Уладзімір караткевіч
Уладзімір Караткевіч – любімы народам Беларусі, асабліва моладдзю, беларускі пісьменнік. Яго галоўная заслуга – стварэнне высакаякаснай гістарычнай, гісторыка-прыгодніцкай прозы. Проза Караткевіча вызначаецца рамантычным пафасам і адначасова жыццёвай праўдзівасцю. Увогуле ж ён працаваў ва ўсіх літаратурных жанрах – паэзіі, прозе, драматургіі, публіцыстыцы, крытыцы.
Нарадзіўся Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч 26 лістапада 1930 года ў горадзе Оршы ў сям’і інтэлігентаў – служачага і настаўніцы. Яго продкі паходзяць з беларускага Прыдняпроўя. На пытанне маёй анкеты, што з уражанняў дзяцінства найбольш спрыяла станаўленню яго таленту, Уладзімір Сямёнавіч адказаў: “Што спрыяла?.. Сваякі (і на суседзяў шанцавала) былі людзі спявучыя, вельмі музычныя, многія з добрымі галасамі, з апавядальным талентам...”
Караткевіч адзначыў, што з самага ранняга ўзросту цікавіўся гісторыяй, магчыма, стымулам гэтаму сталі аповеды родных пра продкаў, адзін з якіх кіраваў атрадам паўстанцам у беларуска-польскім паўстанні 1863–1864 гг. У сям’і было шмат кніг. Чытаць малы Валодзя навучыўся ў тры з паловай гады, пісаць – трохі пазней. Ужо ў шэсць гадоў напісаў першы верш, потым пісаў апавяданні, якія сам жа ілюстраваў.
Да вайны Караткевіч закончыў тры класы. Вайну сустрэў у Маскве, куды паехаў да старэйшай сястры, якая там вучылася ў адным з ВНУ. Прыходзілася жыць у эвакуацыі – спачатку на Разаншчыне, потым на Урале. Некалькі разоў уцякаў з інтэрната на фронт. Доўгі час не ведаў, дзе бацькі. З вялікімі цяжкасцямі разам з сястрой дабраўся да іх у Арэнбург. Там закончыў шосты клас. Потым жыў у Кіеве ў сям’і цёткі. У аповесці “Лісце каштанаў” Караткевіч расказаў пра гэты час, пра вызвалены пасля акупацыі Кіеў.
Летам 1946 г. сям’я вярнулася ў Оршу, дзе зведала ўсе нястачы, голад і холад пасляваеннай пары. Па ўспамінах аднакласнікаў Караткевіча, ён ужо ў школьныя гады вызначаўся выдатнай эрудыцыяй, музычнымі, акцёрскімі здольнасцямі, пастаянна маляваў і пісаў. Вядома, што школьнікам ён напісаў не менш за 200 вершаў і іншых твораў, але большасць з іх згубілася.
У 1949–1954 гг. Караткевіч вучыўся на рускім аддзяленні філалагічнага факультэта Кіеўскага універсітэта імя Т.Р. Шаўчэнкі. На ўсё жыццё ў яго засталася моцная любоў да Украіны, яе народа. У фармаванні, станаўленні таленту Караткевіча Кіеву, як гораду надзвычай паэтычнаму, належыць асаблівае месца. У гэтым старажытным горадзе, “маці гарадоў рускіх”, ён змог глыбей зразумець багатае мінулае ўсходнеславянскіх народаў. Ужо студэнтам ён стварыў першы варыянт прыгодніцкай аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха”. У 1951 г. яго творы пачынаюць друкавацца ў Аршанскай раённай газеце – па-беларуску і па-руску. Сам жа пісьменнік пазней сцвярджаў, што больш хацеў стаць вучоным-літаратуразнаўцам, чым пісьменнікам, – мастацкія творы пісаў для сябе. Пра яго навуковыя пошукі, даследчыцкі талент ёсць шмат сведчанняў.
