Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гіст бел літ-ва і кр-кі.doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
886 Кб
Скачать
☆

4. Літаратуразнаўства і крытыка на Беларусі ў хix ст.

Сімптаматычнымі для першых дзесяцігоддзяў XIX ст. былі погляды на літаратуру прафесара Віленскага універсітэта Леана Бароўскага (1784—1846), які паходзіў з Беларусі і ў маладыя гады выкладаў паэтыку і рыторыку ў Свіслацкай гімназіі. У 1820 г. ён надрукаваў у Вільні працу «Назіранні над паэзіяй і рыторыкай з пункту погляду іх падобнасці і рознасці», у якой рашуча адпрэчваў каноны класіцызму. Л. Бароўскі паспрабаваў зірнуць на развіццё літаратуры гістарычна. На першапачатковых этапах развіцця чалавецтва, на яго думку, пераважала абсалютная паэзія, што было звязана з паэтычным успрыняццем свету ў першыя эпохі развіцця грамадства. 3 прагрэсам цывілізацыі паэты пачынаюць працаваць як вытанчаныя майстры мастацтва, паступова адыходзячы ад стыхійнай паэтычнай гармоніі. Л. Бароўскі заклікаў паэтаў звярнуцца да народных песень і паданняў, што знайшло водгук у творчасці А. Міцкевіча, Я. Чачота, Т. Зана і іншых прадстаўнікоў «віленскай рамантычнай школы». Паводле прызнання А. Міцкевіча, менавіта Л.Бароўскі навучыў яго цаніць скарбы роднай славеснасці. Паэтычная практыка філаматаў, найперш А. Міцкевіча, увачавідкі паказала вялікія магчымасці рамантычнага метаду. Прадмова А.Міцкевіча да зборніка «Балады і рамансы» (1822) была своеасаблівым маніфестам новага літаратурнага кірунку. Адначасова гэта быў шлях, які прывёў да ўмацаванпя пазіцый новай беларускай літа-ратуры (на гэта ў свой час звярнуў увагу М. Багдановіч. Гл.: Багдановіч М. Поўн. зб. тв.: У 3 т. Мн., 1993. Т. 2. С.266).

Ужо ў канцы XVIII ст. у друку пачалі з'яўляцца звесткі з гісторыі беларускай літаратуры папярэдніх эпох. Першапачаткова гэта былі матэрыялы пра скарынаўскія выданні, апублікаваныя ў 1779—1783 гг. рускімі вучонымі I. Бакмейсцерам, I. Штрытэрам, П. Аляксеевым. На пачатку XIX ст. цікавасць вучоных да беларускай літаратуры і мовы праявілася яшчэ выразней. Так, у працы В. Сопікава «Спроба расійскай бібліяграфіі» (1813, ч. I) была грунтоўна разгледжана «Біблія» Ф. Скарыны. У 1816 г. у Варшаве выйшла кніга С.-Б. Ліндэ «Пра Статут літоўскі...», дзе аналізаваліся розныя рэдакцыі помніка, характарызавалася яго мова, названая ў кнізе «рускай».

Важнае значэнне мелі працы рускага гісторыка і філолага К.Ф. Калайдовіча, які належаў да вядомага гуртка М.П. Румянцава і вывучаў мову і побыт беларусаў. Ён першы адшукаў творы Кірылы Тураўскага, выявіў і апісаў многія першадрукі Ф. Скарыны, I. Фёдарава, П. Мсціслаўца, што садзейнічала развіццю славяназнаўства. У артыкуле «Пра беларускую гаворку» (1822) Калайдовіч разглядаў Скарыну як выдатнага прадстаўніка культуры беларускага народа, гаварыў пра гістарычныя заслугі С. Буднага, Л. Зізанія, М. Сматрыцкага.

Зборам, вывучэннем і публікацыяй пісьмовых крыніц па гісторыі Беларусі паспяхова займаўся прафесар Віленскага універсітэта Ігнат Даніловіч, беларус з Падляшша. Ім упершыню апісаны ўсе рукапісныя і друкаваныя экземпляры статута ВКЛ 1529 г. У 1822 г. разам з М. Баброўскім ён адшукаў і неўзабаве апублікаваў т. зв. Супрасльскі летапіс. Працы Даніловіча «Пра літоўскія летапісы» (1840) і «Паведамленне пра сапраўдных літоўскіх летапісцаў» (1841) у перспектыве далі пачатак навуковым даследаванням беларуска-літоўскага летапісання.

Уяўленні пра старабеларускую літаратуру надзвычай узбагаціліся пасля адкрыцця ў 1842 г. В. Бадзянскім Пазнанскага рукапісу з унікальнымі помнікамі даўняга пісьменства («Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», «Гісторыя пра Атылу», «Аповесць пра Трышчана» і інш.).

Раздзел пра старабеларускае пісьменства ўключыў у сваю «Гісторыю польскай літаратуры» (Кракаў, 1851, т. 8) польскі літаратуразнавец і філосаф М. Вішнеўскі. Асабліва каштоўнымі былі змешчаныя там матэрыялы пра Ф. Скарыну і яго перакладчыцкую дзейнасць.

3 1840-х гадоў аб'ектам вывучэння становіцца новая беларуская літаратура, у друк трапляюць звесткі пра яе. У прыватнасці, пра паэму Я. Баршчэўскага «Рабункі мужыкоў» паведаміў А. Рыпінскі ў сваёй кнізе «Беларусь» (Парыж, 1840), апублікаваўшы і асобныя радкі з паэмы. Тут жа прыводзіліся цікавыя дадзеныя пра беларускую мову і фальклор.

Характэрна, што адзін з першых агульных нарысаў беларускай мовы і літаратуры (як новай, так і старой) зрабіў чэшскі славіст П. Шафарык у кнізе «Славянскі народапіс» (Прага, 1842; рускі пераклад — М., 1843). Пражскі вучоны карыстаўся кансультацыямі рускага вучонага В.Бадзянскага, які сабраў нямала беларускіх фальклорных запісаў і літаратурных рукапісаў. Шафарык першы назваў у друку выдатны твор новай беларускай літаратуры — ананімную паэму «Энеіда навыварат».

Прыкметную вяху ў станаўленні беларускай літаратуразнаўчай навукі склала публікацыя I. Цытовіча «Словы два пра мову і пісьменнасць Белай Русі» (1843), у якой падаваліся кароткія звесткі пра багацце беларускага пісьменства ў далёкім мінулым, рабілася выснова пра неабходнасць развіцця новай беларускай літаратуры, публікаваўся ўзор новай паэзіі — верш «Чалом, чалом, ацец, татулька». Рэдакцыя часопіса «Маяк» зрабіла да публікацыі характэрную заўвагу: «Дай Бог, каб з лёгкай рукі п. Цытовіча гэты артыкул паслужыў добрым пачаткам будучых поспехаў паэзіі, гісторыі і пісьменства Белай Русі, без якой паэзія, гісторыя і пісьменства ўсяе Русі ёсць і будуць аднабаковыя і няпоўныя». Пры ўсёй, здавалася б, дабразычлівасці да беларускай літаратуры і культуры тут адчуваюцца ўжо зародкі падыходаў, якія пасля аформяцца ў выразную плынь «заходнерусізму».

