- •Рабышка в. Э.
- •I. Першы модуль (пазнавальны)
- •1. Тлумачальная запіска
- •1.1. Мэты і задачы інтэграванага модуля “Гісторыя”
- •1.2. Арганізацыя самастойнай работы студэнтаў
- •1.3. Метады (тэхналогіі) навучання
- •1.4. Дыягностыка сфарміраванасці кампетэнцый студэнта
- •1.5. Структура зместу інтэграванага модуля «Гісторыя»
- •2.1.1. Тэматычны план інтэграванага модуля «Гісторыя» (завочная і завочна-скарочаная форма атрымання адукацыі)
- •2.3. Змест інтэграванага модуля “гісторыя”
- •1. Уводзіны ў дысцыпліну “гісторыя беларусі ў кантэксце сусветных цывілізацый”
- •2. Цывілізацыйная спадчына старажытнага свету, сярэдніх вякоў і беларусь
- •3. Цывілізацыйныя працэсы новага часу і беларусь
- •3.1. Беларусь у складзе Рэчы Паспалітай
- •3.2. Беларусь у складзе Расійскай імперыі
- •4. Станаўленне беларускай дзяржаўнасці. Усталяванне савецкай грамадска-палітычнай сістэмы ў беларусі
- •5. Заходняя беларусь у складзе польскай дзяржавы. Геапалітычнае становішча беларусі ў 20 – 30-я гг. Хх ст.
- •6. Беларусь у гады другой сусветнай вайны і вялікай айчыннай вайны
- •7. Савецкая беларусь: дасягненні і праблемы стваральнай працы народа (1945 – 1991 гг.)
- •8. Суверэнная рэспубліка беларусь ва ўмовах глабалізацыі
- •3. Спіс асноўнай і дадатковай літаратуры
- •3.1. Асноўная лiтаратура
- •3.2. Дадатковая літаратура
- •Кароткі курс лекцый па гісторыі беларусі
- •1. Уводзіны ў дысцыпліну “Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветных цывілізацый”
- •1. Гісторыя як вучэбная дысцыпліна: прадмет, функцыі, метады і задачы
- •Задачы вывучэння гісторыі Беларусі:
- •2. Класіфікацыя гістарычных крыніц
- •3. Вядомыя беларускія гісторыкі і гістарыяграфічныя школы.
- •4. Перыядызацыя сусветнай гісторыі. Асноўныя падыходы да вывучэння гісторыі.
- •Тэма 2. Цывілізацыйная спадчына старажытнага свету, сярэдніх вякоў і Беларусь
- •7. Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель у складзе вкл.
- •3. Духоўнае жыццё і культура беларускіх зямель у IX—першай полове XIII стст.
- •4. Перадумовы стварэння Вялікага княства Літоўскага.
- •5. Знешняя палітыка вкл у хііі – сярэдзіне хvі стст.
- •6. Дзяржаўны лад вкл.
- •Цэнтральныя органы ўлады
- •7. Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель у складзе вкл.
- •Пытанні для самакантролю:
- •Тэма 3. Цывілізацыйныя працэсы Новага часу і Беларусь
- •3.1. Беларусь у складзе Рэчы Паспалітай
- •1. Люблінская унія (1569 г.) і ўтварэнне Рэчы Паспалітай.
- •2. Сацыяльна-эканамічнае становішча беларускіх зямель у складзе Рэчы Паспалітай. Этапы запрыгоньваня сялян. Аграрная рэформа 1557 г.
- •3. Асаблівасці канфесійных адносін. Рэфармацыя и Контррэфармацыя. Берасцейская царкоўная ўнія 1596 г.
- •4. Знешняя палітыка Рэчы Паспалітай.
- •5. Падзелы Рэчы Паспалітай і іх гісторыка-прававая адзнака.
- •3.2. Беларусь у складзе Расійскай імперыі.
- •1. Этапы ўрадавай палітыкі на тэрыторыі Беларусі.
- •2. Беларускія землі ў вайне 1812 г.
- •3. Грамадска-палітычны рух. Шляхецкія паўстанні.
- •4. Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель Асаблівасці развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы і прамысловасці. Транспарт, фінансы, гандаль.
- •5. Сацыяльна-палітычнае развіццё. Утварэнне Беларускай Сацыялістычнай Грамады (бсг).
- •6. Станаўленне беларускай нацыі: заканамернасці і асаблівасці.
- •7. Геапалітычнае становішча і сацыяльна-эканамічная сітуацыя на Беларусі ва ўмовах Першай сусветнай вайны. Лютаўская рэвалюцыя 1917 г. У Беларусі.
- •Эканамічная палітыка Часовага ўрада
- •Тэма 4. Станаўленне беларускай дзяржаўнасці. Усталяванне савецкай грамадска-палітычнай сістэмы ў Беларусі
- •1. Абвастрэнне сацыяльна-эканамічнага і палітычнага крызісу ў Расіі. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 г.
- •1. Абвастрэнне сацыяльна-эканамічнага і палітычнага крызісу ў Расіі. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 г.
- •2. Абвяшчэнне і дзейнасць бнр ва ўмовах нямецкай акупацыі (1918 г.).
- •3. Самавызначэнне Беларусі на савецкай аснове. Абвяшчэнне ссрб (студзень 1919 г.): прычыны і палітычныя наступствы. Утварэнне Літоўска-Беларускай сср.
- •4. Пачатак будаўніцтва сацыялістычнай эканомікі. Політыка «ваеннага камунізма».
- •5. Новая эканамічная палітыка, яе сутнасць і значэнне для развіцця гаспадаркі бсср.
- •6. Фарміраванне камандна-адміністратыўнай сістемы кіравання, яе асноўныя рысы.
- •Тэма 5. Заходняя Беларусь ў складзе Польскай дзяржавы. Геапалітычнае становішча Беларусі ў 20-30-я гг. Хх ст.
