Максім танк
Біяграфія Максіма Танка багатая і гераічная. Нарадзіўся Яўген Іванавіч Скурко (так па-сапраўднаму звалі паэта) 17 верасня 1912 г. у вёсцы Пількаўшчына на Мядзельшчыне ў сялянскай сям’і. Пасля пачатку Першай сусветнай вайны бацьку будучага паэта мабілізавалі ў войска, і ён разам з адыходзячым фронтам асеў у Расіі. Туды ж падалася і маці з сынам. У Маскве Яўген пачаў хадзіць у школу. Увосень 1922 г. сям’я вярнулася на радзіму, але апынулася ў Польшчы, да якой адышла Заходняя Беларусь па несправядліваму Рыжскаму дагавору. Працягваць вучобу Скурко паспрабаваў у Віленскай рускай прыватнай гімназіі, але яе закрылі польскія ўлады. Пачаў вучыцца ў Радашковіцкай беларускай гімназіі, але быў выключаны з яе за ўдзел у забастоўцы, накіраванай супраць урадавай палітыкі ліквідацыі школ нацыянальных меншасцей. З Радашковічаў Скурко зноў пераехаў у Вільню і паступіў у беларускую гімназію, але і там доўга не затрымаўся, бо за ім ужо сачылі польскія ўлады. Прыйшлося перайсці на курсы меліяратараў.
Скурко пачаў пісаць вершы ў 1927 г., яшчэ ў Радашковіцкай гімназіі. Аднак упершыню асмеліўся іх апублікаваць толькі ў 1932 г. у падпольным рукапісным часопісе “Пралом” пад псеўданімам Граніт. У тым жа годзе ў львоўскай газеце “На пераломе” з’явіўся верш “Зайштракавалі гіганты каміны”, падпісаны псеўданімам Максім Танк. З ім паэт і ўвайшоў у беларускую літаратуру.
У 30-я гады Максім Танк – ужо заўзяты рэвалюцыянер. Ён змагаўся не толькі сваім палымяным словам, але і актыўна распаўсюджваў камуністычную літаратуру, вёў падпольную работу сярод моладзі, адстойваў правы працоўных беларусаў мець свае школы, бібліятэкі, карыстацца беларускай мовай. Неаднаразова яго арыштоўвалі, судзілі, кідалі ў турму.
У 1936 г. на грошы КПЗБ быў выдадзены першы зборнік паэта “На этапах”. На другі ж дзень увесь тыраж канфіскавалі. Але ўжо на наступны год выходзіць другі зборнік “Журавінавы цвет”, у 1938 г. – трэці “Пад мачтай”. Ад кнігі да кнігі расце паэтычнае майстэрства Максіма Танка.
Вызваленне савецкімі войскамі Заходняй Беларусі ў верасні 1939 г. застала паэта ў роднай Пількаўшчыне. Адразу выехаў у Мінск, дзе сустрэўся з многімі беларускімі савецкімі пісьменнікамі, якіх да гэтага ведаў па іх творах. Падчас Вялікай Айчыннай вайны М. Танк працаваў у франтавой газеце “За Савецкую Беларусь”, быў сакратаром агітплаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”. Творы Максіма Танка з’яўляліся на старонках перыядычных выданняў, гучалі па радыё, перакладаліся на іншыя мовы. У гэты час паэт завязаў сяброўскія сувязі з прадстаўнікамі братніх савецкіх літаратур, пазнаёміўся з многімі рускімі пісьменнікамі, з якімі потым сябраваў усё жыццё.
Надзвычай плённа працуе паэт пасля вайны. Ён выдаў шмат паэтычных кніг (“Каб ведалі”, “На камні, жалезе і золаце”, “У дарозе”, “След бліскавіцы”, “Мой хлеб надзённы”, “Глыток вады”, “Хай будзе святло”, “Дарога, закалыханая жытам”, “Нарачанскія сосны”, “Прайсці праз вернасць” і інш.)
Заслугі М. Танка ў літаратурнай дзейнасці былі высока ацэнены. За кнігу “Каб ведалі” ён атрымаў Сталінскую прэмію. Літаратурнай рэспубліканскай прэміяй адзначана кніга “След бліскавіцы”, Дзяржаўнай прэміяй імя Я. Купалы – зборнік “Мой хлеб надзённы”, Ленінскай прэміяй (тады вышэйшай савецкай узнагародай) – кніга “Нарачанскія сосны”, Літаратурнай прэміяй імя А. Фадзеева – “Прайсці праз вернасць”.
