- •Актыўнае і пасіўнае прыстасаванне
- •Хадайніцтвы, скаргі, даносы
- •Актыўны супраціў
- •1. Чуткі
- •23 Студзеня 1947 г. Жыхар сяла Юнсечы Высакоўскага р-на Брэсцкай вобл. Н.С.Давядзюк сказаў аднавяскоўцам: “Калі будуць выбары, кінуць бы гранату і ўзарваць пакой, дзе галасуюць”.
- •2. Антысавецкае падполле
- •Высновы
- •Голад 1946—1947 гг.
- •Пашпартная сістэма
- •Жыллёвая праблема
- •Сямейныя праблемы
- •Найбольш распаўсюджаныя віды злачынстваў
- •1. Самагонаварэнне
- •2. Спекуляцыя
- •3. Крадзяжы
- •Высновы
Жыллёвая праблема
Ранейшая жыллёвая праблема стала асабліва вострай з прычыны разбурэнняў, прынесеных вайной у БССР. У канцы 1950 г. у зямлянках і на падсяленні заставаліся яшчэ тысячы сем’яў калгаснікаў, рабочых саўгасаў, леспрамгасаў і МТС. Асабліва цяжка было ў гарадах. Пераезд у горад тысячаў сялян, якія ратаваліся ад калектывізацыі і галечы, яшчэ больш абвастрыў жыллёвы крызіс. Перанаселенасць камунальных кватэр стварала вялікую колькасць праблем: сваркі паміж суседзямі, судовыя спрэчкі.
Становішча на Брэст-Літоўскай чыгунцы паказвае на ўзровень бытавога забеспячэння працоўных. Расселеныя ў вёсцы рабочыя не былі забяспечаны ложкамі і бялізнай. Маладыя працаўнікі жылі ў халодных, не прыстасаваных да жылля таварных вагонах, і для абагравання былі вымушаны красці паліва для цеплавозаў. У бруднай, без табурэтак, сталовай гатавалася і прадавалася няякасная ежа. Такая сітуацыя стала прычынай масавага дэзерцірства (сыходу) рабочых.
Дэфіцыт жылля быў настолькі востры, што, нават маючы сувязі, было цяжка чагосьці дамагчыся. На сярэдзіну 1948 г. матэрыяльна-бытавое становішча нават міліцыянтаў заставалася кепскім. 625 чалавек шараговага і сяржанцкага складу міліцыі Мінска жылі ў інтэрнаце, які знаходзіўся ў аварыйным стане, і дзе на чалавека не прыходзілася нават 1 метра. Праз адсутнасць жылля некаторыя былі вымушаны жыць асобна ад сем’яў (цягам года і болей), што прыводзіла да разладаў і распаду сям’і.
Каб атрымаць жыллё, выкарыстоўвалі розныя, нават незаконныя, сродкі. Людзі пры ўладзе маглі злоўжываць сваім становішчам. Невінаватага маглі абгаварыць, калі хацелі завалодаць яго кватэрай. Напрыклад, спадарыня Л.А.Дамброўская была асуджана за “разгульны лад жыцця і ўтрыманне прытона”, паводле абвінавачання, пабудаванага на паказаннях маёра міліцыі Ліхтэрмана, які гэткім чынам спрабаваў завалодаць яе кватэрай. Скаргу асуджанай разбіраў нават Вярхоўны суд, і толькі больш чым праз восем месяцаў утрымання пад вартай Л.А.Дамброўская была апраўдана.
У вырашэнні жыллёвага пытання, як, дарэчы, і іншых, перавага аддавалася меркаванням партыйных органаў, а не судовым рашэнням. За нязгоду з рашэннямі партыйнай арганізацыі маглі прыцягнуць да крымінальнай адказнасці. Так, К.В.Кляўза была асуджана на тры месяцы папраўча-працоўных работ па месцы працы з утрыманнем 25% з заробку за тое, што абразіла супрацоўнікаў швейнай майстэрні спецгандлю, бо яны незаконна высялялі яе з кватэры.
Жыллёвы крызіс абвастрыў стаўленне да яўрэяў. Вялікая колькасьць кватэр і дамоў, што да вайны належалі яўрэям, былі занятыя кіруючымі работнікамі рэспубліканскіх і абласных арганізацый. Далёка не ўсе пагаджаліся выселіцца. А тыя, хто дамагаўся аб’ектыўнага разгляду спраў, часта рабіліся ахвярамі рэпрэсій.