- •1. Беларусь у гады савецка-польскай вайны (1919–1920 гг.). Рыжскі мірны дагавор як частка Версальска-Вашынгтонскай сістэмы пасляваеннай пабудовы свету.
- •2. Палітычнае і эканамічнае становішча беларускіх зямель у складзе Польшчы.
- •3. Нацыянальна-вызваленчай рух у 1921-1929 гг. Дзейнасць палітычных партый і арганізацый.
- •4. Барацьба за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне ў 1930–1939 гг.
- •5. Уз’яднанне Заходняй Беларусі з бсср і першыя пераўтварэнні.
- •Тэма 6. Беларусь у гады Другой сусветнай вайны і Вялікай Айчыннай вайны
- •1. Мэты Германіі ў вайне супраць ссср.
- •2. Абарончыя баі на тэрыторыі бсср у чэрвені — жніўне 1941 г.
- •3. Акупацыйны рэжым.
- •4. Беларуская калабарацыя.
- •5. Партызанскі і падпольны рух.
- •6. Заканчэнне Вялікай Айчынная вайны. Савецкі тыл у гады вайны, працоўны подзвіг савецкага народу.
- •Тэма 7. Савецкая Беларусь: дасягненні і праблемы стваральнай працы народа (1945 – 1991 гг.)
- •1. Аднаўленне народнай гаспадаркі бсср пасля вайны.
- •2. Спробы дэмакратызацыі грамадска-палітычнага жыцця ў другой палове 1950-х – першай палове 1960-х гг. Характэрныя рысы і асаблівасці развіцця гаспадаркі бсср у 1950-1960-е гг.
- •4. Спробы эканамічнай і палітычнай мадэрнізацыі ссср, у ты ліку і бсср, у гады “перабудовы”. Пераход да рынку.
- •Тэма 8. Суверэнная Рэспубліка Беларусь ва ўмовах глабалізацыі
- •1. Распад ссср. Абвяшчэнне Рэспублікі Беларусь.
- •2. Грамадска-палітычнае развіццё Рэспублікі Беларусь.
- •3. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Рэспублікі Беларусь. Пошук, станаўленне і рэалізацыя беларускай мадэлі сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі.
- •4. Суверэнітэт і шматвектарнасць знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь. Рэспубліка Беларусь у сусветным супольніцтве ва ўмовах глабалізацыі.
- •5.Культура Беларусі на сучасным этапе
- •4.1. Пытанні да заліку па гісторыі Беларусі
- •4.2. Слоўнік гістрачных тэрмінаў
- •Iі. Другі модуль (кантралюючы) семінарскія заняткі па дысцыпліне “гісторыя беларусі” метадычныя рэкамендацыі
- •Тэматыка семінарскіх заняткаў Семінар 1. Цывілізацыйная спадчына старажытнага свету, сярэдніх вякоў і Беларусь.
- •Семінар 2. Беларусь у складзе Расійскай імперыі
- •Семінар 3. Станаўленне беларускай дзяржаўнасці. Усталяванне савецкай грамадска-палітычнай сістэмы
- •Семінар 4–5. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Акупацыйны рэжым. Партызанская і падпольная барацьба.
- •Семінар 6—7. Савецкая Беларусь: дасягненні і праблемы стваральнай працы народа (1945–1991 гг.)
- •Семінар 8. Станаўленне суверэннай Рэспублікі Беларусь (1990–2011 гг.)
- •Тэсты і заданні
- •Прамежкавы кантроль па тэме “беларусь у складзе Расійскай Імперыі”
- •Прамежкавы кантроль па тэме “Беларусь у гады Другой сусветнай вайны і Вялікай Айчыннай вайны”
- •V. Назавіце храналагічныя межы, змест і асноўныя вынікі этапаў Рэйкавай вайны.
- •Vі. Суаднясіце паміж сабой
- •Прамежкавы кантроль па тэме “Савецкая Беларусь: дасягненні і праблемы стваральнай працы народа (1945–1991 гг.)”
- •IV. Ахарактарызуйце акупацыйную палітыку, якую праводзіла германскае камандаванне на тэрыторыі Беларусі. Пералічыце асноўныя мерапрыемствы.
- •V. Назавіце марапрыемствы эканамічных і палітычных рэформ пад час правядзення палітыкі перабудовы ў бсср.
- •Самастойная кіруемая праца студэнтаў па дЫсцЫпліне “Гісторыя Беларусі” скпс 1 па тэме “Беларусь у складзе Рэчы Паспалітай”
- •Скпс 2 па тэме “Заходняя Беларусь у складзе Польскай дзяржавы (1921–1939 гг.)”
- •1. Закончыце сказ:
- •2. Дайце вызначэнне паняццяў:
- •4. Выберыце правільны варыянт адказу:
Тэма 2. Цывілізацыйная спадчына старажытнага свету, сярэдніх вякоў і Беларусь
Мэта:
Прааналізаваць асаблівасці развіцця беларускіх зямель у старажытны перыяд. Даць характарыстыку матэрыяльнай і духоўнай культуры першабытнага грамадства. Прасачыць працэс славянізацыі беларускіх зямель. Разгледзіць асноўныя этапы і напрамакі станаўлення дзяржаўнасці на тэрыторыі Беларусі ў IX—першай полове XIII ст. Ахарактарызаваць духоўнае жыццё і культуру беларускіх зямель ў IX—першай полове XIII ст. Разгледзець працэс утварэння і ўмацавання Вялікага княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага (др. пал. XIII – перш. пал. XVI ст.). Даць характарыстыку развіццю культурнага жыцця і этнічных працэсаў на беларускіх землях у XIII–XVI стст.
План:
1. Першабытнае грамадства на тэрыторыі Беларусі.
2. Полацкае и Тураўскае княствы ў IX—першай полове XIII стст. Сацыяльна-эканамічнае развіццё раннефеадальных княстваў на тэрыторыі Беларусі. Асаблівасці станаўлення феадалізму на беларускіх землях.
3. Духоўнае жыццё і культура беларускіх зямель ў IX—першай полове XIII стст.
