- •Уводзіны
- •Глава 1 матыў шляху і тыпалогія вобразаў вандроўнікаў у сусветнай мастацкай традыцыі
- •1.1 Метафарычная і сімвалічная семантыка матыву шляху
- •1.2 «Культура шляху» як аснова тыпалогіі вобразаў вандроўнікаў
- •1.3 Дамінантныя рысы вандроўнікаў у рускай літаратурнай традыцыі
- •Глава 2 мастацкая канцэпцыя вобраза вандроўніка ў літаратуры хх стагоддзя
- •2.1 Метафара шляху і вандроўныя героі ў творах Янкі Купалы
- •2.2 Канцэптуальная разнастайнасць тыпаў вандроўнікаў у эпічных жанрах беларускай літаратуры першай трэці хх стагоддзя
- •2.3 Вандроўнік як сведка і суб’ект гісторыі ў рамане хх стагоддзя
- •Заключэнне
- •Спіс выкарыстаных крыніц
Глава 1 матыў шляху і тыпалогія вобразаў вандроўнікаў у сусветнай мастацкай традыцыі
1.1 Метафарычная і сімвалічная семантыка матыву шляху
Матыў шляху ў сістэме каштоўнасцей мастацкага выказвання ўтварае арэал ці не найбольш пашыранага ўжывання. Ён здаўна ўваходзіць у знакавы склад самых першасных і разам з тым самых распаўсюджаных моў, якімі паслугоўваецца чалавецтва пры тлумачэнні, адлюстраванні і ўвасабленні светабудовы [12, с. 152]. Паводле меркавання І. В. Жука, шлях нязменна, праз доўгія стагоддзі, выяўляе сябе ў сістэме эстэтычных каштоўнасцей злучальным індэксам, які вонкавую неабавязковасць прасторавых прыкмет мэтаскіравана і асэнсавана з’ядноўвае ў адно завершанае мастацкае цэлае. У асвоенай па-мастацку прасторы, як і ва ўсякім вобразным адбітку, вылучаецца невычарпальная безліч апазіцыйных супрацьстаянняў: сама дарога можа быць «вечнай» ці, наадварот, істотна абмежаванай, камернай; статычнай ці дынамічнай; шырокім «гасцінцам» ці пятлястаю «сцяжынкаю», «беларускім бітым шляхам» ці няезджанаю «каляінаю» [12, с. 153 ].
На дарозе-шляху абавязкова адбываюцца некаторыя «прыпынкі» ― найчасцей у выглядзе «сустрэч», і характар гэтых сустрэч, іх змястоўна-вобразная скіраванасць таксама вызначаецца сэнсавай неадназначнасцю. Урэшце, шлях гатовы раптоўна абарвацца, скласці «перашкоду», насычаную сімвалічнымі прыкметамі жыццёвых «нязручнасцяў», праз што пачынаюць прачытвацца не толькі метафары індывідуальных лёсаў, але і мастацкія абагульненні гістарычных лёсаў цэлых этнасаў. Пачатковая ўстаноўка, з якой выпраўляецца ў «дарогу» мастацкі персанаж, можа аказацца цалкам дыяметральна процілеглай тым вынікам, да якіх герой прыходзіць напрыканцы «шляху». Гэтае і шмат іншае збірае вакол сябе матыў з выключнай універсальнасцю сэнсаўтваральных сувязяў уласнага мастацкага вырашэння. У межах паасобных твораў або нават цэлых літаратур вобразна-змястоўныя апазіцыйныя супрацьстаянні пастаянна пераклікаюцца паміж сабой, няўмольна і заканамерна пашыраючы «гарызонт чытацкіх чаканняў» ― ад надзённых вобразных пасылаў да ўніверсальнай семантыкі самога матыву. Архетып устойлівага быційнага анталагічнага светасузірання (неба ― зямля ― вада ― паветра) «раскладваецца» на мноства «нацыянальных арнаментаў» мастацкай думкі, на мноства вобразных карцін свету, як адбіткаў некаторага, несканчонага ў часе, духоўнага і гістарычнага руху чалавецтва скрозь цывілізацыйную прастору [12, с. 153].
