- •Уводзіны
- •Глава 1 матыў шляху і тыпалогія вобразаў вандроўнікаў у сусветнай мастацкай традыцыі
- •1.1 Метафарычная і сімвалічная семантыка матыву шляху
- •1.2 «Культура шляху» як аснова тыпалогіі вобразаў вандроўнікаў
- •1.3 Дамінантныя рысы вандроўнікаў у рускай літаратурнай традыцыі
- •Глава 2 мастацкая канцэпцыя вобраза вандроўніка ў літаратуры хх стагоддзя
- •2.1 Метафара шляху і вандроўныя героі ў творах Янкі Купалы
- •2.2 Канцэптуальная разнастайнасць тыпаў вандроўнікаў у эпічных жанрах беларускай літаратуры першай трэці хх стагоддзя
- •2.3 Вандроўнік як сведка і суб’ект гісторыі ў рамане хх стагоддзя
- •Заключэнне
- •Спіс выкарыстаных крыніц
2.2 Канцэптуальная разнастайнасць тыпаў вандроўнікаў у эпічных жанрах беларускай літаратуры першай трэці хх стагоддзя
Вобраз вандроўніка атрымаў шырокае распаўсюджанне ў беларускай літаратуры. Найбольш часта ў ёй сустракаюцца такія літаратурныя тыпы, як старац, прарок, жабрак, парабак, бядняк, музыка (да падтыпаў апошняга можна аднесці вандроўных песняроў, дудароў, лірнікаў). Стрыжнёвым, самым яркім у галерэі музыкаў можна назваць вобраз Сымона-музыкі ― героя аднайменнай паэмы Я. Коласа. Праз крыўду і непаразуменні Сымон вымушаны пакінуць родную хату, сям’ю: «У сям’і не мае сілы: // Тым нялюбы, што адметны, // І браты з ім непрыветны − // Мусіць, лёс такі пастылы» [16, с. 266]. Ён мае талент заўважаць у жыцці і наваколлі тое, што не бачаць і не чуюць іншыя ― прыгажосць і гармонію. Сымонка бачыць свет у яскравых вобразах: «Гэты быў хлапчук асобы. // У яго вачах жывых // Думка нейкая бліскала, // Утаропіцца, глядзіць, // І на губках смех, бывала, // Заблукае, задрыжыць; // Пазірае і ўнікае – Так аддасца марам ён // Ды знячэўку запытае: // Чаго, мама, стогне звон?» [16, с. 268]. Нават вясковыя дзеці не прымаюць Сымона ў свае гульні. Так нараджаецца адзінота, але стаўленне да яе ў героя адметнае: «І любіў ён адзіноту, // Бо так лепей было жыць» [16, с. 270]. Аналізуючы вобраз Сымона, І. Я. Навуменка адзначае: «Боль ― пачатак духоўнай біяграфіі мастака-самародка. Пачуцці болю, пакуты, якія не пакідаюць героя, увесь час падкрэсліваюцца паэтам» [25, с. 117]. Прырода шчодра надзяліла героя паэмы дапытлівым розумам, незвычайнай чуласцю да ўсіх праяў жыцця. Акрамя роздуму, для Сымона нічога не існуе, таму ён і далёкі ад практычнай дзейнасці, не вельмі прыдатны да гаспадаркі, матэрыяльнага жыцця. Патаемны свет народнай песні і музыкі адкрылі хлопчыку вандроўныя дудары. Адзіны чалавек, які разумее Сымона, ― гэта дзед Курыла. Перад сконам ён аддае хлапчуку скрыпку, тым самым ажыццяўляючы своеасаблівую пераемнасць мастакоў: «Грай жа, дзеткі: скрыпка важна; // Смутак ты ёй свой вальеш, // І душа заплача кажна, // Як ты смыкам павядзеш» [16, с. 286]. На думку У. Конана, дзед Курыла таксама з’яўляецца мастаком, але ён «носьбіт стыхійнай «дыянісійскай» мастацкай творчасці» [17, с. 274]. «Чалавек «звычайны», захавальнік вясковай