Паляўнітва
Паляванне на дзічыну – такі ж старажытны занятак, як і рыбалоўства. У сярэднявечных дакументах неаднаразова згадваюцца паляўнічыя і звераловы, сярод іх – лясныя стральцы, палясоўшчыкі, асочнікі, лоўчыя, баброўнікі і інш. Жыхары лясоў і рачных урочышчаў былі патомнымі паляўнічымі і звераловамі, добра ведалі паводзіны звяроў і птушак. Нягледзячы на тое, што лясы належалі ў асноўным памешчыкам ці дзяржаве і заканадаўства ў адносінах да палявання было даволі жорсткім, селянін умеў здабыць дзічыну без стрэльбы, выкарыстоўваючы розныя лоўчыя прыстасаванні і пасткі. У ХVІ ст. былі прыняты спецыяльныя артыкулы “Аб ловах, аб пушчах, аб бортным дрэве, аб бабровых гонах, аб сакаліных гнездах”, якія рэгламентавалі права “ловаў” і прадугледжвалі суровыя меры за браканьерства.
У сярэднявеччы шырока ўжываліся кап’е, рагаціна, сякера, нож; разам з тым выкарыстоўвалі і ваенную зброю блізкага бою – шаблю, меч, булаву, кісцень. У асобную групу можна вылучыць самаловы – розныя пасткі, так званыя жалезы, петлі (сілы), сеткі, ступіцы, ваўкоўні, лоўчыя ямы, загароды.
Здабывалі буйных траваядных (зубр, лось, кабан), драпежнікаў (мядзведзь, воўк, рысь), касуль, лісіц, куніц, барсукоў, зайцоў, ваверак.
Асабліва шмат лавілі вадаплаўнай птушкі: гусей і качак. На малых рэках палявалі на баброў і выдру. У лесе палявалі на глушцоў, рабчыкаў, цецерукоў, курапатак, Да лясных гігантаў-глушцоў падкрадваліся даволі блізка ў час току, прыкрыўшыся зяленым шалашыкам са звязаных галін. Пры паляванні на цецерукоў і качак выкарыстоўвалі і манькуту – чучала птушкі.
Агнястрэльная зброя пачала выкарыстоўвацца ў паляўніцтве ў канцы ХV пачатку ХVІ стагоддзя і была даступна толькі буйной шляхце. У другой палове ХІХ стагоддзя атрымалі распаўсюджванне дубальтоўкі. Напрыканцы ХІХ стагоддзя паляванне са стрэльбай набыло сярод прывіяленаваных колаў насельніцтва спартыўна-аматарскі характар і толькі ў сялян, местачкоўцаў і некаторых прадстаўнікоў гарадскога насельніцтва яно захавала ролю дапаможнага занятку, які прыносіў прыбытак.
Лясныя і лесахімічныя промыслы
Багатая лясамі і рэчкамі Беларусь была прыдатная для нарыхтоўкі і сплаву лесу і дроў. Вялікія абшары лясоў знаходзяцца на Віцебшчыне, Магілёўшчыне, Міншчыне, Палессі. Менш багата лесам Гродзеншчына, але там ёсць шмат пушчаў (Белавежская, Налібоцкая і інш.). Лясы мелі велізарнае значэнне для гаспадаркі беларускага этнасу, яго прамысловых і рамесных заняткаў. Уладальнікамі лясных угоддзяў з’яўляліся памешчыкі і казна.
Арцелі зімой нарыхтоўвалі драўніну і тралявалі яе да рэк і ўпадаючых у іх пракапаных сплаўных канаў. Для тралёўкі лесу выкарыстоўвалі сані двух тыпаў: спецыяльныя (лесавозы, кары) і звычайныя з жалезнымі палазамі. Ужывалі іх з падсанкамі, з насаджанымі на капылы бабкамі — бярвеннямі па шырыні саней, з высечанымі жалабкамі ўпоперак, на якія клалі бярвенні. Існаваў і спосаб тралёўкі без падсанкаў – цяглом, калі камель хлыста ляжаў на санях, а вяршаліна цягнулася па зямлі.
Працэс нарыхтоўкі драўніны меў пэўную паслядоўнасць. Спачатку дрэва валілі, потым абцярэбвалі сучча, адсякалі вяршаліну, акорвалі ствол і рассякалі яго на часткі. Нарыхтоўвалі два віды драўніны – будаўнічыя матэрыялы і дровы.