Асноватворным для беларускага літаратуразнаўства новага часу быў артыкул публіцыста і крытыка Р. Падбярэскага «Беларусь і Ян Баршчэўскі», надрукаваны ў 1844 г. у якасці прадмовы да «Шляхціца Завальні» Я. Баршчэўскага. На тытульным аркушы кнігі гэты артыкул названы «беглым крытычным поглядам на беларускую літаратуру». I сапраўды гэта першы болып-менш сістэматычны і разгорнуты агляд новай беларускай літаратуры. Праўда, Падбярэскі абмежаваўся толькі ўсходняй часткай сучаснай Беларусі, затое падаў літаратурны рух шырока, не прапусціўшы, мабыць, ніводнага мясцовага пісьменніка і краязнаўца. Большасць з іх па ўмовах часу пісала па-польску. Аднак на ганаровае месца Падбярэскі ставіў усё ж беларускамоўных пісьменнікаў — аўтара «Энеіды навыварат» (ім Падбярэскі лічыў I. Манькоўскага) і Я. Баршчэўскага. У артыкуле Падбярэскага апублікаваны вялікія фрагменты з паэмы Баршчэўскага «Рабункі мужыкоў». Як крытык Падбярэскі зазнаў дабратворны ўплыў В. Р. Бялінскага, папулярызаваў рускую натуральную школу, выступаў за народнасць літаратуры, адпрэчваў каноны класіцызму і сентыменталізму, падтрымліваў рамантычныя звароты да скарбаў народнай творчасці. Асаблівую непрыязнасць выклікалі ў Падбярэскага познія эпігоны класіцызму, якіх яшчэ хапала ў Беларусі (называліся імёны А. Спасоўскага і Г. Шапялевіча, «прыгожыя актавы» якіх параўноўваліся з творамі М. Мігановіча і М. Мусніцкага пачатку стагоддзя). У літаратуры і літаратуразнаўстве Падбярэскі бачыў сродак самавыяўлення і самапазнання нацыі і таму высока ацаніў артыкул I. Храпавіцкага пра беларускую народную паэзію. «Гэта, — паводле слоў Падбярэскага, — першы самастойны філасофскі погляд на паэзію беларускага народа, першая адзнака набліжэння нацыі да самапазнання ў сутнасці сваёй паэзіі». На прыкладзе Я. Баршчэўскага — галоўнага героя свайго артыкула — Падбярэскі паказаў плённасць пераходу пісьменнікаў Беларусі ад класіцызму да рамантызму. Артыкул Падбярэскага паслужыў штуршком і падмуркам для многіх іншых літаратуразнаўчых прац. На яго абапіралася, да прыкладу, публікацыя Л.А. Кавеліна (архімандрыт Леанід) «Помнікі беларускага пісьменства» ў часопісе «Маяк» за 1845 г. Л.Кавеліну належаў гонар першай публікацыі тэксту паэмы «Энеіда навыварат».

3 беларускіх пісьменнікаў таго часу прыкметную схільнасць да філалагічнага тэарэтызавання і асэнсавання літаратурнай працы меў Я. Чачот. Рамантычныя памкненні ў яго поглядах дапаўняліся выразнымі асветніцкімі тэндэнцыямі. У прадмовах да асобных выпускаў сваіх «Сялянскіх песенек» (1837—1846) ён паказаў літаратурную, навуковую і грамадскую важнасць збірання твораў народнай творчасці. «... Будучы іх перакладчыкам, — пісаў ён пра народныя песні ў прадмове да выпуска 1844 г., — я не магу быць ім суддзёй; але чую ў іх асаблівую красу, навізну адкрыццяў і сцісласць у перадачы пачуццяў. Няма ў нашых салонных пісьменнікаў гэтай сцісласці...» Чачот спадзяваўся, што публікацыя і папулярызацыя народнай творчасці будзе абуджаць «больш пільную ўвагу да аўтараў гэтых песень, сялян. Аднак і без гэтага павінна звяртацца ўвага на саслоўе, якое служыць асновай усеагульнага шчасця». Такім чынам, дэмакратызм, які быў адной з самых істотных рыс беларускай літаратуры новага часу, стаў адметнай рысай і беларускага літаратуразнаўства з самага яго зараджэння. Я. Чачот быў таксама прапагандыстам сілаба-танічнага вершаскладання ў Беларусі (у прадмове да выпуска песень 1845 г. ён даў апісанне сілаба-танічнага верша (харэя, ямба, дактыля і амфібрахія). Гэту размову Чачот прадоўжыў у прадмове да апошняга выпуску песень (1846), дзе найбольш поўна выклаў свае погляды на беларускую мову і яе адметныя асаблівасці. Характэрна, што як і кожнаму піянеру авалоданне сілаба-танічным вершам (ён называў яго «метрычным») здавалася Чачоту справай нялёгкай. I ён звяртаўся да новых пакаленняў беларускіх паэтаў: «То няхай маладыя песняры загадзя вучацца пісаць метрычныя вершы, пазнаюць добра мелодыку сваёй мовы, засвояць памеры грэчаскіх і лацінскіх вершаў, навучацца хоць крыху музыцы для разумення таго, як узгадніць яе са словамі...» У тэарэтычна-тыпалагічным плане дзейнасць Чачота па папулярызацыі сілаба-танічнага верша можа быць суаднесена ў нейкай меры з адпаведнымі маніфестамі Традзякоўскага і Ламаносава ў Расіі 1730-х гадоў, хоць, з аднаго боку, бліскучыя ўзоры сілаба-танічнага верша з'явіліся на Беларусі яшчэ да Чачота («Энеіда навыварат»), а з другога боку — сілабічны верш яшчэ надоўга пасля заклікаў Чачота захаваўся ў практыцы многіх беларускіх паэтаў.

Усёй сваёй творчасцю, а таксама непасрэднымі зваротамі да чытачоў у прадмовах і заўвагах да сваіх кніг буйнейшы беларускі пісьменнік XIX ст. В. Дунін-Марцінкевіч змагаўся за літаратуру, поўную павагі да простага народа, за літаратуру на роднай мове. Свае погляды і схільнасці, а таксама ўмовы, у якіх даводзілася яму працаваць як піянеру новай літаратуры, Дунін-Марцінкевіч раскрыў у вершы «Хіба я стары?» (1856), вершаваным апавяданні «Літаратурныя клопаты» і ў празаічнай прадмове да яго, прысвечанай У. Сыракомлю (1856—1857). Своеасаблівым творчым крэда пісьменніка стаў яго адкрыты ліст у рэдакцыю «Газэты польскей» (1861): «Жывучы сярод люду, які размаўляе па-беларуску, — тлумачыў Дунін-Марцінкевіч стымулы сваёй творчасці, — прасякнуты яго ладам думак, марачы аб долі гэтага братняга племені, анямеўшага ў маленстве ад невуцтва і цемнаты, вырашыў я для заахвочвання яго да асветы ў духу яго звычаяў, паданняў і разумовых здольнасцей пісаць на яго ўласнай гаворцы; са здзіўленнем заўважыў хутка, што выдадзеную мной «Ідылію», затым «Гапона», «Вечарніцы», «Дудара», «Купалу» і г. д. люд прыняў з найвялікшай прыхільнасцю, а моладзь з запалам пачала вучыцца чытаць і завучваць на памяць мае, так мілыя ёй творы. У выніку чаго ўжо цяпер часткова над Віллёй і Нёманам, над Свіслаччу, Беразіной, Дзвіной, Дняпром і г. д. распаўсюджваецца чытанне беларускіх твораў, а абуджанае жаданне і запал да духоўнага жыцця знойдзе сабе багатыя матэрыялы на роднай мове». Пісьменнік бачыў шлях да прагрэсу праз асвету і літаратуру на роднай мове: «Яшчэ ёсць час, каб нашы грамадзяне спахапіліся і, утвараючы школкі, прытулкі і прыносячы іншыя магчымыя ахвяры, імкнуліся гэтую малодшую браццю сваю, якая ўмее быць удзячнай, прытуліць да сэрца і для ўсеагульнага дабра з ёй моцна аб'яднацца». Гэта была ліберальная утапічная мара аб гармоніі антаганістычных класаў.

Малодшы сучаснік Дуніна-Марцінкевіча паэт В. Каратынскі, які пісаў таксама артыкулы па гісторыі літаратуры і фалькларыстыкі (пра Гогаля і Лермантава, пра Міцкевіча, Сыракомлю і Крашэўскага, пра фалькларыстаў С. Рысінскага і Р. Зянькевіча) у сваёй крытычнай дзейнасці выступаў за дэмакратызм, народнасць і тэндэнцыйнасць літаратуры, супраць снабісцкай канцэпцыі «мастацтва для мастацтва». Пад тэндэнцыйнасцю ён разумеў ідэйнасць літаратуры. Асабліва выразна гэты падыход выявіўся ў каментарыях да паэмы «Таміла» (1857—1858). Паводле Каратынскага, тэндэнцыя — гэта імкненне да праўды, гэта цэнтр, асноўная думка, душа твора. «Як цела без душы, — працягваў ён, — толькі груда зямлі, так і мастацкі твор без тэндэнцыі, без асноўнай мэтанакіраванай думкі, усяго мёртвы злепак, фарфоравая статуэтка з ярка намаляванымі шчокамі». Пісьменнік, паводле пераканання Каратынскага, «канцэнтруючы ў сабе думку калектыву, шырокіх колаў пра будучыню, у імя гэтай будучыні» павінен актыўна ўмешвацца ў жыццё. Погляды Каратынскага на высокае прызначэнне літаратуры мелі выразна прагрэсіўны характар, змыкаючыся некаторымі сваімі палажэннямі з эстэтыкай Чарнышэўскага. «... Мы не можам змірыцца з шырока распаўсюджанай формулай «мастацтва для мастацтва», — сцвярджаў аўтар «Тамілы». Паводле Каратынскага, літаратура заўсёды тэндэнцыйная, сваю тэндэнцыю маюць таксама прапаведнікі тэорыі «чыстага мастацтва». У той жа час Каратынскі патрабаваў, каб ідэя твора знаходзіла годнае мастацкае ўвасабленне, патрабаваў адзінства зместу і формы. «Кожная думка павінна быць у самай поўнай гармоніі з выказваннем — і гэта называецца мастацкасцю твора», — заяўляў ён. Каратынскі ўказваў на велізарную культурную каштоўнасць фальклору для пазнання народа: «Песні і казкі народа — гэта вобраз яго сэрца і фантазіі, паданні і прымаўкі — гэта яго гісторыя і філасофія. Толькі яны з усёй шчырасцю могуць намаляваць нам разумовы стан народа; не даследаваўшы іх і не прасякнуўшыся імі, не варта выказвацца пра яго». У той жа час аўтар «Тамілы» засцерагаў ад ідэалізацыі народа, ад заігрывання з народам. Гэта было патрабаванне рэалізму ў літаратуры.