традыцыі, нават трохі рацыяналіст, якім і павінен быць настаўнік, каб ураўнаважыць стыхію буйнай фантазіі вучня» [17, с. 283], дзед Курыла і становіцца «духоўным бацькам» таленавітага хлопчыка. «Галоўны герой паэмы Сымон ― выразнік спадзяванняў, мар і імкненняў перадавой беларускай інтэлігенцыі. Ён ― духоўны ўзбуджальнік народных мас, мастак-праўдашукальнік, вястун шчаслівай будучыні» [24, с. 272]. У. Конан адзначае: «Сымонку наканавана «несці віну без віны». А гэта ўжо прымета прарока, нацыянальнага Месіі, генія, здольнага раскрыць новыя духоўныя гарызонты народу і чалавецтву» [17, с. 282 – 283]. Той тып мастацтва, які вызначыў лёс Сымона, яго від дзейнасці, светапогляд, які зрабіўся галоўнай радасцю і ўцехай, дазваляе правесці паралель паміж вобразамі гэтага музыкі-вандроўніка і Арфея. «Міфалагічным правобразам Сымона з’явіўся антычны Арфей ― чароўны пясняр і музыка. Па антычным паданні, культ Арфея паступова трансфармаваўся ў культ добрага Пастыра, пазней ― вобраз-сімвал Іісуса Хрыста» [17, с. 509].
Вандроўныя старцы выступаюць звычайна заступнікамі духоўнасці (моліцца за ўсіх), носьбітамі мудрасці (добры дарадчык), маральнага дабрабыту людзей. Але ў літаратурных творах у вобразе героя часта выкрываецца карыслівы намер, які выяўляецца ў жаданні выдаць сябе за такога вандроўніка. У паэме «Сымон-музыка» гэта дзед-жабрак (у паэме ён не мае ні імені, ні прозвішча) ― першы чалавек, што трапўся на шляху Сымона пасля яго ўцёкаў з дому. Жабрак непрывабны як духоўна, так і знешне: «Хлопчык змоўк і здрыгануўся, // Аж падскочыў: перад ім // Сівы дзед стаіць, сагнуўся, // Вокам міргае сляпым. // Страшны, бледны, абарваны, // Жыцця пасынак, бядак, // На ім торбы і лахманы, // У руцэ кій ― то быў жабрак» [16, с. 306]. Жабрак нібы выстаўляе свае пакуты напаказ, імкнецца выклікаць у людзей жаль, выявіць сваё гора большым, чым яно ёсць на самай справе, выклікаць спагаду да сябе, каб на гэтым зарабіць. Яго жыццёвая філасофія ― падман, прыстасавальніцтва, хітрасць і беспрынцыпнасць. Жыццёвыя прыярытэты старога выяўлены ў словах: «Зверам будзь сярод звяроў, // Між авечак ― ягняткам». З існуючым ладам жыцця жабрак пагаджаецца цалкам, павучаючы Сымона не працівіцца злу, прымаць несправядлівы парадак такім, як ён ёсць. Як заўважа І. Я. Навуменка, прытча пра «варону-хвальбону» выразна перадае сутнасць рабскай жыццёвай філасофіі жабрака [25, с. 119]. Гэта носьбіт паразітычных поглядаў на жыццё, які заклапочаны, каб выгадна прадаць талент хлапчука-музыкі. Калі дзед стаў жабраваць з Сымонкам, яго «скарбонка папаўнялася паўней», але грошы жабрак не траціў, яны ператварыліся для яго ў самамэту. У адказ на просьбу Сымона купіць новы халацік дзед разгортвае цэлую філасофію жабрацтва: «Жабраку абнова ― брак! // Людзі скажуць: ён багаты, // Паглядзі, які халат!... Рвань ёсць беднасці адзнака, // Беднасць ― доля жабракоў. // А зірнуць, вось, на такого, ― Хіба той не дасць, хто ліх…» [16, с. 331–312].
