Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Анатоль Клышка.docx
Скачиваний:
3
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
61 Кб
Скачать
☆

2. У размове маці з сынам сустракалася: прыкрыць канапу дываном. Як бачым, беларускі дыван і расейскі диван не адно і тое. Расейскі диван абазначае канапу, а наш дыван - ковер.

У роднасных мовах такія выпадкі нярэдкія.

Звернем тут увагу і яшчэ на адно ўжыванне. У нас і ў расейцаў словы вуліца і улица, як вядома, агульныя. Аднак не ўсе значэнні гэтых слоў супадаюць. І расейскі сказ «Бери мяч и поиграй на улице» не перакладзеш «Бяры мячык і пагуляй на вуліцы», бо па-беларуску вуліца там, дзе рух, дзе імчаць машыны, і на вуліцы было б гуляць небяспечна.

У нас гуляюць на двары, гэта значыць на ўчастку, пляцоўцы пры доме (хаце), будынку.

Дарэчы, запомнім і будзем адрозніваць гэтае словазлучэнне на двары ад другога, блізкага - на дварэ, што абазначае ўвогуле на адкрытым паветры, не ў хаце: На дварэ холад, сцюжа.

3. Тут згадваліся словы ложак, прасціна, коўдра (рас. Одеяло). Заўважце: коўдра жаночага роду - шырокая коўдра, шырокай коўдры.

Дадамо яшчэ пакрывала, падушка, навалочка, або (як і ў расейцаў) навалачка, насыпка (рас. наперник), матрац (сяннік), каб з пасцеллю ў вас быў лад.

Расейскі «пододеяльник» мае жывы народны адпаведнік чахол на коўдру, аднак у слоўніку вы знойдзеце яшчэ і падкоўдранік. Гэтай назвы ў народзе я не чуў і прызнаюся: некалькі гадоў, калі ўпершыню яе вычытаў, падалася яна мне штучнаю. Я ў сваёй мове яе не ўжываў, але цікава, што цяпер, зноў яе прачытаўшы, успрыняў ужо звычна, і вымавілася яна лёгка. Так што спадзяюся, у слова гэтага можа быць будучыня: перавага аднаслоўнага наймення над словазлучальным відавочная.

4. Згадкі тут пра адметнасць роду назоўнікаў у нашых мовах скіравалі думку на розніцу родаў некаторых нашых агульных слоў. На памяць прыйшлі боль, галош, мазоль, медаль, насып, палын, пыл, сабака, сажань, стэп, цень, шаль, шынель.

У беларускай мове ўсе яны мужчынскага роду, у расейскай - жаночага. Для лепшага запамінання роду самі падбярыце да кожнага з гэтых назоўнікаў адпаведны прыметнік і завучвайце іх у пары (добра было б адначасова ў назоўным і родным склоне): моцны боль - моцнага болю, - тады род выступіць больш выразна і запомніцца таксама больш трывала.

Не прыводзім тут прыметнікаў толькі дзеля таго, што для запамінання важныя свае для кожнага чытача асацыяцыі слоў. Але падаем гэтыя назоўнікі і ў родным склоне: болю, галоша, мазаля, медаля, насыпу, палыну, пылу, сабакі, сажня, стэпу, ценю, шаля, шыняля.

5. На сёмым уроку, кажучы аб прыназоўніку у, мы спыняліся на некаторых ягадах - суніцах, чарніцах, брусніцах, журавінах, малінах.

Сёння ў сувязі са словам узвар (рас. взвар, компот) былі ўспомнены яшчэ шыпшына (шиповник), агрэст (крыжовник), а таксама ажыны (ежевика), парэчкі (смородина). Такім чынам спіс беларускіх назваў ягад яшчэ больш пашырыўся.

Агульная заўвага: побач з засваеннем новага ўвесь час праглядайце, паўтарайце раней вывучанае. І, трапіўшы, напрыклад, на рынак ці агарод, праэкзаменуйце сябе: ці імгненна ўспамінаюцца родныя словы?

І памятайма: назовы ягад (за рэдкім выключэннем, як шыпшына, агрэст) ужываем у множным ліку: хадзем у маліны, ажыны, парэчкі.

6. Напрыканцы пагаворым яшчэ пра слова-бадзяк «сумніцельна», які сёння спрабуе трывала ўчапіцца то за які артыкул, то за раман ці перакладны твор, каб трапіць у нашу літаратурную мову.

І, вядома ж, не аднаму чытачу ўжо коле вочы.

Невыпадкова нядаўна на старонках аднаго часопіса завязалася гаворка пра гэтае слова. Мяне вельмі здзівіла, што, стараючыся перакласці, людзі абавязкова трымаліся за расейскі першаўзор, прапануючы замены, па сутнасці, не самога слова, а толькі «занадта расейскай» частачкі яго -цель-. І пачалося саматужжа: «сумнявальна», «сумнёна».

Дзе хто чуў такія словы?

І каб падумалася дасведчанаму мовазнаўцу, што проста не можа ў мове дзесяцімільённага народа не быць слоў, якія б не перадавалі значэнняў такога частага ў абыходку расейскага «сомнительно».

Бо якога слова можа не ставаць у мове аднаго народа ў параўнанні з моваю другога народа? Ды, пэўна ж, назвы той рэчы, якой не карыстаецца другі народ, або той вопраткі, якой ён не носіць, адсюль і назвы адпаведнай няма; ці ў яго няма пэўных звычаяў і абрадаў і гэтак далей і гэтак далей. А слова «сомнительно»? Ды можна ж загадзя, яшчэ не шукаючы адпаведнікаў, сказаць, што «яно» ў розных сваіх значэннях ёсць у нашай мове. Толькі ж, вядома, зусім не абавязкова, каб гэтыя словы былі аднакаранёвыя са словам сумненне, якраз як у расейскай мове.

Вось некалькі першых-лепшых прыкладаў:

Он сомнительно покачал головой. - Ён недаверліва пакруціў галавою.

Милиционер сомнительно посмотрел на паренька. - Міліцыянер падазрона (з падазронасцю) паглядзеў на хлопца.

Або прывядзём сказы са словам сомнительно ў значэнні выказніка:

Очень сомнительно, чтобы он застал его дома. - Цяжка даць веры (паверыць, падумаць), каб ён заспеў яго дома.

Сомнительно, чтобы девушка не видела это. - Малаверагодна, каб дзяўчына не бачыла гэта.

А то можна скарыстаць і дзеяслоў «сумнявацца» ў адпаведнай форме ў залежнасці ад кантэксту:

Сумняюся (сумняёмся), каб дзяўчына не бачыла гэта.

Або вось яшчэ прыклады:

Он знает немецкий? - Сомнительно. / Ён ведае нямецкую? - Наўрад.

Выживет ли он? - Сомнительно. / Ці выжыве ён? - Амаль без надзеі.

І гэтак далей. Усё залежыць, вядома, ад жывога адчування сэнсу, інтанацыі.

Тое ж маем і з прыметнікам «сомнительный»: сомнительная личность - падазроная асоба, сомнительный способ - няпэўны (ненадзейны) спосаб, сомнительные случаи правописания - спрэчныя выпадкі правапісу, сомнительная репутация - небездакорная (небеззаганная) рэпутацыя, сомнительный эксперимент - праблематычны эксперымент.

А дзе-нідзе можа падысці словазлучэнне - «пад пытаннем», «пад сумненнем» і г.д.

Зноў жа - у залежнасці ад кантэксту, стылю, асобы, якая гаворыць, і да т.п.

Так што не трэба сумнявацца ў магчымасцях роднай мовы.