Буйнейшы ўклад у беларускую дэмакратычную крытыку і літаратуразнаўства таго часу зрабіў У. Сыракомля. У «Гісторыі літаратуры Польшчы» (1850) і краязнаўчым нарысе «Мінск» (1857) паэт выказаў арыгінальныя думкі аб «Слове пра паход Ігара», указаў на сувязь гэтага помніка з Беларуссю. Чатыры вялікія артыкулы пра творчасць В.Дуніна-Марцінкевіча, апублікаваныя ім у 1855—1861 гг. у «Gazecie Warszavskiej» і «Кurjery Wilenskim», вылучаліся праблемнасцю, шырокай пастаноўкай пытання, гранічнай зычлівасцю ў дачыненні да ўсёй маладой беларускай літаратуры. Сыракомля глядзеў на феномен Дуніна-Марцінкевіча, на феномен узнікнення новай беларускай літаратуры гістарычна. У першым жа артыкуле ён зрабіў кароткі экскурс у гісторыю беларускай мовы («крывіцкі дыялект», «крывіцкая мова»), адзначыў яе высокае становішча ў мінулым і звужэнне яе сферы ў сучаснасці: мова, на якой размаўлялі «тры чвэрці даўняй Літвы, народ, шляхта і паны», «... сёння засталася толькі роднай памяткай сялянскіх хат і налічвае, наколькі вядома, толькі двух пісьменнікаў: адным з іх быў незабыўнай памяці Ян Чачот, другі — п. В. Д.-Марцінкевіч». Сыракомля цалкам падтрымаў дзейнасць Дуніна-Марцінкевіча ў беларускай літаратуры, якая, у адрозненне ад польскай, уяўлялася крытыку літаратуры народнай. Няхай «прысвеціць сябе выключна народным творам, — заклікаў Сыракомля. — Наша бляклая шляхецкая літаратура мае досыць працаўнікоў — у народнай ён адзін». Калі польскі публіцыст Ф. Скібіцкі выказаў сумненні ў неабходнасці і карыснасці развіцця літаратуры на беларускай мове (ён лёгкадумна лічыў, што для славян дастаткова чатырох літаратурных моў — рускай, польскай, чэшскай і сербахарвацкай), Сыракомля з усёй рашучасцю і перакананасцю ўзяў беларускую мову пад сваю аўтарытэтную абарону, па пунктах разбіўшы ўсе довады свайго апанента. «... У ёй дастаткова лёгкасці і разам з тым сілы, яна перадае ў паэзіі мяккія і далікатныя пачуцці, у жывой размове мае лёгкія звароты, трапныя выразы, — пісаў Сыракомля пра беларускую мову. — Адсутнічае ў ёй многа выразаў для перадачы таго, што не ўваходзіць у склад паняццяў і патрэб нашага народа, але з прагрэсам самога ж народа і развіццём пісьмовай мовы здолее яна са сваіх каранёў выпрацаваць словы і выразы, якіх сёння няма. Кожная мова праходзіла эпоху дзяцінства». Сыракомля паказваў, як ад твора да твора расло майстэрства Дуніна-Марцінкевіча. У артыкуле пра «Гапона» ён пісаў: «... Марцінкевіч мае цудоўны дар вобразна маляваць народ — ручаюся напэўна, бо добра ведаю гэты шчыры народ беларускага племені. Па-майстэрску паказаны яго звычаі, прымаўкі, склад думак, калі паэт заглядае ў сэрца герояў, ёсць у яго малюнках і жыццё, і праўда. Але ў «Гапоне» няма той наіўнай сентыментальнасці, якая нас бянтэжыла ў «Вечарніцах» таго ж аўтара». У цэлым жа ацэнка Сыракомлем «Гапона» не была адназначнай. Крытык бачыў і недахопы паэмы: «Сцэны праўдзіва ўзяты з жыцця, але некаторым з іх не хапае эстэтычнага погляду мастака, які іх апаэтызаваў бы, не хапае драпіроўкі, якая ўмела прыкрывала б залішне рэзкую праўду». Такім чынам, Сыракомля гаварыў пра адрозненні праўды мастацкай ад праўды бытавой. Але і з апошняга погляду ў Сыракомлі былі буйныя прэтэнзіі да «Гапона». Яны дыктаваліся, у прыватнасці, развіццём грамадскай абстаноўкі ў Беларусі (нарастанне шляхецкага рэвалюцыйнага руху з яго салідарысцкімі пропаведзямі) і з цягам часу ўзмацняліся. У 1861 г. Сыракомля пісаў: «Нягледзячы на чыстую беларускую мову і паасобныя вобразы, смела і па-майстэрску накрэсленыя, мы не можам пахваліць «Гапона». Сёння зусім несвоечасовым з'яўляецца падаграванне старой непрыязні паміж грамадскімі класамі. I калі, з аднаго боку, мы не верым, каб усе аканомы былі такія злыя, як апісаны аўтарам, то, з другога, нават не дапускаем, каб Гапон, дзіця сумленнага нашага народа, зрабіўшыся ўжо афіцэрам, мог хаваць на дне сэрца брыдкую помсту. Наколькі мы ведаем гэты наш народ, мы ўпэўнены, што Гапон у такім разе стаў бы натуральным апекуном і абаронцам свайго ворага». Папрокі гэтыя, выказаныя пад уплывам фактараў часу, нельга прызнаць цалкам справядлівымі.

У 1850-я гады пра творчасць Дуніна-Марцінкевіча і разам з тым пра сам феномен новай беларускай літаратуры ў той або іншай форме выказаліся А. Плуг, Э. Жалігоўскі, Ю. Гарайн, П. Малышэвіч, П. Шпілеўскі. Творчасці Дуніна-Марцінкевіча прысвечаны ананімны артыкул «Беларуская літаратура», апублікаваны ў 1856 г. у пецярбургскім часопісе «Сын отечества». У артыкуле тэмпераментна адстойвалася самабытнасць беларускай мовы і яе права на самастойнае літаратурнае развіццё, гаварылася пра вялікае значэнне кніг Дуніна-Марцінкевіча для асветы народа, зычліва характарызаваліся асобныя творы пісьменніка: «... У творах Марцінкевіча ёсць і народнасць і паэзія... Камічная опера «Sielanka» (з поспехам іграная ў Мінску) саступіць не вельмі многім французскім вадэвілям...» У артыкуле чуецца водгук тагачасных дыскусій пра лёс беларускай мовы, у ім сцвярджалася, што абраны Дуніным-Марцінкевічам шлях «не толькі правільны, але і не заменны нічым іншым». Хоць у артыкуле і недаацэньваўся мастацкі бок творчасці Дуніна-Марцінкевіча, але гістарычнае значэнне яго дзейнасці раскрыта ў дастатковай меры. Крытык сцвярджаў: «Творы яго [Дуніна-Марцінкевіча] складаюць пачатак калі не наогул новай славеснасці беларускай, таму што і сярод песняў прастанароддзя ёсць, верагодна, такія, якія могуць быць палічаны літаратурнымі па спосабу свайго ўтварэння, — то прынамсі новай пісьмовай славеснасці, якой мы і жадаем такога ж шчаслівага працягу, як шчаслівы пачатак».

