Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Вучэбны дапаможнік.docx
Скачиваний:
5
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
653 Кб
Скачать
☆

Засваенне марфалогіі.

У трэці перыяд засваення марфалогіі (ад 3 да 7 гадоў) дзеці авалодваюць сістэмай марфалагічных сродкаў афармлення граматычных катэгорый, засвойваюць тыпы скланенняў і спражэнняў, традыцыйныя формы, чаргаванні гукаў, спосабы словазмянення і словаўтварэння.

Дашкольнае дзяцінства — гэта этап засваення «формы значэння» (Ф.А. Сахін). Дзеці заўважаюць значэнні, носьбітамі якіх у складзе слова з'яўляюцца марфемы. У аснове гэтай з'явы ляжыць актыўны пошук дзіцяці, павышаная ўвага да значэння і гучання слова, да адносін паміж словамі. Як адзначаў яшчэ К. Дз. Ушынскі, калі дзіця ўжывае словы і формы, якія супадаюць з агульнапрынятымі, нельга думаць, што яны заўсёды запазычаны ад акружаючых цалкам, у гатовым выглядзе. Цікавасць да слова і яго структурных элементаў з'яўляецца важнейшай састаўной часткай моўнага пачуцця. Чуласць да моўных з'яў праяўляецца ў здольнасці дашкольнікаў разумець і ўжываць новыя словы, іх формы і злучэнні па аналогіі з раней засвоенымі словамі, формамі і іх злучэннямі.

Важна, што па меры развіцця дзіця праяўляе нарматыўнае пачуццë правіла: яно пачынае вызначаць, ці з’яўляецца выказванне правільным адносна моўнага стандарта. Так, А.М. Шахнаровіч прыводзіць прыклад самакарэкцыі уласнага выказвання дзіцем: “У рацэ было многа рыбаў… рыбей… многа рыбы”.

Паколькі беларуская і руская мовы маюць складаную сістэму граматычных правіл, на працягу ўсяго дашкольнага дзяцінства, калі ідзе актыўны працэс засваення граматычных сродкаў, у маўленні дзяцей сустракаецца шмат граматычных памылак. Даследчыкамі вызаначаны шэраг граматычных форм, якія ўяўляюць цяжкасці для рускамоўных дзяцей3. Тыповыя памылкі ў маўленні дзяцей, для якіх роднай з'яўляецца беларуская мова, сістэматычна не вывучаліся. Можна адзначыць, што дзеці змяняюць незмяняльныя назоўнікі (на піяніне, у паліце), замяняюць род назоўніка (адзін рукавіц), дапускаюць памылкі ва ўжыванні некаторых дзеяслоўных форм (насю, хадзю), у чаргаванні зычных у аснове назоўніка (вухі, вокі) і інш. У сітуацыі блізкароднаснага двухмоўя шмат граматычных памылак у маўленні дашкольніка абумоўліваюцца ўплывам другой мовы (гл. раздз. 13).

Словаўтваральныя інавацыі ў дзіцячым маўленні.

Малыя дзеці не адразу пачынаюць карыстацца словаўтваральнымі механізмамі. Дзеці ранняга і малодшага дошкольнага ўзросту не здольныя праводзіць аналіз вытворных слоў, а, значыць, і ствараць іх. У выпадку неабходнасці стварыць падобнае слова, малы (калі не запомніў словаформу з маўлення дарослых) проста замяняе яго, для чаго часам будуе даволі складаныя сінтаксічныя канструкцыі. Так, у адказ на пытанне: “Як называецца посуд для цукра?”, дзіця адказвае: “Гэта … такая місачка… з кветачкай. А ручка адломаная. Мама заўсëды ў яе цукар кладзе”.

Аднак неабходнасць ў аналізе і сінтэзе вытворных слоў выклікана камунікатыўнымі патрэбамі дзіцяці. Таму гэтыя аперацыі паступова пачынаюць ім асвойвацца.

Спачатку дзіця засвойвае вытворныя словы з памяншальна-ласкальным значэннем. У значэннях такіх слоў для маленькага дзіцяці заўсëды змяшчаецца “суб’ектыўна-станоўчы кампанент”. Называючы аб’ект рэчаіснасці, які асабліва спадабаўся, дзіця можа стварыць слова з некалькімі рознымі памяншальна-ласкальнымсі суфіксамі (сабачоначанька, змяюшачка, зайчулянька).

Наступны крок – стварэнне слоў з павелічальным значэннем. Тут дзіця карыстаецца спосабам “адваротнага словаўтварэння”: адбрасвае ад слова марфему, якой насамрэч няма. Так адтрымоўваюцца словы кабак (ад кабачок), падуха (ад падушка).

Стратэгія “адваротнага словаўтварэння” захоўваецца і далей, у выніку чаго дзіця ўтварае словы тыпу грыцёнак (ад негрыцёнак), льга (ад нельга), лепый (ад нелепый).Дзіцячая словатворчасць - адна з галоўных асаблівасцей развіцця маўлення дашкольніка. У словатворчасці праяўляецца здольнасць дзяцей ствараць «неалагізмы», такія як, напрыклад, «атсонілась», «бананас», «стрыжульня», «малювак». К.І. Чукоўскі вельмі трапна назваў іх “лепыми нелепицами» (у беларускім выражэнні - “глуздыя бязглуздасці”). Дзіцячая словатворчасць - заканамерны шлях авалодання дзіцем марфалагічньімі сродкамі мовы, адно з праяўленняў камбінаторнай здольнасці дзіцяці, якая толькі развіваецца. К. I. Чукоўскі пісаў: «Той, хто ў раннім дзяцінстве на шляху да засваення роднай мовы не ствараў такіх слоў, як «ползук», «вытонуть», «тормозило» і г. д., ніколі не стане поўным гаспадаром сваёй мовы»4. А.Г. Арушанава паказала, што першапачатковай функцыяй словатворчасці з’яўляецца намінатыўная, калі дзіця называе сваім словам прынцыпова новы аб’ект. Пазней намінатыўная функцыя адыходзіць на другі план, а на першы выступае функцыя арыенціровачная і экспрэсіўная (эстэтычная). Дзіця пачынае абыгрываць слова, ствараючы па некалькі варыянтаў (сплім, сплюм, сплям). Гульня словамі дастаўляе задавальненне.