4. Перадумовы стварэння Вялікага княства Літоўскага.
5. Знешняя палітыка ВКЛ у XIII–XVI стст.
6. Дзяржаўны лад ВКЛ.
7. Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель у складзе вкл.
1. Першабытнае грамадства на тэрыторыі Беларусі.
Першае пранікненне чалавека на тэрыторыю Беларусі адбылося ў прамежку часу 100 – 40 тыс. гадоў назад. Такая недакладнасць у вызначэнні тэрміну тлумачыцца тым, што ў старажытнасці беларускія землі былі заняты ледавіком. Ледавіковая эпоха пачалася каля 500 тыс. гадоў таму назад і скончылася толькі ў 9 тыс. да н. э. Ледавік не знаходзіўся на адным месцы. Ён рухаўся ў залежнасці ад змены клімату з поўначы на поўдзень і наадварот. Вучоныя вылучаюць найбольш моцныя зледзяненні: бярэзінскае (480 – 390 тыс. гадоў назад), дняпроўскае (320 – 250 тыс. гадоў назад) і паазерскае (105 – 85 тыс. гадоў назад). Археолагамі былі знойдзены прылады працы (востраканечнікі, скрэблы, рубілы) найстаражытнейшых людзей на поўдні Беларусі каля вёсак Клеявічы і Абідавічы. Каля 40 – 10 тыс. гадоў назад на тэрыторыі Беларусі з’явіліся людзі сучаснага фізічнага тыпу. Ім належаць стаянкі ля вёсак Юравічы (больш за 26 тыс. гадоў назад) і Бердыж (больш за 23 тыс. гадоў назад).
Найбольш характэрным паказчыкам узроўню развіцця чалавечай дзейнасці лічацца матэрыялы, з якіх вырабляліся прылады працы. На гэтай падставе вучоныя вылучаюць каменны век (да канца 3 тыс. да н. э.), век медзі і бронзы (канец 2 тыс. – пач. 1 тыс. да н. э.) і жалезны век (пач. 1 тыс. да н. э. – да VII-VIII стст. н. э.). У сваю чаргу каменны век падзяляюць на палеаліт (старажытнакаменны – да адступлення ледавіка), мезаліт (сярэднякаменны – 9 – 5 тыс. да н. э.) і неаліт (4 – 3 тыс. да н.э.). Асноўным заняткам у эпоху палеаліту былі збіральніцтва, лоўля рыбы і паляванне. Толькі ў мезаліце тэрыторыя Беларусі была заселена поўнасцю. Першыя паселішчы будаваліся ў асноўным на берагах рэк і азёр. Жытлы былі наземныя і паўзямлянкавыя. У кожным жытле мясцілася адна сям’я. Жыхары аднаго паселішча складалі сваяцкую абшчыну, якая была часткай буйнейшага аб’яднання – племені. Людзі таго часу карысталіся лукам, стрэламі, сякерамі і нажамі з крамянёвых пласцін. Тады ж з’явілася першая свойская жывёла – сабака. У неаліце пачалі актыўна выкарыстоўваць шліхтаваныя каменныя прылады працы, керамічны посуд, зарадзіліся земляробства і жывёлагадоўля.
Найбольш старажытныя назвы азёр, рэк і паселішчаў Беларусі сведчаць пра тое, што першымі людзьмі сучаснага тыпу былі фінамоўныя плямёны. Але ў канцы 3 тыс. да н. э. яны выціснуты балтамі, з прыходам якіх пачаўся век медзі і бронзы. Медзь і волава, з якіх вырабляецца бронза, не здабываліся на Беларусі. Іх завозілі з-за мяжы, таму металічныя прылады пакуль што заставаліся рэдкімі. У VIII – VII стст. да н. э. людзі навучыліся выплаўляць з балотнай руды жалеза.
У VI – VII стст. н. э. на тэрыторыю Беларусі з Вісла-Одэрскага міжрэчча пачалі прасоўвацца славянскія плямёны. Да IX ст. яны занялі большую частку Беларусі. Толькі на паўночным захадзе захаваліся балцкія плямёны літвы, латгалаў, яцвягаў і інш. Рух славян пачынаўся ў эпоху, якую гісторыкі называюць "вялікім перасяленнем народаў". Прычынамі перасялення маглі быць перанаселенасць месцаў першаснага пасялення, а таксама ваенныя сутыкненні з іншымі плямёнамі і народамі.
У раёнах свайго пасялення славяне часткова выціснулі балтаў, часткова знішчылі, астатнія рэшткі асімілявалі. Асіміляцыя магла ісьці праз шлюбы паміж славянамі-мужчынамі і захопленымі ў палон балцкімі жанчынамі. Менавіта жанчыны займаліся выхаваннем дзяцей і перадавалі ім у спадчыну рэшткі сваёй традыцыйнай культуры. Гэты працэс працягваўся даволі доўгі перыяд, асабліва на поўначы Беларусі. Такім чынам, балцкая культура таксама ўвайшла ў паўсядзённае жыццё мясцовых славян.
Славяне, падобна іх папярэднікам, жылі ў вялікіх сем’ях. Сем’і складалі сваяцкую абшчыну (род). Род распараджаўся зямлёй вакол паселішча і большасцю прыладаў працы. Абшчыны аб’ядноўваліся ў плямёны. Але меліся і значна большыя аб’яднанні – саюзы плямён: крывічы, радзімічы і дрыгавічы. Крывічы (палачане) насялялі басейн Заходняй Дзвіны і верхняга Падняпроўя, радзімічы – Пасожжа, а дрыгавічы – Палессе і цэнтральную частку Беларусі.
