- •Палітыка самадзяржаўя ў Беларусi пасля падзелаў Рэчы Паспалiтай. Паўстаннi 1830-1831 I 1863-1864 гг. I iх наступствы.
- •Спецыфiка здзяйснення буржуазных рэформ 60-70-х гг. Хiх ст. На Беларусі.
- •3. Адметнасцi прамысловага перавароту ў Беларусі ў другой палове хiх ст.
- •4. Грамадска-палітычныя рух ў Беларусі ў другой палове хiх – пачатку хх ст.
- •5. Першая сусветная вайна і яе наступствы для Беларусі.
- •6. Лютаўская рэвалюцыя 1917 г. У Расii I Беларусi.
5. Першая сусветная вайна і яе наступствы для Беларусі.
Першая сусветная вайна стала вынікам абвастрэння супярэчнасцей паміж вядучымі еўрапейскімі дзяржавамі за перадзел сфер уплыву, за рынкі збыту і крыніцы сыравіны. Асноўныя ваенныя сапернікі былі аб’яднаны ў два ваенна-палітычныя блокі: Антанту (Англія, Францыя, Расія) і Траісты саюз (Германія, Аўстра-Венгрыя, Італія), усяго ў вайну было ўцягнута 38 краін.
Вайна пачалася 1 жніўня 1914 г., а непасрэдна да тэрыторыі Беларусі фронт наблізіўся летам 1915 г. Аднак ужо ў першыя дні вайны беларускае насельніцтва выразна адчувала яе подых: беларускія губерні былі абвешчаны на ваенным становішчы. Забараняліся дзейнасць палітычных партый, правядзенне мітынгаў, маніфестацый, шэсцяў, забастовак, уводзілася цэнзура пры выданні газет і кніг. На тэрыторыі Беларусі была праведзена мабілізацыя − у армію было прызвана больш за палову працаздольных мужчын, на насельніцтва былі ўскладзены павялічаныя падаткі, людзі прыцягваліся да будаўніцтва абарончых умацаванняў. У Баранавічах размяшчалася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандавання расійскай арміі.
У жніўні 1915 г. пачалося нямецкае наступленне ў накірунку Коўна − Вільня, а на пачатку верасня нямецкая армія прарвала фронт у раёне в. Свянцяны і дайшла да Смалявіч (Свянцянскі прарыў). Восенню 1915 г. лінія фронту стабілізавалася ў раёне гарадоў Дзвінск − Паставы − Баранавічы − Пінск. Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандавання была перанесена ў Магілёў.
На тэрыторыі Заходняй Беларусі быў усталяваны германскі акупацыйны рэжым. Ён быў заснаваны на жорсткай сістэме падаткаў, прымусовых работ, штрафаў, рэквізіцый. Пры гэтым нямецкае камандаванне рабіла пэўныя крокі па падтрымцы беларускага нацыянальнага руху. У адпаведнасці з распараджэннем генерал-фельдмаршала Паўля фон Гіндэнбурга ад 16 студзеня 1916 г. на акупаванай тэрыторыі забаранялася навучанне па-руску і ўводзілася абавязковае навучанне дзяцей на роднай мове. У выніку на тэрыторыі Заходняй Беларусі было адкрыта каля 300 беларускіх школ, пачалося выданне газет і часопісаў на беларускай мове, ствараліся розныя нацыянальныя арганізацыі.
На тэрыторыі Беларусі за лініяй фронту па-ранейшаму існаваў рэжым ваеннага становішча, працягваліся мабілізацыя, рэквізіцыі. Сітуацыя ўскладнялася тым, што адступленне расійскай арміі суправаджалася масавым бежанствам. Перасяленні мелі вымушаны характар, калі пры адступленні войскі спальвалі вёскі і сяляне гублялі дах над галавой. Летам 1915 г. у Мінску было створана Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, якое арганізоўвала для бежанцаў начлегі, харчаванне і дапамагала ў працаўладкаванні. Але дапамагчы ўсім не было магчымасці, бежанцаў было вельмі многа. Ваенныя ўлады выкарыстоўвалі іх як танную рабочую сілу на будаўніцтве абарончых умацаванняў і іншых ваенных аб’ектаў, але большасць вымушана была ў пошуках лепшай долі накіроўвацца далей на ўсход.
Першая сусветная вайна прынесла шмат гора беларускаму народу − Расія і Германія аспрэчвалі права гегемоніі ў Еўропе менавіта на тэрыторыі Беларусі. Ваенныя дзеянні, татальная мабілізацыя, рэквізіцыі, акупацыйны рэжым і інш. падрывалі гаспадарчы, дэмаграфічны, нацыянальны патэнцыял нашай краіны: загінулі 1 мільён 200 тыс. чалавек, сотні тысяч беларусаў не вярнуліся з эвакуацыі, амаль на 75 % скараціліся пасяўныя плошчы, былі разбураны прамысловыя прадпрыемствы і іншыя будынкі.
