Сакавік
Сакавік часамі снегам сее, а часамі сонцам грэе.
Сакавік зялёны — ураджай благі.
Як у сакавіку туман, дык у жніво дождж — пан!
У сакавіку зіма не гніе — у красавіку трава не расце.
Няма ў сакавіку вады — няма ў красавіку травы.
Сакавік дрэвам сок пускае.
Сакавік мокры — хлеб горкі.
Хто сее гарох у марцы, той гатуе ў гарцы, а хто ў маі, той у яі.
Жыта ў сакавіку глядзіць у неба — не пакаштуеш зімой хлеба.
Сакавік дажджом імжыцца — хлеба будзе ў рукавіцу.
Сучасная беларуская назва трэцяга месяца года і першага месяца вясны паходзіць ад слова “сок”. У гэтую пару сок пачынае цячы з дрэў. У адным з тэкстаў XIV стагоддзя, які пісаўся ў полацкім манастыры, зафіксавана найменне сухий. Францыск Скарына ў “Малой падарожнай кніжцы” (1522) згадвае месяц марець, а ў астрожскім “Псалтыры” (1597) — березозол. Апошняя назва, дакладней яе варыянты, захаваліся ў чэшскай мове — březen, украінскай — березень. Лацінскую форму ўтрымліваюць французская — mars, англійская — march, нямецкая — März, польская — marzec, руская — март, італьянская і іспанская — marzo і інш.
Рымскі martius, згодна легендзе, “абвясцілі” Ромул і Рэм у гонар бога сонца і вайны Марса, апекуна земляробстава і жывёлагадоўлі, які ўвасабляў творчыя сілы прыроды. Як ужо зазначалася, у рымлян гэта быў першы месяц года аж да 153 года да нашай эры (таксама і ў многіх іншых народаў, у тым ліку беларусаў).
Рымлянамі, асабліва жанчынамі, 1 сакавіка святкавалася яшчэ ў гонар Юноны, апякункі жаночага жыцця, найвышэйшай багіні, царыцы неба і зямлі, жонкі Юпітэра. Да таго ж яна лічылася багіняй ранняга святла, таму ёй і прысвячаўся першы дзень новага года. З 19 па 23 сакавіка адзначалася свята Квінква-трус, якое супадала з днём вясенняга раўнадзенства. Яго “гераіняй” была Мінерва, дзявочая багіня мудрасці і вынаходстваў, што абараняла розныя промыслы, рамёствы, хатнія работы жанчын.
Якія ж змены ў сакавіку адбываюцца ў прыродзе? Снег пачынае чарнець і раставаць. На высокіх месцах з’яўляюцца праталіны, бягуць ручайкі. Сярэднемесячная тэмпература паветра вагаецца ад +1 на паўднёвым захадзе да -4 градусаў на паўночным усходзе. Дзённая павышаецца да +15 ... 22 градусаў, аднак часам мароз захоўваецца аж да канца месяца.
На поўначы Беларусі клён дае сок у сярэдзіне сакавіка, бяроза — у канцы. З’яўляюцца “коцікі” на ранніх раслінах. Ракіты ў другой палове месяца ці ў пачатку наступнага ўжо пачынаюць цвісці, Гэта першыя меданосы. З-пад сухой травы выглядаюць пралескі, зелянее трава. Прылятаюць гракі, за імі — шпакі, жаваранкі, канаплянкі, зяблікі. Такуюць глухары, потым цяцеры. Выводзяцца вавёркі, зайчыкі, ваўчаняты і іншыя звяркі. Пачынаецца нераст у рыб.
Народная мудрасць перасцерагае: не бярыся за плуг, пакуль баразна блішчыць, гэта значыць мокрая. І нашаніўскія календары, абапіраючыся на багаты сялянскі вопыт, раілі пільнаваць капцы і ямы, у якіх схавана гародніна. Калі што-небудзь пачало псавацца, дык у цяплейшае надвор’е неабходна перабраць. Каб садовыя дрэвы зацвілі пазней, варта накідаць каля ствала найболей снегу, утаптаць яго і прыкрыць гноем. Абавязкова абрэзаць сухія і лішнія галінкі, абабраць насякомых і іх яйкі, пабяліць ствалы дрэў. Трэба баранаваць сенажаці, высаджваць расаду, а калі абсохне зямля, то можна прыступаць і да гароху, насеннага лубіну. Ранняя сяўба калі і не паспрыяе ўраджаю, але насенне не звядзе.
*Лысая серада — серада перад Масленіцаю. “Лыса, лыса серада, галубы чацвер” (Дабравольскі, 1914).
2/17. Дзень Фёдара Цірана. У ім бачыўся заступнік ад зладзеяў.
*Масляныя Дзяды (Мясаедныя, Паставыя, Зімовыя, Стрэчаньскія) — пятніца і субота, а ў некаторых раёнах Беларусі яшчэ і чацвер, перад Масленіцай; называлі таксама Дзедавай пятніцай. Раніцай палілі печку, бялілі ў хаце, засцілалі стол чыстым абрусам, вешалі новы ручнік — чакалі гасцей, “дзядоў”. Пасля рытуальнага абеду ўсё пакідалі на стале “дзядам”, у сувязі з чым гаварылі: “Дзяды не зналі бяды, а нашы ўнукі зазналі мукі” (Свіслацкі раён).
*Дзедавая субота, на Палессі яшчэ называлі Бабы.
4/19. Казімір (Казімер). У некаторых валачобных песнях, зарыентаваных на каталіцкі каляндар, упамінаецца як “першае святца”.
Святы Казімір
Дровы сякець
І ў клад кладзець.
У заходніх раёнах Беларусі вядома прымаўка: “На Казімера зіма памірае” (Паўлюкоўскі, 1934). У Свіслацкім раёне кажуць: “Казімера — зіма ўмера”, “Казімера дзень і ноч умера”. Відаць, не толькі памірае, а і “ў меру”, калі маецца на ўвазе, што 20 ці 21 сакавіка бывае дзень вясенняга раўнадзенства.
*Мясапусная нядзеля — 8-ы тыдзень перад Вялікаднём.
*Масленіца (Маслёнка, Масніца) — пачатак (з панядзелка) Масленага (Сырнага, Крывога, Пустога, Развітальнага) тыдня, даўняга свята заканчэння зімы. Прыстасавана царквою да апошняга тыдня перад постам. Мясное не елі, а толькі малочнае. Гаварылі, што Масленіца бывае “на маладзіку” (“рог месяца ўмачыў у масла”). Наладжвалі гульні. Ездзілі на конях, каталіся на санках. Дзяўчаты насілі хусткі з доўгімі махрамі, каб вырас доўгі лён. Сяляне гаварылі: “Масленіца ў вятху (пасля поўні.— А. Л.), дзяржы пшаніцу ў мяху; сей пшаніцу ва ўсю руку, калі Масленіца ў маладзіку” (Дабравольскі, 1914; Нікіфароўскі, 1897). Дзяўчаты хлопцам вешалі калодкі за тое, што яны не паспелі да Масленіцы ажаніцца, і тыя адкупляліся гарэлкаю, салодкім. Моладзь выстройвалася і вадзіла па вёсцы “масленіцу”, “каб лён добры вырас”. У Сенненскім павеце на першы дзень свята жанчыны на санях “вазілі маладую”, якая ў апошні Мясаед выйшла замуж. Спявалі ёй:
Маладая ты Марутка,
Выйдзі, выйдзі к нам на вулку!..
Вазьмі сыра — родзіш сына,
Вынісь маяку — родзіш дачку,
Вынісь рэпку — родзіш слепку...
“У нас сягоння Масленіца!”
Муж “маладой” частаваў усіх (Шэйн, 1887). Спявалі яшчэ і так:
У нас сягоння Масленіца!
Прыляцела к нам ластавіца,
Села на калу,
Скінула масла па каму...
Вясна. У некаторых паўднёвых раёнах пачыналі ўжо гукаць вясну, што працягвалася цэлы тыдзень.
МАСЛЕНІЦА
Маслены тыдзень, ад панядзелка да нядзелі, праводзіцца шумна. Па вечарах таксама не працуюць. Ходзяць адзін да аднаго ў госці, а моладзь паўтарае каляднае гулянне. Днём усе лічаць сваім абавязкам пракаціцца: адны на санках, другія на ледзяшах, высечаных на рацэ або замарожаных у кадцы (у іх вычэсваецца вогнутае сядзенне, а з боку прасвідроўваецца распаленым цвіком дзірка для вяровачкі). Трэція ездзяць на перавернутых, трохі падмарожаных лаўках або простых дошках. Добрыя гаспадары ў масленічныя дні абнаўляюць сані: усцягваюць іх на горку, там садзіцца чалавек 20—25 і стрымгалоў ляцяць з гары. Толькі такія сані і будуць затым лёгкімі на хаду. На Масленіцу ж аб’язджаюць упершыню і жарэбчыкаў, што дасягнулі трохгадовага ўзросту.
У чацвер на Масленіцу мір-грамада наймае пастуха. У апошнія дні свята, у суботу і нядзелю, катаюцца на конях, абвешаных стужкамі, са званочкамі і шамкамі. Пры гэтым радасна крычаць, гігікаюць, спяваюць песні.
“Масьліная, шчаслівая, працягніся да Вялікадня”
Масьліная, шчасьлівая,
Працягніся да Вялікадня!
Масьліная, шчасьлівая, бела вутка,
Нясі сыру, масла да ня хутка!
А хто сыру ня дае, няхай яму пагніе.
(Гомельскі павет: Раманаў, 1912).
Мы на горушкі пубувалі,
Пубувалі, ай-люлі, пубувалі!4
Масьлінку сустракалі,
Сырым гару набівалі,
Маслым гару палівалі,
Наша горушка катліва,
Свякровушка вуркатліва,
Іна на нас вурцала,
На горушку ні пускала.
А нам дамой ні хаціцца,
А хаціцца прыкаціцца.
Мы думалі: Масьлінка сем нядзелік,
Ажна Масьлінкі сем дзянёцкыў!
Нас Масьлінка абманіла,
На сем нядзель пыста пысыдзіла,
На белую капусту,
На горкую рэдзьку.
(Веліжскі павет; Раманаў, 1912)
ЗАБАВЫ НА МАСЛЕНІЦУ
Выдумак і штукарства на Масленіцу хапала. Весяліліся і так: на кол у зямлі прымацоўвалі кола з воза, прывязвалі да яго жэрдкі, на якія чаплялі санкі. Адны круцілі кола, другія каталіся. Мужчыны качалі па вуліцы калоду, каб летам рос добры лён. (Вёска Лескавічы Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці; запісана ў 1989 годзе.)
ВЕШАННЕ КАЛОДКІ
З палена адразалі цурбанчык і чаплялі яго на пояс. Сабраўшыся разам на Масленіцу, заходзілі да каго-небудзь у хату. Гаварылі: “Гаспадар, прымай гасцей” і накідалі яму на шыю той “паясок”. Гаспадар за гэта павінен быў расплаціцца, пачаставаць. Ішлі далей па вёсцы. Калі ў гурта збіралася шмат пачастункаў, гулялі ў чыёй-небудзь адной хаце, выпівалі. На вечары рознае выдумлялі, смяяліся. Іншы раз жартам вешалі калодку і на сабаку.
Была і песня, якую выконвалі падчас таго дзейства:
Давіду бяда стала.
З кім яго Жана спала
Пад дубам зеляненькім?
З казаком маладзенькім.
Я пайду кароў даіць.
А за мной Давід бяжыць.
Ой, Давід-Давідзіла,
Я цябе не відзела.
Сяду пад каровачку,
Абярну даёначку,
Ой, Давід-Давідзіла,
Я цябе не відзела.
Абярну даёначку
К міламу ў галёначку.
Ох, мілы Давадзіла,
Я цябе ўвідзела.
(Вёска Крупчына Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці; запісана ў 1989 г.)
У іншых раёнах Віцебшчыны гэта песня выконвалася і пры “Жаніцьбе Цярэшкі”.
9/24. Янка. “Усе з галавою, а Янка дык не. Янкавай галавы баіцца зіма” (Паўлюкоўскі, 1934). Гэты дзень яшчэ называецца Абертас (Паўраценне). Птушкі пачынаюць вяртацца з выраю. У царкоўным календары — свята знаходжання (“обретения”) галавы Іаана Хрысціцеля. Свяшчэннік І. Берман у Ашмянскім павеце заўважаў: пчаляры ўжо глядзелі вуллі, і калі пчолы “арэтаюць” — значыць, дажылі, а гэта лічылася знакам, што яны выжывуць. Як зазначаў святар, тады ж і мядзведзь паварочваецца ў бярлозе на бок. Вось чаму дзень мае найменне Паўраценне.
* Крывы (Тлусты) чацвер — чацвер на Масленым тыдні. У Драгічынскім і іншых раёнах — Валосы (Валосся). Існавала шмат забароў “На Волосого бліны пыклы ці оладкы, коб булы вылы гладкы” (Талстая, 1984). У Віцебскай губерні на Валосся добра даглядалі жывёлу, “гаравалі”, спявалі песні з прыпевам: “Ах ты, ладо, мае ладо!”, “аб’язджалі маладога бычочка або жарэбчыка” (Шэйн, 1887). У Гродзенскай губерні гатавалі мясную ежу. “Валачыліся” ўздоўж вёскі, каб урадзіўся доўгі валакністы лён і вадзілася жывёла (Раманаў, 1911). Павер’і тыя ў Свіслацкім раёне памятаюць і сёння. Яшчэ сцвярджаюць: “На Валосся цягалі за валосся, але Валосся цяпер ужо звялося”.
Вясна зіму адолела
10/25. Сорак мучанікаў (Прыска) — свята сустрэчы птушак. Прыска — адзін з сарака мучанікаў, якія пакутавалі ў Севасційскім возеры. На гэты конт існуе выслоўе: “На святога Прыску праб’е лёд і пліска” (Паўлюкоўскі, 1934).
* Гуканне вясны (Гувясна, Вясна, Прошчаны дзень, Гавенны дзянёк) — апошні дзень (нядзеля) Масленага тыдня, дзень сустрэчы вясны. Асабліва распаўсюджана і разнастайна традыцыя на Усходнім Палессі. На Петрыкаўшчыне гукалі вясну з караваем (аграрная магія, культ нівы), на Століншчыне — з “жаваранкамі” (культ жывёлы); на Тураўшчыне і Лельчыччыне рабілі вянок з барвянка і з песнямі “Ой, венчэ-барвенчэ”, “Вясна-красна” вешалі яго на бярозку (культ расліны), “чыркавалі” (веснавалі) — вадзілі карагоды, спявалі пра чырачку (“Ой, чырачка-пташачка, не залятай далечка”), насілі елку з вянком, спяваючы “Ой, вясна-вясняначка”. У некаторых раёнах пыталіся: “Ці пазволіце, старыя людзі, нам вясну-красну выгукаці”, у іншых прыказвалі: “Благаславі, Божа, зіму замыкаці ...вясну загукаці”. Вяснянкі спявалі на высокіх месцах (“красных горках”, стагах, стрэхах і інш.). Песні чуліся з розных бакоў, адбывалася пераклічка гуртоў выканаўцаў. Характэрнай асаблівасцю вяснянак з’яўляецца выгукванне “Гу-у!”. Па ўяўленні нашых продкаў, Вясна ехала “на сошаньцы, на варонцы”, “на залатым кані”. Тэматыка песень: пра вясну, птушак, кросны, каханне. Праяўляюцца міфалагічныя вобразы Вяскоўкі, Ярылы — божышча веснавой урадлівасці і пладавітасці жанчыны.
Масленыя (Масныя, Паставыя) загавіны (Масное лушчэнне, Сырапусная) — апошні дзень Масленіцы.
ГУКАННЕ ВЯСНЫ
Пасля Мясаеду перад постам, гэта значыць на Масленым тыдні, “гукалі вясну”. Калі з’яўляліся першыя праталіны, дзяўчаты ішлі на поўдзень у лес, даставалі з-пад снегу барвянок і плялі сабе вянкі. Іх упрыгожвалі стужкамі, кветкамі, перазімаваўшымі журавінамі і надзявалі на галовы. Вадзілі карагод, спявалі веснавыя песні:
“Талакоўцы” гукаюць вясну
Вясна-красна,
Што ты вынесла?
Ой! Што ты вынесла? 5
А я вынесла
Чэрэпок масла.
Чэрэпок масла,
Галава красна.
Гаршчок сыра,
Галава сіва.
Усе дзевачкі
Павыходзілі.
Адно аднае не вывелі,
Бо ў Галечкі дзіця мала.
Дзіця плача,
Калыхаць хочэ.
Гаршчок кіпіць,
Выкіпаць хоча.
Устань, стары,
Пакалыш дзіця,
А я пойду
Дэй повесную.
Дэй повесную,
Дэй покрасную.
Самы вялікі вянок урачыста ўскладвалі або закідалі на адзінокую грушку ці бярозку на ўзгорку. Вакол дрэўца таксама вадзілі карагод з песнямі:
Ой, венчэ, мой венчэ,
Да зялёны барвенчэ,
Ек я цебе звіла
Шчэ ўчора звечора
Дай й на вішэньку однесла.
А моя маці ішла
Да мой венчык знайшла,
Да нелюбому оддала.