Максіму Танку было нададзена званне народнага паэта Беларусі. Ён з’яўляўся акадэмікам Акадэміі навук БССР, а пасля аб’яўлення незалежнасці – Нацыянальнай акадэміі РБ. За актыўную грамадскую дзейнасць і вялікі плён у літаратуры Танку было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.
М. Танк працаваў на розных пасадах. Так, доўгі час ён быў галоўным рэдактарам часопіса “Полымя”. З 1966 г. і да сваёй смерці ў 1995 г. – старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, і пры ім СП перажываў свае зорныя часы. З’яўляўся ён дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, членам ЦК КПБ, членам Савецкага камітэта абароны міру.
Выдатнымі якасцямі паэзія Максіма Танка вызначылася яшчэ ў давераснёўскі час. Так, у шырокавядомым вершы “Песня кулікоў” расказваецца пра цяжкае жыццё сялянскай сям’і, але ў вершы няма безвыходнасці і адчаю – паэт, па-наватарску выкарыстоўваючы традыцыйны для народнай паэзіі вобраз песні кулікоў, сцвярджае надзею на блізкае вызваленне.
У паэзіі М. Танка перыяду Вялікай Айчыннай вайны шмат радкоў, якія і сёння нельга чытаць без хвалявання, напрыклад, у вершы “Мы вернемся”, напісаным ў страшныя месяцы суцэльнага адступлення: “А мы шляхі вярнуцца знойдзем, // Як вырай іх знаходзіць век, // Па сонцу, што над намі ўзойдзе, // Па звону беларускіх рэк”. Танкаўскі верш “Не шкадуйце, хлопцы, пораху...” беларускія партызаны зрабілі сваёй песняй.
Кола матываў і вобразаў, якія хвалявалі М.Танка, як і яго чытачоў, у ваенныя часы, дастаткова шырокае. Ён славіў подзвігі ваяроў, гаварыў пра падтрымку сумленнымі людзьмі ўсіх краін барацьбы савецкіх людзей супраць варожай навалы, вітаў вызваліцеляў, пісаў пра аднаўленне жыцця на руінах гарадоў і вёсак. Мастацкія сродкі, якімі карыстаўся паэт, каб уздзейнічаць на душы слухачоў і чытачоў, – таксама самыя разнастайныя. Тут і заклікі, і гучны пафас, і лірычная туга, і філасофскі роздум, і эпічныя сцэны, і сюжэтныя балады.
Не выпадкова менавіта ў цяжкія ваенныя часы (у 1943 г.) з’явіўся адзін з самых вядомых вершаў М. Танка і адзін з лепшых вершаў у беларускай літаратуры – “Родная мова”. Паэт сцвярджае галоўную нацыянальную каштоўнасць, каласальны духоўны скарб – мову. У мове ўвасоблена культура народа, яго душа, яго гісторыя. Верш пачынаецца з гімна матчынай мове, якая ўвабрала ў сябе цэлы свет: “З легендаў і казак былых пакаленняў, // З калосся цяжкога жытоў і пшаніц, // З сузор’яў і сонечным цёплых праменняў, // З грымучага ззяння бурлівых крыніц, // З птушынага шчэбету, шуму дубровы, // І з гора, і з радасці, і з усяго // Таго, што лягло назаўсёды ў аснову // Святыні народа, бяссмерця яго, – // Ты выткана, дзіўная родная мова”. Заканчваўся верш упэўненасцю, што народ пранясе сваю мову праз усе выпрабаванні і захавае для нашчадкаў.
Ужо пасля вайны размову пра важнасць мовы і літаратуры паэт працягвае ў шматлікіх вершах. Напрыклад, у вершы “Паэзія” ён гаворыць, як паэзія гаіла раны душы чалавека, дапамагала пераносіць гора і пакуты. Паэзія патрабуецца людзям, як дружба і радасць. Увогуле тэме мастацтва і яго значэнні ў жыцці чалавека прысвечана ў Танка шмат твораў – больш, чым у каго іншага з беларускіх паэтаў. Зусім не партыйныя агіткі ён пісаў, а імкнуўся давесці да народа важнасць агульначалавечых каштоўнасцей. Верш “Рукі маці” – сапраўдны гімн беларускай жынчыне-працаўніцы, якая ў значнай ступені выцягнула на сабе тыл падчас вайны і пасляваеннае будаўніцтва. Мастацкія сродкі верша падкрэсліваюць значнасць і веліч жанчыны: “Іх цалавала зямля // Сваімі пясчанымі вуснамі // І каласамі; // Неба спякотай, вятрамі, дажджамі // Іх цалавала”. Метафара “цалавала” ўзносіць хвалу і працавітым рукам, і ўслаўляе жыццё, і надае вобразу маці кантэкст вечнасці.
