Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
БЕЛАРУСКІ НАРОДНЫ КАЛЯНДАР.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
8 Мб
Скачать
☆

7/24. Іван Купала (Іван Купальны, Іван, Пятроўскі Іван, Іван Летні, Іван Вялікі, Іван Посны, Іван Злосны, Іван Ведзьмін,

Ян) — працяг купальскага свята, якое доўжылася ўсю папярэд­нюю ноч. “Учора была Купала, а сёння Іван...”,— спяваецца ў народнай песні.

ЗАВЯРШАЛЬНАЯ КУПАЛЬСКАЯ ПЕСНЯ

Мужчынскі хор:

Іване, Іване!

Устань на заране,

Глянь на дзевак:

Спаць захацелі,

Гуляць перасталі,

Зары не даждалі.

Будзіць дзеўкам ліха,

Бо яшчэ ня ціха:

Ноч не прайшла,

Ліха ня ўнясла.

Лешы паймаіць,

Цалаваць заставіць,

Ведзьма згробніць,

З касьцямі злопніць!

Жаль нам будзіць,

Калі дзевак убудзіціць:

Будзім плакыць,

Бо некаго сватыць!

Пыжалейці нас,

Расцалуім вас!

Дзявочы хор:

Сядзіць лешы на загрыўкі

Парням няўважным,

Завядзець чорт у лядзінкі

К ведзьмам несуразным.

Ён высватаць, ажэніць:

Не паспеіцца маргнуць,

Як пятлю надзеніць

І ў пекла сыталкнець!

Ах, нам жалка мальцаў дужа,

Бо рыбяты — маладцы!

Ды варожацца не дасужа,

Нам пара ў сваі двары.

Хадзі, мальцы, луччы з намі,

Усім будзя вісялей,

А катораму, часамі,

Можа будзя дагадней.

Мужчынскі хор:

Няхай, дзеўкі, так,

Няхай будзя мір!

Няхай з нас усяк

Вазьмець на выбор

Любую ад вас!

Няхай прыгалубіць,

Няхай абаймець,

Няхай шчыра любіць,

Сярдзечна цалуіць,

Дамоў адвядзець,

І спаць пакладзець!

Дзявочы хор:

Няхай, мальцы, так,

Няхай будзя мір!

Няхай з вас усяк

Вазьмець на выбор

Любую ад нас!

У-а! у-а! У-а, а-ту!

Песняю заканчваецца ноч напярэдадні Ражаства Іаана Хрысці­целя. Яе спяваюць перад зарніцаю. Хлопцы і дзяўчаты становяцца ў круг і, узяўшыся за рукі, ціха ходзяць, спяваючы ў два хоры. З апошнімі словамі песні дзяўчаты разбягаюцца ў розныя бакі з крыкам: “У-а! У-а!”, хлопцы іх ловяць, абдымаюць, цалуюць. Вяртаюцца дахаты парамі і не разам, а як прыйдзецца. Дзяўчаты крычаць: “У-а!” таму, каб кожны з хлопцаў па голасе мог паз­наць сваю абранніцу. Горка той дзяўчыне, у каторай не акажац­ца пары. Яна вяртаецца дахаты адна, калі не знойдзецца сяброўкі па няшчасцю. У спяванні іншы раз прымаюць удзел маладзіцы і жанатыя мужчыны (Віцебская губерня; Архіў РГТ, 1891).

ПРОВАДЫ РУСАЛКІ

Калі схаваецца сонца, усе дзяўчаты збіраюцца за вёскай і ўюць вялікія вянкі, асабліва пышны для дзяўчыны, якая будзе русал­кай. Русалкай выбіраюць тую, што мае самыя доўгія валасы. Яна здымае свой андарак і застаецца ў адной кашулі з расшпіле­ным каўнерыкам (смялейшая скідае нават і кашулю); доўгія рас­пушчаныя валасы вісяць па плячах, агромністы вянок, як кола, пакрывае галаву. Тут жа яшчэ выбіраюць і маленькую дзяўчынку для ролі дачкі русалкі. Адначасова робяць з саломы пудзіла, падобнае на чалавека. Калі ўсе вянкі адзеты і саламянае пудзіла падрыхтавана, бягуць на поле з русалкаю, спяваючы:

Правяду я русалачку да бору,

А сама вярнуся дадому.

Правяду я русалачку і ў цёмны бор,

А сама пайду і ў таткаў двор.

Да й затаплю печ, да й налячу бліноў,

Да й пазаву кумоў.

У полі ідуць па мяжы і, аблюбаваўшы месца як мага далей ад вёскі і засеянай нівы, раскладваюць вялікае вогнішча. Кідаюць у яго пудзіла, пяюць пра Івана Купалу:

Купала на Івана, Купала!

Дзе ўпала, начавала?

Купала на Івана, Купала!

Упала ў Пятра, у Паўла.

Як, Купала, ужывала?