У адносінах да ўніверсальнасці матыву шляху ў кожнага значнага творцы складваецца свая індывідуальная паэтыка. Мастацкае выказванне набывае адметную «пячатку майстра», і пэўны набор стылістычных фігур і прыёмаў устойліва захоўваецца некаторым апазнавальным знакам на працягу ўсёй творчай дзейнасці. На думку І. В. Жука, у мастацкай практыцы беларускай літаратуры апазнавальныя прыкметы рэалізацыі матыву шляху могуць быць уяўлены прыкладна так: Колас ― «шырокі прастор»; Купала ― «паязджане»; В. Ластоўскі ― «лабірынт»; К. Чорны ― «пошукі будучыні»; А. Куляшоў ― «паўмільярдны кіламетр»; А. Сыс ― «блудны сын» і інш. Даследчык таксама адзначае: «Праз матыў шляху ў беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя праступаюць асноўныя творчыя канцэпты геацэнтрычнага паходжання, найперш звязаныя з топікай зямлі, з укарэненасцю ў яе, і «ўлада зямлі» пранікае ў самыя глыбінныя пласты яе паэтыкі» [12, с. 156 ― 157]. Наогул матыў шляху здольны выступаць як шматмерны прасторава-часавы воблік свету, так і яго шматмерны мыслярны воблік, у якім надзвычай выразна праступае спецыфічнасць абагульненай нацыянальнай мастацкай мадэлі свету. У яго беларускім варыянце відавочнай дамінантай выступае «зямная», асабліва «зямельная» семантычная прыкмета матыву [12, с. 158].
Да з’яўлення літаратуры канцэпт шляху ўжо быў дастаткова шырока прадстаўлены ў міфалогіі і фальклоры. У філасофіі шлях разглядаецца як адна з навуковых катэгорый. Дадзенае паняцце і адпаведная сфера жыцця спрадвеку былі неаддзельныя ад чалавека, таму набылі да нашага часу шэраг разнастайных канатацый, у тым ліку метафарычную семантыку. Метафару традыцыйна разглядаюць як з’яву, уласцівую толькі мове, сферы слова, а не думкі і дзеяння. Між тым яна з’яўляецца адным са сродкаў арганізацыі мыслення. М. Джонсан і Дж. Лакоф сцвярджаюць, што «звычайная паняційная сістэма, у межах якой чалавек думае і дзейнічае, з’яўляецца фундаментальна метафарычнай па сваёй прыродзе». Метафара ў мысленчай сферы генеруе новыя паняцці, якія адлюстроўваюць набыты вопыт і ступень разумення чалавекам рэчаіснасці, а гэта дазваляе сцвярджаць, што метафара валодае кагнітыўнымі патэнцыямі [36].
На думку Н. В. Дзеевай, метафара ― гэта не проста сродак намінацыі, а перш за ўсё сродак, які стварае новую рэальнасць (ці іншае бачанне). Канцэптуальная метафара пераносіць паняційныя структуры з адных фрагментаў рэчаіснасці на іншыя яе фрагменты, што забяспечвае канцэптуалізацыю і рэпрэзентацыю гэтых фрагментаў. Канцэптуальная метафара часцей выкарыстоўваецца для апісання тых фрагментаў рэчаіснасці, веды пра якія ў чалавека нязначныя (або гэтыя фрагменты не маюць наглядна-пачуццёвага характару). Падобныя метафары прызначаны для пашырэння мяжы ўяўленняў у пэўнай малавядомай галіне і часцей выступаюць у выглядзе вобразных мадэляў [36].