Пашпартная сістэма
З увядзеннем у 1932 г. у СССР пашпартоў (у 1940 г. яны былі ўведзены і на заходніх тэрыторыях УССР і БССР) быў устаноўлены афіцыйны кантроль за перамяшчэннем насельніцтва па краіне, фактычна падтрымлівалася сістэма вышуку небяспечных для ўлад асоб. Усе грамадзяне СССР ва ўзросце ад 16 гадоў з тых, хто пастаянна жыў у гарадах, рабочых пасёлках, працаваў на транспарце, у саўгасах і на новабудоўлях, абавязаны былі мець пашпарты. Пашпарты тэрмінам на 5 гадоў выдаваліся асобам ад 16 да 55 гадоў. Ад 55 гадоў, а таксама ардэнаносцам, інвалідам выдаваліся бестэрміновыя пашпарты. Захоўваліся часовыя пасведчанні для тых асоб, што выязджалі ў мясцовасці, дзе яшчэ не была ўведзеная пашпартная сістэма. Але ў “пашпартызаваных” мясцовасцях пашпарт з’яўляўся адзіным дакументам, які сведчыў пра асобу. На гэтых тэрыторыях была ўведзеная таксама абавязковая прапіска ў органах міліцыі не пазней за 24 гадзіны пасля прыбыцця на новае месца жыхарства. Таксама абавязковай была выпіска для тых, хто выбываў з населенага пункта на тэрмін ад двух і больш месяцаў ці назаўсёды.
Без прапіскі цяжка было знайсці жыллё, уладкавацца на працу, ажаніцца і г.д. Для сельскага насельніцтва гэта абазначала падвойны кантроль, бо калгаснікі жылі без пашпартоў, што прымацоўвала іх да калгасаў. Выезд на іншае месца жыхарства мог адбыцца, толькі з атрыманнем пашпарта, што рабілася з дазволу кіраўніцтва калгаса і сельсавета, якія, як правіла, не былі ў гэтым зацікаўленыя. Як і калгаснікі, бяспраўнымі зрабіліся і рабочыя, бо ў працуючых у абароннай і вугальнай прамысловасці, на чыгуначным транспарце забіралі пашпарты на нявызначаны тэрмін, замест якіх выдаваліся спецыяльныя пасведчанні.
Быў вызначаны шэраг рэжымных тэрыторый. Да 1953 г. гэта тычылася і зоны ўздоўж усёй мяжы шырынёй ад 15 да 200 км. Чым хутчэй рос горад і болей узводзілася ў ім прамысловых аб’ектаў, большая частка якіх уваходзіла ў ваенна-прамысловы комплекс, тым хутчэй яго пераводзілі ў “рэжымную мясцовасць”. Прыкладам такой тэрыторыі ў БССР з’яўлялася сталіца — Мінск. Тыя, хто прыбываў туды, павінны былі прадстаўляць акрамя пашпарта даведку пра наяўнасць жылплошчы і дакументы, якія сведчылі пра мэты прыезду (запрашэнне на працу, даведку праўлення калгаса пра “сыход” і інш.). Калі памер жылплошчы быў меншы за ўстаноўленую санітарную норму, то ў прапісцы маглі адмовіць.
Сакрэтны раздзел інструкцыі па выдачы пашпартоў 1933 г. вызначаў абмежаванні на выдачу пашпартоў і прапіску ў рэжымных мясцовасцях для наступных груп насельніцтва: “не занятых грамадска карыснай працай” на вытворчасці, ва ўстановах, школах (за выключэннем інвалідаў і пенсіянераў); збеглых з вёсак “кулакоў” і “раскулачаных”, перабежчыкаў з-за мяжы; прыбылых з іншых гарадоў і сёлаў краіны пасля 1 студзеня 1931 г. “без запрашэння на працу ўстановай ці прадпрыемствам”. Выключэнні рабіліся толькі для спецыялістаў, без якіх не маглі абысціся.
За пражыванне без пашпарта ці з пратэрмінаваным пашпартам перадугледжваўся штраф у адміністрацыйным парадку памерам да 100 руб., выкарыстоўвалася і папярэджанне. Асобам, якія не падлягалі прапісцы ў рэжымнай мясцовасці, пражыванне ў ёй пагражала пазбаўленнем волі. Перадугледжвалася і адказнасць службовых асоб (домакіраўніка, каменданта, дырэктара ўстановы, дзе працаваў чалавек) і домаўладальнікаў за пражыванне асоб без пашпартоў ці з пратэрмінаванымі пашпартамі.
Пошук парушальнікаў пашпартнага рэжыму сумяшчаўся таксама з пошукам іншых злачынцаў. Шмат у якіх выпадках выпадках прыцягненне да адказнасці за парушэнне пашпартнага рэжыму было цалкам незаконным. Напрыклад, у лютым 1948 г. быў аддадзены пад суд С.М.Пруднікаў, які быў прапісаны ў інтэрнаце ў г.Віцебску, за тое, што часам заходзіў да сваёй роднай сястры ў тым жа горадзе і начаваў там.