Спявалі яшчэ “Ой! Ужэ весна-весняначка”, “Бугай раве, на пашу хочэ”, “Ой, поросці кропе” і інш. Тут жа пад дрэўцам на праталіне дзяўчаты сядалі кругам (часам удзельнічалі і хлопцы) і елі сыр, масла, кашу і абавязкова вараныя яйкі.
На Масленым тыдні выходзілі ў лес і з упрыгожанай елачкай, з тымі ж веснавымі песнямі. Елачку з вянком хавалі ў лесе, хлопцы яе шукалі і забіралі сабе вяночак.
Яшчэ ранняй вясною ішлі “чыркаваць” або спяваць “Чырку” (іншы раз таксама з елачкай). Бралі с сабой кашу, печаныя яйкі, аблюбоўвалі за вёскай высокія месцы, цёплыя бугры або сядалі ў лузе ці ў полі на “под”, дзе стаяў раней стог, частаваліся і спявалі:
Ой, выйдзем, дзевачкі,
На новае лета.
Зімавалі — не спевалі,
Весну ждалі...
Ой, чырочко-пташэчко,
Не залета далечэчко,
Не занось мойго венчыка.
Бо мой венчык-патрэбчык.
Братка жаніці,
Сястру замуж аддаці.
Сястру замуж аддаці,
Вяселле спраўляці.
(Вёскі Дзяржынск, Букча і Тонеж Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці; запісана ў 1985 і 1987 гадах).
Гуканне вясны ў Мінску
12/27. Рыгор. Пра гэты веснавы прысвятак вядома прыказка: “На святога Рыгора ідуць рэкі ў мора” (Б.с. к., 1937).
13/28. Васіль і Марына — дзень, калі забаранялася прасці.
14/29. Касьян. Згодна народнаму павер’ю (гл. таксама 29 лютага), за тое, што Касьян падпаліў Іаану Хрысціцелю вусы, Бог пакараў віноўнага: яго свята адзначалася толькі адзін раз у чатыры гады (Раманаў, 1891). Аднак хоць 29 лютага бывае толькі у высакосны год, царкоўнікі ў іншыя гады пераносяць прысвятак прападобнага Касьяна Рымляніна на 28 лютага.
*Шыльны панядзелак — першы дзень Вялікага посту. На Віцебшчыне раней у гэты дзень гулялі ў карчме, што называлася “каваць шыла” (Шэйн, 1912).
*Паласказуб (Пласказуб, Панядзелак Пласказуб, Папалакіны) — першы панядзелак Велікоднага посту (7 тыдняў). Найменне, відаць, звязана з піццём гарэлкі. Увесь пост царква не дазваляла есці мяса, піць малако, спяваць песні, танцаваць. У Слонімскім павеце хлопцы насілі ступу і складалі туды розныя рэчы дзяўчат, каторыя не паспелі выйсці замуж. Дзяўчаты адкупліваліся, і ўсе разам гулялі. У розных раёнах Беларусі вешалі калодкі хлопцам, якія не ажаніліся. На Свіслаччыне гэты дзень называўся Паслязапусак. Прызнавалася добрым, калі першым у хату з раніцы заходзіў мужчына, а калі жанчына, то нібыта будуць развальвацца сыры.
“А я пойду дэй повесную…”
“Ой, вясна-вясняначка”
14/1. Аўдакей (Аўдокій, Яўдоха, Аўдоння, Аўдуська, Яўдокі, Галдакей, Аўдоцця Вясноўка). У многіх раёнах — першы дзень вясны. “Яўдокі — з гары патокі”. Гаварылі, што Аўдакей трымае ў руцэ лета. Прыкмячалі надвор’е — ці нап’ецца певень або вол з-пад страхі. Лічыўся нешчаслівым днём, таму “не пралі, не снавалі” і не выконвалі іншыя работы. Тады ж казалі: “Прадзі, гульцяй, бо будуць голыя бокі, як не прасьцімеш”. Але на “Оўдокый помідоры на расаду сажалі і на окне дзержалі” (Лельчыцкі раён; Талстая, 1984). У валачобных песнях спявалі:
Святы Еўдакей — веснавы святок.
Веснавы святок — пераступ года.
Пераступілі ў яго слядочкі,
У яго слядочкі ўсе святочкі...
Ці:
Аўдакеі
Дровы сякуць,
У клады кладуць.
У іншых раёнах “гукалі вясну”. Хаця, бывала, і добра яшчэ трымалася зіма. “Яўдохі — снегу па бокі” (вёска Моталь, Іванаўскі раён).
“Чырачка-пташачка, не залягай далечка…”
Першыя чатыры дні сакавіка, па перакананні некаторых сялян, адлюстроўваюць наогул стан надвор’я ўсяго года: першае сакавіка ўяўляе сабою нібы вясну; другое — лета; трэцяе — восень; чацвёртае — зіму; якія выдадуцца дні, такая будзе і адпавядаць ім пара года. У другіх мясцінах гавораць: “Калі Галдакей (дзень святой Еўдакіі, першае сакавіка) цёплы, свеціць сонца, то вясна і лета надарацца цёплыя і асабліва добры будзе сенакос. Ідзе дождж — чакай ураджай на жыта. Калі моцны мароз, то ён жа замарозіць грэчку ў час цвіцення. Як першае сакавіка туманнае, пашанцуе з ураджаем на стручковыя расліны. Калі ж мяцеліца і завея (бывае рэдка), то ў бягучым годзе неабходна чакаць вялікага голаду, які вымяце людзей”.
У гэты дзень у іншых краях сяляне стараюцца есці асаблівую страву — “націну”, прыгатаваную з лісця рэпы. Кажуць, так яны папярэджваюць хваробу “грэчаніцу”. Назву яе сяляне звязваюць з грэчкай, ад якой нібы яна і з’яўляецца. Прыкметы хваробы на апантаных ёю асабліва заўважаюцца раніцай і вечарам: адчуваецца вялікі непрыемны сверб (Вілейскі павет; Крачкоўскі, 1874).
15/2. Хвядот. На гэты прысвятак засцерагаліся моцных вятроў. “На Хвядота занос — усё сена знясе” (Паўлюкоўскі, 1934). “На Фядота занос — доўга прыпару не будзе” (Ляснічы, 1990).
Сонейка вясновае, лагоднае
17/4. Герасім Гракоўнік — дзень прылёту гракоў. “Герасім гракоў прыгнаў” (Ляснічы, 1990). Існуе прыкмета: гракі сядзяць ужо ў гнёздах — на дружную вясну, калі лётаюць бязмэтна або і зусім іх не відаць у аселіцы — вясна будзе павольная, часцей — позняя (Санько, 1990).
“Гракі сядзяць ужо на гнёздах – на дружную вясну”
18/5. Конагароднік — дзень падрыхтоўкі да пасадкі расады капусты (Ляснічы, 1990).
19/6. Язэп. “Як святы Язэп кіўне барадою, дык зіма ўцякае ўніз галавою”. Здаралася, што ў вясновыя “паставыя” дні, калі касцёл забараняў шлюб, вяселле ўсё-такі адбывалася. На гэты конт народ меў прыказку: “Святы Язэп сярод посту шлюб дае прахвосту” (Паўлюкоўскі, 1934). Добрае надвор’е на Язэпа лічылася спрыяльным. “На Язэпа пагода — год ураджайны” (Б.с. к., 1937).
20-21. Дзень астранамічнага вясенняга раўнадзенства.
22/9. Саракі (Саракасвятыя, Сорак мучанікаў). У народзе казалі, нібы на Саракі прылятае 40 “выраяў”, а таксама, што гэта свята “пчальніковае” і ўжо канчаткова прыходзіць вясна. Гаварылі: “На Саракі мужык пытаецца, ці далёка да ракі”; “Святыя Саракі — да не йдзі да ракі”; “Святыя Саракі ў поле саху валаклі”. Выпякалі з цеста для дзяцей 40 жаваранкаў, у некаторых мясцовасцях — 40 варэнікаў, 40 маленькіх піражкоў, галушак. Гушкаліся на арэлях. Згодна павер’ям, сарока пачынае віць сабе гняздо і прыносіць для гэтага 40 пруцікаў. Але чакалі яшчэ сорак маразоў. Нібыта з выраю тады прылятае сорак жаваранкаў. Хлопчыкі павінны да ўсходу сонца, не памыўшыся і закрыўшы вочы, падабраць на двары сорак трэсак і высыпаць іх пад печ або перакінуць цераз хату столькі ж палачак. Хто выканае гэта, той вясною знойдзе сорак птушыных гнёздаў (або сорак качыных яек).
Народ ведаў, што “на Сорак мучанікаў дзень з ноччу мераецца” (Паўлюкоўскі, 1934). Відаць, у старажытнасці ён звязваўся з вясеннім раўнадзенствам, ад якога пачыналася вясна. На Саракі сажалі расаду (Свіслацкі раён).
У Ельнінскім павеце дзеці праводзілі цікавую гульню: выконвалі пахаванне “трункі” з насякомымі, спявалі: “Жылі не сяляне, памерлі не радзіцелі” (Дабравольскі, 1914). Малыя і дарослыя гушкаліся на арэлях, “каб лён рос” (Шумілінскі раён).
Пліска. Праваслаўны прысвятак па сутнасці не адрозніваецца ад каталіцкай Прыскі (гл. 10 сакавіка). “На святога Пліска праб’ець лёд і пліска” (Насовіч, 1874).
Чакаю цябе, шпачок!
САРАКІ НА СЛУЧЧЫНЕ
З выраю прылятае жаваранак, от затым у гэты дзень жанкі пякуць маленькія патапцы і называюць іх жаваранкамі. Птушачак абліваюць засалоджанаю вадою з макам і даюць дзецям. Іншыя пякуць хлеб і на булках зверху кладуць з цеста як бы барану, серп, касу, саху або яшчэ што-небудзь з гаспадарчых прыладаў. Гэтыя рэчы падсушваюць і трымаюць за абразамі з грамнічнаю свечкаю... (Сержпутоўскі, 1930).
САРАКІ НА ВІЛЕНШЧЫНЕ І НАВАГРУДЧЫНЕ
...Сяляне заўважаюць: калі снег яшчэ ляжыць на стрэхах, то зіма будзе даволі ўстойлівая. Яны кажуць: “Калі Саракі засталі снег на стрэхах, то Благавешчанне (25 сакавіка) — на зямлі, а Юр’я (23 красавіка) — у гарах”. Есць павер’е, нібы ў гэты дзень вылятае ў нашу старонку (з цёплых месц) сорак “выраяў” — птушак.
Вядома, што ў вясковым побыце адной з вялікіх асалод у вясковых хлопчыкаў лічыцца адшукванне птушыных гнёздаў і яек. Каб у сваю пару быць шчаслівымі ў той справе, сяляне ў некаторых мясцінах выкарыстоўваюць наступны сродак. Старэйшыя ў хаце падгаворваюць дзяцей, каб яны, па магчымасці, раней усталі на “Саракі” і нанеслі ў хату дроў. Хто з іх раней падымецца і выканае ўказаную ўмову, той будзе мець больш поспеху потым у адшукванні птушыных гнёздаў і яек...
У іншых месцах дзеці неапранутымі стараюцца тройчы абабегчы хату і праз акно ўкінуць 40 трэсак, узятых з таго месца, дзе колюць дровы, або цераз страху босыя хлопчыкі перакідваюць 40 трэсак.
Калі хто-небудзь з сялян убачыць у той дзень вырай, які ляціць, то гэта, па перакананні народа, знак яго будучага поспеху і шчасця ва ўсім. Асабліва наглядаюць гусей і жураўлёў: ці ляцяць яны кожны асобна, па аднаму, ці цэлымі ланцугамі. Калі гусі і жоравы “ляцяць па адном, дык і на жыта будзець добры ўраджай, і снапы будуць такія цяжкія, што прыйдзецца насіць па аднаму; як ляцяць па два і па тры, то і жыта давядзецца насіць так” (Крачкоўскі, 1874).
*Зборава субота — субота першага тыдня Вялікага посту. На Усходнім Палессі ў гэты дзень праводзілі абрад “споведзі дзежкі”. Яе мылі, накрывалі новым ручніком, падкурвалі воскам, кідалі туды вугельчык. Не расчынялі ў ёй хлеб, бо лічылі, што цяжка будзе ісці-дзежцы на споведзь.
*Збор (Ізбор, Узбор) — нядзеля першага тыдня (зборнага) пасля Масленіцы. Лічыўся пачаткам збору селяніна да выезду ў поле. У адной з песень распавядаецца:
А Збор мовіць гаспадару:
“Слаўны мужу над мужамі,
Тваё дзела на торг ехаць,
Зялеза купляць, нарогі каваць”.
Хутка ў поле
У некаторых валачобных песнях Збор ставіцца на першае месца сярод гадавых святак:
А ішоў напярод да й святы Ізбор,
А святы Ізбор — да бяжыць вада з гор,
...а рыбка з нор.
А святы І збор да й лемяшы купіў.
Свята і зараз вядома на Віцебшчыне.
25/12. Рыгор. “На Рыгора зіма ідзе ў мора” (Паўлюкоўскі, 1934). У народнай песні спяваецца:
А святы Рыгор спусціў ваду з гор,
Ваду ў зямлю, а з зямлі траву.
Феафан. У народзе прыкмячалі: калі дзень пачынаецца з туману, то варта чакаць добрага ўраджаю льну і канопляў (Ляснічы, 1990).
Дабравешчанне (Звеставанне) — вясновае свята, свята прылёту птушак. Аб характары яго сведчаць прымаўкі: “На Дабравешчанне Бог багаслаўляе ўсе расліны”; “На Дабравешчанне і птушка гнязда не кладзе”; “Дабравешчанне як захоча, дык і бусел заклякоча”. “На Дабравешчанне звон, а ў морквы дух вон” (траціць сок); “У каго хлеба шмат, Дабравешчанню рад”; “На Дабравешчанне цёпла — ураджай на арэхі” (Паўлюкоўскі, 1934).
Праводзілі “гуканне вясны”.
26/13. Міжблагавешчыны (да 7 красавіка) — забарона на “запасванне” кароў. У Мінскай губерні была такая завядзёнка: у перыяд паміж каталіцкім і праваслаўным Благавешчаннем, калі селянін не выгнаў першы раз кароў да 13 сакавіка, то не выгане і ў Міжблагавешчыны. “Запасванне” жывёлы ў гэтую пару, на думку сялян, наклікае на статак ваўкоў, якія прыносяць вялікую шкоду. Каб пазбегнуць няшчасця, беларус стараецца не даваць у доўг рэчы, асабліва бёрда (Дземідовіч, 1895).
30/17. Аляксей Цёплы (Аляксей Весняны, Аляксей, Алексій, Ляксей, Алісійкі). Лічыцца цёплым вясновым днём, з ім звязана нямала народных прыкмет. “На Ляксея вол павінен з лужы напіцца” (Паўлюкоўскі, 1934). Чакалі прылёту жураўля ці бусла. Бусько кажа: “На Лэксія хоць заб’юся, а з’яўлюся” (Столінскі раён; Талстая, 1986). Дзень рыбалова. “На Аляксея лёд такі слабкі, што его і рыба хвастом разаб’е” (Рэчыцкі павет; Пяткевіч, 1884). Плялі сеткі. “Аляксей сеці садзіць, лодкі смаліць, рыбу коліць”. Аглядалі (“тварылі”) вуллі. На Палессі вядома прымаўка: “На Цёплага Аляксея рыба ідзе на нераст, карова на верас, а бортнік на хвою”. Калі былі цяжкасці з сенам, то палешукі не чакалі Юр’я, не звярталі ўвагу на Міжблагавешчыны, а выганялі “тавар на чарнагалоў”, першую зеляніну ў балоце, або “на верас”. Тут мелася на ўвазе любая мінулагодняя расліннасць, якую мусілі перабіраць згаладалыя пасля цяжкай зімы каровы.
У некаторых раёнах пачыналі сеяць лён, авёс. “Аляксей сохі чэшыць, хамуты строе”. Не ткалі, перад сном дзяўчаты гадалі пра будучае замужжа. “Святый Олэксію, я на Тобі лён сію. Дай, Божэ, знаты, з кім буду ў пары стаяты” (Пінскі раён; Талстая, 1986).
Красавік
Красавік сініць і дзьме, бабам цяпло нясе, а мужык
пазірае ды галавою ківае.
У красавіку грымот — цёплы будзе год.
Красавік сушыць, нічога з зямлі не рушыць.
У красавіку зямля грэе.
У красавіку дождж праходзіць, сонца грэе —
тады ўсякі не збяднее.
Назва чацвёртага месяца года паходзіць ад слова “красаваць”, бо ў ім з’яўляюцца першыя краскі-кветкі. Гэтаму адпавядае і другое найменне, што сустракаецца ў старажытнай літаратуры,— кветень. У прыватнасці яго ўжывае Ф. Скарына ў “Малой падарожнай кніжцы”. Такая ж форма захавалася ва ўкраінскай мове — квітень і польскай — kwiecień. У старажытных славян чацвёрты месяц яшчэ вядомы як беразоль. А ў чэхаў гэта duben, у літоўцаў — balandis і г. д.
Рускі апрель (таксама ў англічан, французаў, немцаў) паходзіць ад рымскага аргіііз, што азначае “адчыняць”. У гэты месяц у Італіі адчыняліся дзверы вясны, распускаліся на дрэвах пупышкі.