Шлях, як кожны элемент мастацкай сістэмы, можа з’яўляцца сімвалам. У сусветнай культуры канцэпт шляху адносіцца да ліку ўніверсальных, гэта значыць, звязаных з анталагічнай праблематыкай. У яго семантычнай структуры быццам закладзена нейкая таямнічая звышэнергія, якая акумулюе філасофскія і мастацкія набыткі мінулых эпох, актывізуючы пошукі наступных пакаленняў творцаў. «Шлях» азначае паводзіны і напрамак жыцця чалавека» (Пс 1). «Вандроўнік я на зямлі, таму павінен мэтазгодна скарыстоўваць дадзены мне ў гэтым кароткім жыцці час» (Пс 119, 19). На думку І. Марозава, шлях ці дарога ― гэта не проста спосаб дасягнення пэўнай мэты, гэта і спосаб жыцця, і лад думак, справы і ўчынкі. Ужо ў антычнай літаратуры шлях ― гэта выражэнне архетыпу самасці, фізічнага і духоўнага станаўлення асобы: пераадоленне адлегласцей і розных жыццёвых парогаў, сутыкненне з самымі рознымі абставінамі і праблемамі. У народнай культуры шлях ― гэта рытуальны і сакральны локус, які мае шматзначную семантыку і функцыі. Ён можа суадносіцца з жыццёвым шляхам героя, яго падарожжам ў іншасвет, пераходнымі рытуаламі. Гэта менавіта тая прастора, дзе вырашаецца і вызначаецца лёс чалавека дзякуючы яго сустрэчам з іншымі людзьмі, жывёламі, птушкамі і г. д. Невыпадкова, што дарога і шлях сталі сімваламі лёсу, пакут, выпрабаванняў. Міфалагічная семантыка шляху найбольш ярка выяўляецца ў сувязі з канцэптам «ростані». З цягам часу шлях як філасофскі сімвал руху пашырае сферу ўжывання, паглыбляе сваю змястоўнасць, ахоплівае разнастайныя семантычныя палі, атрымлівае новую афарбоўку ў творах мастацкай літаратуры. Літаратуразнаўцы традыцыйна аналізуюць жыццёвы шлях эпічных герояў, засяроджваюць увагу на праблеме выбару імі шляху да рэалізацыі пэўнай мэты, драматычных і трагічных калізіях, што суправаджаюць выбар, перашкодах і выпрабаваннях, якія героям даводзіцца пераадольваць. Тут ёсць свае стэрэатыпы мастацкага ўвасаблення шляху і літаратуразнаўчага ўспрымання: шлях прамы і абходны; шлях па кругу, што «зацыклівае» героя, робіць яго намаганні безвыніковымі; шлях да адраджэння і шлях дэградацыі і да т. п. І. Марозаў адзначае, што шлях прамы і шлях па кругу ― гэта дзве крайнасці, два супрацьлеглыя сімвалы. Першы суадносіцца з пошукамі праўды, мудрасці, што знайшло адлюстраванне яшчэ ў фальклоры: «Справа права ― глядзі прама»; «За прамым шляхам ― праўда». Шлях па кругу трактуецца як метафара падману.
С. Лебедзеў адзначае, што сэнс і вынік вандроўніцтва ― фарміраванне новых, нярэдка сакральных, а пазней духоўных, якасцей ― генетычна ўзыходзіць да міфаў пра пасвячэнне жрацоў і паляўнічых паданняў. Першапачаткова плямёны вялі качавы лад жыцця; пазней, з пачаткам земляробства, ён змяніўся на аселы. На гэтым этапе для чалавека толькі дом ― захавальнік роду і ачага ― быў сховам, усякая ж адкрытая прастора азначала небяспеку, была варожай сілаю, і чым больш чалавек аддаляўся ад дома, ад «першаснай» тэрыторыі, тым больш рызыкаваў жыццём. «Чалавек, які апынуўся за межамі… свайго племені, страчвае падтрымку супляменнікаў, духаў-заступнікаў, духаў-продкаў. Звычайна яго чакае смерць; і не было больш страшнага пакарання, чым выгнанне з племені» [20, с. 68 ― 69]. Монатэізм і хрысціянства пачалі звязваць успрыманне руху, перамяшчэння чалавецтва ў гісторыі не як кругавога, а як вектарнага. Гісторыя падзялілася на два перыяды: «да» і «пасля» Прышэсця; пачатак (стварэнне свету) накіраваны да апошняй кропкі (Апакаліпсіс) ці Вечнасці (ідэя Царства Божага). Апалагеты гэтага вучэння лічаць, што рух усяго чалавецтва і кожнага чалавека асобна ― гэта рух да Бога; Хрыстос узнавіў страчаную сувязь чалавека з Богам, чым зрабіў магчымым выратаванне: «Я ёсць шлях…» (Ін 14, 6). Традыцыя надаваць матыву руху, перамяшчэння ў прасторы сакральны сэнс з’явілася вельмі ўстойлівай пачынаючы з культуры Сярэднявечча [20, с. 70]. Калі старажытныя вандроўнікі перамяшчаліся ў рэальнай прасторы (у якой дзейнічаюць фізічныя законы), то вандроўнікі-хрысціяне адначасова з «гарызантальным» рухам перамяшчаюцца і па «вертыкалі» (узыходзяць да Бога) ― у духоўнай плоскасці, прычым гэтае ўзыходжанне з’яўляецца вызначальным [20, с. 72].