Цікава, што тагачасныя літаратурныя дыскусіі знаходзяць непасрэднае адлюстраванне ў творах беларускай літаратуры. Своеасаблівай формай літаратурнай крытыкі была пародыя. У парадыйна-сатырычнай паэме «Энеіда навыварат» высмейваліся каноны класіцызму, паказвалася яго адарванасць ад жыцця. Паэма «Тарас на Парнасе» — жывы водгук на барацьбу напрамкаў у рускай літаратуры. У п'есе «Адвячорак» (1858) Г.Марцінкевіча цытуецца і крытычна ацэньваецца, асуджаецца за радыкалізм вядомы ананімны верш «Вясна гола перапала», напоўнены чаканнем свабоды.

Паражэнне паўстання 1863 г. аслабіла, але не спыніла літаратурны працэс у Беларусі. Паступова набірае моц і літаратуразнаўчая думка. Спачатку нейкі час яшчэ падводзяцца вынікі развіцця беларускай літаратуры дарэформеннага перыяду. У 1866 г. у пецярбургскай «Иллюстрированной газете» пад крыптанімам Г. Г. (Р. Генадзі?) друкуецца артыкул «Некалькі слоў пра беларускую народную паэзію і беларускіх паэтаў», адной з галоўных крыніц якой паслужыў колішні артыкул Р. Падбярэскага «Беларусь і Ян Баршчэўскі». Публікацыя «Иллюстрированной газеты» мела выразна рэтраспектыўны характар, не прыводзіла нават звестак пра творчасць В. Дуніна-Марцінкевіча (магчыма, у сувязі з тым, што пісьменнік быў замешаны ў паўстанні 1863). Больш выйгрышнымі ў гэтых адносінах былі кракаўскія лекцыі А. Кіркора, надрукаваныя ў 1874 г. у яго кнізе «Пра літаратуру братніх славянскіх народаў». Беларускай літаратуры — у кантэксце славянскіх літаратур — там прысвечаны асобны нарыс, у якім гаварылася пра паэму «Энеіда навыварат», давалася кароткая характарыстыка творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча, А. Вярыгі-Дарэўскага, У. Сыракомлі і інш. У 1882 г. гэтыя звесткі ў перапрацаваным выглядзе былі паўтораны А. Кіркорам у прысвечаным Беларусі 3-м томе вядомай этналагічнай серыі «Живописная Россия». Патрыятычная канцэпцыя Кіркора спрыяла ўмацаванню нацыянальнай самасвядомасці новых пакаленняў.

Як паказваюць новыя архіўныя знаходкі, у 60—70-х гадах пазамінулага стагоддзя вялікую збіральніцкую працу ў галіне беларускага літаратуразнаўства вёў на Віцебшчыне А. Рыпінскі. Ён перапісаў у свае сшыткі тэксты многіх фальклорных і літаратурных твораў, што хадзілі тады па Віцебшчыне (у тым ліку паэмы «Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе», «Два д'яўлы», п'еса «Адвячорак»), забяспечыў іх сваімі каментарыямі, а пазней працаваў нават над гісторыяй беларускай літаратуры. Пра сваю задуму Рыпінскі расказаў у 1883 г. у пісьме А. Плугу, пералічыўшы звыш паўсотні імён вядомых яму беларускіх і польска-беларускіх пісьменнікаў як старога, так і новага часу. У яго паступова выспявала канцэпцыя самастойнай гісторыі нацыянальнай беларускай літаратуры, незалежна ад таго, што многія пісьменнікі Беларусі ў якасці літаратурнай мовы карысталіся ў свой час мовай польскай. «Можа, дарэмна мы горнемся да гэтай няшчаснай Польшчы як народжаныя на Русі...» (Пачынальнікі: 3 гісторыка-літаратурных матэрыялаў XIX ст. / Уклад. Г. В. Кі-сялёў. Мн., 1977. С. 176), — раздумваў ён у згаданым лісце.

Надзвычай багатыя калекцыі музейных прадметаў, кніг і рукапісаў з гісторыі беларускай культуры і літаратуры сабраў у сваім маёнтку Замосце на Пухаўшчыне А. Ельскі. Будучы і сам беларускім пісьменнікам, ён паслядоўна і аргументавана адстойваў права беларускай мовы на самастойнае літаратурнае развіццё, надрукаваў характэрны з гэтага погляду артыкул «Пра беларускую гаворку» («Край», 1885), падрабязныя анатаваныя бібліяграфіі па краязнаўству і літаратуры Беларусі (варшаўская газета «Хвіля», 1886; польская «Вялікая ўсеагульная ілюстраваная энцыклапедыя», 1892). Свой беларускі пераклад паэмы А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш» (Львоў, 1892) Ельскі забяспечыў эмацыянальным «Слоўцам ад перакладчыка», у якім не толькі паспрабаваў раскрыць цесную сувязь вялікага паэта з Беларуссю (на гэту тэму А. Ельскі пісаў і раней у спецыяльным артыкуле «Адам Міцкевіч у Беларусі»), але, як бы працягваючы гаворку, распачатую Ф. Багушэвічам у прадмове да «Дудкі беларускай», заклікаў «дарагіх беларусаў» палюбіць «усім сэрцам сваю родную, занядбаную, святую беларускую мову», якая мела колісь вялікую мінуўшчыну. Кароткае ўступнае слова ператваралася такім чынам у прынцыпова важны літаратурна-грамадскі маніфест. Вялікія заслугі А. Ельскага ў захаванні рукапісаў В. Дуніна-Марцінкевіча, у збіранні біяграфічных звестак пра яго. Ён быў, па сутнасці, першым біёграфам аўтара «Гапона» і «Пінскай шляхты».

Нягледзячы на супрацьдзеянне царскіх улад, якія забаранілі ў 1889 г. публікацыю біяграфіі В. Дуніна-Марцінкевіча і яго выдатнага вадэвіля «Пінская шляхта», імя і творчасць першага беларускага прафесійнага пісьменніка ўсё ж у той або іншай форме папулярызавалася ў тагачасным друку. Вельмі важнае значэнне ў гэтых адносінах меў прысвечаны Дуніну-Марцінкевічу некралог у польскім пецярбургскім часопісе «Край» (1885). Ён быў складзены на аснове біяграфічнага нарыса, прысланага ў рэдакцыю А. Ельскім. У 1887 г. у польскім часопісе «Тыгоднік ілюстраваны» нехта А. 8. крытычна разабраў зроблены Дуніным-Марцінкевічам пераклад паэмы А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш» і прызнаў, што ён выкананы «цудоўна і па-майстэрску» (хоць у цэлым невядомы крытык скептычна глядзеў на перспсктывы развіцця асобнай беларускай літаратуры).

Наступнай храналагічна была гістарычна-літаратурная праца М. Доўнар-Запольскага (1867—1934) «Гапон», аповесць у вершах на беларускай гаворцы В. Дуніна-Марцінкевіча (з гісторыі беларускага пісьменства)» у «Календаре Северо-Западного края на 1889 год», які выйшаў у Маскве (па сутнасці, гэта была спроба перавыдання «Гапона»).

А. Слупскі (1864—1907?) у 1895 г. у газеце «Минский листок» надрукаваў каларытны жыццяпіс Дуніна-Марцінкевіча, прыкрыўшы яго агульным, як бы краязнаўчым загалоўкам «Стары Мінск». У наступным годзе этнограф П. Дземідовіч (псеўданім Беларус; 1871—1931) уставіў у свой этнаграфічны артыкул «Купала» цэлы раздзел з аднайменнай вершаванай аповесці Дуніна-Марцінкевіча са спасылкай на яго зборнік «Цікавішся? Прачытай!»