І. Я. Навуменка адзначае: «Вобраз гэты тыповы для дарэвалюцыйнай Беларусі. Менавіта жабракі, старцы, бадзягі, вандроўныя дудары былі ў значнай меры носьбітамі самадзейнага мастацтва. Яны зараблялі хлеб, прытулак спяваннем песень рэлігійных і ўвогуле «жаласлівых», ігралі на лірах, скрыпках, дудах, тым, хто пускаў начаваць, расказвалі незвычайныя гісторыі, былі, павер’і» [25, с. 118]. Коласаў дзед-жабрак з карыслівымі мэтамі прысвойвае знешнія атрыбуты лірніка. «На пачатку ХХ ст. фалькларыст С. Малевіч у прадмове да зборніка «Белорусский нищенский Лазарь» адзначаў: «Беларускі лірнік ― гэта асобны клас прафесіянальных жабракоў ― вандроўных спевакоў, якія спяваюць пад акампанемент свае ліры звычайна духоўна-рэлігійныя вершы. Спевы лірнікаў прыносяць вясковаму люду вялікую духоўную і эстэтычную асалоду. Само ж рамяство гэтых спевакоў лічыцца пачэсным заняткам і заўсёды ўзнагароджваецца простымі слухачамі глыбокай павагай і шчодрымі падарункамі» [17, с. 295]. У літаратуры адносіны сялян да такіх людзей звычайна перадаюцца згодна з культурнай традыцыяй. Старцу, вандроўнаму лірніку ніколі не адмаўлялі ў начлезе, прымалі як шаноўнага госця. У некаторых раёнах Беларусі ў ім прынята было бачыць самога Бога. Людзі верылі, што «ў даўнія часы Бог у выглядзе сівога старца, у простым белым адзенні, вандраваў па зямлі, асабліва прыглядаючыся да людскіх спраў. У легендах Бог заўсёды выступае як дзед, жабрак, і толькі пасля яго адыходу людзі здагадваліся, хто насамрэч быў гэты вандроўнік» [27, с. 399]. Чакалі ад яго пакарання ці ўзнагароды. Таму дзед-жабрак у паэме Я.Коласа, можна сказаць, спекулюе на традыцыйнай павазе простага вясковага люду да прадстаўнікоў адзначанага класа.
Часта ў літаратуры можна сустрэць і вобразы вандроўных ілжэпрарокаў, з’яўленне якіх сведчыць аб няздольнасці людзей адрозніць праўду ад хлусні, дабро ад зла. Апавядаючы пра гісторыю вёскі Асмолава, якая некалі славілася кірмашамі, М. Гарэцкі ў аповесці «Ціхая плынь» піша: «Апошнія гады ўсё меней і меней збіраецца народу, цішэй гудзіць дуда і цішэй галосяць дудкі-пасвісцелі… не так дужа і не так шчыра пяюць сляпыя старцы пра… божага ўгодніка Лазара і толькі дзеля гадзіся пагражаюць пякельным агнём грэшнаму люду…» [8, с. 260]. Раздзел з апісаннем вёскі мае назву «Забыты край», якая нараджае асацыяцыю з фразеалагічным выразам «Богам забыты…». Гэта, акрамя іншага, значыць, што яго насельнікі не маюць трывалых духоўных арыенціраў і схільны верыць ілжэпрарокам. Такі аднойчы аб’явіўся і ў «забытым краі», абяцаючы, што мястэчка стане «асяродкам правае веры», куды адусюль «пойдуць пабожныя людзі на ўклон святому духу…» [8, с. 264]. Аднак дзеля гэтага трэба прынесці ў ахвяру… дзіця. «…Задурыў «прарок» людзей!» [8, с. 264], і ў выніку жорсткая расправа над дзіцем адбылася. «Улез тады «прарок» на гумно – ляцець на неба – і споўз, як дурань»[8, с. 264]. Праўда, вылюдак гэты не пазбегнуў пакарання: «забрала паліцыя і яго і яшчэ многіх…» [8, с. 264].