Пачатак апрыліса ў рымлян прысвячаўся двум багіням. 4 красавіка распачыналася сямідзённае свята Магалерыя. На ім ушаноўвалі маці багоў Цыбелі. А свята Цэрэаліі адзначалася ў гонар багіні земляробства Цэрэры, апякункі збожжа і пладоў, маці-карміцелькі ўсіх жывых істот, у тым ліку і людзей. Лічылася, што ад яе пайшла ўсякая культура, якая звязана з земляробствам. “Вынаходніцы” земляробства ахвяравалі мёд, малако, збожжа, розныя плады і кветкі.
Трэцім важным святам былі Паліліі. Яны праводзіліся 21 красавіка ў гонар божышча пастухоў Палеса, якраз у дзень заснавання Рыма. Падчас святкавання рымляне асаблівую ўвагу звярталі на жывёлу: ачышчалі яе памяшканне, упрыгожвалі зелянінаю, абкурвалі сераю. У ахвяру Палесу прыносілі малако. Праводзілі абрады ачышчэння: пастухі пераскоквалі цераз кастры з саломы і праганялі праз іх свойскую жывёлу.
Для земляроба настае адказны час: падрыхтоўка насення і выбар аптымальнага дня першага ворыва. На яго сяляне некалі ішлі, як на свята, мыліся ў лазні, апраналіся ва ўсё белае, выконвалі прымеркаваныя да тае нагоды абрады, прытрымліваліся павер’яў.
Надзейнай прыкметай гатоўнасці глебы з’яўлялася наступнае: сціскалі ў жмені невялікі яе камяк і з сілай разбівалі вобзем. Калі рассыпаўся — “засупоньвай хамут”. Пачалі жабы крактаць — выходзь у поле. Жаўрук зазвінеў — бяры саху ў рукі. Не без падстаў у народзе было прынята выязджаць у поле пасля першага грому: следам за ім усталёўваліся цёплыя пагодлівыя дзянькі. Вопытныя сейбіты аддавалі даніну павагі традыцыям і больш спадзяваліся на сябе, на веды і ўменні. Кідалі зярняты раўнамерна праз крок, пазбягалі неглыбокага іх загортвання. Тэрмін сяўбы залежаў ад рэгіянальных асаблівасцей. У Паазер’і, напрыклад, пасяўную на яравым кліне пачыналі з аўса (“Сей аўсы ў гразь — будзеш як князь”; “Сей авёс, як камары з’явяцца”). Затым ішоў ячмень і пшаніца. Мелі на ўвазе і такое: як цвіце каліна — без ваганняў сей ячмень; сеялі таксама, калі з’яўляліся на елках шышкі чырвоныя, а на соснах зялёныя; з ячменем стараліся ўправіцца да вылету хрушчоў. Пшаніцу сеялі, калі распускалася чаромха, а льном займаліся ў апошнюю чаргу.
Народныя прыкметы дапамагалі селяніну выбраць месца пасеву ў залежнасці ад надвор’я, указвалі на паслядоўнасць вырошчвання культур на розных палетках. Так, калі чакалася сухое лета, то на нізінах высявалі лён і гарох, а на ўзгорках — авёс. Канюшыну сеялі па азімым полі, на папарах — жыта, пасля яго — ячмень, затым — авёс і грэчку, або ячмень — па бульбе, а лён — па канюшыне, ячмені, цаліне ці залежы і г. д.
1/19. Дар’я Вясенняя — свята вясны ў некаторых раёнах (Дабравольскі, 1914). На апошні сняжок і ранішні мароз сяляне выносілі адбельваць палотны.
*Кратчаты (Храстовы, Кросны) тыдзень — пачатак чацвёртага тыдня Вялікага посту. Пяклі “храсты” (вырабы з цеста ў выглядзе бараны, іншых сельскагаспадарчых прылад), якія бралі на засеўкі.
*Благавесны тыдзень. Хавалі з вачэй кросны і “благавеснавалі” (святкавалі).
4/22. Васіль Сонечнік. “Васіль Сонечнік ледзяшы са стрэх здымае” (Ляснічы, 1990).
5/23. Арына (Ірына). “На Арыну (Ірыну) сей капусту ў расадніках (на расаду)” (Б.г.к., 1926; Паўлюкоўскі, 1934).
*Кросная серада (Серадапосце) — серада на чацвёртым тыдні Вялікага посту. Таксама пяклі “храсты”.
6/24. Камаедзіца — язычніцкае свята пакланення мядзведзю, зафіксаванае ў мінулым стагоддзі ў Бягомльскім прыходзе Барысаўскага павета.
СВЯТА КАМАЕДЗІЦЫ
У гэты дзень гатуюць асобную ежу, менавіта: на першую страву — сушаны рэпнік у гонар таго, што мядзведзь харчуецца пераважна раслінным кормам, травамі; на другое падаецца кісель, бо звер любіць авёс; трэцяя страва складаецца з гарохавых камоў, ад якіх і само свята атрымала назву Камаедзіцы.
Пасля абеду ўсе — і старыя і малыя — кладуцца адпачываць, але не спяць, а час ад часу пераварочваюцца з боку на бок, нібыта мядзведзь у бярлозе. Цырымонія працягваецца каля дзвюх гадзін — усё робіцца дзеля таго, каб мядзведзь лёгка падняўся пасля зімовага сну. Потым сяляне ўжо не займаюцца сваімі дзённымі справамі, святкуюць. Паводле павер’я, мядзведзь у гэты дзень абуджаецца ад спячкі, выходзіць са сваёй бярлогі. Вось і сустракаюць яго добразычліва.
Пачатак свята бярэ, без сумнення, ад часоў дахрысціянскіх і служыць верагоднай аргументацыяй таго, што ў данай мясцовасці пакланяліся мядзведзю. Па ўспамінах старажылаў, у гэтым рэгіёне некалі былі магутныя лясы і непраходныя нетры, дзе вялося мноства дзікіх звяроў. Мядзведзь, які вылучаўся сваёй сілаю, ростам, наводзіў страх на людзей. Каб задобрыць яго, людзі і прыдумалі звычай ушаноўваць мядзведзя (Шэйн, 1902)...
“Красавік у полі чорны, а ў бары белы”
Благавеснік — дзень перад Благавешчаннем. На Століншчыне кажуць: “Не так бойся Благовешчэння, як бацька яго. Благавеснік — это бацько Благовешчэння”.
Завітаў бусел-клекатун
7/25. Благавешчанне. Лічылася вялікім святам, святам прылёту бусла. У Драгічынскім раёне, напрыклад, калі ўпершыню бачылі белую птушку, то клікалі: “Бусько, бусько, на Тобі галёпу, а ты мыні дай жыта сторону, на Тобі сырпа, дай мыні жыта снопа” (Талстая, 1984). Галёпы — пшанічныя пірагі ў выглядзе бусла — пяклі і на Гродзеншчыне. Шчасціла нібыта таму, хто ўбачыць першага бусла, які ляціць. А ў таго, каму трапіць на вока стаячы, нібы будуць балець ногі. Дзеці сустракалі птушку радаснай песняй:
Бусел, бусел-клекатун,
Узяў бабу за каўтун...
У гэты дзень забаранялася гарадзіць плот, убіваць у зямлю колле, не пачыналі сеў, не выганялі першы раз кароў, не вывозілі гной у поле. Гаспадыня падымалася раней мужа, каб выканаць абрад “развязвання сахі” (Навагрудскі павет; Крачкоўскі, 1874). У Свіслацкім раёне жанчыны не расчэсвалі валасы, каб “куры расаду не дралі”. Пасля абеду ў многіх раёнах Беларусі “гукалі вясну”. Спявалі:
У нас сягоння Благавешчынне.
У нас дзевачкі — дарагі тавар,
У нас хлопчыкі — дзяшовы тавар...
(Гомельскі павет; Радчанка, 1888)
Песні напаміналі пра далёкія часы куплі-продажу нявест і іншыя рэлікты. Моладзь наладжвала гульні, карагоды. На паўднёвым усходзе Беларусі “вадзілі стралу”.
У валачобных песнях апавядаецца:
Благавешчанне — араты на ніву,
Араты на ніву, сядун на прызбу.
Гаспадару, слаўны мужу,
Слаўны мужу над мужамі,
Вазьмі, ваша, нову сошку
Да й коніка варанога,
Варанога, маладога
Едзь жа, ваша, у чыста поле,
У чыста поле заараць
З соллю, з хлебам...
“Вясня, вясна, што нам прынесла?”
Пра свята ходзіць шмат прымавак: “Да Благавешчання зіму не лай і сані трымай” (Лельчыцкі раён; Цітовіч, 1974); “З благавешчанскага цяляці каровы не ждаці” (Барысаўскі павет; Ляцкі, 1898); “На Благавешчанне дзеўка косу не пляце, птушка гнязда не ўе” (Слуцкі павет; Сержпутоўскі, 1930).
ГУКАННЕ ВЯСНЫ
Дзяўчаты выходзяць да гумнаў, залазяць на стрэхі і, седзячы на іх, спяваюць цыкл вяснянак, у якіх кожны слупок заканчваецца выклічнікам “Гу!” Калі ідуць на вуліцу, з тымі ж песнямі водзяць “танкі”. У Ельні Чэрыкаўскага павета сыходзяцца ля лазні, збіраюць мялля, г. зн. кастрыцу ад ільну і пянькі, разводзяць агонь. Каля кастра і спяваюць вяснянкі. (“Так палюць мялля ўсякую вічарыну аж да васкрэсных днёў”.) У некаторых месцах з вёсак накіроўваюцца на бліжэйшы пагорак, там і “гукаюць вясну”. Нарэшце, дзе гэты звычай забываецца, дзяўчаты спяваюць вяснянкі проста ў сябе на прызбах. У апошні час у “гуканні вясны” большы ўдзел прымаюць і дзяўчынкі гадоў 12—14.
Галасістая акарына — дзецям на забаву.
Ганчар з Івянца Франц Целішэўскі
Вось некаторыя вяснянкі:
А ў нас сягодні Благавешчаньня! Гу!
Руднецкія6 дзевачкі, пярайдзіця к нам. Гу!
А ў нас хлопчыкі — дзяшовый тавар. Гу!
Па дзевяць на шэляг, дзесяты паддачы! Гу!
Руднецкія хлопчыкі, пярайдзіця к нам. Гу!
А ў нас дзевачкі — дарагі тавар. Гу!
Па сто рублёў каса, на тысячы краса. Гу!..
Вясна, вясна, што нам прынясла?
Дзеўкам узросту, а хлопцам каросту!
Дзеўкі смяюцца, а хлопцы шкрабуцца!..
(Гомельскі павет; Раманаў, 1912)
ВАДЖЭННЕ “СТРАЛЫ”
...Дзяўчаты ідуць з пагорка чарадою ўздоўж вуліцы на другі канец вёскі і спяваюць:
Ой, пушчу стрялу да по ўсем сялу.
Ой, і я лелі,— да па ўсем сялу7.
Ой, ляці, стряла, по конец сяла!
Ой, убій, стряла, добра моладца!
Ой, ляжыць цела, як бумага бела.
Ой, ніхто к целу не прыступіцца.
Прыступілася адна Йванаўна.
Ой, узяла цела да й на ручанькі,
Панесла цела да й да цэркаўкі.
Сама цэркаўка й атварылася,
Самі свечы да запаліліся,
Самі кнігі да зачыталіся.
Ой, сама я села да ля цела бела,
З мяне, маладой, да слёзкі палілі.
Ой, сама я цела да на ручкі ўзяла,
На ручкі ўзяла, ох, заплакала:
— Ох ты цела маё, цела,
Ой, зачым я ля цябе села...
У канцы вёскі дзяўчаты робяць карагод і танцуюць пад спевы. Вечарам у гэты дзень наймаюцца музыкі, і ў абранай хаце наладжваецца пагулянка (Рэчыцкі павет; Грузінскі, 1891).
*Засеўкі. Звычайна пачыналі на Хрышчатым тыдні або пасля Благавешчання. Селянін адзяваўся ў чыстае, браў з сабою грамнічную свечку, “храсты”, асвечаную галінку вярбы, яйкі. Абходзіў тры разы каня з сахою, даваў ахвяру зямлі, духу нівы (ко стачкі ад рытуальнай ежы, яйкі, “храсты”), ставіў галінку вярбы, свечку і араў. Сеялі ў суботу або нядзелю “ў поўню”, каб былі каласы поўнымі (Кобрынскі павет; Крачкоўскі, 1897).
У Гомельскім павеце раілі: “Пшаніцу лепш сеяць у тры тэрміны: раннюю — да Юр’я, сярэднюю — калі ў жыта высыплеце колас і познюю — адначасна з грэчкай. Грэчку ж лепш усяго сеяць за два тыдні да Купалы” (Раманаў, 1912).
У гонар таго, што асноўныя работы пачыналіся ў селяніна не ў хаце, а на двары і менш прыходзілася карыстацца асвятленнем, выконвалі абрад “Жаніцьба коміна” (апісанне яго гл. 14 верасня): “Ек засеўкі — будуць топіць, варыць, а до коміна вяжуць хмель да сухімі зернятамі посыпаюць” (Тураўскі слоўнік, 1982).
Благуста — наступны дзень за Благавешчаннем на Корбыншчыне. “На Благусту сій капусту” (Талстая, 1986).
9/27. Матрона. “На Матрону шчупак хвастом лёд прабівае” (Паўлюкоўскі, 1934).
14/1. Прабуджэнне дамавіка. Паўсюдна вядома: “Апрэль — нікому не вер”. У гэты дзень нібыта прабуджаўся дамавік, таму трэба было хлусіць, каб заблытаць яго (Крачоўскі, 1874).
Мар’я. У памяці людзей звязана з разводдзямі, за якімі яна прыходзіла, пасля чаго з’яўлялася надзея на вялікую траву. Калі ў ясную ноч прыбывала вада, то лічылася, што суха будзе ў жніво на хлебнай ніве” (Ляснічы, 1990).
15/2. Палікарп. Дзень Палікарпа асацыіруецца з голадам, бо раней да гэтага часу адсяваліся, і часцей апошнім зернем. “На Палікарпа пачатак бясхлебіцы” (Паўлюкоўскі, 1934).
Незвычайныя пасажыры на Ясельдзе
16/2. Мікіта. На Мсціслаўшчыне гавораць: “На Мікіту няма ні зімы, ні лета”. У іншых раёнах кажуць: “Калі на Мікіту крыгаход, то няма ні клёву, ні лову рыбаловам” (Ляснічы, 1990).
Пачатак Пахвальнага тыдня — тыдня перад Вербніцай. Назва паходзіць ад дзеяслова “хваліцца”. “Дзіка качка яйцэм похваліцца”; “На Похвальный тыжэнь хаты не начытаюць рабіці. Кажуць, урэдный ён” (Лельчыцкі раён); “Похвальная похваліць, то Вэрбная поправіць” (Пінскі раён); “Нельзя беліць хату, снаваць кросна: пахвалісса зрабіць — не пахваліла знасіць” (Мазырскі раён; Талстая, 1986).
Пахвальная пятніца — дзень на Пахвальным тыдні. На Піншчыне мылі ўсе дзежкі.
21/8. Руф (Рухлы) — прысвятак, у беларусаў Смаленшчыны лічыўся апошнім днём зімы. Руф рушыць снягі, зіму. “Пуд снег пудзіць, а Рухлы атусюль парушыць — і з гор, і з лясоў, і з раўкоў” (Дабравольскі, 1894).
Радзівонаў дзень — пачатак палявых работ на поўначы Беларусі (Ляснічы, 1990).
*Мезіна субота — дзень перад Вербніцай (Тураўскі слоўнік, 1984).
*Пахвальная субота — дзень на Пахвальным тыдні. Не працавалі, святкавалі (Талстая, 1986).
23/10. Юры. “Як настане Юр’ева раса — не патрэбна коням аўса” (Сахараў, 1937).
Войцах. “Святы Войцеху выпусціў жаўранка з меху” (Сахараў, 1940).
*Вербніца (Вербіца, Вербіч, Вярба, Вербная нядзеля) — нядзеля перад Вялікаднём. Пачатак Вербнага (Страстнага) тыдня. У царкве асвячалі галінкі маладой вярбы, адзін аднаго сцябалі імі, прыгаворваючы: “Вярба б’е, не я б’ю, за тыдзень — Вялікдзень. Будзь здаровы, як вада, будзь багаты, як зямля!” Галінкі тыя захоўвалі. Прашаптаўшы замову, вярбою гналі першы раз кароў на пашу. “Верба свята — нова лята, верба пасвіці ў поле гнала”. На Тураўшчыне казалі: “Вербіч не пройшоў, то кожуха не кедай. Прыдзе Вербіч — кожуха торбіч” (Тураўскі слоўнік, 1982). У Крупскім раёне гаварым: “Свята Вербніца сошкі правіць” (Грынблат, 1967).
24/11. Анціп — ахоўнік зубоў. Святкаваўся толькі тымі, у каго часта баляць зубы, і знахарамі, якія шэпчуць ад зубнога болю (Раманаў, 1912).
Пачатак *Белага (Вербнага) тыдня. *Чысты панядзелак. Бялілі і мылі хаты. Існавала такая прыкмета: як зязюля закукуе за 12 дзён да Юр’я (6 мая) на “голы” лес, то не чакай ураджаю і будзе хварэць жывёла (Раманаў, 1912; Цэбрыкаў, 1862).