3 публікацыяй у 1889 г. ананімнай паэмы «Тарас на Парнасе» ў друку Беларусі пачаліся плённыя дыскусіі тэксталагічнага і атрыбуцыйнага характару. У брашуры «В.Дунін-Марцінкевіч і яго паэма «Тарас на Парнасе» (1896) М. Доўнар-Запольскі прыпісаў паэму Дуніну-Марцінкевічу і апублікаваў варыянт гэтага твора з архіва Беларускага Дудара. У спрэчку неадкладна ўступіў Е. Раманаў (1855—1922), які давёў шляхам лінгвістычнага і стылістычнага аналізу, што паэма не магла быць творам Дуніна-Марцінкевіча, і апублікаваў у тым самым 1896 г. зводную рэдакцыю паэмы, складзеную на падставе шматлікіх спісаў, якія бытавалі ў Віцебскай і Магілёўскай губернях. У гэтай працы яму дапамагалі віцебскія знаўцы беларускага слова А. Сапуноў (1851—1924), У. Стукаліч (1856—1918) і інш. Зводная рэдакцыя «Тараса на Парнасе» — значнае дасягненне зусім яшчэ маладой беларускай тэксталагічнай навукі. Прапанаваны Е. Раманавым тэкст вытрымаў выпрабаванне часам. Гэтым тэкстам, з невялікімі зменамі, мы карыстаемся і цяпер. Паказальна, што Е. Раманаў намерваўся даць да першага асобнага выдання паэмы (Віцебск, 1896) прадмову на беларускай мове, якую побач з аўтарскімі прадмовамі да кніг Ф. Багушэвіча і А. Ельскага трэба лічыць адной з найбольш ранніх беларускамоўных літаратуразнаўчых прац новага часу. Аднак у тагачасны друк гэты артыкул, з характэрнай назвай «Спроба пяра», не прайшоў і быў надрукаваны ўпершыню ў поўным выглядзе толькі ў наш час.

У 1889 г. распачаў сваю знакамітую беларускую літаратурную «Хрэстаматыю» Б.Эпімах-Шыпіла (1859—1934), у якую з вялікай тэксталагічнай уважлівасцю заносіў тэксты беларускіх твораў, што распаўсюджваліся ў рукапісах і зрэдку траплялі ў друк. У прыватнасці, «Хрэстаматыя» Б. Эпімах-Шыпілы захавала да нашых дзён творы таленавітага паэта-сатырыка Фелікса Тапчэўскага, якія паводле гэтай крыніцы і былі апублікаваны ўпершыню пасля Вялікай Айчынай вайны. Б. Эпімах-Шыпіла з вялікай адказнасцю і веданнем справы скапіраваў таксама некаторыя творы В. Дуніна-Марцінкевіча, якія не маглі быць абнародаваны ва ўмовах царскай Расіі. Зробленая Эпімах-Шыпілам у 1893 г. копія камедыі Дуніна-Марцінкевіча «Залёты» застаецца сёння надзвычай важнай тэксталагічнай першакрыніцай, якая дае неабходнае ўяўленне аб страчаным аўтарскім рукапісе.

У гэты перыяд можна гаварыць толькі пра элементы, зародкі нацыянальнай літаратурнай крытыкі. У прыватнасці, у асобе Ф. Багушэвіча беларуская літаратура мела не толькі праніклівага паэта-праўдашукальніка, абаронцу працоўнага народа, але і патрабавальнага крытыка рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку, хоць адсутнасць поўнавартаснай нацыянальнай прэсы не дазваляла разгарнуцца на поўную моц гэтаму боку яго таленту. У прадмовах да сваіх паэтычных зборнікаў «Дудка беларуская» (1891) і «Смык беларускі» (1894) ён заклікаў да стварэння шматжанравай літаратуры на роднай мове і зрабіў крытычныя заўвагі ў адрас сваіх папярэднікаў — В. Дуніна-Марцінкевіча і паэта Юркі (Ф. Тапчэўскага?), аўтара верша «Панскае ігрышча». Крытычныя акцэнты ў гэтых ацэнках свядома ўзмоцнены. Размова ішла, па сутнасці, аб правядзенні дэмаркацыйнай лініі паміж пісьменнікамі ліберальна-дэмакратычнага і рэвалюцыйна-дэмакратычнага лагераў. У гістарычнай перспектыве патрыятычная прадмова Багушэвіча да «Дудкі беларускай» стаіць у адным шэрагу з вядомай прадмовай Цяпінскага і належыць да асноватворных нацыянальна-гістарычных дакументаў беларускага народа.

Сама творчасць Ф. Багушэвіча знайшла станоўчую ў цэлым ацэнку ў нешматлікіх, праўда, рэцэнзіях Е. Раманава, Т. Саподзькі (1845—1896), апублікаваных у першай палове 90-х гадоў у рускай і польскай прэсе. 3 непрыхаванай непрыязню, а то і адкрытай нянавісцю сустрэлі яго кнігі рэакцыйныя колы. У 1899 г. царская цэнзура забараніла друкаваць яго зборнік «Беларускія расказы» (рукапіс зборніка прапаў). Нават пасля рэвалюцыі 1905 г. кнігі Багушэвіча праследаваліся царскімі ўладамі.

Нават пра самых заслужаных пісьменнікаў прэса ўспамінала часцей толькі пасля смерці. Без перабольшання можна сказаць, што ці не самым характэрным крытычным жанрам таго часу быў некралог. Даволі прадстаўнічая некралогія Ф. Багушэвіча і Я. Лучыны ў польскай і рускай прэсе змяшчала часам разнастайныя біяграфічныя звесткі і крытычныя назіранні. Асаблівым багаццем зместу вылучаліся прысвечаныя памяці Багушэвіча артыкулы журналістаў і краязнаўцаў М. Радзіна (1868?-?), Н. Роўбы (1860-1929), Л. Уземблы (1864—1942). Аднак многія пісьменнікі (А. Абуховіч, А. Гурыновіч, Ф. Тапчэўскі) не ўдастоіліся нават кароткіх некралогаў.

Значны ўклад у распрацоўку праблем гісторыі беларускай літаратуры зрабіла ў гэты перыяд руская акадэмічная літаратуразнаўчая навука, галоўнае месца ў якой заняла ў той час так званая культурна-гістарычная школа. Яна разглядала гісторыю літаратуры ў комплексе з гісторыяй усёй культуры, гісторыяй духоўнага жыцця народа і імкнулася ўстанавіць заканамернасці, прычынна-выніковыя сувязі літаратурнага развіцця. Блізкім да культурна-гістарычнай школы быў параўнальна-гістарычны метад, які вылучаўся шырокім падыходам да вывучэння літаратурных з'яў. Асабліва шмат было зроблена для вывучэння даўняй беларускай літаратуры, якая ўспрымалася рускімі вучонымі таго часу пераважна як літаратура заходнеруская.

Дагэтуль прыцягвае да сябе ўвагу багатым фактычным матэрыялам манаграфія прафесара Казанскага універсітэта А.С. Архангельскага (1854—1926) «Нарысы з гісторыі заходнерускай літа-ратуры XVI—XVII стст.» (1888). Гэта характэрная для таго часу праца. Гісторыя літаратуры разглядалася Архангельскім галоўным чынам у плане ідэйнай барацьбы за ўмацаванне праваслаўя ў Беларусі і Украіне, шырока паказвалася дзейнасць брацтваў у шматлікіх гарадах Беларусі і Літвы, разам з тым раскрываліся этапы ўсходнеславянскага кнігадрукавання, пачынаючы ад першых спроб кірылаўскага друку Ш. Фіёля і маштабнай перакладчыцкай і выдавецкай дзейнасці Ф. Скарыны. На шырокім фоне грамадска-палітычнай і рэлігійнай барацьбы Архангельскі даследаваў творы палемічнай літаратуры, вучэбныя кнігі Л. Зізанія, П. Бярынды, М. Сматрыцкага.