Вобраз вандроўніка-«бесхацінца», які шмат гадоў марна шукаў шчасця на чужыне і на старасці вярнуўся ў вёску, створаны М. Гарэцкім у апавяданні «Хадзяка». Вялікая радасць ахоплівае хадзяку, калі ён убачыў вёску: «Падыходзячы… да гэтай вёскі, ён быццам ажывіўся і не так нізка хіліў касцістыя плечы пад убогім хатыльком. Схапіў кій з-пад пахі ў руку і дужэй цюкаў ім па зямлі і цікавей углядаўся навокал…» [41]. Збіраецца сход, каб вырашыць, ці сапраўды ён тутэйшы. Калі так, то вясковая грамада павінна ўзяць на сябе клопат пра старога. Аднак ніхто не прызнае ў бедаку земляка, яго крыўдзяць, абражаюць: «Давай ты яму веры, калі яны, такія, усё жыццё сваё так бадзяюцца…»; «Цягаешся, валаводзіш людзей, язвіна ты сібірская…» [41]. У апавяданні ёсць онім «абадраны старац». М. Гарэцкі надзяляе свайго несамавітага героя асобнымі паказчыкамі духоўнага зместу, уласцівага архетыпу старца. Гуманістычныя памкненні «беднага хадзякі» бачны з яго слоў: «А я думаў: во разжывуся, дасць Бог, намыю золата, царкву тут збудую, каб не хадзілі за дзесяць вёрст. А вы тут цяпер во якія…» [41]. Герой апавядання ціхі, незласлівы, пакорліва прымае свой лёс. У біблейскай традыцыі паняцце «ціхія» (кроткие) блізкае да паняцця бедных, жабракоў, па семантыцы супадае з паняццем «непасіянарныя». «Шмат высокіх і слаўных, але таямніцы адкрываюцца «ціхім» (Сірах 3, 19).
У апавяданні К. Чорнага «Жалезны крык» паказаны безыменны герой, «худы і шчуплы чалавек, з тварам зеленаватага колеру, абросшым рэдкімі, мяккімі валасамі» [4, с. 274]. Гэта адна з іпастасей «маленькага чалавека». Эпітэты, выкарыстаныя пісьменнікам для яго характарыстыкі, утвараюць своеасаблівы сінанімічны рад: «сутулы, мізэрны», «плаксівы», «ціхі» — які асабліва адметны ў параўнанні з характарыстыкамі «вясёлыя людзі», «жалезныя людзі»… Гэта вобраз вандроўніка, тыповы для рускай літаратуры, але ён валодае тыпова беларускай рысай — здольнасцю да сузірання. Хоць людзі і кажуць, што «ціхі чалавек» даўней часта праходзіў тут, ідучы на «пакланенне», сам ён не вызначае гэтага ў якасці асноўнай мэты сваіх вандровак. На пытанне, куды яму трэба і адкуль ён ідзе, герой адказвае: «Ніадкуль і нікуды — хаджу я па зямлі, гляджу і шукаю… цішыні… Каб жыць. Не магу я жыць у шуму і крыку. Усюды жалеза, людзі як жалезныя. Гіне цішыня… людзі рвуцца да шуму…». Нават у лесе «няма… цішыні: прыйдуць у лес людзі ды папытаюць — хто ты такі?» [4, с. 274]. На прапанову жыць у людзях, як раіць яму субяседнік, чалавек адказвае: «Не магу: людзі другімі робяцца. Прападае іх цішыня… Ахвацілі яны сабою ўсё, працягнулі лапу сваю на ўсю зямлю. І няма дзе супачыць ад людзей» [4, с. 275]. Калі ў свеце не знаходзілася месца праўдзе і дабру, «маленькія людзі» не скараліся і сыходзілі ў вандроўкі, захоўваючы вернасць маральным прынцыпам. У смерці «багамольца» закладзены пратэст К. Чорнага як пісьменніка і чалавека супраць пагрозы запанавання эпохі крывадушнасці: «Разрэзанае напалам калёсамі ляжала ўпоперак на дарозе цела чалавека-пасажыра. <…> І быў роспач у шырока расплюшчаных, шкляных вачах перарэзанага чалавека. <…> І многія пазналі разрэзанага чалавечка. …І чамусь то ніхто не пашкадаваў яго. Як бы чужым сабе ўсе адчувалі яго. …Яго адцяглі яшчэ бліжэй ад ядлаўцовага куста і кінулі. <…> З-за пазухі ў яго вылез, павешаны на шнурку на шыю, жоўты мяшэчак, з надпісам: «Святыя мошчы» [4, с. 275].