З пункту гледжання традыцыйнай народнай філасофіі ўся матывацыя прасторавых перамяшчэнняў абазначае еднасць і сустрэчу з продкамі, вышэйшымі разумнымі і надпрыроднымі сіламі. Міф, казка, рэлігія, легендарны эпас надалі гэтаму пункту гледжання на вечнасць быцця істотнае эмацыйнае ўдакладненне ― функцыю суцяшэння: дзякуючы вышэйшым сілам немінучая страта родных, блізкіх людзей праз таемнасць пераходу «парогавага» стану двух светаў заканчвалася чаканым спатканнем з імі. Пакуты ад непазбежнай страты ў будзённай прасторы ўраўнаважваліся неабходнасцю і такой жа непазбежнасцю набытку ў сакральнай прасторы. Такім чынам склалася асноўнае матывуючае семантычнае звяно («страта ― набытак») для першаснага архаічнага тлумачэння пераходу ў «той» свет, а неўзабаве ― для метафарычнай семантыкі матыву шляху наогул. І. В. Жук лічыць, што і саму дадзеную метафару варта разглядаць адным з найранніх варыянтаў зыходнага міфічнага ўяўлення пра свет як працэс пастаяннага і неадменнага «памірання ― нараджэння» [12, с. 161].
Н. В. Дзеева разглядае шлях як сімвал чалавечага жыцця. На думку даследчыцы, дарога жыцця ― гэта прамы шлях, які з’яўляецца правільным. Павароты на гэтай дарозе сімвалізуюць розныя змены ў жыцці чалавека-вандроўніка; звярнуць з выбранага шляху нельга, калі гэта не прадыктавана ўмовамі і /ці неабходнасцю. Жыццёвы шлях кожнага чалавека індывідуальны і спалучаны з пэўнымі мэтамі, а бязмэтнае жыццё падобна да рэальнага шляху, які не мае накірунку і прыносіць толькі расчараванне. Канцэптуальная метафара «жыццё ― шлях/дарога» ўяўляе сабой, такім чынам, пэўны згорнуты сюжэт, які развіваецца ў ланцужку іншых метафар і, своеасабліва мадэлюючы фрагмент апісання, дазваляе пашырыць рамкі ўяўленняў пра тое, што такое жыццё. Пры гэтым дадзеная метафара злучае ў сабе дзве плоскасці ― прасторавую і часавую: шлях чалавека па жыцці звязаны з рэальным часам і абмежаваны ім [36].