Пасля заканчэння ўніверсітэта Уладзімір Сямёнавіч два гады працаваў настаўнікам на Кіеўшчыне, затым у Оршы, потым пачаў пісаць дысертацыю пра паўстанне 1863 г., але мастацкая літаратура ўжо забрала яго ў свой палон. Ён пасылаў лісты і вершы Максіму Танку, з якім дзяліўся сваімі самымі запаветнымі думкамі і марамі. Караткевіча заўважылі, пачалі друкаваць, запрасілі на нараду маладых пісьменнікаў у Мінск. У 1957 г. яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі, паслалі на Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскву. Яны шмат яму далі ў плане творчай атмасферы, спрэчак, сяброўства, шырыні даляглядаў. У 1963 г. Караткевіч атрымаў аднапакаёвую кватэру ў Мінску. У сталіцы Беларусі ўжо і жыў пастаянна, пераехаўшы ў так званы “пісьменніцкі дом” па вуліцы К.Маркса, 36 у трохпакаёвую кватэру. Там жа жылі і Шамякіны: мы – на чацвёртым паверсе, а Караткевіч у тым самым пад’ездзе – на пятым.
Заўчасна, нечакана памёр Караткевіч у 1984 г. Дзяцей у яго не было (жонка Валянціна памерла раней за яго). Сёння ў кватэры дома № 36 жыве пляменніца класіка, якая заўсёды ахвотна пускае нас, выкладчыкаў філфака, і нашых студэнтаў ў мемарыяльны пакой Уладзіміра Сямёнавіча, дзе ўсё так, як было пры ім. Студэнты маюць магчымасць убачыць сціпласць абстаноўкі і пры гэтым багацце бібліятэкі, адчуць разнастайнасць, шырыню інтарэсаў славутага пісьменніка.
Нас, хто блізка ведаў Уладзіміра Сямёнавіча, заўсёды здзіўляла яго нястомная прага да вандроўніцтва. З сябрамі, з жонкай, у складзе навуковых экспедыцый (жонка працавала ў акадэмічным інстытуце) і здымачных груп Караткевіч шмат падарожнічаў па Беларусі, па СССР, два разы быў у Польшчы, тры разы ў Чэхаславакіі. Вандроўкі дапамагалі яму ў працы, у галоўнай яго задачы – стварыць літаратурную гісторыю Беларусі, гісторыю яе мастацтва. Памятаю, як знішчалі ў Мінску раён Нямігі, і Караткевіч літаральна абіваў парогі гарадскіх уладаў, просячы іх пакінуць куток старога Мінска. Чыноўнікі, нават самыя высокія, тады смяяліся з дзіўнаватага пісьменніка, які не разумее значэнне прагрэсу ў горадабудаўніцтве. Толькі нямногія, у тым ліку наша сям’я, разумелі значэнне і прадбачлівасць мудрага майстра, яго клопат пра захаванне культуры роднай краіны.
Прыхільнікі паэзіі вельмі цэняць вершы У. Караткевіча, многія з якіх прысвечаны розным гістарычным падзеям, дзеячам мастацтва, а таксама прыродзе тых мясцін, дзе пісьменнік вандраваў. У паэта быў праніклівы позірк, уменне ў нечаканых метафарах перадаць прыродную з’яву, як, напрыклад, у вершы “П’юць галубы блакіт із каляіны”: “Зусім нябачны жаўранак крыламі // Ў цымбалы сонечных праменняў б’е”.” У Караткевіча выйшла шмат паэтычных зборнікаў, з іх, можа быць, самы вядомы – “Мая Іліяда” (1969 г.)