Рэлігія славян гэтага перыяду ўяўляла сабой паганства (язычніцтва) – рэлігійныя вераванні, абрады і святы, выпрацаваныя на працягу стагоддзяў да з’яўлення манатэізму – веры ў адзінага Бога. Сярод багоў славянскага пантэона пераважалі звязаныя з земляробствам і жывёлагадоўляй Пярун, Дажджбог, Грамніца, Вялес, Стрыбог, Цёця, Ярыла, Купала, Жыцень; увасабленні "культу продкаў" Род і Рожаніца, а таксама шматлікія духі (вадзянік, дамавік, лесавік, багнік і г. д.). Некаторым з багоў нават прыносіліся чалавечыя ахвяры. Пры пахаванні быў распаўсюджаны абрад трупаспальвання. Святы і абрады пераважна звязваліся з цыклам земляробчых работ.
2. Полацкае і Тураўскае княствы ў IX—першай полове XIII стст. Сацыяльна-эканамічнае развіццё раннефеадальных княстваў на тэрыторыі Беларусі. Асаблівасці станаўлення феадалізму на беларускіх землях.
Першая дзяржава, што ўтварылася на тэрыторыі сучаснай Беларусі – гэта Полацкае княства. Любая дзяржава ўтвараецца пад уплывам розных фактараў – геаграфічных, этнічных, сацыяльна-эканамічных. Полацкае княства ўяўляла сабой адзіны геаграфічны рэгіён, што ляжаў у басейне галоўнай ракі Заходняй Дзвіны, насялялі княства адзіны народ – крывічы-палачане, ступень эканамічнага развіцця якога была роўнай і гаспадарчыя заняткі сходныя.
Крывічы рассяліліся на Падзвінні з усхода на захад, займалі гарадзішчы днепра-дзвінскай і банцараўскай балцкіх археалагічных культур да VIII стст., а ў VIII-X стст. на Падзвінні шлі дзяржаваўтваральныя працэсы. Крывічы ўзгадваліся ў старажытных летапісах пад 856, 862, 944, 980 – і да 1128 года. Тым часам полацкія ўладары зваліся крывіцкімі князямі. Першым гістарычна вядомым полацкім князем быў Рагвалод, які прыйшоў з-за мора (магчыма, як і Рурык, быў варагам). Менавіта ў час яго праўлення канчаткова сфарміраваліся межы княства, упарадкаваліся палітычная сістэма і гаспадарчыя адносіны, была вызначана сталіца – былое балцкае гарадзішча днепра-дзвінскай культуры, названае крывічамі па рацэ Палаце (балцкі тапанім) Полацкам. Але гісторыя княства пачынаецца крыху раней. Упершыню Полацк узгадваецца пад 862 г. сярод іншых рускіх гарадоў, але ідылічных адносін з іншымі славянскімі плямёнамі не было. У 860-я гг. адбыўся паход кіеўскіх князёў Аскольда і Дзіра на Полацк. У 882 г. сталіцу крывічоў падпарадкаваў Кіеву вядомы старажытнарускі князь Алег. У 907 г. Полацк, як саюзнік Кіева, прымаў удзел у сумесным паходзе рускіх князёў на сталіцу Візантыйскай імперыі – Царград (Канстантынопаль).
Рагвалод, пачынальнік дынастыі полацкіх князёў, магчыма вывеў княства з-пад улады Кіева, бо ў барацьбе сыноў кіеўскага князя славутага Святаслава яны абодва – і Ўладзімір, і Яраполк дамагаліся падтрымкі Рагвалода. Згодна з прыгожай легендай, той, хто мог атрымаць падтрымку Рагвалода, вырашалася не па палітычных матывах, а па жаданні яго дачкі Рагнеды. Князь, які спадабаецца князёўне, атрымае і руку прыгажуні, і войска крывічоў. Выбар Рагнеды прыйшоўся на Яраполка, што сядзеў у Кіеве. Тады Ўладзімір сабраў у сваім Ноўгарадзе войска, з якім ён авалодаў Полацкам у 980 г. (Рагвалод і яго сыны былі забіты, а Рагнеда сілай узята ў жонкі) і крыху пазней – і Кіевам, пры гэтым быў падманам забіты Яраполк. Так Уладзімір стаў адзіным кіраўніком вялікай дзяржавы, якая аб’яднала Ноўгарад Вялікі, Полацак і Кіеў – тры галоўныя палітычныя цэнтры ўсходніх славян. Ад Рагнеды (а яна была не адна жонка ў Уладзіміра) ён меў сыноў – Ізяслава Полацкага, Яраслава Мудрага, Мсціслава Чарнігаўскага і Ўсевалада Ўладзіміра-Валынскага (усе яны былі выключнымі асобамі, пакінулі вялікі след у гісторыі Кіеўскай Русі).
Да гэтага часу Еўропа ўжо стала хрысціянскай, нават суседнія славянскія дзяржавы – Польша, Чэхія прынялі новую рэлігію як дзяржаўную. Каб не быць ізаляванымі, Уладзімір вырашае таксама прыняць хрысціянства. Бліжэйшы хрысціянскі цэнтр – Канстантынопаль – ён жа і галоўны палітычны ігрок у рэгіёне. Таму менавіта з Візантыі Уладзімір запрасіў місіянераў, а не з далёкага і аслабленага Рыму. Але прыняцце новай рэлігіі патрабавала адмовіцца ад некаторых паганскіх з’яў, у тым ліку мнагажэнства. Тым часам палітычны саюз з Візантыяй добра было падмацаваць шлюбным саюзам. Уладзімір адсылае сваіх жонак, прымае хрысціянства і бярэ шлюб з візантыйскай прынцэсай Ганнай. У тым жа годзе (988) Рагнеду пасля няўдалага замаху на жыццё мужа адсылаюць разам з малалетнім сынам Ізяславам у Полацкае княства. Ізяслаў, як прамы нашчадак Рагвалода, адраджае самастойную дынастыю полацкіх князёў, а Рагнеда прымае новую веру, пастрыгаецца ў манахіні і жыве да 1000 г. у пабудаваным для яе горадзе Заслаўлі, названым так у гонар яе сына.
