- •Актыўнае і пасіўнае прыстасаванне
- •Хадайніцтвы, скаргі, даносы
- •Актыўны супраціў
- •1. Чуткі
- •23 Студзеня 1947 г. Жыхар сяла Юнсечы Высакоўскага р-на Брэсцкай вобл. Н.С.Давядзюк сказаў аднавяскоўцам: “Калі будуць выбары, кінуць бы гранату і ўзарваць пакой, дзе галасуюць”.
- •2. Антысавецкае падполле
- •Высновы
- •Голад 1946—1947 гг.
- •Пашпартная сістэма
- •Жыллёвая праблема
- •Сямейныя праблемы
- •Найбольш распаўсюджаныя віды злачынстваў
- •1. Самагонаварэнне
- •2. Спекуляцыя
- •3. Крадзяжы
- •Высновы
Найбольш распаўсюджаныя віды злачынстваў
Пасля вайны адбываецца значны рост злачыннасці. Большасць грамадзян не ведала пра рэальны ўзровень злачыннасці, бо прэса нават пра самыя гучныя выпадкі, як правіла, не пісала.
Сярод разгляданых крымінальных дзеянняў, якія пераважалі ў справаздачах органаў міліцыі, былі крадзяжы, спекуляцыя ды самагонаварэнне.
1. Самагонаварэнне
Самагонаварэнне з’яўлялася дадатковай крыніцай прыбытку для насельніцтва, у першую чаргу для беднякоў і сялян-аднаасобнікаў. Барацьба з ім вялася не толькі ў мэтах забеспячэння дзяржаўнай манаполіі, але і кантролю за вытворчасцю і расходам збожжа. Таму апынуўся відавочным рост увагі да гэтага віду злачынстваў пасля прыняцця адпаведных пастаноў па ахове хлеба. У 1947 г. у БССР было ўзбуджана каля 1 тыс. спраў, звязаных з самагонаварэннем, у 1948 г. іх колькасць перавысіла 5,5 тыс. Павелічэнне колькасці было, у першую чаргу, звязана з уступленнем у сілу ўказа ПВС СССР ад 7 красавіка 1948 г. “Аб крымінальнай адказнасці за выраб і продаж самагону”. Выраб і захаванне самагону з мэтай збыту, збыт самагону, а таксама выраб і збыт у выглядзе промыслу самагонных апаратаў караліся зняволеннем у папраўча-працоўных лагерах на тэрмін ад 6 да 7 гадоў з канфіскацыяй усёй маёмасці ці яе часткі. Выраб самагону без мэты продажу караўся пазбаўленнем волі на тэрмін ад аднаго да двух гадоў з канфіскацыяй самагону і прыладаў яго вырабу.
Праўда, выкананне жорсткага заканадаўства шмат у чым залежала ад судовых органаў. Праверка ўлетку 1948 г. працы судовых органаў Лепельскага раёна паказала, што па гэтых справах судзілі пераважна жонак загінулых франтавікоў, у якіх былі малыя дзеці, і суды, нават пасля ўказа ад 7 красавіка 1948 г., былі вымушаны выкарыстоўваць мягкія меры пакарання, не звязаныя з пазбаўленнем волі.
Але такая мяккасць залежала ад суддзі і праяўлялася не заўсёды. Так, спадарыня А.Я.Шабуня была асуджаная 31 мая 1948 г. на 1 год пазбаўлення волі, хаця яна была жонкай загінулага на фронце і мела чатырох дзяцей ад 8 да 16 гадоў. Да таго ж, падчас вайны яе маёмасць была знішчана немцамі, а каб набыць хату, яна прадала апошнюю карову. Жанчына патлумачыла, што хацела вырабіць самагон, каб запрасіць калгаснікаў скласці хату. І ўсё ж ёй быў вынесены жорсткі прысуд, а траіх дзяцей гэтай жанчыны адправілі ў дзіцячы дом.