І ўсё ж Караткевіч больш вядомы як празаік. Па некаторых яго творах знялі высокамастацкія кінастужкі: “Дзікае паляванне караля Стаха” (рэжысёр В. Рубінчык), “Чорны замак Альшанскі” (рэжысёр М. Пташук). У празаічнай творчасці пісьменніка арганічна злучыліся лірычнае і гераічнае, авантурнае і фантастычнае, будзённае і таямнічае. Героі яго першых твораў – апавяданняў і аповесцей – дзейнічалі ў рэальных і адначасова ў незвычайных абставінах. Высокай рамантыкай, жывымі чалавечымі пачуццямі і паэтычным водарам гісторыі прасякнуты апавяданні “Кніганошы”, “Сіняя-сіняя”, “Дрэва вечнасці”, “Залаты бог”, аповесцей “Чазенія”, “Вока тайфуна”, “Сівая легенда” і інш. Пісаў ён і казкі, бо ўсё жыццё цікавіўся фальклорам.
Праславіў Караткевіча яго раман “Каласы пад сярпом тваім” (1968 г.), прысвечаны пярэдадню паўстання Кастуся Каліноўскага ў 1863–1864 гг. Галоўны герой рамана Алесь Загорскі заклапочаны аб’яднаннем у будучым паўстанні шляхецка-рэвалюцыйнага і сялянскага руху. Тут дзейнічае і Кастусь Каліноўскі, але як эпізадычны персанаж. Назва кнігі шматзначная – гэта біблейскі вобраз каласоў пад сярпом, якому Караткевіч надаў канкрэтна-гістарычны сімвалічны сэнс.
Штуршком для напісання наступнага рамана “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” ( 1972 г.) сталі радкі з “Хронікі Белай Русі...” польскага летапісца Мацея Стрыйкоўскага аб тым, што напачатку праўлення караля Жыгімонта Першага з’явіўся нейкі чалавек, які прысвоіў сабе імя Хрыста. Летапісны запіс узбудзіў фантазію пісьменніка, ён стварыў вясёлую і адначасова сумную гісторыю вандраванняў і прыгод былога шкаляра Юрася Братчыка, які сам сябе назваў Хрыстом, вымушаны быў рабіць “цуды”, а ўрэшце падняў паўстанне супраць царквы і караля. Пісьменніка захапіла рэнесансная паўната жыцця – ён паказаў разняволенага целам і духам чалавека. Герой – махляр, прайдзісвет, але адначасова пакутнік, праўдашукальнік, змагар. Аўтарскае стаўленне да яго і паблажлівае, і іранічнае.
Гісторыка-дэтэктыўная аповесць “Дзікае паляванне караля Стаха” (1950, 1958 гг.) – адна з самых любімых у Беларусі. Міф пра дзікае паляванне ўзнік у Еўропе яшчэ ў эпоху Антычнасці, а затым быў пераасэнсаваны ў хрысціянскую эру. Дзікае паляванне – варожыя народу і кожнаму сумленнаму чалавеку прыродныя і сацыяльныя сілы. Падзеі аповесці адбываюцца ў канцы 80-х гг. ХІХ ст. у глухой мясцовасці Беларусі, дзе апынуўся малады вучоны-фалькларыст Андрэй Беларэцкі. Яму ўдаецца развянчаць арганізатараў дзікага палявання, якое наганяла страх і на ўладальніцу маёнтка Балотныя Яліны Надзею Яноўскую, і на сялян у акрузе. У адрозненне ад чыстага дэтэктыва ў аповесці паказваецца тагачаснае грамадства не толькі ў яго супярэчнасцях, але і ў яго нацыянальнай, культурна-гістарычнай своеасаблівасці, што асабліва прываблівае чытачоў.
У сваім апошнім рамане “Чорны замак Альшанскі” (1983 г.) Караткевіч таксама надзвычай паспяхова выкарыстоўвае розныя дэтэктыўныя прыёмы. Яны неабходныя яму, каб стварыць такую любімую ім атмасферу таямнічасці, а таксама каб уславіць чалавечую інтуіцыю, творчыя магчымасці, эрудыцыю, нешаблонныя падыходы да жыцця, асабліва ўласцівыя галоўнаму герою Антону Космічу.
Уладзімір Караткевіч – гонар беларускай літаратуры. Ён здолеў шматгранна раскрыць нацыянальны характар, паказаць багатага духоўна беларуса, неардынарнага чалавека ў яго імкненні да ідэалу.
