3. Праграмныя сродкі вучэбнага прызначэння
Пералік праграмных сродкаў вучэбнага прызначэння на сучасным этапе ўключае электронныя (камп’ютарызаваныя) падручнікі; электронныя лекцыі, кантралюючыя камп’ютарныя праграмы; даведнікі і базы дадзеных вучэбнага прызначэння; зборнікі задач і генератары прыкладаў (сітуацый); прадметна-арыентаваныя асяроддзі; вучэбна-метадычныя комплексы; праграмна-метадычныя комплексы; камп’ютарныя ілюстрацыі для розных відаў заняткаў.
Найбольш шырока ў сістэме адукацыі выкарыстоўваюцца такія праграмныя сродкі вучэбнага прызначэння, як:
1) навучальная праграма (НП) – гэта спецыфічны вучэбны дапаможнік, прызначаны для самастойнай работы навучэнцаў. Паколькі НП з’яўляецца толькі часткай усёй сістэмы, то павінна быць звязана з усім вучэбным матэрыялам.
Праграмы называюцца навучальнымі, таму што прынцып іх складання носіць навучальны характар (з тлумачэннямі, правіламі, узорамі выканання і да т.п.). Праграмамі яны называюцца таму, што састаўлены з улікам усіх пяці прынцыпаў праграмнага забеспячэння:
наяўнасць мэты вучэбнай работы і алгарытма дасягнення гэтай мэты;
чляненне вучэбнай работы на часткі (крокі), звязаныя з пэўнымі дозамі інфармацыі, якія забяспечваюць ажыццяўленне гэтага крока;
завяршэнне кожнага крока самаправеркай і магчымым карэктыруюшчым уздзеяннем;
выкарыстанне аўтаматычнага ўстройства;
індывідуалізацыя навучання (у дастатковых і магчымых межах).
Часцей за ўсё такія праграмы выкарыстоўваюцца для дэманстрацыі ў ходзе вучэбных заняткаў ці самастойнага вывучэння прадмета. Найбольшую папулярнасць сярод такога роду вучэбных матэрыялаў атрымалі розныя курсы замежных моў.
2) электроны падручнік – гэта аўтаматызаваная навучальная сістэма, якая ўключае ў сябе дыдактычныя, метадычныя і інфармацыйна-даведачныя матэрыялы па вучэбнай дысцыпліне, а таксама праграмнае забеспячэнне, якое дазваляе комплексна выкарыстоўваць іх для самастойнага атрымання і кантролю ведаў.
Нягледзячы на тое, што карыстацца падручнікам з паперы больш зручна, электроны падручнік набывае ў апошні час папулярнасць дзякуючы сваім функцыянальным магчымасцям:
1) магчымасць хуткага пошуку па тэксце. Не кожная друкаваная кніга мае індэкс;
2) арганізацыя вучэбнай інфармацыі ў выглядзе гіпертэксту. Гіпертэкст дае магчымасць стварэння «жывога», інтэрактыўнага вучэбнага матэрыялу, які ўтрымлівае спасылкі на розныя часткі матэрыялу. Тэрмін «гіпертэкст» увёў у 1963 г. Т. Nelson для абазначэння паняцця – камбінацыі тэксту на натуральнай мове з магчымасцю камп’ютара ажыццяўляць інтэрактыўны выбар наступнай порцыі інфармацыі ці дынамічнага ўзнаўлення нелінейнага тэксту, які не можа быць надрукаваны звычайным шляхам на лісце паперы. В.С.Токарава дае наступнае азначэнне: «гіпертэкст – гэта спосаб захоўвання і маніпуліравання інфармацыяй, пры якой яна захоўваецца ў выглядзе сеткі звязаных паміж сабой вузлоў». Гіпертэкст дае магчымасць падзяліць матэрыял на вялікую колькасць фрагментаў, якія злучаны гіперспасылкамі ў лагічныя ланцужкі.
3) наяўнасць мультымедыа (multi – шмат, media – асяроддзе) – вялізнага арсеналу спосабаў ілюстрацыі навучальнай з’явы. Мультымедыя-сродкі па сваёй прыродзе інтэрактыўныя. Мультымедыя павышае якасць навучання і дазваляе ўтрымаць увагу вучня.
4) мадэляванне вывучаемых працэсаў і з’яў, магчымасць праводзіць “камп’ютарныя эксперыменты” ў тых галінах ведаў, дзе рэальныя эксперыменты немагчымыя. Напрыклад, магчымасць папрацаваць з графічным прадстаўленнем атама вадарода, узятым з навучальнай праграмы «Мікрафізіка на комп’ютары».