Іншы раз нарыхтоўвалі і дахавыя матэрыялы: драніцы і гонту. Драніцы – тонкія дошкі, якія дралі пры дапамозе драча (драніка) – масіўнага, шырокага нажа з доўгай перпендыкулярна замацаванай ручкай.
З сярэдзіны 19 ст. пачалі нарыхтоўваць запалкавую саломку-паўфабрыкат для вытворчасці запалак. Рабілі яе з асіны (радзей з вольхі і сасны). Таксама нарыхтоўвалі вялікую колькасць бачарнай клёпкі. Разнавіднасцю вырабаў з драўніны былі дэталі гужавога і воднага транспарту: дугі, палазы, аглоблі, абады для колаў, шпангоўты (какоры).
У залежнасці ад шырыні русла ракі і лесаматэрыялаў на Беларусі існавала некалькі відаў сплаву: моллю (шарошам), плытамі, суднамі (баржамі).
Тралёваны лес з паводкай збівалі ў плыты і сплаўлялі. Плыт складаўся з некалькіх звёнаў. Іх злучалі паміж сабой паклёсамі – бярвёнамі або жэрдкамі, перакінутымі з аднаго звяна на другое. Паклёсы прывязалі віцамі да жаросцяў. Іншы раз для трываласці звёны замацоўвалі двума паклёсамі накрыж. Звёны мелі розныя назвы. У басейне Дняпра іх называлі «грабёнкі», Прыпяці «клейны», «балі», «таркі», Нёмана «гонкі», «лаўкі». Найбольш пашыраным быў тэрмін «гонкі».
Існавала некалькі тыпаў плытоў. Звычайна плыт меў прамавугольную форму. У ХХ ст. з’явіліся новыя іх тыпы: качан, кашэль, пучок. Качаном называлі такі плыт, ў якім вакол аднаго звяна (клейны) вязалі астатнія. Кіравалі плытом сплаўшчыкі. Яны мелі розныя назвы. На Падзвінні былі пашыраны тэрміны «лаўнік», «сяк», «гоншчык», на Падняпроўі і ўсходняй Прыпяці – «плытагон», «плытнік», «сплаўшчык», на заходняй Прыпяці – «гоншчык», «плысак», «плавак», «пасаўнік», на Панямонні – «флісак», «плытнік». Караван плытоў суправаджала арцель , яе ўзначальваў атаман. На Заходняй Дзвіне яго называлі «корнік», на Нёмане – «ротман». Акрамя атамана і плытагонаў у склад арцелі ўваходзілі дубовік і некалькі грабцоў. Накіроўвалі плыты двума рулявымі вёсламі (абчэсанымі бярвёнамі з лопасцямі). Даўжыня іх складала 4 – 6 м. Вёслы ўмацоўвалі на папярэднім (галаве) і заднім (хвасце) звёнах плыта ва ўключаны (качаты, рачкі). На Дняпры рулявыя вёслы называлі бабайкамі, на Прыпяці – дрыгаўкамі, на Заходняй Дзвіне – брыгаўкамі, а рулявое вясло на першым звяне плыта на Нёмане і Сожы – апачынай. На невялікіх рэках сплаўшчыкі часам выкарыстоўвалі шасты (ляскі, бусакі, яліны). Тармазілі плыты завостраным колам (шрык, шарыга, шорц).
Лесахімічнымі прамысловымі заняткамі з’яўляліся смалакурэнне, гонка дзёгцю, шкіпінару, выпальванне вугалю, выварка паташу. Яны мелі важнае значэнне ў гаспадарцы. Асабліва пашырана было выкарыстанне смалы. Смала ўжывалася для прасмолкі рыбацкіх невадаў, лодак, суднаў, канатаў, у ваеннай справе. У значным аб’ёме смалу вывозілі за мяжу. Нашым продкам быў вядомы яшчэ адзін від сасновай смалы бурштлесхімічнай вытворчасці – здабыванне сырацечнай бурштынавага колеру – жывіцы. Жывіца выкарыстоўвалася ў фармацэўтыцы, з яе выраблялі белы вар для смалення лодак, дратвы, друкарскую фарбу.
