- •Анатоль Клышка Гаворым і чытаем па-беларуску. Самавучак беларускай мовы
- •6. Пры напісанні адраса заўсёды ўзнікае патрэба правільна паставіць у давальным склоне прозвішча, імя і імя па бацьку пэўнага чалавека. Вось для нас і нагода пагаварыць тут пра іх скланенне.
- •2. З далікатным посудам для пітва трэба асцярожна абыходзіцца не толькі за сталом, але і ў мове, дбаючы тут ужо, вядома, не пра тое, якую пасудзінку для чаго ўжываць, а якое слова - да тае пасудзінкі.
- •4. У тэксце згадвалася нефарбаванае шкло.
- •2. У размове маці з сынам сустракалася: прыкрыць канапу дываном. Як бачым, беларускі дыван і расейскі диван не адно і тое. Расейскі диван абазначае канапу, а наш дыван - ковер.
- •3. Тут згадваліся словы ложак, прасціна, коўдра (рас. Одеяло). Заўважце: коўдра жаночага роду - шырокая коўдра, шырокай коўдры.
4. У тэксце згадвалася нефарбаванае шкло.
У беларускай мове адрозніваюць словы пафарбаваны і памаляваны, як і самі дзеясловы фарбаваць і маляваць, ад якіх яны ўзыходзяць, хоць там і тут ужываюцца фарбы.
Каб стала розніца відавочнаю, скажам, пражу, тканіну фарбуюць, а, напрыклад, падлогу (рас. пол), лаўкі малююць. Бо ёсць такая вядомая прафесія маляр. Чалавек гэтай прафесіі, дапусцім, квачом на паверхні чаго-небудзь наносіць фарбу, малюе, а не апускае гэтую лаўку ў кацел з разведзенаю фарбаю.
Таму і вы пры апісанні, скажам, пакоя ўжывайце: маляваная падлога, маляваныя дзверы. І надпіс пры патрэбе пішыце: «Асцярожна, памалявана!»
А фарба, як сведчыць акадэмічны Тлумачальны слоўнік беларускай мовы, - «рэчыва, што надае той ці іншы колер прадметам, якія яно пакрывае або насычае».
Звярніце ўвагу: пакрывае або насычае. Адсюль і паходзяць два розныя віды занятку, якія далі прафесіі маляра і фарбавальшчыка. (Даўней яго называлі ў нас фарбаўшчык, сінельнік (гл. слоўнік І.Насовіча), фарбар. Прывядзём каларытную цытату з «Краёвага слоўніка ўсходняй Магілёўшчыны» І.Бялькевіча: «Атдаў бы ты сінельніку свае штаны пысініць, ато рыжыя, як сыбака».
Таму, дзе гаворка заходзіць аб чалавечай працы, гэтае адрозненне ў нашай мове захоўваецца.
І гэтая розніца сціраецца там, дзе момант вытворчасці адступае: Сонца фарбуе (малюе) лес у асенні колер. Тут можна ўжыць і тое і другое слова. Але сказаўшы «сонца малюе» мы тым самым падкрэслім вобраз сонца-маляра.
Аднак валасы фарбуюць, хоць вусны, бровы, вейкі і пад. у нашай мове можна і фарбаваць і падмалёўваць.
Хвароба
М а ц і (уваходзячы ў пакой да Паўліка). Ну, як маешся?
П а ў л і к. Мамачка, дай вады з журавінамі. Смажыць вельмі.
М а ц і. А як галава?
П а ў л і к. А ўсё гэтак жа.
М а ц і (падаючы яму морс). А я ўжо збегала ў паліклініку, выклікала на дом доктара. А то тэлефанавала, тэлефанавала, а там усё занята... Відаць, зноў эпідэмія пачалася.
П а ў л і к. Трэба моцнае здароўе мець, каб лячыцца ў такой сістэме здароўя.
М а ц і. І адкуль у цябе такія выслоўі?
П а ў л і к. А я газеты чытаю. Хачу прэзідэнтам незалежнай Беларусі стаць!
М а ц і. Ты лепш не прастуджвайся... Вось я табе, «прэзідэнт», мёду купіла ў краме... А тут у двары тваіх «намеснікаў» сустрэла, ішлі да цябе. Але я сказала, што ты хварэеш, а ангіна заразная, не можна заходзіць.
П а ў л і к. А хто быў? Петрык?
