5. Камп’ютарныя тэхналогіі апрацоўкі лінгвістычных дадзеных
Праграма WordStat выкарыстоўваецца для падліку частотнасці слоў у тэксце. Каштоўнасць дадзенай праграмы ў тым, што ў аўтаматычным рэжыме можна вывесці колькасныя паказчыкі ўжывання той ці іншай лексемы ў тэксце, а гэта неабходна, напрыклад, пры рабоце з паэтычным тэкстам, бо фактычны матэрыял даволі вялікі, а падлік указаных паказчыкаў па зборніках вершаў даволі складаны.
Сістэма ВААЛ, праца над якой вядзецца з 1992 г., дазваляе прагназаваць эфект неасазнанага ўздзеяння тэкстаў на масавую аўдыторыю, аналізаваць тэксты з боку гэтага ўздзеяння, складаць тэксты з зададзеным вектарам уздзеяння, выяўляць асобасна-псіхалагічныя якасці аўтара тэксту і інш. Праграма ВААЛ-міні дапамагае вызначыць фанетычнае ўздзеянне слоў і тэкстаў на чалавека. Спецыялісты ў галіне мовазнаўства і псіхалогіі даўно заўважылі, што кожнае слова, сказ ці нават цэлы тэкст нясе ў сабе не толькі чыста інфармацыйную нагрузку, але і псіхалагічную. Гэта значыць, што адна і тая ж думка, выказаная рознымі словамі, можа па-рознаму ўплываць на чалавека ў залежнасці ад фонасемантычнай афарбоўкі слоў.
+ Праграмма WordTabulator
6. Асноўныя пытанні камп’ютарнай лексікаграфіі
Камп’ютарная лексікаграфія – прыкладная навуковая дысцыпліна ў мовазнаўстве, якая вывучае метады, тэхналогію і прыёмы выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі ў тэорыі і практыцы складання слоўнікаў.
Асноўныя накірункі камп’ютарнай лексікаграфіі:
аўтаматычнае здабыццё з тэксту з дапамогай камп’ютарных сродкаў разнастайных слоўнікаў (частотных, тэрміналагічных, канкардансаў і інш.);
тэарэтычныя і практычныя аспекты складання камп’ютарных слоўнікаў для NLP-сістэмы (Natural Language Processing);
складанне слоўнікаў, якія з’яўляюцца электроннымі версіямі традыцыйных слоўнікаў.
У сувязі з неабходнасцю атрымання семантычнай інфармацыі для тэкстаў на розных мовах сёння шырока выкарыстоўваюцца сістэмы тэзаўруснага прадстаўлення лексікі тыпу WordNet.
Тэзаўрус – від слоўнікаў агульнай ці спецыяльнай лексікі, у якіх указваюцца семантычныя адносіны (сінонімы, антонімы, паронімы, гіпонімы, гіперонімы і інш.) паміж лексічнымі адзінкамі. У адрозненне ад тлумачальнага слоўніка, тэзаўрус дазваляе выявіць сэнс не толькі з дапамогай азначэння, але і шляхам суаднясення слова з іншымі паняццямі і іх групамі.
Важным аспектам WordNet з’яўляецца прадстаўленне лексічных баз часціны мовы не ў выглядзе адзінай структуры, а ў выглядзе набору іерархічных структур (лесу). Напрыклад, для назоўніка зададзена 25 семантычных абласцей: рэчыва, час, веды, колькасць, асоба, аб’ект, адносіны, ежа, стан, цела, форма, з’ява і інш.: для дзеяслова – 38: дзеянне, месца, падзея, шлях і інш.
У 2001 г. з мэтай аб’яднання ўжо існуючых нацыянальных WordNetаў і тых, якія толькі пачалі сваё развіццё, была створана Сусветная Асацыяцыя WordNet.