Ізяслаў княжыў у Полацку прыкладна з 988? па 1001 гг. Гэта быў адукаваны князь, які клапаціўся аб распаўсюджанні хрысціянства і адукацыі ў сваім княстве, за гэта яго празвалі “князь-кніжнік”. Праз два гады пасля смерці бацькі на полацкі прастол узышоў малалетні . Брачыслаў Ізяслававіч (1003-1044 гг.). Менавіта пры гэтым князе Полацкая дзяржава пачала сваё хуткае ўзвышэнне і дасягнула найвялікшай палітычнай вагі. Але спачатку Брачыславу трэба было падрасці. У 1021 г. Брачыслаў выступае супраць свайго роднага дзядзькі, наўгародскага князя Яраслава Ўладзіміравіча (Мудрага), захоплівае Ноўгарад і выводзіць у Полацк мноства палонных з маёмасцю. Яраслаў у горадзе адсутнічаў, ён спяшаецца перахапіць Брачыслава і ў бітве на рацэ Судаміры вялікімі намаганнямі перамагае палачан. У той жа год (1021) было падпісана пагадненне паміж Яраславам і Брачыславам, згодна з якім да Полацкага княства адыходзілі Віцебск і Ўсвяты (гэтыя гарады кантралявалі валокі на галоўным адгалінаванні шляху з варагаў у грэкі), больш таго, кіраўніцтва Кіевам да 1026 г. ажыццяўлялі абодва князя праз сваіх намеснікаў. Калі ў 1026 г. Яраслаў Мудры стаў вялікім кіеўскім князем, Брачыслаў супраць не выступіў – кантроль над галоўнай гандлёвай артэрыяй усё роўна ажыццяўляў Полацк, і менавіта гэтае вызначала вядучае становішча Полацкай дзяржавы ў той час сярод усходніх славян.
Брачыслаў тым часам актыўна пашыраў межы княства ў паўднёвым і заходнім напрамках, у першую чаргу падпарадкоўваліся землі, што ляжалі уздоўж Заходняй Дзвіны. На захадзе княства межавалася з землямі балцкіх плямёнаў, якія не мелі яшчэ сваёй дзяржавы і гарадоў. Таму палачане засноўвалі на заходніх землях свае пасяленні.
Яшчэ ў 1029 г. у Брачыслава нарадзіўся сын – Усяслаў, пазней празваны Чарадзеем. З 1044 па 1101 гг. ён кіраваў Полацкім княствам. У спадчыну Ўсяславу дасталася моцная дзяржава і вялікія грашовыя сродкі, а так сама палітычны аўтарытэт кіраўніка магутнага княства.
У 1054 г. памірае Вялікі кіеўскі князь Яраслаў Мудры. Ён пакідае 7 нашчадкаў, а каб старэйшыя з іх не прыцяснялі малодшых, завяшчае полацкаму князю быць гарантам выконвання ўмоў свайго тэстаменту. Амаль 10 год працягвалася мірнае суіснаванне дзвюх старажытнарускіх дынастый – Рагвалодавічаў і Яраславічаў. Але ў 1065 г. пачынаецца барацьба Ўсяслава з Кіевам і Ноўгарадам, якімі валодалі старэйшыя Яраслававы сыны. Усяслаў спрабаваў захапіць Пскоў, але няўдала. У наступным годзе (1066) Усяслаў захапіў і разрабаваў Ноўгарад, вывез з наўгародскага Сафійскага сабору царкоўныя рэчы для пабудаванага раней ў Полацку трэцяга ва ўсходніх славян Сафійскага сабора.
Зімой наступнага 1067 г. кааліцыя Яраславічаў арганізавала паход на Полацкае княства. Быў спалены Мінск, каля яго на р.Нямізе адбылася галоўная бітва паміж Яраславічамі і Усяславам, дзе апошні быў разбіты. Каб перадухіліць разрабаванне сваёй зямлі, Усяслаў згадзіўся на перамовы. Але пад час іх ён быў узяты ў палон і вывезены з двума сынамі ў Кіеў. Неўзабаве ў Кіеве адбылося паўстанне гараджан, кіеўскі князь быў выгнаны, а Усяслаў вызвалены і пастаўлены на кіеўскі прастол. Толькі сем месяцаў ён быў кіеўскім князем. Да горада падступіў выгнаны Ізяслаў Яраславіч з войскам свайго цесця, польскага караля Баляслава. Усяслаў вымушаны быў адысці да Полацка, але Ізяслаў выгнаў яго і адтуль. З 1069 па 1071 гг. у Полацку сядзелі сыны Ізяслава Яраславіча – Мсціслаў і Святаполк. Усяслаў збіраў сілы на тэрыторыі прыбалтыйскага племені водь. Толькі ў 1071 г. ён аднавіў свой кантроль над Полацкай дзяржавай. Больш да самай смерці Усяслаў Чарадзей не прадпрымаў ваенных аперацый супраць Яраславічаў, і нашчадкі Яраслава таксама не турбавалі палачан. Гэтыя 30 год міру сталі перыядам упарадкавання дзяржаўнага ладу княства, перыядам гаспадарчага росквіту, росту гарадоў.
На прыканцы XI ст. адбылося некалькі з’ездаў усходнеславянскіх князёў (у Любечы, Увецічах, каля Долабаўскага возера), на якіх яны вырашылі – “кожны трымае вотчыну сваю”. Гэта стала пачаткам феадальнага драблення Кіеўскай Русі. Полацкія князі не прымалі ўдзелу ў з’ездах, бо яшчэ пры жыцці Усяслаў сам падзяліў сваё княства на ўдзелы паміж шасцю сынамі. Галоўны ўдзел – Полацкі – дастаўся Рагвалоду (у хрышчэнні Барысу), Мінскі – Глебу. Апошні атрымаў ад бацькі не толькі Мінск, але і турботны характар. Глеб стаў праводзіць актыўную палітыку. У 1116 г. ён здзейсніў паход на Слуцк, што быў пад кантролем Кіева (уваходзіў у Тураўскае княства), адбіў паходы паўднёварускіх князёў на Мінск, Оршу і Копысь. У наступным годзе (1117) Глеб ваяваў са Смаленскам і Ноўгарадам. Як і ў выпадку з Усяславам, гэтая актыўнасць мінскага князя выклікала вялікі паход рускіх князёў на Мінск. У 1119 г. Мінск быў асаджаны, Глеб узяты ў палон, вывезены ў Кіеў і пасаджаны ў поруб, дзе і памёр пры загадкавых абставінах. Нягледячы на гэтую паказальную расправу, нашчадкі Усяслава (полацкая дынастыя) кожны раз падкрэслівалі сваю незалежнасць, у прыватнасці, адказваліся ўдзельнічаць у аб’яднаных паходах на полаўцаў, якія дапякалі паўднёварускім княствам.