Для вытворчасці смалы, паташу, вугалю, дзёгцю стваралі спецыяльныя прадпрыемствы, якія называліся будамі. Яны вядомы на Беларусі ўжо ў 15-16 ст.ст. Буды належалі князям Радзівілам, Друцкім-Любецкім, Любамірскім і інш. Праца прыгонных сялян на будах фіксавалася ў інвентарах маёнткаў. На буйных будах было пашырана выкарыстанне вольнага найму за грашовую плату.
Адміністрацыйны апарат буды складалі атаман, пісар, казначэй (шафар) і наглядчык (дазорца). У ХІХ ст. буды, паташні часцей называліся заводамі. У 1877 г. у Мінскай губерні знаходзілася 96 смаляных заводаў.
Акрамя будаў здаўна былі пашыраны рассеяныя лесахімічныя промыслы. Сяляне гналі (курылі) смалу і дзёгаць, выпальвалі вугаль для ўласных патрэб і дробнага гандлю. У 2-й палове ХІХ ст. выраб смалы, дзёгцю, вугалю і паташу пачаў скарачацца ў сувязі з заменай сасновай смалы і дзёгцю змазачнымі масламі з нафты, паташу – содай, драўлянага вугалю – каменным.
Тэхналогія лесахімічных промыслаў патрабавала пэўных ведаў і навыкаў. Беларусам было вядома некалькі традыцыйных спосабаў, смалакурэнняў. Найбольш старажытны – ямны, ці майданны, спосаб. Смалу выкурвалі з хваёвага асмолу. Гонка смалы нярэдка суправаджалася рознымі магічнымі дзеяннямі, закліканнямі, прымаўкамі. На Беларусі ў сярэдзіне ХІХ ст. былі пашыраны майданы. У канцы ХІХст. Зніклі іх замянілі наземныя цагляныя печы,. з’явіўся вялікі вертыкальны цыліндрычны кацёл (рэторта).
Дзёгаць атрымлівалі шляхам сухой перагонкі бяросты (чысты дзёгаць) у ямах-майданах і кучах (вогнішчах).
Выпальванне дрэўнага вугалю – найбольш старажытны з лесахімічных промыслаў. Вугаль палілі пераважна з цвёрдалісцевых парод дрэва. Выпальванне вугалю праводзілася як правіла, у лесе на спецыяльна падрыхтаваннай пляцоўцы (таку),г. зн., на сухім, роўным месцы.
Паташ – аналаг і папярэднік соды – гэта шчолачная соль, атрымліваецца з расліннага попелу і ўяўляе сабой парашок белага колеру, які лёгка раствараецца ў вадзе. Сыравіна для вырабу паташу была двух відаў: попел пячны і лясны. На Палессі вываркай паташу займаліся пераважна буднікі-мазуры.
Для здабывання жывіцы надразалі кару сасновых дрэў.
Рамёствы (ткацтва, вышыўка, кавальства, дрэваапрацоўка, ганчарства, пляценне, скураныя рамёствы і інш.). Іх роля і месца ў быце беларусаў
Ткацтва
Ткацтва – адзiн з самых пашыраных вiдаў беларускага народнага мастацтва. Асноўную частку пасагу дзяўчыны, што выходзіла замуж, павiнны былi складаць тканыя вырабы: адзенне, пасцель, ручнiкi, абрусы i iнш.
У Беларусі ткацтва вядома з глыбокай старажытнасці. Яно ўключае выраб тканін на гарызантальным ткацкім стане, а таксама ткацтва паясоў. Сыравінай для ткацтва здаўна служылі лён, воўна, радзей пянька. Усе працэсы, звязаныя з апрацоўкай сыравіны падрыхтоўкай яе да ткання, выконваліся ўручную. Звычайна гэтую работу выконвалі жанчыны. У кастрычніку мялі, трапалі, часалі, а у лістападзе пачыналі прасці. Пралі пры дапамозе верацяна або калаўрота на працягу ўсяго тыдня за выключэннем святочных дзён нядзелі. Затым пражу рыхтавалі для ткання, яе фарбавалі і снавалі. У сакавіку, калі дзень павялічваўся, у хату прыносілі ставы ўвесь панарад (ніты, бёрда, набіліцы, панажы інш.). Ткалі ручнікі, абрусы, палатно, д ы в а ны. Разнастайныя рэгіянальныя і лакальныя рысы ткацтва звязаны з асаблівасцямі развіцця матэрыяльнай і духоўнай культуры Беларусі ў розных яе рэгіёнах, культурнымі кантактамі з суседнімі народамі.
