- •Уладзімір Арлоў, Генадзь Сагановіч Дзесяць вякоў беларускай гісторыі
- •980(?) «Крывавае вяселле» Ўладзіміра з Рагнедай
- •922. Утварэнне Полацкай епархіі
- •1021. Бітва полацкага князя Брачыслава з Яраславам Мудрым на Судоме
- •1029. Нарадзіўся князь Усяслаў Чарадзей
- •1129. Выгнанне полацкіх князёў у Візантыю
- •1158. Заваёва незалежнасці Тураўскім княствам
- •1161. Ювелір Лазар Богша стварыў крыж Еўфрасінні Полацкай
- •1258-1259. Першы паход мангола-татараў на Беларусь
- •1314. Знішчэнне нямецкіх рыцараў Давыдам Гарадзенскім
- •1317. Заснаванне Літоўскай мітраполіі
- •1362. Пераможная бітва з татарамі на Сініх Водах
- •1385. Крэўская вунія
- •1387. Вільня першая з беларускіх гарадоў атрымала магдэбургскае права
- •1392. Пачатак княжання Вітаўта
- •1399. Загінуў апошні полацкі князь Андрэй Альгердавіч
- •1413. Гарадзельская вунія
- •1468. Судзебнік Казіміра Ягайлавіча, першы звод законаў дзяржавы
- •1492. Першая вайна Маскоўшчыны з Вялікім Княствам Літоўскім
- •1523. Выйшла ў свет паэма Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра»
- •1557. Нарадзіўся Леў Сапега
- •1562. Сымон Будны распачынае ў Нясвіжы выданне сваіх кніг на роднай мове
- •1569. Люблінская вунія
- •1581. Адкрыццё Полацкага езуіцкага калегіума
- •1588. Прыняты трэці Статут Вялікага Княства Літоўскага
- •1595. Паход Севярына Налівайкі на Беларусь
- •1596. Берасцейская царкоўная вунія
- •1618. Дзявулінскае замірэнне
- •1629. Нарадзіўся Сімяон Полацкі
- •1654. Пачатак вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэчай Паспалітай
- •1667. Андрусаўскае замірэнне
- •1743-1744. Крычаўскае паўстанне
- •1767. Слуцкая канфедэрацыя
- •1772. Першы падзел Рэчы Паспалітай
- •1793. Другі падзел Рэчы Паспалітай
- •1794. Паўстанне Тадэвуша Касцюшкі
- •1812. Паход Напалеона
- •1817. Узнікненне таемнага студэнцкага таварыства філаматаў
- •1831. Нацыянальна-вызвольнае паўстанне супроць царызму
- •1835. Адкрыццё Полацкага кадэцкага корпуса
- •1839. Царкоўны сабор у Полацку прымае акт аб ліквідацыі Вуніі
- •1863. Паўстанне Кастуся Каліноўскага
- •1884. Пачаў выходзіць часопіс «Гомон», орган беларускай фракцыі «Народнай волі»
- •1891. Выйшла ў свет кніга Францішка Багушэвіча «Дудка беларуская»
- •1914. Пачатак Першай сусветнай вайны
1468. Судзебнік Казіміра Ягайлавіча, першы звод законаў дзяржавы
У часе паўвекавога княжання Казіміра Ягайлавіча, калі ў Вялікім Княстве стабілізавалася нутраное жыццё, паспяхова развівалася гаспадарка, хутка павялічвалася колькасць насельніцтва, быў складзены першы з вядомых збораў феадальнага права. Гэта так званы Судзебнік 1468 года - каштоўны помнік заканадаўства, які адлюстраваў пэўны этап развіцця нашай дзяржаўнасці. Зацвярджаўся ён у Вільні 29 лютага на нарадзе вялікага князя з панамі-радаю ды «з усім паспольствам».
У свой час польскі гісторык В.Мацяеўскі называў яго «беларускім статутам» не толькі таму, што гэты кодэкс быў напісаны на старабеларускай мове. Ён увабраў нормы звычаёвага беларускага права (разам з даўнымі нормамі гэтак званай «Рускай праўды»). Судзебнік уяўляў з сябе зборнік з 25 артыкулаў, у якім былі сістэматызаваныя прававыя нормы аб пакараннях за крымінальныя злачынствы (што складалі толькі частку крымінальнага права) ды аб павіннасцях грамадзян на гаспадара. Ён, у прыватнасці, абараняў усіх уладальнікаў ад наездаў і гвалту (гвалтаўніка прыцягвалі да суда вялікі князь ці паны-рада), прадугледжваў абавязковае выкананне судовай пастановы, пазбаўленне годнасці і ўсіх правоў наўзамен смяротнага пакарання для шляхціча і пазбаўленне асабістай свабоды - для нешляхціча, вызваляў ад пакаранняў сям'ю злачынца, уводзіў прынцып індывідуальнай адказнасці кожнага, патрабаваў вяртаць законным уладальнікам знойдзеныя рэчы і жывёлу, а таксама замацоўваў прыгонную залежнасць сялян, а ўсіх жыхароў абавязваў падтрымліваць у належным парадку дарогі і масты. У артыкулах зборніка замацоўваўся таксама шэраг іншых важных нормаў, якія потым паспяхова ўдасканальваліся і пашыраліся ў далейшай працы над сістэматызацыяй права.
Праўда, паралельна з існаваннем Судзебніка, які выкарыстоўваўся, бадай, толькі ў цэнтральных абласцях дзяржавы, іншыя землі па-ранейшаму паслугоўваліся сваім мясцовым правам. Неабходнасць умацавання дзяржаўнага суверэнітэту Вялікага Княства стымулявала далейшую працу па кадыфікацыі права, што неўзабаве прывяло да стварэння «аднаго права» для ўсіх земляў - першага Статута. Нормы, выкладзеныя ў Судзебніку, нязменна дзейнічалі да таго часу, пакуль не былі пашыраныя і дапрацаваныя ў Статуце 1529 года. Аднак тыя, што не ўвайшлі ў Статут, заставаліся актуальнымі і надалей.
Судзебнік 1468 года паклаў пачатак новаму этапу развіцця права і заканадаўчай дзейнасці дзяржаўных органаў, які арганічна завяршыўся стварэннем Статутаў Вялікага Княства Літоўскага - найбольш дасканалых зводаў законаў у тагачаснай Эўропе. У галіне прававой культуры наша дзяржава апярэдзіла сваіх суседзяў.
Паводле тэрміналогіі і выкладзеных формулаў да Судзебніка Казіміра Ягайлавіча вельмі блізкі быў і першы зборнік прававых нормаў Маскоўскай дзяржавы - Судзебнік маскоўскага князя Івана ІІІ, выдадзены ў 1497 годзе. Тлумачыцца гэта тым, што складальнікі маскоўскага зводу карысталіся законам Вялікага Княства Літоўскага ды шмат з яго запазычылі.
Генадзь САГАНОВІЧ
