- •Алесь Лозка Народныя гульні
- •Дзіцячыя гульні
- •Забавы Свісток
- •Скаканне на дошцы
- •Карагоды
- •Крывы танок
- •Гульні і забавы. Як бавіліся пастухі.
- •Жанiцьба Цярэшкi
- •Золата (Скута, Кругавы I iнш.)
- •"Звязда" I "Вiфлеем"
- •Арэхi (Цот цi лiшка?)
- •Каралевiч
- •"У мядзведзя на бару"
- •Гульня "яшчур"
- •"Ваджэнне казы". Падрыхтоўка да каляд
- •Веснавыя гульнi. Святочнае iгрышча "гуканне вясны"
- •Захоп у ступу
- •А мы сеялi, сеялi лянок
- •Перапёлачка
- •Гульнi ў "тура", "баяры", "проса", "ляда"
- •"А мы проса сеялi..."
- •Абрадавае iгрышча "страла"
- •Крывы танец
- •"Тураўскi карагод" -- юраўскае iгрышча. Ляльнiк. Ярылавiца
- •Пастухоўскiя гульнi. Мiкола
- •Гульня пастухоў на Ягор'еў дзень
- •Кашэнне травы, або Салёны агурок
- •Кальцо, або Наброс
- •Воўчы хвост
- •Пастушок I авечкi
- •Карагодныя I танцавальныя гульнi
- •Сёмуха, купалле, пятро. Летнiя гульнi I забавы
- •Завiванне вянкоў
- •Iван Купала
- •Выбары хлопца
- •Прыпутнiк
- •Лiтаратура
Гульнi ў "тура", "баяры", "проса", "ляда"
Цiкавы фактычны матэрыял "Гульня ў Тура" быў надрукаваны ў часопiсе "Живая старина" ў 1894 г. Аўтар нататкаў В.Машкоў змясцiў тры варыянты старадаўняй гульнi, запiсаныя ў вёсках Малая Дубровiца, Харошынка i Пiшчац Бельскага павета Сядлецкай губернi. Цяпер гэтыя населеныя пункты знаходзяцца на тэрыторыi Польскай Рэспублiкi. Гульнёвы карагод ("горад") праводзiўся вясною. У "горадзе" i за iм -- па дзве дзяўчыны, якiя, узяўшы адна адну за стан, як пры "Польцы", ходзяць уздоўж круга ў супрацьлеглыя бакi i па чарзе спяваюць песню:
-- А Тур сваi жаночкi лычыць,
А Тур сваi маладэнькi.
Нашчо, Туру, жаночкi лычыш?
Нашчо, Туру, маладэнькi?
-- Каб м'ня вывюў з чэрэшне[ва]га саду,
Каб м'ня вывюў з зэлэненькага.
-- Чаго, мыла, да саду ходыла?
-- Чэрэшнёвы квiты ламала.
-- Нашчо, мыла, квiты ламала?
-- Паповычу-дзяковычу за шапачку клала,
Паповычу-дзяковычу маладэнькаму.
-- Нашчо, мыла, за шапачку клала?
-- Каб м'ня вывюў з чэрэшне[ва]га саду,
Каб м'ня вывюў з зэлэненькага.
-- А дэ, мыла, каня падзiла?
-- Ой, аддала пановычу,
Пановычу-дзяковычу маладэньк[ам]у.
-- Нашчо, мыла, паночку дала?
-- Каб м'ня вывюў з чэрэшне[ва]га саду,
-- Каб м'ня вывюў з зэлэненькага.
Песня паўтараецца некалькi разоў з заменаю слова "каня" (выдзелена) на "ўздзечку", "сядло", "шапку", "сюрдук", "пояс" i "чобуты", а затым спяваюць:
-- А дэ, мыла, кашу падзiла?
-- Выкiнула пад прыпэчак.
-- Нашчо, мыла, кашу выкiдала?
-- Жэб не було мыламу iсты.
Наступная песня гульнi спяваецца на iншы матыў:
-- А я перстэнь пакачу,
Так i жону iзышчу,
-- А мы перстэнь сзовымо,
Так i жоны нэ дамо.
-- А я мост iзмашчу,
Так i жону iзышчу.
-- А мы мост зломымо,
Так i жоны нэ дамо.
-- А мы хлiба напеком, так i жону отберым.
-- А мы хлiб iзьiмо, так i жоны нэ дамо.
-- Мы горылкi нажэнiм, так i жону отберым.
-- Мы горылку выпьемо, так i жону нэ дамо.
-- А мы пыва нажэнiм, так i жону отберым.
-- А мы пыво выпьемо, так i жоны нэ дамо.