25/12. Марк. “Дождж на Марка, дык зямля, як скварка” (Б. с. к., 1937). У Свіслацкім раёне, дзе многія ведаюць польскую мову, згадваючы Вялікдзень, кажуць: “Ек бэндзе Вельканец на свянтэго Марка, то на земі не бэндзе ні еднэго недовярка” (не зусім веруючага).
*Чысты аўторак. На Случчыне сцвярджалі: “У Чысты панядзелак і аўторак не можна ў хаце трымаць чаго-небудзь нечыстата, бо на людзей і на говядо нападуць паршы” (Сержпутоўскі, 1930).
26/13. Серада, пятніца паміж рускім і каталіцкім Юр’ем. На Віцебшчыне лічылі: калі ў гэты перыяд народзіцца жарабя, то яго з’есць воўк (Нікіфароўскі, 1897).
*Дравяная страсць — серада на Страстным (Белым) тыдні. Мыюць у хаце ўсё драўлянае (Талстая, 1986).
*Дравесны чацвер — тое, што і серада.
*Чысты (Жыльны, Вялікі) чацвер (Жыльнік) — чацвер на Вербным тыдні. Хадзілі мыцца ў лазню, на “бягучую ваду”, на расу, каб не было на целе хвароб, клапоў у хаце: “Чысты чацвер вулкі чысце, дваркі мяце, слядкі кладзе... к святому Вялічку”. У хаце ўжо ўсё было памыта, бо, як лічаць на Свіслаччыне, у гэты дзень нельга мыць — “зальеш Хрысту вочы”. Варылі вячэру (нават з дванаццаці страў), у некаторых раёнах не елі — “жыльнікавалі” да Вялікадня. У Смаленскай губерні заклікалі на вячэру “марозам”:
Мароз, мароз,
Ідзі кісель ісць!
Ня бей наш авёс.
Вясна-красна
Каля рэчышкі ішла,
К нам прышле,
Лета прынісла.
(Дабравольскі, 1914)
Аралі і сеялі. “Чысты чацвер ячмень засяваець”; “Вялікі чвэртак — гаспадар ідзець у поле з сівым канёчкам ды із плужочкам, пачынаець поле араць яравое”. Прыкмячалі: як на Чысты чацвер добрае надвор’е, то і на Ушэсце будзе такое ж.
У Лельчыцкім раёне праводзілі абрад “мыцця хлебнай дзежкі”. Каля хаты рабілі “аганец” (касцёр) са смецця, падмеценага ў хаце і вакол яе. Дзежку ля “аганьца” мылі. Затым аблівалі выкарыстанай вадою хату. На Мсціслаўшчыне раніцай пралі леваю рукою “чацвярговыя ніткі”. Потым сатканым з іх палатном перавязвалі раны. Наглядалі за надвор’ем: дождж у той дзень абяцаў малако ў кароў.
ЧЫСТЫ ЧАЦВЕР
...Напярэдадні яго выстаўляюць на двор кавалак хлеба і каліва солі, і калі хлеб на працягу ночы не замерзне, то яравыя не пашкодзяцца ад маразоў. Для здароўя карысна той хлеб з’есці пасля лазні, у якой мыюцца да ў :ходу сонца, гаворачы, што і воран перад гэтым днём “купае сваіх дзяцей”.
Некаторыя, збіраючыся ў лазню, бяруць з сабою маленькі каменьчык і становяцца на яго праваю нагою ў час аблівання. Камень іншы раз зберагаюць да будучага года. Залазячы на палок, прыгаворваюць: “Хрышчоны на палок, нехрышчоны з палка”. Выходзячы з лазні, пакідаюць на палку вядро вады і венік для “хазяіна” і, перахрысціўшыся, шэпчуць: “Табе баня — на стаянне, а нам — на здароўе”. Словам “хазяін” велічаюць дамавога, словам “нехрышчоны” просяць нячыстага пакінуць палок.
Тых жа абрадаў прытрымліваюцца ў лазнях таксама і ў іншыя дні.
У Чысты чацвер нікому нічога не дадуць, асабліва агню, падазраючы, што просячы прыйшоў з прыхамаццю, г. зн. са злымі намерамі.
Калі ў Чысты чацвер бывае вецер, то будзе ён да самага Узнясення; калі добрае надвор’е, то да згаданага дня чакаюць такое ж.
Свечка, з якой стаяць у той дзень у царкве, называецца “стрэстнаю” і захоўваецца для розных выпадкаў. Яе запальваюць у час моцнай навальніцы, пры хваробах абкурваюць людзей і жывёлу, а таксама пчол, перасцерагаючы іх ад нападзення іншых пчол. Кажуць, нібы ў Чысты чацвер сходзіць на зямлю Ісус Хрыстос і па гэтым вераванні пякуць асобны хлеб, які называюць “стульце” (Дабравольскі, 1914).
28/15. Пуд. На Смаленшчыне зазначалі: Руф рушыць, а Пуд так “пугне” снег, што яго не застанецца ў равах (Пабрыкаў, 1862).
*Чырвоная (Вялікая, Велікодная) пятніца — дзень на Вербным тыдні. Рыхтаваліся да вялікага свята. Пасцілі шчырым постам, толькі сыту з мёду пілі (Лельчыцкі раён). На Смаленшчыне сеялі гарох, каб добра ўрадзіў (Дабравольскі, 1914).
29/16. Арына. Прысвятак, які атрымаў жаночае імя, арыентаваў сялян у тэрмінах пасадкі на агародзе. “На Арыну сей капусту на расаду” (Б. с. к., 1937).
*Красная (Велікодная, Вялікая) субота (Таўкушчы дзень) — апошні дзень перад Вялікаднём. Пяклі пірагі, фарбавалі яйкі цыбульнікам ці васковымі жамерынамі (васкадавам). На Мазыршчыне фарбавалі ў чырвоны колер, але калі хто-небудзь з родных паміраў у годзе, дык — у чорны ці які іншы. Хадзілі на могілкі прыбіраць. Палілі кастры. Усю ноч у хатах гарэла святло.
30/17. Зосім. Згодна народным паданням, гэта ахоўнік пчол (Цэбрыкаў, 1862; Дабравольскі, 1891; Раманаў, 1912). Ён упамінаецца ў многіх пчаліных замовах.
Андрыянава ноч (Андрэй). Вядома ў некаторых раёнах Палесся як ноч дзявочых гаданняў і варажбы пра замужжа. Гадалі на канапляным семені, якое пабывала ў царкве. Прасілі ў Андрыяна, або Андрэя, каб прысніўся той, з кім дзяўчына будзе “у пары на вясне”. “Святы Андрэю, канапелькі сею” (Слуцкі павет; Сержпутоўскі, 1930).
Вялікдзень у Моталі
“Святое Вялічка ды гуляць вяліць з красным яечкам…”
* Вялікдзень (Вялігдзень, Вялікадзень, Вялічка, Пасха) — вялікае гадавое вясновае свята, карані якога вядуць у глыбокую старажытнасць. Як ужо згадвалася, ім некалі адкрываўся новы каляндарны год. Пазней царква замацавала яго ў сваім “рухомым” пасхальным календары. Свята пачыналася “ўсяночнай”. З Краснай суботы на нядзелю многія не спалі, на вуліцах гарэлі кастры, чулася стральба, некаторыя шукалі папараць-кветку, у царкве свяцілі пафарбаваныя яйкі, пірагі, мак, хрэн, мяса і інш. Раніцай хадзілі глядзець “гульню” сонца, пафарбаванымі яйкамі гулялі “ў біткі”, качалі іх, гушкаліся на арэлях, вадзілі карагоды.
У валачобных песнях, якія выконваліся на Вялікдзень, гаварылася:
Старым і малым яечкі качаць,
Яечкі качаць, святцаў праважаць.
А гэта святца адзін разочак у гадочак…
А таксама:
Святое Вялічка ды гуляць вяліць
Малым дзеткам з красным яечкам,
Старым мужам — мужжываннейка,
Старым бабкам — пагуканнейка,
Маладым малайцам — паляваннейка,
Маладым паненкам — пагуляннейка…
Лічылася, што на Вялікдзень пачынае кукаваць зязюля.
На Случчыне дзяўчаты скакалі цераз сані. “Каторая, пераскакваючы, упадзе, тая застанецца старою дзеўкаю дзеваваць” (Сержпутоўскі, 1930). У некаторых раёнах Гомельскай вобласці “вадзілі стралу”.
*Каталіцкая Пасха. Звычайна бывае раней праваслаўнай (гл. дадатак). На Шуміліншчыне гавораць: на каталіцкую Пасху і ў суботу перад ёю нельга садзіць бульбу, бо завядуцца чэрві.
БІЦЦЁ І КАЧАННЕ ЯЕК
Сустракаючыся, адзін пытаецца ў другога: “Будзем біць яйкі?” “Будзем,— адказвае той,— дай найперш пакаштаваць” (г. зн. паспрабаваць). Яны мяняюцца яйкамі і спрабуюць іх асцярожна на зубы. “Нешта, брат, тваё дужа крэпкае ці ж фальшывае”.— “А тваё яйка крапчэй, давай мяняць”.— “Не, не хачу, будзеш бітца по сабе” (г. зн. не мяняючыся).— “Ну, будзем, дзяржы”.— “Не, ты дзяржы”. Пачынаюць спрачацца, каму трымаць яйка і каму біць. Нарэшце, адзін згаджаецца, а другі б’е. Чыё яйка разбілася, той прайграў і павінен аддаць яго таму, хто пабіў.
Мяшчане вялікія аматары да гэтай забавы, і, бывае, хто-небудзь у дзень прайграе ці выйграе сто яек і больш. Каб мець поспех у той справе, многія перад святам набываюць і фарбуюць яйкі цясарскіх кур, вельмі моцныя, і плацяць па 50 к. за адно і даражэй. Некаторыя па-майстэрску ўмеюць рыхтаваць так званыя “наліванкі”, г. зн. для моцы шкарлупы ўліваюць у яйка воск, волава і інш. Аднак калі адкрываецца такая падробка, то ў ілгуна не толькі забіраюць усе пабітыя ім яйкі, але нават зрываюць шапку з галавы, топчуць яе нагамі і пагражаюць, што “дадуць яшчэ і па патыліцы” (па шыі).
Выйграныя яйкі, разбітыя з двух бакоў, называюцца “шупікамі”, імі зноў гуляюць, іх качаюць. Цэлыя яйкі шкадуюць качаць, таму што яны псуюцца і бываюць непрыгоднымі для біцця. А “шупікі” ўжо больш ні для чаго не спатрэбяцца, як толькі для качання і ежы. Для качання яек ставіцца на роўным месцы пад схіл лубок або невялікая дошчачка і кожны па чарзе пускае па ёй сваё яйка. Якога ён дакрануўся сваім, тое выйграў (Дэмбавецкі, 1882).
“ЯЙКА ПАД ШАПКАЙ”
Гуляюць так. Адзін бярэ яйка і кладзе яго пад шапку ўдоўж або ўпоперак — гэту тайну трэба адгадаць. Другі паверх шапкі кладзе палачку, стараючыся размясціць яе ў такім кірунку, у якім, на яго думку, пад шапкаю ляжыць яйка. Калі палачка будзе размешчана правільна, загадка, значыць, адгадана, і той, хто ад гадаў, атрымлівае яйка. У адваротным выпадку ён аддае сваё (Навагрудскі павет; Крачкоўскі, 1874).
ГУЛЬНЯ У ТУРА
Дзяўчаты, узяўшыся за рукі, утвараюць вялікі круг, які называецца “горадам”. Дзве становяцца ўнутры круга, дзве — па-за ім. Першая і другая пары бяруцца за стан, як у польцы, і пачынаюць хадзіць уздоўж круга ў супрацьлеглыя бакі, пры гэтым па чарзе спяваюць наступную песню.
Адразу ўсе дзяўчаты хорам:
А Тур сваі жаночкі лычыць,
А Тур сваі маладэнькі.
Нашчо, Туру, жаночкі лычыш?
Нашчо, Туру, маладэнькі?
Пара ўнутры круга:
Каб м’ня вывюў з чэрэшневага саду,
Каб м’ня вывюў з зэлэненькага.
Пара па-за кругам:
Чаго, мыла, да саду ходыла?
Чэрэшнёвы квіты ламала.
Нашчо, мыла, квіты ламала?
Паповычу-дзяковычу за шапачку клала,
Паповычу-дзяковычу маладэнькаму.
Нашчо, мыла, за шапачку клала?
Каб м’ня вывюў з чэрэшневага саду,
Каб м’ня вывюў з зэлэненькага.
А дэ, мыла, каня падзіла?
Ой аддала пановычу,
Пановычу-дзяковычу маладэнькаму.
Нашчо, мыла, пановычу дала?
Каб м’ня вывюў з чэрэшневага саду,
Каб м’ня вывюў з зэлэненькага.
Песня паўтараецца з 15-га па 20-ы радок уключна з заменаю слова “каня” словамі “ўздэчку, сядло, шапку, сюрдук, пояс і чобуты”, а затым працягваецца:
А дэ, мыла, кашу падзіла?
Выкінула пад прыпечак.
Нашчо, мыла, кашу выкідала?
Жэб не було мылому істы.
Далей спяваецца на іншы матыў. Пара па-за кругам:
А я перстэнь пакачу,
Так і жону ізышчу.
Пара ў крузе:
А мы перстэнь зловымо,
Так і жоны нэ дамо.
А я мост ізмашчу,
Так і жону ізышчу.
А мы мост зломымо,
Так і жоны нэ дамо.
А мы хліба напеком, так і жону отберым.
А мы хліб ізьімо, так і жоны нэ дамо.
Мы горылкі нажэнім, так і жону отберым.
Мы горылку вып’емо, так і жоны нэ дамо.
А мы пыва нажэнім, так і жону отберым
А мы пыво вып’емо, так і жоны нэ дамо.
А мы мэду нажэнім, так і жону отберым.
А мы мэд вып’емо, так і жоны нэ дамо.
А мы выно вып’емо, так і жоны нэ дамо.
А мы дзёгцю нажэнім, так і жону отберым.
А мы дзёгоць выльемо, так і жоны нэ дамо.
Увесь хор:
А Тур жону спуйніў, з ёю шкуру здоніў.
Пры апошнім куплеце дзяўчаты, якія хадзілі ўнутры круга, выбягаюць адтуль, а каторыя звонку, іх ловяць. Гэтым гульня заканчваецца (Бельскі павет; Машкоў, 1894).
Працяг *Велікоднага тыдня. Нядзеля, панядзелак, аўторак называліся Вялікімі. Не працавалі, не гулялі. У валачобнай песні гаворыцца:
Першы дзень пірагі маюць,
А сярэдні дзень пагуляюць,
А паследні дзень выпраўляюць.
У большасці раёнаў Беларусі хадзілі валачобнікі. Спявалі песні гаспадару і гаспадыні, дзяўчыне, хлопцу, бабцы і інш.
Травень
У травень будзе мужык управен.
У май каню сена дай, а сам на печ уцякай.
Май — жывёлу ў поле пхай.
Май зямлю грэе, а сіверам вее.
Май халодны — не будзеш галодны.
Сухі марац, мокры май — будзе жыта, як гай.
Мокра ў маі — будуць пышныя караваі.
Як у маі суха, то падцягвай бруха.
Як ідзе дождж у сакаўцы, то хлеба будзе ў рукаўцы.
а як у маі — будзе і ў гультая.
Майская трава галоднага корміць.
Грымоты ў маю спрыяюць ураджаю.
Май — і пад кустом рай.
Май халодны, год хлебародны.
Сучаснай беларускай літаратурнай назве месяца май адпавядае старажытнабеларуская травень, якая паходзіць ад слова “трава”, бо ў гэтым, пятым месяцы года зямля пакрываецца зеленню. Такое найменне захавалася не толькі ў старажытных пісьмовых крыніцах, але і ў вуснай народнай творчасці. Май — адзіная ў нас назва, узятая з лацінскай мовы. Тая ж лацінская аснова таксама ў нямецкай і французскай мовах — mai, англійскай — may, польскай — maj, венгерскай — május, рускай — май і інш.
Рымляне прысвячалі месяц багіні зямлі Маі. У канцы красавіка і пачатку мая яны адзначалі вясёлае свята Фларэлія ў гонар багіні кветак Флоры. У прыватнасці, у першы дзень апошняга месяца вясны быў звычай садзіць дрэва, што называлі “маем”. У славян, у тым ліку беларусаў, захаваліся абрады з “маем” на Сёмуху. Падобны ў нас і старажытных рымлян і абрад ўшанавання памяці нябожчыкаў. У рымлян ён выконваўся 9 мая.
Католікі прысвячаюць май Божай Маці — Марыі. Штодня ў касцёлах адбываецца так званае маёвае набажэнства. Фігура Багародзіцы ўсюды, дзе яна ўстаноўлена, упрыгожваецца.
Май, працягласць дня ў якім павялічваецца на 1 гадзіну і 42 хвіліны, з’яўляецца найпрыгажэйшай парой года. Цвітуць бяроза, клён, чаромха, наогул усе дрэвы і кусты. Паплавы і паляны пакрываюцца кветкамі. Прырода напаўняецца спевамі птушак, што паспелі ўжо вярнуцца з выраю. З’яўляецца шмат насякомых, майскія жукі захопліваюць зялёналісцевыя дрэвы.