М. Танк у беларускай літаратуры лічыцца адным з самых інтэлектуальных паэтаў, яго глыбока цікавілі філасофскія пытанні. Ды і ў галіне формы М. Танк – наватар. Ён заўсёды шукаў новыя сродкі і творча скарыстоўваў традыцыі.
Творчасць М. Танка надзвычай багатая па закранутых тэмах – па сутнасці гэта ўсё людское жыццё. Яго найбольш цікавіў чалавек працы, яго духоўны свет. Шмат вершаў пейзажных. Ёсць творы, прысвечаныя ўбачанаму і асэнсаванаму ў замежных краінах (напрыклад, шырокавядомы верш “Ave Maria”). Асабліва неабходна адзначыць пастаянную цікавасць паэта да народнай творчасці. Так, у “Сказе пра Вяля” ён шмат узяў з чарадзейнай казкі, напрыклад, эпізоды нараджэння асілка Вяля, будучага змагара за справядлівасць. А ў знакамітай паэме “Люцыян Таполя” М. Танк паказвае таленавітасць працоўнага чалавека: галоўны герой тут – майстра рабіць розныя цуды з дрэва, чым заўсёды славіліся беларусы.
Творы М.Танка ўражваюць і багаццем фармальных рашэнняў. Ёсць сярод іх казкі, калыханкі, вершаваныя прытчы, балады, эпітафіі, пародыі. Інтанацыя вершаў М. Танка надзвычай гнуткая, разнастайная. Каб наблізіць твор да размоўнай мовы, ён часам звяртаецца да верша без рыфмы. Паэт адным з першых у беларускай літаратуры пачаў шырока выкарыстоўваць верлібр – такую форму верша без рыфмы і нават без пэўнага памеру, якая стала надзвычай папулярнай на мяжы ХХ і ХХІ стагоддзяў.
У 2012 г. Беларусь шырока адзначыла 100-годдзе свайго выдатнага паэта, сапраўды народнага і надзвычай сучаснага, творчасць якога шмат можа сказаць беларусу пра яго самога.
ЯНКА БРЫЛЬ
У 2012 г. споўнілася 95 год з дня нараджэння Янкі Брыля, выдатнага беларускага празаіка, аўтара рамана “Птушкі і гнёзды”, шматлікіх аповесцей і апавяданняў, аднаго з аўтараў сусветна вядомай кнігі “Я з вогненнай вёскі...”
Я добра ведала Івана Антонавіча, бо мы з ім доўгі час былі суседзямі. Дом № 36 па вуліцы Карла Маркса – у 50–60-я гады дом пісьменніцкай карпарацыі, своеасаблівая камуна. Жылі мы тады дружна і вельмі радасна. Кватэра Я. Брыля размяшчалася якраз над нашай. Калі Іван Антонавіч спускаўся па лесвіцы (у доме не было ліфта) са свайго пятага паверха, ён заўсёды спяваў. У яго быў вельмі прыемны мяккі барытон. Спевы Брыля падымалі настрой і як бы зараджалі энергіяй і прагай жыцця. Ён сам быў увасабленнем жыцця поўнага і шчаслівага – высокі, магутны, энергічны, надзвычай дасціпны. Часта заходзіў да майго бацькі. І нават калі абодва – Шамякін і Брыль – раз’ехаліся па іншых кватэрах, яны захавалі да канца жыцця сяброўскія адносіны. Здарылася так, што з прызнаных савецкіх празаікаў-класікаў, а Брыля і Шамякіна менавіта адносілі да класікаў, яны пражылі даўжэй за ўсіх, хоць у апошнія гады жыцця кантактавалі ў асноўным па тэлефоне. І характэрная дэталь: палітычныя погляды ў абодвух адрозніваліся (відаць, не апошнюю ролю адыгрывала тое, што адзін выхоўваўся ў польскім асяроддзі, а другі – у русіфікаваным), але гэта не мела абсалютна ніякага значэння для шчырага сяброўства, для падтрымкі адзін аднаго.