Надзвычай каштоўнымі былі працы П.У. Уладзімірава (1854— 1902), асабліва яго дысертацыйная манаграфія «Доктар Францыск Скарына. Яго пераклады, друкаваныя выданні і мова» (1888). У манаграфіі, на аснове вялікай колькасці прыцягнутых крыніц, была раскрыта роля Ф. Скарыны ў гісторыі ўсходнеславянскага кнігадрукавання і культуры славянскіх народаў, даведзена, што мова яго перакладаў цесна звязана з беларускай. Даследаванне Уладзімірава заклала трывалыя асновы скарыназнаўства і не страціла свайго значэння да нашых дзён. Паводле ацэнкі У. Пічэты, «праца Уладзімірава была важным здарэннем першараднае навуковае вартасці як выдатнае даследаванне, у якім разгледжана жыццё і дзейнасць аднаго з вялікіх беларускіх культурных дзеячоў» ( Пічэта У. Skoriniana (1776—1926) // Чатырохсотлецце беларускага друку: 1525-1925. Мн., 1926. С. 304). Праблемы скарыназнаўства знайшлі таксама адлюстраванне ў працы П.Уладзімірава «Пачатак славянскага і рускага кнігадрукавання» (Кіеў, 1894). Уладзіміраў выдаў знакамітую прадмову да Евангелля В. Цяпінскага (1899), «заходнерускі» (беларускі) пераклад «Жыцця св. Аляксея, чалавека Божага» (1887), зроблены, на яго думку, у канцы XV ст. з чэшскай мовы. Шмат каштоўных назіранняў з гісторыі старабеларускай літаратуры змяшчаецца ў «Аглядзе паўднёварускіх і заходнерускіх помнікаў пісьменства ад XI да XVII ст.», апублікаваным Уладзіміравым у 1890 г. Вучоны адзначаў, што ўжо «сярод рукапісаў XIII ст. заўважаюцца помнікі заходнерускага пісьменства, але выдатныя заходнерускія асаблівасці выступаюць у XIV ст.» У XV—XVI стст. у пісьменстве ўсяго гэтага рэгіёна выразна бачацца дзве плыні: «заходнеруская» (беларуская) і «паўднёваруская» (украінская). Уладзіміравым апублікаваны таксама агляд прац канца XIX ст. (у асноўным Я. Ф. Карскага), прысвечаных беларускай мове (Владимиров П.В. Научное изучение белорусского наречия за последние десять лет (1886—1896 гг). Кнев, 1898).

Беларускі фальклор і літаратуру вывучаў выдатны вучоны, заснавальнік параўнальна-гістарычнага метаду ў рускім літаратуразнаўстве А.М. Весялоўскі (1838—1906). У кнізе «3 гісторыі рамана і аповесці» (1886—1888) і спецыяльных артыкулах ён апублікаваў тэксты беларускіх перакладных аповесцяў пра Трыстана, Баву і Атылу, рэканструяваў складаную гісторыю іх перакладаў з італьянскай на сербскую і з сербскай на беларускую мову.

У гэты ж час беларускія летапісы, старажытную літаратуру, дзелавое пісьменства (Літоўская метрыка) плённа даследаваў і публікаваў гісторык і архівіст С. Л. Пташыцкі (1853—1933). Разам з акадэмікам А. А. Шахматавым (1864—1920) ён выдаў тэксты бела-руска-літоўскіх летапісаў і хронік у серыі «Поўны збор рускіх ле-тапісаў» (1907, т. 17).

Шмат увагі Беларусі надаваў буйнейшы прадстаўнік культурна-гістарычнай школы А. М. Пыпін (1833—1904), на прыкладзе якога добра відаць дасягненні і недахопы рускай акадэмічнай навукі. Заклікаючы да далейшай распрацоўкі духоўнага жыцця Заходняй Русі, вучоны пісаў: «Лёс заходнерускага, беларускага пісьменства гэтых стагоддзяў [дапятроўскі час] яшчэ не расследаваны з дастатковай паўнатой. 3 прычыны агульных з паўднёвай Руссю палітычных і царкоўных стасункаў, ён уяўляе шмат агульнага і аднароднага з рухам паўднёварускім... але затым мае і свае асаблівасці: у некаторых адносінах польскія ўплывы былі тут мацнейшыя, а з другога боку былі бліжэй суседства і сувязі з Масквою... Рэшткі старога пісьменства развіваліся тут у новым напрамку пад уплывамі польскімі і больш шырокімі ўплывамі заходнімі. Пераклад Бібліі Скарыны быў выдатным і адзіным у сваім родзе літаратурным фактам. Заходняя Русь станавілася натуральным пасрэднікам паміж польскаю, і часткова заходнееўрапейскаю, літаратурай і маскоўскім пісьменствам» (Пыпин А. Н. История русской литературы. 3-е изд. СПб., 1907. Т. 2. С. 524). Як бачым, тут даволі слушна акрэслена месца беларускай кніжнай культуры сярод суседніх культур, пазначаны многія параметры складаных узаемадачыненняў паміж культурамі беларускай, украінскай, рускай, польскай. Погляды Пыпіна на культуру Беларусі былі супярэчлівыя. Вучоны прызнаваў яе самабытнасць, рэзка размяжоўваўся з прадстаўнікамі афіцыйнай Расіі, якія праводзілі русіфікацыю Заходняга краю. Самабытныя рысы Беларусі і яе мінуўшчыны вучоны акрэсліў у сваёй «Гісторыі рускай этнаграфіі». Беларусі ў гэтай капітальнай працы прысвечана палова чацвёртага тома (1892). Важнейшая зробленая Пыпіным выснова заключалася ў тым, што «беларуская мова або гаворка не паходзіць ад велікарускай, а развіваецца адначасова з ёй з блізкароднасных, але асобных племянных элементаў і ў вельмі рознай палітычнай і бытавой абстаноўцы». Гэтага ж погляду прытрымліваліся і іншыя прагрэсіўныя вучоныя, у прыватнасці, Я.Ф. Карскі. Пыпіным быў зроблены першы нарыс гісторыі этнаграфічнага і фалькларыстычнага вывучэння Беларусі. Асабліва важным ён лічыў уклад вучоных апошніх дзесяцігоддзяў у першую чаргу Бяссонава, Шэйна, Раманава і інш. Многія характарыстыкі Пыпіна вельмі трапныя і аб'ектыўныя. Напрыклад, пра Я. Чачота ён зусім слушна пісаў: «... Мы маем справу не з чалавекам якой-небудзь хітрай тэндэнцыі, а са шчырым любіцелем, які ведаў беларускую мову і народ з дзяцінства і, успрыняўшы ў сваёй школе народны рамантызм і чалавечнае стаўленне да народа, прымяняў цяпер гэты даўні настрой... Яго этнаграфічныя назіранні непарыўныя з думкай пра цяжкое бытавое становішча прыгоннага народа, пра які ён гаворыць з несумненна шчырым спачуваннем». Аднак узровень і перспектывы развіцця новай беларускай літаратуры Пыпін недаацэньваў. У «Аглядзе гісторыі славянскіх літаратур» (СПб., 1865), напісаным Пыпіным сумесна з У. Д. Спасовічам (1829—1906), прыводзяцца толькі самыя агульныя звесткі пра беларусаў як славянскае племя, ёсць асобныя згадкі пра сярэднявечную беларускую літаратуру, але якіх-небудзь дадзеных пра новую беларускую літаратуру няма, хоць літаратура ўкраінская характарызуецца вельмі падрабязна. Толькі ў раздзеле пра польскую літаратуру (аўтар — У. Д. Спасовіч) мімаходзь сказана: «Польскі літаратурны рух перадаваўся нават беларускаму краю (губ. Магілёўскай і Віцебскай), дзе Казімір Буйніцкі распачаў выданне «Рубон» (так называлася ў рымлян Заходняя Дзвіна), якое нядоўга зрэшты трымалася» (Пыпин А. Н., Спасович В. Д. Обзор истории славянскнх литератур. СПБ, 1865. С. 490). Зразумела, для характарыстыкі ўсяго літаратурнага жыцця Беларусі ажно да сярэдзіны 60-х гадоў гэтага было недастаткова. Не прадстаўлена новая беларуская літаратура і ў новым, перапрацаваным выданні «Агляду» (1879), толькі ў раздзеле пра народную паэзію «паўднёварусаў» (украінцаў) некалькі старонак адведзена гісторыі фальклорна-этнаграфічнага вывучэння Беларусі. Нарэшце, у «Гісторыі рускай этнаграфіі» Пыпін змяшчае матэрыялы пра новую беларускую літаратуру, але глядзіць на яе вельмі скептычна. Характэрна, што Чачота ён разглядае толькі ў шэрагу этнографаў, а тую акалічнасць, што Чачот змяшчаў у сваіх зборніках, побач з народнай паэзіяй, уласныя творы, расцэньвае толькі як яго слабасць. Чачот ператвараўся такім чынам у парушальніка патрабаванняў фалькларыстыкі. Пры гэтым нібы забывалася, што «ўласныя» песні Чачота — гэта адзін з вытокаў новай нацыянальнай літаратуры, гэта значыць справа не менш важная, чым фальклор, якая вымагала самастойнага разгляду. Вучоны нібы ўхіляўся ад асэнсавання таго факта, што прысутнічае пры вялікім акце перарастання фальклору ў літаратуру (у кожным разе — ператварэння фалькларыста ў пісьменніка). На думку Пыпіна, ні ў сярэднія вякі, «ні потым беларуская гаворка не набыла самастойнага літаратурнага значэння» ( Пыпин А. Н. Исторня русской этнографии. 1892. Т. 4. С. 166). Пра новую беларускую літаратуру ён гаворыць толькі ў сувязі з працамі польскіх вучоных па вывучэнні Беларусі. Прычым гаворыць надзвычай стрымана. Літаральна наступнае: «У саракавых гадах, калі здзяйсняліся згаданыя польскія этнаграфічныя працы па вывучэнні беларускага краю, мясцовыя патрыёты гаварылі пра «беларускую літаратуру», радаваліся яе ўзнікненню і жадалі ёй поспехаў. Якая ж гэта была літаратура? — Усяго меней яна была на беларускай мове: яна разумелася галоўным чынам тэрытарыяльна; гэта была літаратура польская, якая адносілася да Беларусі, малявала яе прыроду, норавы і звычаі, мясцовыя асаблівас-ці — у тым ліку яна тычылася народнага, а часам убірала ў сябе і творы на беларускай мове. Словам, гэта была польская правінцыйная літаратура» (Тамсама. С. 60). У такім ракурсе Пыпін разглядаў творчасць Я. Баршчэўскага, В. Дуніна-Марцінкевіча, згадваў пра беларускія творы А. Вярыгі-Дарэўскага, У. Сыракомлі, В. Каратынскага, характарызаваў змест альманаха «Рубон», згадваў «Энеіду навыварат», канспіратыўную «Гутарку старога дзеда». Пра Дуніна-Марцінкевіча прыводзіўся цэлы шэраг фактаў ад пераліку яго кніг і да згадкі пра пастаноўку «Сялянкі» на мінскай сцэне, але эстэтычна Пыпін цаніў творчасць беларускага пісьменніка вельмі невысока: «У мастацкіх адносінах творы яго не патрабуюць крытыкі; яны цікавыя толькі як бытавая рыса» (Пыпин А. Н. История русской этнографии. Т. 4. С. 63). У наш час даведзена, што творчасць В. Дуніна-Марцінкевіча — буйны этап у мастацкім развіцці беларускага народа. Памыляўся Пыпін і ў тым, што новая беларуская літаратура была толькі адросткам, часткай польскай літаратуры. Вядома, беларуска-польскае літаратурнае ўзаемадзеянне таго часу мела вельмі вялікае значэнне для станаўлення новай беларускай літаратуры, але надзвычай важныя былі таксама ўласныя традыцыі (фальклор, існаванне багатай літаратуры ў мінулым) і сувязі з літаратурамі іншых суседніх народаў. Да прыкладу, узнікненне паэмы «Энеіды навыварат», пра якую згадваў і Пыпін, не мела якой-небудзь бачнай сувязі з польскай літаратурай, а абапіралася найперш на адпаведныя ўзоры ў літаратурах рускай і ўкраінскай (аналагічныя травесціі М. Осіпава і I. Катлярэўскага).

