Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
УМК па гісторы Беларусі_ІПД_2.5.doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
1 Мб
Скачать
☆

Тэма 5. Заходняя Беларусь ў складзе Польскай дзяржавы. Геапалітычнае становішча Беларусі ў 20-30-я гг. Хх ст.

Мэта:

Даць ацэнку Брэсцкай і Рыжскай мірным дамовам ў гістарычным лесе беларускага народа. Прааналізаваць грамадска-палітычнае, эканамічнае, нацыянальна-культурнае становішча Заходняй Беларусі ў складзе Польскай дзяржавы. Разгледзець працэс уз’яднання беларускага народа ў складзе адзінай дзяржавы.

План:

1. Беларусь у гады савецка-польскай вайны (1919–1920 гг.). Рыжскі мірны дагавор як частка Версальска-Вашынгтонскай сістэмы пасля­ваеннай пабудовы свету.

2. Палітычнае і эканамічнае становішча беларускіх зямель у складзе Польшчы.

3. Нацыянальна-вызваленчай рух у 1921-1929 гг. Дзейнасць палітычных партый і арганізацый.

4. Барацьба за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне ў 1930-1939 гг.

5. Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР і першыя пераўтварэнні.

1. Беларусь у гады савецка-польскай вайны (1919–1920 гг.). Рыжскі мірны дагавор як частка Версальска-Вашынгтонскай сістэмы пасля­ваеннай пабудовы свету.

У лістападзе 1918 г. падчас адступлення нямецкіх войск была створана незалежная польская дзяржава, якая абапіралася на ідэю адраджэння Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Па сутнасці гэта азначала вайну з Савецкай Расіяй, да якой польскае кіраўніцтва пры фінансавай падтрымцы буйнейшых заходніх краін было добра падрыхтавана. У снежні 1918 г. Польшча перайшла ў наступленне на беларускія і ўкраінскія землі. Да сакавіка 1919 г. польскія войскі акупіравалі шэраг беларускіх гарадоў, у тым ліку Ліду, Вільну, Гродна. Урад Літбел, які праводзіў жорсткую палітыку ваеннага камунізму (харчразвёрстка, палітычныя рэпрэсіі, адмова ад перадачы зямлі непасрэдна сялянам), не здолеў арганізаваць абарону. 1 чэрвеня 1919 года згодна з Дэкрэтам Усерасійскага ЦВК Савецкія Украіна, Беларусь, Літва і Латвія аб’ядноўваліся з Савецкай Расіяй для агульнай барацьбы з сусветным імперыялізмам. Уводзілася агульнае ваеннае камандаванне, аднак стрымаць польскае наступленне не ўдалося і аб’яднаным сілам. У жніўні 1919 г. быў захоплены Мінск. Восенню фронт усталяваўся на р. Беразіна-Днепр. Фактычна ЛітБелССР і БССР як яе частка перасталі існаваць.

На занятых тэрыторыях польскія акупанты праводзілі надзвычай жорсткую палітыку. Ліквідаваліся не толькі бальшавісцкія органы ўлады, але не дапускалася стварэнне мясцовых органаў улады БНР. Савецкая Расія была вымушана пачаць супрацоўніцтва з буржуазным урадам Літвы – Тарыбай. 12 ліпеня 1920 года Савецкая Расія і Літва падпісалі дагавор, згодна з якім Літве перадавалася Віленская і Гродзенская губерніі з гарадамі Вільна, Гродна, Ліда, Вілейка, Ашмяны, Дзісна. Дагавор падпісалі без згоды з урадам БССР, і гэта было юрыдычным канцом ЛітБелССР. 31 ліпеня 1920 г. у Мінску была прынята дэкларацыя, якая другі раз абвяшчала незалежнасць Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь. Часовая ўлада перадавалася Беларускаму рэвалю­цыйнаму камітэту (старшыня – А.Чарвякоў), які павінен быў дзейнічаць да II з’езда Саветаў Беларусі. У жніўні 1920 г. польская армія здолела разбіць пад Варшавай Чырвоную Армію, перайсці ў наступленне і зноў заняць значную частку Беларусі. 12 кастрычніка 1920 г. у Рызе паміж Украінай і Расіяй з аднаго боку і Польшчай з другога быў падпісаны дагавор аб перамір’і. Беларусаў зноў не запрасілі ўдзельнічаць у перамовах.

13–17 снежня 1920 года ў Мінску прайшоў II Усебеларускі з’езд Саветаў. На ім у Канстытуцыю былі ўнесены змяненні, зацверджана структура дзяржаўнай улады: вышэйшая ўлада належыла з’езду Саветаў, ЦВК – распараджальны орган з’езда, выканаўчая ўлада ў СНК рэспублікі. Была ўведзена дзяржаўная манаполія, зямля перадавалася сялянам, але часткова. Лепшыя панскія маёнткі аддаваліся пад арганізацыю саўгасаў. З’езд ратыфікаваў умовы Рыжскага пагаднення ад перамір’і і надаў Расійскаму ўраду права заключаць любые міжнародныя пагадненні ад імя БССР.

18 сакавіка 1921 г. паміж Савецкай Расіяй, Украінай і Польшчай быў падпісаны Рыжскі мірны дагавор, паводле якога Польшча атрымала заходнюю частку Беларусі з больш чым 4-мільённым насельніцтвам. Усходняя частка Беларусі апынулася ў складзе Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і РСФСР. Але Рыжскі мір не прызнаў урад БНР у эміграцыі. На палітычнай канферэнцыі 26-30 верасня 1920 года ў Празе дзеячы БНР абвінавацілі польскі ўрад у падзеле Беларусі і разгроме Беларускай Народнай Рэспублікі. На гэтай падставе адбылася часовая кансалідацыя беларускіх дзеячаў у эміграцыі.