- •Палітыка самадзяржаўя ў Беларусi пасля падзелаў Рэчы Паспалiтай. Паўстаннi 1830-1831 I 1863-1864 гг. I iх наступствы.
- •Спецыфiка здзяйснення буржуазных рэформ 60-70-х гг. Хiх ст. На Беларусі.
- •3. Адметнасцi прамысловага перавароту ў Беларусі ў другой палове хiх ст.
- •4. Грамадска-палітычныя рух ў Беларусі ў другой палове хiх – пачатку хх ст.
- •5. Першая сусветная вайна і яе наступствы для Беларусі.
- •6. Лютаўская рэвалюцыя 1917 г. У Расii I Беларусi.
Спецыфiка здзяйснення буржуазных рэформ 60-70-х гг. Хiх ст. На Беларусі.
Наяўнасць феадальна-прыгонніцкай сістэмы ў Расійскай імперыі абумовіла эканамічную і ваенна-тэхнічную адсталасць дзяржавы. Гэта прымусіла царскі ўрад правесці у 60-70-х гг. ХІХ ст. шэраг рэформ:
Сялянская рэформа 1861 г. рэформа распачалася 19 лютага 1861 г. з падпісання Аляксандрам ІІ Маніфеста аб адмене прыгоннага права і Палажэнняў аб сялянах, якія выходзілі з прыгоннай залежнасці. Сяляне атрымлівалі асабістую свабоду і некаторыя грамадзянскія правы. Уся зямля абвяшчалася ўласнасцю памешчыка, частку якой ён павінен быў адвесці для сялянскіх надзелаў, якія даваліся за выкуп. Увогуле адмовіцца ад надзела селянін не мог; каб не пакінуць памешчыка адразу без працоўных рук, сяляне на працягу 9 гадоў лічыліся часоваабавязанымі, гэта значыць, што яны павінны былі выконваць усе павіннасці і плаціць падаткі, як у дарэформенны перыяд. Зямля ва ўласнасць селяніну магла перайсці толькі шляхам выкупу. Паколькі сяляне такіх сродкаў не мелі, то абавязаны былі выплаціць памешчыку толькі 20 %. Астатнія 80 % за селяніна памешчыку выплочвала дзяржава, даючы такім чынам сялянам крэдыт на 49 гадоў пад 6 % гадавых. У выніку памешчыкі атрымалі сродкі для прыстасавання да новых умоваў жыцця. У сувязі з тым, што памешчыкі страцілі ўладу над сялянамі, павялічылася роля сялянскай абшчыны. Уводзіліся выбарныя органы сялянскага самакіравання – сельскія старасты і валасныя праўленні. Яны адказвалі за збор падаткаў, кантралявалі выкананне сялянамі павіннасцяў, якія па-ранейшаму выконваліся на аснове прынцыпу кругавой парукі.
Рэформа на тэрыторыі Беларусі мела свае асаблівасці. Каб прадухіліць удзел сялян у паўстанні 1863-64 гг., расійскі ўрад вымушаны быў пайсці на пэўныя льготы: быў ліквідаваны часоваабавязаны стан і ўводзіўся абавязковы выкуп сялянскіх надзелаў, у сярэднім на 20 % былі зменшаны выкупныя плацяжы, за сялянамі захавалася сервітутнае права – права абмежаванага карыстання ўласнасцю памешчыка: пашамі, сенажацямі, ляснымі ўгоддзямі, рыбнымі ловамі і інш.
Пералічаныя льготы былі ўрадавай саступкай толькі для сялян Беларусі і Літвы і не распаўсюджваліся на іншыя тэрыторыі Расійскай імперыі.
Земская рэформа. З 1864 г. ствараліся выбарныя органы мясцовага самакіравання – земствы. Аднак у Беларусі ўрад адмовіўся ад ажыццяўлення рэформы, каб не дазволіць пашырэння ўплыву польскай шляхты.
Судовая рэформа. З 1864 г. у Расіі ўводзіліся агульныя і мясцовыя судовыя ўстановы. Суд станавіўся ўсесаслоўным, адкрытым, галосным, быў створаны інстытут адвакатаў, а таксама прысяжных засядацеляў.
Аднак на тэрыторыі Беларусі правядзенне і гэтай рэформы было прыпынена. Міравыя суды былі ўведзены толькі ў 1872 г., а міравыя суддзі не выбіраліся земствамі, як гэта было ў Расіі, а прызначаліся міністрам юстыцыі па рэкамендацыі мясцовай адміністрацыі.
Гарадская рэформа. У адпаведнасці з ёй з 1870 г. у гарадах Расіі ствараліся гарадскія думы і гарадскія ўправы ― усесаслоўныя органы грамадскага кіравання, якія выбіраліся на падставе маёмаснага цэнзу. Выбарчыя правы прадастаўляліся купцам, прамыслоўцам і ўладальнікам нерухомай маёмасці ў межах дадзенага горада. Дзейнасць гарадскога самакіравання абмяжоўвалася вырашэннем гаспадарчых пытанняў, арганізацыяй медыцынскага абслугоўвання і народнай адукацыі. У гарадах Беларусі і Літвы рэформа пачала дзейнічаць толькі з 1876 г.
Школьная рэформа 1864 г. фармальна ўвяла прынцып усесаслоўнай адукацыі, аднак атрымаць яе па-ранейшаму маглі не ўсе, паколькі плата за навучанне была дастаткова высокай. На тэрыторыі Беларусі не было земскіх школ, і школьная справа кіравалася ўрадавымі чыноўнікамі. Мовай навучання была руская. Навучальныя ўстановы на землях Беларусі давалі адукацыю двух узроўняў: пачатковую ― народныя вучылішчы, колькасць якіх у час рэформы была павялічана, і сярэднюю ― рэальныя і класічныя гімназіі. Пасля закрыцця ў 1832 г. Віленскага універсітэта, а ў 1864 г. ― Горы-Горацкага земляробчага інстытута ў другой палове ХІХ ст. атрымаць вышэйшую адукацыю на тэрыторыі Беларусі ўвогуле было немагчыма. Але ў цэлым рэформа садзейнічала пашырэнню асветы сярод насельніцтва.
Цэнзурная рэформа 1865 г., у выніку якой некалькі пашырыліся магчымасці друку. Творы вялікіх аб’ёмаў, якія не чытала простае насельніцтва, маглі друкавацца без папярэдняй цэнзуры, а невялікія выданні, у тым ліку перыядычныя, абавязкова павінны былі яе праходзіць. Выданне літаратуры на беларускай, польскай і яўрэйскай мовах у Беларусі не дазвалялася.
Ваенная рэформа, якая ў 1874 г. увяла замест рэкруцкіх набораў усесаслоўную воінскую павіннасць для мужчынскага насельніцтва
Тры важныя рэформы, якія давалі пэўную самастойнасць у некаторых справах на месцах – земская, судовая і гарадская, былі ажыццёўлены на тэрыторыі Беларусі са значным спазненнем. Забраныя падчас падзелаў Рэчы Паспалітай землі былога ВКЛ стваралі нямала клопату расійскім уладам на працягу ХІХ ст. Таму вышэйпералічаныя рэформы ўводзіліся з вялікай асцярожнасцю і значнымі абмежаваннямі