-- А мы мэду нажэнiм, так i жону отберым.
-- А мы мэд выпьемо, так i жоны нэ дамо.
-- А мы выно нажэнiм, так i жону отберым.
-- А мы выно выпьемо, так i жоны нэ дамо.
-- А мы дзёгцю нажэнiм, так i жону отберым.
-- А мы дзёгоць выльемо, так i жоны нэ дамо.
Увесь хор:
-- А Тур жону злавiў, з ею шкуру садраў.
Пры выкананнi апошнiх радкоў дзяўчаты, якiя хадзiлi ўнутры круга, выбягаюць адтуль, а якiя хадзiлi звонку -- тых ловяць. На гэтым гульня i заканчваецца.
У ёй праяўляецца старадаўнi звычай выкрадання нявест, калi спаборнiчаюць два роды. "Умыканне жоны" таксама праглядаецца i ў iншых гульнях, напрыклад "А мы проса сеялi", вясельнай гульнi "барацьбы дружак", калi хлопцы i дзяўчаты спаборнiчаюць у выкананнi песень, у якiх высмейваюць адзiн аднаго.
У дадатку да гульнi В.Машкоў падае, спасылаючыся на этнографа О.Кольберга, такi факт. Недалёка ад вёскi Пiшчац ёсць лес, якi называецца Туравым лесам або гаем. У iм знаходзiцца камень, якi нагадвае вершнiка на канi. "Гэта быў нейкi важны i жорсткi пан, адна з ахвяр якога закляла словамi: "Бадась скаменял!" (г.зн. дай Бог, каб ты акамянеў)". Аўтар мiжволi аддаецца фантазii i пераносiцца ў далёкiя дахрысцiянскiя часы, калi Тураў лес, магчыма, лiчыўся святым гаем, у якiм пакланялiся i прыносiлi ахвяры жорсткаму божышчу Туру. Камень, мусiць, быў яго ўвасабленнем, а песня пра Тура -- святым гiмнам.
Што вядома з гiсторыi пра тура?
Тур -- гэта першабытны вымерлы бык. Знешне ён падобны быў на зубра i адрознiваўся ад яго "чорнай з белым паласой уздоўж хрыбта". Меў распаўсюджанне ва ўсходнiм паўшар'i. Як сведчаць пiсьмовыя дакументы, апошнi тур быў забiты ў Польшчы ў 1627 г. Пра яго пiсалi Плiнiй, Сенека, Марцыян, Юлiй Цэзар i iнш. Тур славiўся сiлаю, хуткасцю i быў прадметам палявання храбрых, палявання князёў. На яго паляваў, напрыклад, Уладзiмiр Манамах (1096). Тур упамiнаецца ў "Слове пра паход Iгаравы", у Iпацьеўскiм летапiсе. З рога жывёлы рабiлi музычныя духавыя iнструменты, аздаблялi яго каштоўнасцямi, шырока прымянялi ў быце шкуру. Грозная жывёлiна апявалася як у старажытнай лiтаратуры, так i ў вуснай народнай творчасцi.
У некаторых летапiсах, што былi скiраваны супраць "паганства", упамiнаецца, як на iгрышчах вадзiлi тура-сатану. Упершыню ў пачатку ХIХ ст. турам стаў цiкавiцца пiянер славянскай фалькларыстыкi З.Я.Даленга-Хадакоўскi. Па сведчаннi вядомага дарэвалюцыйнага мiфолага А.А.Афанасьева, вясенняе свята Турыцы было шырока вядома ў славян; у Галiцыi Турыцы святкавалi ў пачатку мая цi на Зялёным тыднi; у чэхаў першае мая вядома як каровiна свята: у гэты дзень дзяўчаты чысцiлi i высыпалi пяском хлявы, упрыгожвалi свойскiх жывёл кветкамi i зялёнымi галiнкамi, давалi iм хлеб, мазалi яго мёдам i затым пры гуках вясковай музыкi гналi статак на пашу, спявалi песнi. У паўднёвых славян Турыцы былi на Масленiцу, у заходнiх -- каля Тройцы. У беларускiм земляробчым календары назiраецца найбольшая ўвага да свойскай жывёлы ў пэўныя зiмовыя i веснавыя днi.
