Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
БІЯГРАФІЯ НА ФОНЕ ЭПОХІ.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
217 Кб
Скачать
☆

Іван мележ

Стыль прозы Івана Мележа лічыцца ў беларускай літаратуры найбольш гарманічным – зладжаным на розных сваіх узроўнях, і найбольш музычным. Асабліва ўдаваліся пісьменніку шырокія карціны быту і нораваў, паказ розных сфер чалавечай дзейнасці, псіхалагічныя характарыстыкі герояў.

Шамякіны і Мележы доўгі час жылі побач, на адной пляцоўцы дома № 36 па вуліцы К. Маркса ў Мінску, а таксама па суседству і на лецішчах у Ждановічах. Таму я добра ведала Івана Паўлавіча. Моцна паранены на вайне, у гады майго маленства і юнацтва ён быў ужо цяжка хворы. Але менавіта ў гэты час стварыў найбольш знакамітыя свае творы.

Іван Паўлавіч Мележ нарадзіўся 7 лютага 1921 г. у вёсцы Глінішчы Гомельскай вобласці ў звычайнай сялянскай сям’і. Вучыўся ў Хойніках, а паколькі вызначаўся выдатнымі здольнасцямі, здолеў паступіць у Маскоўскі інстытут філасофіі, гісторыі і літаратуры – самую, бадай, элітную навучальную ўстанову ў СССР, дзе вучыліся дзеці наменклатуры і слынных людзей мастацтва. З пачаткам вайны Івана прызвалі ў армію, у артылерыйскі полк. Служыў у Карпатах, удзельнічаў у вызваленні Паўночнай Букавіны. Былі ў яго цяжкія адступленні, баі ў акружэнні, раненні. Умелы хірург выратаваў хлопцу прастрэленую правую руку, якая так спатрэбілася потым, у пісьменніцкай працы. Але нейкі час прыйшлося пісаць левай рукой. Доўга лячыўся ў Грузіі, быў камісаваны, потым пераехаў у Бугуруслан (Малдова), дзе вучыўся ў педагагічным інстытуце. Даведаўшыся пра Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Іван Паўлавіч паехаў у невялікі дачны пасёлак Сходню пад Масквой, дзе БДУ працаваў ў час вайны. Тады Мележ быў ужо жанаты, з маленькай дачкой, а прыходзілася вучыцца, працаваць, стаяць у чэргах за ежай, уладкоўваць быт, ды яшчэ пісаць апавяданні.

Пасля вызвалення Беларусі ў 1944 г., разам з універсітэтам, Мележ пераязджае ў Мінск, дзе жыве ўжо пастаянна да канца жыцця. Скончыў філалагічны факультэт, аспірантуру, працаваў выкладчыкам беларускай літаратуры, потым рэдактарам часопіса “Полымя”. Пачалі выходзіць яго кнігі: апавяданні, аповесці, дзве п’есы, раман “Мінскі напрамак”.

У ранніх творах выразна акрэсліваецца эпічнасць мастацкага бачання свету пісьменнікам. Выяўляецца яна ў розных аспектах: у шырокіх сувязях характараў і абставін, грунтоўнасці матывіровак учынкаў і перажыванняў персанажаў, ва ўменні заўважыць і прасачыць рух характараў.

Знакамітая “Палеская хроніка” неяк зацямніла першы мележаўскі раман – “Мінскі напрамак”. Між тым твор гэты значны і па-свойму цікавы. Раман з’явіўся яшчэ ў 1952 г., затым, у пачатку 1970-х гадоў, аўтар яго істотна перапрацаваў. У рамане выразна адчуваліся запатрабаванні часу – імкненні раманістаў найперш да абавязковай знешняй манументальнасці і панарамнасці. Тут адбіліся і хваробы росту самога аўтара, пошук ім самога сябе, свайго стылю. Аднак ужо ў першым варыянце заўважаліся відавочныя вартасці рамана: імкненне бачыць і паказаць усю Беларусь – і фронт, і тыл – як адзіную панараму барацьбы, гераізму і трагедый ваенных гадоў; удалася лінія камбрыга Чарняхоўскага; звяртаюць на сябе ўвагу шматлікія праўдзівыя дэталі, рысы псіхалогіі і быту.