М а ц і. Не, Цішка і Янка... А на двары выпаў снег, мяккі, пушысты.
П а ў л і к. О каб я быў здаровы, пайшоў бы, снежную бабу зляпіў... Як здаровы, дык часам хочацца і захварэць, здаецца, паляжаў бы, цікавую кніжку пачытаў.
Раптам у акно стукае снежка.
М а ц і. Ну, разбойнікі! Зараз шыбу высадзяць. У снежкі гуляць уздумалі пад акном. (Падыходзіць да акна.) Вунь цябе клічуць. Гэта Цішка і Янка. Снежную бабу табе зляпілі. Глядзі, якая смешная!
Паўлік падхопліваецца з ложка, ахутваецца коўдраю і падбягае да акна.
П а ў л і к (смеючыся). У капелюшы! Дзе яны такую сметніцу знайшлі?
М а ц і. І кіёк адмысловы.
П а ў л і к. Мне і галава, здаецца, перастала балець.
М а ц і. Можа, і на двор пабяжыш?
П а ў л і к (з недаверам гледзячы на маці - жартуе яна ці ўсур'ёз кажа). А можа, каб кажушок надзеў?
М а ц і. Во-во, ён ужо гатовы на двор бегчы. Не, не, не стой. Падлога халодная. Ідзі кладзіся... Тэмпературу трэба яшчэ раз змераць. Зараз доктар прыйдзе.
Паўлік кладзецца ў ложак. Маці падае градуснік, папраўляе прасціну.
М а ц і. Бачыш, якія добрыя і здагадлівыя твае таварышы. Да цябе зайсці нельга, дык яны праз акно цябе развесялілі. І з-за іхняй увагі ў цябе настрой палепшаў... Я тут у пакоі крышачку прыбяру. Трэба канапу дываном прыкрыць.
Прыбірае ў пакоі.
П а ў л і к. Мама, у мяне ўжо трыццаць восем і дзве.
М а ц і. Я табе зараз гарбаты з мёдам дам.
П а ў л і к. Мама, падрыхтуй ручнічок. І як толькі доктар зазвоніць, ты ручнічок на руку і ідзі адчыняць дзверы. Доктар распранецца, убачыць ручнік і не забудзецца рукі памыць. Я пра гэта чытаў. Маленькая хітрасць, а дзейнічае добра. Міколка на трэцім паверсе на адзёр хварэе. Не хапала яшчэ мне праз доктара гэтую хваробу падхапіць.
М а ц і (смеючыся). Ну і педант ты ў мяне. Дактароў белы халат ахоўвае.
П а ў л і к. Не, я чытаў, што дактары часта самі хваробы разносяць.
М а ц і. Не, Паўлік. Не перабольшвай. Ну, а ручнік сапраўды вазьму.
Чуваць званок.
М а ц і. Напэўна, доктар. (Адчыняе дзверы.)
Д а к т о р к а (уваходзячы). Добры дзень!
М а ц і. Добрага дня! Вось нешта Паўлік падупаў на здароўі.
Дакторка распранаецца. І разам з гаспадыняю ідзе ў ванную. Праз хвіліну вяртаецца і ідзе да Паўліка.
Д а к т о р к а. Ну, добры дзень, Паўлік!
Паўлік, спрабуючы адказаць, закашляўся.
Д а к т о р к а. Што ж гэта ты? Трынаццаць гадоў маеш, а кашляеш на ўсе дзевяноста?
П а ў л і к. Я малака хапіў з лядоўні.
Д а к т о р к а. Як жа так? Я цябе заўсёды ў гэтым доме ў прыклад ставіла. Летась ты ні разу не хварэў. Сам вучыў, як можна піць нават ледзяную ваду...
П а ў л і к. А, гэта калі я расказваў, што трэба першыя тры глыткі даўжэй у роце патрымаць, каб вада сагрэлася, а далей самую халодную можна глытаць.
Д а к т о р к а. А чаму ж цяпер застудзіўся?
П а ў л і к. А я хацеў праверыць, як я загартаваўся. Адразу пачаў глытаць.
Д а к т о р к а. Давай паглядзім тваё горла. Пакажы язык... Абкладзены, горла пачырванела. Трэба паслухаць лёгкія і сэрца. Дыхай глыбока. Яшчэ глыбей. Не дыхай. Добра. Кашляні. (Звяртаючыся да маці.) Тэмпературу мералі?