Вышыўка
Вышыўка – гэта арнамент або малюнак, выкананы ўручную або машынным спосабам на тканінах, карунках, скуры. Вышыўка зарадзілася ў эпоху першабытнай культуры і звязана з працэсам вырабу адзення. Матэрыялам для вышыўкі служылі льняныя, баваўняныя чырвоныя, чорныя (забалаць, горынь, блахва), белыя (белька), ваўняныя, зрэдку шаўковыя ніткі. Вышыўкай аздаблялі жаночае (кашулі, фартухі, галаўныя ўборы, гарсэты) мужчынскае (кашулі, шыйныя хусткі) аддзенне, суконную аўчынную вопратку, рэчы дэкаратыўна-абрадавага бытавога прызначэння (ручнікі, абрусы, навалачкі, посцілкі, інш.). Вышыўка мае самабытныя ўстойліввыя старажытныя мясцовыя традыцыі. Здаўна вышыўка лічылася адным з неабходных заняткаў жанчыны, асабліва дзяўчыны-нявесты. Тканіны, арнаментаваныя вышыўкай, узорным ткацтвам, былі абавязковым атрыбутам традыцыйных абрадаў сямейнага каляндарнага цыклаў. На Беларусі была распаўсюджана вышыўка крыжыкам, гладдзю (адна-, двухбаковая). Арнамент ўтваралі групы геаметрычных, раслінных, рамбічных матываў. Адным з найбольш старажытных спосабаў вышыўкі з’яўляецца двухбаковае шыццё.
Кавальства
Кавальства – першае з самастойных рамёстваў. У канцы першага тысячагоддзя нашай эры былі закладзены асновы кавальскай апрацоўкі жалеза. Да кавальства адносіцца вытворчасць вырабаў гаспадарчага і дэкаратыўна-прыкладнога прызначэння з жалеза шляхам яго гарачага і халоднага кавання. Вядома з часоў жалезнага веку. З жалеза выкоўвалі рэчы гаспадарчага бытавога прызначэння: сякеры, долаты, нажы, нажніцы, свярдзёлкі, зубілы, шпоры, крэсівы, замкі, ключы, спражкі, фібулы інш. Тэрмін “каваль” – агульнаславянскі, ён абазначае занятак, звязаны з апрацоўкай нагрэтага металу шляхам кавання.
Пераважная большасць майстроў працавала ў сферы манументальнага будаўніцтва: агароджы, балконы, лесвіцы лесвічныя парэнчы, алтарныя перагародкі, крыжы, флюгеры інш.
Для кавальскіх работ будавалі асобае памяшканне – кузню, у якой былі горан неабходныя кавальскія інструменты. Кузню ставілі ў канцы сядзібы, пажадана каля вады.
Усе кавальскія вырабы можна падзяліць на некалькі груп, у адпаведнасці с працэсамі, якія аб’ядноўваюць выраб прадметаў: падкоўванне коней, кавальства у народным дойлідстве, акоўка транспартных сродкаў, кавальскія вырабы ў народным побыце.
Дрэваапрацоўка
Асноўнымі дрэваапрацоўчымі рамёствамі лічацца; цяслярства, сталярства, бондарства, стальмашнае рамяство, разьба па дрэве.
Цяслярства было вельмі распаўсюджана у феадальную эпоху. Яно было звязана з вырабам і устаноўкай драўляных канструкцый і дэталей вялікіх памераў і ахоплівала самыя разнастайныя работы па дрэве. Цяслярскае рамяство спалучала ў сабе мноства тэхнічных прыемаў – счэсванне, струганне, расколванне, распілоўку, выдзеўбванне, свідраванне, вымярэнне, дакладнае валоданне якімі і іх вар’іраванне ў канкрэтнай рабоце вызначалі не толькі індывідуальнае майстэрства, але і агульны ўзровень, мясцовы стыль і нават школу народнага дойлідства.
Асноўныя інструменты, якія прымяняліся пры гэтым, - розныя віды сякер, што былі прыстасаваны для тых ці іншых работ, у прыватнасці сякера цяслярская (звычайная), калун (служыў для расколу кароткіх бярвен на плахі), шклюд (меў шырокае лязо, заточанае з аднаго боку, і служыў для счэсвання бярвенняў, пілы, долаты, свярдзёлкі, рубанкі.