Дарэвалюцыйныя даследчыкi фальклору А.Афанасьеў, П.Галубоўскi, А.Фамiнiцын лiчылi Тура мясцовым язычнiцкiм боствам i ўпадаблялi яго Перуну, Ярыле. А.Афанасьеў, напрыклад, бачыў сувязь яго з Перуном на аснове загадак: "Раўнуў вол за сто гор, за сто рэчак" (гром), "Тур ходзiць па гарах, турыца -- па далах; тур -- то свiсне, турыца -- то мiгне" (гром i маланка) i з iншых назiранняў. Супрацьлеглую думку выказалi А.I.Кiрпiчэнкаў, М.Ф.Сумцоў, якiя не бачылi ў туры язычнiцкае боства. Этнограф М.Ф.Сумцоў у спецыяльнай працы "Тур у народнай славеснасцi" (1887) прааналiзаваў прадмет пытання ў такiх невялiкiх раздзелах, як "Гiсторыка-заалагiчныя звесткi пра тура", "Тур у асабовых iмёнах,... у мясцовых назвах,... у маларускiх прымаўках,... у маларускiх песнях,... у вялiкарускiх былiнах, ...у абрадах". Даследчык разглядае тура як паэтычны i рытуальны персанаж.
Акадэмiк Б.А.Рыбакоў бачыць у знойдзеных археалагiчных радзiмiцкiх падвесках з адлюстраваннямi галавы быка i сямю дзявочымi фiгуркамi сляды абраду Турыц, падобных да грэчаскiх таўракатапсiй. На Турыцы насiлi маскi тура. На той жа радзiмiцкай зямлi ў некаторых раёнах на навагоднiя святы "вадзiлi тура", абрад якога падобны на "ваджэнне казы". У беларускай народнай гульнi "Бычок" праяўляюцца сляды культу быка, "буй-тура", "яр-тура". Да ХIХ ст. у нашчадкаў дрыгавiчоў i вяцiчаў зберагалiся галаўныя ўборы з "тур'iмi" рагамi. У Кiеве была знойдзена "Турава бажнiца". У многiх тапанiмiчных назвах Беларусi захоўваецца корань "тур": Тураў, Туркi, Турная i iнш.
Цяпер, калi сабраны многiя факты пра гэтую незвычайную жывёлiну, у тым лiку i матэрыялы В.Машкова, з большай верагоднасцю можна адносiць Тура да язычнiцкага культу, хоць ён прама не зафiксаваны ў летапiсах як боства. Аднак жа пра Тура iснуе не менш фактаў, чым пра Ярылу, i яго таксама залiчваюць многiя даследчыкi ў язычнiцкiя культы.
Цiкавымi з'яўляюцца старажытныя гульнёвыя карагоды "Проса", "Ляда", "Баяры". У гульня "Ляда" удзельнiкi падзяляюцца на два рады, часцей хлопцы i дзяўчаты ў супрацьлеглых партыях. Узяўшыся за рукi ў радах, што стаяць насупраць адзiн аднаго, спяваюць па чарзе (па ролях): "Дзеўкi просу сеялi, сеялi". -- "А мы просу патопчам, патопчам..." Заканчваецца песня словамi: "Мы дзевушку забяром, забяром". -- "Мы вам коней аддаём, аддаём". Затым хлопцы забiраюць дзяўчыну ў свой рад або ловяць гульца, якi бяжыць памiж радамi. I так працягваюць, пакуль з аднаго рада не пяройдуць гульцы ў другi.
Гульня вядома ўсiм усходнiм славянам. У ёй захавалася шмат архаiчных рыс. Тут аграрна-магiчная сутнасць сплецена са шлюбнай сiмволiкай i складае адзiнства, якое заключае ў сабе як вясенне-палявыя работы, так i веснавую шлюбнасць -- пасхальны Мясаед (Б.А.Рыбакоў). Бачыцца каляндарная прымеркаванасць (Фамiн цi Сёмушна-Траецкi тыдзень) да веснавых магiчных абрадаў прыгатавання лядаў, пасеваў, выкрадання i продажу дзяўчат ("А што даеце выкуп, выкуп?", "Мы дзевачку прададзiм, прададзiм"). Мусiць, гульня праводзiлася ў гонар язычнiцкiх бостваў Ярылы i Лады, калi адбывалiся "игрища межю селы... и ту умыкаху жены собе..." (летапiсы). У некаторых тэкстах захаваўся i архаiчны прыпеў: "Ой, Дзiд са Ладаю..." Н.Н.Цiханiцкая сцвярджае, што вытоптванне проса першапачаткова не было варожым актам, а меўся на ўвазе абмалот яго пры дапамозе людзей i коней. На аснове традыцый гэтых гульняў маглi ўтварыцца пазней гульнi "Лянок" ("А мы сеялi, сеялi лён"), "У каноплi" i iншыя са шлюбнай тэматыкай i сваiм сюжэтам.
Д а д а т а к