Недахопы рускай акадэмічнай школы ў асвятленні пытанняў гісторыі новай беларускай літаратуры трэба тлумачыць не толькі абмежаванасцю метадалогіі або промахамі асобных вучоных, але і своеасаблівасцю самога матэрыялу, які быў у іх пад рукой: многія факты яшчэ не былі высветлены, не вызначыліся ў дастатковай ступені, не выявіліся публічна параметры і магістральныя шляхі развіцця самой беларускай культуры новага часу.

3 рускай навукай былі самым цесным чынам звязаны працы беларускіх вучоных М.Доўнар-Запольскага, Е. Раманава, А. Сапунова (1851—1924), М. Янчука (1859—1921) і інш., якія публікавалі фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы, помнікі пісьменства, даследаванні па даўняй беларускай літаратуры, а пры выпадку папулярызавалі таксама і новую беларускую літаратуру (Запольский М. Доктор Францишек Скорина // Минский листок. 1888. № 44; Довнар-Запольскмй М.В. В.Н. Тяпинский, переводчик Евангелия на белоруское наречие. СПб., 1899; Романов Е.Р. Белорусские тексты вертепного действа. Могилев, 1898).

Вялікая цікавасць да Беларусі захоўвалася ў гэты перыяд таксама ў Польшчы, прадстаўнікі якой (пісьменніцы Э. Ажэшка, М. Канапніцкая, вучоны Я. Карловіч і інш.) віталі пачатак адраджэння яе нацыянальнай культуры і літаратуры. У канцы XIX — пачатку XX ст. у польскай прэсе друкуюцца артыкулы і нататкі некралагічнага, мемуарнага і крытычнага характару пра беларускіх пісьменнікаў Я. Чачота, В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, Я. Лучыну і іх творы. Гэтыя матэрыялы змяшчалі часам каштоўны гісторыка-літаратурны і літаратурна-крытычны матэрыял. У той жа час у некаторых з іх выявілася неразуменне, недаацэнка тых або іншых твораў новай беларускай літаратуры, песімістычны погляд на перспектывы яе развіцця. Публікаваліся таксама даследаванні, прысвечаныя асобным пытанням гісторыі даўняй беларускай літаратуры (А.Брукнер), беларуска-літоўскаму летапісанню (I. Шараневіч, С. Смолька). Каштоўныя матэрыялы з гісторыі беларускай літаратуры назапашваліся ў рускіх (Р.Генадзі, У Мяжоў, С. Вянгераў) і польскіх (К. Эстрайхер) бібліяграфічных працах.

Да 80—90-х гадоў XIX ст. адносіцца пачатак навуковай дзейнасці заснавальніка беларускай філалогіі Я.Ф.Карскага (1861—1931), метадалагічна звязанага з рускай культурна-гістарычнай школай. Ён займаўся беларускай духоўнай культурай комплексна і надзвычай шмат зрабіў для развіцця мовазнаўства, этнаграфіі, фалькларыстыкі і літаратуразнаўства Беларусі. Менавіта комплексны падыход дазволіў Карскаму зрабіць прынцыпова важны ўклад у кожную з названых навуковых галін, ва ўсё беларусазнаўства. Карскі бачыў у беларусах асобны славянскі народ, які звязаны сваім паходжаннем і культурай з іншымі ўсходнеславянскімі народамі, але мае свае непаўторныя, самабытныя рысы і налічвае шматвяковую гісторыю. На яго думку, «аб'яднанне ўсіх заходнерускіх плямён і выпрацоўка адной агульнай ім мовы» адбылося яшчэ ў XIV ст. «3 гэтага часу, — пісаў вучоны, — кладзецца трывалы пачатак той рускай народнасці, якая вядомая дагэтуль пад імем беларускай. Сама мова яе, якая ўжо цалкам склалася да гэтага часу ў галоўных асаблівасцях, можа быць названа беларускай» (Карский Е.Ф. Белорусы. Варшава, 1903. Т. I. С. 113-114). Карскі ставіўся да помнікаў беларускай літаратуры як да з'яў культуры самабытнай, але ўслед за акадэмічнай навукай нярэдка называў даўнюю старабеларускую літаратуру «старой западнорусской». Да помнікаў старабеларускай літаратуры ў яго цікавасць была асабліва вялікая. Яго заслугай было, у прыватнасці, вызначэнне самога масіву беларускіх помнікаў, размежаванне із з украінскімі. Беларускія помнікі аналізаваліся ім у доктарскай дысертацыі «Заходнерускія пераклады псалтыра ў XV—XVII стагоддзях» (1896) і шматлікіх іншых кнігах, артыкулах, публікацыях па гісторыі беларускай мовы і старажытнай літаратуры. Належным чынам помнікі даўняга беларускага пісьменства бьглі прадстаўлены і ў працах Карскага «3 лекцый па славянскай палеаграфіі» (1896—1897), «Нарыс славянскай кірылаўскай палеаграфіі» (1901). Адначасова Карскі пачаў даследаваць і творы новай беларускай літаратуры. Усё гэта было як бы падрыхтоўчай працай да манументальнага, шматтомнага даследавання «Беларусы», «роўнаму якому па грунтоўнасці, — як лічыў акадэмік Б. М. Ляпуноў, — наўрад ці знойдзем у галіне вывучэння славянскіх народаў» (Ляпуноў Б.М. Очерк жизни и деятельности академика Е.Ф. Карского. Л., 1932. С.173).