Янка (Іван Антонавіч) Брыль нарадзіўся 4 жніўня 1917 года ў горадзе Адэсе (Украіна) у сям’і чыгуначніка. Бацькі ў свой час збеглі ад вайны на поўдзень тагачаснай Расійскай імперыі, але ў 1922 г. вярнуліся на радзіму – у Заходнюю Беларусь (вёску Загора Карэліцкага раёна Гродненскай вобласці). Сям’я Брыля – рабоча-сялянская, але па-свойму і інтэлігенцкая. Тут панавалі высокі аўтарытэт працы і культ асветы, кнігі. Маці Янкі навучыла яго чытаць па-руску. Закончыў ён польскую сямігодку ў 1931 г., працаваў на гаспадарцы, займаўся самаадукацыяй. Добрае веданне рускай і польскай моў далучыла яго да скарбаў сусветнай культуры. Шмат чытаў. Асабліва паўплывала на яго станаўленне як пісьменніка творчасць Л. Талстога і А. Чэхава.
Пісаць пачаў з вершаў, апублікаваў першы з іх у 1938 г. Але потым перайшоў на апавяданні і да вайны друкаваўся дастаткова актыўна.
У 1938 г. хлопец быў прызваны ў польскую армію. І ўжо ў першы дзень Другой сусветнай вайны Брыль браў удзел у няроўных баях з фашыстамі пад Гдыняй. Вестка пра ўз’яднанне Беларусі ў верасні 1939 г. сустрэла Івана Антонавіча ў нямецкім палоне і падштурхнула да ўцёкаў. Другая спроба ўдалася: у жніўні 1941 г. ён вярнуўся дахаты, у 1942 г. стаў партызанскім сувязным, з 1944 г. – разведчыкам партызанскай брыгады “Камсамолец”, рэдактарам газеты Мірскага падпольнага райкома “Сцяг свабоды”.
З кастрычніка 1944 г. жыў пастаянна ў Мінску. Працаваў у рэдакцыі газеты-плаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”, часопісах “Маладосць”, “Вожык”, “Полымя”, у Дзяржаўным выдавецтве БССР. Быў прыняты ў члены Саюза пісьменнікаў Беларусі ў 1945 г. Двойчы выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. З’яўляўся Старшынёй Беларускага аддзялення таварыства “СССР – Канада”; з 1989 г. стаў членам Беларускага ПЭН-цэнтра. Узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны ІІ ступені, Дружбы народаў, “Знакам Пашаны”, савецкімі і польскімі медалямі. Лаўрэат Сталінскай прэміі (1952 г.), Літаратурнай прэміі імя Я. Коласа (1963 г.), Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1982 г.). Народны пісьменнік Беларусі з 1981 г.
Я. Брыль не імкнуўся займаць дзяржаўныя пасады, выстаўляцца на першы план, хоць і абывацелем, безумоўна, не быў – шчыра цікавіўся грамадскімі справамі. Але па натуры ён – сузіральнік. Назіраць жыццё, чытаць і пісаць – вось любімыя яго заняткі.
Першая аповесць Брыля – “Сірочы хлеб” (1942 г.) – звяртае на сябе ўвагу шчырым клопатам пра лёс Беларусі, лёс яе маладога пакалення. Другая аповесць “У сям’і” (1943 г.) сцвярджае думку пра важнасць сямейнага выхавання.
У 1946 г. выйшаў першы зборнік апавяданняў Я. Брыля з прадмовай К. Крапівы. Але па-сапраўднаму праславіўся Брыль аповесцю “У Забалоцці днее”. У аповесці расказвалася пра станаўленне калгаснага ладу і традыцыі вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі.
Працаваў Брыль надзвычай напружана. У 40-я гады ў яго выйшла чатыры кніжкі, а ў 50-я – ужо трынаццаць, сярод якіх – пяць для дзяцей.
Уклад Я. Брыля ў развіццё апавядання і аповесці цяжка пераацаніць. Некаторыя яго апавяданні сталі беларускай класікай – “Галя”, “Маці”, “Надпіс на зрубе”, “Memento mori”. Напрыклад, у апошнім з названых уражвае кантраст стылю і зместу: пра жахлівую падзею спальвання жыхароў беларускай вёскі фашыстамі пісьменнік апавядае падкрэслена “бясстраснымі” сродкамі, прычым з пазіцыі фашысцкага ката, які лічыць сябе культурным і гуманным: можа нават дараваць жыццё мясцоваму печніку. Але пячнік не прымае ласкі ката і сам вырашае свой лёс. У апавяданні “Галя” аўтар з дапамогай рэтраспекцыі як бы пашырае мастацкі час і прастору, дасягаючы амаль раманнага асэнсавання жыцця. Тое ж можна сказаць пра апавяданне “Надпіс на зрубе”, дзе пісьменнік апісвае старога рыбака Астапа Вячэру, героя нарачанскага паўстання, ветэрана трох войнаў. Але для аўтара ён – найперш прыгожы чалавек: “Найпрыгажэйшы бывае чалавек тады, калі ён не ведае пра гэта, калі ён не бачыць самога сябе”.