5) наяўнасць сістэмы самаправеркі ведаў, сістэмы кантролю, сумяшчальнасць з электроннай экзаменацыйнай сістэмай. Магчымасць ацэнкі набытых ведаў.
Пры стварэнні электронных паручнікаў не мэтазгодна проста перанесці друкаваны варыянт вучэбнага дапаможніка ў электронны і канверціраваць яго ў гіпертэкст, бо такі падручнік будзе цяжкі для ўспрымання, паколькі чытаць з манітора не так зручна, як кнігу. Таму выдзяляюцца наступныя патрабаванні да структуры і зместу вучэбнага матэрыялу для электронных выданняў:
лаканічнасць выкладу тэксту пры максімальнай інфарматыўнасці;
выкарыстанне слоў і скарачэнняў, знаёмых і зразумелых вучням;
адсутнасць грувасткіх выказванняў і азначэнняў;
наяўнасць кароткіх і “ёмістых” загалоўкаў, маркіраваных і нумараваных спісаў, што спрыяе цэласнаму ўспрыманню тэксту;
галоўная ідэя змяшчаецца ў левым верхнім вугле экрана і падаецца на экране без выкарыстання палос пракруткі;
адвядзенне кожнаму палажэнню (ідэі) асобнага абзаца тэксту;
змест вучэбнага матэрыялу, згодна патрабаванняў псіхолагаў, мэтазгодна разбіваць на модулі, засваенне вучэбнага матэрыялу кожнага модуля павінна быць арыентавана не больш чым на 2 гадзіны кантактнага часу;
архітэктура падручніка павінна ўключаць графічнае забеспячэнне, якое дазволіць перадаць неабходны аб’ём інфармацыі пры лаканічнасці выкладу.
3) электронныя вучэбна-метадычныя комплексы.
Пад электронным вучэбна-метадычным комплексам разумеюцца розныя віды электронных сродкаў навучання, якія аб’яднаны ў адзіную сістэму на аснове матэрыялаў вучэбнага дапаможніка (падручніка) па канкрэтным прадмеце і рэалізуюць свае дыдактычныя магчымасці на ўсіх этапах працэсу навучання. Пры гэтым у якасці “модуля электроннага вучэбна-метадычнага комплексу” разглядаецца канкрэтны від электроннага сродку навучання, створаны на адзіных тэарэтычных асновах, які характарызуецца цэласнасцю і лагічнай завершанасцю і накіраваны на вырашэнне пэўнага кола адукацыйных задач.
У якасці даведачна-інфармацыйных модуляў ЭВМК па беларускай мове ў 2012 годзе распрацаваны даведачныя выданні, якія змяшчаюць кароткія звесткі навуковага ці прыкладнога характару, размешчаныя ў парадку, зручным для іх хуткага выкарыстання. Такія выданні па беларускай мове (даведнік па арфаграфіі і пунктуацыі, 5 клас; даведнік па марфалогіі і арфаграфіі, 6-7 класы; даведнік па сінтаксісе і пунктуацыі, 8-9 класы; слоўнік-даведнік цяжкасцей беларускай мовы, 10 клас; даведнік па культуры маўлення, 11 клас) падрыхтаваны па гіпертэкставай тэхналогіі, з выкарыстаннем мультымедыйных кампанентаў, аб’яднаны адзіным праграмным асяроддзем і сістэмай навігацыі, што ўключае з сябе сродкі пошуку інфармацыі.
Кантрольна-дыягнастычныя модулі – гэта электронныя трэнажоры, практыкумы, тэстуючыя сістэмы і інш., якія выкарыстоўваюцца для стварэння прадметных баз даных, што дазваляюць фарміраваць кантрольныя, праверачныя, дыягнастычныя работы, тэставыя заданні, арганізоўваюць бягучы, тэматычны, выніковы кантроль вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў па беларускай мове.
Да інтэрактыўных модуляў варта аднесці інтэрактыўныя камп’ютарныя гульні, віртуальныя вучэбныя лабараторыі, дыдактычныя камп’ютарныя гульні і інш., што выкарыстоўваюцца для рэалізацыі актыўна-дзейнасных форм навучання, падтрымкі разнастайных методык і арганізацыйных форм навучання, забеспячэння інтэрактыўнага характару працэсу навучання, умоў індывідуалізацыя і дыферэнцыяцыі навучання, візуалізацыі вывучаемых аб’ектаў і прадметаў навакольнай рэчаіснасці.