Ужо першы том манаграфіі (Варшава, 1903; Вільня, 1904), прысвечаны этнагенезу беларускага народа, быў выключна важным для літаратуразнаўства, паколькі тут давалася падрабязная сістэмная зводка звестак пра літаратурныя творы на беларускай мове старога і новага часу. Больш падрабязна пісьменства Беларусі даследавалася ў трэцім томе манаграфіі (1921—1922, вып. 2—3). Карскі вызначыў асноўныя рысы мовы беларускага пісьменства XIII—XVII стст., адкрыў феномен «выступлення народнай мовы ў заходняй Русі ў ролі літаратурнага органа». Ён характарызаваў мову помнікаў даўняй беларускай літаратуры як «літаратурную мову, выпрацаваную ў XIV—XVI стст. на старажытнарускай аснове пры дапамозе жывой народнай беларускай мовы і прыкметнай дамешкі праз Польшчу, а часам і непасрэдна замежных элементаў». Вучоны адзначыў велізарную гістарычную, у пэўным сэнсе інтэрнацыянальную, ролю старабеларускай мовы, «якая на працягу некалькіх стагоддзяў была органам разумовага, маральнага і палітычнага жыцця народа ў Вялікім княстве Літоўскім». У працах Карскага дадзена падрабязная характарыстыка ўсіх жанраў даўняй беларускай літаратуры, даследавана літаратура як перакладная, так і арыгінальная. Вучоны ўзнавіў, такім чынам, паўнакроўны малюнак інтэлектуальнага жыцця беларускага народа, які выпрацаваў сваю багатую духоўную культуру. «Па багацці старога лінгвістычнага матэрыялу, — сцвярджаў Карскі, — заходнеруская гаворка займае першае месца ўслед за велікарускай, у галіне ж старадрукаваных кніг яна нават перавышае апошнюю». Вучоны вельмі шмат зрабіў для вывучэння літаратурна-выдавецкай дзейнасці Скарыны і Цяпінскага, для даследавання помнікаў беларуска-літоўскага летапісання і права (статуты ВКЛ), мемуарнай літаратуры, сатырычных твораў («Прамова Мялешкі») і г. д. Яму выразна бачылася веліч асобы і дзейнасці беларускага першадрукара. «Мы бачым у асобе Скарыны, — пісаў вучоны, — найасвечанага чалавека свайго часу, які ніколькі не саступаў тагачасным заходнееўрапейскім дзеячам ні сваім розумам, ні энергіяй, ні сваімі высокімі задумамі». Вывучэнне мовы Скарыны прыводзіць Карскага да надзвычай важнага вываду, што гэта ў аснове сваёй жывая беларуская мова з моцным уплывам стараславянскай мовы і асобнымі элементамі польскай і чэшскай. Карскі падкрэсліваў патрыятычныя матывы, свецкі характар дзейнасці Скарыны, Цяпінскага і іншых беларускіх асветнікаў. Беларуска-літоўскія летапісы вучоны паздзяліў на дзве рэдакцыі (кароткі звод і больш поўны звод). Карскі слушна адзначыў супярэчнасць паміж традыцыйнай назвай «літоўскія летапісы» і мовай, на якой яны напісаны. Паступовая паланізацыя краю прывяла, на думку Карскага, да заняпаду беларускай літаратуры. Аднак паланізацыя закранула найперш вышэйшы клас. Карскі паказаў значэнне простага народа ў захаванні нацыянальных традыцый. Гаворачы пра канчатковае выцясненне беларускай мовы з афіцыйнага ўжытку ў канцы XVII ст., вучоны ўзнімаецца да высокай ступені навуковага абагульнення. Накрэслены ім малюнак дакладны і адначасова па-свойму пластычны: «... Здавалася, мясцовай мове быў пакладзены канец: галоўны сродак выяўлення народнага духу быў адняты... Але, на шчасце, у тыя часы мала звярталі ўвагі на просты народ... А ён жа і быў корань і аснова беларускай народнасці; ён і аказаўся галоўным захавальнікам жывой мовы: у ім свабодна і незабруджана цякла крыніца жывой вады, якая не высахала і да нашага часу». Менавіта з гэтай крыніцы нарадзілася новая беларуская літаратура.

Погляды Карскага на новую беларускую літаратуру прайшлі значную эвалюцыю. Іх развіццё знаходзілася ў прамой сувязі з поспехамі самой літаратуры. Прыводзячы ў першым томе сваіх «Беларусаў» (1903) некаторы матэрыял з гісторыі літаратуры XIX ст., Карскі рабіў выснову: «Адзіная вартасць усіх такіх твораў «беларускай літаратуры» — гэта рэльефнае адлюстраванне народнага побыту, абрадаў, звычаяў, хатняй абстаноўкі, пры даволі правільнай у многіх мове, словам, чыста этнаграфічныя іх вартасці. У некаторых з такіх твораў яшчэ б'е ў вочы гумарыстычны бок, смех, які вылучаецца ўвогуле трапнасцю». Як бачым, пазіцыя Карскага яшчэ блізкая да пазіцыі іншых прадстаўнікоў акадэмічнага літаратуразнаўства. Падобна Пыпіну, ён нават само слова «беларуская літаратура» заключае ў двухкоссі. Аднак новы ўздым беларускай літаратуры, які распачаўся адразу пасля выхаду перашага тома «Беларусаў», дазволіў Карскаму інакш зірнуць і на літаратуру XIX ст., адзначыць, у прыватнасці, што Ф. Багушэвіч і Я. Лучына «былі вельмі таленавітыя і перакананыя пісьменнікі, і на іх нельга было не звярнуць увагі». Яшчэ большую падставу для аптымізму давала, зразумела, літаратура XX ст.

У новай і найноўшай беларускай літаратуры Карскі вылучаў некалькі перыядаў: 1) з пачатку XIX ст. да падаўлення паўстання 1863 г., калі развіццё літаратуры, на думку вучонага, прыпынілася на два з лішкам дзесяцігоддзі; 2) «спробы ўзнаўлення беларускай літаратуры з канца 80-х гадоў да пачатку XX ст.»; 3) з пачатку XX ст. Баршчэўскага, Рыпінскага, Чачота, Дуніна-Марцінкевіча Карскі адносіў да «старых беларускіх пісьменнікаў», Ельскага — да «пісьменнікаў пераходнага перыяду», Багушэвіча і Лучыну — да «найноўшых пісьменнікаў», збліжаючы іх, такім чынам, з літаратурай XX ст.

Будучы далёкім ад рэвалюцыйнага руху, Карскі тым не менш належаў да лепшых прадстаўнікоў прагрэсіўнай інтэлігенцыі, якая верыла ў грамадскі прагрэс і магутнасць асветы. Яшчэ ў 1903 г. эпіграфам да «Беларусаў» ён узяў радкі вядомага верша Я. Лучыны «Роднай старонцы»:

Сонца навукі скрозь хмары цёмныя

Прагляне ясна над нашаю ніваю,

I будуць жыці дзеткі патомныя

Добраю доляй, — доляй шчасліваю!

Не адзін раз адзначалася ім сувязь ажыўлення беларускай літаратуры на пачатку XX ст. з тагачасным грамадска-палітычным уздымам, з рэвалюцыяй 1905 г. Карскаму імпанавалі дэмакратызм беларускай літаратуры, жывая сувязь яе з народам і народнай мовай. Якраз мова была для яго адным з галоўных крытэрыяў для ацэнкі пісьменнікаў і іх твораў. Ставячы перад сабой найперш задачу сістэматызацыі матэрыялу, Карскі разам з тым выдатна ўяўляў канкрэтнае аблічча таго або іншага пісьменніка. Вучоны адзначыў празмерную, на яго погляд, сацыяльную тэндэнцыйнасць Ф. Багушэвіча і ў той жа час сцвярджаў, што паэту «ўсё ж нельга адмовіць у рэалізме адлюстравання і правільнасці паказу беларускага жыцця і прыроды. Ён выдатна ведае беларускага селяніна і ўсе яго нягоды...» Больш гарманічнай, на думку Карскага, была творчасць Я. Лучыны, ліра якога «не цуралася і радасных матываў».

Працу Карскага не выпадкова называюць «энцыклапедыяй беларусазнаўства». Даследаванні Карскага, яго навуковы аўтарытэт садзейнічалі выхаду беларускай літаратуры, як і літаратуразнаўства, на сусветную арэну. Наватарская праца Карскага ўвяла беларускую літаратуру на сусветны форум і далучыла яе як раўнапраўнага партнёра да астатніх літаратур.