Для чалавека (асабліва для беларуса, які ўвогуле «дамасед») такі крок, як «пайсці ў вандроўкі», стаць жабраком заўсёды абумоўлены нейкімі выключнымі, трагічнымі жыццёвымі абставінамі, калі жабрацкі лёс застаецца адзіным шляхам у жыцці. Не з дабра, відаць, пайшлі жабраваць і героі апавядання У. Галубка «Смерць старца». «Дзед моўчкі кратаўся, закідаў наперад доўгі кій, а за ім ледзь падцягваў цяжка абутую нагу правадыр… Ведаў добра, што не сілы дзеда цягацца па хатах, але што зробіш – не лезці ж жывым у яму» [7, с. 82]. Дзед-жабрак у творы названы старцам, і на гэтую адметнасць паказвае шаптанне ім малітваў, а таксама фізічная слепата ― прымета таго, што ён надзелены якасцю бачыць больш і інакш, чым відушчыя, духоўным зрокам, знутры. А гэта прымета прарока, празорцы. Так і Габрусь, герой апавядання З. Бядулі «Умарыўся», не з радасці пайшоў жабраваць: «накінуў вялікую палатняную торбу за спіну, узяў кій…» [5, с. 74]. Усё жыццё Габрусь быў ціхмяным, цярплівым чалавекам, ніколі «не еў задарма хлеба на свеце ― гнуў шыю, рукі намазольваў» [5, с. 72], лічыўся «прыкладным, здатным гаспадаром, якога дзеці не толькі баяцца і паважаюць, але і слухаюць, не п’юць і не марнуюць гаспадаркі» [5, с. 73 ]. Жыў Габрусь, можна сказаць, як вучыць Біблія: «Ні сыну, ні жонцы, ні брату, ні сябру не давай улады над табою пры жыцці тваім; і не аддавай іншаму маёмасці тваёй, каб, раскаяўшыся, не прасіць аб ёй. Пакуль ты жывы і дыханне ў табе, не замяняй сябе нікім. Бо лепш, каб дзеці прасілі цябе, чым самому глядзець у рукі сыноў тваіх… Пры заканчэнні дзён жыцця твайго і пры смерці перадай спадчыну» (Сірах 33, 19 — 24). Ён выгадаваў сваіх дзяцей, добра павыдаваў замуж дачок, усцешліва думаў: «Сыны — гаспадары рупныя і баяцца мяне яшчэ цяперака, як дзеці малыя! Ой, трымаў я іх дагэтуль у сваіх абцугах! Ой, кіраваў я сваёй гаспадаркай! …Быў хлеб, было і да хлеба…» [5, с. 73]. Але ўжо даводзіцца старому выпускаць лейцы з рук, паддавацца старасці. Габрусь хоча без крыўды для дзяцей падзяліць гаспадарку і, як належыць, жыць у старшага сына Янука. Так і сталася. Але калі дзеці зрабіліся гаспадарамі, нямоглы бацька стаў для іх да такой ступені лішнім, што нявесткі пачалі называць яго ў вочы гультаём і дармаедам. Сыны ж адсылалі адзін да аднаго, «як шкодную, непатрэбную рэч… Перакідваліся ім, як дзіцячай качалкай» [5, с. 74]. Калі азвярэлыя нявесткі пачалі бессаромна зычыць яму смерці, «ўмарылася старое сэрца… умарыліся думы», дзед сышоў з роднай хаткі і, «як бы ўцякаючы ад ворага, сунуўся далей і далей», бо «дрэннае жыццё — бадзяцца з хаты ў хату, і дзе апынешся, не асмелішся і рота адкрыць», і «лепш жыццё беднага пад дахам з дошак, чым раскошныя бяседы ў чужых дамах», «цяжкі для чуйнага чалавека папрок за прытулак у доме і за асуджэнне за паслугу» (Сірах 29, 25 —31). Са слязьмі на вачах Габрусь разважае: «Добрыя людзі будуць карміць, адзяваць і дазволяць хоць на адну ночку галаву старую прытуліць… Затое будзе спакайней на душы. Яны ж людзі чужыя. На іх крыўдзіцца не стану» [5, с. 74].