Ствараючы новыя словы, дзіця арыентуецца перш за ўсё на моўную сістэму, на прадуктыўныя словаўтваральныя мадэлі , якія замацаваліся ў яго моўнай свядомасці. Моўную норму дзіця пакуль што не прымае пад увагу. Таму можна сцвярджаць, што ў працэсе авалодання роднай мовай дзіця спачатку засвойвае сістэму, а ўжо потым – норму (Э. Касерыу). Сістэма мовы мае ў сваім распараджэнні некалькі магчымасцей утварэння слова з патрэбным значэннем. Напрыклад, назоўнік са значэннем дзеяча ўтвараецца ў беларускай мове пры дапамозе розных суфіксаў: - нік, -ец, - ун, -чык – ар і г.д. Дзіця не можа ведаць, што моўная норма дапускае ўжыванне толькі аднаго назоўніка са значэннем дзеяча ад дзеяслова “плаваць” (плывец). Яно проста выбірае адну з разнапраўных магчымасцей, што прадастаўляюцца яму моўнай сістэмай, і рэалізуе выбраную магчымасць у сваёй маўленчай дзейнасці. (У маўленні дзяцей можна пачуць наступныя варыянты: плывун, плаўнік, плавацель,плавальшчык, плавекін, плаўшчык, плаванік і інш.)

Перыяд актыўнага выкарыстання ўсіх магчымасцей сістэмы пры поўным або амаль поўным ігнараванні нормы з’яўляецца найбольш прадуктыўным і творчым у развіцці маўлення дзіцяці. Менавіта гэтаму перыяду прысвечана знакамітая кніга К.І. Чукоўскага “От двух до пяти”, у якой змяшчаецца багацейшы матэрыял па названай праблеме.

Псіхолаг Т.М. Ушакова вылучыла некалькі прынцыпаў, па якіх дзеці ўтвараюць новыя словы:

1) Частка якога-небудзь слова выкарыстоўваецца як цэлае слова: лепь (тое, што злеплена), стрэль (ад страляць). Гэтыя словы даследчык назвала словамі-асколкамі.

2) Далучэнне да кораня слова “чужога” канчатка: правдун (той, хто гаворыць праўду), пахнючы, радаванне, страшнасць і інш.

3) Адно слова складаецца з двух (“сінтэтычныя словы”). Пры стварэнні “сінтэтычных” слоў адбываецца счапленне тых частак слова, якія гучаць падобна: макрэс = мокры + кампрэс; вуліцыянер = вуліца + міліцыянер, калаток = калаціць + малаток, пескаватар = пясок + экскаватар.

К.І. Чукоўскі, аналізуючы падобныя словаформы ў маўленні дзяцей, адзначаў, што малы “выпраўляе” назву прадмета, імкнучыся падкрэсліць тую адзіную яго функцыю, якую паспеў разгледіць. “Дзіця неасэнсавана патрабуе, … каб у слове быў жывы, адчувальны вобраз; а калі гэтага няма, дзіця само надае незразумеламу слову пажаданы вобраз і сэнс”5.

Словатворчасць відавочна дэманструе самастойнасць дзяцей у стварэнні слоў і іх форм. Характэрна, што выкарыстанне прыставак, суфіксаў, канчаткаў у новых словах дзяцей заўсёды строга адпавядае граматычным законам роднай мовы.

Павышаная ўвага да значэння і гучання слова праяўляецца і ў так званым «памылковым тлумачэнні» слоў, мноства прыкладаў якога прыводзіць К. I. Чукоўскі. Напрыклад, у слове «отпугивать» рускамоўнае дзіця бачыць той жа корань, што ў слове «пуговица», «наблюдением» лічыць усё, што ляжыць «на блюде».

Перыяд словаторчасці цягнецца нядоўга. К пяці-шасці гадам словатворчасць пачынае гаснуць. К.І. Чукоўскі звязваў гэтую з’яву са зніжэннем прыроднай адчувальнасці да мовы, стратай лінгвістынай геніяльнасці. А.М. Гваздзёў адзначаў імкненне дзіцяці гаварыць так, як гавораць дарослыя. Т.М. Ушакова звязвае ўгасанне дзіцячай словатворчасці з тым, што дзіця ўжо даволі трывала засвойвае граматычныя формы і свабодна іх выкарыстоўвае. Як паказала даследванне А.Г. Арушанавай, у звычайных абставінах старэйшыя дашкольнікі пачынаюць саромецца сваіх моўных эксперыментаў. Аднак пры стварэнні спецыяльных гульнявых праблемных сітуацый яны дэманструюць больш высокія магчымасці словатворчасці.

Кантрольныя пытанні

1. Што такое дзіцячая словатворчасць?