У Полацку за дзесяцігоддзе з 1129 па 1139 гг. адбыліся значныя змены. У адсутнасць нашчадкаў Усяслава значна вырасла роля гарадскога веча – агульнага сходу палачан і жыхароў полацкай зямлі, што вырашалі розныя пытанні жыцця і кіравання дзяржавай. Так, ужо ў 1132 г. на полацкі трон вечам быў абраны Васілька, які належыў да полацкай дынастыі, але з 40-х гг. Полацкая зямля вярнулася да былых выгнаннікаў. Але веча таксама існавала і ўмацоўвала свае пазіцыі. Акрамя Полацка яно існавала і ва ўдзельных княствах Полацкай зямлі – Друцкім, Віцебскім, Менскім, Заслаўскім, Лагойскім. Вялікую палітычную ролю ў Полацку адыгрываў і епіскап – глава хрысціянскай епархіі.
Роля веча была вельмі значнай. Яно кантралявала дзейнасць князя, запрашала ці выганяла кіраўніка дзяржавы. Веча вырашала пытанні вайны і міру, ад яго імя заключаліся мірныя і гандлёвыя пагадненні, ажыццяўляўся вышэйшы суд (веча – апошняя апеляцыйная інстанцыя). Але і княжаская ўлада заставалася значнай. Князь кіраваў дружынай і гарадскім апалчэннем, забяспечваў абароназдольнасць дзяржавы. Князь узначальваў адміністратыўна-упраўленчы апарат дзяржавы а таксама ажыццяўляў суд. Полацкі князь мог раздаваць воласці іншым князям-васалам. Рэзідэнцыя князёў была вынесена за межы Полацка – ў Бельчыцы, дзе так сама быў заснаваны Барысаглебскі манастыр, пабудаваны вялікія княжаскія палаты.
У 1201 г. з дазволу полацкага князя Ўладзіміра біскупам Альбертам была пабудавана крэпасць Рыга. У наступным годзе (1202) біскуп разам з абатам Тэадорыкам заснавалі ваенна-манашаскі ордэн мечаносцаў, асноўнай мэтай яго існавання было абвешчана распаўсюджанне хрысціянства сярод латышоў, эстаў і куршаў і абарона лацінскага касцёла ў Прыбалтыцы. Але больш увагі мечаносцы ўдзялялі захопу новых тэрыторый, што ўжо належылі ці знаходзіліся ў залежнасці ад Полацка. Полацкі князь Уладзімір позна зразумеў сваю памылку. З 1203 г. па 1210 г. вялася барацьба Полацка і Рыгі, пад час якой Полацк страціў Кукейнос (1208 г.) і Герцыке (1209 г.), кантроль над Ніжнім Падзвіннем і перастаў атрымліваць даніну ад ліваў і латгалаў (дагаворы 1210 і 1212 гг. з крыжакамі). Тым не менш, Уладзімір арганізаваў вялікі сумесны паход палачан, літоўцаў і эстаў супраць ордэна, але ў дзень адпраўлення вялікага войска князь нечакана памёр, верагодна, быў атручаны крыжацкімі шпіёнамі. Паход праваліўся, а наступленне крыжакоў працягвалася. У 1224 г. выгнаны з Кукейнаса князь Вячка загінуў пры абароне эстонскага горада Юр’еў (зараз Тарту), яшчэ раней, у 1214 г., пасля смерці князя Усевалада, цалкам пад уладу Рыгі перайшоў Герціке. Полацк страчваў свае пазіцыі, і паскорыўся гэты працэс са з’яўленнем у Прыбалтыцы яшчэ аднаго ордэна – Тэўтонскага. Тэўтонцы былі выгнаны з Палесціны сарацынамі, і іх запрасіў да сябе адзін з польскіх князёў – Конрад Мазавецкі. Тэўтонцы аселі на землях балцкага племені прусаў (1230 г.). Хутка яны знішчылі прусаў і пачалі рабаваць польскія, літоўскія і беларускія землі.
Барацьба з мечаносцамі і тэўтонцамі вялася з пераменным поспехам. У 1236 г. літоўцы перамаглі мечаносцаў пад Шаўляем, у 1237 г. – Даніла Галіцкі перамог крыжакоў пад Драгічынам. Як вынік – у тым жа годзе (1237) адбылося аб’яднанне Тэўтонскага ордэна і ордэна мечаносцаў, апошні стаў называцца Лівонскім ордэнам. Аб’яднаныя сілы крыжакоў былі ўшчэнт разбітыя Аляксандрам Неўскім у 1242 г. у бітве на Чудскім возеры каля Пскова. Крыху раней малады наўгародскі князь Аляксандр перамог шведскіх рыцараў на рацэ Няве (1240 г.), дзе ў бітве прымалі ўдзел полацкія дружыны, асабліва вызначыўся Якаў Палачанін. Гэтыя перамогі прыпынілі актыўныя наступальныя мерапрыемствы крыжакоў, але не адвялі пагрозу рэгулярных наездаў крыжакоў на славянскія і балцкія землі з рабаўніцкімі мэтамі.