На палях рунеюць азімыя, узыходзяць яравыя. Калі пайшла ў трубку пшаніца, можна сеяць кукурузу і іншыя цеплалюбівыя культуры. Народная прыкмета перасцерагае: нельга сеяць пшаніцу раней распускання дубовага лісця. А як на дубе апушылася першая макаўка і раскрываецца бярозавы ліст — лепшая пара для сяўбы аўса.
У залежнасці ад надвор’я, адпаведных прыкмет, бульбу садзілі ад першага дня месяца і да Міколы; калі ж чакалася вільготнае лета, то загортвалі яе не глыбока. Пры пасадцы агародніны звяраліся з месяцавым календаром: спрыяльная пара — поўня. У замаразкі — а гэта звычайная з’ява для мая — расаду накрывалі рыззём, паблізу садовых дрэў ставілі посуд з вадою, наладжвалі дымныя кастры.
Высвяціла сонейка драўляныя карункі. Рэзчыкі па дрэве з Веткі Барыс Міхаленка, Пётр і Леанід Грыбоўскія
1/18. Кузьма. Гэты прысвятак, як і многія іншыя ў календары, служыць арыенцірам для селяніна ў выкананні розных работ. “У дзень святога Кузьмы сеюць моркву і буракі” (Паўлюкоўскі, 1934). На Паазершчыне гаварылі: “Май Кузьма з морквінай сустракае, а Пахом з гурком праводзіць” (Ляснічы, 1990). Тут таксама садзілі часнок і іншыя караняплоды. Прычым стараліся тое рабіць у поўню, бо лічылі, што ў такім выпадку гародніна пойдзе не ў траву, а ў корань.
Пачатак * Праводнага (Вархушына, Мёртвага) тыдня (Провады). Серада пасля Вялікадня. У Драгічынскім раёне пасля работы вечарам зіму “ганілі”; на Піншчыне кідалі шкарлупінне з яек на ваду і спявалі: “Ідзі, зіма, бо ты нам хліб выела”; кідалі чырвоныя яйкі або камяні на поўнач, на вароты са словамі: “Пошла, зіма, до Кіева, а нам лето покінула” (Талстая, 1986).
Добрай хаце – прыгожая аздоба. Веткаўскі майстар. Андрэй Кушняроў
Птушка надзеі. Народны майстар з Барысаўшчыны Міхаіл Ржэвускі
*Людавы дзень — чацвёрты дзень святкавання Вялікадня. Білі і качалі яйца з лубкоў. Гушкаліся на арэлях (Віленская губерня; Кіркор, 1882).
*Градавая серада. Серада на Велікодным тыдні. Не працавалі, каб летам поле не пабіў град. Праводзілі абрады каля студні.
*Вялікадне мёртвых (Наўскі Вялікдзень, Шопшы Вялікдзень, Бабскі Вялікдзень, Мёртвы Вялікдзень, Наўская Пасха, Наўскі чацвер). Чацвер на Велікодным тыдні, дзень памінання на могілках памерлых. Парадкавалі магілы, вешалі новую хусцінку ці стужку на крыж. Рассцілалі на магілах ручнікі, палатно і выстаўлялі яду. Пасля памінання пакідалі чырвонае яечка, хлеб і інш. У Кобрынскім раёне расказваюць: “У нас колыся купалы (аблівалі вадою.— А. Л.) на Вэлыкдэнь дэвок, а у чатвэр — дэўкі хлопцаў” (Талстая, 1986).
5/22. Ляльнік. Свята заклікання вясны ў гонар багіні Лады (Лялі). Дзяўчаты на лузе выбіралі самую прыгожую сяброўку, апраналі ў белую кашулю, упрыгожвалі зялёнымі галінкамі, вянком з кветак і саджалі сярод малочных пачастункаў. Вадзілі каля яе карагоды і спявалі:
Благаславі, маці,
Ой, Лада, маці!
Вясну заклікаці...
ЛЯЛЯ
Беларусамі яна ўяўляецца ў выглядзе маладзенькай, прыгожай, прывабнай, высокай дзяўчыны. Святкаванне ў гонар яе бывае напярэдадні Юр’ева дня. Звычайна гадзіны ў тры па полудні на чыстым лузе (а іншы раз каля хаты ў агародзе) збіраецца карагод маладых дзяўчат. Выбраўшы сабе сяброўку, што ўпаўне адпавядае іх паняццю пра Лялю, карагод беларусачак апранае яе ў доўгі белы саван, перавязвае ёй шыю, рукі і стан усякай зеленню, а на галаву кладзе вянок з розных вясновых кветак. У такім уборы саджаюць дзяўчыну на дзярновую лаўку, на якой з аднаго боку стаяць гладыш з малаком, масла, яйкі, смятана і сыр, а з другога — хлеб; ля ног Лялі ляжаць некалькі вянкоў з зелені, адпаведна ліку дзяўчат з карагода. Затым, узяўшыся за рукі, карагод дзяўчат скача вакол Лялі і спявае ў гонар яе песню. Яна завяршаецца наступнаю просьбаю:
Дай нам жытцу
Да пшаніцу,
У агародзе —
Сенажаць,
Поўны грады,
Роўны зрады.
Напеў песні працяглы і яе спяваюць вельмі доўга, пасля кожных вершаў (двух радкоў.— А. Л.) выгукваюць: “Ляля, Ляля, на ша Ляля!” Закончыўшы танцы і спевы, карагод сядае ля ног Лялі і зноў пачынае:
Наша Ляля, Ляля
Нас корміць зусім,
Каб з вясны на лета
Усё, што тут гэта,
Гадавала заўсім.
Ляля, Ляля,
Ой да Ляля, Ляля!
Тут Ляля раздае ўсім па чарзе малако, масла, сыр і г. д., пакуль, урэшце, нічога не застанецца. Пасля дзяўчаты ўстаюць і зноў скачуць вакол яе, прыпяваючы тую ж песню. У час скокаў і песні Ляля бярэ вянкі і кідае на танцаўшчыц да таго часу, пакуль кожная не схопіць па аднаму. Гэтыя вянкі дзяўчаты берагуць да наступнай вясны, а некаторыя, у выпадку замужжа — і больш, іншы раз усё жыццё, як нешта запаветнае, святое. Па заканчэнні цырымоній некалькі дзяўчат бяруць Лялю пад рукі, у суправаджэнні астатніх праводзяць яе з дзярновай лаўкі і, спяваючы ранейшыя песні, вядуць дамоў. Саван і зелень, у якія была апранута Ляля, хаваюць да другой вясны (Драўлянскі, 1846).
Юр’е на Гродзеншчыне
6/23. Юрый (Ягорый, Юр’е-Ягор’е, Частны Леса). Даўняе земляробчае свята першага выгану кароў. Юрый (Ягорый) — апякун жывёлы і земляробства (у хрысціянскі перыяд замяніў Ярылу).
У дахрысціянскую эпоху на Смаленшчыне мела яшчэ назву “Чэстной Леса”. Частны Леса — цар над усімі лесунамі, і ў гэты дзень яму прыносілі ахвяраванні (“клалі адносы”), каб ён зберагаў жывёлу ад ваўкоў. У беларусаў, папярэднік Юрыя (Ягорыя) уяўляўся то ў выглядзе дзеда, то ў выглядзе белага воўка (Дабравольскі, 1914). Пра свята гаварылі: “Да Юр’я корму і ў дурня”, “Юр’ева раса — не трэба каням аўса”. Статак выганялі вербнай галінкай на “юраўскую расу”, шапталі замовы, абкурвалі кароў купальскімі зёлкамі. З пастухамі праводзілі абрадавыя частаванні. У Шумілінскім раёне “замочвалі” даёнкі. Коням стрыглі хвасты і грывы. Хадзілі аглядаць палі, закопвалі на ўзмежках рэшткі рытуальнай стравы (ахвяра духу зямлі), насілі на рунь каравай. Качаліся па ніве, каб зямля радзіла і давала здароўе. На Усходнім Палессі бытаваў так званы Тураўскі карагод, з якім моладзь абходзіла двары гаспадароў і кіравалася ў поле. Там насілі каравай, спявалі. У гэты дзень вадзілі і іншыя карагоды. Вечарам спявалі юр’еўскія песні — пра тое, як Юрый адмыкае зямлю ключамі, выпускае расу і вясну:
А ўзяў ён ключы залатыя,
Адамкнуў зямлю сырусенькую,
Пусціў расу цяплюсенькую.
На Белую Русь і на ўвесь свет.
Юр’еўскія песні спявалі да Міколы. У Гродзенскай губерні сяляне аглядалі азімыя з караваем. Качалі яго па полі. У Гомельскім павеце сярод дзяўчат быў звычай “юрыцца” (выбіралі сяброўку на ўвесь год, мяняліся хусткамі, смажылі яешню пад бярозамі). Ён нагадвае абрад “кумлення”, які праводзіўся ў іншых рэгіёнах на Сёмуху. Са святам звязана шмат прымавак: “На годзе ёсць два Юр’і ды абодва дурні: увосень — халодны, а ўвясну — галодны”; “Як на Юр’я пагода, то на грэчку няўрода”; “Калі на Юр’я мароз, дык сей на балоце авёс”; “Як дождж на Юр’я, то будзе хлеб і ў дурня”; “Калі прыйдзе Юры, не ўгледзіш у жыце куры”; “Юры сказаў: “Жыта ўраджу”, Мікола адказаў: “Пажджы, пагляджу”.
У некаторых паўднёвых раёнах “вадзілі стралу”.
ТУРАЎСКІ КАРАГОД
...У гэты дзень наладжваецца моладдзю досыць арыгінальнае шэсце. У ёй галоўную ролю выконваюць дзяўчаты. Яны з’яўляюцца на свята ў лепшых сваіх святочных вопратках, што складаюцца звычайна з шарсцяной спадніцы хатняй работы, гарсета з пакупной тканіны; сукенкі і фартухі бываюць рознакаляровыя, з перавагай, аднак, чырвонага колеру; на шыі пацеркі шкляныя, таксама рознакаляровыя, каралавыя і бурштынавыя, якія іх бацькі прывозяць з Кіева. Сабраўшыся ў больш прасторную хату адной з удзельніц шэсця, вядома па ўзгадненні з бацькамі, дзяўчаты з вясёлым гоманам і шумам пякуць з пшанічнай мукі пірог, робяць з вялікай галіны і чырвонага кумача харугву і ўтыкаюць яе ў пірог. Затым высыпаюць на вуліцу, дзе іх чакаюць хлопцы, што таксама апрануты па-святочнаму. Перагрупаваўшыся ў два гурты, уся кампанія пры першых словах адпаведнай песні выступае ў паход у такім парадку: уперадзе першага гурту, які складаецца з адных дзяўчат, ідзе хлопец з пірагом і харугвай (іншы раз пірог нясе асобна другі хлопец); за імі следам рухаецца гурт з адных толькі хлопцаў. Такім чынам шэсце павольным крокам праходзіць усю вёску з канца ў канец, спяваючы:
Ідзе, ідзе карагод, карагод,
Усе дзевачкі напірод, напірод,
А хлопчыкі за намі,
Моргаючы очамі.
Ото ж карагод,
Ото ж ваявод.
У нашаго карагода
Быў сын ваявода.
Гдзе карагод ходзіць,
Там жыто родзіць,
А гдзе карагод не бывае,
Там жыто вылегае.
У нашаго карагода
Быў сын ваявода.
Ідзе, ідзе карагод,
Усе дзевачкі напірод,
А хлопчыкі за намі,
Моргаючы очамі.
(Мазырскі павет; Шэйн, 1902)
|
|
“Ідзе, ідзе карагод, карагод…” |
|
ГУЛЬНЯ ПАСТУХОЎ НА ЯГОР’ЕЎ ДЗЕНЬ
...Пастух вызначае, каму з падпаскаў быць “зайцам”, каму — “сляпым”, каму — “кульгавым”, каму — “замком” і каму — “калодай”, расстаўляе іх усіх вакол статку. Пасля гэтага бярэ прыгатаваную яешню і ідзе з ёю да “зайца”, пытаючы:
— Заяц, заяц, ці горкая асіна? Той адказвае:
— Горка!
— Дай Бог, каб і наша скацінка для звяроў была горка! Звяртаецца да “сляпога”:
— Сляпэй, а сляпэй, ці бачыш ты? Сляпы адказвае:
— Ня бачу!
— Дай Бог, каб і нашу скацінку ні бачыла звярынка! Далей пытае ў “кульгавага”:
— Храмэй, а храмэй, ці дайдзеш ты? У адказ:
— Ні дайду!
— Дай Бог, каб і звярынка ні дайшла да нашый скацінкі! Затым пастух пытае ў “замка”:
— Замок, а замок, ці разамкнешся ты? “Замок” адказвае:
— Не, ні разамкнуся!
— Дай Бог, каб у звера ні разамнуліся зубы ля нашый скацінкі. Нарэшце пастух падыходзіць да “калоды”:
— Калода, а калода, ці пувярнешся ты? Тая кажа:
— Ні пувярнуся.
— Дай Бог, каб і звер к нашый скацінкі ні пувярнуўся! Такім чынам пастух тры разы абходзіць статак. Пасля гэтага ўсе дзеючыя асобы сядаюць і з’ядаюць яешню, а затым, трохі счакаўшы, але задоўга да вечара, гоняць жывёлу назад у вёску, дзе ўжо на вуліцы пачынаюцца танцы, як на Радаўніцу (Дабравольскі, 1903).
7/24. Алісей, Аўсей. “Прыйшоў Алісей — авёс пасей” (Паўлюкоўскі, 1934). Больш дакладныя тэрміны сяўбы давала народная мудрасць (гл. таксама 20 мая, 7 чэрвеня): “Сей авёс, як камары з’явяцца”. “Калі цвіце каліна — без ваганняў сей ячмень: не застанешся пакрыўджаным” (Ляснічы, 1990).
*Праводная (Прабудная) нядзеля (Провады). Нядзеля пасля Велікоднага тыдня, на якой праводзілі Вялікдзень і зіму ў некаторых раёнах Палесся. На Піншчыне гаварылі: “А ну, зіма, до Бучына, ужэ ты нам надокучыла. А ну, зіма, до Пэтрава, ты нам допэкла”. Кідалі пасталы ў агонь і скакалі праз яго. На Століншчыне вечарам або на наступны дзень качалі яйцо качаргою, прыказваючы: “Ідзі, зіма, до Кучэва, ужэ ты нам надокучыла. Ідзі, зіма, до Кракова, прыйдзеш до нас одзінакова” (Талстая, 1986). У Лельчыцкім раёне “рэзалі хвасты” каровам, замыкалі адрыну, каб “змей не зайшоў”. Хадзілі на могілкі памінаць родзічаў. У Ельскім раёне лічаць нядзелю Радаўніцай, а аўторак — Провадамі Радаўніцы. Провады Вялікадня могуць быць і ў панядзелак.
“Радаўніца” – сталы засцілаць, дзядоў памінаць”
8/25. Станіслаў. “Сей лён на Станіслава, вырасце як лава” (Паўлюкоўскі, 1934).
*Радаўнічныя (Радунічныя, Радасныя) Дзяды. Звычайна адзначаліся ў панядзелак перад Радаўніцай. Называліся яшчэ Жывой радаўніцай у адрозненне ад Мёртвай у аўторак (Крачкоўскі, 1873).
Радаўніца (Радуніца, Провады, Праводная ці Мёртвая радаўніца, Мёртвы дзень, Праводны дзень) — аўторак другога (Фамінога) тыдня пасля Вялікадня, дзень памінання памёршых на могілках. Вядомы ва ўсіх славян. У народзе гавораць: “На Радаўніцу да абеду пашуць, па абеду плачуць, а к вечару скачуць”. У валачобных песнях пяецца:
Радаўніца —
Сталы засцілаць,
Дзядоў памінаць...
Радаўніца
Бараніць
Чыста поле
Яравое
Да й раўнуіць..,
Каб зберагалася збожжа ў гумне, у Свіслацкім раёне цераз яго кідалі тры разы яйка, якое прытым не разбівалася.
* Дзяды. Аўторак на другім тыдні пасля Вялікадня. У Хойніцкім раёне праводзілі “чытвёртые дзіды” на годзе (Талстая, 1986).
Бабскія розбрыкі. Аўторак або чацвер пасля Юр’ева дня. Рытуальны дзень скокаў жанчын, якія нібы садзейнічалі ўрадлівасці зямлі і плоднасці жывёлы. Качаліся і куляліся па ніве, падскоквалі, імітуючы рухі жывёл (Талстая, 1984).
10/27. Праводзіўся абрад выезду ў поле Ярылы. У поле выпраўляўся на белым кані малады прыгожы хлопец у белай вопратцы, такім жа плашчы-накідцы, на галаве — вянок, у руцэ — пук жытнёвых каласоў. Дзяўчаты вадзілі вакол яго карагоды, спявалі:
Валачыўся Ярыла
Па ўсяму свету.
Полю жыта радзіў,
Людзям дзеці пладзіў.
А дзе ж ён нагою,
Там жыта капою.
А дзе ж ён ні зірне,
Там колас зацвіце.