Большасць твораў пра вайну – выразна аўтабіяграфічныя. Мележ пайшоў іншым шляхам, узяўшыся за шырокае палатно і паказаўшы падзеі, у якіх ён непасрэднага ўдзелу не прымаў. Іван Паўлавіч баяўся, што яго ваенны вопыт – залішне вузкі і не будзе цікавым для чытачоў. Між тым перажытае асабіста – і ёсць самае каштоўнае ў творчасці пісьменнікаў-ветэранаў.

Раман І. Мележа “Людзі на балоце” спачатку задумваўся аўтарам як невялікая аповесць пра меліяратараў Палесся. Але ў выніку, у працэсе работы, атрымалася зусім іншае: раман пра беларускую вёску на пераломе часу – пераходзе сялянства ад аднаасобнай гаспадаркі да калектывізацыі. У апошнія гады, калі адбываюцца, уласна кажучы, працэсы супрацьлеглыя, пра мележаўскі раман згадваюць як бы з некаторай няёмкасцю – як быццам ён быў апалагетыкай савецкага ладу жыцця. На самай справе, галоўнае ў ім – нацыянальнае жыццё, і найперш тое, што як паветра неабходна нам сёння, каб выхаваць сапраўдных гаспадароў: адчуванне любасці да сваёй зямлі, прага мець яе, працаваць на ёй. Гэтым напоўнены раман, ды ўласна кажучы, уся “Палеская хроніка”, якая складаецца з трох раманаў: “Людзі на балоце” (1962), “Подых навальніцы” (1966), “Завеі, снежань” (выйшаў у 1978). Задумваліся яшчэ два раманы, але напісаць іх Іван Паўлавіч не паспеў – пайшоў з жыцця ў 1976 г.

Раманы І. Мележа, асабліва лепшы з іх – “Людзі на балоце” – падкрэслена рэалістычныя. І гэта дапамагло аўтару адкрыць свет у многім адметны, незвычайны – свет палешукоў, якія спрадвеку жылі ў лясах, на балотах. Лясы і балоты ціснулі з ўсіх бакоў, таму зямля для пашы набывала асабліва важнае значэнне. Адсюль – такая апантанасць ёю галоўных герояў, асабліва Васіля Дзятла. Улада зямлі паказваецца пісьменнікам з нябачнай да таго ў беларускай літаратуры псіхалагічнай глыбінёй – па палкасці натуры Васіля можна параўнаць з Рыгорам Мелехавым М. Шолахава.

З часоў аглушальнай славы рамана І. Мележа беларусаў пачалі называць не “тутэйшымі”, а “людзьмі на балоце”, прычым не ў негатыўным сэнсе, а выключна ў пазітыўным, улічваючы некаторыя адкрыцці археолагаў, гісторыкаў, этнографаў, лінгвістаў: верагодна, славянства нарадзілася некалькі тысяч гадоў таму якраз на Палессі, на месцы былога Мора Герадота; а яшчэ больш верагодна: балоты выратоўвалі славянскі этнас у часы Вялікага перасялення народаў, даўшы магчымасць адседзецца там, куды ваяўнічыя качэўнікі-захопнікі залазіць баяліся. У выніку культура палешукоў – як бы “кансервы” Еўропы: тут захаваліся самыя старадаўнія, а таму – найбольш каштоўныя – формы мовы, элементы побыту, архаічны фальклор, звычаі, абрады. Раман “Людзі на балоце” напоўнены паэзіяй гэтага адметнага, нават для саміх беларусаў, жыцця. Формы і фарбы прыроды, характэрныя дэталі побыту так маляўніча, так прыцягальна мог паказаць толькі пісьменнік, які на Палессі нарадзіўся і вырас. Натуральна, што “Палеская хроніка” аказалася надзвычай цікавай для савецкіх, для еўрапейскіх чытачоў. Таму ў БССР была адзначана Літаратурнай прэміяй імя Я. Коласа, а на ўзроўні Савецкага Саюза – самай вышэйшай тады Ленінскай прэміяй (1972). У 1972 г. Іван Мележ стаў і народным пісьменнікам Беларусі.

