Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Пытанні да экзамена па дысцыпліне.doc
Скачиваний:
10
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
328 Кб
Скачать
☆
  1. Літаратурны працэс другой паловы хх стагоддзя за мяжой.

  1. Асаблівасці развіцця беларускай літаратуры першай паловы хх стагоддзя.

ХХ стагоддзе – перыяд станаўлення і росквіту шматжанравай беларускай літаратуры.

Пачатак ХХ стагоддзя азнаменаваўся ўздымам нацыянальна-вызваленчага руху ў Расійскай імперыі. У 1902 г. браты Луцкевічы, К. Каганец, Цётка арганізавалі партыю Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ), якая найбольш поўна адпавядала інтарэсам нацыянальнага адраджэння Беларусі. Дэмакратызацыя нацыянальнага жыцця спрыяла легальнаму выданню газет і часопісаў на беларускай мове, адкрыццю прыватных беларускіх школ, развіццю нацыянальнага тэатра. Беларуская літаратура пачатку ХХ ст. развівалася ва ўмовах паскоранасці.

У 1907 г. адкрыўся беларускі прафесійны тэатр І. Буйніцкага, які паставіў п’есы “Паўлінка” і “Прымакі” Я. Купалы, “Модны шляхцюк” К. Каганца і інш. У 1911 г. у Вільні дзейнічаў аматарскі “Беларускі музычна-драматычны гурток” А. Бурбіса.

Вялікую ролю ў развіцці літаратуры гэтага перыяду адыгралі беларускія перыядычныя выданні. У Пецярбургу з 1906 па 1914 г. існавала выдавецкая суполка “Загляне сонца і ў наша аконца”, арганізатарам якой быў прафесар Пецярбургскага універсітэта Б. Эпімах-Шыпіла. За перыяд дзейнасці суполка выдала каля 40 кніг (“Беларускі лемантар, або Першая навука чытання” Цёткі ці К. Каганца, “Першае чытанне для дзетак беларусаў” Цёткі, “Жалейка” Я. Купалы і інш.).

БСГ з 1906 г. выдавала газету “Наша доля”, пазней Цётка і браты Луцкевічы арганізавалі выданне газеты “Наша ніва”, якая выходзіла ў Вільні да 1915 г. і дала назву цэламу перыяду ў літаратуры. Асноўнай задачай газеты было нацыянальна-культурнае адраджэнне Беларусі. На старонках “Нашай нівы” друкаваліся Я. Купала, Я. Колас, М. Багдановіч, Цётка, А. Гарун, З. Бядуля, М. Гарэцкі.

Ад “Нашай нівы” адгалінаваліся “Беларускі каляндар” (1910 г.), газета “Беларус”(1910г.), сельскагаспадарчы часопіс “Саха” (1913 г.), “Лучынка” (1914 г.).

Інтэнсіўна развівалася паэзія, якая значна пашырыла тэматыку. У паэзію прыходзіць вобраз інтэлігента (Я. Купала “Я не для вас”), рабочага (Ц. Гартны “Ткачыха”). У грамадзянскай лірыцы часцей гучаць адраджэнскія матывы (М. Багдановіч “Пагоня”, “Санет”). Развіваецца інтымная (М. Багдановіч “Зорка Венера”), пейзажная (Я. Колас “Наш родны кут”), філасофская (М. Багдановіч “Каханне і смерць”) лірыка.

У першых дзесяцігоддзях ХХ ст. ідзе хуткае станаўленне беларускай прозы. Вядучым жанрам прозы было апавяданне (“Музыка” М. Багдановіча, “Прысяга над крывавымі разорамі” Цёткі, цыкл “Казкі жыцця” Я. Коласа).

Актыўна развівалася драматургія ( камедыі “Модны шляхцюк” К. Каганца, “Паўлінка”, “Прымакі” Я. Купалы і інш.).

2. ХАРАКТАРЫСТЫКА ЛІТАРАТУРНАГА ПРАЦЭСУ 20-30-х гг. ХХ СТАГОДДЗЯ.