Калі на поўначы сучаснай Беларусі месцілася Полацкае княства, то паўднёвыя землі займала другое дзяржаўнае ўтварэнне на Белару- сі – княства Тураўскае. Гэта княства месцілася на землях дрыгавічоў, у басейне ракі Прыпяць. Калі Заходняя Дзвіна – вялікі гандлёвы шлях з Балтыкі на поўдзень, то Прыпяць – бойкі гандлёвы шлях паміж Кіевам і Заходняй Еўропай. Да таго тут былі ўрадлівыя землі, спрыяльны мяккі клімат і лясы, багатыя на дзічыну і сыравіну. Усе гэта спрыяла больш хуткаму развіццю земляробства, аддзяленню рамяства і станаўленню ранняга феадальнага грамадства.
Першы галоўны горад княства – Тураў упершыню ўзгадваецца пад 980 г. у сувязі з князем Турам, які, як і Рагвалод Полацкі, быў з варагаў. Але хутка Тураў быў падпарадкаваны суседняму Кіеву, і тут склалася традыцыя – Тураў атрымліваў старэйшы сын Вялікага кіеўскага князя, які займаў потым бацькава месца ў Кіеве, а Тураў зноў атрымліваў старэйшы сын новага кіеўскага князя. Пачаў гэтую традыцыю Уладзімір Святаслававіч, у 988 г. ён перадаў Тураў старэйшаму сыну Святаполку, Яраслаў Мудры – Ізяславу і г.д. Знаходзячыся пад уплывам Кіева, Тураўскія князі прымалі ўдзел у паходах супраць Полацка ў 1127 г. Калі пачалася міжусобная барацьба за Кіеў (у XII ст.), Тураў таксама вельмі часта стаў пераходзіць з рук у рукі розных паўднёварускіх княжацкіх родаў. Толькі ў 50-я гг. 12 ст. Тураў вярнуўся да дынастыі Ізяславічаў, а тураўскім князем стаў Юры Яраславіч. У 1158 г. кааліцыя шасці рускіх князёў на чале з кіеўскім Ізяславам дзесяць тыдняў асаджала Тураў, мэтай Ізяслава было выгнаць Юрыя і аднавіць свой уплыў на тураўскія справы. Але горад меў добрыя ўмацаванні, Юры карыстаўся падтрымкай гараджан, і самая працяглая асада горада часоў Кіеўскай Русі скончылася безпаспяхова. Асаблівасці палітычнай гісторыі мелі вынікам асаблівасці палітычнага ладу ў Тураўскім княстве. Вялікую ролю ў Тураве адыгрывала веча. Менавіта з яго згоды Кірыла Тураўскі быў абраны епіскапам Турава. У Тураве існавала некалькі адміністратыўных пасад, што выконвалі функцыі, блізкія да некаторых княжаскіх функцый. Так, тысяцкі ўзначальваў гарадское апалчэнне, яго абавязак – ваеннае кіраўніцтва. Акрамя таго, у Тураве дзейнічаў пасаднік – галоўны кіраўнік цывільнай адміністрацыі княства. Такая пасада яшчэ існавала толькі ў Ноўгарадзе Вялікім.
Калі Полацкае княства змагалася з крыжакамі, Тураўскае княства, разам з іншымі рускімі княствамі пазнала жорсткасць мангола-татарскай няволі. У 1240-1241 гг. Былі разрабаваны і спалены паўднёвабеларускія гарады, у тым ліку Гомель, Мазыр, Брэст.
Крыху пазней за Полацкае і Тураўскае княствы, на захадзе сучаснай Беларусі ўтвараліся невялікія ўдзельныя славянскія княствы. Адбывалася гэта адначасова з асіміляцыяй славянамі мясцовага балцкага насельніцтва. Сярод княстваў Верхняга Панёмання трэба адзначыць найбольш старажытныя і важныя – Наваградскае, Ваўкавыскае і Гродзенскае. Пад 1116 г. ёсць паведамленне пра гродзенскага князя Усеваладка (памёр у 1141 г.), што стаў зяцем Уладзіміра Манамаха.
Протадзяржавы крывічоў і дрыгавічоў утварыліся дзякуючы поспехам у гаспадарчым развіцці гэтых протанародаў, развіццю раннекласавага грамадства.
У галіне апрацоўкі зямлі панавала ворнае земляробства, але адначасова ў лясных і паўднёвых раёнах шырока распаўсюджана была і падсека. Развівалася папарная сістэма земляробства – двухполле і простае трохполле. Зацвярджалася новая форма грамадскай арганізацыі – сельская суседская абшчына, у аснове існавання якой ляжалі не кроўна-родасныя, а тэрытарыяльныя і эканамічныя сувязі паміж яе членамі. Некалькі побач жывучых сем’яў складалі сяло ці весь. Недалека размешчаныя сёлы складалі абшчыну (мір, верв). Цэнтр такой абшчыны – самае вялікае з сёл, яно звалася пагост.
Аднародная маса сялян-абшчыннікаў перастала існаваць. Разам са свабоднымі сялянамі (зваліся людзі) ужо існавалі смерды – залежныя ад феадалаў, закупы – часовазалежныя, да моманту звароту займаных грошай ці прадуктаў (“купы”), радовічы – часовазалежныя, звязаныя з феадалам нейкімі дагаварнымі абавязацельствамі (“рядам”). Была і катэгорыя хатніх рабоў – халопы, чэлядзь. Залежныя сяляне выконвалі павіннасці на карысць феадалаў – натуральны аброк – даніну (прадукцыяй раслінаводства – дзякло, прадукцыяй жывелагадоўлі – мезлева) і адпрацоўвалі паншчыну на зямлі феадала.