Але этнаграфізмам, своеасаблівай экзотыкай зусім не вычэрпваецца “Палеская хроніка”. У тым і геніяльнасць І. Мележа, што ён здолеў паказаць, што і ў глухім, закінутым кутку Еўропы, на яе перыферыі, людзі – значныя і цікавыя, з багатым духоўным жыццём. Тут ёсць усё: пошукі героямі сваёй жыццёвай дарогі, радасці працы і сямейнага ладу, рамантычнае каханне, глыбокія драмы.

Пра кожнага з герояў сказана якраз з той мерай, каб зразумець, якія сапраўдныя, нявыдуманыя іх жыццёвыя клопаты і турботы. Значнае месца ў рамане займае традыцыйны для мастацкай літаратуры любоўны трохкутнік: Васіль – Ганна – Яўхім. Да Мележа з такой глыбінёй драма кахання, бадай, не паказвалася. І побач з гэтым архетыповым сюжэтам – лінія Апейкі, камуніста, які праводзіць калектывізацыю на Гомельшчыне. Сёння мы ведаем, як няпроста праходзіла калектывізацыя. Але гэта зусім не азначае, што яна ўсюды праходзіла з нейкімі парушэннямі і абавязковымі трагедыямі. Усё, у рэшце рэшт, залежала ад людзей, ад кіраўніцтва раёна, вобласці, рэспублікі. Каштоўнасць рамана І. Мележа якраз у тым, што ён паказвае неадназначнасць ідэалагічных ацэнак (не мае значэння – з плюсам ці з мінусам), іх аднабаковасць, прымітывізм: жыццё ўсё роўна намнога больш складанае. Тое, што сяляне вёскі Курані дастаткова лёгка ўтварылі калгас, нягледзячы нават на апантанасць уласнай зямлёю такіх, як Васіль, у многім заслуга чалавекалюбцаў тыпу Апейкі. Сёння мы можам у поўнай меры ацаніць і мужнасць, мудрасць, прадбачлівасць Апейкі, многія думкі якога актуальныя для нашага часу. А на самай справе гэта – думкі самога аўтара.

У падачы, у разгортванні падзей І. Мележ ішоў ад простага да больш складанага: ад быту, працы, асабістых стасункаў – да сацыяльных узаемаадносін на вёсцы, да палітычнай барацьбы і ідэалагічных спрэчак. Усё гэта, аднак, адбываецца не ў замен адно другому, не паслядоўна, а як пашырэнне і паглыбленне жыццёвай плыні. Увесь надзвычай багаты жыццёвы матэрыял падпарадкаваны не проста паказу вёскі пэўнага перыяду, а даследаванню, асэнсаванню яе праблем ва ўсёй гістарычнай перспектыве. Таму і застаецца раман злабадзённым да сёння, таму і чытаецца з такой цікавасцю.

Своеасаблівая і мова раманаў, у якой у найбольшай ступені адбілася непаўторная індывідуальнасць аўтара. Фраза ў яго разгорнутая, з удакладненнямі і паясняльнымі словамі, зваротамі, нярэдкімі дыялектызмамі, але меладычная і нестамляльная для чытача. Такая фраза дае магчымасць, апрача іншага, паказаць прадмет, з’яву, персанаж у розных сувязях і ўзаемадачыненнях, а ў цэлым утварае адчуванне багацця і разнастайнасці жыцця, адметнасці пэўнага часу.

“Палеская хроніка” І. Мележа – у поўным сэнсе слова народная эпапея.