Ярылавіца (Красная Горка). Язычніцкае свята ў гонар вясновага культу. “На Красную Горку,— як заўважыў І. Сербаў,— “сакуны” (беларусы, што ў дзеясловах ужываюць часціцу -са замест -ся.— А. Л.) гушкаюцца на арэлях і спяваюць “Ярыловіцу і валялём”:
Валялём!
Ды на вуліцы
Ярыловіца, валялём!
Ой, цяжка хлопцам —
Пятровіца.
Да судзі ж, Божа,
Пятра даждаць,
Хлеба нажаць...
Мусіць, святкаванне Ярылавіцы было на Праводным тыдні і яшчэ некалькі дзён пасля, як і Красная Горка, але да Пятроўкі (з 26 чэрвеня).
11/28. Дзень Пранціша. У Заходняй Беларусі існавала прыкмета: 11-га мокра — усё лета мокрае, а суха — усё лета сухое (Б. с. к., 1937).
13/30. Якуб. “На Якуба грэе люба” (Паўлюкоўскі, 1934). Прадказвалі, якое будзе лета. Карысталіся дзедаўскімі прыкметамі: калі сонца ўзыйдзе ясна — чакаецца сухое лета, а праз хмары — дажджлівае; як ноч пад 1 траўня зорная і цёплы паўднёвы вецер — лета будзе з бурамі, але цёплае і ўраджайнае (Б. с. к., 1937).
14/1. Макарэй. У некаторых мясцінах заходзілі ў раку і мачылі вочы, каб не балелі; свянцілі ваду (Талстая, 1986).
Ярома. У народзе прыкмячалі: калі на Ярому непагадзь, то суровая і галодная надарыцца зіма (Ляснічы, 1990).
* Міраносцы. На Смаленшчыне гаварылі: “На Міраносця п’яныі бабы цігаюць адна адную за валосця” (Дабравольскі, 1894). Жанчыны святкавалі таму, што, згодна царкоўнаму праваслаўнаму календару, трэцяя нядзеля ад Вялікадня — дзень святых жонаў Міраносіц. Такую назву мае і сталая дата ў царкоўным календары (22 ліпеня па старым стылі).
15/2. Барыс (Барыс Кажалуп). Лічыцца апекуном палявых работ. На Палессі праводзіліся абрады каля крыніц, вада якіх прызнавалася гаючай пры хваробах вачэй. У валачобных песнях Барыс
...ляды паліць,
Зямлю грэець, ячмень сеець
З поўнай сявенькі, з правай жменькі.
Кінеш рэдка — дасць Бог густа.
Дай жа, Божа, зарадзі, Божа,
Каласіста, ядраніста,
а таксама “па межах ходзіць, поле дзеліць”, “бабы сеець”, “збожжа высіць”, “бульбу засяець”, “коні пасець у зялёных дугах”. Раней казалі: “Як запяе ўдод, тады сей боб”. На гэты дзень прымяркоўвалася “паленне грудаў”, правядзенне падсеянага земляробства, падрыхтоўка так званых лядаў, для будучага поля раскарчоўвалі дзялянку і палілі груды (Нікіфароўскі, 1898).
16/3. Маўра. Прысвятак папярэджвае земляроба, што не ўсе дні ў маі бываюць па-веснавому цёплымі. “Маўра холад прыносіць” (Васілевіч, 1991).
18/5. Арына Расадніца. Дзень высаджвання расады ў Паазер’і. Калі шмат вады ішло на яе паліўку, то меркавалі, што чакаецца сухі сенакос, слаба вада ўбіралася — на мокрую касавіцу (Ляснічы, 1990).
19/6. На Паазер’і лічылі: з раніцы вялікая раса і ясны дзень — на ўраджай гуркоў (Ляснічы, 1990).
20/7. Антоній. Прысвятак служыць арыенцірам у некаторых мясцінах для сяўбы аўса. “На Святы Антоній сей авёс для коней, а як удасца, дык і прадасца” (Гілевіч, 1983).
21/8. Іван Веснавы (Іван Мікольны, Іван Доўгі, Бацька Міколы, Мікольнік). Адзін з апекуноў земляробства. У полі з’яўляліся каласкі жыта, таму ў некаторых мясцінах гаварылі: “На Івана каласок, а на Пятра піражок” (Крачкоўскі, 1874). Спрыяльны дзень для пасеву агуркоў, морквы, рэдзькі, гарбузоў і інш. “Гуркі сеём, гарбузы, шчоб доўгіе булі, бо то ж Доўгі Іван, Іван Мікульны, перад Мікулай ходзіт” (Лельчыцкі раён; Талстая, 1986).
“Прыпасайся сенам да Міколы, не бойся вясны ніколі”
На Віцебшчыне сажалі цыбулю (Нікіфароўскі, 1897). На Лельчыччыне сеялі агуркі, пакуль каровы ляжаць у хляве, каб былі такімі тоўстымі, як жывёла, і трымалі ў руках качалку, каб раслі такімі ж вялікімі. У Пінскім павеце жанчыны ў час пасадкі вышэй падбіралі спадніцы, каб усё вырасла высокае, і хапаліся за сваё калена, каб агародніна была тоўстая і круглая (Булгакоўскі, 1890). На Мазыршчыне на беразе ракі раскладвалі вогнішча (“купайла”), спявалі каля яго песні. Падпальвалі пукі саломы і кідалі ў плынь, каб лён добра радзіў. Там жа лічылася, што на Мікольнага Івана “орахі цьветуць і папараць”. У Ельскім раёне “купайла” рабілі з дзеркачоў і палілі, павесіўшы на хвою. Засцерагаліся ведзьмы (Талстая, 1986). Міколін Бацька адлюстраваны ў калядных і валачобных песнях:
А потым таго Міколін Бацька
Із сявалачкі яр засяваець.
Первая сяўба — белы й гарошак,
Втарая сяўба — яра пшаніца,
Яра пшаніца, усякая пашніца,
Авёс вяцісты, ячмень пляцісты,
Ячмень пляцісты й, а гарох стручысты й,
Пшаніца бела ўдала была.
(Лепельскі раён)
“Юр’е пасе кароў, а Мікола коней”
Мікольскі тыдзень — тыдзень перад Міколага, час пасеву агуркоў (Дэмбавецкі, 1882).
22/9. Мікола. Свята пастухоў; апякун земляробства. Аглядалі ўсходы жыта. Калі поле было плямістым, то вінаваціўся ў недародзе папярэдні апякун. “Мікола біў Барыса, што парабіў жыта лыса” (Шумілінскі раён). Як лічылі, у жыце ўжо павінна схавацца варона. Да гэтага дня паспявалі многае пасеяць і пасадзіць — яравыя, авёс, бульбу, затым ячмень, лён, гарох, проса, каноплі. “Да Міколы не сей грэчкі, ды не стрыжы авечкі”. Пачыналі стрыгчы авечак, выганяць на пашу. “Юр’я пасе кароў, а Мікола коней”; “Прыпасайся сенам да Міколы, не бойся вясны ніколі”. Пастухі абходзілі хаты — там іх частавалі, у полі смажылі яешню. У ноч на Міколу абкурвалі коней і валоў зёлкамі і абходзілі іх з яйцом, якое потым аддавалі сляпому старцу. Пасля такога абраду быў рытуальны абед з яешняй і гарэлкай. З гэтым святам звязваюць і з’яўленне камароў. У Старадарожскім раёне гавораць: “Прыйдзе Мікола — высыпле камароў з прыполе”.
У валачобных песнях Мікола крыху падобны да іншых апекуноў земляробства (“стары сявец ячмень сеець, засяваець”, “пайшоў у поле яравое гарох сеіць”, “па межах ходзя і ўсё родзя, і траву расціць, і Скот пасціць”, “па бару хадзіў да раі садзіў”, “коней пасціў да запасаў”).
Святы, Мікола,
Стары сявец,
Узяў сявеньку
Да й паехаў
На пашаньку.
Яр засяваіць,
Кініць рэдка —
Усходзіць густа...
(Дзісенскі павет; Архіў РГТ, канец XIX ст.)
Алёна, Галена. Прысвятак звязвалі з ільном. “Сей лён на Алену, будзе кашуля па калена” (Паўлюкоўскі, 1934).
Пачатак * Пераплаўнага (Перахроснага, Чарвівага) тыдня,
чацвёртага тыдня ад Вялікадня. На Шуміліншчыне лічаць, што нічога не трэба садзіць, бо завядуцца чэрві.
23/10. Зілот. У некаторых раёнах сеялі пшаніцу, стараліся пасеяць каноплі. “Сей пшаніцу, і яна будзе як Злата” (Цэбрыкаў, 1862; Раманаў, 1912).
* Пераплаўная (Градавая, Грамавая, Палавенская) серада (Перапалавенне, Серадапосніца). Чацвёртая серада пасля Вялікадня. (Назву дала, відаць, царкоўная легенда, згодна якой у гэты дзень Божая Маці пераплывала раку.) Дзеці ўжо маглі купацца — аж да Спаса ці Іллі. У Лельчыцкім раёне не палолі, каб градам поле не пабіла; у Столінскім — баяліся, каб не заліў поле дождж; у Мазырскім — каб не застала бура на рацэ. Дазвалялася толькі садзіць цыбулю, каб была горкай (Паўлюкоўскі, 1934).
24/11. Макей. Прадказвалі надвор’е на лета: “Мокра на Макея — і лета не прасушыць, а сухім Макей прыйшоў — і лета не намочыць” (Ляснічы, 1990).
Кірыла і Мяфод. Калі дзень мокры — і лета будзе мокрае, а як сухі — то і лета выпадзе сухое (Васілевіч, 1991).
25/12. Епіфан. “На Епіфана раніца ў чырвоным каптане, неба з барваю — гарачае, пажаранебяспечнае лета” (Санько, 1990).
27/14. Сідар (Сідары). “Прыйшлі Сідары, прыйшлі і сіверы” (Паўлюкоўскі, 1934). У народзе прыкмячалі: калі на Сідара дзьмуць паўночныя вятры, то лета чакаецца дажджлівае; калі да гэтага дня або на яго прыляцяць стрыжы і ластаўкі (касаткі) — лета надарыцца цёплае (Санько, 1990).
28/15. Пахом. “Святы Пахом павее цяплом” (Паўлюкоўскі, 1934); “На Пахома цёпла — усё лета будзе цёпла” (Санько, 1990).
На Шуміліншчыне кажуць: “Сей агуркі на Пахом — будзеш насіць мяхом”.
29/16. Магдалена. “Магдалена зязюльку прысылае” (Паўлюкоўскі, 1934), “Магдалена — вады па калена” (Сахараў, 1944).
31/18. Шэсць дзеў. На Смаленшчыне гаварылі: “Лён сей позні на Шэсць дзеў” (Дабравольскі, 1897). Адну з сямі, як на самай справе ў царкоўным календары, звалі Матрунай, таму дзень вядомы як Канапелька Матруна. “Канапелька Матруна ў зямлю махнула” (Дабравольскі, 1914).
Фядот. Да гэтага часу звычайна дубы пакрываліся зялёным маладым лісцем. Селянін прыкмячаў: “Як на дубе апушка — у Фядота поўная аўса кадушка” (Свіслацкі раён), “Прыйшоў Фядот— прынялася зямля за свой род” (Ляснічы, 1990).
Чэрвень
Лета на зіму працуе.
Летні дзень за зімовы тыдзень.
Летні дзень — рок.
Не поле родзіць, а лета.
Што летам нагой коп, то зімой зубамі хоп.
Лета прыгатуе, а зіма з’есць.
Лецічка не ўлежна, дак уежна.
Хто ўлетку спіць, той узімку не есць.
Лета праляжыш, то ўзімку ў пазыкі пабяжыш.
Людзі рады лету, а пчолы — квету.
Благое лета, калі сонца нету.
Не прасі лета доўгага, а малі цёплага.
Летам і качка — прачка.
Чэрвень — пачатак лета.
У чэрвені ўбача спадар, што Бог дасць у дар.
Чэрвень — пралецця скон, а лета — у гон.
Чэрвень не гуляе — ураджай люляе.
Чэрвень сухі — плюнь на баравікі.
Чэрвень — пачатак лета, сярэдні месяц года, мае 30 дзён. Назва яго тлумачыцца з’яўленнем чарвякоў, а таксама чырвоным колерам, які набываюць некаторыя ягады менавіта ў гэтую пару.
Старажытнабеларускае найменне месяца — чирвець (червец), украінскае — червень, польскае — czerwiec, старажытнарускае — изокѣ, рускае — июль, лацінскае — junius, нямецкае — Juni, англійскае — June.
Назва “юніус” паходзіць ад імя старажытнарымскай багіні Юноны. Згодна іншым звесткам, месяц названы ў гонар першага рымскага консула Юнія Брута. У рэспубліканскім календары французскай рэвалюцыі ён згадваецца як прэрыаль, што азначае “пара паплавоў”.
У месяцы самы доўгі дзень года — 22 чэрвеня (працягваецца болей 17 гадзін) і самая кароткая ноч. Сонечныя праменні ў гэты час утвараюць з паверхняй зямлі найбольшы вугал — у Мінску амаль 60 градусаў. Дзень летняга сонцастаяння беларусы здаўна адзначаюць святам Купалля.
У чэрвені асноўны занятак селяніна — нарыхтоўка сена. Вось якія парады давалі на гэты конт нашаніўскія календары: касі траву, пакуль луг не адкрасуе, бо пазней трава зацвярдзее і не будзе з яе карысці для жывёлы; да Пятра высушыш траву і пад кустом, а на Пятра не сохне і на кусце. І яшчэ: не ганяйся за пашай на канюшынішчы, а спяшай заараць, пакуль зямля не перасохла, бо завядзеш многа пырніку, і жыта не зародзіць. Барануй часцей папар, каб травой не зарос. А каб звесці ў хлявах мух, якіх у чэрвені надта многа, рэкамендавалася, напрыклад, прыручаць ластавак, а таксама вешаць на сценах, пад стропам невялікія пучкі папаратніку: мухі садзіліся на зелень, а вечарам іх струшвалі ў мяхі.
1/19. Людзі прыкмячалі: калі ў першы і другі дзень чэрвеня лье дождж — увесь месяц будзе сухі (Санько, 1990).
3/21. Алёна (Алёны, Ульяна) — дзень ільну. Лічылася: як пасеяць лён на Алёну (Ульяніцу), то добры “ўдасца” (Пяткевіч, 1938; Дэмбавецкі, 1882). У Бельскім павеце Смаленскай губерні зафіксавана: “Лён хто пасвіць на дзісятый ад Іллі нядзелі — са льном; а на восьмый — у васьму (атрымае восьмую частку.— А. Л.)\ на сёмый — із поля вон” (Дабравольскі, 1894).
“Ваджэнне стралы” на Веткаўшчыне |
“Ой, пашла страла, да й у канец сяла” |
“Да забіла страла добра молайца”
4/22. Васіліска. “Ад Васіліска і салавей блізка” (Паўлюкоўскі, 1934).
5/23. Дзень памяці Ефрасінні Полацкай (Прадславы) — князёўны, манашкі-асветніцы XII стагоддзя. З блізкіх і далёкіх ваколіц людзі пешшу хадзілі ў Полацк пакланіцца “сваёй Ефрасінні” і “абракацца”, каб дапамагала ў зямных нягодах (Шумілінскі раён).
7/25. Ян. “Калі рой выйдзе перад Янам, будзе пчаляр панам” (Паўлюкоўскі, 1934). У іншых мясцінах Беларусі гэтую прыкмету адносілі да Яна Купалы.
Восьмы тыдзень перад Іллёю. На Смаленшчыне заканчвалі сеяць авёс. Там гаварылі: “Сей авёс, як паявіцца іўсяный камар. Сей авёс, як расцвяцецца казелец. Када суніца красна, ня сей іўса напрасна. Када Фаміна нядзеля будзіць хараша, то і авёс, і ўсякый хлеб будзіць харош. Када на Уся ёднай нядзелі ідзець бальшая мяцель, сей авёс ранышы, а мяцелі нет — сей авёс пазней” (Дабравольскі, 1894).
*Ушэсце (Ушэснік, Шоснік) — дзень агляду жыта; чацвер на шостым тыдні пасля Пасхі, саракавы дзень. Як не будзе, кажуць у Лельчыцкім раёне, дажджу на Ушэсце, так не будзе шэсць нядзель (Талстая, 1984). У валачобных песнях Ушэсце (Шоснік) “колас выносіць”, “у полі ходзіць, з Богам рондзіць”, “пшонку сее”; у гэты дзень, як пяецца, “жыта выплываець”, “жытцо пучком, каленцам”, “колас точыць”, “аўсы шасцяць”...
Згодна беларускім павер’ям, на Ушэсця з зямлі выходзяць прасушыцца скарбы, але іх ніхто не бачыць. З пшанічнай мукі на малацэ з яйкамі сяляне пяклі тонкія бліны, якія называлі “богавы анучы” (Цэбрыкаў, 1862).
У многіх раёнах святкаваўся як апошні дзень вясны. А на Усходнім Палессі выконвалі абрад “ваджэння і пахавання стралы”. Удзельнікі збіраліся ў традыцыйным месцы пад спевы асноўнай песні:
Ой, пушчу стралу да й па ўсяму сялу.
Ой, пайшла страла, да й у канец сяла.