Цяслярскае майстэрства перадавалася па спадчыне, пераходзячы з пакалення ў пакаленне. Асноўная маса цесляроў пражывала ў вёсках і выконвала ўсе будаўнічыя работы ў маёнтках і прыватнаўласніцкіх мястэчках. Гэтая катэгорыя майстроў была носьбітам традыцыі, захоўвала архаічную, хоць часам вельмі высокую тэхніку. Удасканаленне тэхналогіі драўлянага будаўніцтва, выпрацоўку новых архітэктурных формаў ажыццяўлялі прафесійныя арцелі цесляроў, якія часткова адарваліся ад земляробства, ператварыліся ў рамеснікаў і карысталіся цэхавымі прывілеямі. Яны працавалі на замову, страціўшы пры гэтым першапачатковую непарыўнасць з нарыхтоўкай лясных матэрыялаў. Такому прафесійнаму падзелу цесляроў адпавядалі пэўныя спосабы арганізацыі будаўнічых работ: гаспадарчы (ўключаў дадаткова земляныя работы і нарыхтоўку матэрыялаў), падрадныя і змяшаны, што адлюстравана ўжо ў будаўнічых кантрактах XVII ст.
Асноўная парода, што часцей за ўсе ўжывалася ў будаўніцтве, - хвоя, ці сасна. З іншых парод істотнае значэнне мелі елка і дуб. З дубу рабілі аснову фундамента (штандары, палі), ніжні вянок зруба (падруба), прамежкавыя шулы сцен, апорныя слупы-сохі ў гумнах, павецях, паграбах, а таксама асобныя элементы жылля – парог, вушакі, падаконнікі і інш. Трываласць і даўгавечнасць дубовай драўніны павышалі попыт на будаўнічы матэрыял з яе, разам з тым цвердасць і масіўнасць патрабавалі больш намаганняў пры яе апрацоўцы. Жылле, цалкам пабудаванае з дубу, сустракалася ва Усходнім Палессі.
На тэрыторыі Беларусі здаўна былі вядомы дзве асноўныя будаўнічыя канструкцыі – слупавая і зрубная, якія мелі шэраг тыпалагічных варыянтаў і пераходных форм і часта спалучаліся ў адной і той жа пабудове. У больш архаічным варыянце сцены слупавых пабудоў уяўлялі сабой каркас з жэрдак, які заплятаўся гнуткімі галінамі івы, уцяпляўся саломай, трыснягом, чаротам. Часам плецены каркас абмазвалі глінай. Звычайна такая канструкцыя ўжывалася ў будаўніцтве гаспадарчых і падсобных памяшканняў: павеці, адрыны, хлява, сенцаў.
Зрубная канструкцыя ўяўляе сабой зруб з круглых ці брусковых бярвенняў, злучаных паміж сабой у просты (з астаткам) або гладкі (чысты) вугал. Гэтая канструкцыя асабліва шырока ўжывалася ў жыллі, клецях, свірнах, а таксама ў культавых пабудовах.
Пераходным варыянтам ад каркасна-слупавай да зрубнай тэхнікі драўлянага дойлідства з’яўлялася зрубна-слупавая канструкцыя, якую яшчэ называюць закладной, ці “ў закідку”. Слупы ў выглядзе памежкавых шулаў былі неабходным элементам доўгіх сцен зруба. Амаль на ўсей тэрыторыі Беларусі шульную канструкцыю выкарыстоўвалі ў будаўніцтве гумен, хлявоў, сенцаў. Яна шырока бытавала ў сярэдняй паласе Расіі і на Украіне.
Зруб хаты ніжнім, больш тоўстым, звычайна дубовым, вянцом (падруба) ставілі на падрыхтаваную пляцоўку. Часта пад яго падкладвалі папярочныя дубовыя бярвены – лігары або закопвалі па вуглах дубовыя калоды – штандары. Аснову зруба ў большасці абкопвалі па перыметры зямлей, утвараючы прызбу.
