплы-борці, але і рабілі новыя, штучныя, выдзеўбваючы іх у ствалах дрэў на вышыні 4 – 15 м. Звычайна борць высякалі з сонечнага боку, прамавугольны ўваход у яе (даўжэнь) памерам 60 * 15 см заціскалі адпаведнай формы бруском, пакідаючы невялікую лазейку (летку) для пчол. Каб прывабіць ў борць новы рой, уваход апрысквалі настоем пахучых траў, унутры клалі вільготны мох, змочаны ў духмяным, мятным растворы, а ў дадатак замацоўвалі да сценкі камеры акрайчык пчаліных сотаў. Калі борць прыходзілася да спадобы пчаліным разведчыкам, то тыя прыводзілі за сабой малады рой.
Пачынаючы ад ХV – ХVІ стст. распаўсюджыліся калодныя вуллі, якія па-ранейшаму называлі борцямі, або калодамі. Першым калодным вуллем хутчэй за ўсе было тое ж самае борцевае дрэва, паваленае ветрам. Частку ствала, дзе знаходзілася борць, акуратна адпілоўвалі з двух бакоў і ставілі ў неабходным месцы. Калоды расстаўлялі на дрэвах на вышыні да 15 м пераважна ў ліпавых і бярозавых гаях, паблізу пойменных лугоў і верасовых балот, багатых меданосамі.
Для аховы калод і борцей ад лясных драпежнікаў – мядзведзяў і куніц, што спрытна лазілі па дрэвах і любілі ласавацца медам, доступ да борцей перагароджвалі шырокімі пляцоўкамі („падкур”, „адзер”), у якія знізу набівалі вострыя цвікі. Мядзведзь, лезучы ўгару, з любога боку натыкаецца на завостраную калоду, потым пачынае адштурхоўваць калючую перашкоду, якая ўсё больш балюча б'е ласуна, — нарэшце ён звальваецца...
У ХІХ ст. разам з лясным шырока распаўсюдзілася пасечнае пчалярства. Сяляне, шляхта заводзілі ў сябе на сядзібах пасекі на дзесяткі і сотні вулляў. У XIX і да сярэдзіны XX ст. пераважалі вуллі-калоды, так званыя стаякі і лежакі. Пчол трымалі амаль у кожнай хаце: у сярэднім па 10 — 12 сем'яў, але былі пчаляры, якія трымалі да 60. Вуллі стаялі на сядзібах, але часцей за ўсё яны былі на дрэвах у навакольных лясах. Кожны бортнік меў пэўны набор інструментаў і спецыяльных прыстасаванняў, сярод іх – барта (сякера з шырокім лязом), пешня, долата, лопацень, цясла, скобля, свердзел, з дапамогай якіх выдзеўбвалі і ўладкоўвалі борці. Пчаляры забіраліся на дрэва, перакінуўшы цераз сук лезіва, або жэнь, - доўгую (25 – 30 м) вяроўку, сплеценую з трывалых рамянеў ці пяньковых вітак; лезіва мела на адным канцы папярэчыну (сядло, крэсла), на якую садзіўся бортнік, на другім – крук ці дзве пятлі. Пры пад’еме бортных калод на дрэва выкарыстоўвалі кадол – кола-лябедку з доўгай ступіцай, на якую накручвалася вяроўка. Пры доглядзе пчол неабходным быў дымакур і сітак (апошні надзяваўся на галаву, асцерагаючы твар і шыю ад укусу пчалы). пасля Спаса.
У канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. распаўсюдзіліся больш сучасныя рамачныя вуллі. Адначасова сустракаліся саламяныя вуллі („саламянікі”) і плеценыя („лазавікі”). Летам, калі зацвіталі лугавыя травы, ліпа, грэчка, верас, некаторыя пчаляры грузілі вуллі на сані (звычайна гэта рабілі ў начны час) і адвозілі за 10 – 20 верст у месцы медазбору. Часам пчаляр зыходзіў да вулляў на некалькі дзён. Ён браў з сабой спецыяльную бандарную пасудзіну для мёду - дзежачку. Яна рабілася плоскай, каб лягчэй было пакласці ў варэньку. Мед таксама збіралі ў лазбень, берасцень, ліпаўку. Пры спрыяльным надвор’і пчаляры атрымлівалі па 2 – 3 пуды меду з кожнага вулля. Найлепшым лічыўся ліпавы мед („ліпавец”), „празрысты і чысты, як крынічны струмень”.
Яшчэ ў пачатку ХХ ст. на Палессі захоўваўся старажытны звычай бонды, калі бортнік, што сабраў мед у лесе, частаваў кожнага, хто выпадкова сустракаўся на яго шляху. Паводле народнага павер’я, нават вораг, які прыняў пачастунак медам, станавіўся лагодным і забываў пра варажнечу. Быў вядомы і звычай сябрыны, калі бортнік дарыў аднавяскоўцу рой пчол, а той аддаваў яму палову меду, атрыманага з гэтага рою, што, паводле звычаю, замацоўвала сяброўства і трывалую дружбу паміж імі.
Мед у беларусаў з’яўляецца адной з важнейшых абрадавых страў. Ён трывала ўвайшоў у святочна-рытуальны комплекс, у шматлікія народныя звычаі і абрады. Ім частавалі званых гасцей, родных, блізкіх сяброў. Ен быў абавязковым пры сватаўстве і вяселлі, нараджэнні і хрышчэнні дзіцяці. Без яго не абыходзіліся пахаванне і памінкі. Мядовыя стравы – святочная куцця, канун, пірог, пернікі, медавуха і інш. – былі звычайнымі ў побыце не толькі шляхецкага саслоўя, але і простага люду. Прадукты пчалярства – воск, праполіс, матачнае малачко, пылок, пярга – шырока выкарыстоўвалі ў народнай медыцыне.