Крыніц з’яўлення феадалаў было некалькі. Самы галоўны феадал – гэта кіраўнік дзяржавы – князь. Ён лічыўся ўладаром усёй зямлі дзяржавы. Спачатку князь сам збіраў з насельніцтва княства даніну (палюддзе). Але потым права збору даніны было перададзена самым давераным асобам з дружыны князя – мужам, і гэта атрымала назву “кармленне” (права збору даходаў з воласці). Такім чынам, галоўная крыніца станаўлення класа феадалаў – гэта княжацкая дружына. Другая крыніца – гэта вылучэнне і ўзбагачэнне абшчыннай вярхушкі. Феадалы пасяляліся асобна ад сялян, іх умацаваныя рэзідэнцыі зваліся двор, дом, град. У гэты перыяд пачалі складвацца асноўныя формы феадальнага землеўладання – вотчынная і памесная. Валоданне зямлёй на правах вотчыны давала права ўладальніку прадаваць, дзяліць, падараваць, перадаваць па спадчыне зямлю разам з сялянамі, што жывуць на ёй. Памесная форма землеўладання прадугледжвала толькі права карыстання маёнткам за службу князю. Продаж, падзел, перадача па спадчыне не дазваляліся. Адначасова развіваліся пераходныя формы землеўладання. Найбольш буйнымі землеўладальнікамі на Беларусі ў той час быў князь, яго дружыннікі – феадалы-баяры і хрысціянская царква (з канца X ст.).
Значныя ўдасканаленні на той час адбыліся ў галіне хатніх промыслаў. Удасканальваецца домніца і сырадутны метад атрымання жалеза, на Беларусі з’яўляецца ганчарнае кола і будуюцца спецыяльныя печы па абпальванню керамікі. Гэта ўсё садзейнічала таму, што чалавек павінен быў больш часу выдзяляць менавіта рамесніцкім заняткам, а ўдасканаліўшы сваю тэхніку, перайсці выключна на вытворчасць рамесніцкай прадукцыі для продажу ці абмену. Адасабленне рамяства ад сельскай гаспадаркі ў сваю чаргу вызвала развіццё пастаяннага ўнутранага гандлю – з’явіліся спецыяльныя месцы, дзе вёўся гандаль – рынкі, таргі. Развіццё гандлёвых адносін з іншымі тэрыторыямі прывяло да з’яўлення на нашай тэрыторыі вялікай колькасці манет. Перыяд IX – X стст. – гэта час распаўсюджвання на Беларусі куфіцкага дырхема (сярэбраная манета Арабскага халіфата). Выкарыстоўваліся ў гандлі як цэлыя манеты, так і часткі (галоўным чынам на мясцовым рынку). Сярэбраныя грошы былі вельмі шырока распаўсюджаны на нашай тэрыторыі. Праз беларускія землі праходзіў “шлях з вараг у грэкі”, што звязваў Заходнюю і Паўночную Еўропу з Візантыяй і арабскім Усходам. У непасрэднай блізкасці ад яго ў 1973 г. быў адкрыты Казьянкаўскі манетны скарб (схаваны каля 940-х гг.), што ўключаў 7588 сярэбраных манет агульнай вагай каля 20 кг.
У выніку збяднення радовішчаў срэбра на Усходзе галоўнае месца ў грашовай сістэме на беларускіх землях заняў заходнееўрапейскі дынарый (канец X – першая палова XI стст.), але і ён хутка знік з прычыны феадальнага драблення дзяржаў Заходняй Еўропы. У так званы безманетны перыяд (другая палова XI – XIII стст.) у гандлёвых аперацыях выкарыстоўвалі плацёжныя зліткі з серабра (грыўны) ці іх вагавыя часткі.
Менавіта на працягу X – XIII стст. на Беларусі ўтварылася асноўная колькасць нашых старажытнейшых гарадоў. Горад выконваў функцыі: адміністратыўную (ён быў цэнтрам княства ці воласці, там месцілася адміністрацыя); рамесную (у горадзе канцэнтраваліся вытворцы, больш таго, з’явіліся першыя аб’яднанні рамеснікаў – брацтвы); гандлёвую (менавіта ў гарадах знаходзіліся гандлёвыя рынкі – таргі); рэлігійна-культурную (саборы і цэрквы будаваліся ў гарадах, тут засноўвалі манастыры, а пры іх – скрыпторыі па перапісцы кніг і школы); абарончую (дзякуючы моцным абарончым збудаванням, у гарадах хавалася насельніцтва навакольных сёл у час небяспекі). Гарады ўзнікалі на месцы родавых цэнтраў, маглі вырасці з феадальнага замка ці сяла (пры ўмове спрыяльнага геаграфічнага іх знаходжання), ці быць заснаванымі на новым месцы па волі князя. Самым старажытным горадам Беларусі з’яўляецца Полацак – старажытная сталіца крывічоў. Ён упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 862 год. Іншыя нашы гарады ўпершыню ўзгадваюцца: Віцебск – 974 г., Тураў – 980 г., Заслаўль – 988 г., Брэст – 1019 г., Браслаў – 1065 г., Мінск – 1067 г., Друцк – 1078 г., Барысаў – 1102 г., Гародня і Слуцк – 1116 г., Навагрудак – 1117 г.
Старажытныя беларускія гарады мелі ўсталяваўшуюся структуру. Галоўнай часткай горада з’яўляўся дзяцінец – умацаваны цэнтр горада, дзе знаходзілася рэзідэнцыя князя ці яго намесніка. Пад сценамі дзяцінца знаходзілася пасяленне рамеснікаў, гандляроў і іншых гараджан – пасад. Яго маглі таксама абнесці сценамі. Акрамя адміністратыўнага цэнтра – дзяцінца – існаваў і грамадскі цэнтр горада – торг ці рынак. Менавіта тут збіралася веча – агульны сход дарослых мужчын горада і акругі, што вырашаў важныя пытанні.
Такім чынам, на працягу X – XIII стст. у межах шматукладнага грамадства (спалучаліся рысы першабытнаабшчыннага, рабаўладальніцкага і феадальнага грамадстваў) адбылася перамога феадальных адносін. Узнікла феадальная зямельная маёмасць і клас залежных сялян. Адбылося адасабленне рамяства ад сельскай гаспадаркі, у выніку чаго значны штуршок у развіцці атрымаў гандаль, хутка сталі ўзнікаць гарады. Поспехі ў развіцці гаспадаркі спрыялі ўтварэнню першых дзяржаў на нашай тэрыторыі.