Пры ўсёй разнастайнасці тэм і сюжэтаў, эмацыянальнай настраёвасці апавяданняў Я. Брыля ёсць у іх нешта агульнае, найперш – праблема свабоднага выяўлення і самасцвярджэння чалавечай асобы. Пры гэтым празаік максімальна набліжае сваю, аўтарскую, пазіцыю да пазіцыі героя. Гэта і ёсць лірызм у прозе. Я. Брыль фактычна стваральнік лірычнай прозы ў беларускай літаратуры.
У 40–60-я гады Я. Брыль піша, акрамя апавяданняў, некалькі аповесцей. Звярнула на сябе ўвагу аповесць “На Быстранцы”, дзе апісваліся шматлікія змены на вёсцы ў сярэдзіне 50-х гадоў, якія тады, у часы хрушчоўшчыны, здаваліся надзвычай прагрэсіўнымі. Аднак Я. Брыль стварае такія сітуацыі, якія нельга трактаваць адназначна. Для іх спатрэбіўся і новы герой – інтэлігент, інтэлектуал. У аповесці героі пераважна маладыя. Яны пераадолелі ваенныя выпрабаванні, атрымліваюць адукацыю і актыўна шукаюць свайго месца ў жыцці.
У 1962-1964 гг. Брыль піша адзіны свой раман “Птушкі і гнёзды”, дзе асэнсоўвае ўласную маладосць. У цэнтры аповеду – лёс маладога чалавека з Заходняй Беларусі – Алеся Руневіча, для якога вайна пачалася не ў 1941 г., а ў 1939 г. і хутка, паколькі тагачасныя польскія ўлады збеглі з краіны і пакінулі народ і войска на волю лёсу, абярнулася для цэлага пакалення пакутамі і ганьбай палону.
Тэкст рамана “Птушкі і гнёзды” пабудаваны як суцэльны лірычны маналог, які дазваляе прасачыць ва ўсіх падрабязнасцях і нюансах працэс самавыхавання, станаўлення асобы ў вельмі няпростых, неспрыяльных сацыяльных абставінах. У творы, як і ў чалавечай памяці, суіснуюць розныя пласты часу, і выяўленчы план успамінаў чаргуецца з планам рэальнасці. Структура рамана дастаткова складаная: гэта асобныя эпізоды, як бы кадры рэчаіснасці, сувязь паміж якімі забяспечвае асацыятыўнае мысленне і героя, і аўтара-апавядальніка. Раман – не для забаўляльнага чытання, ён патрабуе значнага інтэлектуальнага напружання.
Адначасова з раманам Я. Брыль пачынае працу над зусім як бы супрацьлеглым жанрам – кароткімі апавяданнямі-мініяцюрамі. Літаральна ў адзін час з выхадам рамана апублікавана яго першая падборка лірычных мініяцюр, а ў 1965 г. выходзіць кніга “Жменя сонечных промняў”, якая прадэманстравала “іншага Брыля”. Мініяцюра патрабуе гранічнага аўтарскага самавыяўлення, прычым у вельмі сціслым выглядзе. Я. Брыль неаднаразова сцвярджаў, што ў сваіх мініяцюрах ён найбольш адчувае сябе самім сабою: мікражанр дазволіў яму не хавацца за выдуманага героя, а гаварыць адкрыта і шчыра. У “пасляраманны” перыяд творчасці ён выдаў каля дзесяці зборнікаў мініяцюр, па форме вельмі розных: гэта і дзённікавы запіс, і дасціпны афарызм, і мінідыялог, анекдатычная сцэнка, філасофскае разважанне, верш у прозе. Пасля Брыля да гэтага жанру звярнуліся многія пісьменнікі, але ён быў першы.
У сааўтарстве з А. Адамовічам і У. Калеснікам Я.Брыль напісаў дакументальную кнігу “Я з вогненнай вёскі...” (1975 г.). Па матывах кнігі пастаўлены “Хатынскі цыкл” дакументальных фільмаў.
Вядомы Я. Брыль і як перакладчык з рускай, украінскай і польскай моў. У яго перакладах на беларускую мову выйшлі некаторыя кнігі класікаў: Л. Талстога, А. Чэхава, П. Бажова, А. Вішні, А. Даўжэнкі, М. Канапліцкай, Э. Ажэшкі, Я. Івашкевіча і інш. За пераклады атрымаў некалькі прэмій у Польшчы.
Памёр Іван Антонавіч Брыль у 2007 г.