Да забіла страла добра молайца...
Вадзілі веснавыя карагоды, “танок” у полі або абходзілі вакол вёскі. Гулялі на жыце, закопвалі ў глебу “стралу” (пярсцёнкі, грошы і інш.), каб задобрыць палявога духа на добры ўраджай.
14/1. Усцін (Юстын і Харытон). З прысвяткам звязаны прыкметы пра рост зерневых раслін. “Юстын цягне ўверх каноплі, Харытон — лён” (Паўлюкоўскі, 1934). “На Усціна лета ўдаецца — жыта добрым коласам нальецца” (Ляснічы, 1990).
Сёмы тыдзень перад Іллёю. Пасля аўса браліся сеяць ячмень. Дакладны дзень сяўбы вызначалі па прыкметах. “Сей ячмень, як загудзець сляпень”. “Сей ячмень, як каліна ў крузе”. “Сей ячмень з зімы, калі рож ня высыпала і яшчэ ячмень у пучках”. “Ячмень сей на сядзьмой нядзелі ад святога Іллі, у тэй дзень, када на Усяеднай нядзелі (тыдзень перад Вялікім постам.— А. Л.) была вея (“сплашніцы”)” (Дабравольскі, 1894).
16/3. Лук’ян. Паўднёвы вецер на Лук’яна — на добры ўраджай яравых, а калі падзьме паўночна-заходні — сырое лета прынясе (Ляснічы, 1990).
*Градавая (Пераплаўная, Крывая) серада — дзень перад Тройцай (тое самае, што і чацвёртая серада пасля Вялікадня), лічыцца небяспечным для палявых работ. Нічога не садзілі, не палолі, каб не вырасла крывым.
Ручнікі Марыі Каўтуновай з Веткаўшчыны
*Сёмушныя (Траецкія, Сярэднія) Дзяды — пятніца перад Сёмухай. “У пятніцу вараць постнэ, а ў суботу скоромнэ. На стале астаўляюць “дзядам”,— гавораць у Лельчыцкім раёне.
*Духавая субота (Святы дух, Стаўрускія Дзяды, Стаўроўскія Дзяды, Сёмка) — Дзяды ў суботу перад Сёмухай, Тройцай. На Вілейшчыне сяляне рыхтавалі 5 або 7 страў. Пілі з адной чаркі, пускаючы яе па крузе. Пакідалі крыху стравы і гарэлкі для “душ”. У валачобных песнях зазначаецца: “Свята Тройца май стаўляіць, старых памінаіць” (Верхнядзвінскі раён). Вядомы прымаўкі: “Да Святога духа не скідай кажуха”, “На Духа будзець цёпла і суха”. У гэты дзень садзілі капусту (Дэмбавецкі, 1882).
*Зялёная (Кляновая) субота (Зелянец, Май, Зялёныя святкі) — свята маладой зеляніны перад Сёмухай. Варажылі пра надвор’е. Асвячалі травы, абкурвалі хаты, жывёлу, каб не баяліся перуноў.
У Магілёўскай губерні сеялі каноплі, дзяўчаты хадзілі ў лес “завіваць вянкі”. Гаварылі: “На Зелянец вясны канец” (Федароўскі, 1935).
ДУХАЎ ДЗЕНЬ
Напярэдадні Духава дня, у Духаўскую суботу, сеюць каноплі. Гэта робяць звычайна пад вечар, таму што пасля сяўбы ўжо нічога нельга рабіць, інакш каноплі не будуць удачлівымі. Затым ставяць зялёныя бярозкі і галіны іншых дрэў перад вокнамі — вось чаму і называюцца Духаўскія святы Зялёнымі святкамі. У сялян ёсць звычай прыносіць у царкву кветкі і зёлкі, акрапляць іх вадою і захоўваць на працягу года. Імі абкурваюць хаты, жывёлу і пры наступленні навальнічных хмар паляць на павольным агні для перасцярогі ад маланкі.
Пасля абеду (полудня) дзяўчаты адпраўляюцца ў лес. Яны бяруць з сабою яйкі, сала, кілбасы, а іншы раз і гарэлку і, прыгатаваўшы яечню і закусіўшы, пачынаюць завіваць вянкі. Кожная выбірае дзве невялікія бярозкі, верхавіны якіх звязвае ў выглядзе вянка. Дзяўчаты праходзяць пад імі, спяваючы:
Пойдзем, дзевачкі, у луг гуляць,
Зялёных вянкоў завіваць.
Заўём вянкі на ўсі святкі,—
На ўсі святкі, на ўсі празнічкі.
Потым варожаць: калі вянок не засохне дачасна і патрэбна развіваць яго, то гэта добрая прыкмета, а як рана засохне, то “дурная прымета”. Затым рвуць са сваіх бярозак зялёныя галінкі, робяць з іх вянкі і спяваюць:
А мы вяночкі завілі,
Гарэлачку папілі
І яешыньку паелі.
Вянкі кладуць сабе на галаву і, несучы іх такім чынам да ракі, заводзяць песню:
Выхвалялася бяроза,
Што ў яе лісточак зялёненькі,
Што ў яе ветвікі да долу.
Як зачуў, пачуў шэры дуб,—
Ня хваліся, кажыць, бярозе,
Ня сама бяроза расцілась...
За рэчкаю, за быстраю,
Чатырэ дваркі;
А ў тых дварках —
Чатырэ кумы.
Вы, кумочкі галубочкі,
Куміцеся, любіцеся,
Любіцеся, куміцеся,
Любіце й мяне.
Сашчыпніце па цвеціку,
Сашчыпніце і мне.
Саўеце вы па венчыку,
Саўіце вы й мне.
Панясіце на ціхі Дунай,
Вазьміце і мой.
Кіньце сваі вяночкі,
Кіньце вы й мой.
А ўсі вянкі паверх плывуць,
А мой патануў;
А ўсі дружкі з пахода йдуць,
А майго нямаш.
Падышоўшы да ракі, усе кідаюць свае вянкі і па іх варожаць пра будучае. Калі вянок плавае па вадзе — добрая прыкмета, калі патанае — благая (Клімавіцкі, Магілёўскі паветы; Дэмбавецкі, 1882).
СТАЎРОЎСКІЯ ДЗЯДЫ, АБО СЁМКА
...Да гэтага дня вядзецца ў доме такая ж падрыхтоўка, як і да Асянін (гл. лістапад, — А. Л.); але ён не суправаджаецца тою ўрачыстасцю і шчодрасцю страў, што ў сялян узносяць свята. Вясновы недахоп у хлебе і наогул у харчаванні бывае ці не штогод і амаль для кожнага вельмі значны, а таму і Сёмка адзначаецца не так багата. Некаторыя прасталюдзіны на пытанйе, чаму яны на Сёмку не запрашаюць сваіх “дзядоў”, адказваюць: “Наштош іх зваці, калі нечага даці”.
Назва Дзядоў “Стаўрускія” або “Стаўроўскія” узята з урачыстага звароту перад пачаткам вячэры, які несвядома захаваўся ў некаторых мясцінах Дзісенскага павета. Дзед або бацька, нахіліўшыся так, каб твар яго быў на ўзроўні са стравамі, гаворыць: “Стаўры, Гаўры, прыходзьце к нам!” ...Недалёка ад горада Дрысы ў язычніцкія часы, кажуць, жыў і валодаў значнай прасторай на Дзвінскіх берагах нейкі славуты асілак, князь Бай, ці Буй. Ён меў двух сабак добрай пароды: адзін называўся Стаўры, а другі — Гаўры. Сабакі былі вельмі дужымі і разумнымі, ніякі звер не мог змагацца з імі; яны неаднаразова ратавалі свайго гаспадара і выводзілі з лесу, калі ён блудзіў на паляванні. Князь загадаў падуладнаму люду аказваць сабакам гонар як першым і самым давераным сваім абаронцам. А калі яны здохлі, кожны год наладжваў для людзей Пір на тым месцы, дзе былі пахаваны яго сябры — сабакі. Гулянне працягвалася за поўнач, і калі ўсе разыходзіліся, то пакідалі рэшткі страў, косці кідалі ў агонь, заклікаючы і ўяўныя душы здохлых сабак: Стаўры, Гаўры.
На самой справе, ці адсюль бяруць пачатак Стаўрускія Дзяды — цяжка вырашыць. Можа, гэта легенда выдумана адукаванымі людзьмі, што высільваюцца знішчыць рэшткі язычніцтва і паказаць недарэчнасць абраду.
Сёмкі ж атрымалі назву ад часу свайго святкавання — у сёмы тыдзень ад Пасхі (Дзмітрыеў, 1869).
* Сёмуха (Сямік, Тройца, Клечанне) — язычніцкае свята, у якім праглядаецца культ продкаў і расліннасці, прымеркаванае пазней царквою да хрысціянскай Пяцідзесятніцы (50-ы дзень пасля Пасхі).
Упрыгожвалі “маем” будынкі. У Лельчыцкім раёне рвалі рагоз (“лепеху”) і клалі на падлогу, каб не было блох. Дзяўчаты хадзілі ў лес “завіваць” бярозкі, плясці вянкі, есці абрадавую страву (яйкі). На Міёршчыне спявалі:
Хадзіла Тройца каля аконца.
Я ж, маладзенькая, не выспалася...
У некаторых раёнах Палесся называлі гэтае свята Клечаннем, відаць, таму, што галінкамі клёна ўпрыгожвалі хаты.
“Хадзіла Тройца каля аконца”
Пачатак * Русальнага (Граннага, Праводнага, Духавага) тыдня (Русальніца, Брэзжыны, Іван-ды-Мар’я) — наступны тыдзень пасля Сёмухі; дні праводзін вясны. Ушаноўваўся культ расліннасці і продкаў. Іван-ды-Мар’я называюць у Рэчыцкім раёне панядзелак Русальнага тыдня.
Звычайна на другі дзень Сёмухі на Піншчыне некалі наладжвалі свята Куста, або вадзілі “куста”. “Апраналі” дзяўчыну ў зялёныя галінкі дрэў і вялі па вёсцы з песнямі:
Павядзём куста пад гай зеляненькі,
Сустрэне нас да казак маладзенькі...
(Быкоўскі, 1878)
Прывялі куста
Да й із зялёнага клёну:
Дай нам, пану,
Хоч па залатому...
(Булгакаўскі, 1890)
Абрад і песні былі накіраваны на садзейнічанне ўрадлівасці зямлі і лепшай долі чалавека.
Ва Усходнім Палессі выконваліся праводзіны русалкі ў жыта. Найбольш вядомы з абраду песні ў Чачэрскім і Буда-Кашалёўскім раёнах:
На Граннай нядзелі
Русалкі сядзелі...
У Хойніцкім і іншых раёнах спявалі:
Правяду я русалачку да броду,
А сама вярнуся дадому...
На Веткаўшчыне ў гэтыя дні не садзілі квахтух на яйкі, каб не выводзіліся кураняты з крывымі нагамі (Раманаў, 1912). На Смаленшчыне на Брэзжыны не сеялі яравыя (Дабравольскі, 1914).
СВЯТА КУСТА
...На выгане, дзе збіраецца люд на гульні, укопвалі зялёнае дрэва з рознакаляровымі стужкамі. Сюды прыходзілі дзяўчаты, замужнія жанчыны, хлопцы на чале з прыгожай дзяўчынай — яна для ўсіх была багіняй. Зялёны вянок аздабляў яе скроні, бярозавыя галінкі ўпрыгожвалі аж да ступняў. Усе танцавалі вакол дрэва і спявалі песні, у якіх часта паўтаралася: “О, Мая! Мая!” Звычайна такую ўрачыстасць святкуюць на Зялёныя святы. На прыстойную дзяўчыну апранаюць сукенку накшталт плашча, сплеценага з бярозавых галінак. Іншыя дзяўчаты абкружаюць яе і ходзяць па вёсцы, скачуць і спяваюць:
Каля таго ды зялёнага куста
Пасеяна чачавіцы густа.
Хто тую чачавіцу сарве,
Той тую дзяўчыну замуж вазьме.
(Пінскі павет; Галямбоўскі, 1831)
*Конскі Вялікдзень — першы аўторак пасля Тройцы, свята коней. У гэты дзень не выкарыстоўвалі іх для работы, у канюшні ставілі свечку за здароўе жывёлы (Булгакоўскі, 1890).
*Градабой (Градавая серада, серада Русаль) — серада на Гранным тыдні; засцерагаліся ад граду. У Мазырскім раёне гаварылі: “Эта ж яе трэба сільна сьвяткаваць, каб град не йшоў. Як яе не сьвяткуюць, дак град рабіцьме ў сялі ўрэда, збівае дабро. У полі не работалі, каб град не збіваў” (Талстая, 1984). “У сераду Русаль на балоце Вялікая Гала палешукі звычайна цэлай грамадой выходзяць за сяло і са спевамі здабываюць з ясеня свяшчэнны агонь” (Пінскі павет; Сербаў, 1915).
У характары правядзення Градавай серады, асабліва серады Русаль, праяўляюцца сляды шанавання даўняга культу Перуна.
20—21. Дзень астранамічнага сонцастаяння.
21/8. Тодар (Хвёдар). Па стану надвор’я ў гэты дзень стараліся прадказаць надвор’е і ўраджай на лета: “На Тодара раса — канапель паласа” (Паўлюкоўскі, 1934); “На Тодара раса — лета сухое і ўраджайнае” (Сахараў, 1937); “Навальніца на Хвёдара — падвядзе надвор’е ў час жніва”; “Хвёдар з навальніцай— сенакос спартачаць”; “Росы з Хвёдара — лён уродзіць” (Ляснічы, 1990).
“Калодзеж, калодзеж, дай вады напіцца”
*Неўскі (Намскі) чацвер (Неўская Тройца) — чацвер пасля Тройцы, памінальны дзень продкаў на могілках. Нічога не рабілі, бо лічыўся “сухім” днём. На Століншчыне і цяпер нясуць “на могліцы аір, по-нашэму, панны, і ліпу затыкаюць на крэсты”; у Бярозаўскім раёне “ідуць гуляты воны по жытовы. А потым ужэ ідуць воны на кладбішча і із сэбэ одэжу пэрэтрушваюць”. (Талстая, 1986).
* Абліваха — чацвер на Гранным тыдні. У Добрушскім раёне абліваліся вадою, каб ішоў дождж.
22/9. Кірыла. У некаторых мясцінах адзначаўся як дзень летняга сонцастаяння. Лічылі, што на Кірылу з усяе моцы зямля імкнецца да сонца. На Паазер’і да таго дня пачыналі касавіцу (Ляснічы, 1990).
23/10. Купала. “На Купала раса — будуць агуркі”; “У каго Купала пракосы ўбача — таго баба жнівом не заплача” (Б. с. к., 1937).
24/11. Ян (Ян Купальны, Янаў дзень) — працяг Купалы ў некаторых каталіцкіх раёнах Беларусі (гл. 7 ліпеня). Добра ахарактарызаваны ў фальклоры. Беларусы ў Латвіі спявалі:
Ходзіць Ян па вуліцы,
Завець дзяўчат у купаллю: —
Пойдзем, дзеўкі, у купаллю,
Пойдзем у зялёну!
(Сахараў, 1940)
Пра свята гаварылі: “Калі выйдзець рой перад Янам, будзець зямец панам”, “Калі не выліняў конь да святога Яна, няхай ідзець да другога пана” (Барысаўскі павет; Тышкевіч, 1847); “На Яна нажала, на Пятра напякла” (Ашмянскі павет; Шэйн, 1893); “Яны правяць ільны” (Шырма, 1947); “Святы Ян пчолы садзіць”, “Часамі Ян дасць ягад збан”, “На Яна сонца гуляе” (Б. с. к., 1937).
25/12. Анапрэй (Нупрэй) — прысвятак. Спрыяльны дзень для сяўбы грэчкі. “Хто на Нупрэя пасее грэч, той будзе бліны печ” (Паўлюкоўскі, 1934). У Магілёўскай губерні да абеду яшчэ сеялі “белае зерне” (авёс), а пасля абеду — “чорнае” (грэчку). Лічылася, што ўжо паспелі суніцы. “Калі суніца красна, не сей аўсу напрасна”, гэта значыць авёс не паспее да марозу (Дэмбавецкі, 1882). На Смаленшчыне даўней гаварылі: “Святэй Анопры, радзі каноплі” (Дабравольскі, 1894), а ў Свіслацкім раёне зараз кажуць: “Анопрэй, сей канапель”.
*Пятроўскія запускі — наступная нядзеля пасля Тройцы, пярэдадзень Пятроўскага посту. Хадзілі “развіваць вянкі”, якія завівалі ў Зялёную суботу. Спявалі песні (Дэмбавецкі, 1882).
*Розыгры (Русалчыны розыгры) — апошні дзень Русальнага тыдня. Засцерагаліся, каб русалка не “зашчыкатала” чалавека. “Русалкі тыждзень гуляюць, по жыту бегаюць, да косы распушчаны, а ў понедзелок розойдуцца, то кажуць: розыгры” (Тураўскі слоўнік, 1985). У Лельчыцкім раёне зазначаюць: “На Розыгры палолі лён, коб вон іграў. У лён не ўлезе русалка, бо свечоны. А просо не трэба палоць”.