Пасля лютаўскай і кастрычніцкай рэвалюцый 1917 года грамадска-палітычнае і нацыянальна-культурнае жыццё ў Беларусі прыкметна актывізавалася. 25 сакавіка 1918 г. адбылося абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі, што дало штуршок нацыянальнаму дзяржаўнаму будаўніцтву.

1 студзеня 1919 г. абвешчана БССР, у 1921 г. у Рызе падпісаны мірны дагавор, па якім Беларусь была падзелена на савецкую і заходнюю, якая адышла да Польшчы.

На пачатку 20-х гг. рух беларусізацыі спрыяў актыўнаму развіццю нацыянальнай культуры. У 1927 г. з 20 газет 10 выдаваліся на беларускай мове, беларуская мова стала абавязковым прадметам у школах. У 1920 г. створана выдавецтва “Беларусь”, адкрыўся Беларускі дзяржаўны тэатр, Беларускі дзяржаўны універсітэт, Інстытут беларускай культуры. Дзеля адраджэння бацькаўшчыны на Беларусь вярнуліся каля 300 навукоўцаў і пісьменнікаў (Я. Колас, С. Некрашэвіч, М. Грамыка).

Літаратурны працэс актыўна развіваецца: нараджаюцца новыя жанры, у літаратуру прыходзяць новыя імёны. З 1923 г. пад кіраўніцтвам М. Чарота пачынае выдавацца часопіс “Маладняк”, вакол якога сфарміравалася літаратурная суполка з аднайменнай назвай. Сюды ўваходзілі М. Чарот, Я. Пушча, А. Дудар (усяго больш за 500 чалавек). Новая літаратурная суполка “Узвышша” была ўтворана выхадцамі з “Маладняка” З. Бядулем, У. Дубоўкам, К. Крапівой, К. Чорным. Да гэтага літаратурнага аб’яднання далучыліся М. Лужанін, П. Глебка, У. Жылка, А. Мрый і інш. У 1927 г. узнікла літаратурна-мастацкае аб’яднанне “Полымя”, якое групавалася вакол аднайменнага часопіса. Аснову суполкі склалі пісьменнікі сярэдняга і старэйшага пакалення Я. Колас, Я. Купала, Ц. Гартны, М. Зарэцкі, У. Галубок. У 1928 г. “Маладняк” быў рэарганізаваны ў Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў (БелАПП). Сюды ўваходзілі П. Броўка, А. Куляшоў, М. Лынькоў, М. Хведаровіч, Б. Мікуліч і інш.

У 20-я гады беларуская літаратура развівалася паскорана і дасягнула значных поспехаў у паглыбленні псіхалагізму ў літаратуры, у асваенні рэалістычнага і нават мадэрністскага стылю. 26 мая 1928 г. ЦК КП(б)Б прымае пастанову ”Аб беларускай літаратурнай мастацкай і тэатральнай крытыцы”, якая дала пачатак ідэалагічнаму кантролю бальшавікоў над літаратурай.

Пачынаецца цэнзурны наступ на літаратуру. Не былі надрукаваны кнігі М. Гарэцкага “Люстрадзён” і “Зборнік апавяданняў”, за “неблаганадзейнасць” быў арыштаваны і высланы за межы рэспублікі на тры гады А. Дудар, арыштаваны і адпраўлены ў лагер Ф. Аляхновіч.

Палітыка беларусізацыі паступова пачынае згортвацца, на яе змену прыходзіць барацьба з “нацдэмакратызмам”. У гады рэпрэсій пацярпелі В. Ластоўскі, Я. Лёсік, М. Гарэцкі, Я. Пушча, С. Грахоўскі, У. Дубоўка, П. Галавач, М. Лужанін, Б. Мікуліч, М. Чарот, С. Шушкевіч, Т. Кляшторны, Л. Калюга, А. Дудар, Я. Купала, У. Хадыка і інш.

У 1931 г. перастае выдавацца часопіс “Узвышша”, у 1932 – “Маладняк”, часопіс “Полымя” перайменаваны ў “Полымя рэвалюцыі”. У 1932 г. створаны “Саюз савецкіх пісьменнікаў БССР” і ліквідаваны ўсе іншыя пісьменніцкія суполкі.