Як і па іншых відах злачынстваў, органы дазнання, імкнучыся выканаць план, часам фальсіфікавалі такія справы. Так, 5 мая 1948 г. участковы ўпаўнаважаны Плешчаніцкага РА МУС Савіч пачаў крымінальную справу супраць грамадзянкі С.З.Стралкоўскай, бо пры вобыску ў яе было знойдзена 3,5 літра самагону. Насамрэч Савіч сфальсіфікаваў справу, бо С.З.Стралкоўская набыла самагон, каб справіць імяніны дзіцяці сваёй дачкі, а вырабам і продажам самагону не займалася. Савіч, карыстаючыся малаадукаванасцю абвінавачанай, занёс у пратакол допыту паказанні ад яе імя: “Я займалася самагонакурэннем і выдаткавала мукі 3 кг і іншыя прадукты”. Паказанні сведак таксама былі запісаны няправільна.
2. Спекуляцыя
Неабходную колькасць прадуктаў атрымлівалі толькі Масква ды іншыя сталіцы саюзных рэспублік, пры гэтым нават у Мінску хлеба не хапала. У вясковыя крамы хлеб завозілі радзей, чым раз на тыдзень, не кажучы ўжо пра іншыя тавары. Недахоп неабходных тавараў вёў да спекуляцыі, за якую перадугледжвалася пазбаўленне волі не менш як на пяць гадоў з поўнай ці частковай канфіскацыяй маёмасці.
Спекуляцыя кваліфікавалася ўладамі як адзін з самых небяспечных відаў злачынстваў, бо пры наяўнасці грошай ці рэчаў для абмену ў спекулянтаў, якія мелі сувязі ў сілавых органах, досыць нескладана было здабыць нават зброю. Нарастанне крызіснай сітуацыі ў сувязі з неўраджаем 1946 г. выклікала прыняцце 13 верасня 1946 г. Саветам Міністраў СССР пастановы “Аб узмацненні барацьбы са спекуляцыяй”. У загадзе МУС СССР ад 23 верасня 1946 г., прынятым услед за пастановай, прадпісвалася абвінавачаных у спекуляцыі арыштоўваць да суда, а таксама прыцягваць да крымінальнай адказнасці службовых асоб, якія спрыялі спекулянтам. Гэтыя меры прывялі да таго, што колькасць зарэгістраваных у рэспубліцы выпадкаў спекуляцыі пачала змяншацца. Калі ў 1946 г. было выкрыта 1484 выпадкі, то ў 1950 г. — 431. Выкрывалі спекуляцыю праз агентурныя крыніцы і назіранне за спекулянтамі на рынках і станцыях чыгункі.
Асноўнымі відамі спекуляцыі з’яўляліся: скупка прадуктаў і жывёлы ў заходніх абласцях і перапродаж іх ва ўсходніх, закупка прадуктаў у вёсцы ці дэфіцытных тавараў у цэнтральных гарадах СССР. Спекулянтамі былі розныя людзі — ад рэальных злачынцаў да тых, хто рабіў гэта, каб не памерці з голаду. Сярод іх — былыя сяляне, якія перасяліліся ў горад, уцякаючы ад калектывізацыі, інваліды, сем’і без кармільца і г.д. Большасць прыцягнутых да адказнасці не мела пэўных заняткаў (каля 70%) і нават маёмасці, якую можна было б канфіскаваць.
Пры гэтым пэўнай колькасці спраў ходу не давалі. Гаворка ідзе пра справы, калі з мэтай атрымання прыбытку здзяйсняліся буйныя спекулятыўныя аперацыі, як правіла, пры дапамозе асобных работнікаў гандлёвых арганізацый, якія, працуючы ў групе, падраблялі дакументы ці, прыхаваўшы частку тавараў, рэалізоўвалі яе праз спекулянтаў ці на рынку праз спецыяльных асоб. Спекулянтам-закупшчыкам часта даводзілася сутыкацца з завышанымі цэнамі, якія вызначалі самі дзяржаўныя чыноўнікі.