26/13. Акуліна (Акуліна Грэчышніца, Акуліна-задзярыхвост) — прысвятак. У некаторых раёнах сеялі грэчку, падрыхтаваўшы глебу на Нупрэя. На Смаленшчыне гэты дзень быў вядомы як “Акуліна-задзярыхвост” ці “Кароўі зык”. Тлумачыліся назвы так: на тую пару з’яўляецца шмат аваднёў і каровы на пашы “зыкуюць” — бегаюць, задраўшы хвост (Дабравольскі, 1914).
Пятроўка (Петравіца) — Пятроўскі пост (да 11 ліпеня).
“У каго Купала пракосы ўбача, у таго баба жнівом не заплача” |
“Хто ў Пятроўку сена не косіць, той зімою ў сабак просіць” |
У Ельскім раёне гавораць: “Летом у Петроўку весілля не робяць... Петроўка-голодоўка, потому што старый хліб поелі, а нового не нажалі”, у Лельчыцкім: “Петроўка сушыць болота, а Спасоўка — рэкі” (Талстая, 1986). На Смаленшчыне некалі казалі: “У Пятроўку Бог блюдзе рагожкі, а ў шубе вошкі” (Дабравольскі, 1914). Усюды — пара сенакосу. “Хто ў Пятроўку сена не косіць, той зімою ў сабак просіць” (Рэчыцкі павет; Пяткевіч, 1938).
28/15. Амос. За прысвяткам замацавалася прыкмета: прыйшоў Амос — цягне ўгору авёс (Паўлюкоўскі, 1934).
* Дзевятнік — чацвер на дзевятым тыдні пасля Вялікадня. Не працавалі ў полі, засцерагаліся грому. Ва Усходнім Палессі прыкмячаюць: “Трэ коб на Дзеўятнік було дзеўяць ягадзін на ветцы” (Тураўскі слоўнік, 1982). Збіраючы ягады, грыбы і арэхі, спявалі песні. З гэтым днём звязваюць рост жыта ў валачобных песнях: Дзевятнік “красу здымаець”, “краску кладзець”, “красуець”, “наліваець”, “у пукі бярэць”.
29/16. Ціхан — дзень заканчэння севу жыта і пачатак вывазу гною. На Смаленшчыне гаварылі: “Не поле корміць, а ніва” (Цэбрыкаў, 1862). Зямля прыпавольвае свой рух на арбіце, і ў народзе Ціхан наводзіць асацыяцыі на ціхі дзень. “На Ціхана, і пеўчыя птушкі заціхаюць”. “На святога Ціхана сонца ледзьве дыхае” (Ляснічы, 1990).
“ЦЯЛЁПА”
Гной часта вывозіцца талакою. Апошні воз называецца “падскрэбышам”, а вазніца— “цялёпаю”. Над цялёпай усе смяюцца і скіроўваюць у яго адрас жарты цынічнага характару. Абавязак цялёпы: украсці кашу ў час абеду, якая варыцца для гэтай мэты асобна на кожнай талацэ.
Да агульнага задавальнення цялёпа выкрадае кашу, а гурт дзяцей звычайна кідаецца лавіць злодзея. Ён жа стараецца папасці ў той хлеў, дзе бралі гной. Там пад агульны смех усе наперахват хапаюць кашу, а гаршчок разбіваюць (Смаленская губерня; Дабравольскі, 1903).
Пятро і Паўла (Пятрок). Земляробчае свята. Характэрныя прыказкі і прыкметы: “Святы Пётра ў косы звоніць, а святы Паўла граблі робіць”; “Калі на Пятра пойдзе дождж — жыта, як хвошч; уродзіць мятліца — хлеба палавіца; зарадзіў званец — жыту канец”; “Калі зязюлька будзе кукаваць да Пятра — восень харошая, а калі на Пятра — лета доўгае і харошае, снег ня хутка выпадзе”; “Прыйшоў Пятрок — апаў лісток, прыйдзе Ілля — ападуць два, а па Усіх Святых — ня будзе іх” (Б. с. к., 1937).
Святкаванне Пятра ў беларусаў-католікаў амаль нічым не вылучаецца: праводзяцца такія ж масавыя гулянні з танцамі і песнямі, наладжваннем арэляў, як у праваслаўных (гл. 12 ліпеня).
АРЭЛІ
У гэты дзень (а таксама на Іллю.— А. Л.) ладзяцца пры корчмах ігрышчы з арэлямі, на якіх бавіцца моладзь абодвух полаў папарна.
Арэлі майструюць наступным чынам. Закопваюць у зямлю два моцныя слупы вышынёй да двух сажняў у сажаннай адлегласці адзін ад аднаго. Паміж слупамі ўстаўляюць вал, канцы якога выпускаюць за слупы на палову аршына. Да гэтых канцоў прымацоўваюць крыжападобна чатыры ручкі. У сярэднюю частку вала, што знаходзіцца паміж слупоў, умацоўваюць два крыжы на паўтара аршына адзін ад аднаго. Паміж кожным з крыжоў ладзяць на слізкіх валіках сядзенні са спінкамі. За ручкі звонку слупоў паварочваюць вал, а з ім разам — і сядзенні, якія робяць круг у паветры паміж слупамі.
Пры пад’ёме ўверх і апусканні ўніз жанчыны павінны старацца, каб не раздуваліся спадніцы. Сядаюць звычайна папарна, мужчына з жанчынаю. За 15—20 абаротаў вала плаціцца ад кожнага сядзення пара яек або адна капейка.
Тут жа пры арэлях на пляцоўцы размяшчаюцца музыкі са скрыпкамі і гармонікамі. Каля іх збіраецца кола аматараў патанцаваць і пагушкацца. Беларусы танцуюць “Казачка”, “Кругавую плясуху” і “Лявоніху”. Музыкі атрымліваюць плату ад кожнага танца, працягласць якога да 20 хвілін. Плата ад кожнай танцуючай пары за адзін танец — пара яек або адна капейка. Ад скокаў беларусы знаходзяцца ў прыўзнятым стане і таму ў такт музыкі амаль без перастанку то падпяваюць, то прыгаворваюць розныя прыказкі і прыпеўкі (Віцебская губерня; Архіў РГТ, 1882—1890).
* Дзевятуха — пятніца на дзевятым тыдні пасля Вялікадня. У Добрушскім раёне лічаць, што Дзевятуха, як і Дзесятуха (гл. ліпень),— гэта свята ад навальніцы, а ў Лельчыцкім кажуць: “Дзевятуха — то польскае сьвято, а Дзесятуха — нашое” (Талстая, 1986). У валачобных песнях побач з Дзевятнікам яна з’яўляецца адным з этапаў росту жыта:
Дзевятушка-памяжаначка
Па межах хадзіла, жытцо абзірала,
Жытцо абзірала да й раўнавала...
Іншы раз святы не размяжоўваліся.
Ліпень
Ліпень пякучы, але даручы. Ліпень косіць і жне, доўга спаць не дае.
Хто ў ліпені на полі пацее, таго ўзімку печка грэе.
У ліпені з касою мужык, а баба з сярпом, але ў хаце ладком.
Ліпень што спаліць агнямі, тое салье дажджамі.
Сучасная беларуская назва сярэдняга, самага спякотнага месяца лета паходзіць ад слова “ліпа”. (Дрэва цвіце менавіта ў гэтую пару). Найменне мае падабенства з польскім lipiec і ўкраінскім липень. У старабеларускіх крыніцах акрамя назвы липець сустракаецца яшчэ чирвець, што захавалася дагэтуль, напрыклад, у чэшскай, славацкай і беларускай мовах (чэрвень) у папярэднім месяцы.
Рымляне да 44 года называлі месяц проста пятым (quintilis), паколькі год пачынаўся з сакавіка. Затым з прычыны трагічнай смерці Юлія Цэзара перайменавалі квінтыліс у Юліус (julius), таму і захаваліся juillet — у французаў, Juli — у немцаў, July — у англічан, июль — у рускіх.
У гэтым месяцы старажытныя грэкі адзначалі чатырохдзённае свята Панафінеяў у гонар багіні мудрасці Афіны (рымляне называлі яе Мінервай). Падчас вялікага святкавання адбываліся ўрачыстыя працэсіі, розныя народныя гульні (барацьба атлетаў, гімнастычныя практыкаванні), спевы, танцы.
Ліпень — самы дажджлівы месяц года, палова дзён яго бывае з ападкамі, вызначаецца недабранадзейнасцю надвор’я, і асабліва ліўнямі. Здараецца і сухая пара.
Па назіраннях фенолагаў, дробналісцевая ліпа на поўдні Беларусі зацвітае 21—25 чэрвеня, а на поўначы — 5—8 ліпеня. Тэрміны зацвітання яе прыблізна на 10 дзён апярэджваюць час наступлення васковай спеласці і на тры тыдні пачатак масавай уборкі азімага жыта. У народзе прыкмячалі: калі паспелі чарніцы, то паспела і жыта. Ліпень дорыць чалавеку спелыя лясныя і садовыя ягады, першыя грыбы.
|
|
Купалле ў Вязанцы
“Сягоння Купала, заўтра Іван…” |
Хутка запалае Купальскі касцёр |
“А на гарэ калясо, гарыць яно харашо” |
“Купалінка, купалінка, цёмная ночка…” |
3/20. Свята перапялятнікаў і навальніц. Лічылася, нібы ў гэты дзень ці ў наступны грымне гром, блісне маланка (Ляснічы, 1990).
5/22. За тыдзень да Пятра садзілі рэпу на Смаленшчыне (Дабравольскі, 1894).
*Дзесятка — чацвер на дзесятым тыдні пасля Вялікадня; адзін з этапаў даспявання жыта. “Дзесятнік гнаі возіць, Дзесятуха косы точыць”.
6/23. Купала (Купалле) — старажытнае абрадавае свята сонца і агню, божышчаў урадлівасці і росквіту зямлі. Прымяркоўвалася да летняга сонцастаяння. “Сёння Купала, заўтра Іван...”,— гаворыцца ў песнях. Гэта дае падставу сцвярджаць, што Купала — язычніцкае свята, да якога прыстасавана пазней святкаванне царквою (у другі дзень, 24 чэрвеня) “Рождества честного славного Пророка, Предтечи н Крестителя Господня Иоанна”. Язычніцкае Купала ўпамінаецца ў летапісах 1175 года.
Дзяўчаты збіралі лекавыя зёлкі, кветкі для вянкоў, хлопцы пад вечар сцягвалі старыя рэчы, галлё для вогнішча. Месца для яго выбіралася часцей на высокім беразе ракі ці возера, на паляне, каля жыта. Праводзілі абрад здабывання “жывога” агню — церлі асінавыя палкі. “Сягоння ў нас Купала, сам Бог агонь расклаў” (Тышкевіч, 1847). Палівам для кастра служылі таксама дровы з дуба — сімвалічнага дрэва Перуна, што бачна з купальскіх песень: “Пажарам дуб’ё гарэла...”, “Гарэла дуброва, гарэла...” і інш.
Песнямі суправаджаліся абрады на свяце, карагоды і гульні, завадатарамі якіх з’яўляліся Купалінка і Купаліш. Ля вогнішча ўсе частаваліся абрадавай стравай, моладзь пераскоквала цераз агонь — ён лічыўся ачышчальным ад злых духаў. Спальванне прасмаленых колаў на шчасце ці спусканне іх, палаючых, з гары — адгалоскі пакланення свяцілу. “А на гарэ калясо, гарыць яно харашо...”
Дзяўчаты на Купалле варажылі аб будучым замужжы. Наогул, гэта свята маладосці і кахання. У далёкім мінулым яго называлі “бясоўскім ігрышчам”, “ігрышчамі межу сёламі”, пра якія Несцераў летапіс сведчыў: “Схожахуся на игрышща, и ту умыкаху (выкрадалі — А. Л.) жены собе, с нею же кто совещашеся; имяху же по две и по три жены”.
гул, гэта свята маладосці і кахання. У далёкім мінулым яго называлі “бясоўскім ігрышчам”, “ігрышчамі межу сёламі”, пра якія Несцераў летапіс сведчыў: “Схожахуся на игрышща, и ту умыкаху (выкрадалі — А. Л.) жены собе, с нею же кто совещашеся; имяху же по две и по три жены”.
КУПАЛЬСКАЯ НОЧ
Вечарам 23 чэрвеня збіраецца супольнасць па магчымасці ўсіх жыхароў вёсак, якія ў сувязі з гэтым амаль пустыя, у полі, на пагорку, каля рэчкі ці вялікай ракі...
Галоўны разгар свята, гулянні, песні — ноччу, на Івана. Робяць і прыбіраюць ляльку — жаночае пудзіла. Носяць яе, скачуць вакол, запальваюць, пазней — топяць у вадзе...
Часцей агульнаўжывальны і абавязкова паўсюдна, як выключная асаблівасць, без якой няма Купалы,— касцёр, што запальваецца, згарае, іншы раз заліваецца вадою... Агонь у некаторых мясцінах распальваюць пры дапамозе трэння дошак. Яны і гараць у кастры (з разбітых бочак, чанаў, кублаў, вёдзер, хатняга драўлянага посуду, у дадатак — старых ануч, лыка).
Цераз касцёр скачуць, але меней, чым у Маларасіі і іншых краях. Больш вакол танцуюць, гуляюць, піруюць. Замест кастра ці пры ім іншы раз гарыць бочка, калі ёсць — смаляная, дзе дазваляе мясцовасць — на ўзвышэнні або крутой гары.
Заліваюць вогнішча кубламі (чанамі, дзежкамі) і вёдрамі. Радзей “пускаюць” агонь па плоце... Яшчэ радзей цяпер купаюцца пад раніцу ў сувязі з забыццём старыцы, ачышчэннем паняццяў і ўмацаваннем хрысціянства. Разам з тым ноччу бывае і менш грахоў. У некаторых мясцінах замест купання ўжываецца лазня, і то ўжо як падрыхтоўка да свята або ачышчэнне пасля Купалы...
Самое месца, дзе збіраюцца, абгароджваецца, абсаджваецца зялёнымі дрэўцамі, часцей бярозкамі, калкамі, накшталт зялёнага тыну, плятня...
Абрады суправаджаюцца песнямі, моцным прытопваннем, стукам. Калі маецца, у што-небудзь б’юць: ці ў кубел, ці ў вядро. Гэта і адчуваецца ў прыпеве саміх песень. Дзе толькі захавалася валынка і можна яе дастаць, то яна абавязкова прысутнічае. Пры ёй і дудар, скамарох з прытанцоўваннем. Калі ж няма, то добра і скрыпка...
Пачастункі, якія прыносяцца з усіх заможных дамоў і ўжываюцца раздзельна, гуртам і ў складчыну, уключаюць сыр, тварог, праснакі-бабкі з тоўчаным канапляным семем, цыбулю, часнок, пахучае зелле, халаднік-квас, яешню, верашчаку, дзе маецца сала і мяса (адзінае выключэнне з астатніх больш раслінных страў у гэтае свята) і г. д...
З
ёлкі,
былінкі, травы ў купальскую ноч збіраюцца
наогул усе, што патрэбныя для выкарыстання
— для вянкоў, лекаў і ежы. Гэта лепшая
іх пара. Але, як і ўсюды ў славян і на
ўсёй Русі, у Русі Белай ёсць травы і
кветкі выбраныя, якія выключна належаць
Не забыты купальскія песні на радзіме Янкі Купалы
Зёлкі, былінкі, травы ў купальскую ноч збіраюцца наогул усе, што патрэбныя для выкарыстання — для вянкоў, лекаў і ежы. Гэта лепшая іх пара. Але, як і ўсюды ў славян і на ўсёй Русі, у Русі Белай ёсць травы і кветкі выбраныя, якія выключна належаць купальскаму дню: рута; васіль, васілёк, дзягель, дзягіль, дзягель; багаткі; салодка, саладушка; буйрак, бурашнік; ластавіца, ластавень, кураслеп, курыная слепата; пералёт; лопань, лопух; быліца; расходнік, брацішкі, брат з сястрою, іван-ды-мар’я; найбольш папараць, папыратка, папаратнік8. Ён цвіце толькі адзін раз у год незвычайнай, цудоўнай, асляпляльна белай кветкаю, іменна ў гэтую поўнач.
Скарбы або гаршкі з золатам і серабром даюць пра сябе знаць у купальскую ноч. Над імі выскоквае воўк, гарыць агонь, а часцей за ўсё цвіце папаратнік. Але хто сарве кветку, атрымлівае не адны скарбы. Яго сіла ўсіх здолее, ён адмыкае ўсе замкі і запоры, разбурае перашкоды, здабывае ўсё пажаданае, усё ведае, разумее мову птушак і дрэў, знішчае нагаворы чараўніц. Цяжка кветку падгледзець, яшчэ цяжэй вырваць...
На дзянніцу павінна ўсё скончыцца, г. зн. дзе ёсць звычай, купаннем. Пасля ўсе адпраўляюцца глядзець узыход сонца. Яно “гуляе”, пераліваецца, дзеліцца на некалькі частак, “зайчыкаў”, якія разбягаюцца, скачуць і зноў зліваюцца ў адзін круг. Па-іншаму, раніцай сонца едзе “да мужа на тройцы”, золатам, срэбрам скача на калясніцы, сыпле з яе промні і іскры. Ранкам 24 чэрвеня — пералом, пасля чаго наступае ўжо Іван, Ян... (Бяссонаў, 1871).