У беларускай літаратуры досыць распаўсюджаны і тып лірніка, для якога характэрна ўбогасць, фізічная непаўнавартаснасць; такім героям выпадае цяжкі лёс, або ў іх жыцці здараецца нешта незвычайнае. Герой апавядання М. Гарэцкага «Лірныя спевы» Янка ў юнацтве сустрэў пакутны прывід княжны Ганны Саламярэцкай, якім і быў пракляты. Жыццё героя склалася нешчасліва. На старасці гадоў сляпы Янка, з мянушкай Пракляты, грае на сваёй «плакучай ліры» аб княстве Саламярэцкім.
«― Дзе ж твая, дзед, радзіна?
― У Бога, ― сумна і паважна адкажа ён.
― А ці меў жонку, дзед, а дзеткі ці ёсць?
― Пахаваў жонку, пагарэлі на пажары дзеткі, пагарэла дабро і хатка, і конікі, і кароўка, і ўсё. А зямелька неўрадліва мая…
― Які ты жалобны, дзядуля, ― скажуць яму, а ён паводзіць прад сабою невідушчымі вачамі, падтрахнець хатыль на плячах, ліру абправіць, крэкніць:
― Дзякуй Богу за ўсё, усё пад ім, а Ён адзін бяссмертны над намі, ― і пад ліру сваю старэцкую запяець сумную-сумную песню аб княжне Ганне Саламярэцкай, і аб часах Літоўскай Русі, і аб уладарстве князёў Саламярэцкіх над радзімічамі» [8, с. 95]. Слепата героя тут таксама набывае сімвалічнае значэнне, азначаючы, што дэфект зроку зусім не замінае дальнабачнасці мыслення, а «блізарукасць» думкі можа перамагчы і людзей са стапрацэнтным зрокам. У невідушчых абвастраецца здольнасць іншым чынам успрымаць свет, «слухаць душой», «думаць сэрцам».
Такім чынам, вобраз вандроўніка ў творах беларускай літаратуры розных аўтараў і розных жанраў вылучаецца канцэптуальнай разнастайнасцю. Гэта і музыка, выразнік ідэі свабоднага мастацтва, і ідэалізаваны вобраз прарока, і вобраз-папярэджанне пра небяспеку ілжэпрарокаў, і прыземлены тып карыслівага жабрака, і вобразы абяздоленых беднякоў, пазбаўленых роднага кутка, і шукальнікаў шчасця на чужых дарогах. У іх па-мастацку адбіліся як спрадвечныя каштоўнасці беларусаў, так і іх супярэчлівыя, часам супрацьлеглыя, уяўленні аб каштоўнасцях жыцця на рубяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў. Можна адзначыць, што архетыпавы вобраз вандроўніка ва ўсходнеславянскіх, дакладней беларускай і рускай, літаратурах мае як рысы тыпалагічнага падабенства па прычыне свайго агульначалавечага зместу, так і ідэйна-мастацкую спецыфіку, абумоўленую асаблівасцямі менталітэту кожнага народа. Аб’ядноўваюць усе вобразы вандроўных людзей пэўныя філасофскія, рэлігійныя хрысціянскія, унутраныя ці знешнія, ідэі; сярод іх — праўдашукальніцтва, мудрасць, здольнасць да прароцтва. Можна сцвярджаць, што ў рускай і беларускай літаратурах вобразу вандроўніка адведзена асаблівая канцэптуальная роля як выразніка духоўных ідэалаў.