Ужывала кашку з перцам,

Рыбку з перцам...

Калі пудзіла згарыць, дзяўчаты і хлопцы пераскокваюць цераз вогнішча і доўга яшчэ працягваюцца іх песні і скокі... (Го­мельскі павет; Радчанка, 1888).

*Дзесятуха (Зельная) — пятніца на дзесятым тыдні пасля Вялікадня.

Пяценка. Час, калі завязваецца зерне (“пятка”). Не мае паста­яннага дня ў календары.

Дзесятуха красу давала,

А Пяцінка красу здымала,

Красу здымала, пятку стаўляла;

А Дзесятуха ды, вой, наліваець,

А святы Іван і ён пятку спяліць...

10/27. Самсон (Сямён, Самсон Сенагной). Прысвятак звязва­юць з дажджамі. “На Самсона дождж — сем тыдняў то ж” (Б. с. к., 1937). “На Самсона дождж: да бабінага лета мокра будзе” (Ляснічы, 1990).

Сем братоў. “Сем братоў варожаць, колькі тыдняў пагоды” (Паўлюкоўскі, 1937).

12/29. Пятро (Пятроў дзень, Пятро і Павел, Пятрок, Пятра) — старадаўняе земляробчае свята, па сутнасці, завяршэнне Купал­ля. Селянін заўважаў: “Святы Пятро ў жыце ядро”, “Калі высыплецца ячмень, зязюля падавіцца зернем і больш не кукуе”. Вядома, што зязюля куе ад Магдалены да Пятра ці Купалы, калі і заканчваюцца гулянні моладзі. На Брэстчыне спяваюць:

Да Пятра зязюльцы кукаваці,

Да восені дзеваньцы пагуляці.

Пятро пройдзе — зязюлька ў вырай пойдзе,

Восень прыйдзе — дзеванька замуж выйдзе...

Дзяўчаты хадзілі ў лес “развіваць вянкі”, якія былі “завіты” імі на Сёмуху, “кумаваліся” (выбіралі сяброўку на год). Палілі кастры, елі абрадавыя стравы, гушкаліся на арэлях, спявалі пятроўскія песні:

Пятрова ночка маленька,

Не выспалася паненка

На новым ганку седзячы,

Міламу кашульку шыючы...

(Смаргонскі раён)

Лічылася, што пасля Пятра лета ідзе на спад. “Прыйшоў Пятрок, апаў лісток”. Заканчваўся Пятроў пост.

КУМАВАННЕ

Уласна кажучы, дзяўчаты кумяцца на Тройцу, а разам з хлоп­цамі — на Пятра. Кумаванне ўжо страціла свой абрадавы харак­тар. Толькі ў некаторых глухіх паселішчах працягваюць яшчэ хадзіць у лес і там звіваюць вянком дзве суседнія галінкі бярозы або галінкі двух суседніх бяроз. Загадванне (варажба.— А. Л.) заключаецца ў тым, ці завянуць гэтыя завітыя галінкі ці застануцца свежымі, калі праз тыдзень прыйдуць іх развіваць. Рэчы загадвання самыя звычайныя: ці буду жывая? ці выйду замуж?

Кумаванне наогул уяўляецца ў выглядзе вечарынкі, прычым жанчыны і дзяўчаты гуляюць там, дзе завіваліся вянкі, а сумес­ныя пагулянкі з хлопцамі праводзяцца ў адной хаце, дзе зімою адбываліся вячоркі з прадзеннем. У лесе распальваюць кастры, наладжваюць арэлі, танцы; гатуюць абавязкова яешню; прыно­сяць бліны, гарэлку. Калі на такую жаночую гулянку з’явяцца мужчыны, жанчыны зрываюць у іх шапкі і кідаюць у агонь. У некаторых мясцінах Магілёўскай губерні яшчэ бытуе барацьба дзяўчат з хлопцамі ў гэты дзень.

Кумаванне ў хаце праходзіць у такім парадку. Вечарам на Пятра дзяўчаты прыносяць гаспадыні сыр, масла, малако, яйкі, сала, муку на бліны. Гаспадыня з адной дзяўчынай гатуе, а астат­нія спяваюць песні і танцуюць пад прыпеўкі. Хлопцы прыходзяць з гарэлкаю, і танцы робяцца жывейшымі. Запрашаюцца і музыкі, і адбываецца, такім чынам, поўнае ігрышча. Танцы працягваюцца ўсю ноч, моладзь расходзіцца па хатах ужо раніцай на наступны дзень.

Існуе асобны цыкл кумаўскіх песень, якія называюцца такса­ма духаўскімі і пятроўскімі...

Куміліся дзве кумачкі,

А трэцяя не.

Прасілася, малілася:

Прыміце мяне!..

(Рагачоўскі павет;Раманаў, 1912)

13/30. Паўпятро (Паўлюк, Павел) — дзень талакі.

