- •§ 26. Вялікая і малая літары ў найменнях асоб, звязаных з рэлігіямі, назвах міфалагічных і казачных герояў
- •§ 27. Вялікая і малая літары ў геаграфічных і астранамічных назвах
- •2. З малой літары пішуцца:
- •§ 28. Вялікая і малая літары ў назвах дзяржаўных органаў і іншых арганізацый
- •1. З вялікай літары пішуцца:
- •§ 29. Вялікая і малая літары ў найменнях пасад і званняў, ветлівых зваротах і спецыяльных абазначэннях
- •§ 30. Вялікая літара ў назвах дзяржаўных і нацыянальных сімвалаў, рэліквій, дзяржаўных узнагарод, прэмій, грамат, прызоў
- •§ 32. Вялікая і малая літары ў назвах знамянальных падзей і дат, перыядаў і эпох, святаў
- •З вялікай літары пішуцца:
- •§ 31. Вялікая і малая літары ў назвах дакументаў, іх зводаў, унікальных прадметаў, твораў
- •З вялікай літары пішуцца:
- •§ 33. Вялікая літара ў назвах з двукоссем
§ 28. Вялікая і малая літары ў назвах дзяржаўных органаў і іншых арганізацый
1. З вялікай літары пішуцца:
усе словы ў найменнях вышэйшых органаў заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады Рэспублікі Беларусь і іншых краін: Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь, Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўная Дума Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі, Нацыянальны Кангрэс (у Злучаных Штатах Амерыкі), Усекітайскі Сход Народных Прадстаўнікоў; але: Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;
першае слова ў найменнях рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых арганізацый: Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь (Мінэканомікі), Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь (Белтэлерадыёкампанія), Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Мінскі абласны (гарадскі, раённы) выканаўчы камітэт, Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча, Новалукомская дзяржаўная раённая электрастанцыя, Нацыянальны алімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь, Еўрапейскі саюз (Еўрасаюз), Сусветны паштовы саюз, Міжнародны алімпійскі камітэт, Міжнародная авіяцыйная федэрацыя;
простыя і састаўныя ўласныя назвы ў складзе ўласных найменняў дзяржаўных органаў і іншых арганізацый: Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр балета Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, Парламенцкая асамблея Савета Еўропы, Таварыства Чырвонага Крыжа, Савет Бяспекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН), Міжнародны суд Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Арганізацыя Паўночнаатлантычнага дагавору (НАТА);
слова Савет у значэнні органа ўлады: Мінскі абласны Савет дэпутатаў, сельскі Савет дэпутатаў; але: сельсавет;
словы Дом, Палац, якія пачынаюць найменне ўстановы: Дом культуры, Дом народнай творчасці, Палац спорту, Палац мастацтваў; але: Зімовы палац, дом адпачынку.
2. З малой літары пішуцца найменні аддзелаў і іншых падраздзяленняў навуковых і адукацыйных устаноў, іх органаў кіравання, а таксама словы тыпу калегія, вучоны савет, навукова-метадычны савет, савет па абароне дысертацый, факультэт, аддзяленне, сектар, група: вучоны савет факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, савет па абароне дысертацый, калегія Міністэрства культуры, кафедра беларускай мовы; але: Агульны сход Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Аддзяленне аграрных навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Каментарыі. 1. Правілы правапісу вялікай і малой літар у назвах дзяржаўных органаў і іншых арганізацый (устаноў, таварыстваў, партый) адносяцца да найбольш складаных. Гэта звязана з неабходнасцю адрознення найменняў вышэйшых органаў заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады Рэспублікі Беларусь і іншых краін, а таксама найменняў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых арганізацый. У першым выпадку з вялікай літары пішуцца ўсе словы ў складзе найменняў (Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь), у другім - толькі першае слова ў складзе састаўных найменняў [Мінскі абласны (гарадскі, раённы) выканаўчы камітэт, Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча]. Акрамя таго, трэба адначасова ўлічваць, што ў склад такіх састаўных найменняў могуць уключацца іншыя ўласныя назвы, якія таксама пішуцца з вялікай літары: Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (слова Беларусь з’яўляецца ўласнай назвай у складзе састаўнога наймення і таму таксама пішацца з вялікай літары), Нацыянальны алімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь (найменне Рэспубліка Беларусь з’яўляецца афіцыйнай уласнай назвай у складзе іншага састаўнога наймення і таму пішацца з вялікай літары), Парламенцкая асамблея Савета Еўропы (уласная назва Савет Еўропы ў складзе іншай састаўной назвы пішацца з вялікай літары).
З гэтага агульнага правіла ёсць выключэнні, якія абумоўлены пісьмовай традыцыяй і іншымі момантамі, такімі, як, напрыклад, фіксацыя асобных найменняў у дзяржаўных дакументах: Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь [напісанне слоў сход (сходу) і прадстаўнікоў з малой літары абумоўлена менавіта такім іх напісаннем у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь].
2. Традыцыйна з вялікай літары пішуцца ўсе словы ў назвах некаторых міжнародных арганізацый: Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, Савет Бяспекі ААН, Таварыства Чырвонага Крыжа.
3. З вялікай літары пішуцца ўсе словы, акрамя родавай назвы, у найменнях замежных інфармацыйных агенцтваў: агенцтва Франс Прэс, агенцтва Прэс Інтэрнэйшнл.
Асаблівую ўвагу трэба звяртаць на словы музей, дом і палац, у якіх напісанне вялікай ці малой літары залежыць ад месца гэтых слоў у складзе састаўных найменняў: Музей народнай творчасці, Дом культуры, Дом народнай творчасці, Палац спорту, Палац мастацтваў; але: Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, Зімовы палац.
У адпаведнасці з гэтым параграфам з вялікай літары пішацца першае слова ў назвах вышэйшых органаў царкоўнай улады, напрыклад: Усяленскі сабор, Свяшчэнны сінод (у аднаслоўным найменні - Сабор, Сінод).
У назвах храмаў, манастыроў, ікон з вялікай літары пішуцца ўсе словы, акрамя родавых найменняў (царква, касцёл, храм, сабор, лаўра, семінарыя, ікона), напрыклад: храм Усіх Святых, касцёл Святых Сымона і Алены.
Так, як і ў рускай мове, з вялікай літары пішуцца абедзве часткі слова ў назвах устаноў, арганізацый, якія пачынаюцца з геаграфічных азначэнняў з першымі кампанентамі Паўночна-, Паўднёва-, Усходне-, Заходне-, Цэнтральна-, а таксама з прыметнікаў, што ўтвораны ад складаных геаграфічных назваў, у якіх абедзве часткі пішуцца з вялікай літары: Заходне-Сібірскі металургічны камбінат, Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт, Нью-Ёркскі філарманічны аркестр.
8. З малой літары пішуцца назвы органаў улады, устаноў і г. д., калі яны ўжываюцца ў множным ліку: галіновыя міністэрствы Беларусі і Расіі, камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