У спосабах завяршэння жылля можна вылучыць некалькі канструкцыйных рашэнняў, цесна звязаных з апорнай асновай і формай страхі. На тэрыторыі Беларусі вядомы дзве старажытныя канструкцыі стрэх – зрубная і каркасная, якія былі распаўсюджаны на вялікай тэрыторыі славянскага рассялення. Зрубная канструкцыя страхі, у сваю чаргу, падзяляецца на два раней упамянутыя варыянты – двухсхільную закотавую (на сволаках, на лемягах, на гадунах) і пірамідальную, ці стажковую (“чубам”, “гаршком”). Больш распаўсюджанай была закотавая страха, уласцівая як жылым, так і гаспадарчым пабудовам. Яна мела зрубны шчыт (закот, франтон), што складаўся з паступова ўкарочаных кверху бернаў, на якія клаліся падоўжныя бярвенні-сволакі, утвараючы апорную аснову страхі.
Даволі распаўсюджанымі ў беларускім народным дойлідстве былі і каркасныя дахавыя канструкцыі. Сярод іх вылучаюць тры асноўныя варыянты: сошную, паўсошную (дзядковую) і кроквенную. Сошная, або слупавая, канструкцыя з’яўлялася найбольш старажытнай і даўжэй за ўсе захоўвалася ў гаспадарчых пабудовах тыпу гумнаў і адрын.
Будаўніцтва жылля ў народнай традыцыі было абстаўлена разнастайнымі звычаямі, абрадамі, абярэгамі, якія адзначалі яго важныя ідэйна значымыя этапы: выбар месца для жылля, нарыхтоўку і першасную апрацоўку драўніны, закладку фундамента, узвядзенне страхі, улазіны, або былі звязаны з выбарам будаўнічых матэрыялаў, рэгламентацыяй колькасці вокнаў, іх арыентацыяй, размяшчэннем печы, покуці і інш.
Сталярства спалучалася з цяслярствам, іх аб’ядноўвала адзіная мэта—арганізацыя жылога асяроддзя і стварэнне адпаведных жыллёва-бытавых умоў. Сталярства мела прыкладны характар і было сканцэнтравана на завяршальнай стадыі будаўніцтва – аздабленні і вырабе неабходных атрыбутаў аконных рам, лаў, хатняга начыння і г.д. Яшчэ ў пачатку ХХ ст. на палескіх кірмашах можна было купіць усе “запчасткі” і сабраць з іх цэлую хату. Тут прадаваліся ў розніцу брусы, кроквы для стрэх, вушакі для асады дзвярэй і вокнаў, дошкі, дахавыя матэрыялы (гонта, дранка), дзверы, аконныя рамы і інш. мноства будаўнічых матэрыялаў . Часцей за ўсё сталяры спецыялізаваліся на вырабе прадметаў інтэр’ера і хатняй мэблі.
Бондарства – вырабы драўлянага посуду з клёпак. Клёпкі апрацоўвалі на варштаце з дапамогай струга, гэбля і гэбліка. Бондарства як народны промысел, вядомае яшчэ ў Старажытнай Грэцыі. Гэта старадаўняе рамяство вырабу з драўнiны розных ёмiстасцей для захоўвання i дастаўкi вадкiх i паўвадкiх прадуктаў — ад маленькiх пасудзiн да вялiзных бочак, рэшткi якiх былi знойдзены археолагамi ў пластах грунту XI—XIV стагоддзяў. У кожным рэгіёне Беларусі існавала мноства тэрмінаў, назваў прадметаў хатняга ўжытку, звязаных з бондарствам. Да прыкладу, на Брэстчыне драўляная ёмістасць для напояў называецца барыла, а маленькая — барыльца. Цеста замешваюць у кадках. Гэтак жа называюць посуд для засолки і для захоўвання мёду. Квас і піва трымаюць у кумгане або кухлі — бочачцы з носікам і горлачкам. Для захоўвання бутэлек з віном прызначаны бар-кумган, свайго роду драўляны халадзільнік. Балея, хеўра — гэта лазневы посуд. На Гродзеншчыне цеста раней мясілі ў дзежках, а масла збівалі ў бойках ці маслабойках.