Пасля Пятровага дня не дазвалялася працаваць (“грэх”), мож­на было толькі дапамагаць іншым, але не за плату, а за частаван­не. Нават наймалі музыкаў. Паўпятроўская талака адлюстравана ў песнях: “А што ў полі шуміць, гудзе? Шуміць, гудзе. Там талака дамоў гудзе...”, “Святы Пётра талаку збіраў копы сена вазіць, стагі мятаць”.

Сіман і Юда. Сімон і Іуда, два з дванаццаці апосталаў дня, якіх выдзеліў народ і замацаваў у выслоўі: “На Сымана і Юды конь баіцца груды”.

14/1. Кузьма і Дзям’ян (Касьма і Даміан) — свята кавалёў. “У дзень святога Касьмы і Даміана кузні не куюць і бабы не п’юць”. Песню “Кузьма” спявалі тым, хто вянчаецца першы раз (не выконвалі ўдовам і ўдаўцам):

Скуй нам свадзебку,

Свадзебку крэпкую,

Даўгавечную,

На векі неразлушную...

(Дабравольскі, 1914)

Кузьма і Дзям’ян вядомы і як апекуны земляробства. “Кузьма сярпы зубіў, ідэя згубіў”, “На Кузьму і Дзям’яна касіць не рана”, “Святы Пятро жыта спеліць, святы Кузьма сярпы робіць, а святы Дзям’ян сена грабіць” (Паўлюкоўскі, 1934).

“Шыпілінка ў кузню ідзець, у кузню ідзець сярпы зубіць”

КУЗЬМА-ДЗЯМ’ЯН (Легенда)

Кузьма-Дзям’ян былі калісь кавалі. І была змяя калісь. Дак яна ўбірала людзей. І дабіраецца да іх ужо, знацца.

— Што, брат, іздзелаем мы зялезную саху.

Здзелалі яны цяперака саху і кажуць змяі:

— Пралізнеш трое от этых дзвярэй, дык мы табе сядам на язык, ты нас і з’ясі.

Цяперака яна раз лізнула, другі лізнула і трэці — і пралізала трое дзвярэй. Яны тагды — цапель! Ды за язык яе кляшчамі. Да адзін гвоздзе па галаве, а другі запрагае ў саху. Як запраглі яе, да аралі яны луг, аралі яны поле, аралі ўсё і не давалі піць, пакуль не прыараліся к Няпру. Як пры­граліся к Няпру, яна як вырыла роў, як стала піць, як стала піць,— апрэглася. А яны тагды і прыстанавіліся (Гомельскі павет; Раманаў, 1891).

17/4. Андрэй (Андрэй Наліва) — адзін з апекуноў земляроб­ства, пра яго пяецца:

Трэці празнік — святы Андрэй,

Святы Андрэй, за ўсіх мудрэй,

Саху ладзіць, каня гладзіць...

Да Андрэя завяршаўся працэс выспявання жыта. Аб гэтым народная мудрасць сцвярджае: “На Андрэя азімыя наліліся, а татка-авёс да палавіны дарос”, “Авёс у світцы, а на грэчцы і кашу­лі няма”, “Зерне ў каласку, не валяйся ў халадку” (Ляснічы, 1990).

18/5. Свята месяца, лампады. У ім, як сцвярджаў А. Кіркор, ёсць рэшткі культу Велеса — “бога статка, апекуна пастухоў”.

21/8. Градавы дзень (Казанская). Засцерагаў ад нябесных стыхій, ад хвароб вачэй і галавы. У некаторых раёнах пачыналі касіць, праводзіць зажынкі (Дабравольскі, 1914).

Пракоп. Велікамучанік Пракопій звязаны ў народзе з цёплымі ліпеньскімі днямі. “Пракоп бок прыпёк”.

Данат. Пра святога Даната вядома толькі з песні: “Святы Данат коскі точыць, сянцо косіць...”

25/12. Прокл — прысвятак. У той дзень асцерагаліся вялікіх росаў, пасля якіх гніло сена.

Якуб. Прысвятак усебакова характарызуюць прыказкі і пры­маўкі: “На Якуба грэе люба”, “Які Якуб да паўдня, такая да снежня зіма” (Паўлюкоўскі, 1934); “На Якуба хлеба поўна губа” (Смаргонскі раён).

26/13. Гаўрылей — прысвятак. Баяліся, каб град не пабіў ка­ноплі.

Ганна. “Дождж на Якуба — для жалудоў згуба, а як Ганна з дажджом — дык гарэх з чарвяком” (Б. с. к., 1937), “Святая Ганна снапы кладзе” (Паўлюкоўскі, 1934).

Серпавіца (Серпавіна, Шыпілінка) — пятніца перад Іллёй. Дзень “зазубрывання” сярпоў, час падрыхтоўкі да жніва ў не­каторых мясцінах. “Шыпілінка ў кузню ідзець, у кузню ідзець сярпы зубіць”.