Літаратура 30-х гг. апынулася ў жорсткіх ідэалагічных рамках, многія пісьменнікі знаходзіліся ў стане творчай дэпрэсіі. Метад сацыялістычнага рэалізму і татальны кантроль над літаратурай адмоўна сказаліся на літаратурным працэсе 30-х гадоў ХХ стагоддзя. У гады Вялікай Айчыннай вайны (1941-1945) беларуская літаратура не мела магчымасцей для плённага развіцця. У Чырвонай арміі былі П. Глебка, А. Куляшоў, П. Броўка, П. Панчанка, у партызанскіх атрадах змагаліся з ворагам Я. Брыль, П. Пестрак, В. Таўлай. Загінулі на вайне З. Астапенка, А. Жаўрук, Л. Гаўрылаў і іншыя (усяго 26 пісьменнікаў). Беларускае мастацтва слова страціла Я. Купалу, К. Чорнага, З. Бядулю.

Сярод літаратурных жанраў у гады Вялікай Айчыннай вайны дамінавалі паэтычныя жанры. Распаўсюджваліся вершы-звароты (“Беларускім партызанам” Я. Купалы), вершы-заклікі (“Не шкадуйце, хлопцы, пораху для катаў” М. Танка), балады (“Маці” А. Куляшова). Вядучая тэма – тэма Радзімы (“Сінія касачы”, “Кожны з нас прыпасае радзімы куток” П. Панчанкі). У многіх вершах дамінантай становіцца асэнсаванне спрадвечных духоўных каштоўнасцей, вобраз беларуса прываблівае маральнай чысцінёй (“Спатканне” П. Броўкі, “Маці” М. Танка, “Герой” П. Панчанкі). Услаўляліся гераізм і нязломнасць савецкіх воінаў (“Герой” П. Панчанкі, “Над брацкай магілай”, “Камсамольскі білет” А. Куляшова). Гнеўным прысудам фашызму сталі вершы “Надзя-Надзейка” П. Броўкі, “Ліст з палону”, “Балада аб чатырох заложніках” А. Куляшова, “Палескі напрамак” П. Панчанкі.

У гады Вялікай Айчыннай вайны выйшлі наступныя паэтычныя зборнікі: “Адплата” Я. Коласа, “Беларускім партызанам” Я. Купалы, “Табе, Беларусь!” П. Панчанкі, “На сотай вярсце” А. Куляшова.

Плённа развіваўся жанр паэмы (“Беларусь”, “Ясны кут”, “Хлеб” П. Броўкі, “Сцяг брыгады” А. Куляшова, “Суд у лесе” Я. Коласа, “Маладосць у паходзе” П. Панчанкі, “Янук Сяліба” М. Танка).

Беларуская драматургія запаволіла развіццё. Беларускія тэатры знаходзіліся ў эвакуацыі (тэатр імя Я. Купалы ў Томску, тэатр імя Я. Коласа ва Уральску, Беларускі тэатр оперы і балета ў Горкім), на сцэнах ставіліся ў асноўным даваенныя п’есы, а таксама творы рускіх аўтараў.

З празаічных жанраў развіваліся жанры апавядання, навелы, нарыса. Асаблівай папулярнасцю карысталіся памфлеты і фельетоны (“Гітлер і чарадзей” Я. Коласа, “Наглядная геаграфія” К. Крапівы). Выйшлі празаічныя зборнікі “Вялікае сэрца” К. Чорнага, “У завіруху” І. Мележа, “Астап” М. Лынькова. К. Чорны актыўна працаваў у жанры рамана (“Вялікі дзень”, “Пошукі будучыні”, “Млечны шлях”). З публіцыстычнымі артыкуламі выступалі Я. Купала, Я. Колас, К. Крапіва, М. Танк, К. Чорны.

У акупіраваным Мінску падпольшчыкі наладзілі выхад газеты “Звязда”, распаўсюджваліся на акупіраванай тэрыторыі газеты “За Савецкую Беларусь”, “За свабодную Беларусь”, сатырычны часопіс “Раздавім фашысцкую гадзіну”, сатырычны лісток “Партызынская дубінка”, падпольныя газеты і часопісы.