На самай справе, калі пільна прыгледзецца да сюжэтаў і міфалогіі, і фальклору, і арыгінальных твораў сусветнай літаратуры, не цяжка заўважыць, што «страта ― вяртанне», «страта ― набытак» складаюць асноўны метафарычны змястоўны комплекс, звязаны з усякай вядомай мадыфікацыяй матыву шляху. «Дарогі» герояў распачынаюцца з адпачатковых «страт», і ўсе яны вядуць да набыцця некаторых новых ― праз матэрыяльныя да духоўных ― якасцяў. Ва ўласна літаратурнай свядомасці, асабліва ў свядомасці літаратуры Новага часу, матыў шляху ўжо не адпавядаў строга сваёй першаснай міфалагічнай метафары, калі «страта» адбывалася ў свеце рэальным, будзённым, а «набытак» хаваўся абавязкова ў прасторы сакральнага свету. Літаратурная свядомасць скарэкціравала двухсветавую карціну чалавечага быцця на карысць свету матэрыяльнага, асноўную ўвагу і прыярытэт замацавала за рэальнасцю, а міфічную дыхатамію «страта ― набытак» прапісала ў новай, ускладненай формуле «страта ― пошук ― набытак», якая склала падставу для безлічы варыянтаў сюжэтных ходаў. У выніку прырашчэння новым кампанентам «пошук» старажытны матыў атрымаў зусім іншае значэнне. Шлях з імгненнага лёгкага, трансцэндэнтнага пераходу праз рэальныя і ілюзорныя межы розных светаў трансфармаваўся ў відавочны, зрокава ўяўны і адчувальны ў часе працэс, што ў сваю чаргу атрымала ў літаратуры самадастатковую і значную сэнсавую ёмістасць. Цяпер матыў шляху стаў успрымацца як працэс пошуку. У аснову змястоўных каштоўнасцяў замест няпэўнай казкавай мадальнасці («ідзі туды ― няведама куды», «вазьмі тое ― няведама якое») сталі рэчы больш «прадметныя», выключна набліжаныя да сацыяльнай практыкі: спасціжэнне ісціны, гармоніі, дабра, справядлівасці, дзяржавы і дзяржаўнасці, «залатога веку» і г. д. [12, с. 161 ― 162], што застаецца каштоўным і актуальным заўсёды.
У міфапаэтычнай мадэлі свету, якую даследаваў У. М. Тапароў, шлях ― гэта «вобраз сувязі паміж дзвюма пазначанымі пунктамі прасторы, тое, што звязвае ― у максімуме ўмоў ― самую аддаленую і цяжкадаступную перыферыю і ўсе аб’екты, якія запаўняюць і/або ўтвараюць прастору з вышэйшай сакральнай каштоўнасцю, што знаходзіцца ў цэнтры. Пры гэтым дасягненне мэты суб’ектам шляху заўжды выклікае павышэнне рангу ў яго сацыяльна-міфалагічным або сакральным статусе» [31, с. 258]. Шлях, як правіла, нялёгкі, гэта яго галоўная прымета: «Цяжкасць шляху ― заўсёдная і неад’емная якасць; рухацца па шляху, пераадольваць яго ўжо ёсць подзвіг, падзвіжніцтва з боку… вандроўніка, які па ім ідзе. У міфалагеме шляху акцэнт ставіцца на… тым, што ён будуецца па лініі ўзрастання цяжкасцей і небяспекі, якія пагражаюць міфалагічнаму герою-вандроўніку і нават яго жыццю» [31, с. 58].
Такім чынам, матыў шляху ўключае ў сябе шэраг гуманітарных аспектаў, ён можа разглядацца з пазіцый філасофіі, міфалогіі, гісторыі, культуры. Шлях у народнай культуры, рэлігіі і міфалогіі ― рытуальны і сакральны локус, які мае шматзначную семантыку і функцыі; ён можа суадносіцца з жыццём, падарожжам героя ў іншасвет, пераходнымі рытуаламі, пошукам сэнсу жыцця і ідэалаў. Метафарычная і сімвалічная семантыка матыву шляху сфарміравалася гістарычна пад уплывам грамадскага ладу, культуры і рэлігіі. Дарога і шлях з’яўляюцца сімваламі лёсу, пакут, выпрабаванняў, выбару, таму часта канцэптуальная метафара «жыццё ― шлях» змяшчае ў сабе семантычнае звяно «страта ― набытак» (або пазней «страта ― пошук ― набытак»). Шлях ― матыў універсальны, ён сустракаецца ва ўсіх літаратурах свету, але ў асобных літаратурах і аўтараў шлях мае пэўныя адметнасці ў сэнсавым укладанні і выбары прасторавых дамінант.