П а ў л і к. Цяпер трыццаць восем і дзве.
М а ц і. Усю ноч яго паліла. Нават здавалася, што трызніў.
П а ў л і к (перабіваючы). Я не трызніў. Я цяжкі сон сніў. Недзе ў садзе ў калючы агрэст ці ажыннік ублытаўся.
М а ц і. Горла баліць, дык і калючы агрэст сніўся... Я яму аспірын давала.
Д а к т о р к а. Як апетыт? Надворак?
М а ц і. Няма ў яго апетыту. Пэўна, нястраўнасць.
Д а к т о р к а. Ванітаў не было?
М а ц і. Не, не ванітаваў.
Д а к т о р к а (да Паўліка). Ляж, я пагляджу твой страўнік. (Дакторка мацае жывот.) Перавярніся, ляж ніцма. Пагляджу твае ныркі. (Злёгку пастуквае.) Не баліць?
П а ў л і к. Не.
Д а к т о р к а. Ну, добра. Кладзіся на бачок. (Да маці.) Ну што, кашаль сухі, дыханне хрыплаватае. Лёгкія чыстыя. Пульс добры. Запалення няма. Гэта проста прастуда з лёгкім бранхітам. Да таго ж невялікая ангіна. Зараз выпішу рэцэпт. (Да Паўліка.) Будзеш браць два парашкі штодня ад высокай тэмпературы. І сталовую лыжкў гэтай мікстуры што тры гадзіны. Перад ужываннем не забудзься скалануць. (Да маці.) Давайце ўзвар шыпшыны, суніц, чорных парэчак. Увогуле пабольш піцця. Купіце фурацылін - паласкаць горла. Гэтыя лекі дапамогуць. (Да Паўліка.) Хутка будзеш здаровы. А цяпер давядзецца паляжаць у ложку, пакуль тэмпература не спадзе. А пасля яшчэ два дні трэба пабыць дома перад тым, як выйсці на двор. Прыйдзеш у паліклініку ў часы майго прыёму. Няцотнымі днямі прымаю з раніцы, а цотнымі - увечары.
П а ў л і к. А даведку ў школу?
Д а к т о р к а. Даведку выпішу, як паправішся. Ну, бывай здаровы!
П а ў л і к. Дзякую. Бывайце здаровы!
Д а к т о р к а. Глядзі ж, старанна лячыся. Шмат хвароб пачынаецца з лёгкай прастуды.
М а ц і (праводзячы). Вялікі дзякуй вам!
ТЛУМАЧЭННЕ
1. Назвы большасці хвароб у расейскай і беларускай мовах агульныя або блізкія, таксама як і назвы частак цела. У тэксце названы некаторыя найбольш ужывальныя. І, думаецца, многія з іх перакладу не патрабуюць. Таму тут выпішам толькі тыя, што могуць камусьці падацца незразумелымі: ныркі (почки), страўнік (желудок), нястраўнасць (несварение желудка), адзёр (корь), надворак (стул), ваніты (рвота), трызніць (бредить).
Папаўняць сваю медыцынскую тэрміналогію ў пэўнай галіне і ў неабходным памеры кожны можа з агульнага слоўніка.
Нашы дыялектныя слоўнікі тояць у сабе надзвычай багатыя запасы нацыянальнай медыцынскай лексікі. Тут не толькі свае назвы і хвароб, і органаў, як завалкі (міндаліны), але і вельмі каларытныя дзеясловы. Некалькі прыкладаў: Падучка падпала; Абсыпаўся скуллем, скулле абсадзіла яго; Спала пухліна, хвароба адступілася.
І як шкада, што сёння няма грунтоўнага, унармаванага, сучаснага медыцынскага расейска-беларускага слоўніка. Адбіліся дзесяцігоддзі выгнання нашай мовы з розных галін навуковай і вытворчай дзейнасці. Пры Акадэміі навук СССР нават быў створаны спецыяльны цэнтр для нагляду над функцыянальным развіццём розных моў Саюза, а з сямідзесятых гадоў не толькі аўтарэфераты, але і самі дысертацыі павінны былі накіроўвацца ў Маскву абавязкова на расейскай мове. Так канчаткова выганяліся з навукі ўсе нашы нацыянальныя мовы, планава насаджалася расейская. Адзіны медыцынскі часопіс у рэспубліцы выдаваўся на расейскай мове.