У Беларусі першыя бондары з’явіліся ў Х—ХІ стагоддзях і былі практычна ў кожнай вёсцы. Гэтае старажытнае рамяство атрымала развіццё і доўгі час было ў пашане ў вёсцы Рылавічы, якая знаходзіцца ў 14 км ад г. Іванава, амаль на мяжы з Пінскім раёнам. Бондары з Рылавічаў яшчэ шмат стагоддзяў назад пастаўлялі посуд для польскага каралеўскага двара і парыжскіх кірмашоў. У кожнай вёсцы гаспадыні ссыпалі збожжа ў вялікія драўляныя бочкі, захоўвалі квас у драўляным посудзе, салілі грыбы і агуркі ў кадушках і хадзілі даіць кароў з драўлянымі даёнкамі.
Любая новая рэч спачатку матэматычна пралiчваецца на паперы, каб строга вытрымаць усе параметры будучага вырабу. З такой жа дакладнасцю, каб не парушыць структуру драўнiны, нарыхтоўваюцца i калодкi, якiя затым сякуцца на дранкi для клёпак.
На клёпкі для бочак бондары не выкарыстоўваюць гатовыя дошкі. Аказваецца, калі рэжуць дошкі, парушаецца тэкстура драўніны. Унутр трапляюць гніласныя мікробы, і бочка з такога дрэва доўга не праслужыць. Таму трэба карыстацца выключна сякерай, стругам і яшчэ дзесяткамі прылад.
А пачынаецца ўсё, зразумела, з нарыхтоўкi драўнiны, прычым самай рознай — ад цвёрдапароднай да найбольш мяккай — асiны. I кожнай пародзе ў бондара — сваё прызначэнне. Скажам, для салення агуркоў і грыбоў, бочка, як правiла, павiнна быць з дубу, бо прадукты ў ёй доўга захоўваюцца і маюць выдатныя смакавыя якасці. Для квашанай капусты падыдзе бочка з асiны. Таксама з асiны альбо дубу вырабляецца так званая двухдонка — бочачка з двайным донцам для квасу. Затое для захоўвання мёду найлепш падыхо-дзiць бочачка-кадушачка з лiпы (ліпа паху не мае). А вось сыравiна з клёну, якая даволi “капрызлiвая” да вiльгацi, добра паслужыць для ёмістасці для цукру, мукi цi круп. Так, як рабiлi нашы прашчуры.
Сувеніры накшталт лыжак зараз робяць з таполі. Піць квас лепш з ліпавага збана, чым з дубовага. Для сыпкіх прадуктаў і збожжа спатрэбіцца хвоя. Дубовыя клёпкі ў кадках для цеста чаргуюць з хваёвымі… Дуб падыходзіць як для лазневага посуду, так і для вінных бочак, хрысцільняў.
Зрабіць бочку — справа тэхнікі, аднак правільна высушаная драўніна вызначае якасць бочкі. Па традыцыі клёпкі для бочак павінны на працягу трох гадоў захоўвацца пад адкрытым небам. Сонца высушвае драўніну, дождж вымывае цвёрдыя таніны, полісахарыды і глюкозу. Сёння вялікая частка драўніны для бочак высушваецца штучна ў адмысловых печах-сушылках, так што ўся працэдура вырабу бочак займае ад 3 да 12 месяцаў.
Пасля таго як бондар уставіць днішча, рабочыя абручы здымаюцца і на клёпкі набіваюць пастаянныя металічныя абручы. Яны змацоўваюць клёпкі і не даюць бочцы распаўзацца пад цяжарам прадуктаў. І, нарэшце, у адной з клёпак выпілоўваюць адтуліну пад кран.
Пра якасць вырабу меркавалі не толькі па тым, будзе ці не будзе ён цячы, а пільна ўзіраліся, наколькі шчыльна падагнаныя адзін да аднаго клёпкі і донца. Надавалі значэнне і знешняму выгляду — вырабу.
Сталмашнае рамяство – гэта выраб транспартных’ гужавых сродкаў: колаў, брычак, саней, вазкоў і інш. Усе гужавыя транспартныя сродкі падзяляюцца напалазныя(зімнія) і колавыя(летнія). Для працы стальмахоў патрабаваліся бяроза, дуб, вяз, клён. У пачатку XX ст. гэта рамяство было ў нас вельмі пашырана. Брукаванае пакрыццё шашы патрабавала не толькі добра падкаванага каня, але і добрых калёс і палазоў. Калёсы купляліся ў стальмахоў, бо для іх вырабу патрэбны былі спецыяльныя інструменты: такарны станок, гбала, колесня. Гэтае рамяство патрабавала і кавальскіх навыкаў.
